|
|
№
4(34)/2005
Галерэя
На кніжнай паліцы
Нашы святыні
Падзеі
На кніжнай паліцы
Vaticanum II
Кантрапункт
Хрысціянская думка
Культура
Паэзія
Юбілеі
Бібліятэка часопіса
«Наша вера» Проза
На кніжнай паліцы
Постаці
Нашы святыні
|
Гэты артыкул, напісаны да 100-годдзя з дня нараджэння выдатнага пісьменніка і майстра роднага слова Яна Скрыгана, прыйшоў у рэдакцыю па элекроннай пошце з сонечнай Балгарыі. Даслала яго кандыдат філалагічных навук, даследчыца беларускай літаратуры Роза Станкевіч, з якою нас звязваюць гады маладосці і светлага творчага сяброўства... Быў пачатак 80-х. Роза жыла тады ў Мінску, і нейкі час мы разам працавалі ў Літаратурным музеі Янкі Купалы. Тады ж пачалі з’яўляцца ў друку і мае першыя апавяданні, якія заўважыў і падтрымаў добрым словам незабыўны Ян Аляксеевіч. Пазней, у прадмове да мае першай кнігі, ён апісаў «гісторыю» нашага знаёмства, згадаўшы акурат той момант, калі я нарэшце асмелілася зайсці да яго ў Дом літаратара на Фрунзе, 5, дзе Ян Аляксеевіч працаваў сакратаром па дзяржаўных прэміях. «І вось яна заявілася, – піша ён крыху іранічна. – Не ведаю, выпадкова ці знарок – і няйначай як дзеля смеласці ўзяўшы ў памагатыя сяброўку...» Пэўна ж, невыпадкова і менавіта «дзеля смеласці» ўзяла я тады сяброўку, якою якраз і была Роза Станкевіч... Пасля разам з ёю мы часта заходзілі да Яна Аляксеевіча і ўжо зусім не таму, што мне патрэбны былі «памагатыя», а таму, што ўтраіх нам добра сядзелася і гаманілася. Часам Роза запісвала размовы з Янам Аляксеевічам, друкавала інтэрв’ю з ім у перыёдыцы. У дасланым цяпер артыкуле яна прывяла фрагменты тых даўніх размоваў, і яны так шчымліва і светла адгукнуліся ў душы, нагадалі пра той благаславёны час, калі яшчэ жылі на гэтым свеце ўсе, каго я любіла, і чыя любоў была для мяне найбольшаю радасцю і шчасцем... На жаль, час няўмольна і хутка мінае... Нязменнымі застаюцца адно ўспаміны – тыя імгненні, што залацінкамі аселі на самым донцы душы і зберагаюцца там, як самы дарагі скарб, ратуючы ў хвіліны роспачы і духоўнай нішчымніцы. А ў сэрцы, таксама нязменна, жыве вялікая ўдзячнасць да тых, хто і пасля свайго адыходу ў Вечнасць, застаецца заўсёды побач, хто дапамагае і падтрымлівае ўжо адтуль, з свае пакуль недасяжнай далечы... Аднаму з іх – Яну Аляксеевічу Скрыгану, незабыўнаму настаўніку і сябру, 16 лістапада, у дзень Маці Божай Вастрабрамскай, споўнілася б 100 гадоў. Няхай жа Яна, Маці Міласэрнасці, Тая, што «ў Вострай свеціць Браме», атуляе яго светлую спагадную душу сваёю міласэрнаю апекаю і любоўю.
Глядзі таксама:
|
|
|