Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
1(39)/2007
Галерэя

ЯН ВАН ЭЙК.
ЗВЕСТАВАННЕ
Год паклікання да святасці

ДАРОГА ДА СВЯТАСЦІ НЕ МАЕ ПЕРАШКОДАЎ

ВАКНО Ў ВЕЧНАСЦЬ
На кніжнай паліцы
Ad Fontes

СЬЛЕДАМ ЗА ХРЫСТОМ
Юбілеі

НАПАЛЕОН ОРДА
Музыка
Постаці
In memoriam
Мастацтва

БЯЛЫНІЦКІ АБРАЗ МАЦІ БОЖАЙ
Паэзія

ВЕРШЫ
На кніжнай паліцы

КАРОЛЬ ПРАЗ ЛАСКУ ХРОСНАЙ КУПЕЛІ

ПАМЯЦІ ПАКУТНІКА
Палеміка

«СХАВАЙ МЕЧ»
Пераклады

ГУЛЬНЯ БОЖАЙ ЛЮБОВІ

БАГІ ПАГАНЦАЎ
Проза

ЗНАК СУПАКОЮ
Практыкум

ГІСТОРЫЯ БІБЛІЙНАГА ЮЗАФА
Нашы падарожжы

НАТАТКІ ПІЛІГРЫМА
Мастацтва

ЭКУМЕНІЗМ ДРЭВА

Папа ЯН ПАВЕЛ ІІ

«УСТАНЬЦЕ, ХАДЗЕМ!»

Пачатак у №2(28)/2004

Дом біскупа

Не толькі візітацыі і іншыя публічныя выступленні давалі мне магчымасць сустрэцца з людзьмі. Дом на вуліцы Францішканскай, 3 быў адчынены для ўсіх. Біскуп — гэта пастыр. Менавіта таму ён павінен быць з людзьмі, быць для людзей, служыць людзям. Людзі заўсёды мелі да мяне непасрэдны доступ, дзверы былі адчыненыя для ўсіх.

Дом біскупа быў месцам розных сустрэчаў, навуковых канферэнцый. Быў таксама месцам, дзе развіваліся «Курсы для сям’і». У адным з пакояў была адчынена сямейная кансультацыя. Бо гэта ж быў час, калі ўсялякія больш шматлюдныя сустрэчы свецкіх улады тлумачылі як антыдзяржаўную дзейнасць. Дом біскупа стаў месцам сховані. Я запрашаў розных людзей — навукоўцаў, філосафаў, гуманістаў. Тут таксама рэгулярна адбываліся сустрэчы з ксяндзамі. Салон не раз служыў аўдыторыяй. Збіраліся ў ім хоць бы й згаданыя ўжо Інстытут тэалогіі сям’і і семінары «Клер-мед». Можна сказаць, што гэты дом «бруіў жыццём».

З гэтым кракаўскім домам біскупа звязаны шматлікія ўспаміны пра асобу майго вялікага папярэдніка, які застаўся ў памяці пакаленняў кракаўскіх святароў як непераўзыдзены сведка таямніцы айцоўства. «Нязломны князь» — так усе называлі арцыбіскупа Адама Стэфана Сапегу. З такім тытулам прайшоў ён праз вайну і акупацыю. Несумненна, ён займае сваё асаблівае месца ў гісторыі майго паклікання. Бо ён стаяў каля вытокаў яго развіцця. Я ўжо апавядаў пра гэта ў кнізе «Дар і Таямніца».

Князь кардынал Сапега быў у поўным значэнні гэтага слова польскім арыстакратам. Ён нарадзіўся ў Красічыне пад Пшэмыслем. Калісьці я ездзіў туды спецыяльна, каб убачыць замак, у якім ён нарадзіўся. Ён быў святаром Львоўскай дыяцэзіі. У Ватыкане, пры Піі Х, выконваў функцыю Cameriere segreto partecipante. У той час ён вельмі шмат зрабіў для польскай справы. У 1912 годзе быў менаваны біскупам і высвечаны асабіста Піем Х з прызначэннем на кракаўскую сталіцу. Яго інгрэс адбыўся ў тым жа годзе. Такім чынам, гэта было незадоўга да Першай сусветнай вайны. Пасля выбуху вайны біскуп Сапега заснаваў Кракаўскі біскупскі камітэт дапамогі ахвярам вайны, які быў вядомы пад назваю «Князе-біскупскі камітэт» (КБК).

З цягам часу камітэт развіў сваю дзейнасць і ахапіў цэлы край. Сапега быў нечувана дзейсны ў часе вайны, здабываючы такім чынам вялікі аўтарытэт ва ўсёй краіне. Ён стаў кардыналам толькі пасля Другой сусветнай вайны. З часоў Алясніцкага перад ім былі кардыналамі ў Кракаве арцыбіскупы Дунаеўскі і Пузына. Аднак менавіта Сапега асаблівым чынам заслужыў сабе тытул «Нязломны князь».

Так, Сапега быў маім ідэалам, бо быў найперш пастырам. Яшчэ перад пачаткам Другой сусветнай вайны ён прасіў Папу звольніць яго з Кракава, бо хацеў выйсці на пенсію. Аднак Пій ХІІ не даў згоды. Сказаў яму: «Існуе пагроза вайны, будзеш патрэбны». Сапега памёр кракаўскім кардыналам, маючы 82 гады.

У пахавальным казанні ксёндз прымас Вышынскі задаў некалькі важных пытанняў: «Такім чынам, калі мы, вашыя госці і сябры, глядзім на вас, дарагія браты ў святарстве, як вы цесным вянком пачуццяў атуляеце гэтую труну, якая хавае астанкі невялічкай постаці, якая не магла вас скарыць ані ростам, ані фізічнаю сілаю, то хачу запытацца ў вас для ўласнага досведу, для паглыблення ўласнай пастырскай мудрасці, скажыце нам, біскупам, кракаўскія святары, што вы ў ім любілі? Што кранала вашыя сэрцы, што вы ў ім бачылі такога, што паддаліся гэтай душы так, як і ўся Польшча? Аднак тут можна смела казаць пра ўсеагульную пастырскую любоў да свайго Арцыпастыра» (Księga Sapieżyńska, Кракаў, 1986, с. 776). Сапраўды, тое пахаванне ў ліпені 1951 года было незвычайнай падзеяй у сталінскі час: ішла вялікая працэсія з вуліцы Францішканскай на Вавель — цесныя шэрагі святароў, законніц, свецкіх людзей. Ішлі і ішлі, а ўлады не маглі перашкодзіць. Яны былі бяссільныя перад тым, што адбывалася. Можа таму, пасля быў прыдуманы працэс Кракаўскай курыі — пасмяротны працэс супраць Сапегі. Пры жыцці камуністы не асмельваліся яго крануць, хоць ён гэта й дапускаў, асабліва пасля арышту кардынала Міндшэнтыя. Не адважыліся.

Пры ім я праходзіў сваю семінарыю: быў клерыкам, а пасля святаром. Я меў вялікі давер да яго і магу сказаць, што любіў яго, як любілі яго іншыя святары. Часта ў кнігах пішуць, што Сапега ў нейкім сэнсе рыхтаваў мяне, — можа, гэта і праўда. І гэта таксама заданне біскупа: рыхтаваць тых, хто, магчыма, мог бы яго замяніць.

