Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
4(34)/2005
Галерэя
На кніжнай паліцы
Нашы святыні
Падзеі

АПОСТАЛЬСКІ РУХ БОЖАЙ МІЛАСЭРНАСЦІ
На кніжнай паліцы
Vaticanum II
Кантрапункт

ЦІ ПАТРЭБНА БОГУ РЭКЛАМА?
Хрысціянская думка
Культура
Паэзія

ВЕРШЫ

ВЕРШЫ
Юбілеі

РЫЦАР СЛОВА І ДУХУ

КРУГ ВЕЧНАСЦІ
Бібліятэка часопіса
«Наша вера»
Проза

КРЫЖ НАД НЁМАНАМ
На кніжнай паліцы
Постаці
Нашы святыні

Папа Ян Павел ІІ

«УСТАНЬЦЕ, ХАДЗЕМ!»

Пачатак у №2(28)/2004

Удзяленне сакрамэнтаў

Найбольшы скарб, найбольшае багацце, якое мае біскуп, – гэта сакрамэнты. Пасвечаныя ім святары дапамагаюць яму ўдзяляць сакрамэнты. Гэты скарб быў дадзены ў рукі Апосталам і іх наступнікам Хрыстом згодна з Яго «тэстамэнтам», як у самым глыбокім тэалагічным сэнсе гэтага слова, так і ў яго найбольш простым, людскім сэнсе. Хрыстус, «ведаючы, што прыйшла Яго гадзіна перайсці з гэтага свету да Айца» (Ян 13, 1), «Сам Дванаццаці сябе даверыў і на спажыву з рук сваіх ім даў» (пар. гімн Pange lingua), наказваючы ім паўтараць абрад Вячэры: ламаць хлеб і падаваць келіх віна, сакрамэнтальныя знакі Яго ахвяраванага Цела і пралітай Крыві. Пасля смерці і ўваскрасення даручыў ім паслугу адпушчэння грахоў і ўдзялення іншых сакрамэнтаў, пачынаючы ад Хросту. Гэты скарб Апосталы перадалі сваім наступнікам. Такім чынам, разам з абвяшчэннем слова, удзяленне сакрамэнтаў – гэта найпершае заданне біскупаў, якому павінна быць падпарадкавана ўся іншая іх праца. Усё ў жыцці і дзейнасці біскупа павінна служыць аднаму гэтаму заданню.

Вядома, у гэтым нам патрэбна дапамога. Таму «просім Цябе, Пане, удзялі таксама нам, слабым, такіх памочнікаў, бо, чым больш слабейшыя мы за Апосталаў, тым большай іх колькасці патрабуем» (Рымскі пантыфікал, Абрад пасвячэння прэзбітэраў). Таму мы выбіраем, рыхтуем здольных да гэтага кандыдатаў і пасвячаем іх на прэзбітэраў і дыяканаў. Разам з намі яны выконваюць заданне абвяшчэння слова і ўдзялення святых сакрамэнтаў.

Такая перспектыва павінна асвячаць і ўпарадкоўваць заданні, якія мы штодня выконваем, справы, якімі напоўнена наша жыццё. Зразумела, гэта датычыць не толькі адпраўлення Эўхарыстыі і ўдзялення Бежмавання ў супольнасці сабранага Касцёла, але таксама ўдзялення святога Хросту дзецям, і найперш дарослым, якія дзякуючы апостальскай працы супольнасці нашага лакальнага Касцёла былі падрыхтаваныя для таго, каб стаць вучнямі Хрыста. Нельга таксама не ўлічваць важнасці асабістага ўдзялення сакрамэнту Пакаяння альбо наведвання хворых з устаноўленым спецыяльна для іх сакрамэнтам Намашчэння. Біскуп павінен таксама клапаціцца пра святасць сужэнстваў. Гэты клопат ён павінен праяўляць не толькі праз пасрэдніцтва пробашчаў, але таксама асабіста, імкнучыся, па магчымасці, благаслаўляць шлюбы. Зразумела, што большасць гэтых заданняў выконваюць святары як супрацоўнікі біскупаў. Аднак асабісты ўдзел пастыра дыяцэзіі ва ўдзяленні сакрамэнтаў – гэта добры прыклад для давераных яму людзей, як свецкіх, так і прэзбітэраў. Гэта для іх больш выразны знак яго сувязі з Хрыстом, які прысутнічае і дзейнічае ва ўсіх сакрамэнтальных таямніцах. Сам Хрыстус жадае, каб мы былі прыладамі ў справе Збаўлення, якое Ён рэалізуе праз сакрамэнты Касцёла. Менавіта ў гэтых дзейсных знаках ласкі адкрываецца перад вачыма людской душы аблічча Хрыста, міласэрнага Збаўцы і Добрага Пастыра. Біскуп, які асабіста ўдзяляе сакрамэнты, выразна бачыцца ўсім як знак Хрыста, што заўсёды прысутнічае і дзейнічае ў сваім Касцёле.

 
Душпастырскія візітацыі

Як ужо згадвалася, я рэгулярна хадзіў працаваць у курыю, але асабліва цаніў душпастырскія візітацыі. Я іх вельмі любіў, бо яны давалі магчымасць непасрэднага кантакту з людзьмі. Было адчуванне, што тады я іх «выхоўваў». Да мяне прыходзілі святары і свецкія, прыходзілі сем’і, моладзь і старэйшыя людзі, здаровыя і хворыя, бацькі са сваімі дзецьмі і са сваімі праблемамі; прыходзілі ўсе з усім. Гэта было жыццё.

Добра памятаю першую візітацыю ў Мухажы пад Вадавіцамі. Там быў стары пробашч, такі сапраўдны святар, пралат Юзаф Матыка. Ён ведаў, што гэта мая першая візітацыя, і быў тым вельмі ўзрушаны. Сказаў, што для яго яна будзе хіба апошняю. Ён лічыў, што павінен мяне суправаджаць. Візітацыя ахоплівала ўвесь дэканат і прадоўжылася два месяцы – май і чэрвень. А пасля адпачынку я візітаваў свой родны вадавіцкі дэканат.

Візітацыі адбываліся вясною і ўвосень. Я не паспеў наведаць усіх парафій, якіх было больш за трыста. Хоць і быў 20 гадоў біскупам у Кракаве, аднак не паспеў. Памятаю, што апошняю парафіяй у Кракаўскай дыяцэзіі, якую візітаваў, была парафія св. Юзафа на Залатых Ланах, у новаадбудаваным мікрараёне Бельска-Бялай. Пробашчам парафіі Божага Провіду быў там кс. Юзаф Санак, у якога я начаваў. Вярнуўшыся з гэтай візітацыі, я адправіў св. Імшу за памерлага Папу Яна Паўла І і паехаў у Варшаву, каб прыняць удзел у паседжаннях Камісіі Епіскапату, а пасля выправіўся ў Рым... не ведаючы, што трэба будзе там застацца.

Візітацыі мае былі, бадай што, задоўгія: можа таму й не паспеў наведаць усіх парафій. Я выпрацаваў сабе ўласны ўзор выканання гэтага пастырскага абавязку. Праўда, быў і ўзор традыцыйны, і з яго я пачаў у згаданым Мухажы. Стары пралат, якога там застаў, быў добрым правадніком для мяне. Аднак пазней, кіруючыся атрыманым досведам, я палічыў патрэбным увесці пэўныя змены. Не задавальняла мяне, бадай, юрыдычная форма, якую ў мінулым мелі візітацыі; я хацеў прыўнесці ў іх больш душпастырскага зместу.

Была выпрацавана пэўная схема. Візітацыя заўсёды распачыналася прывітаннем, у якім бралі ўдзел розныя асобы і групы: старэйшыя, дзеці і моладзь. Потым мяне ўводзілі ў касцёл, дзе я меў прамову, якая павінна была дапамагчы завязаць кантакт з людзьмі. На наступны дзень я ішоў у канфесіянал і спавядаў пенітэнтаў – гадзіну, дзве, у залежнасці ад сітуацыі.

Пасля былі св. Імша і адведзіны дамоў, найперш у хворых, але не толькі. На жаль, у шпіталі камуністы тады не пускалі. Былі таксама хворыя, якіх прывозілі ў касцёл на асобную сустрэчу. Гэта арганізавала ў дыяцэзіі Слуга Божая Ганна Хжаноўская. Я заўсёды адчуваў, што людзі, якія церпяць, з’яўляюцца фундаментальным апірышчам у жыцці Касцёла. Памятаю, што пры першых сустрэчах я ніякавеў перад хворымі. Патрэбна было шмат адвагі, каб стаць перад церпячым чалавекам і як бы заглыбіцца ў яго фізічны і духоўны боль, каб не паддацца збянтэжанасці і праявіць хоць крышачку спачування, поўнага любові. Глыбокі сэнс таямніцы людскога цярпення адкрыўся мне пазней. У слабасці хворых я заўсёды заўважаў сілу міласэрнасці, якая ўсё больш праяўлялася. Хворыя як бы «правакуюць» міласэрнасць. Праз сваю малітву і ахвяру яны не толькі выпрошваюць міласэрнасць, але ўтвараюць «прастору міласэрнасці» ці, дакладней, «адкрываюць прастору» для міласэрнасці. Сваёю хваробаю і цярпеннем яны заклікаюць да ўчынкаў міласэрнасці і даюць магчымасць іх здзяйсняць. Я меў звычку давяраць малітвам хворых справы Касцёла, і гэта заўсёды прыносіла добрыя вынікі. У часе візітацый я ўдзяляў таксама сакрамэнты: бежмаваў моладзь і благаслаўляў сужэнствы.

У сваю чаргу асобна сустракаўся з рознымі групамі, напрыклад, з настаўнікамі, рабочымі з парафіі, з моладдзю. Была ў касцёле і асобная сустрэча з усімі сужэнствамі, паяднаная з св. Імшою, а заканчвалася яна спецыяльным благаславеннем, якое я ўдзяляў асобна кожнай пары. У часе такой сустрэчы была, зразумела, гамілія спецыяльна для сужэнстваў. Заўсёды з асаблівым хваляваннем я перажываў сустрэчы з мнагадзетнымі сем’ямі, як і з маткамі, якія чакалі нараджэння дзіцяці. Я хацеў выказаць маю пашану да мацярынства і бацькоўства. Душпастырскаю дзейнасцю на карысць сужэнскіх параў і сем’яў я займаўся ад пачатку святарства. Як студэнцкі душпастыр арганізаваў курсы падрыхтоўкі да сужэнства, а пасля як біскуп падтрымліваў душпастырства сем’яў. З гэтага вопыту, з гэтых сустрэчаў з нарачонымі, сужэнствамі і сем’ямі нарадзілася паэтычная драма «Перад ювелірным магазінам» і кніга «Любоў і адказнасць», а пасля, бліжэй да нашага часу, таксама «Ліст да сем’яў».

Былі таксама асобныя сустрэчы са святарамі. Я хацеў кожнаму даць магчымасць даверліва паразмаўляць, падзяліцца радасцямі і трывогамі свайго служэння. Для мяне гэтыя сустрэчы сталі каштоўнаю магчымасцю, каб дзякуючы ім спазнаваць скарбніцу мудрасці, сабраную гадамі апостальскай працы.

Ход душпастырскай візітацыі залежаў ад умоваў дадзенай парафіі. Фактычна іх сітуацыі былі вельмі розныя. Напрыклад, візітацыя ў марыяцкай парафіі ў Кракаве доўжылася два месяцы: гэтулькі ў ёй касцёлаў і капліцаў. Зусім інакш справа ішла ў Новай Гуце: там не было касцёла, але былі дзесяткі тысяч жыхароў. Існавала толькі малая каплічка, дабудаваная да ранейшай школы. Трэба памятаць, што гэта былі паслясталінскія часы і вялася барацьба з рэлігіяй. Урад не згаджаўся на будову новых касцёлаў у «сацыялістычным горадзе», якім павінна была быць Новая Гута.

 
Барацьба за касцёл

Менавіта ў Кракаве – Новай Гуце пастаянна вялося зацятае змаганне за будаўніцтва касцёла. Гэты шматтысячны мікрараён насялялі ў большасці рабочыя вялікага металургічнага камбіната, якія прыбывалі сюды з усяе Польшчы. На думку ўладаў, Новая Гута павінна была стаць узорна «сацыялістычнаю», гэта значыць пазбаўленаю ўсялякіх сувязяў з Касцёлам. Аднак нельга было забываць, што гэтыя людзі, якія прыехалі сюды ў пошуках працы, не намерваліся выракацца сваіх каталіцкіх каранёў.

Змаганне пачалося з вялікага мікрараёна ў Беньчыцах. На пачатку, у выніку першага націску, камуністычныя ўлады далі дазвол на будаўніцтва касцёла і выдзелілі ўчастак. Там людзі адразу паставілі крыж. Аднак гэты дазвол, дадзены яшчэ за часам ксяндза арцыбіскупа Базяка, быў адкліканы, і ўлады загадалі ліквідаваць крыж. Вернікі рашуча выступілі супраць гэтага. Завязалася нават сутычка з міліцыяй – былі ахвяры, параненыя.

Гораданачальнік прасіў «супакоіць людзей». Гэта быў адзін з першых актаў доўгай барацьбы за свабоду і годнасць тае часткі народу, якую лёс закінуў у новы мікрараён Кракава.

У выніку тое змаганне было выйграна, хоць і цаною працяглай «вайны нерваў». Я вёў перамовы з уладамі, у асноўным з кіраўніком ваяводскага аддзела па Справах веравызнанняў. Гэта быў чалавек, які ў размове, што праўда, паводзіў сябе прыстойна, але стаяў на сваім цвёрда і ўпарта, калі справа датычыла рашэнняў, якія выклікалі яго злосць і прадузятасць.

Справаю будаўніцтва касцёла заняўся і шчасліва давёў яе да канца ксёндз пробашч Юзаф Гажаляны. Ён зрабіў мудры душпастырскі крок, заахвоціўшы парафіянаў кожнага прынесці камень, які будзе выкарыстаны пры будове падмурку і сценаў. Такім чынам кожны адчуваў сябе далучаным да ўзвядзення муроў новай святыні.

Падобную сітуацыю мы перажывалі ў душпастырскім асяродку ў Містжаявіцах. Галоўным героем тых падзеяў быў мужны святар Юзаф Кужэя, які прыйшоў да мяне і сам прапанаваў, што пойдзе выконваць сваю паслугу ў гэтым мікрараёне. На той час была там малая халупка, у якой ён хацеў пачаць катэхізаваць з надзеяй, што паволі зможа стварыць новую парафію. Так яно і сталася, але змаганне за касцёл у Містжаявіцах кс. Юзаф аплаціў жыццём. Пераследаваны камуністычнымі ўладамі, ён атрымаў інфаркт і памёр ва ўзросце трыццаці дзевяці гадоў.

У змаганні за касцёл у Містжаявіцах яму дапамагаў кс. Мікалай Кучкоўскі. Як і я, ён паходзіў з Вадавіцаў. Памятаю яго з таго часу, калі ён быў яшчэ юрыстам і меў нарачоную, прыгожую дзяўчыну Настку, старшыньку Каталіцкага Таварыства Моладзі. Калі яна памерла, Мікалай вырашыў стаць святаром. У 1939 г. ён паступіў у семінарыю і пачаў вывучаць філасофію і тэалогію. Закончыў вучобу ў 1945 годзе. Я з ім вельмі здружыўся, і ён мяне таксама любіў. Хацеў, як гэта гаворыцца, вывесці мяне ў людзі. Пасля біскупскага пасвячэння ён асабіста паклапаціўся, каб я пераехаў у дом кракаўскіх біскупаў на вуліцу Францішканскую, 3. Неаднаразова я мог пераканацца, які ён быў добры да ксяндза Юзафа Кужэі, першага пробашча ў Містжаявіцах. Што датычыць самаго кс. Юзафа, то магу сказаць, што быў гэта чалавек просты і добры (адна з яго сясцёр – законніца сэрцанка). Як я ўжо згадваў, кс. Кучкоўскі вельмі дапамагаў яму ў яго дзейнасці, а калі кс. Юзаф памёр, то кс. Мікалай пакінуў пасаду канцлера курыі і прыняў пасля яго парафію ў Містжаявіцах. Там абодва і былі пахаваныя ў крыпце пад касцёлам, які збудавалі.

Можна было б шмат пра іх расказваць. Яны засталіся для мяне яскравым прыкладам святарскага братэрства, за якім я з пашанаю назіраў і якому спадарожнічаў як біскуп: «Верны сябра – магутная абарона, хто яго знайшоў – скарб знайшоў» (пар. Сір 6, 14). Сапраўднае сяброўства, якое нараджаецца ў Хрысце: «Я назваў вас другамі...» (Ян 15, 15).

Справе ўзвядзення касцёлаў у ПНР вельмі паспрыяў біскуп Ігнацы Такарчук, які працаваў у суседняй Пшэмыскай дыяцэзіі. Ён будаваў іх нелегальна, цаною шматлікіх ахвяраў і пераследаў з боку мясцовых камуністычных уладаў. Аднак ён меў больш выгадную сітуацыю, бо супольнасці ў яго дыяцэзіі былі пераважна ў вёсках; жыхары вёсак, апроч таго, што былі больш рэлігійныя, не так кантраляваліся міліцыяй, як жыхары гарадоў.

З вялікаю ўдзячнасцю і павагаю я думаю аб пробашчах, якія ў тыя часы будавалі касцёлы. Гэтаю ўдзячнасцю абдымаю ўсіх будаўнікоў касцёлаў на цэлым свеце. Я заўсёды стараўся ім дапамагаць. У Новай Гуце знакам такой падтрымкі сталі пастэркі, якія адпраўляліся пад адкрытым небам, нягледзячы на мароз. Найперш я цэлебраваў іх у Беньчыцах, потым таксама ў Містжаявіцах і на Кжэславіцкіх Узгор’ях. Гэта з’яўлялася дадатковым аргументам у перамовах з уладамі, бо можна было спасылацца на права вернікаў на чалавечыя ўмовы ў публічным вызнаванні веры.

Кажу пра ўсё гэта, бо наш тагачасны досвед паказвае, якімі рознымі могуць быць пастырскія заданні біскупа. Ёсць у той гісторыі таксама рэха пастырскіх перажыванняў, звязаных з неабходнасцю дзяліць лёс даверанай біскупу аўчарні. Я мог асабіста пераканацца ў тым, наколькі праўдзіва было сказана ў Евангеллі пра авечак, якія ідуць за добрым пастырам: за чужым не пойдуць, бо ведаюць голас свайго пастыра. Ён мае таксама іншых авечак, што не з яго аўчарні. І гэтых павінен прывесці (пар. Ян 10, 4–5.16).

Працяг >>
Пераклад з польскай мовы
Крыстыны Лялько.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY