|
|
№
1(39)/2007
Галерэя
Год паклікання да святасці
На кніжнай паліцы
Ad Fontes
Юбілеі
Музыка
Постаці
In memoriam
Мастацтва
Паэзія
На кніжнай паліцы
Палеміка
Пераклады
Проза
Практыкум
Нашы падарожжы
Мастацтва
|
Замест уступу Скульптуры з дрэва ўпрыгожвалі гарадскія паркі, ажыўлялі дрэвы. Калі горад заслалі спрэс шэрай пліткай, скульптуры пайшлі пад плітку. Разьбяр аслабеў. Каб падмануць кашчатую з касой, блытаў дзень з ноччу. Удзень спаў. Уночы глядзеў розныя кінафільмы па тэлевізары. Яна прыйшла на досвітку і забрала жыццё. Тэлевізар не выключыла. Жанчына спала ў суседнім пакоі. Разьбяр нарадзіўся разьбяром. Настаўнікаў у яго не было. Былі вучні. Вучні сабраліся ўсе, каб развітацца з настаўнікам. Марына, пушчанская дзяўчынка, сказала: — Разьбярыў святло. Тамара, якая выплятае з саломы золата бедным, сказала: — Стваральнік асяроддзя. Мікола, які рабіў тое самае, што разьбяр, сказаў: — Дзед... «...Паволі да мяне даходзіць, што сустракаў Святога, чуў Яго голас, які прамаўляў да мяне. Глядзеў мне заўсёды ў вочы і бачыў мой твар. Карміў мяне. Садзіў пры сваім стале. Яшчэ мацней карміў мяне сваім словам, я жывіўся ім і жыўлюся далей, таму не хачу і не магу пазбавіцца Яго прысутнасці. Штодзённа з Ім размаўляю. Бо сэрца Яна Паўла ІІ не перастала гарэць для нас вялікім агнём любові... Ян Павел ІІ жыве ў прасторы еднасці святых, сумоўя святых...».
Ян Гура, ОР.
А вось гнілы ствол — гэта цэлы скарб!... Чорныя і сінія грыбы сталі яму вушамі, пунсовыя расліны-паразіты ўпрыгожваюць яго, як рубіны, ляніва паўзучыя сцябліны пазычылі яму свае бароды, з яго прагніўшага нутра імкліва выслізгвае гадзіна, быццам выпарваецца, пакідае мёртвае дрэва жывая душа».
Пабла Неруда, «Прызнаюся: я жыў. Успаміны».
Двор сустракае мяне такімі чурбакамі, як у Пабла Неруды. З камлёў вылупліваюцца, як птушаняты з яек, храпы мядзведзяў, лісаў і ваўкоў. Уадным бервяне завязла галава невядомага мне героя — гэта ўжо помнік у нейкі дом адпачынку ці яшчэ куды. — Ты незнарок можаш яму вуха адцяпаць, — спрабую жартаваць. Пакуль што гаспадар маўчыць. Майстроўня сустракае мяне стракаценнем крылатых людзей — хорамі анёлаў, хэрубімаў і сэрафімаў... Першы раз бачу ў адным месцы столькі анёлаў... Ёсць тут і драўляныя птушкі, і Дон Кіхот на чырвонай тоўстай кабылцы. — Яна апухла з голаду, — кажа Мікола. Мае вочы прыцягваюць анёлы. Тры анёлы вылітыя з медзі. «Чаму такія сумныя?» — пытаюся. — «А чаго цешыцца, калі жыццё невясёлае?» Спілаванае дрэва не памірае. Мае свой драўляны рытм, сваё дыханне. Як чалавек на пальцах мае кожны свой адметны графічны малюнак, так і кожнае дрэўца мае сваю колцавую графіку... На днях я ішла каля рабочых, якія пілавалі ясенелісты клён, у разрэзе ўбачыла чырвоную пляму. Думала, што нехта парэзаўся. Але аказалася, што гэта кроў не чалавека, а дрэва... Колер залежыць ад пароды. Ясень — белы, асінка — цагляная, алешынка — чырвоная, елка — рудзейшая, дуб — цёмна-буры з шарызной, сасна — стракатая ад кольчыкаў. Колер дрэва залежыць і ад узросту, і ад глебы, з якой дрэва п’е сокі, і ад паветра, якім дыхае... І ад тэмпературы. «А ўсё перавязана зялёнай стужкай мяжы, на якой зрэдку сядзяць ціхія грушкі...» — гэта Адам Міцкевіч у «Пане Тадэвушу». Мой сын Валера найлепшым дрэвам для разьбярства лічыць грушку. Калі яшчэ яе паварыць пару дзён у металічных начоўках, то драўніна рэжацца як сырая, пасля разца не трэба чысціць шкуркай, само як адшліфаванае.
У майстэрні шмат розных паленцаў. Ляжаць сабе і ляжаць. З сучкамі, шчарбінкамі. Майстар паглядае на іх закаханымі вачыма. Гэта яго драўляныя дзеці. Спакваля ў галаве складваецца вобраз. Дрэва само падказвае майстру форму, памер. Мікола чуе, што яму шэптам кажа драўлянка. Ёсць асаблівая прастата святасці ў дакрананні вострым лязом да дрэва, з якога птушкай вылятае жывая душа, толькі нельга яе параніць, бо яна невідочная, як у чалавека. Таму анёлы ў майстроўні Міколы Скляра такія розныя, рознакрылыя. Адзін анёл доўгімі валасамі ўмацаваў апушчаныя крылы. Другі анёл закутаўся крыламі, як бабуля хустай. Трэці анёлак крылы ўзняў, як бусел перад узлётам. Чацвёрты ўзняў крыж... Пяты анёл закрыў рукамі тварык і плача. Шосты — моліцца выцягнутымі ў неба складзенымі далонямі. У аднога анёла прыклеены сасновыя крылцы з дубу, пражылкі ад кольцаў ствараюць ілюзію пер’я. Мікола вёз праз мяжу з Літвы трэску ясеня, у якой убачыў анёла. У літоўскім горадзе Прынай адбываўся пленэр да 500-годдзя горада. (Прынай стаіць таксама на Нёмане, як і Гародня). Мікола Скляр выразьбіў у парку лаўку «Нёман»: на адным канцы роўнай лаўкі — сівы вусаты бацька Нёман, а на другім канцы лаўкі — рыбкі, якія ў Нёмане жывуць. Мікола выразае анёлкаў, нібы складае Богу малітву, драўляную ахвяру разьбяра. Выдабыванне з паленцаў духоўных істотаў — гэта штодзённае сведчанне веры ў сакрамэнце працы...
Пасля вайны дзяўчаты насілі вятровачкі, дзеравянкі на драўлянай падэшве. Я марыла пра вялікі светлы стол. Такі стаяў, калі я адпачывала ў Дубултах, — стол на ўвесь пакой. Яшчэ я марыла, каб мае дзеці, сабачкі і коцікі, сядзелі дома на драўляных пяньках. Самую прыгожую прэмію імя Аркадзя Куляшова я ўбачыла ў паэткі Ніны Мацяш — бярозавы пянёк з выдзеўбленай сярэдзінай. Я за жыццё здзейсніла адну драўляную мару — адрамантавала і абсталявала драўлянымі прадметамі казачны домік паэта Максіма Багдановіча. Як у народнай казцы, хітрыя звяры выгналі мяне з казачнага доміка, дзе сумуюць сіроткі: драўляны конік, яечкі, ложак, столік, крэселка, плецены кошык... У Скляра Міколы ў майстроўні шмат, як ён кажа, ад зямнога пачатку, розных жаночых вобразаў. Мяне зацікавіла толькі Маці Божая Балесная —галава і плячо Мадонны выходзяць з бярозавага ствала: валасы не пакрытыя хустай, унізе не заплеценыя, зблытаныя, броўкі зведзеныя. Ад вока па шчацэ, як слязінка, ідзе цёмны сучок. Засмучаны Езус пакуль што з пластыліну. Мікола прызнаецца, што драўляны вобраз Езуса «Смуткуючага» давялося аддаць аднаму аматару яго творчасці. «Ці ж не ведаеце, што целы вашыя — святыня Духа Святога, які ў вас, якога вы маеце ад Бога, і што вы не належыце сабе самім? Бо вы куплены за вялікую цану. Таму слаўце Бога ў целе вашым!» (1 Кар 6, 19–20).
У Міколавай сям’і анёлаў ёсць адзін маленькі, з трухлявага корчыка, увесь у падзіраўленым, парваным убранні, ён ноччу свеціцца, але днём і ноччу ён белы. Мікола стругае корчыкі, пакуль яны не пасвятлеюць, бо ў Беларусі няма чорных анёлаў. Мікола кажа, што свеціцца ноччу толькі таполя. Калі струхлее. Кожнае дрэва можа стаць святым. Трэба асвячаць дрэва малітвай пілы, сякеры, разца і талентам творцы, ну і малітвай слова і святою вадзіцай. У канцы ХХ і ў пачатку ХХІ стагоддзя Мікола Скляр шмат ездзіў на пленэры. У Наваградку ён стварыў ваяўнічую постаць Гражыны па аднайменнай паэме Адама Міцкевіча. Каля штучнага возера ў мястэчку Гудзевічы сумуе, не ўмее плаваць драўляная русалка. Мікола ўдзельнічаў у пленэры да 925-годдзя Браслава ў 1990 годзе. Група мастакоў выразьбіла тады драўляных князёў браслаўскай легенды. У князя Дзвіна і княгіні Друі была дачка Дрыва. Пасваталіся да яе Сноў, Снуд і Брас. Сноў і Снуд забілі Браса, а самі біліся доўга, аж Снуд забіў Снова і сам памёр ад ранаў. Аказалася, што яны забілі не Браса, а яго слугу. Брас не ўзяў Дрывы з-за яе жорсткага сэрца. Дрыва кінулася з вежы ў возера. Дзвін і Друя памерлі з гора. Усе праліліся рэкамі. Брас застаўся адзін, княжыў доўга і справядліва. Двух жаніхоў і Дрыву выразьбіў Мікола Скляр.
Мікола Скляр ідзе да каталіцтва праз Касцёл. Едзе ў Літву і Польшчу, засяляе суседнія краіны драўлянымі «эмігрантамі». Першы раз Мікола паехаў на пленэр у Старае Сядліска за Эмблёнгам праз Саюз палякаў на Беларусі. Пленэр пад назвай «Сем сытых дзён у вёсцы» збіраў народны разьбяр Мірэк Дзевалтовіч. У 2000 г. Мікола выразьбіў у Сядліску святога апостала Пятра, вышынёй 80 см. На наступным пленэры выразьбіў для мясцовага лясніцтва двух блізнятаў-музыкаў у адным ствале, яны зрасліся спінамі. Некалькі разоў з’ездзіў у Вяржбіцу. Выразьбіў там Мадонну Вяржбіцкую з Дзіцем пад вярбой, вядома, і вярба з дубу... Там, у Вяржбіцы, прапанавалі выразьбіць бюст Слугі Божага Яна Паўла ІІ. Бюст устаноўлены каля сучаснага касцёла ў Вяржбіцы. Мікалай Скляр пасябраваў з разьбяром з Саколкі Пятром Шалкоўскім, які мае дом, а ў доме адзін паверх адведзены пад музей рамёстваў Саколкі, ці «рэгіянальнае памяшканне», куды прыязджаюць экскурсіі, каб вывучаць народную творчасць рэгіёна. Пётр з пані Крыстынай маюць чацвёра дарослых дзяцей і шмат унукаў. Людзі сябруюць і збліжаюцца тады, калі моцна трымаюцца кожны за свае карані... У майстэрні ў Міколы стаіць пластылінавы бюст Святога Айца. Мікола вывучаў яго таямнічую ўсмешку спачатку на падатлівым пластыліне. «Я не ведаю, як ствараюцца шэдэўры, — кажа Мікола. — Я ведаю, што чалавек у дрэве павінен быць падобным да арыгінала». Фігуру Яна Паўла ІІ у ціяры (больш за метр вышынёю) устанавілі ў прыгожым двары біскупскай курыі ў Драгічыне. Там жа, у Драгічыне, майстры выразьбілі як бы ў перапынках ад працы, магчыма, самы прыгожы свой твор — распяцце Езуса Хрыста. Мікола кажа: «Прыйшоў чалавек і папрасіў, мы не маглі адмовіць». Для польскага горада Бранска скульптуру Слугі Божага Яна Паўла ІІ у поўны рост вышынёю тры метры, у піусцы, з паднятай правай рукой і прытуленай да сэрца левай, майстры выразалі не на пленэры, не спяшаючы, а ў майстроўні ў Пятра ў Саколцы. Гэтая скульптура ўстаноўлена перад касцёлам у Бранску. У маі Мікола ўдзельнічаў у пленэры на тэму вады ў горадзе Драўна і пакінуў там русалку з рыбай як каралеву Драву. Пакуль я запісвала ўражанні ад нашай першай сустрэчы, Мікола з’ездзіў на пленэр у Грудак. Там разьбяр Мар’ян Мурак будуе ратонду на тэму «Пан Тадэвуш» Адама Міцкевіча. Сам гаспадар выразьбіў навес — па перыметры 36 рэльефаў памерам 2х1,7 м. Запрошаныя госці будуюць усіх персанажаў паэмы. Мікола Скляр удзельнічаў у трох пленэрах на тэму «Музыкі», «Ловы», а цяпер ездзіў на пленэр «Рада»... Выразьбіў шляхціца. На вачах усяго чалавецтва паклалі ў кіпарысавы човен святога, які ратаваў нас ад нас саміх, — Яна Паўла ІІ. У акце адкуплення чалавецтва ад смерці вечнай з нашым Збавіцелем прымала ўдзел Дрэва Крыжа...
|
|
|