|
|
№
4(34)/2005
Галерэя
На кніжнай паліцы
Нашы святыні
Падзеі
На кніжнай паліцы
Vaticanum II
Кантрапункт
Хрысціянская думка
Культура
Паэзія
Юбілеі
Бібліятэка часопіса
«Наша вера» Проза
На кніжнай паліцы
Постаці
Нашы святыні
|
Паэзія Вінцука Адважнага
заходнебеларускага перыяду 4 сакавіка споўнілася 115 гадоў з дня нараджэння вядомага беларускага пісьменніка Вінцука Адважнага (сапр. — Язэп Германовіч; 1890 — 1978). Нарадзіўся ён у мястэчку Гальшаны Ашмянскага павета Віленскай губерні (цяпер Ашмянскі раён Гродзенскай вобласці) у сям’і рамесніка. Вучыўся ў Гальшанскай парафіяльнай і Ашмянскай гарадской школах, Віленскай духоўнай семінарыі. Займаўся хрысціянска-каталіцкаю і культурна-асветнаю дзейнасцю. Вінцук Адважны вёў свае мастацкія пошукі, у многім арыентуючыся на духоўна-эстэтычны досвед аднадумца і сябра Казіміра Сваяка, хоць і ў прыкметна іншай стылёвай манеры. Яго лірычная свядомасць была звернута да хрысціянскай першакрыніцы, сцвярджэння ідэальнага пачатку свету, услаўлення веры ў Бога як бязмежнае і вечнае Дабро і Шчасце. Пра гэта сведчаць вершы Вінцука Адважнага, сабраныя ў зборніку «Беларускія Цымбалы», які выйшаў у 1933 годзе. Вінцук Адважны зыходзіў з таго, што сусвет — гэта ідэальнае ўсёадзінства, якое арганізуецца і забяспечваецца раўнавагаю і салідарнасцю яго ўнутрана самадастатковых і адначасова ўзаемазвязаных і ўзаемазалежных частак і элементаў. Рэалізуючы сваю зместавую сутнасць у свабодным і гарманічным суіснаванні, ва ўзаемнай спраецыраванасці і абумоўленасці, усе яго з’явы, працэсы і прадметы падпарадкоўваюцца высокаму духоўнаму сэнсу, сведчаць пра «станоўчую ўсёпранікальнасць» і дасканалую сабранасць. Мы бачым, што думка і перажыванне паэта вынашаныя, абгрунтаваныя, пранікнёныя:
У вершы В.Адважнага «Ліпень», дзе сцвярджаюцца багацце, разнастайнасць і паўната жыцця, шматлікія з’явы і прадметы рэчаіснасці таксама функцыянуюць па прынцыпе: усё цэлае — для мяне, і я — для ўсяго цэлага. Разам з тым твор увасабляе ідэю адзінства і дамінуючай ролі святла і вады ў прыродзе і сусвеце, еднасці неба і зямлі, духоўнага і матэрыяльнага, жыццядайнага і эстэтычнага пачаткаў, якія забяспечваюць прадуцыраванне і развіццё дабра, ісціны і красы. Пасля цёплага ліпеньскага дажджу з громам і маланкамі выглянула сонца:
Свет прыроды, грамадскае асяроддзе ўспрымаюць уздзеянне святла і вады, у якой, паводле слоў У.Салаўёва, «матэрыяльная стыхія ўпершыню вызваляецца ад сваёй коснасці і непранікальнай цвёрдасці» [3, с. 48—49], пераўтвараюць іх унутраную энергію, жыццяносную сілу і атрымліваюць паступальны рух да якаснага абнаўлення:
Гэта той выпадак, калі «ўся прырода нібы гаворыць з чалавекам на даступнай яму мове сімвалаў, апавядаючы аб красе, якая больш за яе саму, якая ёсць у залежнасці і павінна быць чаканаю на зямлі» [3, с. 14]. Будучы сусветна-гістарычнаю асноваю, увасабленнем дабра, ісціны і красы, Дух, сіла Божая, нязменна прысутнічае ў чалавечым грамадстве, прыродзе і сусвеце, прыдае ім мэту, сэнс і значэнне, арганізуе жыццядзейнасць малога і вялікага, прыватнага і агульнага. У сваю чаргу яны, самі валодаюць здольнасцю да актыўнага прадуцыравання і развіцця, бо падуладныя універсальнаму закону быцця, бессвядома адлюстроўваюць унутраную логіку сусветнага цэлага. Вінцук Адважны сцвярджаў духоўна-маральную напоўненасць чалавечага жыцця, выступаў за тое, каб сацыяльныя і нацыянальныя праблемы і супярэчнасці заходнебеларускай рэчаіснасці вырашаліся сілаю дабра і праўды, пераканання і справядлівасці. Грамадскаму злу, граху і насіллю, канкрэтным людскім бедам і няшчасцям, на яго погляд, могуць і павінны супрацьстаяць душэўная цеплыня, усёдараванне і ўсёпрымірэнне. Паэт услаўляў цяжкую духоўна-маральную працу чалавека па ўвасабленні вобраза Божага, распаўсюджанні і ўмацаванні ў матэрыяльна-прыродным свеце пакоры і цярпення, любові і веры, якія супрацьстаяць волі інстынктаў і выпадковых здарэнняў, уплываюць на законы фізічнага жыцця людзей, адухаўляюць іх прыродную сутнасць, рэгулююць паводзіны і ўчынкі, а ў цэлым прасвятляюць грамадскае асяроддзе, насычаюць яго маральным зместам, прыдаюць яму ўнутраную цэласнасць. Любоў і вера не проста вызначаюць душэўна-пачуццёвы стан чалавека, яго эмацыянальна-псіхалагічную зараджанасць, а сведчаць пра пэўную перадыслакацыю ўнутранага «я» асобы на знешні свет. Усё гэта знайшло ўвасабленне ў такіх вершах Вінцука Адважнага, як «Прарок», «Сірата», «Мудрасць Саламона» і іншых, прасякнутых рэлігійна-паэтычным сімвалізмам. Лірычны герой верша «Прарок» з зямлі «быў узнесен на вышыны», туды, «гдзе пануюць серафіны», над якімі ёсць толькі Бог Усемагутны. Там ён убачыў, як яны стаялі «з паклонам ніж-глыбокім, //Закрыўшы вочы», «прад Божым тронам» і спявалі «песьню бязупынна: «Сьвяты, сьвяты, сьвяты навекі!» Апынуўшыся ў нязвыклай для сябе сітуацыі, лірычны герой паэта «маўчаў, як пень — нямова, //Ня мог сказаць разумна слова». І тады Бог «Даў знак анёлу — серафіну» //ратаваць неразумнага «дзяціну».
«Слабы і цёмны і пахілы», лірычны герой Вінцука Адважнага праходзіць ачышчэнне і хрышчэнне «агнём нябесным» і самаахвотна выклікаецца ісці «на сьвет нікчэмны», «да таго народу, //Што у грахох згубіў свабоду…» «Благія, цёмны тыя людзі, — разважае ён, — Але браты мае аднакжа — //Там кроў мая жывая такжа».
Лірычны герой паэта вяртаецца на зямлю і з гонарам і адказнасцю выконвае высокую місію, ускладзеную на яго Богам. Ён прасвятляе жыватворнай боскай ідэяй людскія душы і сэрцы, выкараняе грэх і зло, эгаізм і пыху ўздзеяннем дабра, веры і любові, імкнецца да таго, каб яны трывала ўвайшлі ў свядомасць сучасніка, авалодалі яго ўнутраным светам.
Сапраўдным жыццё на зямлі становіцца тады, калі яно насычаецца глыбокім духоўным зместам, падуладнае найвышэйшай волі, касмічнаму розуму, калі чалавек звяртаецца да Бога. Толькі пры гэтай умове ён набывае магчымасць усвядоміць і зразумець рэальны стан з’яваў і рэчаў, спасцігнуць таямніцу таямніц, адвечную загадку быцця, цудадзейнай сутнасці сусвету. У нечым блізкім да папярэдняга верш Вінцука Адважнага «Сірата». Яго лірычны герой у раннім узросце, калі быў «яшчэ хлопчык маленькі», застаецца без бацькоў: «Адзін — як той колас у полі, //Адзін — для гаротнае долі…» Чуйны і гарманічны, ён хінецца да людзей, шукае ў іх «душы сабе роднай» і не знаходзіць. Яму не рады сваякі, яго, жабрака, праганяюць дзеці, крыўдзяць пастушкі, дзяўчына, з якою ён звязваў свае надзеі на каханне і шчасце, «ад сэрца… адарвана», «другому аддана». Напоўніцу зведаўшы сіроцкага хлеба, крыўды і прыніжэння, здзеку і гора, лірычны герой паэта вырашае ісці «на службу да Бога», туды, «гдзе творыцца духа багацце». Якраз у веры ў Бога ён становіцца свабодным, самадастатковым і шчаслівым. «Тут мне адчынілася неба, — чытаем у вершы, — А сэрца, як сьлёзы тут чыста, //А Богам душа прамяніста: //Чаго-ж мне, чаго яшчэ трэба?» [2, с. 16]. Бог дае яму магчымасць звярнуцца да свету, які глуміцца над вераю, крыжуе Бога («Ты лжэш! лжэш ад веку да веку — //Ганебна сіротак марнуеш!»), да людзей, сваіх кроўных братоў-беларусаў («Вы праўды, вы цноты шукайце, Руку сіраціне падайце — Паўстане так доля народна»). Ён стаў «клікаць да згоды», «бо згода — найбольша багацьце, // бо згодай стаяць ўсе народы».
Натхнёная праца лірычнага героя В.Адважнага прыносіць свае вынікі: дух авалодвае чалавечай свядомасцю, вядзе да зменаў і зрухаў у грамадстве. Неўзабаве перад ім разгортваецца рамантычна-ўзвышаная, ідэалізаваная, поўная глыбокага сімвалічнага зместу карціна:
«Народ стаў аднэй грамадою», а гэта прывяло да таго, што з ім пачалі лічыцца чужынцы, пачалі разумець і паважаць яго інтарэсы і каштоўнасці блізкія і далёкія суседзі. «У братняй сям’і міжнароднай, — чытаем у заключнай частцы верша, — Мы сталі усім пажаданы… //Мы цешымся доляй свабоднай!» [2, с. 17]. Грамадзянска-патрыятычны ідэал звязваўся ў свядомасці В.Адважнага з рэлігійным ідэалам, Праўдай Божай, верай Хрыстовай. Як адзначаў А.Станкевіч у прадмове-нарысе да зборніка «Беларускія Цымбалы», менавіта з «несьмяротных ідэалаў Хрыстовай рэлігіі і этыкі» ён «чэрпае поэтыцкае натхненьне, да іх кліча народ свой і ў іх бача непарушную веру ў поўнае зьдзейсьненьне беларускіх народных ідэалаў, бо справа народная ў В. А. гэта частка справы Божай» [2, с. ХІХ]. «Даўно мы запалі у летарг глыбокі. //Дарэмна будзілі нас Божы прарокі, — пісаў В.Адважны ў вершы «Народ беларускі…» «Нам праўду казалі — мы праўды ня чулі. //Нам ў вочы сьвяцілі, ад веку мы спалі, //Сваіх-жа прарокаў яшчэ не пазналі…» [4, с. 36]. Абяздолены і прыгнечаны беларус-селянін, у якога «ад працы, ад гора ўжо сьцёрліся сілы…», пакутліва б’ецца «на полі цярністым, //На полі ад веку благім, камяністым» без асаблівага спадзеву на плён сваіх намаганняў. Выйсце з гэтага няпростага становішча паэт бачыў у духоўным адзінстве, паяднанні асобы і народнай масы ў любові і веры ў Езуса Хрыста на глебе ўзаемапавагі і ўсёдаравання. Адраджэнне-ўваскрасенне Беларусі адбудзецца ў адпаведнасці з Провідам Божым, на шляху да святой праўды і справядлівасці, ахвярнага цярпення і міласэрнасці. Менавіта таму ён заклікаў:
Разглядаючы паэзію В.Адважнага ў згаданай прадмове, А. Станкевіч заўважаў: «Рэлігійны элемент у «Цымбалах» займае выбітнае і цікавае мейсца — ён для песьняра зьяўляецца — хоць на выгляд займае скромнае месца — першым і апошнім пунктам апоры, нягаснучым сьвятлом, у блеску якога ён піша і снуе свае разважаньні аб жыцьці беларускім. Гэта на вершах В. А. кладзе асаблівы адпячатак суцэльнасьці, супакою, жыцьцёвай мудрасьці — бяз таго мучэньня, якім адзначаюцца вершы Каз. Сваяка» [4, с. ХVІІ]. У сувязі з гэтым слушным заключэннем варта падкрэсліць, што у адрозненне ад творчасці К. Сваяка, у якой дамінавалі філасофска-медытатыўны, рэфлексіўны пачатак, скіраванасць на выяўленне драматычнага свету асобы, ідэйна-мастацкія пошукі В. Адважнага вызначаліся большай сацыяльнай заангажаванасцю, звернутай да канкрэтных праблем і супярэчнасцяў рэчаіснасці. Паэт ішоў шмат у чым ад факта, падзеі, з’явы, аддаваў перавагу непасрэднаму руху думкі і перажывання, яго вобразныя абагульненні нярэдка мелі лірыка-апавядальны, публіцыстычны, сатырычна-выкрывальны характар. Дарэчы, у многіх сваіх вершах Вінцук Адважны абмяжоўваўся традыцыйнымі для беларускай літаратуры матывамі і вобразамі, простымі, а часам і спрошчанымі сюжэтна-тэматычнымі калізіямі, мастацкая вартасць якіх прыкметна зніжалася рытарычнай дэкларацыйнасцю і дыдактычнасцю, эстэтычнай нявыверанасцю. Падчас Другой сусветнай вайны В. Адважны жыў і працаваў у Харбіне (Кітай), выконваў абавязкі каталіцкага святара, займаўся арганізацыяй дапамогі беспрытульным і бедным дзецям. У 1948 годзе ён быў арыштаваны кітайскай паліцыяй і дэпартаваны ў СССР, дзе быў абвінавачаны ў антысавецкай дзейнасці і зняволены на 25 гадоў «у папраўча-выхаваўчых лагерах». Пасля вызвалення ў 1955 годзе жыў спачатку ў Польшчы, потым у Італіі і Англіі. У эміграцыі выдаў зборнікі «Князь і Лапаць» (Лондан, 1964), «Байкі і іншыя вершы» (Лондан, 1973), кнігу ўспамінаў «Кітай — Сібір — Масква» (Мюнхен, 1962). Памёр Вінцук Адважны 26 снежня 1978 года ў Лондане. Пахаваны на могілках св.Панкрата.
|
|
|