|
|
№
4(34)/2005
Галерэя
На кніжнай паліцы
Нашы святыні
Падзеі
На кніжнай паліцы
Vaticanum II
Кантрапункт
Хрысціянская думка
Культура
Паэзія
Юбілеі
Бібліятэка часопіса
«Наша вера» Проза
На кніжнай паліцы
Постаці
Нашы святыні
|
Адама Міцкевіча называюць рыцарам Слова і Чыну, можна таксама яго назваць рыцарам Духу, бо сапраўды Божае тхненне жыватворыла яго паэзію, насычала яе тою праўдзіваю сілай, якая ўздымала народы на вялікія ўчынкі, абуджала годнасць і веліч думак, рухала да глыбіняў самапазнання. Міцкевіч адкрываў і адкрывае нам свет, расплюшчвае вочы на саміх сябе і на бацькаўшчыну, вядзе нас дарогай нябёснай праўды, ахоўваючы ад грахоўнага шляху здрады. На гэта паклікаў яго Пан Бог і гэта ён заўсёды даваў адчуць у сваіх вершах. Таму паэзія яго неўміручая, як і неўміручы той край, у якім ён нарадзіўся і дзеля якога збудаваў святыню сваёй паэзіі. Ён – духоўны бацька ўсіх наступных пакаленняў творцаў на Беларусі і ў Польшчы, ён абнавіў аблічча ўсёй Еўропы, напісаўшы геніяльнае прароцтва аб яе вызваленні – «Оду да маладосці» і «Гімн на дзень Звеставаньня Найсвяцейшай Панны Марыі». Нарадзіўшыся з Божай ласкі на Беларусі, павандраваўшы самотным Пілігрымам па свеце ў пошуку сцяжын вяртання да роднага краю, ён склаў сваё жыццё 26 лістапада 1855 года ў Турцыі, у паходных умовах ваеннага лагера, дзе зноў апынуўся дзеля Чыну вызвалення. Сёлета споўнілася 150 гадоў з тае трагічнае падзеі. На Беларусі было наладжана шырокае і ўрачыстае ўшанаванне памяці Адама Міцкевіча з нагоды гэтае даты. У Гродна 20–22 верасня адбылася прадстаўнічая Міжнародная навуковая канферэнцыя «Сяброўства, каханне і праблема “малой радзімы” ў жыцці і творчасці Адама Міцкевіча», арганізаваная кафедрай польскай філалогіі Гродзенскага дзяржаўнага універсітэта імя Янкі Купалы і грамадскім аб’яднаннем «Польская маці школьная на Беларусі». Выязныя паседжанні гэтай канферэнцыі прайшлі ў Наваградку ў Музеі Адама Міцкевіча, а таксама ў Больценіках і Беняконях – мясцінах, звязаных з лёсам Марылі Верашчакі. У Больценіках яна жыла разам з мужам, Ваўжынцам Путкамерам, у яго родавым маёнтку (палац гэты захаваўся да нашага часу, таксама як і прыгожы парк), у Беняконях каля парафіяльнага касцёла яна пахавана, а яе дагледжаная, усыпаная белымі медуніцамі пахавальня стала месцам паломніцтва тых, хто вандруе па радзіме паэта з Беларусі, Польшчы ды іншых краёў. 25–26 лістапада ў Наваградку адбыліся таксама спецыяльныя ўрачыстасці, на якія былі запрошаны навукоўцы і артысты з Мінска. Там прайшлі Міцкевічаўскія чытанні, адбыўся гарадскі мітынг памяці каля помніка Адаму Міцкевічу, а наведванне Дома-музея завяршылася паказам мінскім тэатрам аднаго актора «Зьніч» (мастацкі кіраўнік Галіна Дзягілева) вядомай мона-оперы Алега Залётнева «Адзінокі Птах». Гэты твор прысвечаны апошняму зямному дню Адама Міцкевіча, калі перад яго вачыма праходзіць усё яго жыццё. Ролю бліскуча выканаў заслужаны оперны спявак Беларусі Міхаіл Жылюк. З уражанняў ад гэтых вандровак па Міцкевічавых мясцінах нарадзіліся гэтыя вершы, якія прысвечаны 150-годдзю неўміручасці Паэта.
Фота аўтара.
Глядзі таксама:
|
|
|