Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
1(39)/2007
Галерэя

ЯН ВАН ЭЙК.
ЗВЕСТАВАННЕ
Год паклікання да святасці

ДАРОГА ДА СВЯТАСЦІ НЕ МАЕ ПЕРАШКОДАЎ

ВАКНО Ў ВЕЧНАСЦЬ
На кніжнай паліцы
Ad Fontes

СЬЛЕДАМ ЗА ХРЫСТОМ
Юбілеі

НАПАЛЕОН ОРДА
Музыка
Постаці
In memoriam
Мастацтва

БЯЛЫНІЦКІ АБРАЗ МАЦІ БОЖАЙ
Паэзія

ВЕРШЫ
На кніжнай паліцы

КАРОЛЬ ПРАЗ ЛАСКУ ХРОСНАЙ КУПЕЛІ

ПАМЯЦІ ПАКУТНІКА
Палеміка

«СХАВАЙ МЕЧ»
Пераклады

ГУЛЬНЯ БОЖАЙ ЛЮБОВІ

БАГІ ПАГАНЦАЎ
Проза

ЗНАК СУПАКОЮ
Практыкум

ГІСТОРЫЯ БІБЛІЙНАГА ЮЗАФА
Нашы падарожжы

НАТАТКІ ПІЛІГРЫМА
Мастацтва

ЭКУМЕНІЗМ ДРЭВА

Уладзімір КОНАН

КСЁНДЗ ВIНЦЭНТ ГАДЛЕУСКI:
ФIЛАСОФСКАЕ АБГРУНТАВАННЕ
БЕЛАРУСКАЙ IДЭI

Сутнасць беларускай ідэі — усведамленне Боскага і гістарычнага паклікання свайго народа, яго шматвяковай традыцыі, яго місіі ў гістарычным і сучасным быцці народаў свету. Беларуская ідэя — гэта таксама выяўленне ў філасофіі, літаратуры, мастацкай культуры, навуцы быцця Беларусі ў трох вымярэннях — мінуўшчыне, сучаснасці і будучыні. Аб’ектыўнай падставай усведамлення Беларусі як гістарычнага чынніка заўсёды было этнічнае адзінства народа, які даказаў сваю трываласць у драматычных выпрабаваннях, вялікіх войнах. Народа, які ствараў дзяржавы ад Полацкага, Тураўскага княстваў X–XIII стст., захаваў сваё моўнае і культурнае лідэрства ў Вялікім Княстве Літоўскім, сваю этнічную, духоўную і агульнакультурную аўтэнтычнасць не толькі ў складзе канфедэратыўнай Рэчы Паспалітай на ўзроўні этнічнага і творча-культурнага жыцця, але і ў складзе Расійскай імперыі і камуністычнага Савецкага Саюза.

Станаўленне беларускай нацыі ў XIX ст. засведчылі новая беларуская літаратура — ад Яна Чачота да Францішка Багушэвіча, літаратурная мова, ідэя беларускай (літвінскай) аўтаноміі ў сацыяльна-культурных праграмах паўстанцаў 1831–1832 гг. і 1863–1864 гг. Тварэнне нашай класічнай літаратуры ў першай трэці XX ст. сведчыла пра духоўную моц нацыі, яе гістарычную перспектыву. Тады ж былі абвешчаныя першыя сацыяльныя і духоўныя імператывы беларускай ідэі, спачатку ў жанры афарыстычнай публіцыстыкі прарока нацыянальнага адраджэння Францішка Багушэвіча, аўтара зборнікаў вершаў «Дудка беларуская» (1891 г.) і «Смык беларускі» (1894 г.). Ф. Багушэвіч выразна ўсвядоміў дзяржаватворчую і культурную місію беларусаў у Вялікім Княстве Літоўскім, калі казаў у прадмове да сваіх вершаў: гэтая дзяржава ад Чорнага да Балтыйскага мора мела ў сярэдзіне, «як ядро ў арэху», нашую Беларусь, а беларуская мова стагоддзямі была дзяржаўнай і літаратурнай моваю. Урэшце, паэт запаведаў нам душу нацыянальнай ідэі — родную мову: «Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмерлі! Пазнаюць людзей ці па гаворцы, ці па адзежы, хто якую носе; ото ж гаворка, язык і ёсць адзежа душы»1.

Францішку Багушэвічу было наканавана застацца ў беларускай літаратуры і нацыянальна-вызваленчай традыцыі прарокам беларускай ідэі. Класікі нашай літаратуры, дзеячы «Нашай Нівы» і першай нацыянальнай партыі Беларускай сацыялістычнай грамады ўжо праводзілі яе ў жыццё, тварылі беларускую нацыю, яе самабытную культуру і практычную праграму нацыянальна-культурнага і дзяржаўнага адраджэння Беларусі. Але тады яшчэ не наступіў час агульнага крызісу імперый, і пад націскам імперскіх рэваншаў Беларусь і Украіна аказаліся падзеленымі паміж Савецкай Расіяй і адроджанай міжваеннай Польшчай на «польскую» Заходнюю Беларусь і на БССР у складзе бальшавіцкай імперыі СССР. У Заходняй Беларусі беларускую нацыю прэзентаваў вясковы люд — пераважна сялянства, нацыянальныя грамадскія дзеячы і асветнікі. Да сваёй Галгофы ў 30-я гады, за перыяд афіцыйнай палітыкі беларусізацыі ў БССР (1921–1929 гг.), былі створаны беларускія сацыяльныя і дзяржаўныя структуры, школьная сістэма з вышэйшымі навучальнымі ўстановамі, навуковыя ўстановы. Беларуская мова на кароткі час набыла статус дзяржаўнай мовы. У Заходняй Беларусі пачаўся новы этап абгрунтавання і практычнай рэалізацыі беларускай ідэі на ўзроўні літаратуры, друку, нацыянальна-дэмакратычных партыяў і культурна-асветных арганізацыяў. Выдатнымі лідэрамі гэтага руху, поруч са свецкімі дзеячамі, былі беларускія ксяндзы — сялянскія сыны заходнебеларускіх вёсак пад польскім палітычным рэжымам. Сярод іх быў выдатны хрысціянскі і палітычны дзеяч, змагар за беларускую ідэю ксёндз Вінцэнт Гадлеўскі.

Кіраўнікі БХД. У першым радзе — ксяндзы Леваш, С. Глякоўскі; у другім радзе — ксяндзы А. Станкевіч, Я. Германовіч, В. Гадлеўскі.
Вінцэнт (Вікенцій Іванавіч) Гадлеўскі нарадзіўся 16 лістапада 1888 года ў мястэчку Поразава Ваўкавыскага павета (цяпер Свіслацкі раён). Быў на тры гады старэйшы за свайго калегу Адама Станкевіча2. На тры гады раней за Станкевіча закончыў Віленскую каталіцкую духоўную семінарыю, пазней — Мітрапалітальную духоўную акадэмію ў Пецярбурзе (1916 г.). З гэтых цэнтраў хрысціянскай асветы выйшла большасць дзеячаў беларускага каталіцкага адраджэння, хрысціянскіх асветнікаў. Там Вінцэнт Гадлеўскі быў пасвечаны ў ксяндзы і атрымаў вучоную ступень магістра тэалогіі. Ён — удзельнік Першага ўсебеларускага кангрэса (снежань 1917 г.), удзельнік Першага з’езду беларускага каталіцкага духавенства (24–25 траўня 1917 г.). (На з’ездзе ён выступіў з дакладамі «Палітычна-народная акцыя каталіцкага духавенства на Беларусі» і «Стварэнне каталіцкай партыі».) Разам з Адамам Станкевічам быў тэарэтыкам і арганізатарам Беларускай хрысціянскай дэмакратычнай злучнасці (1917 г.), рэарганізаванай пазней у Беларускую хрысціянскую дэмакратыю. Супрацоўнічаў з газетай гэтай партыі «Крыніца» (пазней «Беларуская крыніца») пад псеўданімам В. Скаліманоўскі. Там пад назвай «Народны змагар» быў апублікаваны нарыс пра яго самаахвярную барацьбу за суверэнную Беларусь, змешчаны яго партрэт3.

Да Рыжскай дамовы Расіі з Польшчаю (18 сакавіка 1921 г.) В. Гадлеўскі супрацоўнічаў з Фабіянам Абрантовічам, тады рэктарам заснаванай у лістападзе 1918 года Беларускай духоўнай семінарыі, выступаў з беларускімі казаннямі ў мінскай катэдры. У 1918 годзе Мінскі біскуп Зыгмунт Лазінскі накіраваў яго ў Нясвіж на пасаду школьнага прэфекта і рэктара бэнэдыктынскага касцёла. У Нясвіж пасля Рыжскай дамовы пераехала Мінская дыяцэзіяльная курыя. Верагодна, тады ён пачаў распрацоўваць беларускія лекцыі па гісторыі Святога Пісання. З Нясвіжа каталіцкі настаўнік пасылаў у газету «Беларуская крыніца» свае артыкулы і нататкі па гісторыі беларускага нацыянальнага адраджэння і сучаснага вызвольнага руху.

У Артыкуле «Незалежнасць Беларусі і Каталіцкі Касцёл» (1921 г.) Вінцэнт Гадлеўскі вітаў акт пра незалежнасць Беларусі, даказваў адпаведнасць беларускага вызвольнага руху хрысціянскай рэлігіі, яе сацыяльна-этычнай філасофіі. Ён закончыў сваю пафасную гаворку заклікам: «Хай увесь беларускі народ і ўсё беларускае грамадзянства цьвёрда верыць, што паміж імі і каталіцкім Касьцёлам у справе адраджэньня беларускай народнасьці і дзяржаўнасьці прынцыповых нязгодаў няма і быць ня можа»4.

У тым жа 1921 годзе ён заняўся выяўленнем дакументаў, якія сведчылі пра традыцыю беларускамоўных казанняў у сярэдзіне XIX ст.5 У іншых публікацыях выступаў за адзінства каталіцкіх і праваслаўных беларусаў, згоду паміж імі ў справе веры і захавання беларускіх нацыянальных каштоўнасцяў, а ў перспектыве прапанаваў царкоўную унію ў Беларусі6. У аспекце палітычнай філасофіі цікавы артыкул Гадлеўскага «Ці ксёндз можа быць дэмакратам?». Адказ аўтара быў узважаны: ксёндз, незалежна ад любой партыі, мае права і нават абавязаны быць дэмакратам, гэта значыць, выступаць у абарону справядлівасці і правоў тых слаёў насельніцтва, «якія найбольш працуюць і найбольш былі дагэтуль пакрыўджаныя сучасным паўсюдным парадкам». Ксёндз, казаў далей беларускі лідэр, «павінен быць староньнікам шырока ўзятай дэмакратычнасьці, бо гэтага вымагае простая справядлівасьць, дабро рэлігіі і Касьцёла. Ксёндз павінен быць з народам, а народ з ксяндзом!».

Пасля далучэння Вільні і Віленшчыны да Польшчы (студзень – сакавік 1922 г.) ва ўмовах абмежаванай дэмакратыі быў створаны Беларускі Нацыянальны Камітэт — орган беларускіх нацыянальна-дэмакратычных партый і арганізацый у Польшчы (1921–1938 гг.) як нацыянальнае прадстаўніцтва Заходняй Беларусі. Сярод іншых прадстаўнікоў ад БХД у яго быў выбраны В. Гадлеўскі. Якраз тады яму давялося праводзіць беларускую ідэю на пасадзе святара — пробашча ў жодзінскай парафіі (1924–1927 гг.). Яго сябра і супрацоўнік пісаў пра беларускі адраджэнскі рух у гэтым рэгіёне Беларусі: «Больш ста гадоў высілкаў паланізатараў лопнулі, як мыльны пузыр. Кс. Гадлеўскі не толькі гаварыў па-беларуску, ён вучыў народ, пераконваў, будзіў нацыянальны патрыятызм і незалежніцкую сьвядомасьць. Памочнікамі ў яго былі беларускія газэты, кніжкі, беларускія песьні, прадстаўленьні ды арганізацыі. (...) У Жодзінскі касьцёл хутка пачаў прыходзіць народ з іншых парафіяў, з вёсак і мястэчкаў, каб пачуць захапляючыя беларускія казаньні. Жодзішкі сталіся слаўнымі на ўсю Заходнюю Беларусь»8.

Старонка газеты «Беларуская крыніца» (№4, 1925 г.) з артыкулам «Народны змагар», прысвечаным кс. Вінцэнту Гадлеўскаму.
Жодзінскага пробашча двойчы судзіў польскі суд па даносах паліцыянтаў і мясцовых шавіністаў. Першы раз — летам 1925 года. Тады судовы працэс над беларускім патрыётам выклікаў міжнародную агалоску і пасля пратэсту-інтэрпеляцыі беларускіх паслоў у Сойме суд апраўдаў яго. Арыштоўвалі В. Гадлеўскага і ў 1926 годзе, абвінаваціўшы ў непавазе да ўлады. Але ізноў ён быў выпушчаны з Лукішкаў за адсутнасцю аргументаваных доказаў. У сакавіку 1927 года яго абвінавацілі ў распаўсюджанні «рэвалюцыйнай дактрыны» на той падставе, што ксёндз заахвочваў моладзь спяваць беларускі гімн «Адвеку мы спалі...». Цяпер ужо Варшаўскі суд прысудзіў яму два гады зняволення ў астрозе Варшавы, дзе В. Гадлеўскі напісаў адзіны тады беларускі падручнік па гісторыі ранняга хрысціянства пад назваю «Гісторыя святая, або Біблейная Новага Закону» (1932). Адметнасць гэтых навукова-папулярных лекцый па-беларуску — лаканічны, дакладны пераказ зместу новазапаветных кніг Бібліі з кароткімі каментарамі, арыентаванымі на ўспрыманне зместу Новага Запавету як рэальных гістарычных падзей у канкрэтных геапалітычных умовах Юдэі і Галілеі I стагоддзя новай эры, тады правінцый Рымскай імперыі. На падставе глыбокага вывучэння біблейнай традыцыі Старога Запавету аўтар першай беларускай гісторыі Святога Пісання адзначыў: ідэя месіянства яднае ўсю Біблію. У яе старазапаветных кнігах — сюжэты, сімвалы і прароцтвы пра Боскага Пасланніка з выратавальнай місіяй; у Новым Запавеце — гісторыя Богаўвасаблення, жыццё, вучэнне, смерць і ўваскрэсенне Хрыста Збаўцы, Яго эсхаталагічнае прароцтва пра Валадарства Божае — духоўнае перамяненне космасу, зямлі, чалавецтва. Беларускі экзегет быў свабодным ад схаластыкі і канфесійнай абмежаванасці, характэрных для некаторых прафесіянальных праваслаўных багасловаў, каталіцкіх і пратэстанцкіх тэолагаў.

Прычыну зямной драмы Хрыста Збаўцы, Яго смерці на крыжы В. Гадлеўскі дакладна тлумачыў неадэкватным успрыманнем яўрэйскім народам і яго адукаванай элітай (кніжнікамі і фарысеямі) сутнасці Месіі як Богапасланніка: яны чакалі магутнага правадыра і палкаводца, які вызваліць свой народ ад чужынцаў, адновіць вялікае, амаль сусветнае царства, у якім будуць панаваць сыны Абрагама — яўрэі9.

Гэта было чаканнем другога Ісуса Навіна і другога Майсея, толькі сусветных маштабаў. Адсутнічаў прарыў свядомасці ў свет трансцэндэнтны, чыста духоўны, здольны пасылаць творчую энергію ў свет іманентны, у зямное жыццё. У гэтым плане старазапаветны монатэізм няшмат чым адрозніваўся ад антычнага пантэізму. Старазапаветную царкву ядналі з язычніцтвам крывавыя ахвярапрынашэнні. Бог уяўляўся абсалютна аддзеленым ад чалавека і адначасова антрапалагічным — вялікім Царом Космасу і людзей. Толькі празарліўцы-прарокі Старога Запавету і першы хрысціянскі прарок Ян Хрысціцель аказаліся здольнымі на характэрны для хрысціянства прарыў у чыстую духоўнасць трансцэндэнтнага быцця, спасціглі яго жывую повязь з чалавекам і чалавецтвам — вянцом Божага тварэння. Хрысціянскае эсхаталагічнае адкрыццё засведчыла: дасканалае жыццё Нябеснага Валадарства дасягаецца не ваеннай і ўсялякай іншай матэрыяльнай сілай, а праз адухаўленне быцця, боскае перамяненне чалавека і грамадства.

Шлях да Валадарства Божага, адзначыў В. Гадлеўскі, дасканала выявіўся ў Нагорным казанні Нябеснага Настаўніка. Яно сталася фундаментальным пераваротам у арыентацыях чалавека і хрысціянскага брацтва людзей на духоўныя сістэмы каштоўнасцяў: замест сілы — любоў, замест вайны — міласэрнасць, замест славы і ўлады — пакаянне. У дадатках да асноўнага тэксту кнігі раскрываецца сутнасць і сэнс хрысціянскай споведзі (пакаяння) і адпушчэння грахоў. У адпаведнасці з евангельскім вучэннем і хрысціянскай традыцыяй ксёндз Гадлеўскі тлумачыў сутнасць «звычайных» і цяжкіх грахоў: ад першых можна ачысціцца малітваю і добрымі ўчынкамі, ад цяжкіх (адступленне ад веры, распуста і забойства) — толькі праз публічную (калі грэх быў публічны) або тайную споведзь і пакуту. Адносна граху супраць Духа Святога які, паводле слоў Езуса Хрыста, «не будзе адпушчаны ані ў гэтым, ані ў будучым веку» (Мц 12, 31–32), беларускі экзегет адзначыў: «Грэх проціў Духа Сьвятога — гэта такі грэх, які выходзіць са злой волі чалавека. Маючы злую волю ў сабе, чалавек ня хоча пазнаць праўды, хоць яе бачыць, і ня хоча пакаяцца перад Богам» (с. 45–46).

Адначасова з працай над лекцыямі па Новазапаветнай гісторыі В. Гадлеўскі перакладаў на беларускую мову тэксты Новага Запавету. У 1939 годзе гэтая кніга была выдадзена лацінкай пад назвай «Чатыры Евангельлі і Апостальскія дзеі».

Якраз тады амаль адначасова (канец 20-х–30-я гады) імперскія рэваншысты ўстанавілі дыктатарскія рэжымы ў СССР, Германіі і Польшчы. Нават прыхільнікі СССР, лідэры кампартыі Заходняй Беларусі і яе легальных арганізацыяў, пераканаліся: былыя бальшавіцкія псеўдадэмакраты перайшлі на шлях стварэння дыктатуры імперскага кшталту. Шляхам галапіруючай індустрыялізацыі за кошт жорсткай эксплуатацыі сялянскай вёскі, прымусовай яе калектывізацыі разбуралася беларуская нацыя, нішчыліся дасягненні кароткай палітыкі беларусізацыі, яе духоўна-творчая і дзяржаўная эліта. Ва ўмовах рэпрэсіўнай вайны супраць нядаўна адроджанай Беларусі яе лідэр В. Гадлеўскі перайшоў на тактычнае размежаванне з партыяй Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі і Беларускім народным аб’яднаннем. Ён прапанаваў ідэю Беларускага Народнага Фронту для мабілізацыі ўсіх беларускіх патрыётаў на барацьбу з ліквідатарамі Беларусі, у тым ліку шляхам стварэння беларускага войска ў будучай сусветнай вайне, якую ён дакладна прадбачыў.

Неўзабаве В. Гадлеўскі заснаваў газету «Беларускі Фронт» (2.05.1936–1939, Вільня). У артыкуле «Аб самавызначэнні народаў» (1939 г., 15 студзеня) ён ацаніў вядомы мемарандум прэзідэнта ЗША В. Вільсана «14 пунктаў» пра нацыянальнае самавызначэнне народаў напярэдадні Версальскага міру (1918 г.) як тактычны ход супраць Аўстрыйскай і Германскай імперыяў у Першай сусветнай вайне. Пасля перамогі над імі Антанта практычна не падтрымала нацыянальнае і дзяржаўнае самавызначэнне Беларусі і Украіны. Паводле Рыжскай дамовы яны былі падзелены на «савецкія» і «польскія» часткі. Лёс беларусаў і ўкраінцаў вызначаўся «трактатамі» аб нацыянальных меншасцях, падпісаных Польшчай. У выніку гэтай змовы яны аказаліся ахвярамі імперскіх амбіцыяў Расіі і Польшчы.

Напярэдадні Другой сусветнай вайны ідэю нацыянальнага самавызначэння дзеля ўласных стратэгічных інтарэсаў падхапіла Германія: для аднаўлення Германскай імперыі і як таран супраць Антанты і шматнацыянальнага СССР, дзе ў 30-я гады бальшавікі падавілі культурна-нацыянальнае адраджэнне Беларусі, Украіны, іншых савецкіх рэспублік, шырока карыстаючыся ідэяй пралетарскага інтэрнацыяналу для разлажэння нацыянальнага адзінства еўрапейскіх дзяржаваў. У гэтых варунках важна было рэалізаваць гуманны змест ідэі нацыянальнага самавызначэння для гуманных мэтаў нацыянальнага самавызначэння Беларусі. «Дзеля гэтага, — пісаў В. Гадлеўскі, — кліч самавызначэньня народаў можа быць выкарыстаны ня толькі Нямеччынай, але і такжа падняволенымі Расеяй народамі ў іх собскіх інтарэсах»10.

І тут беларускі лідэр аказаўся палітычным прарокам, які дакладна прагназаваў гістарычныя падзеі. Пасля Другой сусветнай вайны савецкія бальшавікі ўмела выкарысталі ідэю «пралетарскага» інтэрнацыяналу для падаўлення нацыянальна-вызвольнага руху ў Беларусі, Украіне, у Прыбалтыцы і для стварэння ў Цэнтральна-Усходняй Еўропе «саюзнікаў» савецкай імперыі на чале з камуністычнымі ўрадамі; а калі «сацыялістычны лагер» ідэйна і эканамічна абанкруціўся, на яго развалах утварыліся суверэнныя нацыянальныя дзяржавы. Аналагічныя працэсы адбыліся ў савецкай імперыі канца XX стагоддзя.

У сацыяльна-філасофскім эсэ «Патрэба нацыянальнай ідэі» (15.08.1939) В. Гадлеўскі пераканаўча даказваў: толькі палітычныя партыі і народы, якія аб’ядноўваюцца на грунце нацыянальных каштоўнасцяў, сваёй мовы і культуры, могуць перажыць усе жыццёвыя буры, захаваць сваю свабоду і адзінства. «Нацыянальная ідэя лучыць усіх сяброў нацыі, і тых, што жывуць за граніцамі, і тых, што разьдзелены акіянамі, і тых, што разьдзелены часам. Нацыянальная ідэя лучыць паміж сабой пакаленьні, якія ўжо адышлі, з тымі, якія маюць прыйсьці, а злучвом ёсць жывучае пакаленьне. Сьведамы, ажыўлены нацыянальнай ідэяй беларус, скажам, у Амерыцы, з’яўляецца часткай беларускага народу, таксама як і той, што жыве на бацькаўшчыне. Таксама часткаю беларускага народу з’яўляюцца пакаленьні цяперашнія, мінулыя й будучыя. Чалавечая адзінка толькі праз цесную сувязь з жыцьцём свайго народу, зь ягонай мовай, зь ягонай культурай і традыцыяй можа разьвіваць свае творчыя магчымасьці».

Гэтую экзістэнцыяльную праўду В. Гадлеўскі пацвярджае гісторыяй літаратуры. У грамадскай, іншай дзейнасці нацыянальная ідэя таксама стымулюе творчы і духоўны ўзлёт чалавека, яго гераізм. І ў заключэнне ён пісаў: «Здаецца, што ніякая філязафічная ідэя ня можа прабудзіць у чалавеку столькі жыцьцёвых сілаў, колькі прабуджае добра зразумелая нацыянальная ідэя! Для гэтага трэба гэтую ідэю пашыраць у народзе»11.

Вінцэнт Гадлеўскі прапанаваў лагічна выверанае вызначэнне паняццяў народ і нацыя, якія і раней, і сёння нярэдка разглядаюцца як сінонімы. Паводле аналітычнага метаду нашага святара і асветніка, народ ёсць аб’ектыўная рэальнасць сацыяльнага быцця, якая характарызуецца спецыфічнымі антрапалагічнымі (расавымі, біялагічнымі, марфалагічнымі) прыкметамі, агульным рода-племянным паходжаннем, агульнай мовай у дыялектнай разнастайнасці, традыцыйнай культурай. Народ становіцца нацыяй, калі ён усведамляе сваё быццё ў свеце, мае волю для кансалідацыі ў асобную дзяржаву. Надзвычай важная для нашай сучаснай сітуацыі ў Беларусі наступная выснова Гадлеўскага: «Каб нейкі народ мог быць названы нацыяй, не канешне трэба, каб увесь ён быў сьведамы. Хопіць, каб сьведамасьць у ім была пашырана. Ва ўсёй Эўропе мы ня знойдзем народу, які б выяўляў сьведамасьць і волю на сто працэнтаў. Вялікая частка народу звычайна ідзе за сваёй інтэлігенцыяй, якая лепш за народныя масы ведае карысьці народу як цэласьці, лепш разьбіраецца ў палітычных, гаспадарчых і грамадскіх справах. Ясна, што для нацыі найкарысьней, калі сьведамай інтэлігенцыі і думаючых адзінак было як найболей. Дзеля гэтага беларусы павінны імкнуцца, каб сьведамасьць і воля ахапілі як найбольшыя кругі народу. Пры сьведамасьці народ і нацыя — адно»12.

Этнічным ядром беларускай нацыі і народа наш ксёндз і асветнік лічыў сялянства ў шырокім сэнсе гэтага паняцця, усіх сельскіх, аседлых беларусаў. «Прывязанасьць беларуса да зямлі мае такжа вялікае нацыянальнае значэньне, бо бароніць яго ад асыміляцыі, перахоўвае нацыянальныя вартасьці ды прычыняецца да развіцьця патрыятызму. Беларус любіць сваю Бацькаўшчыну, і гэтая любоў дае яму сілу ператрываць усякія нягоды. Апрача гэтага, яна (зямля — У. К.) яму памагае захаваць сваю нацыянальнасьць. Ён яе загубіць тады, калі зрухнецца з месца й пойдзе ў сьвет. Дзеля гэтага губіць часта сваю нацыянальнасьць у сьвеце рамесьнік, работнік, гандляр, але не губіць яе земляроб, селянін, які сядзіць на месцы. З гэтай прычыны ўважаем нашае сялянства за фундамант беларускай нацыі, падставай яе жыцьця й жарлом будучай рамесьніцкай, работніцкай, гандлярскай і інтэлігенцкай наслойкі»13.

Зусім невыпадкова расійскія бальшавікі ў 1930–1939 гг., таксама пасля Другой сусветнай вайны, з мэтай разбурэння беларускай нацыі знішчалі і падаўлялі беларускую эліту, разбуралі этнічнае ядро нацыі — сялянства — метадамі рэпрэсіяў і расцярушання па сваіх сібірскіх і паўночных акраінах.

У артыкуле «Што такое нацыяналізм?» (1939 г.) В. Гадлеўскі даказваў культурна-гістарычнае прызначэнне творчага нацыяналізму, які лучыць народ у нацыю з мэтай развіцця яго дзяржаўнасці і культуры на дэмакратычных прынцыпах і хрысціянскіх каштоўнасцях. Калі ж адзін народ, выкарыстоўваючы сваю перавагу эканамічную, тэрытарыяльную і ваенную, падпарадкоўвае іншыя народы, навязвае ім сваю мову, культуру (агулам кажучы, свой менталітэт) і гэтым руйнуе нацыі, — «гэта ёсьць нацыяналізм імперыялістычны». Сёння ён маркіруецца паняццем імперскі шавінізм, запраграмаваным для аднаўлення разбураных у XX ст. імперыяў.

І вось выснова аўтара: «Кожны, хто працуе для дабра нацыі або бароніць яе, ёсьць у тым ці іншым сэнсе нацыяналістам. Ды мы, як запраўдныя нацыяналісты, павінны кіравацца дабром свае нацыі».

Але ў стратэгічнай перспектыве недастаткова толькі абароннага нацыяналізму для захавання і развіцця нацыянальнай самабытнасці. Патрэбна яшчэ воля да нацыянальнай творчасці, паводле Гадлеўскага, — творчы нацыяналізм. «Значыць, нацыя, баронячыся, павінна адначасна тварыцца, разьвіваць свае нацыянальныя вартасьці, сваю мову, сваю літаратуру й мастацтва, ідучы разам з гэтым да здабыцьця для сябе палітычных правоў, роўных з іншымі народамі. Нацыя, якая б адказалася або не імкнулася да роўных правоў з іншымі народамі, ня ёсьць паўнавартаснай нацыяй і не заслугоўвае на імя нацыі (...) Без сваёй дзяржавы нацыя ня мае свабоды, якая патрэбна для разьвіцьця творчых сілаў народу (...) Усебакова разьвіваць свае нацыянальныя вартасьці нацыя зможа толькі ў сваёй дзяржаве (...) Такога творчага нацыяналізму спыняць ніхто ня мае права, — ані свой, ані чужы. Хто б спыняў, той грашыў бы супраць свайго народу або супраць чужога народу. Калі мы шукаем права адзінкі (асобы — У. К.), дык яшчэ больш павінны шанаваць правы народаў»14.

Сярод фундаментальных правоў народаў В. Гадлеўскі выдзеліў права кожнага народа на сваю родную мову. Не выпадкова, казаў ён, усе вядомыя ў гісторыі заваёўнікі, дэспатычныя імперыі імкнуліся любымі сродкамі падавіць родную мову заваёванага народа, каб пазбавіць яго гістарычнай памяці і асіміліраваць рэпрэсіўнымі або псеўдадэмакратычнымі метадамі.

У артыкуле «Аб славянскай ідэі» беларускі лідэр выкрываў няшчырасць моднага напярэдадні Другой сусветнай вайны лозунга славянскай салідарнасці, яго праімперскую сутнасць, бо «вялікія» славянскія народы — расійскі, польскі, чэшскі і іншыя — «не ўвялі ў практычнае жыцьцё славянскай салідарнасьці, хоць і мелі на гэта час і нагоду», а польскае грамадства «нават не разумее славянскай ідэі». Адбывалася адваротная з’ява — «душэньне братніх славянскіх народаў». Славянафільская плынь сярод народаў, якія страцілі сваю дзяржаўнасць, сведчыць аб недаразвітасці іх нацыянальнай і дзяржаўнай свядомасці15. У артыкуле «Беларускае літвафільства» В. Гадлеўскі даказвае нерэальнасць рамантычных спадзяванняў на адраджэнне агульнай літоўска-беларускай дзяржавы з цэнтрам у Вільні. Бо гэтага не жадаюць літоўскія лідэры. А ў асяроддзі беларусаў імі прыкрываецца адыход ад рэалізацыі беларускай нацыянальнай ідэі. У аспекце яе рэалізацыі адбывалася станаўленне беларускага цэнтру ад Полацка, Вільні, урэшце, да Мінска, дзе 25 сакавіка быў прыняты акт аб незалежнасці і дзяржаўнай суверэннасці беларускага народа16.

На ўсіх этапах Другой сусветнай вайны Вінцэнт Гадлеўскі распрацоўваў стратэгію і тактыку практычнай рэалізацыі беларускай ідэі. Спачатку ў акупаванай Варшаве, а пасля ў Мінску ён быў лідэрам незалежніцкага руху беларускага народа — неафіцыйным кіраўніком падпольнай Беларускай незалежнай партыі, заданнем якой было паступова ахапіць густой сеткай сваіх рэгіянальных партый усю Беларусь. Падпольная антыфашыская дзейнасць прыкрывалася яго пасадай Галоўнага школьнага інспектара пры Генерал-камісарыяце Беларусі да жніўня 1942 года. Пад яго кіраўніцтвам ва ўсіх рэгіёнах краіны аднаўлялася і стваралася сетка беларускіх пачатковых, сярэдніх (гімназіяў) і спецыяльных школ на аснове традыцыі, якая склалася за дзесяцігоддзе беларусізацыі школаў БССР (1921–1929 гг.), але ачышчаных ад бальшавіцкай ідэалогіі, створаных на аснове беларускай мовы і беларускай нацыянальнай ідэі.

У снежні 1942 года Вінцэнт Гадлеўскі быў арыштаваны гестапаўцамі, якія мелі інфармацыю пра яго падпольную дзейнасць. Верагодна, яны мелі звесткі пра яго кантакты з савецкай разведкай, якой было прапанавана супрацоўніцтва ў антыфашыскім руху ў абмен на вызваленне ў СССР рэпрэсаваных і асуджаных беларускіх дзеячаў. Вінцэнт Гадлеўскі быў закатаваны гестапаўцамі без суда і адпаведнай дакументацыі працэсу. Той факт, што тады ніхто з Беларускай незалежнай партыі не быў арыштаваны, з’яўляецца доказам таго, што ксёндз Гадлеўскі перанёс усе катаванні і нікога не выдаў.

Фотаздымкі прадстаўлены
Я. Паплаўскім (з фотаальбома кс. Ст. Глякоўскага).

 


  1. Buraczok Maciej. Dudka Białaruskaja. Kraków, 1891. S. 3-5.
  2. Конан Ул. Ксёндз Станкевіч і каталіцкае адраджэнне ў Беларусі — Мн., «Про Хрысто»; 2003. С. 128.
  3. Biełaruskaja krynica. 1925, № 4, 18 кастр.
  4. Крыніца. 1921, № 10, 3 крас.
  5. Скаліманоўскі Вінцук. Аб беларускіх казаньнях у палове XIX веку.//Крыніца. 1921, № 12, 16 крас.
  6. Крыніца. 1921, № 28, 18 вер.
  7. Крыніца. 1921, № 29, 25 вер.
  8. Пануцэвіч Вацлаў. Кс. Вінцэсь Гадлеўскі: Дзяржаўны муж і правадыр народу //Спадчына. 1993, №3. С. 59.
  9. Hadleuski W., Historija Świataja, abo Biblejnaja Nowaha Zakonu. Z rysunkami u tekście. — Wilna, 1932. — S. 32–33.
  10. Гадлеўскі Вінцэнт. Публіцыстыка //Спадчына. 1993, № 2. С. 50–51.
  11. Гадлеўскі Вінцэсь. Патрэба нацыянальнай ідэі //Спадчына. 1993, № 2. С. 38–39.
  12. Гадлеўскі В. Народ — нацыя //Народны фронт. 1939, № 5 (39).
  13. Цыт. па: Пануцэвіч В. Кс. Вінцэсь Гадлеўскі: Дзяржаўны муж і правадыр народу //Спадчына. 1993, № 3. С. 52.
  14. Беларускі фронт. 1939, № 3 (37), 1 лют.
  15. Беларускі фронт. 1939, № 11.
  16. Гадлеўскі В. Тварэньне беларускага цэнтру//Беларускі фронт. 1938, № 8.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY