|
|
№
4(34)/2005
Галерэя
На кніжнай паліцы
Нашы святыні
Падзеі
На кніжнай паліцы
Vaticanum II
Кантрапункт
Хрысціянская думка
Культура
Паэзія
Юбілеі
Бібліятэка часопіса
«Наша вера» Проза
На кніжнай паліцы
Постаці
Нашы святыні
|
Неяк адна мая калега па выкладчыцкай працы прызналася: «Ведаеш, што я паспела зрабіць за два тыдні адпачынку на Нарачы? Прачытала ўзапар усе чатыры Евангеллі. Даўно збіралася гэта зрабіць, ды ўсё не выпадала. І вось, нарэшце, выпала. Прачыналася, уключала святло і ў ранішняй цішыні, на свежую, так бы мовіць, галаву чытала Новы Запавет. Няспешліва чытала, адно за адным, Евангеллі, потым — Пасланні... Падумала пасля, што варта было б вось гэтак жа, сабраўшыся аднойчы з духам і выбраўшы спрыяльны час, прачытаць усю Біблію. Ды наўрад ці рашуся. Ці змагу...» На маё пытанне, а чаму не, чаму не рашыцца, яна адказала: «Няма адпаведнай папярэдняй падрыхтоўкі, адукацыі пэўнай. Што тычыцца ўспрымання Евангелляў, то тут сітуацыя крыху іншая. Хто чытаў Рэнара, хто Дзідона, ёсць сучасныя аўтары. А якая ёсць літаратура па Старым Запавеце? Ёсць у мяне на паліцы “Гісторыя Ёва” Дж. Пен-Луіса. Вось, бадай, і ўсё...» Гэтая размова згадвалася мне не раз, калі я чытала кнігу Галіны Сінілы «Біблія як феномен культуры і літаратуры» (2004), што пабачыла свет у выдавецтве «Беларуская навука». З цікавасцю прачытала гэтую працу і хачу падзяліцца сваімі ўражаннямі. Мушу зрабіць адразу ж колькі неабходных папярэдніх агаворак. Першая. Паводле выдавецкага азначэння кніга — «навуковае выданне». Такой яна і з’яўляецца насамрэч па ўсіх адпаведных параметрах. І ў той жа час яна пазбаўлена сухой навуковасці (так званай «наукообразности»). Наадварот — напісана жывой, добрай літаратурнай мовай. Яскрава адчуваецца адметнасць аўтарскага стылю. Другая. Свой разгляд тэкстаў першай кнігі біблейскага канону — Кнігі Быцця (Кнігі У-Пачатку) аўтар старанна суадносіць з іх арыгіналамі, параўноўвае розныя пераклады. У некаторых выпадках выступае як перакладчык са старажытнаяўрэйскай мовы на беларускую і паспяхова робіць пры неабходнасці навуковую транскрыпцыю і транслітэрацыю. Трэцяя. Шэраг спасылак сведчыць пра невыпадковасць выбару аўтарам тэмы выдання. На навукова-творчым рахунку Г. Сінілы такія працы, як «Біблейная паэтыка і біблейная паэзія на пераломах эпох (на прыкладзе нямецкамоўнай лірычнай парадыгмы)», «Старажытныя літаратуры Бліжняга Усходу і свет Танаха (Старога Запавету)», «Прарочая кніга: генезіс, рэлігійна-філасофская канцэпцыя, жанравая спецыфіка» і інш. Словам, у асобе Галіны Сінілы мы маем дасведчанага экзагета, абазнанага даследчыка біблейных тэкстаў. Ды звернемся непасрэдна да яе кнігі «Біблія як феномен культуры і літаратуры». Кнігі, безумоўна, неардынарнай, кнігі, дзе ўпершыню ў Беларусі даследуюцца з філалагічнага, філасофскага, культуралагічнага і рэлігіязнаўчага боку тэксты Торы (Пяцікніжжа Майсеева), перадусім — Кніга Быцця. Уражвае найперш, так бы мовіць, апалагетычная танальнасць працы, тыя перакананасць і паслядоўнасць, з якімі на працягу ўсяго шматстаронкавага даследавання аўтар гаворыць пра Біблію як пра «кнігу, роўную Сусвету», «Першакнігу еўрапейскай цывілізацыі», «увасобленую метагісторыю», «Святое Пісанне хрысціянскай традыцыі» і г.д. «Біблія нязменна ўзначальвае ў “Кнізе рэкордаў Гінэса” спіс самых высокатыражных кніг, — піша ва ўступным раздзеле даследавання Г.Сініла. — І гэта вельмі суцяшальна, бо ёсць надзея, што чалавецтва не зойдзе канчаткова ў тупік, знойдзе выйсце ў самай цяжкай сітуацыі, калі будзе вызначаць і выпраўляць свой шлях у адпаведнасці з вялікімі ідэаламі, дадзенымі ў Адвечнай Кнізе. Няма больш такой кнігі, да якой звярталіся б так часта людзі, якая б на працягу такога доўгага часу натхняла паэтаў, музыкантаў, мастакоў. Нездарма вялікі Гётэ некалі казаў, што мастаку ў гэтым жыцці патрэбны толькі дзве кнігі — Прырода і Біблія». Моцным бокам выдання з’яўляецца тое, што ўсхваленне «Кнігі кніг» не абмяжоўваецца высокім пафасам, а мае доказны, усебакова абгрунтаваны характар, пра што красамоўна сведчаць шматлікія аўтарскія меркаванні, азначэнні, высновы. Прывяду прыклады. Разглядаючы пытанне аб вытоках, генезісе і літаратурна-жанравых асаблівасцях канона, Г. Сініла ўдакладняе: «Біблію немагчыма звесці толькі да літаратуры ці толькі да гістарычнай кнігі, бо ў ёй гучыць Слова Божае, дадзенае чалавеку праз яго гістарычны лёс і праз яго здольнасць да творчасці, да Паэзіі ў самым высокім сэнсе гэтага слова. Таму Святы канон уяўляе своеасаблівую мадэль Сусвету і з усёй магчымай паўнатой змяшчае ў сабе свет і чалавека ў іх самых розных станах і праявах, у іх адносінах да Бога, у дыялогу з ім». Чытаем далей: «У Бібліі — Старым Запавеце — упершыню паўстае прынцыпова іншы погляд на час, звязаны з адкрыццём гістарычнага часу самога па сабе: час уяўляе сабой не замкнёнае кола, ён мае напрамак, ён накіраваны ад кропкі стварэння свету да нейкай пэўнай мэты. Ён можа ў нейкім дачыненні паўтарацца, але ніколі не замыкаецца ў той жа кропцы і нагадвае дыялектычную спіраль, што ўзыходзіць, рухаецца наперад. Свет упершыню паўстае як адкрытая дынамічная сістэма, і фундаментам такой мадэлі светабудовы з’яўляецца сама ідэя Адзінабожжа. Існуе Адзіны Бог, і няма аніякіх іншых багоў». У раздзеле «Шляхамі Адвечнай Кнігі, альбо Біблія як увасабленне метагісторыі» Г.Сініла зазначыць яшчэ раз: «Адно з найвялікшых адкрыццяў Бібліі — адкрыццё гісторыі як асэнсаванага і мэтанакіраванага працэсу. Час ужо не паўстае ў выглядзе вялізнага замкнёнага кола, як у язычніцкіх культурах, але набывае сэнс і напрамак: ён рушыць наперад да поўнага трыумфу Боскай дабрыні, да ажыццяўлення ў сусветным маштабе запаведзяў Божых». Рэлігійна-філасофскія азначэнні арганічна дапаўняюцца на старонках кнігі каштоўнымі маральнымі высновамі накшталт: «Заўсёды, калі Біблія гаворыць пра веды, яна перадусім мае на ўвазе веды этычныя. Для нас цяпер, як даўно ўжо і для ўсяго чалавецтва, ясна, што чалавек, не ведаючы, што такое дабро і зло, не можа быць сапраўды чалавекам, не можа свядома выбіраць паміж дабром і злом»; «Біблія першай ставіць праблему адказнасці чалавека перад Богам і іншым чалавекам за злачынства, гаворыць пра дадзеную кожнаму (кожнаму!) чалавеку магчымасць пазбягаць яго, імкнуцца да дабра і свядома выбіраць яго»; «У самім жаданні славы, напэўна, няма нічога нядобрага, але Біблія нагадвае, што вельмі небяспечна, калі гэта займае ўсе думкі чалавека, заступае ўсё астатняе, становіцца сэнсам і мэтаю жыцця». Адзначым у гэтай жа сувязі і наступную асаблівасць даследавання Г. Сінілы. Разглядаючы тэксты Кнігі Быцця, у прыватнасці аповеды пра стварэнне чалавека, прыпавесці пра грэхападзенне, пра Каіна і Авеля, пра Хама і Вавілонскую вежу, пра Юзафа і яго братоў, яна даволі смела суадносіць авеяныя сівой старажытнасцю гісторыі з праблемамі сучаснага жыцця чалавецтва, выходзіць на актуальныя абагульненні. Напрыклад, у раздзеле «Прыпавесць пра грэхападзенне, або Першы досвед дабра і зла», прысвечаным разгляду сэнсу біблейнага Дрэва Пазнання, аўтар прыходзіць да высновы: «Забарону можна патлумачыць толькі адным: Бог папярэджвае сваё ўлюбёнае стварэнне, выпрабоўвае яго і адначасова дае яму адчуць свабоду волі, свабоду маральнага выбару. Ён перасцерагае ад той небяспекі, якую нясуць у сабе веды. А што гэта так, што небяспечныя нават проста навуковыя веды, веданне ў яго спекулятыўным, грэцкім сэнсе — пра гэтае сведчыць уся гісторыя цывілізацыі. Чалавек бясконца ставіў і ставіць свае веды на службу разбурэнню, самазнішчэнню. Напэўна, гэта адбываецца таму, што нельга вылучыць навуку ў “чыстым” выглядзе, што ў чалавечым грамадстве яна непазбежна будзе звязаная з этычнымі катэгорыямі, і вельмі страшна — калі са злом». Выходзіць Г. Сініла на наш сённяшні дзень, на праблему адказнасці аднаго чалавека за іншага і ў сваім вытлумачэнні прыпавесці пра Каіна і Авеля. «Пакуль працягваецца дыялог чалавека з Бібліяй, са словам Божым, што гучыць у ёй, працягваецца і роздум над прыпавесцю пра Каіна і Авеля, — піша яна. — На зямлі не засталося ў прамым, фізічным сэнсе ні нашчадкаў Авеля (яны не нарадзіліся), ні нашчадкаў Каіна (яны загінулі падчас патопу). Але ў сэнсе духоўным у жыцці кожнага чалавека ёсць нешта ад Каіна і нешта ад Авеля. На жаль, многія ў пэўным сэнсе сталі “добрымі” вучнямі Каіна. Як выкараніць гэта з людзей? Бог спадзяецца на працу душы кожнага з нас»... Нечакана новай, прызнацца, падалася мне інтэрпрэтацыя Г. Сінілай вядомага міфа пра Вавілонскую вежу. Гэты міф разглядаецца адначасова з двух бакоў — гістарычнага і маральна-філасофскага. Мы даведваемся спачатку, што ўзвядзенне такога велічнага збудавання як зікурат (агромністая культавая пабудова ў выглядзе вежы), патрабавала шмат працоўных рук, тэхнікі, механізмаў, якія б узнімалі цэглу і раствор на вялікую вышыню. Гэта значыць, што цывілізацыя будаўнікоў Вавілонскай вежы была вельмі моцнай тэхнакратычнай цывілізацыяй, але надзвычай жорсткай, бесчалавечнай. Старажытнаяўрэйскія крыніцы Агада і Мідраш распавядаюць пра асаблівы фанатызм будаўнікоў вежы: яны так упарта ішлі да мэты — хутчэйшага заканчэння вялікай будоўлі, што чалавечае жыццё страціла ў іх вачах усялякую каштоўнасць, затое тэхніка і матэрыялы значылі ўсё. Калі падаў чалавек і забіваўся насмерць, ніхто на гэта не звяртаў увагі, а страта адной цагліны выклікала лямант адчаю: «Гора нам! Колькі давядзецца чакаць, пакуль зробяць новую цагліну, калі кожная хвіліна каштоўная!» З гістарычнага экскурса аўтар кнігі робіць выснову: «Якое страшнае, яскравае прадчуванне практыкі таталітарных рэжымаў ХХ стагоддзя, для якіх чалавечае жыццё — нішто (“у нас незамяняльных няма”), а тэхніка – усё (“тэхніка вырашае ўсё”), калі чалавек становіцца толькі “прыдаткам” матэрыяльна-тэхнічнай базы грамадства і прымушаны пакласці сваё жыццё ў яе падмурак!». Глыбока асэнсоўваецца і моўны аспект прыпавесці. «Для збудавання вялізнай вежы патрэбна было яшчэ, — чытаем далей, — каб людзі разумелі адзін аднаго, каб падначаленыя маглі выконваць загады кіраўнікоў будаўніцтва. Вось чаму, сапраўды, патрэбна была адзіная мова... Сапраўды, каб лягчэй кіраваць такой звышдзяржавай, патрэбныя адзінае мысленне, адзіная ідэалогія, адзіная мова. У гэтым святле “змяшэнне” моваў, якое ажыццяўляе Бог, выглядае як акт жыватворны для чалавецтва: сам Творца процістаіць гвалту над чалавечай свядомасцю, яе нівеліроўцы, прывядзенню да агульнага назоўніка, да адной роўніцы. Біблія гаворыць нам пра тое, што існуюць розныя шляхі аб’яднання, інтэграцыі: ёсць — яднанне праз Бога, яднанне ў Духу, а ёсць — знешняе, гвалтоўнае, у межах вежы — імперыі. Такім чынам, Вавілонская вежа паўстае ў біблейным тэксце як шматмерны і адначасова вычарапальны ў сваёй паўнаце сімвал імперыі, таталітарызму, гвалту над чалавечай асобай, бесчалавечнай і бязбожнай тэхнакратычнай цывілізацыі, наогул — як сімвал тупіковага шляху чалавецтва». Біблія як феномен культуры і літаратуры... Так акрэсліла тэму свайго даследавання Галіна Сініла. І мае для гэтага, вядома, усе падставы. Бо, з аднаго боку, Святая Кніга з’яўляецца унікальным помнікам старажытнага пісьменства, а з другога — яна моцна ўплывала і працягвае ўплываць на развіццё сусветнай культуры, у тым ліку і літаратуры. Біблейныя сюжэты і вобразы ўвасабляюцца ў самых розных відах мастацкай творчасці. Наколькі поўна раскрываецца ў даследаванні значэнне Бібліі ў гэтым плане? На маю думку, даволі поўна, з творчым асэнсаваннем досведу як традыцыйнай экзегезы, так і найноўшай сучаснай біблістыкі. Аўтар спасылаецца на шматлікія першакрыніцы і пераклады Бібліі, Торы, Танаха і асобных кніг, на адпаведную рэлігійную, філасофскую, навуковую і навукова-папулярную літаратуру. Усяго налічваецца каля 400 бібліяграфічных адзінак, што выразна гаворыць само за сябе і сведчыць, без перабольшання, пра тытанічную працу даследчыцы. Гэта па-першае. Па-другое, у кнізе Г.Сінілы цікава інтэрпрэтуецца шэраг твораў сусветнай літаратуры, звязаных з біблейнымі матывамі, сюжэтамі і сімваламі. Гэта — трылогія Ёст ван дэн Вондэла «Люцыпар», «Адам у выгнанні», «Ной, або Пагібель першага свету», вершаваная трагедыя «Адам выгнаны» Гуга Гроцыя, эпічная паэма «Страчаны рай» Джона Мілтана, тэтралогія «Іосіф і яго браты» Томаса Мана, вершаваны сказ «Страцім-лебедзь» нашага Максіма Багдановіча і інш. На прыкладзе гэтых твораў аўтар манаграфіі пераканаўча даводзіць, што Кнізе Быцця, як і Бібліі ў цэлым, «не пагражае старэнне» і што «потым іншыя, новыя і новыя паэты, мысляры будуць углядацца ў радкі вечнай, сумна-высокай і мудрай прыпавесці, зноў і зноў выяўляючы бязмежнасць сэнсаў біблейнага слова». Сапраўды, павучальная ў шмат якіх адносінах кніга Галіны Сінілы «Біблія як феномен культуры і літаратуры» доказна пераконвае ў глыбіннасці сэнсу біблейнага тэксту: «маральныя законы людзей арганічна звязаныя з законамі сусвету, вынікаюць з яго пачаткаў», а «Кніга Быцця, якія б аўтары (аўтар) не стаялі за яе старонкамі, — адно з самых велічных стварэнняў чалавечага духу». Несумненна, што са з’яўленнем грунтоўнага, шматпланавага даследавання Галіны Сінілы наша беларуская біблістыка атрымала значнае папаўненне.
|
|
|