Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
4(34)/2005
Галерэя
На кніжнай паліцы
Нашы святыні
Падзеі

АПОСТАЛЬСКІ РУХ БОЖАЙ МІЛАСЭРНАСЦІ
На кніжнай паліцы
Vaticanum II
Кантрапункт

ЦІ ПАТРЭБНА БОГУ РЭКЛАМА?
Хрысціянская думка
Культура
Паэзія

ВЕРШЫ

ВЕРШЫ
Юбілеі

РЫЦАР СЛОВА І ДУХУ

КРУГ ВЕЧНАСЦІ
Бібліятэка часопіса
«Наша вера»
Проза

КРЫЖ НАД НЁМАНАМ
На кніжнай паліцы
Постаці
Нашы святыні

Валеры БУЙВАЛ

ЭЛЬ ГРЭКО.
ПАХАВАННЕ ГРАФА ОРГАСА

Творчасць вялікага іспанскага жывапісца — прыклад цудоўнага сплаву ўсходняй і заходняй традыцый хрысціянскага мастацтва. Сапраўднае імя генія — Домэнікос Тэотокопулос (1541—1614), але ў гісторыю іспанскага і сусветнага мастацтва ён увайшоў пад імем, якім сучаснікі называлі яго на новай радзіме — Эль Грэко (па-іспанску «Грэк»). Ён нарадзіўся на востраве Крыт, дзе прайшоў і першыя ўрокі іканапісу. Італія не была terra incognita для грэцкіх мастакоў. Архітэктура, мазаікі, ілюмінаваныя кнігі, створаныя грэкамі ў розныя часы ў Венецыі, Рыме, Равэнне, у Пуліі і на Сіцыліі, жывуць у гісторыі мастацтва пад назвай, сфармуляванай яшчэ ў Сярэднявеччы — maniera bizantina. Дваццаціпяцігадовы Домэнікос накіраваўся ў Італію, дзе захапіўся мастацкімі пошукамі майстроў позняга Рэнесансу: Тыцыяна, Мікеланджэло, Тынторэтто, Коррэджо. У 1577 г. ён з’яўляецца ў Таледа, тагачаснай сталіцы іспанскай імперыі, горадзе Філіпа ІІ. Кароль імкнуўся стварыць у сваёй сталіцы культурны цэнтр, які б мог супернічаць з веліччу папскага Рыма, але найвядомейшыя італьянскія мастакі не захацелі пакідаць Італію. У Іспанію накіраваўся ў спадзяванні на творчую самарэалізацыю малады грэк. Домэнікос быў не першым, хто ішоў з далёкіх краёў па шчасце і за Перынеямі знаходзіў яго. Шэраг фламандцаў і італьянцаў, нават жывапісец з Эстоніі Аўн Бру (!) занялі пачэснае месца ў гісторыі іспанскага мастацтва.

Таленавітага госця заўважылі і высока ацанілі: касцёл, двор і арыстакраты замаўлялі яму жывапісныя творы. Алтарную карціну «Пахаванне графа Оргаса» мастак выканаў для касцёла Санто Томэ (св. Тамаша) у Таледа, дзе палатно знаходзіцца і дагэтуль. 1586 год — пік славы і прызнання Эль Грэко. Ён працаваў у вялікім доме, купленым на шчодрыя ганарары. У майстэрні ствараў новыя кампазіцыі і аўтарскія копіі сваіх карцін. Аднак «Пахаванне» стала знакавым, этапным творам не толькі ў жыцці Эль Грэко. Карлос Арэан, выдатны даследчык іспанскага мастацтва, так вызначыў гістарычнае месца палатна: «Праз „Пахаванне” пачаліся дынаміка, абуджэнне, слава формаў, якія набываюць выцягнуты выгляд, спяваюць і ляцяць. Ніколі жывапіс не дасягаў такога, і ніякі горад, акрамя Таледа, не прадэманстраваў столькі разумення і столькі любові да новага мастацтва, такога экстрэмальнага і цяжкага»1.

Не выпадкова, што менавіта ў касцільскай мітраполіі грэцкі майстар знайшоў прызнанне, а ягоныя творы (як гэта ні парадаксальна) сталіся яркім выяўленнем нацыянальнага іспанскага духу. Але такое здаралася не аднойчы ў еўрапейскім мастацтве. Дастаткова ўспомніць канстанцінопальскага грэка Яна Рустэма, які заснаваў у 1798 г. Віленскую школу жывапісу. Талент Эль Грэко раскрыўся на культурнай глебе, дзе непаўторна злучыліся раманская і гатычная, мусульманская і яўрэйская мастацкія традыцыі, дзе візантыйскія рэмінісцэнцыі жывапіснай мовы знайшлі зразуменне і развіццё.

Алтарная карціна, замоўленая мастаку сям’ёй Оргасаў, стала не толькі надмагіллем аднаму з яе прадстаўнікоў, але і жывапісным помнікам усёй іспанскай шляхце. Успомнім, што ў перынейскіх каралеўствах los hidalgos складалі вялікі адсотак грамадства — да 12-13% насельніцтва (толькі ў Рэчы Паспалітай шляхецкія роды былі такімі ж шматлікімі). У гэтым няма нічога дзіўнага. Іспанская і партугальская шляхта на працягу стагоддзяў абараняла хрысціянскую цывілізацыю ад арабскага нашэсця. На другім полюсе Еўропы беларуская шляхта разам з народам вяла шматвяковае змаганне, засланяючы сабой кантынент ад агрэсіі з Усходу. У часы іспанскай Рэканкісты (800-гадовай вайны за вызваленне хрысціянскіх каралеўстваў ад маўраў) каталіцкая вера была духоўным апірышчам змагароў, Рэканкіста была перманентнай крыжовай выправай. Падчас Імшы ваяры жагналіся правай рукой, а ў левай трымалі аголеныя мячы, прысвячаючы свае жыцці Мадонне. Змаганне гартавала душы народу і эліты. Эль Грэко працаваў над «Пахаваннем» праз амаль сто гадоў пасля пераможнага завяршэння Рэканкісты, але магутнасць рэлігійных пачуццяў іспанцаў заставалася такой жа.

Вялікае палатно мае паўцыркульнае завяршэнне, і гэта яшчэ больш узмацняе архітэктоніку яго кампазіцыі. Многія параўноўваюць карціну з гатычным храмам, дзе аб’ядналіся зямное і нябеснае, рэчаіснасць і візія. Два светы — зямны і нябесны — жывуць як адно, непадзельнае. Верхняя і ніжняя часткі кампазіцыі не падзелены ніякім інтэрвалам. Постаці, жывапісныя масы запаўняюць сабой усю прастору карціны. Але дзіва — гэтае мноства не перагружае кампазіцыю. Майстар геніяльна кіруе тэктанічнымі сіламі і на мяжы рызыкоўнага зрыву падводзіць велічнае ad summam вобразу сусвету. Ніжняя частка палатна жыве ў ціхім смутку развітання. Шэраг мужчынскіх постацяў у чорным, твары, падкрэсленыя белымі карункавымі каўнярамі, — строгі фон зямной часткі «Пахавання». Кожны з іх — партрэт, гэта інтэлектуалы, вяльможы, сябры Эль Грэко. Твары крыху выцягнутыя (гэта характэрна для ўсёй творчасці мастака), з адбіткам стрыманых, але глыбокіх пачуццяў. Перад імі разгортваецца містычная сцэна пахавання. Цела графа Оргаса ў парадных даспехах апускаюць у магілу святы Стэфан (на ягоных арнатах вытканая выява яго пакутніцкай смерці) і святы Аўгустын у біскупскай тыяры. Адразу загучалі залатыя тоны вечнасці і трыумфу веры, да якіх далучыліся ўсплескі чырвані (святая ахвяра) і белі (чысціня і цнота). Сведкам цуда ўмяшальніцтва Нябёсаў у касцельную цырымонію стаўся хлопчык, апрануты ў такі ж, як у шляхціцаў, чорны строй. Сын мастака глядзіць на нас і жэстам рукі звяртае ўвагу на галоўнае: святыя прымаюць цела праведніка, душы якога наканавана жыццё вечнае. Святары служаць пахавальную Імшу, адзін з іх чытае Евангелле.

І вось скляпенні касцёла Санто Томэ раскрываюцца ў бясконцую нябесную стыхію. Анёл, трымаючы ў руках душу Оргаса, узлятае пад аблокі і дасягае сонму святых, якія атачаюць трон Езуса. Фігуры Мадонны і святога Яна — самыя вялікія па маштабах — фланкуюць фігуру Збаўцы і замыкаюць дзве супрацьлеглыя кампазіцыйныя групы. На вяршыні свету валадарыць Хрыстус. На некаторых творах іспанскіх мастакоў Ягоная выява мае подпіс — Lux Mundi.

Вобразам Эль Грэко не патрэбныя тлумачэнні: фігура Збаўцы ў белых шатах, у асляпляльным залатым ззянні ёсць Святлом Свету. Да яго звяртаюцца святыя пакутнікі, чые постаці на разгойданых аблоках — як караблі сярод хваляў шторму. Іспанскі жывапіс яшчэ не ведаў такой дынамікі формаў. Згаданы Карлос Арэан менавіта ў гэтым бачыў экстрэмальнасць мастацтва Эль Грэко. Мастак ужо зрабіў смелы крок насустрач маньерызму, новаму стылю, дзе напружаная жывапісная мова станецца нормай. І самае цікавае, што смеласць у парушэнні стэрэатыпаў і пошуку новых вырашэнняў грунтуецца ў майстра на ягоным мастакоўскім досведзе. Зразумела, Эль Грэко не пераносіць механічна каноны візантыйскай іканапіснай традыцыі на алтарную карціну іспанскай школы, але водгукі даўняга натхнення ясна адчуваюцца ў трактоўцы формаў, кампазіцыі і перспектывы.

Некалькі вялікіх свечак над галовамі шляхціцаў даюць высокія языкі полымя. Іх трымценне перадаецца кожнай фігуры ў верхняй частцы кампазіцыі. Выцягнутыя прапорцыі фігур узмацняюць інтэнсіўнасць духоўнага свету карціны. У верхняй частцы кампазіцыі Эль Грэко парушае законы лінейнай перспектывы: меншыя па маштабах фігуры выносіць на першы план (тыповы прыём іканапісу, дзе галоўнае выразна выдзелена большымі памерамі і наадварот). Яркія блікі ўспыхваюць на колерных паверхнях з сілай, знаёмай нам па візантыйскіх абразах.

Жывапісны рэквіем, прысвечаны графу Оргасу, дагэтуль гучыць у сценах таледскага касцёла як вечнае ўвасабленне хрысціянскага ідэалу.

 
Эль Грэко. Пахаванне графа Оргаса.
1586. Палатно, алей.
Касцёл Санто Томэ, Таледа.

 


  1. Carlos Arean. La pintura espaсola de Altamira al siglo XX. Madrid, 1971. C. 177-78.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY