Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
4(34)/2005
Галерэя
На кніжнай паліцы
Нашы святыні
Падзеі

АПОСТАЛЬСКІ РУХ БОЖАЙ МІЛАСЭРНАСЦІ
На кніжнай паліцы
Vaticanum II
Кантрапункт

ЦІ ПАТРЭБНА БОГУ РЭКЛАМА?
Хрысціянская думка
Культура
Паэзія

ВЕРШЫ

ВЕРШЫ
Юбілеі

РЫЦАР СЛОВА І ДУХУ

КРУГ ВЕЧНАСЦІ
Бібліятэка часопіса
«Наша вера»
Проза

КРЫЖ НАД НЁМАНАМ
На кніжнай паліцы
Постаці
Нашы святыні


Сястра Эльжбета Марыя Сепак належыць да Кангрэгацыі Сясцёр Маці Божай Міласэрнасці. Скончыла факультэт паланістыкі Ягелонскага універсітэта ў Кракаве, Прымаскі інстытут унутранага жыцця ў Варшаве, вывучала тэалогію у Папскай тэалагічнай акадэміі ў Кракаве і на Папскім тэалагічным факультэце ў Варшаве. Працавала журналісткай на «Alma Radio» ў Ягелонскім універсітэце. У Кангрэгацыі больш за 20 гадоў займаецца вывучэннем жыцця і прароцкай місіі св. сястры Фаустыны, а таксама фармацыяй апосталаў Божай Міласэрнасці. Кіруе Міжнародным таварыствам апосталаў Божай Міласэрнасці «Faustinum», з’яўляецца дырэктарам выдавецтва «Misericordia», галоўным рэдактарам квартальніка «Пасланне Міласэрнасці» і прадстаўніком па справах друку Кангрэгацыі Сясцёр Маці Божай Міласэрнасці. Аўтар некалькіх працаў, сярод якіх — «Звычайнае жыццё яна зрабіла надзвычайным», «Духоўнасць святой сястры Фаустыны», «Новая кангрэгацыя сястры Фаустыны — Апостальскі рух Божай Міласэрнасці», малітоўнікі «Езу, давяраю Табе!» і «Бог, багаты міласэрнасцю» (перакладзеныя на некалькі моваў), сотні артыкулаў, прэс-інтэрв’ю, інтэрв’ю на радыё і тэлебачанні. Яе місіяй і гарачым жаданнем з’яўляецца абвяшчэнне свету Добрай Навіны аб міласэрнай любові Бога да кожнага чалавека.
 
Сястра М. Эльжбета СЕПАК ZMBM

Езу, давяраю Табе!

АПОСТАЛЬСКІ РУХ БОЖАЙ МІЛАСЭРНАСЦІ

Прапануем увазе нашых чытачоў рэферат
сястры М. Эльжбеты Сепак, які быў прачытаны
на ІІ Міжнародным Кангрэсе апосталаў
Божай Міласэрнасці.

Гісторыя ўзнікнення і развіцця

Спачатку трэба растлумачыць само паняцце руху ў Касцёле. У «Энцыклапедыі хрысціянства» напісана, што «касцёльныя рухі — гэта згуртаванні вернікаў, якія дзейнічаюць у Касцёле, прысвячаюць сябе служэнню Евангеллю і імкнуцца да стварэння ў грамадстве больш братэрскіх і салідарных адносінаў, а робяць яны гэта праз хрысціянскае сведчанне»1. Сёння ў касцёльнай практыцы вылучаюцца рухі, таварыствы і рэлігійныя групы. Таварыствы маюць акрэсленую арганізацыйную структуру, зацверджаную Касцёлам2. Групы — гэта рэлігійныя супольнасці з даволі абмежаванымі абсягамі (часцёй за ўсё, зводзяцца да парафіі), якія ў адрозненне ад таварыстваў характарызуюцца адвольнаю прыналежнасцю вернікаў. Затое рухі з’яўляюцца такімі фармацыямі ў Касцёле, у якіх аб’яднальным элементам для ўдзельнікаў выступаюць не столькі прававыя структуры, а жывое далучэнне да некаторых ідэяў і супольны дух3. Яны маюць розныя сферы дзеяння, часта міжнародныя. Рухі, як зазначана ў «Энцыклапедыі хрысціянства», ствараліся вакол якога-небудзь лідэра і прымалі яго вопыт веры і духоўнасць, а таксама яго вучэнне4.

Гісторыя рухаў у Касцёле сягае сваімі каранямі ў першыя стагоддзі хрысціянства, калі ўзніклі гэтак званыя «апостальскія рухі», якія імкнуліся да рэлігійнай адновы па прыкладзе хрысціянскіх супольнасцяў з апостальскіх часоў. На працягу стагоддзяў утвараліся розныя рухі, жыццё і дзейнасць якіх адлюстроўвала духоўнасць дадзенай эпохі і патрэбы Касцёла. Пасля Другога Ватыканскага Сабору стала заўважным вельмі дынамічнае развіццё розных рухаў, якія выконваюць разнастайныя заданні, жывуць акрэсленаю духоўнасцю, праяўляюць розную дынаміку і актуальнасць, а тым самым уплыў на жыццё вернікаў у наш час. Ёсць рухі, якія засяроджваюцца на рэлігійным жыцці, іншыя шукаюць сувязі паміж вераю і грамадскім або палітычным жыццём, падкрэсліваючы такім чынам апостальскую дзейнасць у свеце.

Пасля гэтых уводзінаў, якія акрэсліваюць гістарычную і харызматычную аснову касцёльных рухаў, нам будзе лягчэй прасачыць гісторыю ўзнікнення і развіцця Апостальскага Руху Божай Міласэрнасці.

 
1. Гісторыя ўзнікнення Апостальскага Руху Божай Міласэрнасці

Культ міласэрнага Бога сцвярджаецца ва ўсёй гісторыі хрысціянства, асабліва ў літургіі Касцёла, але толькі дзякуючы харызмату і містычнаму вопыту св. сястры Фаустыны ў Касцёле зарадзіўся рух рэлігійнай адновы, які называецца Апостальскім Рухам Божай Міласэрнасці.

 
1.1. Ініцыятыва Бога

Кожны рух у Касцёле ўтвараецца ў выніку дзеяння Духа Святога, які з’яўляецца даўцам ўсялякіх харызматаў. У выпадку Апостальскага Руху Божай Міласэрнасці натхняльнікам выступіў таксама сам Езус, які ў аб’яўленнях, дадзеных сястры Фаустыне, пажадаў, каб такая справа з’явілася ў Касцёле. Ён акрэсліў яе мэты, духоўнасць і перадаў сродкі, якія служаць рэалізацыі вызначаных заданняў. Ён даў таксама пазнанне структуры гэтай справы і запэўніў, што яна прыемная Богу і прынясе багаты плён.

Момантам натхнення гэтай справы трэба лічыць падзею, якая адбылася ў маі 1935 года. Сястра Фаустына знаходзілася тады ў Вільні. Яна радавалася ласцы кантэмпляцыі і выкананню першых пажаданняў Езуса, бо быў намаляваны Яго абраз і ўпершыню выстаўлены для публічнага ўшанавання ў Вострай Браме. Аднак атмасферу радасці парушала пачуццё новых заданняў, якіх сястра Фаустына хацела пазбегнуць. «Аднойчы, — піша яна ў «Дзённіку», — замест унутранай малітвы я пачала чытаць духоўную кнігу, пачула ў душы гэтыя выразныя і настойлівыя словы: „Ты падрыхтуеш свет да Майго канчатковага прыйсця”» (429)*. У дзень Спаслання Духа Святога, 9 чэрвеня 1935 года, Пан Езус перадаў ёй наступнае пажаданне: «Разам са сваімі паплечніцамі ты будзеш выпрошваць міласэрнасць для сябе і для свету» (435). На працягу 20 дзён сястра Фаустына маўчала, бо не мела дакладнага даручэння расказваць пра гэта, і, апроч таго, як яна піша, да канца не разумела, чаго хоча Езус. Толькі падчас размовы з духоўным кіраўніком кс. Міхалам Сапоцькам таямніца высветлілася. «Таямніца гэта такая, — сказала сястра Фаустына, — Бог жадае, каб існавала такая кангрэгацыя, каб абвяшчала міласэрнасць Бога свету і выпрошвала яе для свету» (436).

Езус акрэсліў перспектыўную мэту гэтай справы: падрыхтоўку свету да Яго паўторнага прыйсця. «Ты падрыхтуеш свет да Майго паўторнага прыйсця», — сказаў Ён сястры Фаустыне. Такі характар мае ўся яе місія, аб чым гаварыла таксама Маці Божая: «Я дала свету Збаўцу, а ты павінна гаварыць свету пра Яго вялікую міласэрнасць і падрыхтаваць свет да паўторнага прыйсця Таго, Хто прыйдзе не як Міласэрны Збаўца» (635). Гэтая мэта павінна рэалізоўвацца праз абвяшчэнне і выпрошванне Божай Міласэрнасці для свету. «Пранікні ў Маю таямніцу і спазнаеш бездань Маёй міласэрнасці да сварэнняў і Маю бязмежную дабрыню — і дасі гэта зразумець свету. Праз малітву ты будзеш пасярэднічаць паміж зямлёю і небам» (438), – гаворыць Езус сястры Фаустыне. Абвяшчаць і выпрошваць Божую Міласэрнасць для свету – асноўная задача гэтай справы. Езус не раз вяртаўся да яе, паказваючы яе значэнне і прыспешваючы яе выкананне. З выкананнем гэтых заданняў Ён звязаў сваё вялікае абяцанне: «Душы, якія распаўсюджваюць шанаванне Маёй міласэрнасці, Я ахоўваю на працягу ўсяго жыцця, як чулая матуля сваё немаўля, а ў хвіліну смерці буду для іх не Суддзёю, але міласэрным Збаўцам» (1075). Усе душы, якія будуць праслаўляць Яго міласэрнасць і заахвочваць іншых да даверу, Ён запэўніў, што ў хвіліну смерці яны не зведаюць страху (1540). А святарам паабяцаў, што «закаранелыя грэшнікі будуць раскайвацца ад іх словаў, калі яны будуць гаварыць пра бязмежную міласэрнасць Маю, пра літасць, якую маю да іх у сваім Сэрцы. Святарам, якія будуць абвяшчаць і праслаўляць Маю міласэрнасць, дам незвычайную сілу, намашчу іх словы і ўскалыхну тыя сэрцы, да якіх яны будуць прамаўляць» (1521).

Падчас чарговага аб’яўлення, 30 чэрвеня 1935 года, Езус падкрэліў духоўнасць гэтай справы. Ён сказаў: «Дух Мой будзе законам вашага жыцця. Вашае жыццё павінна будавацца на ўзор Майго — ад ясляў і аж да смерці на крыжы» (438). Сястра Фаустына, а па яе прыкладзе ўсе апосталы Божай Міласэрнасці, павінны наследаваць Езуса ад ясляў і аж да крыжа ў поўнай адданасці волі нябеснага Айца і міласэрнасці да бліжніх. «Дачка Мая, — гаварыў ёй Езус, — (...) ты павінна першая вызначацца гэтаю вераю ў Маю міласэрнасць. Я патрабую ад Цябе ўчынкаў міласэрнасці, якія павінны вынікаць з любові да Мяне» (742). «Я жадаю, каб сэрца тваё [было] сядзібаю Маёй міласэрнасці. Я жадаю, каб гэтая міласэрнасць сплывала на ўвесь свет праз тваё сэрца. Хто б ні наблізіўся да цябе, няхай не адыдзе без той веры ў Маю міласэрнасць, якой Я так моцна жадаю для душаў» (1777).

Езус не толькі вызначыў мэты, задачы і духоўнасць гэтага руху, але таксама даў сродкі для іх рэалізацыі. Імі з’яўляюцца новыя формы культу Божай Міласэрнасці: абраз з подпісам Езу, давяраю Табе!, свята Божай Міласэрнасці ў першую нядзелю пасля Вялікадня, Вяночак да Божай Міласэрнасці і малітва ў хвіліну канання Езуса на крыжы, якая называецца Гадзінаю Міласэрнасці. З кожнай з іх Ён звязаў вялікія абяцанні пры ўмове адпаведнага практыкавання гэтых набажэнстваў у духу даверу да Бога, гэта значыць выканання Яго волі і міласэрнасці ў адносінах да бліжніх.

 
1.2. Рэалізацыя гэтай ідэі ў жыцці сястры Фаустыны

Сястра Фаустына, чуючы пра вялікія задумы Бога, якія яна павінна рэалізаваць, спачатку адгаворвалася, што няздольная іх выканаць (435), але, умацаваная містычным вопытам любові Святой Тройцы і Яе благаславеннем гэтай справы (439), адчула сілу і адвагу для ажыццяўлення гэтай Божай волі.

Спачатку сястра Фаустына думала, што Езусу трэба, каб яна пакінула сваю Кангрэгацыю і заснавала новую, якая будзе абвяшчаць і выпрошваць Божую Міласэрнасць для свету. Яна думала пра заснаванне кантэмпляцыйнага кляштара, для якога нават напісала фармулёўку манаскага статута. Праз некалькі месяцаў Езус даў ёй зразумець, што размова ідзе не толькі пра нейкую адну кангрэгацыю, але пра вялікую справу ў Касцёле. У лісце да кс. Міхала Сапоцькі ад сакавіка 1936 года сястра Фаустына пісала: «Я выразна бачу, што будзе не толькі жаночая і мужчынская кангрэгацыя, але я бачу, што будзе вялікае згуртаванне свецкіх, у якое могуць уваходзіць усе і нагадваць пра Божую Міласэрнасць, аказваючы міласэрнасць адзін аднаму» (Л. 15). Нягледзячы на такое пазнанне, сястра Фаустына лічыла, што яе роля ў гэтай справе павінна заключацца ў заснаванні кантэмпляцыйнага кляштара.

Разам з кс. Міхалам Сапоцькам, а потым таксама з кракаўскім спаведнікам айцом Юзафам Андрашам SI, яна перадусім імкнулася распазнаваць гэтыя Божыя пажаданні, аддаючы іх на суд арцыбіскупа Рамуальда Ялбжыкоўскага, які пастаянна заахвочваў да малітвы аб міласэрнасці для свету, але ў справе заснавання новай кангрэгацыі раіў не спяшацца, а чакаць больш дакладнага пазнання Божай волі (473, 479, 585, 693). «А што датычыць кангрэгацыі, — гаварыў ён сястры Фаустыне, — то няхай сястра крыху пачакае, няхай абставіны будуць больш спрыяльныя; гэта справа сама па сабе добрая, але не трэба спяшацца; калі на гэта ёсць Божая воля, то — рані ці позна — гэта станецца» (585). Пасля выезду сястры Фаустыны з Вільні справу заснавання новай кангрэгацыі арцыбіскупу Ялбжыкоўскаму прадставіў кс. Міхал Сапоцька, якога прыспешвала ягоная пэнітэнтка. Пра вынік гэтых размоваў ён паведамляў ёй у лістах. У лістападзе 1936 года ён пісаў: «З арцыпастырам ужо некалькі разоў размаўляў пра гэтую справу, але, на яго думку, распачынаць штосьці публічна яшчэ рана. Я бачу ў гэтым Божую волю і, мяркуючы нават па-чалавечы аб’ектыўна, падзяляю думку арцыпастыра, бо трэба дзейнічаць вельмі асцярожна, разважліва, спакойна, кожную справу па дзесяць разоў абдумаць, пачакаць, а потым распачаць і прывесці да паспяховага развіцця і канца» (Ліст 97, 98). Арцыбіскуп Ялбжыкоўскі да канца не даў згоды на заснаванне новай кангрэгацыі, а сястра Фаустына нічога не хацела рабіць без яго дазволу. «Я — верная дачка Касцёла і ні на крок не адступлю ад святой паслухмянасці, — пісала яна ў лісце да кс. Сапоцькі. — А паколькі арцыпастыр не даў мне дазволу, то і я маю меншую адказнасць перад Богам і нічога адкрыта для гэтай справы не раблю, аж пакуль не будзе спрыяльных умоваў, якія стануць доказам таго, што Бог гэтага жадае. Я задаволеная адказам арцыпастыра і застаюся ў глыбокім супакоі за гэтую справу» (Ліст 143).

У «Дзённіку» яна запісала некалькі розных бачанняў, звязаных з гэтаю справаю (536, 563, 613, 765, 1154), і пакінула вельмі шмат апісанняў духоўных выпрабаванняў і знешніх пачынанняў, звязаных з ажыццяўленнем волі Езуса. Уся яе перапіска з кс. Міхалам Сапоцькам таксама паказвае, колькі цяжкасцяў, духоўных намаганняў, цярпенняў, малітваў каштавала ёй справа заснавання гэтага руху ў Касцёле. «Маіх пакутаў, — пісала сястра Фаустына, — ніхто не зразумее і не адчуе, і я гэтага не магу апісаць, але большага цярпення быць не можа. Цярпенні мучанікаў не большыя за мае, бо смерць у гэты момант была б для мяне палёгкаю, і няма з чым параўнаць гэтых цярпенняў, гэтага бясконцага канання душы» (1116). На гэтай глебе Бог здзяйсняў у яе душы пасіўнае ачышчэнне, праз якое давёў яе да вяршыні містыкі, да містычных заручынаў і шлюбу.

У часе гэтых цяжкіх выпрабаванняў Езус дазволіў ёй цалкам пазнаць сваю справу, якая выступае як адзінае цэлае, але як бы ў трох кірунках: да першага належаць душы, адасобленыя ад свету, якія малітваю і ахвяраю будуць выпрошваць міласэрнасць для свету, благаслаўленне для святароў і будуць рыхтаваць свет да паўторнага прыйсця Езуса. Другі кірунак – гэта чынныя кангрэгацыі, якія яднаюць малітву і ўчынкі міласэрнасці. Яны павінны паказваць у свеце міласэрную любоў Езуса і распальваць яе ў душах. Да трэцяга кірунку могуць належаць усе людзі, якія хочуць далучыцца да гэтай справы праз малітву і ўчынкі міласэрнасці. «Чалавек, які належыць да гэтага кірунку, — піша сястра Фаустына, — павінен на працягу дня здзейсніць хаця б адну справу міласэрнасці да бліжніх з любові да Езуса праз учынак, слова або малітву, хаця іх можа быць больш, бо кожны лёгка можа іх спаўняць» (1155–1158).

Гэтую «адну справу» ў «трох кірунках» мы называем Апостальскім Рухам Божай Міласэрнасці. Езус, выкарыстоўваючы тэрмін «кангрэгацыя», меў на ўвазе біблійнае значэнне гэтага слова. За гэтым азначэннем стаяць тэалагічныя крытэрыі, якія раяць разумець слова «кангрэгацыя» ў біблійным сэнсе як «qahal» — Касцёл, калі такая кангрэгацыя людзей узнікае па ініцыятыве Бога, калі вернікі збіраюцца вакол святога месца (санктуарыя), і да сабранага такім чынам люду Бог прамаўляе праз тэафанію або праз выбранага чалавека, і калі гэты сабраны для малітвы або для выпрошвання прабачэння люд асвячае сам Бог праз сваё дзеянне. Аналіз выказвання Езуса адносна гэтай справы пацвярджае такое разуменне слова «кангрэгацыя». Пажаданне Езуса, каб была такая кангрэгацыя, якая будзе абвяшчаць і выпрошваць Божую Міласэрнасць для свету, трэба разумець як: хачу, каб у Касцёле была такая справа, заданне якой — абвяшчаць і выпрошваць міласэрнасць. «Гэтую справу ажыццяўляюць, — як пісала сястра Фаустына, — людзі з рознымі пакліканнямі: святары, кансэкраваныя асобы і свецкія вернікі, якія ўсе разам або індывідуальна выконваюць гэтае заданне. Раней сястра Фаустына атрымала запэўніванне, што «гэта кангрэгацыя будзе створана і (...) вялікую хвалу яна прынясе Богу; будзе адлюстраваннем найбольшай годнасці, якая ёсць у Богу, а значыць Божай Міласэрнасці» (664).

Падрабязны аналіз гэтага пытання ў лістах святой сястры Фаустыны можна знайсці ў кнізе «Новая кангрэгацыя — Апостальскі Рух Божай Міласэрнасці», якая была апублікавана на польскай, англійскай і італьянскай мовах.

 
2. Развіццё Апостальскага Руху Божай Міласэрнасці

Справа пачала развівацца ўжо падчас жыцця сястры Фаустыны, хоць яна таго не ўсведамляла. Ксёндз Міхал Сапоцька надрукаваў кніжкі і абразкі з Вяночкам да Божай Міласэрнасці, а сёстры і вернікі, якія маліліся Вяночак, ужо здзяйснялі гэтую справу, калі прасілі аб Божай Міласэрнасці для свету, і такім чынам выконвалі адно з галоўных заданняў руху.

У гады Другой сусветнай вайны дынамічна пашыраўся культ Божай Міласэрнасці, а разам з ім павялічвалася колькасць людзей, якія ўдзельнічалі ў абвяшчэнні і выпрошванні Божай Міласэрнасці для свету. Галоўнымі асяродкамі, якія пашыралі культ Божай Міласэрнасці, былі Вільня і дзейнасць кс. Міхала Сапоцькі, кляштар Кангрэгацыі Сясцёр Маці Божай Міласэрнасці ў Кракаве і Закон айцоў марыянаў у Стокбрыджы (ЗША), куды пры незвычайных абставінах дабраўся кс. Юзаф Яжэмбоўскі з запісамі кс. Сапоцькі пра набажэнства да Божай Міласэрнасці.

Дынамічнае развіццё Апостальскага Руху Божай Міласэрнасці адбывалася таксама пасля заканчэння Другой сусветнай вайны. Гэтаму садзейнічалі не толькі жудасныя выпрабаванні народаў, якія перажывалі час жудаснага таталітарызму, але таксама новыя публікацыі кс. М. Сапоцькі, а. Юзафа Андраша SI і а. Яцка Варанецкага ОР, якія набліжалі таямніцу Божай Міласэрнасці і новыя формы культу, перададзеныя сястрой Фаустынай.

Натыфікацыя Апостальскай Сталіцы, якая забараняла пашырэнне культу Божай Міласэрнасці ў формах, перададзеных сястрой Фаустынай, была выдадзеная ў 1959 годзе і на 19 гадоў затармазіла спантаннае развіццё Руху Апосталаў Божай Міласэрнасці, але не знішчыла яго. У гэты час акцэнт з пашыранага да гэтага часу культу Божай Міласэрнасці перайшоў на пошук яго тэалагічных падставаў. Вялікую ролю адыграла праца прафесара кс. Ігнацыя Ружыцкага, які, даследуючы для беатыфікацыйнага працэсу лісты сястры Фаустыны, вызначыў тэалагічныя асновы для практыкавання набажэнства да Божай Міласэрнасці ў формах, перададзеных ёю. Паглыбленню тэалогіі Божай і чалавечай міласэрнасці служылі сімпозіумы, арганізаваныя чэнстахоўскім асяродкам Божай Міласэрнасці, якім кіравалі айцы палатыны.

Чарговы этап у развіцці культу Божай Міласэрнасці, а ў выніку — Апостальскага Руху Божай Міласэрнасці — прыпадае на гады пасля адклікання натыфікацыі Апостальскай Сталіцы (1978). Тады быў адноўлены друк абразкаў, малітоўнікаў да Божай Міласэрнасці, была агульнадаступна апрацавана біяграфія сястры Фаустыны, выдадзены яе «Дзённік» на польскай мове і ў перакладзе на іншыя мовы. Развіццю культу Божай Міласэрнасці таксама садзейнічала энцыкліка Святога Айца Яна Паўла ІІ «Dives in misericordia», у якой Папа паставіў перад усім Касцёлам такія ж самыя заданні, выканаць якія Езус прасіў сястру Фаустыну. Ён сказаў, што асноўным законам і разам з тым абавязкам Касцёла з’яўляецца абвяшчэнне таямніцы Міласэрнасці, учынкі міласэрнасці і малітва аб Божай Міласэрнасці для ўсяго свету. Гэтыя заданні Касцёл выконваў заўсёды, але сёння ён да гэтага асаблівым чынам закліканы, бо цяпер, як ніколі, чалавецтву патрэбна Божая Міласэрнасць.

Вялікі ўплыў на развіццё культу Божай Міласэрнасці мела беатыфікацыя і кананізацыя сястры Фаустыны, падчас якой Святы Айцец Ян Павел ІІ перадаў Касцёлу пасланне Міласэрнасці на трэцяе тысячагоддзе веры. Неацэннае значэнне таксама мелі дзве папскія пілігрымкі Яна Паўла ІІ у санктуарый Божай Міласэрнасці ў Кракаве-Лагеўніках, якія завяршыліся актам прысвячэння свету Божай Міласэрнасці і чарговым заклікам, скіраваным да вернікаў, быць апосталамі, сведкамі Божай Міласэрнасці. Тады Святы Айцец яшчэ раз перадаў свету пасланне Міласэрнасці, жадаючы, каб яно дайшло да ўсіх жыхароў зямлі і напоўніла іх сэрцы надзеяй. У той час ён таксама ўпершыню сказаў пра эсхаталагічную перспектыву гэтага паслання. «Няхай спаўняецца, – сказаў Папа, – абяцанне Пана Езуса, што адсюль павінна выйсці „іскра, якая падрыхтуе свет да канчатковага Яго прыйсця” (1732). Трэба распальваць гэтую іскру Божай ласкі. Трэба перадаваць свету агонь міласэрнасці. (...) Гэтае заданне я даручаю вам, дарагія браты і сёстры, Касцёлу ў Кракаве і ў Польшчы, а таксама ўсім прыхільнікам Божай Міласэрнасці»5.

Сёння Апостальскі Рух Божай Міласэрнасці — гэта адна з найбольш дынамічных справаў, што развіваецца ў Касцёле. Яго ўтвараюць старыя і новыя кангрэгацыі, якія выконваюць заданні, перададзеныя Езусам праз сястру Фаустыну, інстытуты свецкіх, розныя таварыствы, брацтвы, супольнасці, апостальствы і вернікі, якія ажыццяўляюць гэту справу па-за арганізаванымі групамі. Існуюць таксама розныя формы рэалізацыі харызмату сястры Фаустыны, пачынаючы ад згуртаванняў прыхільнікаў Божай Міласэрнасці, якія дзейнічаюць пры парафіях і носяць малітоўна-дабрачынны характар, праз таварыствы з шматпрофільнымі відамі дзейнасці — скіраваныя на ажыццяўленне канкрэтных справаў міласэрнасці, абвяшчэння паслання Міласэрнасці праз слова, малітву або фармацыю, чынныя кангрэгацыі, якія, як пісала сястра Фаустына, яднаюць малітву з учынкамі міласэрнасці і такім чынам рэалізуюць у свеце таямніцу міласэрнай любові Бога, — аж да кантэмпляцыйных кляштараў і пустэльніцкага жыцця. У Славакіі была створана надзвычай радыкальная супольнасць Пустэльнікаў Міласэрнасці, якая развілася з харызмату св. сястры Фаустыны, каб у поўнай цішыні і адзіноце трываць перад Богам і выпрошваць міласэрнасць для свету.

Прысутныя на гэтым Кангрэсе прадстаўнікі многіх супольнасцяў лепш за ўсё сведчаць аб багацці харызмату, які Бог даў Касцёлу праз св. сястру Фаустыну. Гэты Рух усімі магчымымі спосабамі нясе свету пасланне Міласэрнасці, якое падбадзёрвае дух чалавека, паказвае міласэрную любоў Бога да кожнага чалавека праз сведчанне жыццём, учынкам, словам і малітвай. «Нішто так не патрэбна чалавеку як Божая Міласэрнасць»6, — сказаў у санктуарыі Божай Міласэрнасці Святы Айцец Ян Павел ІІ, таму што цяпер вельмі патрэбны Касцёлу і свету сведкі гэтай таямніцы нашай веры, апосталы міласэрнай любові Бога.

Дзеля большай хвалы Божай Міласэрнасці.

Кракаў, май 2005 г.

Пераклад з польскай мовы
І. Ламакі

Глядзі таксама:
Крыстына ЛЯЛЬКО :: НЕСЦІ СВЕТУ ПАСЛАННЕ МІЛАСЭРНАСЦІ ::


  • Лічбамі, пададзенымі ў дужках пасля цытаты, пазначана месца ў тэксце з «Дзённіка» святой сястры Фаустыны.
  1. Encyklopedia chrześcijaństwa. Historia i wspóіczesność 2000 lat nadziei, red. ks. Henryk Witczyk, Wydawnictwo Jedność, Kielce 2000, s. 649.
  2. Кодэкс кананічнага права гаворыць пра таварыствы вернікаў (публічныя і прыватныя) у канонах 298–329.
  3. Encyklopedia chrześcijaństwa, dz. cyt., s. 649.
  4. Тамсама.
  5. Bóg bogaty w miłosierdzie. Jan Paweł II w Polsce, 16–19 sierpnia 2002. Przemówienia i homilie. Michalineum 2002, s. 31.
  6. Jan Paweł II w Polsce, 31 maja – 10 czerwca 1997. Przemówienia, homilie, Kraków 1997, s. 156.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY