Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
1(39)/2007
Галерэя

ЯН ВАН ЭЙК.
ЗВЕСТАВАННЕ
Год паклікання да святасці

ДАРОГА ДА СВЯТАСЦІ НЕ МАЕ ПЕРАШКОДАЎ

ВАКНО Ў ВЕЧНАСЦЬ
На кніжнай паліцы
Ad Fontes

СЬЛЕДАМ ЗА ХРЫСТОМ
Юбілеі

НАПАЛЕОН ОРДА
Музыка
Постаці
In memoriam
Мастацтва

БЯЛЫНІЦКІ АБРАЗ МАЦІ БОЖАЙ
Паэзія

ВЕРШЫ
На кніжнай паліцы

КАРОЛЬ ПРАЗ ЛАСКУ ХРОСНАЙ КУПЕЛІ

ПАМЯЦІ ПАКУТНІКА
Палеміка

«СХАВАЙ МЕЧ»
Пераклады

ГУЛЬНЯ БОЖАЙ ЛЮБОВІ

БАГІ ПАГАНЦАЎ
Проза

ЗНАК СУПАКОЮ
Практыкум

ГІСТОРЫЯ БІБЛІЙНАГА ЮЗАФА
Нашы падарожжы

НАТАТКІ ПІЛІГРЫМА
Мастацтва

ЭКУМЕНІЗМ ДРЭВА

Ірына ЖАРНАСЕК

ЯЕ ЛЁС — НІБЫ ЦЭЛАЯ ЭПОХА

Сястра эўхарыстка Ядвіга Віршута памерла, як і жыла, ціха, годна, не прыцягваючы да сваёй асобы залішняе ўвагі. Але, як і ў жыцці яна была неардынарным чалавекам, так і памерла — святам, у першы дзень 2007 года. Пра яе смерць мне паведаміла сястра Ірэна Варонька і сумна пажартавала:

— Не была б яна сястрой Ядвігай: нават і памерла арыгінальна — зрабіла нам такі вось навагодні «падарунак».

Яна адышла ў вечнасць у барысаўскім доме сясцёр эўхарыстак, дзе жыла апошнія гады. Яе пахаванне павінна было адбыцца ў Друі, на мясцовых могілках. На зборы заставалася некалькі хвілінаў, і ўжо праз колькі тых хвілінаў я сядзела, задыханая, у аўтобусе ды ехала на развітанне з чалавекам, які воляю лёсу заняў у маім жыцці асаблівае месца. Яна, сястра Ядвіга, не толькі стала адной з гераіняў маёй кнігі «Будзь воля Твая», але і сама кніга была напісана ў многім дзякуючы ёй, якая зберагла ў памяці рысы характараў, асобныя словы, жэсты галоўных герояў — благаслаўлёных Антонія Ляшчэвіча і Юрыя Кашыры. Кніга мастацкая, але па ўсім тэксце каштоўнымі перлінамі рассеяны пераказ тых падзеяў, словаў, жэстаў. Усё гэта — дзякуючы ёй, сястры Ядвізе.

 
* * *
Так ужо сталася, што маё знаёмства, а адначасна і пачатак сяброўства з ёю былі абмытыя слязьмі. Нас аб’яднаў боль. У той дзень, калі мы пазнаёміліся ў полацкім доме сясцёр эўхарыстак, яна доўга распавядала пра росіцкую трагедыю, якая адбылася на ейных вачах. Я слухала і плакала. І, вядома ж, не прадчувала, што на маю долю выпадзе яшчэ шмат гэткіх слёз. А сястра Ядвіга распавядала мне пра жудасныя падзеі 43-га года нібы нават спакойна, без асаблівых эмоцый. Потым я зразумею, што гэта рыса яе характару — моцнага, ураўнаважанага.Так яно было, здаецца, заўсёды: калі яна гаварыла пра Росіцу, я найчасцей плакала, а яна потым ціха дзякавала мне за тое, што я блізка да сэрца прымаю перажытае ёю. Банальнага, накшталт «не бяры ты да галавы», я ад яе ніколі не чула. Калі праз нейкі час я прызналася ёй, што пачала пісаць кнігу, яна замест таго каб узрадавацца, як радавалася кожнай публікацыі, сказала зусім нечакана: «А добра падумала? Хопіць слёз ды сэрца на цэлую кнігу?». Я не знайшлася, што адказаць, бо і сама не надта была ўпэўненая ў сваіх сілах, а яна ўсміхнулася: «Хіба што напішы тонкую кніжку, тады, можа, і сэканоміш свае слёзкі».

 
* * *
Часам цяжка было адрозніць, калі сястра Ядвіга жартуе, а калі гаворыць сур’ёзна — такім тонкім пачуццём гумару валодаў гэты чалавек. Колькі разоў чула ад яе: «Можа, й лепей было б, каб і мяне тады спалілі разам з усімі. Дык жа выжыла. А за гэты час столькі ўсяго-ўсялякага назбірала, каб не давялося на тым свеце гарэць». Пазней я зразумела, што за гэтым нібыта жартам хавалася моцная боязь граху, абразы Бога. Неяк яна пажартавала: «І чаму гэта чалавек не хоча быць чыстым? Дык жа завэдзгаецца, завэдзгаецца ў гразь… Каб яшчэ трохі, дык, здаецца, і зарохкаў бы».

 
* * *
Упершыню я паехала ў Росіцу таксама з сястрой Ядвігай. Яна папрасіла цяпер ужо святой памяці полацкага парафіяніна Кавалеўскага завезці нас у Росіцу. Яркім восеньскім днём мы разам з сястрой Ядвігай, жонкай і мужам Кавалеўскімі выправіліся ў тую дарогу. Ужо быў апублікаваны ў «Ave Maria» матэрыял на аснове аповеду сястры Ядвігі, цяпер жа я ехала паглядзець сваімі вачыма на тыя мясціны. Тады я яшчэ не ведала, што нейкай незразумелай сілай гэтая гісторыя надоўга й трывала ўвойдзе ў маё жыццё, завалодае думкамі, і многае, што сустрэнецца на маім шляху, я буду суадносіць з тымі падзеямі. Ехала ў Росіцу і наструнена чакала тае сустрэчы. Калі машына спынілася блізу касцёла, павярнулася да сястры Ядвігі і сустрэлася з ейным уважлівым позіркам. Здалося, яна зразумела, што дзеілася ў маёй душы, і ласкава, па-мацярынску ўсміхнулася мне. Неаднойчы буду лавіць сябе на тым, што гэты чалавек разумее мяне больш за іншых, а часам, можа, і больш за саму мяне. І мне зусім не патрэбна было, каб яна казала пра тое, дастаткова было проста быць побач.

 
* * *
У маленькай росіцкай парафіі сястру Ядвігу добра ведалі і любілі. Колькі разоў яна, як некалі ў часы місіі, прыязджала сюды рыхтаваць дзяцей да першай споведзі. Адна са старэйшых жанчын падбегла неяк да сястры Ядвігі, абняла яе: «Пані Ядвіга! Як жа мы рады!». «Добра, добра, — ціха шапнула сястра Ядвіга, — толькі якая я табе пані? Сястра». Прыгадваю тое і думаю, а кім яна была для мяне — сястрой, сяброўкай альбо маці? Памятаю, калі памерла мая мама і я сказала пра гэта сястры Ядвізе, тая паківала галавой: «Не маеш, значыць, ужо мамкі… І ніхто яе не заменіць…» І, памаўчаўшы: «Але ж я пакуль яшчэ ёсць. Дык памятай». Падзякавала, а яна зноў: «Але ж і я маладзейшая за тваю мамку ўсяго на два гады — незадоўга ўжо й мне туды збірацца».

 
* * *
Ідзем неяк з сястрой Ядвігай ад іхняга дома ў полацкі касцёл. Было слізка, і я ўзяла яе пад руку, а мая спадарожніца агарошыла мяне: «Не баішся, што з цябе смяяцца будуць, калі ўбачаць за-пад ручкі з манашкай?» Памятаю, як сціснула мне тады горла ад тых нібыта жартаўлівых словаў, а яна засмяялася: «Іду неяк па вуліцы ў Польшчы, а мальчуганы з-за вугла:«Варона! Варона!» Я падзівілася, няўжо тое ў Польшчы было, можа, усё ж у нас? «Не, — кажа, — у Польшчы. А што ты думаеш, там толькі моляцца, ручкі склаўшы? Усялякага і там хапае».

 
* * *
У сваім нават такім шаноўным узросце яна не саромелася казаць пра сваю недасканаласць, і я часта чула, што, маўляў, і гэтага, і таго яна не ўмее. Але ці не найбольш уражвала, калі яна даверліва дзялілася нейкімі сваімі праблемамі духоўнага жыцця. Зайшла, памятаю, неяк да полацкіх эўхарыстак — быў вельмі кепскі настрой — і папрасіла ў сястры Ядвігі, якая мне адчыніла дзверы, дазволу памаліцца ў іхняй капліцы. Тая з гатоўнасцю заківала галавой: «Чаму ж не? Проша, проша». Я паднялася на другі паверх у капліцу і была там, колькі пажадала душа, — ні словам, ні гукам, ні стукам ніхто не парушыў цішы. А калі сышла ўніз, на тым самым месцы, нібы яна і не адыходзіла адтуль, мяне сустрэла: «Ну, нагаварылася? І дзякуй Богу. Дужа гэта добра, калі навучышся з Ім гаварыць. А ў мяне дык, прызнацца, не заўсёды гэта добра выходзіць». Я недаверліва засмяялася, а сястра Ядвіга працягвала: «Нас некалі ксёндз Забароўскі вучыў кантэпляцыйнай малітве. Дык казаў, каб ні словам, ні гукам нічога не казалі, апроч імя «Езу!» Часта малюся гэтак, але не заўсёды атрымліваецца, бо раптам спахопішся, а ці выключыла я там газ, а ці зачыніла там тое-гэна. О-о, маліцца трэба ўмець…»

 
* * *
Яна ведала многія мае праблемы, я не баялася даверыць іх гэтаму чалавеку. Аднойчы патэлефанавала, здаецца, ужо з Друі, дзе яна жыла пасля Полацка, ды пытае: «А ці праўда гэта, што панічцы (яна часта жартаўліва называла мяне так) ужо больш не баліць галоўка?» У мяне на той момант якраз быў моцны прыступ мігрэні, дык я і адазвалася замагільным голасам, што, маўляў, якое там: баліць ды яшчэ як! І пачула ў адказ: «А-а-а, маняць, значыць, сны, а я думала, што калі-небудзь і праўдзяць. Ну, дык нечага байкі баяць — пайду лепш папрашу Божаньку, каб адступіўся боль ад тваёй галоўкі». Праз колькі дзён я перапытала ў яе пра той сон, а яна: «Зманіла я табе — манашкі, бачыш, таксама часам маняць. Прыснілася мне тады зусім адрэчнае… — замоўкла на момант і дадала: — Што вельмі цяжанька табе, прыснілася, дык я і пайшла да тэлефона…»

 
* * *
Некалькі разоў мы з сястрой Ядвігай ездзілі на гадавіну трагедыі ў Росіцу яшчэ да таго, як айцоў Антонія Ляшчэвіча і Юрыя Кашыру абвясцілі благаслаўлёнымі. Гэта былі незабыўныя паездкі ў сцюдзёную Росіцу, па-зімоваму ціхую, ахутаную лютаўскім снегам ды людской абыякавасцю. Дзеля таго каб дабрацца, трэба было агораць немалы клопат: выпісаць дазвол на ўезд у памежную зону, даехаць цягніком да Бігосава, там пераначаваць у адной знаёмай, нараніцы трэсціся ад сцюжы на аўтобусным прыпынку, укуліцца нарэшце ў настылы аўтобус і, адхукаўшы пляму на замерзлым вакне, узірацца ў шэрую раніцу — на снежныя сумёты, кусты, дрэвы, рэдкія хаціны. І нарэшце трывожна-чырвоны на пагорку гмах касцёла — Росіца. Нават мне, маладзейшай за сястру Ядвігу на сорак з лішнім гадоў, такія паездкі здаваліся ледзьве не гераізмам. А ёй?.. А яна, павязаўшы паверх чорнага вэлюма пуховую хустку, сядзела сабе ціхенька, звесіўшы галаву, перабірала пацерынкі ружанца, раз-пораз пазірала ў вакно ды надчэквала чарговай сустрэчы з Росіцай. У настылым росіцкім касцёле на набажэнствах тады было ўсяго некалькі мясцовых чалавек, прыязджалі зазвычай айцы марыяне, і святой памяці айцец Антоні Лось, убачыўшы нас, бадзёра гукаў: «О-о-о, кахані, прыехалі ўсё-ткі нашы палачанкі! Значыць, усё ў парадку!»

 
* * *
Сястра Ядвіга хварэла на цукровы дыябет, і яе часта марыў сон, іншы раз у самы непрыдатны час, напрыклад, на ружанцовай малітве. Аднойчы яна гэтак заснула на ружанцы, вяртаючыся з Росіцы разам з ксяндзом Люцыянам Паўлікам і, прачнуўшыся, крыўдліва тузанула мяне за рукаў: «А ты, панічка, не магла разбудзіць нягеглую манашку? Як толькі ружанец з рук не выпусціла!» Айцец Паўлік, скончыўшы пасля ружанца па памяці другую альбо трэцюю літанію, азірнуўся на нашыя перашэпты, а сястра Ядвіга яму: «Дзякуй, ойчанька, за супольную малітву». І мне цішком: «Ты ж не думай, я дома памалюся яшчэ ружанец — калі мяне закалыхваць не будзе».

 
* * *
Усе свае справы — і значныя, і дробныя — яна даручала Пану Богу. Кожны раз, калі я прыязджала да яе на размову пра Росіцу альбо пра святароў, якія былі ў свой час сасланыя ў сталінскія лагеры, сястра Ядвіга да таго як пачаць гаворку абавязкова малілася, прасіла Духа Святога натхніць яе на размову. Яна баялася не самой размовы, але не жадала скрывіць праўду. Распавядала, што яна таксама ўсе ўрокі рэлігіі — і тыя, што праводзіла ў часе росіцкай місіі дзецям і дарослым, і тыя, што патаемна праводзіла ў Браславе ці Слабодцы, і тыя, дзеля якіх яна паехала на місію ў Казахстан, а пазней і ў Расію, — пачынала і сканчвала шчырай малітвай. «Бо інакш, — тлумачыла мне, — чаму б я, нявучаная, не маючы патрэбнай выкшталцонасці, навучыла людзей?» Яна казала гэта так шчыра й пераканана, што немагчыма было ўсумніцца ў тым, што без Боскай дапамогі яна нічога добрага ў жыцці не зрабіла б. «Іншы раз так страшна зробіцца: што я там разумнага скажу ім? А пачну казаць, і словы нібы самі паліюцца. Запытаю потым у каго дасведчанага, ці добра я хоць гаварыла, ці не перакрывіла чаго. Не, кажуць, усё добра і правільна. Во як. Усё гэта, дзетка, толькі ад Бога дадзена. Захацеў Ён, каб я вучыла людзей, — вучу, а каб не захацеў, то як ты ні старайся, ні натужвайся, а нічога добрага не зробіш».

Памятаю і смешную гісторыю пра тое, як яна, яшчэ нядаўна вясковае дзяўчо, а на той час ужо законніца, гатавала есці нейкаму ксяндзу. Вельмі баялася згатаваць кепска, бо «не абы ж каго, але самога ксяндза» корміць! І таму кожны дзень да таго, як узяцца за патэльні ды рондалі, яна прасіла Маці Божую дапамагчы ёй у гэтай нялёгкай працы. І так з дня на дзень: малілася і гатавала. Святар не скардзіўся, не наракаў — нібы ўсё добра. Але рупіла нявопытнай кухарцы, ці не грашыць яна сваімі дробязнымі просьбамі да Маці Божай. Пайшла да споведзі да таго ж святара, прызналася ва ўсім і пачула вясёлае з канфесіяналу: «О-о! А я й не ведаў, што сястра мне разам з Маці Божай гатуе есці!».

 
* * *
Яна вельмі баялася сама граху і асцерагала ад яго іншых, вучыла, што нельга хрысціяніну мірыцца з грахом ды адкладваць пакаянне на больш спрыяльны ці свабаднейшы час. Гэтаму ў свой час навучыў яе благаслаўлёны Антоні Ляшчэвіч. Ужо насоўвалася карная акцыя на Росіцу. Папярэджаныя пра яе айцы марыяне і сёстры вырашылі застацца ў Росіцы і разам з тымі, каго яны вялі да Бога, прыняць Божую волю. Позна ўвечары айцец Ляшчэвіч вярнуўся з Дрысы, сястра Ядвіга падавала яму есці і сказала, што заўтра хоча пайсці да яго да споведзі. Ён адказаў, што трэба гэта зрабіць не заўтра, а сёння: як толькі ён паесць, каб яна і была гатовая ісці ў касцёл спавядацца. Сястра Ядвіга падзівілася: «Проша ойца! Я казала пра заўтрашні дзень. Смеху варта — уначы спавядацца?!». Ён пранікліва паглядзеў на яе і сказаў: «Запамятай, сястра: споведзь нельга адкладваць на заўтра». Яна запамятала і часта паўтарала гэты ягоны ўрок для іншых. Дзеля таго, каб людзі разумелі ўсю важнасць гэтага сакрамэнту.

 
* * *
У той час, калі яна жыла ў Браславе, працавала кухаркай у санаторыі і адначасна патаемна ўпарта заставалася законніцай, яна здолела яшчэ і быць апякункай для маладых дзяўчат, што таксама адважыліся стаць законніцамі ў неспрыяльны час панавання атэістычнай улады, якая пераследавала ўсялякія праявы духоўнага жыцця. Сёстры ўспамінаюць, што яна была клапатлівай кіраўніцай навіцыяту, але, здагадваюся, што і патрабавальнай. Неяк яна сказала мне, што ад законніцы, уласна кажучы, няшмат і патрабуецца — проста «палюбіць Бога больш за ўсё астатняе». Яе вельмі радавала, калі яна бачыла такую любоў у маладых сёстрах, і не было для яе большага смутку, чым адчуць у іх недахоп такой любові.

 
* * *
Ведаю, што сястра Ядвіга шмат малілася за святароў. Яна ўмела шанаваць святарства, бо аплакала ў свой час смерць дарагіх яе сэрцу айцоў Антонія і Юрыя, а пасля трагедыі знайшла ў сабе мужнасць разграбаць жудасны попел і шукаць парэшткі айца Юрыя. Яна горка плакала і пасля таго, як улады пазачынялі касцёлы, а святароў саслалі ў сталінскія лагеры. Ды не толькі плакала, але і разам з сястрой Апалоніяй Пяткун збірала ад людзей прадукты, пасылала святарам пасылкі ў тыя лагеры, пісала ім лісты падтрымкі. Яна магла за няблізкі свет схадзіць тады на святую Імшу і, падаючы ад стомы на зваротным шляху, усё адно быць шчасліваю, бо прыняла Езуса ў сваё сэрца.

Але, высока цэнячы чын святарства, сястра Ядвіга не жадала мірыцца са святарскай слабасцю. Яна здольная была грукнуць кулаком па стале і сказаць святару: «Не павінна так быць!» Той святар вось-вось мог надламацца ад патрабаванняў нялюдскай улады, якая ўзамен за магчымасць служыць зашмат ад яго запатрабавала. Магла грукнуць кулаком, але і магла перад тым самым святаром стаць на калені і прасіць быць мужным. А потым магла зачыніцца ў пакоі і цэлую ноч маліцца — прасіць у Пана Бога падтрымкі для таго святара. І гэта ўсё было не вынікам нейкага асаблівага сяброўства. Проста яна была перакананая: святарства павінна быць святым.

Калі мой сын ішоў у духоўную семінарыю і ў нашай парафіі адпраўлялася за яго святая Імша, сястра Ядвіга прыехала памаліцца разам, а пасля Імшы падаравала яму ружанец са словамі: «Калі будзеш добрым святаром — ідзі. А калі не, то лепш не рушай туды».

 
* * *
Заўсёды, пры любой нагодзе, сястра Ядвіга прагнула як мага больш пачуць пра Бога. У казанні на пахавальнай Імшы айцец Вячаслаў Пялінак, якога з сястрой Ядвігай, нягледзячы на вялікую розніцу ва ўзросце, таксама звязвала добрае сяброўства, прыгадаў, як сястра Ядвіга прасіла яго яшчэ тады, калі ён быў клерыкам першага альбо другога курса, «расказаць ёй пра Бога».

Неяк я пажартавала, што сястра Ядвіга за свой немалы ўжо век так шмат пачула пра Бога, што ці магчыма яшчэ пачуць штосьці новае. А яна ў адказ: «Дык Ён жа бясконцы!».

 
* * *
Наша апошняя размова з сястрой Ядвігай адбылася ў капліцы дома сясцёр эўхарыстак у Барысаве. Да таго мы даволі шмат з ёю паразмаўлялі, а калі перад ад’ездам я зазірнула ў капліцу, там сядзела сястра Ядвіга з ружанцам у руках. «Вось думаю, — ціха сказала яна, — якія бедныя тыя людзі, што не ведаюць Бога, не хочуць ведаць Яго. Вось я сяджу перад

Ім, — кіўнула яна на табэрнакулюм, — і ніякага мне большага шчасця не трэба. А яны, — скрушна зірнула ў вакно, — яны ж нават не здагадваюцца, што можна быць такім шчаслівым! Усё мітусяцца ды мітусяцца нечага… Ды ўсё тое потым выйдзе на марнасць. А шчасце… тут…»

 
* * *
Уначы з 2 на 3 студзеня, калі труна з целам сястры Ядвігі стаяла перад алтаром у друйскім касцёле Святой Тройцы, мы з ксяндзом Вячаславам Пялінкам доўга маліліся пры труне, а потым яшчэ доўга сядзелі ды ўспаміналі, успаміналі нашу сястру Ядвігу. Не плакалі, як зазвычай плачуць на пахаваннях, хоць і развітваліся з вельмі дарагім для нас чалавекам. Мы проста прыгадвалі пачутае калісьці ад яе — трагічнае, павучальнае, камічнае, заўсёды напоўненае сэнсам. Ад многіх сясцёр у тыя дні я чула, як яны ўдзячныя сястры Ядвізе. Нам таксама было за што ёй дзякаваць. Прынамсі, я вельмі ўдзячная Богу за тое, што быў у маім жыцці гэты чалавек, чый лёс — нібы цэлая эпоха.

 
* * *
…Стаяў сцюдзёны, з нізка навіслымі над зямлёю грувасткімі шэрымі хмарамі зімовы дзень — 3 студзеня 2007 года.

На друйскіх могілках пасля малітвы ў той момант, калі ксёндз Францішак Кісель узняў руку для благаслаўлення, зусім неспадзявана ярка засвяціла сонца. І мне здалося, што разам з гэтымі сонечнымі промнямі ўжо з вечнасці мне ўсміхнулася сваёю добраю, прыветнаю ўсмешкаю сястра Ядвіга...


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY