|
альбо Тэалогія, філасофія прыроды і этыка, палітыка,
эканомія, астраномія ды іншыя мастацтвы і навукі,
схаваныя старажытнымі ў міфах паганскай тэалогіі
(урывак)
ВЕНЕРА
У палітыцы
|
Нярэдкі сюжэт грэцкага вазавага жывапісу: Ахіл і Аякс без даспехаў гуляюць у час адпачынку на Траянскай вайне. У цэнтры — постаць Атэны-Паляды, грэцкай багіні абароны і мудрасці, якая ўзняла руку на знак трывогі.
На малюнку паказана дошка для гульні з каменьчыкамі. Ваза датуецца 490 г. да Н.Х., захоўваецца ў Гісторыка-мастацкім музеі ў Вене.
|
У старажытнасці Палямэдам 1 быў вынайдзены род гульні, у якой гулялі кубікамі і чатырма косткамі. У гэтай гульні самым удалым кідком быў той, калі выпадалі чатыры косткі з рознымі лічбамі. Ён называўся «кідком Венеры» і меў значэнне ліку трыста. Той, каму ён надарыўся, несумненна атрымліваў узнагароду. Таму ў Свэтонія 2 Аўгуст 3 у сваім лісце да Тыбэрыя 4 кажа: «Мы гулялі, мой Тыбэрыю, па-старэчаму і ўчора, і сёння. Пасля кідання костак, той, хто выкінуў «сабаку» ці шасцёрку, уносіў за кожную костку па дэнарыю і ўсе грошы забіраў той, хто выкінуў «Венеру» 5. Але найбольш ясна гаворыць Люкіян 6 у сваім дыялогу `ۢEρωτες «Тады, перадусім, той хто выкінуў саму багіню Венеру, гэта значыць, калі ніводная костка не ўпала на той самы бок, схіліўшыся, ушаноўваў бога, спадзеючыся, што здзейсніцца ягонае жаданне. Адсюль таксама і прыслоўе: «Калі часта будзеш кідаць косткі, некалі выкінеш і «Венеру». Бо косткі кідаліся такім парадкам, што саміх кідкоў было трыццаць пяць.
Першы кідок чатырма косткамі (чаго прытрымліваліся ў асобных кідках) — гэта чатыры кідкі простыя, так, каб усе косткі ўпалі на той самы бок, гэта значыць на тыя ж самыя лічбы, ці гэта будзе «сабака», ці шасцёрка, тройка альбо чацвёрка.
Другі кідок меў васемнаццаць кідкоў падвойных, так, каб чатыры косткі ўпалі толькі на два бакі.
Трэці кідок рабіўся дванаццаць разоў гэтак, каб чатыры косткі ўпалі на той самы бок і лік.
Нарэшце, рабілі толькі адзін, чатырохразовы кідок, і тады, калі ў апошнім кідку выпадалі розныя бакі ўсіх костак, гэты кідок называўся «Венераю» і выйграваў.
Можна сказаць пра дзяржаўных кіраўнікоў, якія здабываюць шмат каралеўстваў праз шлюбы і крэўныя повязі, што не ў гульні Марса, але нібы ў гульні Венеры і яе кідком, гэта значыць не войнамі і заўзятасцю, а ўступаючы ў сужэнскія сувязі з суседнімі ўладцамі, шчасліва і спакойна авалодваюць многімі дзяржавамі. Таму пра Аўстрыйскую імперыю і яе архікнязёў паўсюль кажуць так:
Войны хай іншыя правяць, ты, Аўстрыя, шлюбамі звязвай7, а Авідый8 справядліва кажа пра небаяздольнага Парыса:
Іншым ісці на вайну, ты ж Парыс, вечна кахай9.
У філасофіі
|
Астрагалы (tali), уласна косткі для гульні.
Тут усе чатыры косткі ляжаць на розных баках, як у «кідку Венеры».
|
Калі даследую старажытную гульню ў косткі, у якім кідок Венеры быў самым шчаслівым, яе паходжанне, вынаходніка і задуму самога гэтага вынаходніка, знаходжу шмат вельмі цікавага для разважання над усёй філасофіяй. Бо Свіда 10 ў Турнэба 11 красамоўна кажа: «Палямэд вынайшаў табліцу для гульні грэцкага войска не без вялікай філасофіі. Бо сама табліца — гэта зямны свет: лік дванаццаць — задыяк, псэфібол (гэта значыць кубак на косткі для гульні) і сем кулек у ім — сем блукаючых планетаў. Вежа — вяршыня неба. Бо косткі выкідвалі на табліцу не рукою, але каб пазбегнуць падману ад рук, кідалі іх праз вежачку. Яна была ўнутры накшталт завітай і ступеньчата выдзеўбанай ракавіны, закручанай ускоснымі загінамі так, каб косткі, кінутыя праз яе, натрапляючы на шматлікія ступені, часцей перакульваліся і выпадалі непрадказальна. Ці мог Палямэд вынайсці штосьці больш цікавейшае і дасціпнейшае за гэта для вытлумачэння ўсёй філасофіі?
Па-першае, ён прыпадобніў табліцу для гульні да зямнога свету; бо як на табліцы, на якой вядзецца гульня, робяцца яўнымі сама гульня, яе вынікі, здабыткі і страты гульцоў, гэтак і ў зямным свеце адмысловым чынам выяўляюцца наступствы збегу ўсіх зорак і планетаў і ўсіх універсальных прычынаў.
Па-другое, ён прыраўняў лік дванаццаці аддзелаў дошкі да Задыяку. Бо як кідкі сямі кулек у межах дванаццаці палёў даюць розныя вынікі, гэтак і сем планетаў, па-рознаму рухаючыся ўнутры дванаццаці знакаў Задыяка, спрычыняюць розныя вынікі ў зямным свеце.
Па-трэцяе, сем кулек ён прыраўняў да сямі блукаючых зорак, гэта значыць да сямі планетаў. Бо ў гульні па-рознаму набываюць ці страчваюць не толькі дзеля рознай вартасці саміх кулек: шасцёркі, чацвёркі, тройкі ды інш., але таксама дзеля розных спалучэнняў з іншымі кулькамі. Так не толькі моц саміх сямі планетаў, але розны іх выгляд і суседства, а таксама іхняе ўзаемнае размяшчэнне прыносяць розныя павелічэнні ці змяншэнні рэчаў у гэтым падмесячным свеце. Бо, як, напрыклад, адзінка ці «сабака» ў гульні пройгрышная, калі яна адна, а, наадварот, выпаўшы разам з шасцёркаю, тройкаю і чацвёркаю ў кідку Венеры перамагае і выйграе, так, напрыклад, і Меркурый у спалучэнні з Марсам ці Сатурнам прыносіць страты, а калі з Юпітэрам ці Венераю — дае прырост прыродным рэчам.
Па- чацвёртае, пакручаста і ступеньчата выразаная ўнутры вежачка ці не выяўляе спярша вяршыні неба, затым пэўную яго ўстойлівасць і нарэшце ўнутранай крывізною ці не перадае яна ўскосных і заблытаных рухаў зорак! І сапраўды трапна кажуць, што зоркі рухаюцца па небе быццам праз вежачку. Таму і ў небе, як на нейкай дазорнай вежы сусвету, нібы на варце і старожы свету яны ззяюць вартаўнічымі агнямі. Адсюль і Святое Пісанне: «Зоркі — кажа яно — далі святло ў старожах сваіх, узрадаваліся і сказалі: вось мы тут і свяцілі яму з прыемнасцю»12, — сапраўды, гэтак жа, як і ў нейкай прыемнай гульні. Таму цудоўна адпавядае гэтаму меркаванне Свіды, што гульня была вынайдзеная Палямэдам для забавы грэцкага войска, гэта значыць як наследаванне відовішчавых змаганняў, якія ладзіліся грэкамі. Сугучнае гэтаму і тое, што ў Святым Пісанні зоркі часта называюцца нябесным войскам, — ім, месяцу і сонцу надаюцца стрэлы і намёты: «Сонца і Месяц сталі ў намёце сваім. У святле стрэлаў тваіх пойдуць і ў бляску бліскавічнай дзіды тваёй»13. І ў іншым месцы: «Зоркі, застаючыся ў парадку і бегу сваім, ваявалі супроць Сізары»14. Таму, як у войску, дзе ёсць пэўная колькасць аддзелаў, а ў гульні — кулек, так і ў гэтай гульні Божай Усемагутнасці, датычнай прыроды, ёсць пэўны лік планетаў. «Той, хто вывеў» — кажа Святое Пісанне — «у ліку войска нябеснае»15. Нарэшце гэты патаемны шлях костак праз вежачку выдатна выяўляе сукрытыя сілы (якія перыпатэтыкі называюць уплывамі) ды іхняе таемнае сыходжанне з неба на зямлю. Ад іх на зямлі праяўляюцца розныя карысці альбо шкоды: то здаровае паветра, то пошасці, то няплоднасць палёў, то ўраджайнасць, то вятры, то лагоднае паветра, то імкненне да супакою, то непатрэбная схільнасць, слушная ці няслушная, чалавечай волі да вайны, выкліканая ўзрушанымі вадкасцямі. Некаторыя дадаюць, што ў старажытных пэўныя кулькі ці каменьчыкі ў залежнасці ад колеру мелі розную вартасць. Таму ў Марцыяла16:
|
Бронзавае люстэрка з выяваю Афрадыты (Венеры), якая гуляе ў косткі з грэцкім боствам палёў і лясоў, апекуном пастухоў і статкаў — Панам. Грэцыя, каля 350 г. да Н.Х.
|
Бо адны каменьчыкі былі чорныя, а другія — белыя. Магчыма, гэтым Палямэд пазначыў зацьменні планетаў, праз якія планеты робяцца цёмнымі і шкоднымі. Не магу прапусціць і таго, што пісалі пра косткі іншыя, а менавіта, што сама дошка мела палі рознага колеру: белыя і чорныя. Думаю, што тым самым Палямэд паказаў чорныя і белыя прамежкі начэй і дзён, святлом і цемрай якіх сама зямля расфарбоўваецца, нібы дошка. І як у гульні прыбытак аднаго ёсць стратаю для другога, так і ў гэтай філасофскай гульні Божай Усемагутнасці ёсць толькі два вынікі распачатай забавы, змагання між універсальнымі прычынамі: гібель і нараджэнне; і гібель аднаго ёсць нараджэннем другога 18. І, вяртаючыся да кідка Венеры: гэтак як ён — самы шчаслівы і пераможны ў гульні, так узнікненне рэчаў і працяг існавання — гэта найцудоўнейшы вынік з усіх, якія толькі здараюцца ў падмесячным свеце.
І я лічу, што гэта тая святая і Боская гульня Божае Мудрасці, пра якую сама Мудрасць гожа спявае ў восьмым раздзеле Прыпавесцяў, у вершы 30: «Я была з ім, — кажа, — усё ўладкоўваючы, цешылася ва ўсе дні, гуляючы перад ім увесь час, гуляючы ў коле зямным і весела мне быць з сынамі чалавечымі»19.
Дык што ж больш падобнае да дошкі і гульні Палямэда альбо лепшае для вытлумачэння парадку і суладдзя прыроды і свету магла сказаць Божая Мудрасць?
Бо спачатку: «яна гуляе ўсё ўладкоўваючы». І як з рознага ўкладу і кідка костак складаецца прыемная разнастайнасць ды суладдзе гульні і здараецца найшчаслівейшы кідок, калі ўсе косткі падаюць якраз на розныя бакі, як бачыў ты на дошцы, але называюцца яны іменем Венеры ці сяброўства, так і з рознага складу разнастайных рэчаў у свеце нараджаецца нібы своеасаблівае сяброўства. Бо спярша кожная рэч і найбольш прыстасаваная для самазахавання любіць сябе нейкай прыроднай любоўю, затым яна таксама любіць агульнае дабро свету і суседніх рэчаў так, што часам, калі таго вымагае дабро ўсяго і агульны парадак прыроды, яна адступаецца ад любові да сябе, свайго месца і права. Пра гэта разважаюць перыпатэтыкі, кажучы пра небяспеку паражнечы. Адбываецца так, што з волі Божае Мудрасці, хоць свет і складаецца з розных рэчаў і паўсюль на гэтай нібы дошцы кожная костка мае свой бок, але гэты кідок лічыцца кідком Венеры. Таму дасціпна кажа Тулій20: «Дзіўным чынам прырода ёсць ліслівай паяднальніцай і нібы зводніцай самой сябе»21.
|
Астрагалы (tali), уласна косткі для гульні.
Тут усе чатыры косткі ляжаць на розных баках, як у «кідку Венеры».
|
Затым Божая Мудрасць гуляе, уладкоўваючы усё, і тады, калі абавязвае да згоды і ўзаемных зносінаў найбольш супярэчныя сутнасці, нібы абвясціўшы і наказаўшы суладдзе. Згодна з такім уладкаваннем рэчаў яна ўчыніла жыццё самому сусвету. Каб сказаць гэта больш ясна, — як на дошцы Палямэда гуляюць чатырма косткамі, так і Божая Мудрасць гуляе ў зямным коле чатырма прыроднымі ўласцівасцямі: цяплом, холадам, вільготнасцю і сухасцю, укладаючы іх узаемна. Гуляе ж яна, перш за ўсё, у тых сутнасцях, якія, як кажуць перыпатэтыкі, змяшчаюць гэтыя чатыры ўласцівасці ў адметнай ступені. Такімі ёсць сем планетаў, бо дзякуючы атрыманай моцы адны з іх цёплыя, як Марс і Юпітэр, іншыя ж халодныя, як Сатурн, іншыя вільготныя, як Месяц, а іншыя сухія. Божая Мудрасць карыстаецца рознай іх моцаю і становішчам нібы кідком то для знішчэння рэчаў, то для стварэння; бо з іх сыходзяць у ніжэйшы свет няплоднасць і недахоп вільгаці, а таксама цяжарнасць, роды і ўчаснае нараджэнне. Дык і ў гэтай гульні таксама шчаслівым і пераможным ёсць кідок Венеры, як слушна піша Баэцый 22 у «Суцяшэнні філасофіяй»:
Рэчы вяжа ў адно любоў,
Морам правіць і ўсёй зямлёй,
Неба ўлада ў яе руках!
Варта цуглі аслабіць ёй,
Ўсё, што ласкай з’яднанае,
Зараз жа распачне вайну.
Сілы тыя, што свет цяпер,
Дружнай рухаюць талакой,
Будуць мкнуцца яго зламаць.
Супакой на зямлі яна
Ўсім народам нясе заўжды.
Сэрцаў чыстых кахання звяз
Лучыць шлюбам святым любоў23.
|
Затым яна гуляе, укладаючы тыя ж чатыры ўласцівасці ў сутнасцях, якія ўтрымліваюць іх уласна і, як кажуць пэрыпатэтыкі, фармальна. Бо яна ўкладае іх для ўтварэння і недасканалых сумесяў, гэткіх як град, дождж, маланка ды інш., і дасканалых — як жывых, накшталт раслінаў, жывёлаў і людзей, так і нежывых, накшталт каштоўных камянёў, металаў ды інш.
Урэшце: яна гуляе, укладаючы ў іх тыя ж чатыры ўласцівасці, якія ўтрымліваюцца ў іх не толькі ўласна, але таксама, — як называюць перыпатэтыкі, — віртуальна. Бо ў розныя травы, каштоўныя камяні і металы ды іншыя рэчы гэтага роду Божая Мудрасць улучыла тое, што надаецца да захавання жыцця і да зельнага ды хімічнага лекавання. Прапускаю ўсе іншыя ўклады і розныя нібы кідкі, што ўзнікаюць з рознага спалучэння тых жа чатырох уласцівасцяў, як розныя смакі, гукі, пахі, колеры, а таксама гушчыню і мяккасць рэчаў, у якіх дзеля дзівоснай разнастайнасці Божая Мудрасць, як кажуць, гуляе найпрыгажэйшым кідком Венеры, гэта значыць хараства. І пра гэта таксама вельмі гожа спявае Боэцый:
Згода гэтая мерай роўнаю,
Элементам усім адмервае моц.
Чаргаваліся каб макрэча і суш,
І ў даверы агонь са сцюжай жылі.
Хай полымя ўвысь шугае мацней,
Зямля ж цяжэй хай асядзе ўніз24.
|
і крыху далей:
Мера жывіць усё і дае жыццё
Усяму на зямлі, што дыхаць прагне.
Даруе яго, адбірае зноў,
І творы свае да згубы вядзе...
Гэтак правіць усім адна любоў25.
|
Калі мы будзем весці гаворку ўласна пра лік сямі кулек Палямэда, то, магчыма, ён больш будзе адпаведным гульні Божай Мудрасці, паколькі старажытныя сваю Мінерву26, гэта значыць мудрасць, абазначалі лічбаю сем і сямёрку ўвогуле называлі Палядаю.
Бо як сямёрка паходзіць не з нейкага складання лікаў — як вучыць Пітагор27, — але з памнажэння адзінкі (манады), нараджаючыся з яе, як з пачатковага ліку, так і паганская Паляда нараджаецца ад аднаго бацькі Юпітэра без маці, а менавіта з яго галавы. Таксама і Божая Мудрасць, гэта значыць вечнае Слова, нараджаецца ад аднаго вечнага Айца, нібы з адзінкі. Егіпцяне ж трапна абазначалі дзявоцтва сямёркаю, і, мяркую, таму, што падвоеная яна не ўтварае ніякага ліку, які змяшчаўся б унутры дзесяткі, а яна, як вядома, ёсць першаю мяжою лікаў.
Гэта сапраўды доказ таго, што менавіта сама Божая Мудрасць бясспрэчна ёсць дзеваю і не апаганьваецца нараджэннямі рэчаў. Але і ў кідку Венеры яна гуляе сямёркаю (бо некаторыя аўтары, якія пісалі пра косткі, перадаюць, што кідок Венеры ў гульні меў лік большы за шасцёрку на адзін, гэта значыць сямёрку, так што сямёрка ў гульні заўсёды была пераможнаю), гэта значыць дбае пра нараджэнне ніжэйшых рэчаў праз усеагульныя і частковыя прычыны.
Салязар28 у сваім «Каментары» даводзіць, што гэтае слова «гуляючы» (ludens) некаторыя прыкладна так разумеюць, і пацвярджае гэта аўтарытэтам іншых фразаў Святога Пісання, такіх як «Сеў народ есці і піць, і пачалі гуляць»29, і «Калі ўбачыла Сара сына егіпцянкі, які гуляў з яе сынам30», дзе дзеяслоў ludo, паводле некаторых тлумачальнікаў, бярэцца замест lascivio — забаўляюся, сваволю. Таму, паводле тых жа аўтараў, гэта лёгка можна аднесці (калі толькі зрабіць гэта бездакорна і ўважліва) да Божай Мудрасці, якая разумее, што «ўвесь час гуляла ў зямным коле», гэта значыць, пасля першага стварэння рэчаў адпачывала, а затым нібы найпрыгажэйшай гульнёю занялася спараджэннем і размнажэннем рэчаў з нейкай чыстаю і глыбокаю асалодаю.
|
Дзве вежачкі для выкідвання костак. Злева — драўляная з Егіпта (Егіпецкі музей
у Каіры), справа — бронзавая з Нямеччыны (Райнскі зямельны музей у Боне).
|
А наколькі ў гэтай гульні прыслугоўвае ўласна Божай Мудрасці лік сем, можна высветліць бадай з кожнай навукі. Бо, па-першае, без яго не можа быць утворанае геаметрычнае цела. «Першая плоская фігура з няпарнай колькасцю бакоў утрымліваецца ў трох лініях, бо ў іх змяшчаецца трохкутнік; першая ж фігура з парнаю колькасцю бакоў знаходзіцца ў чатырох лініях» 31. Гэта ж агульнавядома з усёй матэматыкі і фізікі, бо матэматычныя фігуры складаюцца з трохступенна прырастаючых велічыняў, паколькі «альбо лінія паўстае з кропкі, альбо з лініі паверхня, альбо з плашчыні аб’ём» 32. Фізічныя ж целы набываюць трываласць цялеснай субстанцыі згодным зрастаннем праз паяднанне і сувязь чатырох элементаў і такім чынам па неабходнасці ўсе целы ўтвараюцца з сямёркі, бо з тых трох матэматычных узроўняў і чатырох фізічных элементаў складаецца ўсё, што ўзнікае. Вось так з трох і чатырох утвараецца сямёрка. Але апрача таго, калі разглядаць толькі матэматычную фігуру, то ва ўсіх такіх фігураў ёсць тры вымярэнні: даўжыня, шырыня, вышыня, а асноўных паняццяў пры абмеры – чатыры: кропка, лінія, паверхня і сам аб’ём, выяўляецца, што і яны таксама маюць у аснове сямёрку. Далей, калі разглядаць толькі фізічныя целы, то ёсць чатыры элементы, з якіх яны складаюцца: зямля, вада, паветра і агонь, і яны несумненна аддзяляюцца трыма прамежкамі. Першы прамежак між зямлёю і вадою старажытныя філосафы называлі Неабходнасцю, бо мяркуюць, што ён звязвае і змацоўвае тое, што ў целах глеістае. Другі прамежак, між вадой і паветрам, называецца Гармоніяй, гэта значыць згоднай і суладнай адпаведнасцю, бо гэта прамежак, які лучыць ніжэйшае з вышэйшым, так, што згаджаюцца адрозныя рэчы. Трэці ж прамежак, між паветрам і агнём, называецца Паслухмянасцю, бо так як рэчы глеістыя і цяжкія злучаюцца з вышэйшымі неабходнасцю, гэтак вышэйшыя звязваюцца з глеістымі паслухмянасцю, у той час як гармонія, будучы ў сярэдзіне, забяспечвае паяднанне тых і другіх. Магчыма, гэтую Гармонію, гэта значыць нейкую згоду элементаў, народжаную з суладнай несуладнасці рэчаў дзеля захавання свету і ўратавання прыроды, старажытныя лічылі народжанай ад Венеры і Марса. Вось жа, з відавочнасцю выяўляецца, што дасканалая цэльнасць целаў грунтуецца на чатырох элементах і трох прамежках між імі. Такім чынам, гэтыя два лікі: тройка і чацвёрка, гэта значыць — сямёрка, з’яднаныя між сабою такой рознабаковай неабходнасцю сувязі пры ўтварэнні целаў, па ўзаемнай згодзе паслухмяныя адно аднаму і падпарадкоўваюцца пагадненню. Нельга абмінуць таго, што зазначае Плятон 33 у «Тымэі» 34: немагчыма ўтварыць плашчыню без трох і аб’ём без чатырох, так што лік сем мае падвойную моц звязвання, бо абедзве яго часткі выбраныя лёсам сярод усіх лікаў як першыя сувязі, бо першы лік тройка яднаецца адной сярэдняй часткаю, а чацвёрка — дзвюма.
Таму слушна Тулій так кажа пра сямёрку: «Гэты лік ёсць бадай вузлом усіх рэчаў»35 . І менавіта таму яго прадстаўляюць сем кулек на дошцы Палямэда; бо мы адзначылі, што там былі чатыры косткі і тры кубікі. Калі ж гаворка ідзе толькі пра кідок Венеры, то Эўгентын у каментары да Пэрсія36 , Бэрвальд — да Свэтонія, Палідор — да Вэргілія37 а таксама іншыя лічаць, што ён меў вартасць сямёркі. Але на падставе якога аўтарытэту яны гэта сцвярджалі, — невядома. Вядома толькі тое, што калі кідок Венеры падзяліць на дзве часткі, ён будзе мець двойчы па сямёрцы. Бо калі складаюцца тройка з чацвёркаю, г. зн. suppus з planus, яны даюць сем, падобным чынам, калі спалучаюцца κώος «Коскі38 кідок» з «сабакам», гэта значыць шасцёрка з адзінкаю, яны ўтвараюць сямёрку. Таму несумненна, што менавіта кідком Венеры, гэта значыць розным складваннем сямёркі, цешыцца і забаўляецца ўвесь час, гуляе ў коле зямным Божая Мудрасць, і што зямное кола ёсць нібы нейкаю адмысловаю дошкаю, на якой здараецца памянёны кідок Венеры. Адсюль цалкам справядліва св. Аўгустын39 адзначае, што паўсфера, якая асвятляецца сонцам, у старажытных была падпарадкаваная ўладзе Венеры і называлася Венераю; астатняя ж, ніжэйшая частка зямлі, як верылі яны, знаходзілася пад уладаю Весты40. Выраз «Божая Мудрасць гуляе ў коле зямным» таксама можна разумець інакш і ў іншым сэнсе, адрозным ад таго, які мы выявілі, кажучы пра ўладкаванне рэчаў. Ці нельга гэта аднесці да той дзівоснай лёгкасці, з якою яна нібы без высілку і стомы, быццам адпачываючы і гуляючы, усё стварае і спараджае. Альбо напэўна Божая Мудрасць, нібы чакаючы таго стану вечнасці, які надыдзе толькі тады, калі праміне век гэтага свету і сусветны гадзіннік, гэта значыць абяртанні нябесных целаў, спыніцца, а мы самі з яе ласкі станемся прычаснікамі несмяротнасці, нібы, — кажу я зноў, — сама яна, ахопленая нудою, паводле чалавечага звычаю, займае сябе тым часам гэтаю гульнёю, «гуляючы ўвесь час». Бо трэба, каб час нейкаю сваёю цягласцю і абмежаванасцю быў нудны для істоты несмяротнай і сузіраючай несмяротнае. Таму сама Мудрасць красамоўна кажа пра сябе: «гуляючы ўвесь час», нібы гуляе дзеля падману самога гэтага часу і быццам мімаходзь, толькі праходзячы, ідзе праз увесь век гэтага свету ад самага яго пачатку і аж да дня суда. Абвяшчае ж яна, што гуляе «ў коле зямным», а не ў небе, бо там не гуляе тымчасам, але рыхтуе нам валадарства, як наказаў ёй Айцец, і займаецца там гэтым сур’ёзна, а тут між іншым, нібы гуляючы, ад нуды смяротных рэчаў, гэта значыць, у той вызначанай для нас сядзібе вечнасці яна не выкідвае, як у гульні, а ўладкоўвае справы смяротных.
Пераклад з лаціны з выдання: Maciej Kazimierz Sarbiewski.
Dii gentium. Bogowie pogan / Wstęp, opr. i przekł. Krystyna Stawiecka. Wrocław i in., 1972. S. 128–152.
Гл. таксама:
:: ГУЛЬНЯ БОЖАЙ ЛЮБОВІ ::
- Палямэд — (грэцк. «штукар», «вынаходнік») сын эўбэйскага цара Наўплія, легендарны герой Траянскай вайны, мудры дарадца грэкаў, паплечнік Адысея. Па намове злопомнага Адысея, якога ён звінаваціў у трусасці, быў укаменаваны пад Трояй. Лічыўся вынаходнікам мастацтваў і рамёстваў, мераў і вагаў, грэцкага алфавітнага пісьма, а таксама гульні ў косткі.
- Свэтоній — Гай Свэтоній Транквіл, рымскі пісьменнік. Самы вядомы яго твор «Жыцці цэзараў», дзе прадстаўленыя жыццяпісы 12 рымскіх імператараў ад Юлія Цэзара да Даміцыяна. Дзякуючы гэтаму твору да нас дайшлі лісты імператара Аўгуста, якія ў ім часта цытуюцца.
- Аўгуст — Гай Юлій Актавіян Аўгуст, рымскі імператар (27 г. да Н.Х. – 14 г. пасля Н.Х.), наступнік Цэзара. Час яго кіравання вядомы культурным уздымам, росквітам навук і літаратуры. Аўгуст спрыяў пісьменнікам і паэтам, сам спрабаваў свае сілы ў прыгожым пісьменстве. Захапляўся гульнёю ў косткі.
- Тыбэрый — Клаўдый Тыбэрый Нэрон, найбольш вядомы палкаводзец эпохі Аўгуста. Пасля жаніцьбы Аўгуста з яго маці стаў пасынкам Аўгуста, а затым быў усыноўлены і абвешчаны яго пераемнікам. Пасля смерці Аўгуста — рымскі імператар (14–37 гг. пасля Н.Х.).
- Suetonius. Divus Augustus, 71.
- Люкіян — Люкіян з Камагены над Эўфратам (каля 120 – каля 190 гг. пасля Н.Х.), старагрэцкі красамоўца і пісьменнік. Вядомы найперш сваімі сатырычнымі дыялогамі, з якіх найбольш папулярнымі былі «Дыялогі багоў». Але твор, згаданы Сарбеўскім, як было высветлена пазнейшымі філолагамі, быў напісаны не Люкіянам, а нейкім іншым аўтарам, якога называюць Псеўдалюкіянам.
- Даволі вядомы верш, аўтарам якога быў Матыяш (ці Мацей) Корвін (венг. Hunyadi Mбtyбs, 1443–1490) — найслаўнейшы кароль Венгрыі (з 1458), пры якім яна дасягнула найбольшай магутнасці. Далучыў да свайго каралеўства чэшскія землі і стаў таксама каралём Чэшскім (з 1469), а затым — землі Дольнай Аўстрыі. Безвынікова імкнуўся стаць імператарам. Атрымаў адукуцыю ў Італіі, быў захоплены ідэямі Рэнесансу. Вядомы як мецэнат навук, літаратуры і мастацтва. Заснаваў універсітэт у Браціславе. Вершаваны памер цытаты — дактылічны гекзаметр.
- Авідый — Публій Авідый Назон (43 г. да Н.Х. – 18 ці 17 г. пасля Н.Х.), сусветна вядомы рымскі паэт эпохі Аўгуста, спявак кахання, з невядомых прычынаў выгнаны імператарам з Рыма ў далёкі прычарнаморскі горад Томы (сёння Канстанца ў Румыніі), адкуль ён дасылаў сябрам выдатныя элегічныя творы, якія сталі неперавершаным узорам для ўсёй еўрапейскай паэзіі. Памёр на выгнанні.
- М. Сарбеўскі падае недакладную цытату з Авідыя. Замест: Bella gerant alii, tu, Pari, semper ama!, павінна быць: bella gerant fortes, tu, Pari, semper ama! — Ovidius. Epist. (Heroid.) 17, 254). Вершаваны памер — дактылічны пентаметр.
- Свіда (Suidas) ці Суда (Suda) — пад гэтым імем з Х ст. да нас дайшла своеасаблівая энцыклапедыя, альбо лексікон з каштоўнымі звесткамі з грэцкай мовы, гісторыі і міфалогіі. Змяшчае каля 30 000 артыкулаў.
- Турнэб — Адрыян Турнэб (Андрэ Турнэб), французскі філолаг-класік (1512–1565 гг.), які выдаваў і каментаваў грэцкіх і лацінскіх аўтараў, перакладаў грэцкіх пісьменнікаў на лацінскую і французскую мовы. Гл.: Turnebus A. Adversariorum libri XXX. Argentinae, 1599. XIII, 23, col. 529; XXVII, 3, col. 949 etc.
- Бар 3, 34. Stellae dederunt lumen in custodiis suis, laetatae sunt et dixerunt: ecce adsumus, et luxerunt ei cum iucunditate || Stellae autem splenduerunt in custodiis suis et laetatae sunt. Vocavit eas, et dixerunt: «Adsumus»; luxerunt cum laetitia ei. Паколькі Сарбеўскі карыстаўся ранейшым варыянтам Вульгаты, беручы з яго цытаты, якія мы пераклалі, падаецца мэтазгодным падаваць тут і далей поруч з варыянтам Сарбеўскага адпаведнае месца з новай рэдакцыі Вульгаты, прынятай сёння, раздзяляючы знакам ||, злева — варыянт Сарбеўскага, а справа — адпаведнік з новай Вульгаты.
- Абк 3, 11. Sol et Luna steterunt in tabernaculo suo. In luce sagittarum tuarum ibunt et in splendore fulgurantis hastae tuae || Sol et luna steterunt in habitaculo suo, prae luce sagittarum tuarum discedunt, prae splendore fulgurantis hastae tuae.
- Суд 5, 20. Stellae manentes in ordine et cursu suo adversus Sisaram pugnavertmt || De caelo dimicaverunt stellae,cursu suo adversus Sisaram pugnaverunt.
- Іс 40, 26. Qui educit in numero militiam caeli || Qui educit in numero militiam eorum.
- Марцыял — Марк Валерый Марцыял (каля 40–104 гг. пасля Н. Х.), знакаміты рымскі паэт, які праславіўся сваімі дасціпнымі і з’едлівымі эпіграмамі.
- Martialis. Epigr. XIV, 17.
- Тут амаль даслоўная цытата з твора «Пра Божыя імёны», што выйшаў пад імем Дыянісія Арэапагіта, якога лічылі вучнем апостала Паўла. Але залежнасць тэксту ад пазнейшых хрысціянскіх пісьменнікаў, а таксама асаблівасці мовы схіляюць да меркавання, што аўтар жыў пазней, на мяжы IV і V стст.
- Прып 8, 30 Cum eo eram cuncta componens et delectabar per singulos dies ludens coram eo omni tempore, ludens in orbe terrarum et deliciae meae esse cum filiis hominum || cum eo eram ut artifex: delectatio eius per singulos dies, ludens coram eo omni tempore, ludens in orbe terrarum, et deliciae meae esse cum filiis hominum.
- Тулій — Марк Тулій Цыцэрон (106–43 гг. да Н. Х.), славуты рымскі прамоўца, філосаф і палітык, пладавіты пісьменнік. Мова Цыцэрона лічыцца ўзорам класічнай лацінскай мовы.
- Cicero. Nat. deor. I, 71.
- Баэцый — Аніцый Манлій Таркват Северын Баэцый (каля 475–524 гг. пасля Н. Х.), хрысціянскі філосаф пачатку Сярэднявечча. Нарадзіўся каля той часавай мяжы (476 г.), якая традыцыйна лічыцца рубяжом паміж Антычнасцю і Сярэднявеччам. Гэтыя эпохі адбіліся ў яго жыцці і творчасці. Баэцыя называюць «апошнім рымлянінам і першым схаластам». Паходзіў са знатнага рымскага роду і займаў высокія становішчы пры двары заваёўніка Італіі, остгоцкага караля Тэадорыха. Быў звінавачаны ў здрадзе, увязнены і праз два гады пакараны смерцю. У зняволенні стварыў самы вядомы свой твор «Суцяшэнне філасофіяй», які напісаны прозаю і вершамі ў форме дыялогу вязня з Пані Філасофіяй, якая суцяшае яго ў няшчасці.
- Boetius. De consol. phiil. II. 8, 15. Вершаваны памер — гліконій.
- Ibid. IV. 6, 19. Вершаваны памер — анапестычны дыметр.
- Ibid. IV. 6, 30.
- Мінерва — рымскі адпаведнік грэцкай Атэне, міфічнае бостве мудрасці, апякунка навук і мастацтваў, абаронца гарадоў. Захоўвала вечнае дзявоцтва. Паводле адной з версіяў міфа, нарадзілася з галавы Юпітэра (у грэкаў Дзеўса). Эпітэт «Паляда» прыняла пасля таго як незнарок забіла свайго сябра па гульні Паланта.
- Пітагор — старагрэцкі філосаф, матэматык і містык, пачынальнік філасофска-рэлігійнага кірунку і школы пітагарэйцаў. Нарадзіўся на востраве Самас, затым, відаць ратуючыся ад тырана Палікрата, перабраўся ў Італію, у заснаваны грэцкімі каланістамі Кратон, дзе стварыў сваю школу і стаў пачынальнікам філасофскага кірунку пітагарэйства. Час ягонага паўміфічнага жыцця адносяць да VI ст. да Н. Х. Лічыцца, што ён з’яўляецца аўтарам шэрагу адкрыццяў у галіне матэматыкі, астраноміі і і музыкі, але, магчыма, некаторыя з іх зроблена яго вучнямі.
- Салязар — Салязар дэ Эстэбан (1532–1596 гг.) — аўтар шэрагу тэалагічных працаў і каментараў.
- Зых 32, 6. Sedit populus man-dticare et bibere et inceperunt ludere || sedit populus manducare et bibere et surrexerunt ludere.
- Быц 21, 9. Cum vidisset Sara filiiim Aegyptiae ludentem cum filio suo || Cumque vidisset Sara filium Agar Aegyptiae iocantem cum Isaac filio suo, dixit ad Abraham:
- Macrobius. Com. in Somn. Scip. I. 6, 22.
- Ibid. 35.
- Плятон — вядомы грэцкі філосаф (427–347 гг. да Н. Х.), вучань і паслядоўнік Сакрата, заснавальнік Акадэміі і школы ідэалізму. Зрабіў вялікі ўплыў на хрысціянскую філасофіію. Вядомы перадусім сваімі філасофскімі дыялогамі. У больш ранніх з іх галоўнай дзейнай асобаю выступае Сакрат. У пазнейшых, у прыватнасці, Тымэі ён абгрунтоўвае і развівае сваё вучэнне пра ідэі — нязменныя і вечныя правобразы пачуццёвага свету.
- М. Сарбеўскі спасылаецца на дыялог Плятона «Тымэй» апасродкавана праз Макробія: Macrobius. Com. in Somn. Scip. I. 6, 34.
- Cicero. De Re Publica. VI, 18.
- Пэрсій — Аўл Пэрсій Флак (34–62 гг. пасля Н. Х.), рымскі сатырык. У творах, у якіх заўважны моцны ўплыў філасафіі стоікаў, выкрываў вады грамадства свайго часу — эпохі Калігулы, якая імкліва дэградавала, скочваючыся ў бездань амаральнасці і распусты.
- Вэргілій — Публій Вэргілій Марон (70–19 гг. да Н. Х.), знакаміты рымскі паэт, стваральнік рымскага эпасу (Энеіда), творчасць якога перасягнула свой час. Быў папулярны таксама і сярод хрысціянскіх пісьменнікаў. Лічылася, што Вэргілій прадказаў прыход Хрыста ў сваіх Буколіках. Дантэ ў містычнай «Боскай камедыі» ўчыніў яго правадніком у Чыстцу і Пекле. Творы знаходзілі шматлікіх наслядоўнікаў, таксама і ў беларускай літаратуры («Энеіда навыварат»).
- Ад назвы грэцкага вострава Кос.
- Св.Аўгустын — св. Аўрэлій Аўгустын (354–430 гг. пасля Н. Х.), хрысціянскі філосаф, тэолаг і пісьменнік, адзін з Айцоў Касцёла. Пакінуў пасля сябе багатую творчую спадчыну. Найбольш вядомыя шырокаму колу чытачоў яго «Споведзь» і «Горад Божы».
- Магчыма, пераасэнсаванае М. Сарбеўскім месца з св. Аўгустына: De civ. Dei.VI, 10; Веста — рымскае боства хатняга вогнішча, гаспадарлівасці і чысціні сямейнага жыцця. Адпавядала грэцкай Гестыі.
|
|