|
|
№
4(34)/2005
Галерэя
На кніжнай паліцы
Нашы святыні
Падзеі
На кніжнай паліцы
Vaticanum II
Кантрапункт
Хрысціянская думка
Культура
Паэзія
Юбілеі
Бібліятэка часопіса
«Наша вера» Проза
На кніжнай паліцы
Постаці
Нашы святыні
|
Пачатак у №3(33)/2005
Новы напрамак позняга беларускага барока, званага віленскім, у хуткім часе распаўсюдзіўся па ўсёй краіне і, зразумела, не абмінуў рэгіён, найбольш блізкі да сталіцы. У стылі віленскага барока ў 1760–1761 гг. на ахвяраванні парафіянаў быў пабудаваны мураваны касцёл Узвышэння святога Крыжа ў вёсцы Быстрыца. Паводле пісьмовых гістарычных звестак, гэтая вёска найбольш старажытная на Астравеччыне і згадваецца ў прывілеі вялікага князя літоўскага Ягайлы ад 18 мая 1390 г. Заснаванне тут першага драўлянага касцёла адбылося ў 1523 г. па фундацыі караля Жыгімонта І Старога. У XVII ст. Быстрыца лічылася мястэчкам і пазначана на карце Вялікага Княства Літоўскага 1613 г. Тамаша Макоўскага як цэнтр староства. Як большасць вясковых парафіяльных святыняў, быстрыцкі касцёл Узвышэння святога Крыжа мае даволі невялікія памеры, але вытанчанасць прапорцый, высокія стромкія вежы на галоўным фасадзе надаюць яго абліччу велічнасць і гармонію. Будынак касцёла складаецца з прамавугольнага асноўнага аб’ёма-навы і пяціграннай алтарнай апсіды, да якой з паўночнага боку далучана нізкая прамавугольная закрыстія. Вузкая пласціна двухвежавага галоўнага фасада-нартэкса не выступае за межы навы, але, дзякуючы пластычнаму вырашэнню вежаў, ён выглядае яшчэ больш узнёслым. Ніжнія чацверыкі вежаў вылучаны звязкамі вытанчаных ордэрных пілястраў на руставаных п’едэсталах. Прасценкі паміж імі маюць увагнутую паверхню, у выніку чаго ўся кампазіцыя нагадвае тэатральную заслону. Два верхнія ярусы вежаў ствараюць на фоне неба ажурны сілуэт дзякуючы маляўнічым абрысам скразных праёмаў, вуглавых пілястраў, закручаных унізе ў завіткі-валюты, двух’ярусных фігурных купалкоў. Цэнтральная частка фасада, завершаная строгім атыкавым франтонам, выглядае больш манументальнай. Быстрыцкі касцёл у 1865 г. быў прыстасаваны пад праваслаўную царкву, але ў 1918–1926 гг. вернуты католікам і рэканструяваны па першапачатковым прызначэнні. Параўнальна з больш раннім касцёлам у Міхалішках, пры тым жа складзе аб’ёмаў (нава, пяцігранная апсіда, двухвежавы галоўны фасад), быстрыцкі касцёл мае зусім іншую стылёвую афарбоўку. Яго асноўны аб’ём унутры падзяляецца спаранымі падпружнымі аркамі не на тры, а на дзве часткі. Энергічная крапоўка сценаў шырокімі пілонамі са спаранымі канеляванымі пілястрамі сваім шматпрофільным ступенчатым абрысам надае ўсёй наве і яе часткам адвольную форму авала. У выніку атрымліваецца два авалы ў адным, якія прасторава нібы перацякаюць адзін ў адно. Скошаныя вуглы навы скіроўваюць рух прасторы да пяціграннай апсіды, якой унутры таксама нададзены авальны абрыс. Сферычная конха апсіды ў ХІХ ст. была пакрытая арнаментальнай фрэскавай размалёўкай.
У 1760 г. Юры Абрамовіч пачаў будаўніцтва мураванага касцёла ў гонар свайго нябеснага патрона св. Юрыя. Яму дапамагала жонка Марцыяна (па іншых звестках – Марыя) з роду Дорыя-Дзерналовічаў, якая пасля заўчаснай смерці мужа працягвала актыўную дзейнасць па завяршэнні будаўніцтва святыні і стварэнні унікальнага горадабудаўнічага ансамбля цэнтра мястэчка, які часткова захаваўся. Першапачатковы выгляд гэтага ансамбля вядомы па шэрагу гравюраў 1-й паловы ХІХ ст. і малюнках Напалеона Орды 1873–1875 гг. Юр’еўскі касцёл у Варнянах пабудаваны ў стылі віленскага барока ў 1760–1769 г. і кансэкраваны віленскім біскупам Т. Зянковічам. Асноўны мастацкі акцэнт, адпаведна яго дамінантнай ролі ў ансамблі, зроблены на галоўным двухвежавым фасадзе касцёла, які выступае за межы асноўнага аб’ёма і вызначаецца вытанчанасцю і ажурнасцю сілуэта. Заглыбленая цэнтральная частка завершаная высокім двух’ярусным атыкавым франтонам. Шмат’ярусныя чацверыковыя вежы маюць увагнутую паверхню прасценкаў паміж звязкамі вуглавых пілястраў, што стварае тонкую нюансіроўку падаючых і слізгаючых ценяў. Імклівасць вертыкальных ліній супакойвае мяккі малюнак абрысаў франтона і праёмаў. Як і суседні быстрыцкі касцёл Узвышэння Святога Крыжа, варнянскі Юр’еўскі касцёл мае адну прамавугольную наву, якая падзелена сістэмай спараных пілястраў і падпружных арак на дзве часткі, перакрытыя цыліндрычнымі скляпеннямі з распалубкамі. Можна сказаць, што двухчасткавая структура навы, што сустракаецца даволі рэдка, – адметнасць касцёльнай архітэктуры Астравецкага рэгіёна.
Няма сумневу, што астравецкія помнікі сакральнай і палацава-сядзібнай архітэктуры маглі зрабіць гонар гісторыка-культурнай спадчыне рэгіёна. Але гэта далёка не ўсё, што прынёс гэты край у скарбонку культуры Беларусі. Згадаем, што Астравец, сучасны цэнтр раёна, вядомы па дакументах з 1466 г. Раней доўгі час першай згадкай пра мястэчка лічылася дата заснавання тут касцёла ордэна дамініканцаў у гонар святых Космы і Дам’яна – 1474 г. Па часе фундацыі гэта самая старажытная на Беларусі святыня вельмі пашыранага на нашых землях каталіцкага ордэна, які праводзіў місіянерскую і асветніцкую дзейнасць, пераважна ў сферы адукацыі шляхецкай моладзі. Першы касцёл у Астраўцы, пабудаваны на ахвяраванні кіеўскага ваяводы Марціна Гаштольда, быў драўляным. На яго месцы ў 1616 г. па фундацыі Яна, Мікалая і Алены Корсакаў быў узведзены мураваны храм, знішчаны казакамі ў сярэдзіне XVII ст. На мяжы XVII–XVIII стст. астравецкі касцёл зноў пазначаны ў інвентарах як драўляны. Святыня, якая існуе сёння, змуравана на сродкі Гілярыя Цішэўскага ў 1785–1787 гг. у характэрных для таго часу формах позняга барока. Але ў пачатку ХІХ ст. касцёл быў істотна перабудаваны і набыў пры гэтым рысы посткласіцызму (архітэктурнае вырашэнне будынка касцёла разгледжана намі ў артыкуле «Святыні ордэна прапаведнікаў» («Наша вера» № 1, 2004).
Значна больш яскрава вертыкальную дынаміку і ўзнёсласць формаў увасабляе Троіцкі касцёл у вёсцы Гервяты, пабудаваны ў 1899–1903 гг. у чыстым неагатычным стылі. Гэта адзін з найлепшых узораў так званых гістарычных стыляў у Беларусі, што выяўлялі нацыянальныя тэндэнцыі рамантызму. У 1526 г. Гервяты ўвайшлі ва ўладанне віленскага біскупства. Вядома, што пасля пажару вёскі ў 1736 г. віленскі біскуп Т. Зянковіч аднавіў тут драўляны касцёл. Новая святыня была ўзведзена паводле праекта архітэктара А. Альшалоўскага на месцы старога касцёла. На час завяршэння будаўніцтва мураванага касцёла, у 1905 г., у Гервятах налічвалася 239 жыхароў, меліся народная вучэльня і маёнтак з 22 жыхарамі. Велічная трохнававая крыжовая базыліка касцёла з узнёслай спічастай вежай на галоўным фасадзе дамінуе над навакольным асяроддзем. Перакрыжаванне роўнавысокіх двухсхільных дахаў цэнтральнай навы і трансепта, якія ўтвараюць у плане праграмны лацінскі крыж, увенчвае вастраверхая сігнатурка. Вільчыкі дахаў аздабляе шчыльны шэраг фіялаў-трохлістнікаў, накшталт “крабаў” сапраўднай еўрапейскай готыкі. Асноўным сродкам стварэння мастацкай выразнасці архітэктуры святыні з’яўляецца гарманічнае ўзаемадзеянне вертыкальных і гарызантальных рытмаў, стральчатых і прыступчатых формаў.
На галоўным фасадзе цэнтральнай навы сканцэнтраваны разнастайныя элементы гатычнай архітэктуры. Уваходны партал у выглядзе перспектыўнай стральчатай аркі аформлены вімпергам. Ядро кампазіцыі фасада займае вялізнае акно-ружа. Верхні ярус квадратнай у плане вежы-званіцы зроблены скразным і візуальна лёгкім. Яго завяршае вастраверхі шацёр з крыжам, які імкліва ўзносіцца ўгору. Па баках вежы прыбудаваны два невялікія аб’ёмы з вітымі ўсходамі, звонку выразна падкрэсленыя шматпрыступчатымі контрфорсамі з аркбутанамі і пінаклямі, што надае галоўнаму фасаду ўзмоцненую вертыкальную дынаміку. Будынак пастаўлены на невысокі цокаль з гранітных блокаў. Па баках кароткага прэзбітэрыя з плоскай алтарнай сцяной у адну лінію з навамі ўкампанаваны сіметрычныя, квадратныя ў плане закрыстыі. Асаблівую маляўнічасць вонкаваму абліччу касцёла надае кантрастнае спалучэнне адкрытай муроўкі з чырвонай цэглы і атынкаваных дэкаратыўных дэталяў.
Працяг у №1(35)/2006
|
|
|