Святары цанілі яго можа й таму, што ён быў князем, але любілі яго найперш таму, што быў айцом — клапаціўся пра чалавека. А гэта самае важнае, што ўлічваецца: біскуп павінен быць айцом. Зразумела, ніводзін чалавек не рэалізуе дасканала айцоўства, бо яно рэалізуецца ва ўсёй паўнаце толькі ў Богу Айцу. Аднак мы нейкім чынам у гэтым айцоўстве Бога ўдзельнічаем. Гэту ісціну я выказаў у медытацыі пра таямніцу айца пад назваю «Ззянне айцоўства»:

«Скажу больш: з набору слоў, якія выкарыстоўваю, вырашыў выкінуць слова „маё“. Як жа я магу так казаць ці думаць, калі ведаю, што ўсё — Тваё. Хоць і не Ты нараджаеш у кожным людскім нараджэнні, але ж той, хто нараджае, — Твой. Нават я сам больш Твой, чым „мой“. Таму я прыйшоў да ўсведамлення, што нельга мне казаць „маё“ на Тваё. Нельга мне так казаць, думаць, адчуваць. Мушу я ад гэтага вызваліцца, пазбавіцца — нічога не мець, нічога не хацець прыўлашчыць (а „мой“ — гэта значыць „уласны“)». («Вершы і драмы»).

 
Айцоўства на ўзор св. Юзафа

Несумненна, біскупства — гэта пасада, але біскупу трэба з усяе сілы змагацца, каб не «абюракраціцца». Ён не можа забываць, што павінен быць айцом. Як я ўжо сказаў, князя Сапегу таму так любілі, што ён быў для сваіх святароў як бацька. Калі я думаю пра тое, хто можа быць дапамогаю і ўзорам для ўсіх пакліканых да айцоўства — у сям’і альбо ў святарстве, а тым больш у біскупскай службе, — мне на думку прыходзіць святы Юзаф.

Для мяне культ св. Юзафа звязаны таксама з досведам, атрыманым у Кракаве. Недалёка ад біскупскага палаца на вуліцы Пасэльскай ёсць сёстры бэрнардынкі. У сваім касцёле менавіта пад тытулам св. Юзафа яны маюць пастаянна выстаўлены Найсвяцейшы Сакрамэнт. Я хадзіў туды ў вольныя хвіліны і маліўся, а мой позірк часта вандраваў у кірунку вельмі шанаванага ў гэтым касцёле прыгожага абраза прыёмнага бацькі Езуса. Там я праводзіў таксама некалі рэкалекцыі для юрыстаў. Я любіў разважаць пра св. Юзафа ў кантэксце Святой Сям’і: Езус, Марыя, Юзаф. Я клікаў іх на дапамогу ў розных справах. Добра разумею гэту адданасць і любоў Святой Сям’і: тры сэрцы, адну любоў. Асабліва душпастырства сем’яў я давяраў святому Юзафу.

У Кракаве ёсць яшчэ іншы касцёл пад тытулам св. Юзафа, а менавіта на Падгор’і. Я бываў там падчас візітацыі. Выключнае ж значэнне мае санктуарый св. Юзафа ў Калішы. Туды прыбываюць з пілігрымкамі падзякі ксяндзы, былыя вязні з Дахау. Была ў гэтым нацысцкім лагеры такая група, якая даверылася св. Юзафу, і яны былі ўратаваныя. Пасля вяртання ў Польшчу святары пачалі кожны год ездзіць у санктуарый у Калішы і заўсёды запрашалі мяне на гэтыя сустрэчы. Сярод іх — арцыбіскуп Казімеж Майданскі, біскуп Ігнацы Еж, а таксама кардынал Адам Казлавецкі, місіянер у Афрыцы.

Провід падрыхтаваў святога Юзафа да выканання ролі бацькі Езуса Хрыста. У прысвечанай яму адгартацыі Redemptoris Custos я напісаў: «Як вынікае з евангельскіх тэкстаў, законнаю падставаю айцоўства Юзафа было сужэнства з Марыяй. Бог выбраў Юзафа сужэнцам Марыі менавіта дзеля таго, каб гарантаваць Езусу бацькоўскую апеку. Адсюль вынікае, што бацькоўства Юзафа — сувязь, якая найбольш цесна яднае яго з Хрыстом, вяршыняю ўсялякай абранасці і прызначэння — здзяйсняецца праз сужэнства з Марыяй» (н. 7). Юзаф быў пакліканы, каб стаць дзявічым сужэнцам Марыі менавіта дзеля таго, каб быць бацькам для Езуса. Айцоўства св. Юзафа, гэтаксама як мацярынства Найсвяцейшай Панны Марыі, мае першарадны хрысталагічны характар. Усе прывілеі Марыі вынікаюць з таго, што Яна — Маці Хрыста. Гэтак жа ўсе прывілеі св. Юзафа вынікаюць з таго, што ён меў заданне выконваць ролю бацькі Хрыста.

Мы ведаем, што Хрыстус звяртаўся да Бога Айца словам Abba — словам блізкім і родным, такім, якім дзеці Яго народу звяртаюцца да сваіх бацькоў. Пэўна таксама, як іншыя дзеці, гэтым самым словам звяртаўся да Юзафа. Ці можна сказаць больш пра таямніцу людскога бацькоўства? Сам Хрыстус, як чалавек, перажываў айцоўства Бога праз сваё сыноўства ў адносінах да св. Юзафа. Сустрэча з Юзафам як з бацькам упісалася ў аб’яўленне, якое праз Хрыста сталася аб’яўленнем айцоўскага імені Бога. Гэта глыбокая таямніца!

Хрыстус як Бог меў уласны досвед Боскага айцоўства і сыноўства ва ўлонні Найсвяцейшай Тройцы. Як чалавек меў досвед сыноўства дзякуючы св. Юзафу. Ён, са свайго боку, ахвяраваў Дзіцяці, якое падрастала пры ім, апору мужчынскай раўнавагі, яснага бачання справы і адвагі. Служыў добрымі якасцямі прыкладнага бацькі, чэрпаючы сілу з таго найвышэйшага вытоку, з якога бярэ назву ўсялякае айцоўства на небе і на зямлі (пар. Эф 3, 15). Адначасова ў тым, што людское, ён сам многаму навучыў Сына Божага, якому збудаваў і даў на зямлі дом.

Для св. Юзафа жыццё з Езусам было пастаянным адкрыццём уласнага бацькоўскага паклікання. Незвычайным чынам, не даючы свайму Сыну цялеснага жыцця, ён станавіўся бацькам. Ці ж не такая рэалізацыя айцоўства ў якасці ўзору была прапанавана нам, святарам і біскупам? Уласна кажучы, усё, што я рабіў у маёй біскупскай паслузе, я перажываў як праяўленне такога айцоўства: хрост, споведзь, Эўхарыстыя, навучанне, напамінанне, заахвочванне — гэта было для мяне рэалізацыяй бацькоўства.

Пра дом, збудаваны Сыну Божаму святым Юзафам, трэба думаць асабліва тады, калі мы сутыкаемся з тэмаю святарскага і біскупскага цэлібату. Цэлібат дае поўную магчымасць рэалізаваць такое айцоўства: айцоўства чыстае, цалкам аддадзенае Хрысту і Яго дзявічай Маці. Святар, вольны ад асабістага клопату пра сям’ю, можа ўсім сэрцам аддацца душпастырскай місіі. Таму зразумелая рашучасць, з якою Касцёл лацінскага абраду бараніў традыцыю цэлібату сваіх святароў, не паддаючыся націскам, якія з’яўляліся час ад часу ў гісторыі. Зразумела, што гэта патрабавальная традыцыя, але аказваецца, што яна дала выключна шчодрыя духоўныя плады. Аднак радуе і ўсведамленне таго, што святарства жанатых у Каталіцкай Усходняй Царкве таксама дало цудоўныя доказы душпастырскай адданасці. Асабліва ў змаганні з камунізмам жанатыя святары былі не менш гераічныя, чым святары ў цэлібаце. Як гэта пацвердзіў некалі кардынал Ёсіп Сліпый, у адносінах да камуністаў яны паводзілі сябе гэтаксама, як іх калегі ў цэлібаце.

Трэба таксама падкрэсліць, што за цэлібатам стаяць глыбокія тэалагічныя абгрунтаванні. Энцыкліка Sacerdotalis caelibatus, якую ў 1967 годзе выдаў мой шаноўны папярэднік Павел VI, гаворыць пра гэта прыкладна так (пар. пп. 19–34):

— Найперш існуе хрысталагічная матывацыя: Хрыстус, устаноўлены Пасярэднікам паміж Айцом і родам людскім, застаўся нежанатым, каб цалкам прысвяціць сябе службе Богу і людзям. Каму дадзена ўдзельнічаць у годнасці і місіі Хрыста, той пакліканы падзяліць таксама гэтую цалкавітую адданасць.

— Існуе эклезіялагічная матывацыя: Хрыстус палюбіў Касцёл, сваё Цела, прысвячаючы гэтаму Касцёлу ўсяго сябе, каб падрыхтаваць сабе хвалебную, святую і беззаганную Абранніцу. Выбіраючы цэлібат, святар выбірае ва ўласнасць гэту дзявічую любоў Хрыста да Касцёла, чэрпаючы з яе сілу звышнатуральнай плоднасці.

— Урэшце існуе эсхаталагічная матывацыя: пры ўваскрасенні, як сказаў Езус, «ані жэняцца, ані йдуць замуж, але прабываюць як анёлы Божыя ў небе» (Мц 22, 30). Святарскі цэлібат прадказвае надыход канчатковага часу збаўлення і нейкім чынам прадвяшчае спаўненне Валадарства, пацвярджаючы, што існуюць найвышэйшыя каштоўнасці, якія ў пэўны час заззяюць ва ўсіх Божых дзеях.

Пры спробах аспрэчыць цэлібат часам падаецца як аргумент адзінота святара, адзінота біскупа. На аснове ўласнага вопыту рашуча адпрэчваю гэты аргумент. Асабіста я ніколі не адчуваў сябе адзінокім. Апроч усведамлення блізкасці Пана, таксама заўсёды побач са мною было шмат людзей, я падтрымліваў шмат сардэчных кантактаў з ксяндзамі — дэканамі, пробашчамі, вікарыямі і з самымі рознымі свецкімі асобамі.

 
Быць са сваім народам

Трэба думаць пра дом, які св. Юзаф збудаваў для Божага Сына, таксама й тады, калі гаворка ідзе пра айцоўскія абавязкі біскупа, каб быць з тымі, хто яму давераны. Дыяцэзія — вось дом біскупа. Не толькі таму, што менавіта там ён працуе і жыве, але ў сэнсе больш глыбокім: дыяцэзія — дом біскупа, бо яна — тое месца, дзе ён павінен штодня праяўляць сваю вернасць Касцёлу — ягонай Абранніцы. Калі Трыдэнцкі Сабор (адносна ранейшых занядбанняў у гэтай галіне) падкрэсліў і апісаў абавязак біскупа быць у сваёй дыяцэзіі, то тым самым праявіў глыбокую дальнабачнасць: біскуп павінен быць з сваім Касцёлам ва ўсе важныя хвіліны. Ён не павінен пакідаць Касцёл без істотнай прычыны даўжэй, чым на месяц — як добры бацька сям’і, які пастаянна знаходзіцца са сваімі, а калі вымушаны з імі разлучыцца, то сумуе па іх і прагне як найхутчэй да іх вярнуцца.

У сувязі з гэтым згадваю постаць вернага Тарноўскага біскупа Ежы Аблевіча. Святары ў яго дыяцэзіі ведалі, што ён па пятніцах не прымае, бо ў гэты дзень пілігрымуе пехатою чатырнаццаць кіламетраў у Тухава, у марыйны дыяцэзіяльны санктуарый. Па дарозе ў малітве ён рыхтаваў нядзельнае казанне. Быў вядомы тым, што вельмі неахвотна пакідаў сваю дыяцэзію. Ён пастаянна быў са сваімі, найперш у малітве, а пасля ў дзейнасці. Аднак найперш у малітве. Гэта з яе вырастае і развіваецца таямніца нашага айцоўства. Гэта ў малітве мы становімся людзьмі веры побач з Марыяй і Юзафам, каб разам з Імі і з усімі тымі, каго нам Бог давярае, будаваць дом для Божага Сына — Яго святы Касцёл.

 
Капліца на Францішканскай, 3

Капліца ў доме кракаўскіх арцыбіскупаў для мяне асаблівае месца. У ёй я атрымаў святарскае пасвячэнне з рук кардынала Сапегі 1 лістапада 1946 года, хоць звыклым месцам пасвячэння з’яўляецца катэдра. Месца і тэрмін майго святарскага пасвячэння вызначыла рашэнне ардынарыя паслаць мяне на вучобу ў Рым.

Святы Павел, ужо будучы дасведчаным Апосталам, піша напрыканцы жыцця да Цімафея: «Сябе прывучай да пабожнасці, бо цялеснае цярпенне мала карыснае, а пабожнасць на ўсё карысная, бо мае прырачэнне жыцця цяперашняга і будучага» (1 Цім 4, 7–8). Капліца ў доме, так блізка, на адлегласці выцягнутай рукі, — гэта прывілея кожнага біскупа, але адначасова — якая ж гэта вялікая адказнасць. Капліца для таго так блізка, каб усё ў жыцці біскупа — навучанне, рашэнні, душпастырства — распачыналася каля падножжа Хрыста, утоенага ў Найсвяцейшым Сакрамэнце. Я сам бачыў, як гэтым жыў кракаўскі арцыбіскуп князь Адам Стэфан Сапега. Ксёндз Прымас кардынал Вышынскі так казаў пра яго ў згаданым ужо пахавальным казанні на Вавелі: «Адзін з многіх іншых штрыхоў гэтага жыцця мяне здзівіў. Калі пасля канферэнцыі епіскапату, пасля цэлага дня часам такой цяжкай працы, усе адчувалі стому і вярталіся да сябе, гэты нястомны чалавек ішоў у сваю халодную капліцу і там заставаўся ў начной цемры перад Богам. Як доўга? Не ведаю. Ніколі не чуў у часе позніх гадзінаў працы ў доме арцыбіскупа зваротных крокаў кардынала. Ведаю адно, што немалады ўзрост даваў яму права на адпачынак. Аднак кардынал павінен быў завяршыць цяжар цэлага дня працы нейкаю залатою дужкаю і завяршаў яго брыльянтам малітвы!» (Księga Sapieżyńska, Кракаў, 1986, с. 776).

Я намагаўся наследаваць гэты недасягальны прыклад. У хатняй капліцы не толькі маліўся, але таксама сядзеў і пісаў. Тут я пісаў свае кнігі, сярод іх — працу «Асоба і ўчынак». Я перакананы, што капліца — гэта месца, з якога сыходзіць асаблівае натхненне. Гэта агромністая прывілея — магчы жыць і працаваць у прасторы гэтай Прысутнасці. Прыцягальная Прысутнасць — як магутны магніт. Мой сардэчны сябра, якога ўжо няма на свеце, Андрэ Фрасар у кнізе «Бог існуе, я сустрэў Яго» перадаў сілу і прыгажосць гэтай Прысутнасці. Аднак не заўсёды абавязкова фізічна прысутнічаць у капліцы для таго, каб духова ўвайсці ў прастору Найсвяцейшага Сакрамэнту. Заўсёды ўнутрана я адчуваў, што гэта Ён, Хрыстус, з’яўляецца гаспадаром майго біскупскага дома, а мы, біскупы, з’яўляемся толькі часовымі арандатарамі. Так было на Францішканскай на працягу амаль дваццаці гадоў і так ёсць тут, у Ватыкане.

Працяг >>
Пераклад з польскай мовы
Крыстыны Лялько.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY