|
|
№
4(34)/2005
Галерэя
На кніжнай паліцы
Нашы святыні
Падзеі
На кніжнай паліцы
Vaticanum II
Кантрапункт
Хрысціянская думка
Культура
Паэзія
Юбілеі
Бібліятэка часопіса
«Наша вера» Проза
На кніжнай паліцы
Постаці
Нашы святыні
|
такая мэта яднае апосталаў Божай Міласэрнасці, якія 7–9 кастрычніка сабраліся ў Кракаве — Лагеўніках на свой ІІ Міжнародны кангрэс. Ён праходзіў у рамках святкавання 100-годдзя з дня нараджэння святой сястры Фаустыны і сабраў больш за 200 дэлегатаў з 34 краінаў свету з усіх кантынентаў. Арганізавалі сустрэчу Міжнароднае таварыства апосталаў Божай Міласэрнасці «Faustinum» і рэктарат лагеўніцкага санктуарыя. На працягу трох дзён удзельнікі Кангрэсу слухалі рэфераты, прысвечаныя таямніцы Божай Міласэрнасці, дзяліліся сведчаннямі свайго апостальства і разам маліліся ў санктуарыі ў Гадзіну Божай Міласэрнасці, а таксама вечарам, у часе адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту. Хараство шматмоўнай ружанцовай малітвы дапаўнялі вершы з «Рымскага трыпціху» Яна Паўла ІІ і ўрыўкі з «Дзённіка» св. сястры Фаустыны. Цяпер я разумею, што трэба было абавязкова пабываць у Лагеўніках, каб не толькі укленчыць ва ўтульным прыгожым касцёліку, дзе спачываюць рэліквіі сястры Фаустыны Кавальскай, гэтай вялікай містычкі нашага часу, якой Хрыстус адкрыў глыбіні Божай Міласэрнасці, але й каб зразумець, як далёка ў свет пайшло яе пасланне, каб усвядоміць, колькі людзей на ўсіх кантынентах паўтараюць услед за ёю: «Езу, давяраю Табе».
Цяпер гэтыя словы Хрыста бярэ ў сваё сэрца кожны, хто далучаецца да Апостальскага руху. І ў кожнага ёсць свая гісторыя гэтага далучэння. У часе кастрычніцкага Кангрэсу яго ўдзельнікі пачулі шмат такіх «гісторый». Асабіста мяне найбольш уразіла тое, што расказаў ксёндз Андрэй са Славакіі пра супольнасць Пустэльнікаў Міласэрнасці. На вялікай паляне ў гарах, далёка ад гарадоў і вёсак, далёка ад усялякай цывілізацыі і яе выгодаў жывуць восем пустэльнікаў, якія рашыліся на такі ўчынак пасля прачытання «Дзённіка» св. сястры Фаустыны. На вяршыні горнага схілу яны паставілі вялікі драўляны крыж з характэрнымі прамянямі, які сімвалізуе вобраз Міласэрнага Езуса. Крыху ніжэй пустэльнікі збудавалі дамок з малою каплічкаю, у якой штодзённа разам з Хрыстом ахвяруюць сваё жыццё за збаўленне свету. Калі ксёндз Андрэй расказваў пра жыццё гэтай незвычайнай супольнасці, на вялікім экране перад вачыма ўдзельнікаў Кангрэсу ўзнік амаль казачны па сваёй прыгажосці краявід: невялічкія драўляныя халупкі з высокімі белымі комінамі прытуліліся да падножжа лясістага горнага схілу. Гэта жыллё пустэльнікаў. Недзе там, у даліне, нябачная для вачэй, бруіць чыстая, як сляза, крынічка. А ў кожнай з гэтых пустэльняў ёсць толькі дзве кнігі: Святое Пісанне і «Дзённік» св. сястры Фаустыны на славацкай мове. Гэтага пустэльнікам дастаткова, каб спасцігнуць мудрасць жыцця, якую дае Бог. Яны не слухаюць радыё, не чытаюць газет, не глядзяць тэлевізараў, але дзіўным чынам вельмі добра арыентуюцца ў тым, што найбольш істотнае для чалавека і свету. Увогуле, жывуць пустэльнікі ў вельмі суровых умовах. Маюць толькі тое, што дае прырода і Бог, што могуць атрымаць з плёну свае працы. Кожны пустэльнік сам сабе гатуе ежу, пячэ хлеб, апрацоўвае кавалак зямлі, збірае грыбы, ягады, зёлкі... Пустэльнікі сустракаюцца раз на дзень, на Эўхарыстыі. Астатні час праводзяць на абсалютнай самоце, у супольнасці з Богам. Размаўляюць паміж сабою толькі ў свята Божай Міласэрнасці. Ксёндз Андрэй, які ўжо дзевяць гадоў жыве ў гэтай супольнасці і служыць пустэльнікам як духоўнік, кажа, што сустрэча з імі перамяніла не толькі ўсё яго жыццё, але і яго святарства. Бог, — кажа ён, — сапраўды кіруе жыццём чалавека і клапоціцца пра яго, хоць чалавек не заўсёды давярае Богу і ганяецца за тым, што ў выніку прыносіць яму цярпенне, і што калісьці, у хвіліну смерці, ён вымушаны будзе пакінуць. Да пустэльнікаў найбольш прамаўляюць словы Езуса, сказаныя сястры Фаустыне аб тым, што Ён прагне збавіць кожнага чалавека, таксама й таго, хто не прымае шаленства Яго любові, аб’яўленай на Крыжы, хто сумняваецца ў Божай Міласэрнасці. Езус вучыў сястру Фаустыну, як у штодзённасці жыць Евангеллем, паказваў вартасць жыцця, укрытага ў Богу. Шмат людзей адпрэчвае такі стыль жыцця, – кажа ксёндз Андрэй, бо лічыць, што яно не мае ніякай вартасці і супярэчыць норме. Аднак сутнасць кожнай чалавечай існасці заключаецца ў духу, у супольнасці з Богам, а не ў нашай жыццёвай кар’еры...
Такое вось незвычайнае і павучальнае сведчанне пачулі ўдзельнікі Кангрэсу ад святара са Славакіі. А яшчэ былі цікавыя, усхваляваныя сведчанні балерыны з Лівана, якая ў сваёй школе танца арганізавала асяроддзе апостальства Божай Міласэрнасці, цырульніка з Ліверпуля, які прадаў уласную прыбытковую цырульню, каб заняцца распаўсюджваннем кніг аб Божай Міласэрнасці; сведчанне знакамітай піяністкі Барталіні, якая 20 гадоў таму кінула музычную кар’еру, каб ездзіць па Аргентыне і абвяшчаць пасланне Божай Міласэрнасці; сведчанне кармэліта з Індыі, які ў індыйскім штаце Керала апякуецца тысячаю пакінутых дзяцей і хоча, каб кожнае з іх у будучыні стала апосталам Божай Міласэрнасці. Ён прагне, каб у 2010 годзе ўвесь штат Керала паўтараў: «Езу, давяраю Табе!» У апошні дзень Кангрэсу, позна ўвечары, я ўбачыла айца Бэрнардзіна — так завуць гэтага незвычайнага святара з Індыі — у капліцы адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту. Гэта быў адзін з найбольш запамінальных і прыгожых момантаў, якія давялося перажыць у Лагеўніках. Менавіта тады падумалася, што мара гэтага індыйскага кармэліта абавязкова збудзецца і далёкі штат Керала, а за ім і ўвесь свет некалі скажуць: «Езу, давяраю Табе!» Бо нездарма ж Святы Айцец Ян Павел ІІ 17 жніўня 2002 г. тут, у Лагеўніках, прысвяціў увесь свет Божай Міласэрнасці, прамовіўшы прарочыя словы: «Толькі ў Божай Міласэрнасці свет знойдзе спакой, а чалавек — шчасце».
Глядзі таксама:
|
|
|