|
|
№
1(39)/2007
Галерэя
Год паклікання да святасці
На кніжнай паліцы
Ad Fontes
Юбілеі
Музыка
Постаці
In memoriam
Мастацтва
Паэзія
На кніжнай паліцы
Палеміка
Пераклады
Проза
Практыкум
Нашы падарожжы
Мастацтва
|
Абразы ўздзейнічаюць на чалавека па-рознаму. Адны сваёй веліччу і незямным хараством кідаюць пілігрымаў на калені. Другія выклікаюць скруху ў сэрцы і клічуць да пакаяння. Іншыя лагодзяць боль, змушаюць адступацца хваробы, дораць чалавеку моц Хрыстовага аздараўлення. Абраз — яшчэ адна ласка Хрыстовага ўцелаўлення для нас, блізкасць жывога Бога ў нежывой матэрыі. Бога, які ў сваёй неабмежаванасці абмяжоўвае сам сябе для нас у кавалку хлеба, глытку віна, кавалку дошкі, фрагменце палатна, колерах фарбы і чалавечым ўяўленні. Бог — не абстракцыя, але Асоба. Вера — таксама не абстракцыя, але жыццё з Богам. Абраз — спроба прыадчыніць таямніцу жыцця чалавека з Богам тут, на зямлі. Абраз мучанікаў Юрыя і Антонія, створаны Валяр’янам Янушкевічам для росіцкага касцёла Святой Тройцы, выклікае пачуццё завершанасці ўбранства велічнай святыні. Белыя сцены, сціплы алтар, высокая столь — і абраз... Тут, у гэтым касцёле, ніхто і нішто не можа перашкаджаць абразу прамаўляць да верніка. «Такая наша вера» — відаць, гэтыя словы найбольш трапна акрэсліваюць духоўнае пасланне росіцкага абраза. Мучанікі стаяць на чырвона-вогненнай зямлі. «І сказаў Бог: «Не набліжайся сюды, здымі абутак з ног тваіх, бо месца, на якім ты стаіш, гэта святая зямля» (Зых 3, 5) Страшны кошт гэтай святасці. Кошт крыві і пакутаў, невыноснага людскога болю і цярпення. Але перадусім — гэта кошт вернасці Богу й вялікай любові да чалавека. Росіца — зямля нашай веры. Росіцкія мучанікі — два браты, святары Юры і Антоні — чамусьці нагадваюць мне святых Кірылу і Мятода. Мабыць, гэткай жа перакананасцю ў правільнасці абранага шляху і вернасці справе, якой яны прысвяцілі жыццё. Браты марыянскага паклікання й службы, яны ўзіраюцца на кожнага з нас як сведкі Уваскрасення Хрыста. Іхні позірк светлы, лагодны, але адначасова й патрабавальны. Нетутэйшая лёгкасць перамененага цела і адбітак вечнасці на тварах, пячатка вечнай маладосці... Выява хлява на абразе — сімвал запячатанай Хрыстовай магілы. Жыццё, якое дае чалавеку Бог, вечнае. Яго не мае моцы замкнуць, раструшчыць, знішчыць ні чалавек, ні шатан. «Душы справядлівых у руках Бога і не дакранецца да іх ніякая пакута» (Мдр 3, 1). Наша вера — Божая ласка. Яна не абмежаваная сценамі святыняў. Можа таму, калі мы молімся таксама і там, дзе пакуль няма храмаў ды капліцаў, мы ўсё адно перакананыя: Бог і там ёсць з намі. Абраз здольны прамаўляць да розных людзей па-рознаму. Гэтак жа, як па-рознаму ўспрымаюць людзі і саму росіцкую трагедыю: адны вучацца тут мужнасці, другія — любові і вернасці, трэція спасцігаюць тут сілу ахвяры. Але хіба ў адным няма сумневу: калі чалавек усё ж прыйдзе аднойчы на гэтае месца і суцішыць тут сваё сэрца, ён зможа адчуць і зразумець вельмі шмат. Гэтак жа, як шмат можа распавесці яму і абраз росіцкіх мучанікаў. Важна толькі нам памятаць яшчэ і тое, што абразы створаныя не для эстэтычнага аналізу і паэтычнага апісання, але для малітвы і сузірання. Яны — вокны ў вечнасць.
|
|
|