|
|
№
4(34)/2005
Галерэя
На кніжнай паліцы
Нашы святыні
Падзеі
На кніжнай паліцы
Vaticanum II
Кантрапункт
Хрысціянская думка
Культура
Паэзія
Юбілеі
Бібліятэка часопіса
«Наша вера» Проза
На кніжнай паліцы
Постаці
Нашы святыні
|
Пасля знаёмства з Даніілам Тварановічам-Сеўруком і яго творчасцю адразу ж захацелася падзякаваць Пану Богу за тое, што ў нас ёсць такія таленавітыя маладыя людзі, чыстыя сэрцам і вельмі адданыя Богу і Радзіме... Даніілу 27 гадоў. Ён скончыў геаграфічны факультэт БДУ, дзе цяпер працуе выкладчыкам кафедры дынамічнай геалогіі і рыхтуе дысертацыю. Ён вельмі творчы чалавек – піша карціны і займаецца разьбой па дрэве. Яго скульптурныя працы з дрэва не раз экспанаваліся на выставах, але і яны не могуць цалкам адлюстраваць шматгранны талент Данііла. Нават кватэра мастака – своеасаблівы твор мастацтва: дзверы, мэбля, іншыя самабытныя творы з дрэва прыемна ўражваюць. Толькі і вымавіш у захапленні: які неверагодны талент у наш такі цывілізаваны і прагматычны век! Я нават не ўяўляла, што шафа можа быць у выглядзе ствала дрэва, і займае яна ўсяго невялікі кут – кампактная, але даволі змяшчальная. Адна з такіх шафаў аформлена пад касмічны карабель... Драўляныя скульптуры Данііла – гэта не проста мастацкія, але і глыбока філасофскія творы. Напрыклад, скульптура уліткі з крыламі мае назву «Пераўтварэнне». Данііл растлумачыў гэту працу так: «Улітка паўзе да мэты паволі і марудна. І вось, калі яна ўсвядоміць, што не дапаўзе, бо не хопіць сіл, ні фізічных, ні духоўных, яна пераўтвараецца ў птушку. Канчатковая мэта кожнага чалавека – гэта Неба, а без веры, якую сімвалізуюць крылы птушкі, нам яго не асягнуць». Вось іншая праца – «Літасць нябёсаў»: прыгожая кветка, да якой дакранаецца дзіўная птушка калібры з крыламі страказы. Гэтай выразнай пластыкай мастак перадае невымоўнае пачуццё лёгкасці, акрыленасці, якое даецца кожнай істоце падчас атрымання Божай ласкі. Цікавая скульптура «Золак пачуццяў» – два сэрцы і страла, якая расквітнела, нібы кветка. І тут жа – жаночыя вочы... Праца «Узыход да святла» ў нейкай ступені сімвалізуе самаго аўтара: гэта воін з крыламі, але без зброі (у яго ёсць толькі лук, які не мае стрэлаў), і Божая ласка ў выглядзе кропляў дажджу падае яму на твар. Кветкі, птушкі – любімыя выявы майстра. А яшчэ ў яго калекцыі шмат драўлянай зброі – арбалеты, шаблі, мячы, сякеры. Данііл гаворыць, што гэта своеасаблівая рэалізацыя яго дзіцячых і юнацкіх мараў. Ну і, вядома ж, – коні і караблі. У працы «Воля ці подых мінуўшчыны» галоўны «герой» – конь на скаку як сімвал беларускай гісторыі. Пад ім – нібы лісты з кнігі, на якіх – самыя адметныя даты нашай гісторыі. Чыстыя старонкі яшчэ чакаюць... Побач іншая праца – «Пагоня»... Вельмі шмат сярод працаў майстра розных караблёў – малых і вялікіх, з ветразямі і без іх. Дарэчы, з караблёў усё і пачалося: дзіцячая любоў да караблікаў перарасла ў адметную творчасць. Данііл нарадзіўся ў Мінску, але да шасці гадоў рос у бабулі ў вёсцы Дараганава Асіповіцкага раёна. Гэта быў самы цудоўны час яго жыцця, незабыўны. Лес, рэчка, неверагодная прыгажосць навокал, руская печ, смачныя бабуліны бліны, яе пяшчота і цеплыня – салодкі ўспамін на ўсё жыццё. Да таго ж, бабуля была таленавітай майстрыхай, і да гэтага часу ў доме беражліва захоўваюцца вышытыя ёю ручнікі, плеценыя сурвэткі і абрусы. Данііл успамінае, што ніколі не чуў ад бабулі ніводнага дрэннага слова. Яе дабрыня і пяшчота навучылі яго цеплыні ў адносінах з людзьмі: ён як бы насіў доўгі час ружовыя акуляры, і кожны чалавек быў для яго самым лепшым у свеце. Хлопец нават уявіць не мог, што можна кагосьці ўдарыць. Дарэчы, яго маці, вядомая паэтка Галіна Тварановіч, узяла ад свае мамы яе лепшыя якасці – такая ж добрая і спагадлівая. Прычым вельмі гарманічна спалучае талент маці, талент паэткі і талент сапраўднай хрысціянкі. Калі з’явіліся яе вершы на рэлігійную тэму, для Данііла гэта не было нечаканасцю. Яе жывая, глыбокая вера захапляе сына, служыць яму сапраўдным прыкладам. На жаль, бацька Данііла два гады як памёр. Па адукацыі ён быў фізікам. Ад яго Данііл успадкаваў цвярозасць розуму, разважлівасць, нават нейкі скепсіс да пэўных рэчаў, але менавіта ад бацькі яму перадалася любоў да будавання караблёў. Лірык і фізік – вось адкуль такая шматграннасць розных талентаў і здольнасцяў! Данііл адмыслова валодае нават швейнай машынкай: шые не толькі ветразі для сваіх караблёў, але і вопратку для сваёй геалагічнай працы. Звярнула ўвагу, што ў кватэры Данііла шмат засушаных букетаў палявых і восеньскіх кветак. Ён гаворыць, што гэта памяць і пах яго дзяцінства. І... прывітанне ад бабулі, якой ужо 15 гадоў няма з імі. Кветкі, якія яна садзіла, ён прывозіць з вёскі. Вельмі любіць верас як сімвал нятленнасці, гаворыць, што яго колер натхняе на творчасць. І ў гэтым Данііл падобны да сваёй мамы – Галіны Тварановіч.
Маці для Данііла – святая, і ён вельмі шкадуе, што не ва ўсім да яе падобны. Кажа, што больш грэшны. Праўда, на споведзі шчыра каецца. Прычасце, як вядома, дае моц супраць граху, але чалавек вельмі слабы. Вера ў Бога дае сілы і вельмі моцна трымае Данііла ў жыцці. Ён з дзяцінства не проста верыў, а ведаў, што Бог ёсць. Гэта было нібы ўліта ў яго сэрца з малаком маці. У 6 гадоў, калі яго хрысцілі, ён упершыню быў у царкве. Добра памятае, што чуў неверагодна прыгожы спеў мужчынскіх галасоў, але нікога не бачыў. Запытаў у мамы, хто гэта так прыгожа спявае, і зразумеў, што здзівіў яе. Потым, калі заходзіў у царкву, заўсёды не мог стрымаць слёз, і цяпер такое часта бывае: паспытаўшы асалоду асаблівай Божай ласкі, хочацца зноў і зноў адчуваць яе. Для яго гэта сапраўднае святло, і яно такое рэальнае, што Данііл нават бачыць яго залаціста-попельны колер. Вельмі любіць святло свечкі, стараецца мець у запасе грамнічкі на Стрэчанне Гасподняе. Любіць, каб у пакоі была ікона, нават у майстэрні. Што і казаць – цемра побач. Яна вядзе непрымірымую барацьбу са святлом, і ў людскіх сэрцах – таксама. Цемра паглынае, яна халодная, як лёд. Яна разбурае... Данііл лічыць, што нельга прымаць цалкам сучасную культуру – яна знішчыць, прычым, без астатку. У свой час ён, напрыклад, паспрабаваў слухаць музыку ўсіх кірункаў – панк, рок, цяжкі рок, папсу, але зразумеў, што святла там няма. І Бога там няма. А сапраўднае супакаенне, гармонія прыходзяць толькі падчас малітвы. У Данііла даволі вялікая фанатэка класічнай музыкі – каля 300 дыскаў. Сярод іх – Бетховен, Бах, Маер, Шуберт, Равэль, Вівальдзі. Ён вельмі любіць арган. Дарэчы, пра гэта піша яго маці ў адным з вершаў:
Тады Данііл пісаў карціну пад гукі аргана, які слухаў яшчэ на вінілавай кружэлцы. Натхненне было незвычайным, і гэта, напэўна, уразіла яго маці. Карціны Данііла вельмі светлыя, у іх няма цёмных фарбаў – дамінуе залаціста-жоўта-попельны колер. Напэўна, гэта ў нейкай ступені адлюстраванне ўнутранага свету мастака. Данііл гаворыць, што аднойчы ён дакрануўся да незвычайнага святла, і яно суправаджае яго ўвесь час. Было гэта ў гадоў 18. Раптам вельмі сціснула сэрца, можа, яно нават спынілася. Да гэтага ён скептычна ставіўся да клінічнай смерці і таго, што нібыта перажывае чалавек падчас яе. Але тады сам прайшоў праз гэта. Бачыў тунэль і святло. Адчуў, што бачыць сябе з боку. Праляцеў нейкія перакрыцці, і наверсе пачало разгарацца святло, прычым цеплыню і святло немагчыма было размежаваць. Ён лічыў паверхі (5-ы, 6-ы, 7-ы, 8-ы), і раптам нейкі голас прамовіў: «Назад...» Карціны Данііла – гэта спроба адлюстраваць перажытае, да таго ж і маляваў ён іх падчас вялікага кахання. Данііл лічыць, што кахаць трэба ўсё жыццё толькі адну жанчыну. Просіць аб гэтым Бога. І абавязкова павінен быць царкоўны шлюб. Ён заўважыў, чым больш набліжаешся да Бога, тым больш адчуваеш святасць інстытуту сям’і. Вельмі балюча перажывае тое, што традыцыйна каталіцкая Іспанія ўзаконіла разбэшчанасць, аб якой Біблія адназначна гаворыць: «Калі хто ляжа з мужчынам як з жанчынаю, дык абодва яны ўчынілі гідоту: хай будуць аддадзены смерці, кроў іхняя на іх» (Лев 20, 13). Данііл перакананы, што веру трэба абараняць. Кожны хрысціянін па вялікім рахунку – воін Хрыста. Менавіта Езус аддаў сваё жыццё на крыжы за збаўленне свету, і не трэба быць нясмелымі, баяцца вызнаваць сваю веру, баяцца сказаць: «Так, я хрысціянін». Данііл ніколі не хавае сваёй веры. Пры размове з выкладчыкамі, напрыклад, гаворыць так: я таксама матэрыяліст, я ведаю, што ўсё матэрыяльна, і Бог таксама матэрыяльны, але той матэрыяй, якая недасягальная для нашага розуму. Гэта таямніца для чалавека, але Бог ёсць, Ён такі ж матэрыяльны, як усё навокал. І сам Ён навокал. Няўжо сама прырода ні аб чым не гаворыць? У спрэчных пытаннях ён гаворыць вучням: як выкладчык я павінен вам сказаць так, але як хрысціянін гавару гэтак... Данііл перакананы, што чалавек прыходзіць на зямлю для таго, каб штосьці зрабіць, пакінуць добры след, але галоўнае тое, што ён зробіць для Бога. Адна справа, калі працы мастака ўпрыгожваюць прыватныя калекцыі, і зусім іншая, калі яны прамаўляюць у храме. Данііл разумее, што яму яшчэ трэба прайсці ў майстэрстве пэўныя ступені, што стыль, у якім ён працуе, не зусім той, але ён не губляе надзеі зрабіць штосьці для Царквы ці Касцёла. Гэта будзе найвышэйшая адзнака яго працы. Калі Данііл працуе з дрэвам, ён часта думае пра тое, што Езус у мірскім жыцці быў цесляром. «Чалавек, – гаворыць Данііл, – гэта воін і адначасова карабель, які плыве ў вечнасць. І хочацца плысці па чыстай вадзе, а не па брудзе, каб не затануць». Гэтыя словы красамоўна дапаўняюць партрэт Данііла – сапраўднага хрысціяніна ў жыцці і творчасці. Пажадаем жа яму высокага творчага натхнення і шчодрай Божай ласкі.
Галіна Калевіч
Фота М. Новікава
|
|
|