|
|
№
4(34)/2005
Галерэя
На кніжнай паліцы
Нашы святыні
Падзеі
На кніжнай паліцы
Vaticanum II
Кантрапункт
Хрысціянская думка
Культура
Паэзія
Юбілеі
Бібліятэка часопіса
«Наша вера» Проза
На кніжнай паліцы
Постаці
Нашы святыні
|
Дыялог-роздум
Мне пашчасціла некалькі разоў гутарыць з Янам Скрыганом як карэспандэнту некаторых беларускіх выданняў, а цяпер, з нагоды яго стагоддзя , хочацца падзяліцца сваімі ўражаннямі-ўспамінамі і роздумам пра гэтага чалавека і пісьменніка, з якім на працягу 10 гадоў мяне звязвала шчырае сяброўства. Прайшоўшы праз «Сібірскую акадэмію» (цэлых 18 гадоў, з 1937-га да 1955 года), гэты незвычайны чалавек здолеў захаваць у душы радасць дзіцячага ўспрымання свету і такі моцны духоўны запал, што, трапіўшы ў яго «поле», нельга было не «зарадзіцца» жыццялюбствам. А яму тады было ўжо далёка за семдзесят! Біяграфія Яна Скрыгана – гэта біяграфія цэлай гістарычнай эпохі. Ён нарадзіўся 16 лістапада, у пераломным 1905 годзе, калі навальнічныя грымоты Першай рускай рэвалюцыі скаланулі свет і, пазначыўшы новыя перспектывы, пракаціліся па ўсёй краіне крывавымі хвалямі рэпрэсій. Яму тады было 12 гадоў. Памяць пісьменніка захавала і незабыўныя імгненні маленства, і тую непаўторную радасць, калі з літараў склалася першае прачытанае слова, і падзеі імперыялістычнай вайны 1915 года, і партызанскую барацьбу падчас акупацый – нямецкай і польскай, і грамадзянскую вайну, і гады першых пяцігодак з калектывізацыяй і новабудоўлямі маладой савецкай дзяржавы. А яшчэ – гады рэпрэсій і выгнання. «Біяграфія песні маёй і мая – адна» – гэтыя словы Максіма Танка, якія сталі эпіграфам да галоўнай, выніковай кнігі Яна Скрыгана «Кругі», могуць быць эпіграфам да ўсяго яго жыцця, у якім так шмат чаго змясцілася. Пісьменнік разам з часам ішоў па дарозе жыцця і перажываў усе яго ўздымы, пераломы, цяжкасці і перамогі. Адзін з пачынальнікаў беларускай прозы, чый творчы шлях распачаўся ў 1920-я гады, Ян Скрыган быў і сучаснікам усіх пакаленняў савецкіх пісьменнікаў новага часу. Ён сустракаў Максіма Горкага ў Негарэлым, у Мінску і ў Маскве бачыў Уладзіміра Маякоўскага. Памятаў «няправільнай формы твар» Барыса Пастарнака, «парушаны ў прапорцыях так, што падавалася, быццам ён складаецца з мноства твараў, якія зусім не пасуюць адзін аднаму». Памятаў сустрэчу з Леанідам Лявонавым у Доме ўраду. Ён быў асабіста знаёмы з класікамі беларускай літаратуры: Янкам Купалам, Якубам Коласам, Змітраком Бядулем, Цішкам Гартным, Кузьмой Чорным, Міхасём Зарэцкім, Міхасём Лыньковым, Петрусём Броўкам. «Мы гаварылі адзін аднаму «ты», – згадваў ён пра творчае сяброўства «маладнякоўцаў». Пра іх сардэчныя адносіны, пра непаўторны стваральны ўздым апавядаецца ў ранніх творах Янкі Скрыгана, падпісаных псеўданімамі Янка Пірат і Янка Відук. «Цяпер я гляджу на сваю біяграфію як на далёкі сон, – пісаў ён. – Мая біяграфія падаецца мне вельмі доўгай. І я здзіўляюся, як жа шмат у яе змясцілася: я спазнаў трагізм і адчай, спазнаў цану радасці і надзеі, быў на мяжы таго горкага адчування, калі чалавек застаецца без радзімы – не мае права на яе, і зразумеў, якое гэта вялікае і дарагое пачуццё – бацькаўшчына». Трыццатыя гады... Гады нечуванага ўздыму – час калектывізацыі і індустрыялізацыі краіны... Студэнт літаратурна-лінгвістычнага аддзялення педагагічнага факультэта Беларускага універсітэта, сябра літаб’яднання «Маладняк» і «Літаратурна-мастацкай камуны», малады пісьменнік актыўна ўдзельнічае ў будаўніцтве новага жыцця Беларусі і адразу ўвасабляе гэтае новае ў нарысах, рэпартажах, кнігах. Падзеі сацыяльнай значнасці і драматызму становяцца стрыжнёвымі тэмамі яго мастацкай творчасці. На жаль, у 1937 годзе пісьменніку даводзіцца змяніць «месцажыхарства» і «змяніць прафесію». Такая бяда тады спасцігла многіх людзей, і многія з іх ніколі не вярнуліся ў родны край. Цэлых 18 гадоў скрыганаўская муза мусіла працаваць на «гаспадарчым фронце». Але чым бы ні займаўся пісьменнік, а яму давялося працаваць землякопам, цесляром, вадавозам, бухгалтарам, рэвізорам, конюхам, будаўніком, у ім заўсёды жыў сапраўдны творца, паэт у кожнай справе. І ў яго душы заўсёды жыла надзея, сагравала вера ў справядлівасць. 17 студзеня 1955 года Ян Скрыган атрымаў ад пракуратуры БССР паведамленне аб вызваленні, і ён, які ўжо пачаў лічыць сябе карэнным сібіраком, адчуў, што больш не можа заставацца ў гэтым краі ні на адну гадзіну. Тое вялікае, дарагое пачуццё – бацькаўшчына – клікала яго ў дарогу. У дарогу зваротную і новую. Пра сваю «Сібірскую акадэмію» Ян Аляксеевіч гаварыў спакойна, быццам пра кагосьці іншага, а не пра сябе. Лічыў, што ў кожнага – свой лёс, але без лёсу народа няма і ўласнага лёсу. Лёс пісьменніка арганічна і натуральна ўвасоблены ў яго самай галоўнай кнізе – «Кругі», якая складаецца з некалькіх кніг. У час аднаго з інтэрв’ю на маё пытанне пра тое, што можна сказаць праз дваццаць гадоў пасля напісання кнігі пра яе своеасаблівую пабудову і прынцыпы, ён адказаў: – З узростам, асабліва пасля таго, як была напісана «Свая аповесць» (пазней названая «Кругі»), у мяне выспела такое адчуванне, што ўсё напісанае мною да таго часу – гэта па сутнасці адзін твор, у якім адбіўся адзін чалавечы лёс. Станавілася зразумелым, што аповесць і апавяданні звязаныя паміж сабою, што яны ўзаемадапаўняльныя. І я пачаў шукаць спосаб графічнага выяўлення гэтай асаблівасці ў кнізе. У кожным новым выданні «Кругоў» былі змены. Мяне турбавала і само вызначэнне жанру: аповесць з адступленнямі. Усё здавалася, што гэта не зусім дакладна. І вось, здаецца, знайшоў: аповесць з дасказам. За доўгія гады працы над кнігай свайго жыцця Ян Аляксеевіч узбагаціў яе новымі раздзеламі, у якія дадаў новыя падзеі і персанажы, і задума кнігі ад гэтага не змянілася, а яшчэ лепш вымалявалася. У яго «Кругах» – лёс асобнага чалавека і лёс эпохі. У кнізе чатыры раздзелы – чатыры кругі: «Парог» – «трывожная таямніца літараў» і рамантычнае адкрыццё свету; «Світанак» – натхнёнае стварэнне і захопленасць абнаўленнем; «Трывогі» – боль адчаю і горыч расстання; «Спасціжэнне» – радасць надзеі і шчасце сустрэчы. А па-за «кругамі» жыцця ў раздзеле «Даткненне» пададзены кругі творчай біяграфіі. У рускамоўным выданні кнігі «Круги» (Москва, 1984 г.) была змешчана наша з ім размова пад назвай «Сугучча». – Ян Аляксеевіч, у альманаху «Слуцкія песняры» за 1929 год з’явіліся вершы, падпісаныя незвычайным псеўданімам – Янка Пірат. Гэта былі першыя, калі не памыляюся, вашы апублікаваныя творы. З гісторыі вядома, што на Прыпяці ў далёкія часы сапраўды былі піраты, досыць своеасаблівы, вясёлы і дзёрзкі народ. Можа, малады паэт адчуў сябе іх нашчадкам? – <...> Псеўданім Пірат не быў адгалоскам далёкай гісторыі Беларусі. <...> Прычына майго пірацтва – ва ўспрыманні сучаснасці. Маладая савецкая літаратура не хавала сваіх мэтаў: разбурыць усё старое, пабудаваць новае. Па натуры я быў рамантыкам. Байранаўскі бунт духу імпанаваў мне. <...> Да таго ж вялікае значэнне мела традыцыя выступаць у літаратуры пад псеўданімам. <...> Вельмі хутка зразумеў, што сэнс майго псеўданіма памылковы. Не толькі таму, што ён быў штучна перанесены з чужой глебы, а па сваёй сутнасці: справа не ў разбурэнні, а ў стварэнні. Асабліва востра я адчуў недарэчнасць гэтага псеўданіма, калі ўспомніў, як у нашым сяле Труханавічы раптам з’явілася шмат паперы. Рознай: вырваныя з кніг старонкі і цэлыя тамы, некаторыя – у старых, але ў шыкоўных пераплётах, некаторыя ўжо без пераплётаў. Шчыльная папера ішла на хатнія патрэбы: ёю падпальвалі ў печы, загортвалі прадукты, тонкія старонкі ішлі на самакруткі. Быў нават асаблівы шык у тым, каб у кампаніі або на вуліцы выняць з кішэні або з-за пазухі цэлы пачак вырваных з кніг старонак, не спяшаючыся адарваць краёк, пакамечыць яго ў пальцах, сагнуць удоўж, насыпаць туды махоркі... Вельмі часта ў гаспадарчым ужытку з’яўляліся паперы, падобныя да рукапісаў, спісаныя буйнымі літарамі, нават памятаецца іх цёмна-сіняе адценне. І кнігі, і папера былі з бібліятэкі недалёкага панскага маёнтка. Амаль тое самае я бачыў у Слуцку, на Тайчанах. У былым кляштары прытуліўся сельскагаспадарчы тэхнікум. Аднойчы раніцай мы ішлі на заняткі каля царквы, дзверы якой былі шырока расчыненыя ўнутр; на царкоўным цвінтары валяліся пашкуматаныя фаліянты, вялікія і малыя, друкаваныя і рукапісныя лісты паперы, іх ганяў вецер. Часта згадваліся мне гэтыя карціны. Разбураць лёгка. А раптам сярод тых папераў загінулі нейкія дарагія знакі нашай гісторыі? Якое ж знайсці слова, каб укласці ў яго новы сэнс? У нашым агародзе, у траве каля агароджы, кожны год сама па сабе вырастала просценькая раслінка. На высокай тоненькай сцябліне – невялікая прадаўгаватая шэрая галоўка з дзірачкамі ў самой шапачцы. Калі макаўка выспявала, яе разгойдваў і прыгінаў да зямлі вецер, і маленечкія зарняткі высыпаліся праз дзірачкі. Дзікі мак. Гэты мак-самасейка мае народную назву – відук. Мяне прывабіла закладзеная ў яе ідэя самазахавання віду, і я выкарыстаў яе ў якасці новага псеўданіма. Вось так і з’явіўся Відук. Моладзь цяпер нават слова такога не ведае. <...> У 1970 годзе выйшаў у свет даведнік «Пісьменнікі Савецкай Беларусі», дзе быў указаны і мой псеўданім. Ці то рэдактар, ці то карэктар <...> вырашыў, што ў слове зроблена памылка, і выправіў яе: напісаў «Віадук». Аднак натурфіласофская сутнасць майго новага псеўданіма, які сімвалізаваў бясконцасць жыцця, не доўга паслужыла справе. Абгрунтаванне было самае простае: навошта ўцякаць ад самога сябе? – Такім чынам, свой творчы шлях Вы пачыналі з вершаў. Чаму часта адбываецца так, што з «царства паэзіі» многія пераходзяць да прозы? – Гэта таксама звязана з рамантыкай першых гадоў усталявання новага жыцця. Маладая літаратура выразна падзялілася на два спосабы адлюстравання рэчаіснасці: паэзія перадавала пачуцці і настроі, яна апавяла, клікала; проза апавядала пра будні і гераічныя справы, паказвала іх. Я пачаў з вершаў, але мяне пастаянна пераследавала пачуццё, што вершам можна перадаць толькі настрой – крыўду, гнеў, замілаванне. Можна зрабіць пейзажную замалёўку, а хацелася ўвасобіць дух, падзею. Няхай сабе дзіцячымі вачыма, але я ўжо нешта бачыў: імперыялістычную і грамадзянскую вайну, рэвалюцыю, нямецкую і польскую акупацыю. І ўсё гэта жыло ўва мне і нясмела прасілася ў слова. – Як спяваецца ў песні, «нішто не мінае бясследна». І паэзія юнацкіх гадоў не пакідае мудрай сталасці пісьменніка. Яна прысутнічае не толькі ў інтанацыйна-музычнай фразе, у максімальна сціслым стылі, у маляўнічасці мовы, але і ва ўсёй ідэйна-вобразнай сістэме. Што такое ў Вашым разуменні «паэзія ў прозе»? – Здаецца, Вы і самі адказалі на гэтае пытанне. Па-першае – вельмі слушна! – «нішто не мінае бясследна». Мяне і цяпер хвалюе паэзія, дзе б яна ні была: і ў вершах, і ў прозе. Так, і ў вершах, бо не ў кожным вершы ёсць паэзія. Пісаць вершы можа навучыцца кожны, але не давядзі Гасподзь чытаць такія вершы, што не кранаюць душы, нікуды не клічуць, не абуджаюць ніякіх жаданняў. Любых: пакутаваць, любіць, ненавідзець, ісці на подзвіг, радавацца, сумаваць. Па-другое, Вы самі называеце гэтыя элементы, якія даюць адчуванне паэзіі: інтанацыйна-музычная фраза, максімальная сцісласць стылю (гэта значыць – прысутнічае толькі неабходнае), мовы. У аснове, зразумела, найперш – мова. Сіла мастацкага слова – у таямніцы слоў, у іх эстэтычнай умеркаванасці ў фразе. Гаворачы ўсё гэта, я, найперш, маю на ўвазе апавяданне. Мае патрабаванні да яго часта змяняліся, рабіліся ўсё больш жорсткімі. Найперш яно павінна быць пра нешта важнае, сацыяльна хвалюючае, глыбока чалавечае. Потым яно павінна быць кароткім, эталон для мяне – 7–9 друкаваных старонак. І яшчэ: галоўным элементам мастацкага даследавання павінен быць унутраны свет чалавека. <...> – Ян Аляксеевіч, а калі Вы па-сапраўднаму адчулі сябе пісьменнікам: калі выйшла ў свет Ваша першая кніга ці потым, калі прыйшло прызнанне чытачоў? Калі і як зразумелі, што літаратура – Ваша прызванне? – Ніколі. Ні пасля першай, ні пасля апошняй кнігі. Часта, калі ў мяне ў працы не ўсё ладзіцца, я думаю, што стаў пісьменнікам выпадкова, што было б куды больш толку, калі б стаў, напрыклад, інжынерам. Або будаўніком, канструктарам, даследчыкам. Па сваіх схільнасцях я пайшоў па бацьку: ён вельмі любіў будаваць. Мог паставіць дом, але, раптам перадумаўшы, вырашыўшы, што ён не тым бокам павернуты да сонца, тут жа мог разабраць яго і будаваць занава. Жаданне перарабляць і мне не дае спакою. Суцяшаю сябе тым, што ў пісьменніцкім рамястве так і трэба, што нельга быць спакойным... – Недзе чытала, што для Вас Бунін – «самы вялікі чарадзей». І яго чарадзейнасць – у сугуччы. Што Вам дала, чаму навучыла проза Буніна? – Схільнасць, захапленне, густы нам дыктуе ўзрост. У свае далёкія гады я быў абыякавы да Талстога, а Дастаеўскага чытаў узахлёб. Потым настаў час грандыёзнасці Талстога і боязі Дастаеўскага. Доўга быў абыякавы да Чэхава з-за яго філасофскай умеркаванасці, а цяпер кожны раз цягнуся да яго кніг. А Бунін быў аднолькава блізкі заўсёды. Чытаю яго павольна, спыняюся, каб падумаць. Добра, калі над кнігаю хочацца падумаць. У гэтым і ёсць сугучча. Наша ўсхваляванасць, выкліканая мастацкім творам, – хіба гэта не сугучча? У яго апавяданні ўваходзіш, быццам у храм. Ён заўсёды мяне гіпнатызаваў. Не ведаю нават – чым, магчыма, уладарным уменнем рабіць чытача саўдзельнікам блізкай яму трывогі. Бунінскі домысел працуе пераважна на тое, каб абысці ўсё непатрэбнае. Я не ведаю іншага пісьменніка з такой максімальнай нагрузкай на тэкст. Мне здаецца, што і вучыцца ў Буніна нельга, можна толькі кожны раз здзіўляцца – як гэта ён можа? Такое ўражанне, што самае галоўнае для Буніна – умець абыходзіцца без лішняга тэксту. І, напэўна, у кожнага пісьменніка павінен быць свой почырк. – А што такое – мець свой почырк? – Маю на ўвазе вось што. Скажам, вы разгарнулі кнігу і вельмі лёгка, з першай старонкі, можаце сказаць: гэта Пушкін, Лермантаў, Цютчаў – у паэзіі; гэта Леў Талстой, Дастаеўскі, Чэхаў, Лявонаў, Паўстоўскі – у рускай прозе. Вы скажаце гэта, не гледзячы на вокладку кнігі, дзе напісана імя аўтара. Кожны яркі характар – гэта асоба. Ён ні да каго не падобны і ў пісьме. Гавораць, што кожны салдат хоча быць генералам. Гэта мае дачыненне і да ўсіх астатніх, і да пісьменнікаў. ...«У кожнага чалавека ёсць патрэба раскрывацца перад іншымі, – гаворыць адзін з герояў Яна Скрыгана. – Без гэтага няма чалавека...» Менавіта гэта «патрэба раскрывацца перад іншымі» і з’яўляецца першым, пачатковым імпульсам да творчасці. Для пісьменніка «няма чалавечай радасці для сябе: яна магчымая толькі тады, калі ты нясеш яе іншым». Усёю сваёю творчасцю ён запрашае нас да суперажывання: далучае нас да таго, што яму дорага. Галоўная кніга Яна Скрыгана для мяне – лірычная споведзь з эпічнай напоўненасцю, шчымліва-шчырая размова пра сябе і пра Час. Размова, у якой увасобіліся маральныя, этычныя і эстэтычныя імпульсы Гісторыі. Толькі сапраўдны майстар мастацкага слова здольны ўтрымаць чытача ў «магнітным полі» сваёй творчасці і выклікаць жаданне шукаць новай сустрэчы з ім. Яну Скрыгану гэта заўсёды ўдавалася. Яго проза – роздум над тым, як жыць, якім быць. Яго проза – імкненне адкрыць самае лепшае ў чалавеку. Яго проза – далікатная, даверлівая і праўдзівая размова з чытачом, якая будзе доўжыцца да таго часу, пакуль на зямлі будуць жыць людзі, далучаныя да мастацкага слова. Само жыццё працягвае, дапісвае і «дасказвае» яго Кнігу, і так з’яўляецца яе пяты «круг» – Круг Вечнасці.
Глядзі таксама:
|
|
|