Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
4(34)/2005
Галерэя
На кніжнай паліцы
Нашы святыні
Падзеі

АПОСТАЛЬСКІ РУХ БОЖАЙ МІЛАСЭРНАСЦІ
На кніжнай паліцы
Vaticanum II
Кантрапункт

ЦІ ПАТРЭБНА БОГУ РЭКЛАМА?
Хрысціянская думка
Культура
Паэзія

ВЕРШЫ

ВЕРШЫ
Юбілеі

РЫЦАР СЛОВА І ДУХУ

КРУГ ВЕЧНАСЦІ
Бібліятэка часопіса
«Наша вера»
Проза

КРЫЖ НАД НЁМАНАМ
На кніжнай паліцы
Постаці
Нашы святыні

Ніл Гілевіч.
«На флейце самоты».
Мн., 2004,
выдавецтва «Про Хрысто».


Ала СЯМЁНАВА

МЕЛОДЫЯ ДУШЫ ПЕРАД СВЯТЛОМ ВЕЧНАСЦІ

Асоба вядомая. Чалавек, які па сутнасці заўсёды навідавоку. Народны паэт Беларусі. Грамадскі дзеяч. Трыбун. Публіцыст. Даследчык. Заслужаны дзеяч навукі. Прафесар. Літаратар, якому падуладныя ці не ўсе жанры. Перакладчык. Аўтар шматлікіх кніг.

Ніл Гілевіч.

І — асоба таямнічая. Са сваімі загадкамі. Адну з іх спрабавалі адгадаць ці не трыццаць гадоў. Пад псеўданімам Францішак Вядзьмак-Лысагорскі чыталі паэму «Сказ пра Лысую гару». Перадавалі з рук у рукі машынапісныя варыянты, перадрукоўвалі, перапісвалі — ну, і вядома ж, захапляліся, цытавалі, называлі магчымых стваральнікаў. А сапраўдны аўтар — Ніл Сымонавіч Гілевіч — хадзіў сярод нас, мабыць, пасмейваючыся. І захоўваючы загадку.

Паэт грамадзянскага кшталту, творца са схільнасцю да гумару і сатыры, засяроджана-паглыблены фалькларыст і літаратуразнаўца... Лірычная плынь у яго творчасці не гублялася, але выдавала менавіта плынню ў магутным, уладным, паводле «вялікага часу» («большого времени»), стваральным цячэнні.

А ў кнізе «На флейце самоты», дзе найперш размова — пра таямніцы душы, пра тугу і думку веку — узросту, — калі стрэлкі часу няўмольна вызначаюць пару «астатку дзён», «апошняга ўздыху», менавіта журботна-роздумны, лірычна-філасофскі матыў — вызначальны.

«На флейце самоты» — назва кнігі. А зноў жа — згадваючы Ніла Гілевіча — найперш чуеш шматзначнасць аркестра, сола — дык трубы, горна, нечага воклічнага, мужнага. І непасрэдна — голас паэта: моцны, гучны, не хатняга ўжытку. Колькі мы чулі яго выступленняў — выдатных. Голасам прамоўцы, рытара — у лепшым сэнсе гэтага слова — голасам крэўна зацікаўленага і ў высокім выяўленні заангажаванага чалавека. Грамадзяніна.

А тут — флейта... Высокі рэгістр — сугучны, мабыць, сапрана... Флейта — самоты. Не тое каб гэта, зноў жа, нечакана — калі ўчытацца, прыгледзецца, то ў паэзіі Ніла Гілевіча, у яго бачанні фальклору, літаратуры, у выбары яго перакладаў з іншых моў пачуем гэты выразны, высокі гук. Флейта... Тут — менавіта яна вядзе мелодыю.

Навошта я зноў
І зноў забіраюся
У глуш самоты?
Навошта трывожу цень?
Каб зведаць яшчэ раз боль?

Моўлена тое не скрушна, не ад безвыходнасці думкі і пачуцця, ад — тугі... Ад болю. Ад «кары памяці». Ад таго, што надыходзіць няўмольна пара вынікаў жыцця, пара ўспамінаў... Час непапраўных стратаў...

Смутак... Але і спакойны роздум. Не ледзяны скепсіс, не бязвер’е, не бяздумная харахорыстасць, не «бодрячество», не душэўная расхрыстанасць, а светлая і мудрая туга:

Кветка за кветкай,
Адцвіў і пажух няўзнак
Мой агародчык.
Сумна, бо скора, відаць,
Адцвіце мне і сонца.

Вось яна, дарэчы, відавочная перавага светаўспрымання паэта, яго спосабу выслоўленасці: «адцвіце мне і сонца».

Як неаднойчы згадвалася — паэты асабліва даткліва адчуваюць боль, але і маюць вялікую перавагу перад іншымі. І тыя творцы, што вызналі ўсе спакусы вынаходліва-пераменлівых ХХ—ХХІ стагоддзяў, даходзячы да мяжы інтэлектуальнага напружання ў вышуках абстрагаванага мыслення, эксперыментуючы з рытмікай і лексікай, знаходзячы каламесна-незвычайныя рыфмы, дзёрзкія метафары. І тыя, што спакойна аддавалі перавагу пунктам адліку, правераным вопытам і часам.

Пачуўшы мяне,
Дразды шуганулі прэч
З чорнай рабіны.
Не знаюць, як люба мне
Бачыць іх баль асенні.

Ніл Гілевіч нібыта і абнавіў свой метрычны рэпертуар — як пазначана: «лірычныя мініяцюры ў жанры „танка”, — а і падпарадкаваў навіну сваёй версіфікацыйнай, «тэхнічнай» напружанасці, засяроджваючы ўвагу на цэласнасці паэтычнага перажывання.

Музыка ночы!
Неба з зямлёй злучыла!..
А камертонам
Ёй паслужыў цвыркунок —
Першы азваўся ў цішы.

У цішы, што адчуваецца асабліва востра і напоўнена, бо рана ці позна амаль у кожнага чалавека з’яўляюцца думкі пра непазбежны канец зямнога шляху, пра знікомасць, крохкасць зямнога існавання, пра адказнасць кожнага перад вызначанасцю вечнага, перад судом Божым.

Няма таго дня,
Каб не падступіла мне
Памяць да горла —
Жалем, балючым няўсцерп.
Ці не да Бога іду?

А да Бога — дарогай, сцежкамі, тымі ж, што вызначыліся даўно. І той гук флейты — ён вядзе, на высокай жаўранкавай ноце — галоўную мелодыю свабоднай, вольнай душы. Мелодыю ўсяго жыцця.

Родныя гукі...
З гукаў — родныя словы...
Са словаў — песні,
Казкі, паэмы, драмы,
Жыццё, Радзіма, Народ.

Так. Усё з вялікай літары. Так, як бачыцца паэту заўсёды. З любоўю... Трывогай... Болем...

Падалі адвар.
Водар — родны, а чаго —
Пазнаць не магу.
Ці не гэта і ёсць лёс
Беларускай культуры?

Мы ўсе ведаем, колькі сіл, гадоў жыцця, чалавечых і творчых намаганняў аддаў Ніл Сымонавіч Гілевіч беларускай культуры. Беларускаму Адраджэнню. І сённяшняя культурная, літаратурная, грамадзянская рэальнасць не могуць не хваляваць, не трывожыць паэта, а яго крэўная зацікаўленасць лёсам беларускай культуры забяспечаная і светапоглядна, і падзейна, і лёсавызначальна. І гістарычна. І этнічна.

Па чым пазнаю,
Што ты — мой брат беларус?
У тваіх вачох —
Наша гісторыя ўся,
Усе дзесяць стагоддзяў.

Дзесяць стагоддзяў жыцця беларусаў паэт, даследчык і грамадзянін Ніл Гілевіч уяўляе не хранікальна, а як духоўны і інтэлектуальны вопыт пакаленняў, як духоўную і эмпірычную рэальнасць, як бясконцасць быцця.

І як эмпірыку асабістага існавання, карані якой — у традыцыі народнай. Сямейнай. Трывалай. Вясковай. Нездарма паэту «дзедава слова» здавалася не якім-небудзь, а Божым і не адкуль-небудзь — ад спрадвечнага, моцнага, сялянскага, родавага.

У праўды, браток,
Вочы — як васілёчкі,
Вымытыя расою.

У той праўды, што вызнавалася духоўнай чысцінёй, працай, ведамі, цягай да навукі:

Белая поўня.
Белы сувой дарогі.
Скора і дома!
Камашы ў адной руцэ,
Куфэрак кніг — у другой.

«Белы сувой дарогі...» Дарогі дадому... А і той дарогі, дзе «вешкі пуцін, якімі ішла душа». Менавіта — душа. Духоўнасць. І «арэчаўленасць» яе — спазнаная, неад’емная, сутнасная.

Старыя кнігі...
Наважыў збыць — і не змог...

Заўважце — у Ніла Гілевіча — заўсёды канкрэтныя рэаліі, засяроджанасць на пэўных фактах. Сведчанні, назіранні... Выбар эпізодаў... І ён умее зямную, выразна маляўнічую выяву перавесці на дыялог са светапарадкам, увесці ў працэс спасціжэння сэнсу быцця, не выходзячы на розумаспасцігальныя прасцягі сусвету, выключна — у логіцы рэальнасці, надзейнай зямлі, над якой у паэта заўсёды: Неба.

Спацелай спіной
Адкінуўся да камля
Старой бярозы —
І вечнасці халадок
Адчуў у спякотны дзень.

Подых вечнасці — ён робіць усё больш насычаным, важкім кожнае імгненне на зямлі:

Між чорных ялін, —
Сонечна-жоўтыя спрэс,
Сям-там бярозы, —
Бы свечкі гараць, каб я
Не заблудзіўся ў нетры.

Але ж той подых вечнасці — ён адчувальны, неаспрэчны, безумоўны.

Музыка лесу
Заўсёды ў душу спакой
Мне навявае.
Што ж гэта сёння так
Хвоі шумяць трывожна?

...Трывога... Законапарадак прыроды... Спрадвечны...

Кожны год вясной
Я загадваў, пачуўшы
Голас зязюлі:
Колькі ж мне накукуе?
Сёлета — не загадаў.

Жыццё, смерць... І тое, што вызначае наша існаванне, нашу дарогу да Бога, што поўніць жыццё, стварае паўнагучны кантэкст Быцця: лад жыцця, спосаб існавання, занятак, праца, духоўная насычанасць дзён... Цуд жыцця, выратаванне ад усяго — творчасць...

Зноў быў навёў я
Ідэальны парадак
На сваім стале —
І зноў, дзякаваць Богу,
Перамагае жыццё.

І не толькі за пісьмовым сталом. У водары рэчаіснасці — канкрэтнай, арэчаўленай, чароўнай.

Пад вечар набіў
І сяннік і падушку
Шэптам мурагу,
Водарам спелых зёлак.
Што сёння прысніцца мне?
Нешта з памяці маленства?
Над чорным полем — імжа.

...
Грэбае мама раллю
І кідае ў кош бульбу.

А можа, поўніцца будуць сны вось тым самым «шэптам мурагу», водарам лугу, сінню нябёсаў?

І зноў — успамінамі... Дзе да светлаты тугі, уласцівай увогуле гэтаму спосабу ўспрымання рэчаіснасці, дачыняецца трагізм страты.

Наша з табою
Мы ўспаміналі разам.
Як люба было!
Успамінаць аднаму —
Цяжка, няўсцерп балюча.

«Наша з табою» — гэта з жонкай Нінай, адыход якой з жыцця — не толькі страта, бо, як мовіць паэт,

Да астатку дзён,
Па самы апошні ўздых,
На гэтай зямлі
Ты — светач душы маёй.
І там будзеш ім, і там...

Другая частка кнігі прысвечаная менавіта ёй, так і называецца: «Памяці Ніны».

Дарэчы, амаль адначасова з лірычнымі мініяцюрамі Ніла Гілевіча (крыху раней) у выдавецтве «Про Хрысто» выйшла кніга Янкі Брыля «Блакітны зніч», дзе таксама адна частка — «Нашы разлукі» — прысвечаная жонцы, таксама пасля той, апошняй разлукі. (Рэдактар абедзвюх кніг — Крыстына Лялько.) Ёсць у кнігах перазоў лёсаў... Перазоў душаў... Як і перагук імёнаў — Ніна і Ніна... (Пра кнігу Янкі Брыля на старонках «Нашай веры» вяла сур’ёзную размову таленавіты і ўдумлівы літаратуразнаўца Галіна Тычка.)

У абедзвюх кнігах — гэтыя старонкі вызначальныя і павучальныя. Для тых, хто даўно перажыў пару рамантычных памкненняў і матрыманіяльных перспектываў, будзе так зразумела і блізка гэта, Гілевічава: «стала радзейшым нашмат рэшата Бога», і гэта: «дзён засталася жменька». І ўсё, пра што вядзе размову паэт, згадваючы тую, якой ужо няма побач. Для тых, хто яшчэ толькі пачаў выдаткоўваць запасы сваёй жыццёвай энергіі, у каго ўсё наперадзе, хто не бачыць яшчэ, можа, канцовасці зямнога шляху, а захоплены толькі сённяшнім днём, а ён сёння шмат у чым празаізаваны, прагматычны, рэкламна-кірмашовы, а часам — адкрыта цынічны, то для іх гэтыя кнігі — высокая навука адухоўленага жыцця...

Я не буду спыняцца на змесце кнігі Янкі Брыля, але пагартаю яшчэ старонкі кнігі паэзіі Ніла Гілевіча. Якім цнатлівым, беражлівым, вышынным бывае пачуццё:

Як заспяваў ён —
Раптам, на сцежцы лясной,
Летнім світанкам!
Адкуль жа трэба ісці,
Каб гэтак шчасліва пець?

Якім бывае стаўленне — да Жанчыны:

Знаю, якой ты
Ад Бога ка мне прыйшла —
Якой святлістай!

Як быў і застаецца свет — поўны ёю, адзінай!

На што ні зірну —
На хатку, кветнік, садок —
Ва ўсім відзён

...
Геній тваёй любові.

Усё было — разам... Побач, поруч... А цяпер?

З кім падзяліцца
Мне болем за родны край —
Так, як з табою?
Так — каб сляза ў слязу.
Так — каб на клятву клятва.

Так — каб уведаць праз яе і свой духоўны вопыт: няма бяссэнсіцы быцця, ёсць духоўная свабода, душэўны спакой. Для яе гэта было — ад Бога!

Як ты трымцела
Над верай сваёй! І як —
Змагалася ты —
З сабой і цэлым светам,
Каб той веры не страціць.

Каб не страціць «годнасць і гонар за свой чалавечы сан». Годнасць сваю і сваёй Радзімы, «гонар дзяржаўных, свабодных душой людзей». І ў гэтым яны, Ніл Сымонавіч Гілевіч і яго Каханая, сябар, паплечніца, жонка — былі заўсёды адзіныя. І гэта святое для кожнага сапраўднага беларуса.

Скора ўжо, скора
Пройдзе, я веру, Гасподзь
Па нашай зямлі.
Толькі патрапіць бы нам
Ступіць у Яго сляды.

Вызнаючы шлях, дзякуючы несмяротнай творчасці Быцця. Светлаце Вечнасці. Падпарадкоўваючыся — мелодыі душы. На флейце самоты.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY