Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
4(34)/2005
Галерэя
На кніжнай паліцы
Нашы святыні
Падзеі

АПОСТАЛЬСКІ РУХ БОЖАЙ МІЛАСЭРНАСЦІ
На кніжнай паліцы
Vaticanum II
Кантрапункт

ЦІ ПАТРЭБНА БОГУ РЭКЛАМА?
Хрысціянская думка
Культура
Паэзія

ВЕРШЫ

ВЕРШЫ
Юбілеі

РЫЦАР СЛОВА І ДУХУ

КРУГ ВЕЧНАСЦІ
Бібліятэка часопіса
«Наша вера»
Проза

КРЫЖ НАД НЁМАНАМ
На кніжнай паліцы
Постаці
Нашы святыні

Алесь ЧОБАТ

КРЫЖ НАД НЁМАНАМ

Апавяданне

Патруль 211-га палка уланаў наехаў падвячоркам на пусты хутар. Камандзір узвода Тамаш Зан падабраў на падворку кінутыя драбіны і з біноклем палез на страху. Тры уланы абышлі дом, хлеў, адрыну – нікога і нічога. Пуста. Чым далей на ўсход, тым часцей бязладдзе. За пяць гадоў вайны фронт праходзіў тут пяты раз.

– Нёман, – крыкнуў Зан са страхі. – Олек, едзь да швадрону. Людзям спешыцца і чакаць тут, а ты з паручнікам – на бераг. Там пойдзеш, – паказаў Зан рукой.

Олек Жалігоўскі павярнуў каня. Генік, яго брат, застаўся на хутары. Камандзір Тамаш Зан і яго прыяцель Караль Чапскі, нагінаючыся і з карабінамі напагатове, подбегам спусціліся з невысокай горкі да хмызу і рушылі ледзь бачнай зарослай сцежкай, а потым папаўзлі ў высокай някошанай траве.

Паручнік Штэйнігэ, афіцэр яшчэ царскай арміі, які перад вайной 1914 года са сваім казачым палком быў у лагерах паміж Гроднам і Сувалкамі, меў добрую памяць і не памыліўся, калі ранкам даў ім напрамак на гэты хутар недалёка друскеніцкай дарогі. Ад таго месца, дзе Зан і Чапскі заселі ў зарасніку над берагам, метраў за трыста справа быў мост. Цэлы. А за мастом – Друскенікі. У бінокль добра было відаць па жоўтым пяску акопы, два кулямёты і дзесятак людзей у рускай форме – можа, чырвонаармейцы, а можа, літоўскія шавулісы. У тры рады мост перагароджвалі «гішпанскія казлы», накшталт тых, на якіх дровы пілуюць, закручаныя калючым дротам. Колькі Зан ні ўглядаўся ў сасновы бор насупраць і на дарогу за чужой заставай, нічога не мог разгледзець, нідзе не заўважыў нічога жывога, ніякага зруху. Альбо гэта пастка, альбо тут насамрэч няма суцэльнай абароны, але гэта ўжо афіцэрам ламаць галаву, а яго патруль разведаў дарогу, і зараз Олек прывядзе на Нёман увесь швадрон, а да цямна на тым баку горкі з пакінутым хутарам будзе цэлы 211-ы полк уланаў ротмістра Дамброўскага...

У 211-м палку васемнаццацігадовы Тамаш Зан апынуўся пасля такіх прыгодаў, якіх іншаму хапіла б на ўсё жыццё.

Летам 1914 года ў бацькоўскім двары Панямонь пад Коўнам гімназіст Тамаш Зан яшчэ бегаў па ляшчынах за вавёркамі з дробнакалібернай стрэльбай. У кастрычніку 1914 года руская армія адступіла з Прусіі да Казловай Руды, і Заны выехалі на першае бежанства, пакуль што ў матычна радавое гняздо Дукшты. Праз год немцы занялі Вільню, і з Дукштаў прыйшлося ўцякаць у Смаляны пад Воршай, дзе прадзед Тамаш Зан-«Прамяністы» пасля высылкі ў Арэнбург знайшоў сямейнае шчасце і дажыў да канца сваіх дзён. Там бацьку мабілізавалі ў рускую армію, і апынуўся ён аж у Таганрозе над Азоўскім морам, дзе загадваў усёй бухгалтэрыяй кавалерыйскай дывізіі рэзерва. Летам 1916 года маці адаслала Тамаша да сваякоў у Маскву. Там, пры польскім Таварыстве дапамогі ахвярам вайны, была гімназія – вайна вайной, а сыну трэба было вучыцца. У Маскве Тамаш Зан перажыў абедзве рэвалюцыі 1917 года, а з першым снегам атрымаў нейкім цудам, бо з выпадковым пасыльным, запіску ад маці, што ў Смалянах цяпер небяспечна, бо кругом банды дэзерціраў, і што яна цяпер у Рославе Смаленскай губерні, сястрой міласэрнасці польскага палка з корпуса генерала Доўбар-Мусьніцкага. Маці пісала, што цяпер у Расіі гэта адзінае надзейнае месца для палякаў, і што хоць пяшком, хоць як трэба дабрацца да таго Рослава. Бацька са сваім палком яшчэ летам выступіў на фронт, і з таго дня няма ад яго ніякіх звестак...

Тамашу пашанцавала, бо да Рослава ён даехаў нават не абрабаваны – з рэвальверам, які гімназісты адабралі зімой 1917 года ў паліцэйскага яшчэ ў першую рэвалюцыю, і зашытымі ў салдацкі шынель залатымі царскімі пяцірублёўкамі ад маскоўскага сваяка – і пашанцавала ў Рославе другі раз, бо з маці размінуўся толькі на адзін дзень, санітарны абоз ужо выступіў на Крычаў але купленыя маці для Тамаша конь і карабін яшчэ былі цэлыя і пад даглядам палкавога пісара. Тамаш накінуў сабе два гады і, пасля доўгіх угавораў начальніка штаба, быў залічаны ў полк. Ноччу на маршы пад Крычавам патруль, у якім ехаў Зан, трапіў у засаду і быў рассеяны. Пад Тамашом забіла каня, і ён нейкім цудам уцёк ад пагоні ў лес, а потым у люты мароз ішоў па зорах усю ноч на захад, пакуль ранкам не натыкнуўся на чыгунку, а з нейкай разбітай станцыі цягнік з такімі самымі абадранцамі ў старых шынялях давёз яго да Магілёва. Там за царскае золата габрэйскі фурман за тыдзень давёз яго да Бабруйска, праз фронт, бо польскі корпус Доўбара-Мусьніцкага быў сфармаваны пры Часовым Урадзе, а новая ўлада з генералам не паладзіла і загадала сваім войскам усіх палякаў раззброіць... Загад быў не да выканання, і так яны стаялі ўсю зіму 1918 года – у Магілёве адны, у Жлобіне і Бабруйску другія, пакуль у канцы зімы нямецкая армія пад Мінскам не пераступіла пустыя ўжо рускія акопы і не заняла ўсю Беларусь да Дзвіны і Дняпра. Немцы цярпелі ўзброеных палякаў да канца мая 1918 года, а потым камандзір палка адвёў Зана ў бок і сказаў, што праз тыдзень-другі прыйдзецца аддаць зброю і ісці ў нямецкі лагер на работы, а вайне канца не відаць, то вось табе дакументы і едзь ты пакуль хоць да Вільні. Там каго-небудзь знойдзеш...

У Вільні ізноў, бо ўжо трэці раз за трэці год, пайшоў Тамаш у той самы чацвёрты клас гімназіі, цяпер да прафесара Касцялкоўскага. Але ў кастрычніку 1918 года папаўзлі чуткі, што немцы прайграюць вайну... і трэба чакаць іх уцёкаў, а на іх месца – невядома каго. Стыхійна арганізоўвалася ў Вільні польская самаабарона, і Тамаш як «стары даўбарчык» атрымаў пад сваю каманду... пятнаццаць гімназістаў і шэсць карабінаў для аховы «штаба», дзе быў адзін капітан і адзін паручнік. Праз тыдзень службы паручнік з капітанам да ночы палілі ў печы паперы, а ранкам зніклі. Тамаш выглянуў у акно і ўбачыў, як пасярод вуліцы... едзе казачы патруль, прыглядаецца да польскага сцягу і скідае з плячэй карабіны. Тамаш паспеў падаць каманду «за мной!», схапіў карабін і кінуўся чорным ходам – дых яму адпусціла толькі на таварнай станцыі пад Панярамі, і шчасце было неяк учапіцца на падножку апошняга эшалона ў бок Коўна, што праўда, у Кайшадорах нямецкія жандары выгружалі ўсіх у шынялях, а маладых людзей і без шынялёў, і даехаў Зан да Коўна толькі за апошнюю прыхаваную пяцірублёўку. Тут быў нейкі іншы свет, нават ліхтары на вуліцах і кавярні з бураковай эрзац-кавай, адну з такіх кавярняў упраўляла да вайны знаёмая бацькоў... і вайна шчасліва нічога не перамяніла, бо ўжо ноччу Тамаш ляцеў у санках проста ледзяным Нёмнам да Панямоні. Маці ўжо год была дома, і ёй ужо даўно паведамілі, што сын прапаў без вестак пад Рославам...

Але ў Панямоні аказалася, што ваенныя прыгоды не скончыліся, а толькі пачынаюцца. Тэрэза Зан лічылася адной з найважнейшых асобаў у польскім падполлі на ўсёй Літве, арганізаваная ёю «самадапамога» была насамрэч сеткай падпольнай сувязі – ад Рокішкаў ад Сувалак і ад Казловай Руды да Нова-Аляксандраўска. Прыезд прапашчага сына толькі б насцярожыў і падняў на ногі немцаў, якія і без таго прыглядаліся да Панямоні. Тамаш адсыпаўся суткі і гэтаксама, як з Магілёва, рушыў ноччу з габрэйскім фурманам уверх па Нёмане аж да Аліты, адкуль яго перавезлі ў Сейны, дзе матчын сваяк, a propos, volksdeutsch, быў бурмістрам і першым прыяцелем нямецкага каменданта. Так Тамаш Зан трапіў да Польскай вайсковай арганізацыі, якая вясной 1919 года пачала дыверсіі на дарогах і партызанскую вайну з немцамі па ўсім Сувальскім краі...

Германія капітулявала на заходнім фронце яшчэ ў лістападзе 1918 года. Адразу і савецкі ўрад у Маскве ануляваў пакаёвы трактат і запатрабаваў нямецкай эвакуацыі з усіх абшараў былой расійскай імперыі. У Варшаве немцы аддавалі зброю польскай міліцыі, каб толькі іх эшалоны маглі выехаць на Фатэрлянд. Юзаф Пілсудскі быў ужо начальнік дзяржавы, фармаваліся армія і адміністрацыя, у студзені 1919 года сабраўся першы свабодны сойм, праз месяц польскія войскі перайшлі Буг і рушылі на ўсход. Але немцы, як кіпцюрамі, трымаліся за Курляндскую, Ковенскую і Сувалкаўскую губерні, не дапускаючы туды ні польскіх, ні савецкіх войскаў. Пад іх апекаю літоўская Тарыба збірала сваю армію, а пакуль што немцы вывозілі ва Усходнюю Прусію лес, збожжа, жывёлу і ўсё іншае, што толькі было можна. Ішоў самы натуральны рабунак, для таго добраахвотнікаў у польскіх вёсках і хутарах кругом Сувалкаў і Сейнаў не бракавала, але бракавала зброі... і камандзіраў, для таго семнаццацігадовы «доўбарчык» Тамаш Зан атрымаў мянушку Паручнік... і каля дваццаці чалавек пад сваю каманду. Немцы эвакуяваліся толькі познім летам 1919 года, калі ўжо быў падпісаны пакаёвы трактат у Версалі, так што Паручнік паспеў перахапіць з дзесятак нямецкіх эшалонаў, пабыць у перастрэлках, два тыдні са сваім аддзелам выходзіць дзікімі лясамі і багнамі з блакады нямецкай кавалерыі, а нават... пабыць два дні і дзве ночы ў нямецкай турме ў Сувалках, дзе яго паспелі збіць да чорнага і асудзіць на расстрэл, і адкуль яго выкупіў той самы volksdeutsch.

Калі ж Сувалкі і Сейны ўрэшце заняла польская армія, там ужо Тамаша не было – Паручнік, «як адзін з лепшых афіцэраў», быў перакінуты назад на Ковеншчыну, дзе капітан Кавалец рыхтаваў паўстанне супраць Тарыбы. Капітан даў Паручніку паролі і яўкі, і сярод іх нейкая «Ванда»... з Панямоні, «абсалютна надзейны агент з самымі шырокмі сувязямі», патлумачыў Кавалец – так пані Тэрэза Зан трапіла ў падначаленыя да ўласнага сына, які так і не здолеў скончыць гімназіі.

«Авантура Васілеўскага і Кавальца», як гэты няўдалы збройны чын застаўся ў гісторыі, была раскрытая літоўскай паліцыяй. Шаўлісы арыштавалі каля тысячы чалавек па ўсёй Літве. Было троху страляніны ў Коўне. Зан са сваім аддзелам прасядзеў двое сутак у засадзе над Нёманам – было загадана... перахапіць літоўскі урад, на выпадак уцёкаў параходам – і толькі ў апошнюю хвіліну «хлопцы» разгледзелі, што ледзь не абстралялі яшчэ царскага часу паравічок, на палубе якога густа сядзелі габрэі ў чорных шапках і падковенскія вясковыя бабы з кошыкамі. Патруль наведаў Панямонь і адрапартаваў, што гаспадыня выехала невядома куды, а ў маёнтку ўжо распараджаюцца шаўлісы. З усім аддзелам Зан ізноў цягнуўся тыдзень лясамі, пакуль не перайшоў «зялёную граніцу» недалёка тых самых Сейнаў. Там усіх падначаленых адаслалі ў казармы ў Сувалках, а сам Зан напрасіўся на курсы падхарунжых у Вільні, якія па-за ўсім астатнім давалі гімназіяльны атэстат – трэба ж было дакончыць той пракляты чацвёрты клас і развітацца з дзяцінствам, якое так і так даўно скончылася! У падхарунжых Зан доўга не затрымаўся і ў канцы красавіка 1920 года ўжо быў у 8-й брыгадзе артылерыі на зацішным фронце пад Дынабургам. Баі пачаліся праз месяц, брыгада адразу ж аказалася адрэзанай, адступіць здолелі толькі да Свянцянаў, а там прыйшлося... аддаць зброю тым самым шаўлісам. І праз некалькі дзён Зан быў ізноў недалёка Казловай Руды – у лесе, у лагеры за калючым дротам. Літоўцы спраўна перанялі нямецкую навуку – ні пошты, ні пасылак, без баракаў пад голым небам, раз на дзень прывозілі бочку буракоў, вывальвалі проста на пясок... Тамаш прыгледзеў старэйшага вартаўніка, сапраўднага «калакутаса» з чырвоным індычым носам, і той за царскую залатую пяцірублёўку павёў Тамаша ў вясковую карчму – на абед і на бімбар.

Не ў нагах праўда, а ў Божай апецы! Бо Зан так і не зразумеў, як ён уцёк ад усяе вёскі з той карчмы, калі яго гналі лесам да вечара і стралялі, як зайца – хіба той бімбар быў, «як для сябе», бо кулі ішлі каля вуха. З «паночкамі» літоўскія мужыкі не жартавалі, бо адзін такі ўцёк з лагера незадоўга да Зана – і праз дзень «калакутасы» прывезлі... адрэзаную галаву і насадзілі на кол для страху іншым; зайшоў на хутар папіць вады, і пакуль піў, гаспадар з тылу секануў па глотцы простай мужыцкай касой... Так што з-пад Казловай Руды да Коўна ўданы ўцякач Зан ішоў без дарог, пра хутары не гаворачы, і толькі ягады падбіраў.

Гаспадыня кавярні аказалася на месцы і прыняла Тамаша, як сына найлепшай прыяцелькі, хоць Зан ледзь не падавіўся абедам, калі зарыентаваўся... што гарачая польская патрыётка цяпер ужо была гарачай патрыёткай літоўскай.

– Палітыка палітыкай, а людзі ёсць людзі, – супакоіла пані здзіўленага падхарунжага, і праз дзень у кампаніі яе гандлёвага кампаньёна Зан ужо ехаў у Мемель, які літоўцы ўжо называлі Клайпедай.

Мемель быў яшчэ нямецкі, і паліцыя на вуліцах была нямецкая, але ў порце ўжо стаяла эскадра французскіх акупантаў. Матросы з кананеркі, якая вось-вось адыходзіла на Гданьск, неверагодна ўзрадаваліся Тамашу Зану – у гэтым дзікунскім краі мардаты варвар спраўна гаварыў па-французску! – і без даклада афіцэру схавалі падхарунжага ў трум і ўсю дарогу кармілі кансервамі са смажаных апельсінаў. Потым Зан хваліўся, што ніколі ў жыцці не еў нічога так смачнага, а з яго смяяліся і казалі, што гэта ў яго ад нерваў...

У «старым польскім месце» Гданьску падхарунжы Зан не сустрэў ніводнага паляка, але лагічна разважаў, што кожны цягнік на Берлін мае ісці праз «польскі калідор»... і на хаду скочыў на падножку апошняга вагона. Так правісеў на руках да Тчэва, там убачыў на пероне «канаркаў» – жандары насілі фуражкі з жоўтымі аколышамі – і сам радасна аддаўся ў польскія рукі.

– Добра, добра, – падпіхвалі яго «канаркі» дуламі карабінаў у плечы, – як буяніць, то мы, а як сядзець, то мы ўжо не мы!

Са шчырых аповедаў Зана пра свае «адысеі» і асабліва з просьбы неадкладна перадаць яго камендатуры і адаслаць на фронт грымнуў выбух доўгага шчырага рогату на вакзальным пастарунку, а вахмістр з густымі казацкімі вусамі распарадзіўся замкнуць яго ў катух у канцы калідора. Тамаш прылёг заснуць на падлогу, потым агледзеўся, што акенца ў дзвярах не зачыненае, прасунуў руку з дзягай... і пятлёй адсунуў засаўку. Па галасах жандараў было чуваць, што ўся кампанія на чале з вахмістрам грае ў дзяжурцы ў штос, і азарт толькі разгараецца. Тамаш зашпіліў назад дзягу, скінуў для цішыні боты... і выйшаў міма дзяжуркі ў дзверы назад на перон. Тут ён мала не аслупянеў, бо з адкрытых таварных вагонаў было чуваць... як гавораць вясковай беларускай гаворкай – ваеннапалонныя старой рускай арміі, якія сядзелі ў немцаў з 1915 года, цяпер сотнямі і тысячамі ішлі добраахвотнікамі ў польскую армію Пілсудскага. Тут кармілі і давалі новыя боты...

– А сядай, братка, – працягнулася рука з вагона, калі Зан загаварыў па-беларуску, як у Дукштах, – весялей ехаць будзе! Чым басанож бегаць...

На таварнай станцыі ў Варшаве паручнік патыкаў дубцом соннага Зана і казаў вымятацца «к чортавай мацеры!». «Войска то войска», – з павагай падумаў Тамаш і пабег сталіцай вольнай Польшчы, прыгадваючы адрасы дзвюх варшаўскіх цётак. Тут аказалася, што... бацька жывы і здаровы, але Тамаш размінуўся з ім на два тыдні, таму што бацька нібыта па прыватных гаспадарчых справах, але насамрэч з нейкай «місіяй» выехаў у Гданьск, а адтуль у Коўна, – вайна вайной, а частка палякаў і частка літоўцаў усё яшчэ спрабавалі дамовіцца, як жыць далей.

Кватэра цёткі Анэлі выходзіла вокнамі на сталічны іпадром, і Тамаш раптам убачыў польскіх уланаў, якія выводзілі коней. Лішне казаць, што Зан схапіў шапку, пацалаваў цётцы руку і пад яе лямант кінуўся ў дзверы. Так ён трапіў у 211-ы полк ротмістра Дамброўскага. Навучаны «канаркамі» з Тчэва, Тамаш доўга не гаварыў, а проста адрапартаваў, што ён Зан, «той самы», што ён з Крэсаў і што «быў у Доўбара»...

– Запішы яго ў другі шчадрон, – коратка сказаў Дамброўскі пісару. – Ідзі выбірай каня, зброю прывязуць вечарам... Заўтра днём выступаем на фронт, так што давай без гулянак і развітанак! «Той самы», – хмыкнуў ротмістр, – тут поўна «тых самых», на выбар...

У стайні Тамаш адкрыў рот – так спраўна перасыпаў рускімі і польскімі «словамі» нейкі граміла з бандзюжнай фізіяноміяй.

– Караль Чапскі, – сказаў граміла. – Той самы.

– Тамаш Зан, – сказаў Зан. – Той самы.

Абодва зарагаталі. У тым самым узводзе другога швадрона аказаліся яшчэ Олек і Генік Жалігоўскія, тыя самыя, пляменнікі генерала Жалігоўскага, праслаўленага ў «ледзяны паход» 1918 года, калі ён вывеў польскую дывізію з Кубані да Адэсы, а потым з Адэсы да Львова – праз тылы «чырвоных», «белых», «зялёных» і «жоўта-блакітных». Паручнік Штэйнігэ, які мацюкаўся выключна па-руску, а камандаваў з казачым акцэнтам, абазваў гэтую кампанію «яснавяльможнымі панамі», але калі даведаўся, што Зан «доўбарчык», «пэовяк» і падхарунжы паскоранага выпуску, то паставіў яго... камандзірам узвода. 211-ты полк уланаў са старых ваякаў меў адных афіцэраў, а ў Варшаве за два тыдні назбіралі нейкіх кельнераў, маклераў і бруковых паноў з Чарнякоўскай. Зан пераканаўся, што палова не трымала ў руках карабін, а другая палова не сядала на каня. Але другіх не было, а гэтых вайна вучыла... хто застаўся жывым у першых баях.

211-ты і 213-ты палкі былі кінутыя ў прарыў за лінію фронта ў напрамку на поўнач ад Варшавы – ад Модліна на Цеханаў – для дыверсійнай вайны на тылах коннай арміі Хана, і гэта было за тыдзень да «цуду над Віслай», калі маршал Пілсудскі прарваў фронт над Вепшам. Ад Вкры да Нёмана полк бесперапынна быў у баях, смерці ў полі ўжо ніхто не баяўся – баяліся адстаць і трапіць у палон, бо ў той манеўровай вайне гэта было горш за смерць. У Зана ад сарака чалавек засталося васемнаццаць, пад ім забіла двух коней, казацкая шабля рассекла твар ад скроні да сківіцы, а ад крываўкі яго вылечыў Олек Жалігоўскі – прымусіў выпіць нагбом фляжку чыстага спірту, потым Тамаша пасадзілі ў сядло і звязалі пад канём ногі, а граф Чапскі ехаў поруч і трымаў соннага камандзіра пад локаць...

У зарасніку за плячыма пачуўся ломат. Гэта былі Штэйнігэ і Жалігоўскі. Паручнік выслухаў Зана і сам узяўся за бінокль. Ізноў пачуўся ломат у зарасніку – цяпер гэта быў сам ротмістр Дамброўскі, а за ім няма ведама дзеля чаго... палкавы доктар і ксёндз, у сутане, ботах і англійскіх брыджах.

– Што надумалі? – спытаў ротмістр.

Штэйнігэ далажыў, што да цямна можна спакойна разабраць хутар, звязаць плыты і ноччу пераправіцца за паваротам Нёмна на той бераг, а ранкам атакаваць заставу з тыла і захапіць мост.

– Добра надумалі, кіўнуў Дамброўскі. – Адно нядобра, што няма часу. Следам бяжыць бягом уся 19-я дывізія пяхоты, а Пілсудскі пасадзіў генерала Жалігоўскага да сябе ў аўтамабіль і едзе спераду. Так што мост будзем браць проста цяпер. Тваім швадронам. Адзін узвод спешыць і распалавініць. Палавіну рассыпаць у кустах, і – з атакай – падавіць кулямёты агнём. Другая палавіна – бягом на мост, і загародкі вон у Нёман. Атаку павяду сам – конна, szable w dіoс!

– Слухаю, пане ротмістр, – сказаў Штэйнігэ. – Ты шалёны! Мы ж пакладзем паўшвадрона, калі нават даедзем... Так што павяду я, а ты хочаш, то едзь сабе збоку! О так!

– А паеду і я за кампанію, – умяшаўся доктар. – Абрыдла мне сорак тры дні за тваімі камандамі, Дамброўскі, шыць, рэзаць і кішкі перабіраць, рукі ў крыві па локаць...

– Такая твая служба, – сказаў ксёндз, – а я замест пастырскай апекі толькі і раблю, што прычашчаю, адпяваю і са страхам думаю, калі фронт стане і нас пошта дагоніць. Бо ж мне асірочаным маткам адпісваць, не табе, Дамброўскі... Так што паеду я з вамі і пытаць вас не буду. Нада мной адзін Пан Бог начальнік...

– А едзьце сабе! – зазлаваў Дамброўскі. – А то я кепскі, вы добрыя, я людзей не шкадую, а вы шкадуеце... На зламанне галавы! Давай, Штэйнігэ, распараджайся!..

Цяжкае чырвонае сонца апускалася ў гарачы пыл над дарогай і сляпіла вочы заставе на правым беразе. Дзесятак уланаў падпаўзлі да крайніх кустоў і кінуліся на мост, а левы бераг ажыў адным ручным кулямётам і трэскам карабінаў. На вайне што хочаш бывае, хоць потым ніхто не верыць. Адзін кулямёт на заставе, як аказалася... стаяў без стужкі і без вады, праз чалавечае разгільдзяйства. Першы нумар за другім кулямётам дастаў кулю ў руку, а пакуль другі нумар яго падмяніў, было ўжо позна. «Гішпанскія казлы» паляцелі ў ваду, следам з-пад капыт скакалі спешаныя ўланы, а па трох у шыхт з шалёным крыкам ляцелі праз мост на той бераг Дамброўскі, Штэйнігэ і доктар, потым ксёндз, Зан і Чапскі, потым двух Жалігоўскіх, Барскі і ўвесь швадрон – без аднаго спешанага ўзвода. Ксёндз роў дзікім голасам не горш за ўланаў і замест шаблі махаў метровым крыжам з чорнага моранага дуба, ужываным не так для палявой Імшы, на якую 211-ты полк не меў часу, але ў час спешнага начнога пахавання забітых і памерлых ад ран... На тым беразе ўцякалі з акопаў у бок Друскенікаў, за імі несліся ўланы. Ноччу на той бок у занятыя Друскенікі праехалі Жалігоўскі з Пілсудскім. Без аднаго слова, замучаныя і злыя, ішлі роты 19-й дывізіі. Полк Дамброўскага меў двух параненых ужо ў саміх Друскеніках, ды яшчэ адзін улан, як аказалася, не ўмеў плаваць і каменем пайшоў на дно, калі скочыў з моста. Пакуль яго дасталі і адкачалі, наглытаўся вышэй горла, і доктар валаводзіўся з ім да ранку, ратуючы ад гарачкі і перапалоху...

– Ну што, сацыяліст, бязбожнік?! – сказаў ксёндз на Дамброўскага. – Трэба было мне ехаць ці не трэба? На гэты крыж, – падняў руку ксёндз, – і маткі жаўнерскія, і ўся Польшча маліцца будуць...

Дамброўскі стомлена ўсміхнуўся і злез з каня. Стукнуў абцасамі і ўзяў два пальцы пад шапку.

– Дакладваю, ксенжа. Мы на зямлі Маці Божай Вастрабрамскай, – і ротмістр узяў шапку на левую руку, стаў на калена і пацалаваў чорны крыж.

211-ты полк уланаў наступаў далей на Марцінконцы, Васілішкі, тройчы хадзіў конна ў атаку пад Лідай. У Мінску ў сярэдзіне кастрычніка да Дамброўскага прыехаў нейкі цывільны. Ротмістр паставіў полк у шыхт, сказаў, што генерал Жалігоўскі займае Вільню і просіць падмогі, пасля чаго скамандаваў:

– Дабравольцы, два крокі наперад!

Шэсцьсот дваццаць сем уланаў – усё, што засталося ад палка за тры месяцы – пераступілі, як адзін чалавек.

З Вільняй генерал Жалігоўскі справіўся сам, а уланы Дамброўскага сустракалі Каляды пад Алькенікамі. Там «зялёная граніца» на лініі нядаўняга фронту бегла так, што часта хата гаспадара апыналася на польскім баку, а поле ўжо на літоўскім. У адной з начных перастрэлак шальная куля трапіла ў валун, каля якога ляжаў з карабінам Зан, адрыкашэціла і перабіла два пальцы левай рукі. Рука апухла, загнаілася, і Зан зімой 1921 года звольніўся з арміі, на сёмым годзе вайны, а было яму дзевятнаццаць. А далей была другая гісторыя...

Палкоўнік Тамаш Зан памёр у сваёй аднапакаёвай варшаўскай кватэры ў 1988 годзе. Астатні з роду. На сцяне ў пакоі вісеў чорны нёманскі крыж.

Малюнкі Уладзіміра Вішнеўскага.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY