|
|
№
1(39)/2007
Галерэя
Год паклікання да святасці
На кніжнай паліцы
Ad Fontes
Юбілеі
Музыка
Постаці
In memoriam
Мастацтва
Паэзія
На кніжнай паліцы
Палеміка
Пераклады
Проза
Практыкум
Нашы падарожжы
Мастацтва
|
«Прыглядзіцеся, браты, да паклікання вашага», — гэтымі словамі святы Апостал Павел заахвочваў сваіх слухачоў да разважання над далейшым жыццёвым шляхам. У год, калі Каталіцкі Касцёл у Беларусі асаблівым чынам разважае пра святасць, мы імкнемся распазнаць, чым з’яўляецца святасць, якія шляхі вядуць да дасканаласці і ці магчыма дасягнуць гэтага стану. Святы Айцец Пій ХІІ, праводзячы рэформу абраду хросту, ясна падкрэсліў сэнс адказу кандыдата да хросту. «Хачу, каб мяне ахрысцілі, хачу прыняць хрост», — такі адказ сведчыць не толькі пра жаданне прыняць хрост, але і пра гатоўнасць ісці шляхам святасці. Кожны хрысціянін імкнецца да святасці, асноваю якой перш за ўсё з’яўляецца чысціня душы. Пры гэтым неабходна цалкам адкрыцца на Божую ласку, прымаць святыя сакрамэнты і ўдасканальвацца праз здабыванне цнотаў. Зазначым, што кожны мае свой шлях да святасці, да Бога, выкарыстоўваючы тыя дары, якія яму былі дадзены ад прыроды, пры тым цалкам і без выключэння падпарадкоўваючыся Божаму закону. Кніга «Жыццё святых» з’яўляецца адной з распаўсюджаных сярод хрысціянаў. Ёю карыстаюцца не толькі для таго, каб выбраць імя нованароджанаму дзіцяці перад хростам, але і каб выбраць для яго апекуна, заступніка ў небе. Імкненне знайсці як мага больш інфармацыі пра святога, імя якога мы носім, звязана з пазнаннем духоўнага жыцця святога, з жаданнем па яго прыкладзе працаваць над развіццём асабістай волі, выпрацоўваючы ў сабе адпаведныя хрысціянскія якасці, якія дапамогуць у складаныя хвіліны жыцця паводзіць сябе годна дзіцяці Божаму, перамагаючы ўсе спакусы і грахоўныя схільнасці. Сярод тых, хто прайшоў праз жыццё і атрымаў карону святасці, былі людзі рознага ўзросту і грамадскага становішча. Гэта і дзеці, моладзь, сужэнцы, людзі ў росквіце сіл альбо моцна аслабленыя фізічнымі хваробамі. Іх дарога да святасці ў кожнага розная. Былі тыя, хто, разважаючы над евангельскімі парадамі Хрыста аб прасцейшай дарозе да святасці, прымалі пастановы жыць паводле гэтых парадаў, арганізоўваючы манаскія супольнасці, ствараючы адпаведныя статуты і ўмовы, якія б заахвочвалі ісці за Хрыстом. Шматлікія манаскія супольнасці абапіраюцца на правілы св. Бэнэдыкта на Захадзе і св. Базыля на Усходзе. Манаская духоўнасць дапамагае асаблівым спосабам прытрымлівацца пэўнага шляху і не заблытацца ў зменлівасці штодзённага жыцця, перапоўненага рознымі спакусамі. Належыць памятаць, што не толькі манаскае жыццё дапамагае ў дасягненні святасці. Сярод моладзі, юнакоў і дзяўчат, якія ў розны час жылі ў свеце, мы таксама ведаем нямала тых, хто здабыў вяршыню дасканаласці ў многім дзякуючы малітоўнай лучнасці з нашым Збавіцелем, прымаючы сакрамэнты, падараваныя нам для паглыблення нашага духоўнага жыцця. Ведаем таксама і тое, што святасці можна дасягнуць і ў сужэнстве, верна выконваючы свае абавязкі мужа і жонкі, бацькі і маці. Як адзначыў Слуга Божы Ян Павел ІІ пры кананізацыі сужэнства, ёсць сямейныя пары, пра якія можна сказаць: «Яны пражылі звычайнае жыццё незвычайным чынам». Любячым Бога асобам у дасягненні святасці не могуць перашкодзіць нават найскладанейшыя цяжкасці, напрыклад, цяжкая хвароба, беднасць, дрэнныя ўмовы жыцця, сіроцтва, несправядлівыя адносіны асяроддзя, старасць. Адпаведнае ўспрыманне пэўных цяжкасцяў згодна з воляй Хрыста ўзнімае таго, хто імкнецца да дасканаласці, на яшчэ больш высокі ўзровень святасці. Хрысціянства пакінула нам шэраг цікавых стыляў, якія выкарыстоўваліся пры ўзвядзенні сакральных будынкаў, такіх, як раманскі, гатычны, барока, а ў нашай архідыяцэзіі віленскае барока і іншыя. Гэтыя цудоўныя па сваёй архітэктуры будынкі, якія ўзносяцца над шэрагам іншых забудоваў, яскрава і выразна сведчаць пра памкненні нашых продкаў да прыгожага духоўнага жыцця, да святасці. Менавіта касцёл з’яўляецца тым месцам, дзе мы асаблівым чынам разважаем над станам сваёй душы. Тэрмін «святыня», які выкарыстоўваецца для акрэслення месца культу, вельмі добра адлюстроўвае намер і настрой таго, хто прыходзіць у Божы Дом. Менавіта таму ў месцах свайго пражывання нашыя продкі ўзводзілі прыгожыя будынкі і святыні. Касцёл з’яўляецца тым месцам, дзе да чалавека вяртаюцца раўнавага і духоўны супакой, дзе ён выпраўляе свае памылкі і знаходзіць выйсце з самых цяжкіх абставінаў, атрымліваючы гэты супакой у часе супольнай або індывідуальнай малітвы. Трэба памятаць, што між іншым традыцыі, якія мы вынеслі з сям’і, блізкага нам асяроддзя, якія пакінулі нам нашыя продкі, асаблівым чынам дапамагаюць сучаснаму католіку дасягнуць і захаваць святасць. Захаванне і ўшанаванне прадпісанняў Літургічнага года дапамогуць нам прыблізіцца да навукі і падзеяў, якія адбываліся з Хрыстом у часе Яго зямнога жыцця, што, безумоўна, паспрыяе нашай асабістай дасканаласці ў паўсядзённым вандраванні па гэтым свеце. Няхай гэты год, калі асаблівым чынам разважаем і схіляемся над таямніцай святасці, мы як мага лепш выкарыстаем для нашага асабістага духоўнага развіцця і ўдасканалення.
|
|
|