Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
1(39)/2007
Галерэя

ЯН ВАН ЭЙК.
ЗВЕСТАВАННЕ
Год паклікання да святасці

ДАРОГА ДА СВЯТАСЦІ НЕ МАЕ ПЕРАШКОДАЎ

ВАКНО Ў ВЕЧНАСЦЬ
На кніжнай паліцы
Ad Fontes

СЬЛЕДАМ ЗА ХРЫСТОМ
Юбілеі

НАПАЛЕОН ОРДА
Музыка
Постаці
In memoriam
Мастацтва

БЯЛЫНІЦКІ АБРАЗ МАЦІ БОЖАЙ
Паэзія

ВЕРШЫ
На кніжнай паліцы

КАРОЛЬ ПРАЗ ЛАСКУ ХРОСНАЙ КУПЕЛІ

ПАМЯЦІ ПАКУТНІКА
Палеміка

«СХАВАЙ МЕЧ»
Пераклады

ГУЛЬНЯ БОЖАЙ ЛЮБОВІ

БАГІ ПАГАНЦАЎ
Проза

ЗНАК СУПАКОЮ
Практыкум

ГІСТОРЫЯ БІБЛІЙНАГА ЮЗАФА
Нашы падарожжы

НАТАТКІ ПІЛІГРЫМА
Мастацтва

ЭКУМЕНІЗМ ДРЭВА

Алесь ЖЛУТКА

ГУЛЬНЯ БОЖАЙ ЛЮБОВІ

Мацей Сарбеўскі. Праца невядомага мастака ХVІІ ст. са збораў Лявона Драгаслава-Трушкоўскага ў Францыі. Друкуецца з: Ks. Ludwik Piechnik S.I. Dzieje Akademii Wileńskiej. T. II. Rzym, 1983.
 
Знакаміты паэт, філосаф і тэолаг Мацей Казімер Сарбеўскі, урывак з твора якога прапаноўваецца ўвазе чытача, нарадзіўся 24 лютага 1595 г. у вёсцы Сарбева каля Плоньска на Мазовіі (цяпер Варшаўскае ваяводства ў Польшчы).

Адзін з першых даследчыкаў яго жыцця і творчасці Й. Лянгбайн сцвярджаў, што Сарбеўскі з паходжання быў ліцвінам (г. зн. беларусам). Бацькамі хлопчыка былі шляхціч Мацей Сарбеўскі і Анастасія з Мілеўскіх. Мяркуючы па прысвячэнні аднаго з вершаў, ён меў яшчэ брата Станіслава. 3 12-гадовага ўзросту будучы паэт вучыўся ў Плоньскім езуіцкім калегіуме, а ў 1612 г. уступіў у ордэн езуітаў. Навіцыят адбываў у Вільні разам з Андрэем Баболем, пазней кананізаваным беларускім мучанікам. У 1614–1617 гг. вывучаў філасофію ў Брунсбергскім (сёння Бранева ў Польшчы) калегіуме. Пасля заканчэння гэтага курса выкладаў паэтыку ў Крожах на Жмудзі (1617–1618), а потым рыторыку ў Полацкім калегіуме. У 1620 г. паступіў на курс тэалогіі Віленскай акадэміі, якая ў той час была ўжо добра вядомая ў Еўропе. Выдатныя здольнасці маладога законніка звярнулі ўвагу кіраўнікоў ордэна, і ён быў пасланы для далейшага навучання ў Рым, куды прыбыў у 1622 годзе. У 1623 г. ён атрымаў святарскі сан. Пасля вяртання з Рыма (1625) Сарбеўскі зноў выкладаў рыторыку — спачатку ў Полацку і Нясвіжы (1626–1627), а затым у Віленскай акадэміі (1627–1633), дзе пачаў чытаць філасофію і тэалогію і там жа ў 1632 г. атрымаў ступень доктара філасофіі, а праз чатыры гады — тэалогіі. У 1633 г. быў абраны дэканам філасофскага і тэалагічнага факультэтаў. З 1635 г. быў прапаведнікам пры двары караля Рэчы Паспалітай Уладзіслава IV, які, захоплены талентам паэта, хацеў бачыць яго каля сябе і ў частых замежных паездках, і на прыдворных урачыстасцях, і ў час паляванняў у беларускіх пушчах. Нягледзячы на тое, што занятак прыдворнага прапаведніка не спрыяў рэалізацыі паэтычнага таленту Сарбеўскага (гэта вынікае з яго лістоў да С. Лубеньскага) і да таго ж паэт захварэў на сухоты, тым не менш ён мусіў выконваць гэтыя абавязкі да самай смерці і памёр, як перадае адзін з яго біёграфаў В. Грахоўскі, пасля аднаго з казанняў, у Варшаве, 2 траўня 1640 г., рыхтуючыся нарэшце пакінуць каралеўскі двор.

У Еўропе Мацей Сарбеўскі вядомы перадусім як выдатны паэт і тэарэтык літаратуры. Надзелены неардынарнымі здольнасцямі, адмысловым паэтычным дарам, ён, відаць, ужо са школьнай лаўкі пачаў займацца паэзіяй. Першым яго друкаваным творам стаў панегірык фундатару Крожскага калегіума вядомаму беларускаму магнату Яну Каралю Хадкевічу (1619). Гэтаму выдатнаму палкаводцу XVII ст. ён прысвяціў і шэраг іншых сваіх вершаў, з якіх асабліва патрыятычным пафасам і ўзнёсласцю вылучаецца ода на хоцімскую перамогу над туркамі, да якой у вялікай ступені прычыніўся Хадкевіч. Сярод адрасатаў вершаў М. Сарбеўскага фігуруюць прозвішчы і іншых беларускіх магнатаў: Пацаў, Сапегаў, Радзівілау, Кішкаў.

Тытульны аркуш рукапісу трактата М. Сарбеўскага «Паганскія багі», напісанага ў Полацку ў 1626–1627 гг. Захоўваецца ў Бібліятэцы Чартарыскіх у Кракаве. Друкуецца з: Maciej Kazimierz Sarbiewski. Dii gentium. Bogowie pogan / Wstкp, opr. i przekі. Krystyna Stawiecka. Wrocіaw i in., 1972. Ryc. 1.
 
Найбольш плённым для інтэлектуальнага і духовага росту Мацея Сарбеўскага трэба лічыць рымскі перыяд. Знаёмства з архітэктурай, актыўныя сувязі з выдатнымі італьянскімі вучонымі і літаратарамі, мастакамі, сяброўскія адносіны з новаабраным Папам Урбанам VIII, вядомым мецэнатам, знаўцам антычнасці і таленавітым лацінскім паэтам, — усё гэта спрыяла росквіту яго паэтычных здольнасцяў. Верш «Залаты век», якім М. Сарбеўскі прывітаў пры знаёмстве новага Папу, прынёс яму славу сярод тагачасных рымскіх паэтаў і прыхільнасць першасвятара. У Рыме Мацей Сарбеўскі скрупулёзна вывучаў творы лацінскіх аўтараў і разам са сваім рымскім сябрам Аляксандрам Данатам даследаваў антычныя помнікі Вечнага горада і наваколля. Здабытыя веды потым ўвасобяцца ў працу «Паганскія багі», што дайшла ў рукапісах як курс лекцый па антычных старажытнасцях для студэнтаў Полацкага калегіума. Праз нейкі час разам з іншымі найбольш дасведчанымі лацінскімі філолагамі Еўропы М. Сарбеўскі быў запрошаны Урбанам VIII для выпраўлення тэкстаў касцёльных гімнаў. Дзякуючы працы гэтага творчага гуртка было выпраўлена каля 900 метрычных памылак, перароблена больш за 30 гімнаў і складзена шмат новых, сярод якіх некаторыя належаць пяру Сарбеўскага (даказана бясспрэчнае аўтарства велікоднага гімна «Да ўрачыстага спажывання Ягняці» і гімна ў гонар хоцімскай перамогі). Гэтая праца, несумненна, садзейнічала росту яго паэтычнага майстэрства, здабыла яму аўтарытэт сярод літаратурнай і навуковай грамадскасці ўсяго каталіцкага свету. Пасля выхаду ў Кёльне яго першага паэтычнага зборніка «Лірычныя творы» (1625), які быў без ведама аўтара выдадзены рымскімі сябрамі, М. Сарбеўскі атрымаў найменне «хрысціянскага Гарацыя» і неўзабаве прыняў з рук Папы лаўровы вянок — прызнанне паэтычнага генію. Апрача таго ў знак асабістай сімпатыі і захаплення яго творчасцю перад ад’ездам паэта з Рыма Папа падараваў яму медальён на залатым ланцугу са сваім партрэтам. Слава Сарбеўскага шырылася імкліва: за кароткі час яго зборнік вытрымаў некалькі перавыданняў (Кёльн, 1625; Вільня, 1628; Лейдэн, 1631; Антвэрпен, 1630, 1632, 1634). Дарэчы, тытульны ліст да антвэрпэнскага выдання быў аформлены знакамітым Пэтэрам Паўлем Рубэнсам.

У зборніку паэт дэманструе глыбокае веданне міфалогіі і рэаліяў антычнага свету, віртуознае валоданне лацінскім словам і вершам, высокі ўзлёт паэтычнага натхнення. Сучаснікі захапляліся яго рэлігійнай лірыкай, прасякнутай глыбокімі і шчырымі пачуццямі. З незвычайнай цеплынёй і захапленнем напісаныя творы М. Сарбеўскага, прысвечаныя прыродзе, на ўлонні якой ён праводзіў, відаць, вольныя хвіліны і ў час навучання ў Вільні, і выкладання ў Полацку, а таксама пазней, на паляваннях у лясах Беларусі з каралём Уладзіславам IV. Вядома, што ў канцы жыцця М. Сарбеўскі напісаў высокамастацкі твор «Лясныя забавы» — пра паляўнічыя вандроўкі ў свіце караля. Паэта глыбока хвалявала таксама праблема еднасці дзяржаваў Еўропы перад небяспекай турэцкай навалы. Ён заклікаў еўрапейскіх манархаў спыніць звады і ўтварыць кааліцыю супраць небяспечнага ворага. Прыкладам патрыятызму і самаадданасці ў яго творах выступае Я. К. Хадкевіч.

Паэтычны трыумф Мацея Сарбеўскага не быў часовай модаю, пасля смерці паэта яго вершы заваявалі ўсю Еўропу. Дапоўненыя і пашыраныя зборнікі яго паэтычнай спадчыны, апрача Вільні, Варшавы, Вроцлава, выдаваліся ў Рыме, Венецыі, Кёльне, Парыжы, Лейпцыгу, Дрэздэне, Страсбургу, Лондане, Лос-Анджэлесе. Творы М. Сарбеўскага перакладзены на галоўныя еўрапейскія мовы — англійскую, французскую, нямецкую. На сённяшні дзень вядома больш за 60 выданняў М. Сарбеўскага ў розных месцах і рознага часу. Адным з найлепшых перакладаў яго вершаў на польскую мову з’яўляецца пераклад Уладзіслава Сыракомлі з цудоўнай прадмоваю (1852). Паэзію Мацея Сарбеўскага на працягу многіх гадоў вывучалі і чыталі ў вядучых еўрапейскіх універсітэтах, а ў Оксфардскім універсітэце яго чыталі замест Гарацыя.

Тытульны аркуш антвэрпэнскага выдання 1632 г. «Кнігі лірыкі» М. Сарбеўскага з дарчым аўтографам аўтара. Малюнак Пэтэра Паўля Рубэнса. Захоўваецца ў Зборы Красіньскіх Нацыянальнай бібліятэкі ў Варшаве. Друкуецца з: Ks. Ludwik Piechnik S.I. Dzieje Akademii Wileсskiej. T. II. Rzym, 1983.
 
Мацей Сарбеўскі шырока вядомы і як выдатны тэарэтык паэзіі і красамоўства. Літаратурная эліта Апостальскай Сталіцы захаплялася яго трактатам «Пра дасціпную і вытанчаную паэзію», які ўзнік з яго папярэдніх лекцый у Полацкім калегіуме (1618–1620). Плёнам выкладання ў Полацку (1626–1627) і ў Віленскай акадэміі (1627–1628) сталі працы М. Сарбеўскага «Лірычныя характары», «Пра вартасці і заганы элегіі», «Пра дасканалую паэзію» і рытарычны трактат «Пра фігуры думкі». Вялікая эрудыцыя ў галіне міфалогіі і антычнага свету, неардынарнасць падыходу да класічнай культуры бачныя і ў яго трактатах па міфалогіі («Багі паганцаў»), па гісторыі Рыма («Кніга пра Рым і рымлянаў»). Арыгінальнасцю і свежасцю думкі вызначаюцца таксама тэалагічныя нататкі М. Сарбеўскага да твораў Тамаша Аквінскага, якія захоўваліся ў бібліятэцы Віленскага універсітэта і былі, відаць, канспектам адпаведнага курса, прачытанага ім у Вільні (1631). Сучаснікамі высока цаніліся яго казанні на лацінскай і польскай мовах.

Жыццё і паэзія Мацея Казімера Сарбеўскага непарыўна звязаныя з нашай Літвой-Беларуссю, адкуль ён чэрпаў натхненне і сілы, дзе ён тварыў, навучаў, жыў. Сваёй паэтычнай і навуковай творчасцю Сарбеўскі зрабіў велізарны ўнёсак у нашу культуру. Пад уздзеяннем яго паэзіі пісалі свае творы Сімяон Полацкі і Мялецій Сматрыцкі, М. Карыцкі і Ф. Князьнін. Вучнем Сарбеўскага часта называюць Адама Міцкевіча.

Пададзены ніжэй тэкст узяты з трактата «Багі паганцаў», які быў напісаны ў 1627 г. у Полацку, калі Сарбеўскі выкладаў у мясцовым езуіцкім калегіуме. Твор упершыню быў выдадзены друкам у 1972 г. на мове арыгіналу з паралельным польскім перакладам1 . Як можна меркаваць з захаваных рукапісаў, трактат не быў яшчэ падрыхтаваны аўтарам да друку і выкарыстоўваўся як рукапісны курс лекцыяў. Адсюль, магчыма, і пэўная нераўнамернасць падачы матэрыялу, калі асобныя часткі ці раздзелы перавышаюць памерам іншыя. Відавочна, што першапачатковая задума была скіраваная на стварэнне своеасаблівай энцыклапедыі рымскіх старажытнасцяў, але ў бегу працы ў яе ўводзіліся міфалагічныя персанажы і з іншых паганскіх культаў, а матэрыял асобных раздзелаў разрастаўся за кошт разгорнутых тлумачэнняў тых персанажаў ці з’яваў, якім Сарбеўскі надаваў большае значэнне. Неабходнасць глыбейшага разважання над пэўнымі тэмамі сам ён матывуе тым, што неабходна паказаць, якая каштоўная праўда ўтоена ў міфах старажытнасці, а таксама ўказаць шлях, якім можна выявіць гэтую праўду2.

Пры разглядзе антычнай міфалогіі М. Сарбеўскі грунтуецца на двух падыходах, выпрацаваных яшчэ ў старажытнасці і прынятых Айцамі Касцёла. Першы метад даследавання міфаў — гістарычны, калі высвятляецца іх паходжанне. Ідучы гэтым шляхам, аўтар трактата спрабуе знайсці вытокі некаторых міфаў у гісторыі біблійнага Ноя і яго нашчадкаў, робіць сінтэз міфалогіі і біблійных паданняў.

Другі падыход — алегарычнае вытлумачэнне, калі ў міфічных паданнях шукаюцца схаваныя праўды не толькі з галіны рэлігіі і этыкі, але таксама і канцэпцыі дакладных навук. Такое тлумачэнне ў тэалогіі зыходзіла з таго, што ў старажытнасці народы мелі зацемненае, нібы ў сне, бачанне Божых справаў. Таму неабходна было выявіць у гэтым невыразным бачанні сапраўдную сутнасць, дастасоўваючы сваё тлумачэнне да хрысціянскага вучэння.

Часам, трактуючы сімволіку міфаў, М. Сарбеўскі ў розных месцах сваёй кнігі дае розныя, нават супярэчныя тлумачэнні адной і той жа з’явы. І гэта яго свядомая пазіцыя з мэтаю паказаць багацце магчымасцяў інтэрпрэтацыі. «...дастаткова паказаць, што часам нават з малой (з’явы) старажытнасці можна здабыць шматлікія і глыбокія сэнсы» — піша ён. Мацей Сарбеўскі — сапраўдны майстар алегарычнага тлумачэння3. Яго разгляд набывае кшталт адмысловай стэрэаскапічнасці, калі міф асвятляецца перадусім святлом Святога Пісання і праз яго тлумачыцца, а таксама нібы падсвечваецца меркаваннямі антычных аўтараў, выказваннямі Айцоў Касцёла, поглядамі новых, сучасных М. Сарбеўскаму, пісьменнікаў. Выклад зместу становіцца драматычным і полілагічным, калі аўтар трактата, падаючы гэтыя розныя пункты гледжання на адзін прадмет, быццам атаясамляецца з імі і гаворыць за іх альбо іхнімі словамі. Мацей Сарбеўскі выкарыстоўвае велізарную колькасць крыніцаў. Апрача Святога Пісання і Айцоў Касцёла, з якіх найчасцей цытуецца «Горад Божы» Аўгустына, ён цытуе таксама рымскіх паэтаў і гісторыкаў, міфографаў антычнага і пазнейшага часу, карыстаецца навуковымі даследаваннямі і каментарамі новага часу да Бібліі і хрысціянскіх аўтараў. Трактат М. Сарбеўскага з’яўляецца люстраным адбіткам эпохі: ён дае ўяўленне пра стан навуковай думкі ХVІІ ст., пра метады і кірункі даследаванняў, датычных не толькі тэалогіі, філасофіі ці гісторыі рэлігіі, але таксама дакладных навук — фізікі, матэматыкі, астраноміі, хіміі і нават такіх дысцыплін, як астралогія ці фізіягноміка.

Метад здабывання адвечнай праўды з міфічных глыбіняў, які ўжыў М. Сарбеўскі, цудоўна дэманструецца ім у адным з найбольш цікавых і незвычайных раздзелаў яго трактата, — «Венеры», дзе на прыкладзе старажытнай гульні ў косткі ва ўсёй велічы і прыгажосці паўстае касмічная Гульня Божай Любові, якая ахоплівае ўвесь сусвет і яго адлюстраванне — чалавека.

Паколькі ў пададзеным ніжэй тэксце М. Сарбеўскі выбірае зыходным пунктам для сваіх разважанняў старажытную гульню ў косткі, варта ў агульных рысах даць яе апісанне. Грэкі і рымляне выкарыстоўвалі косткі для варажбы і гульні. Яны падзяляліся на астрагалы (tali) і кубікі (tesserae). Кубікі мелі выгляд сучасных костак для гульні з пазнакамі на гранях — ад аднаго да шасці. Астрагалы вырабляліся з першага сустава нагі жвачных жывёлаў — авечкі, казы, быка ды інш. У адрозненне ад кубікаў, яны маглі выпадаць толькі на чатыры бакі і мелі толькі чатыры лічбы — 1, 3, 4 і 6. Гулялі звычайна чатырма косткамі. Найлепшы кідок — «Венера», калі ўсе чатыры косткі падалі на розныя лічбы, найгоршы — «сабака», калі ўсе косткі падалі на адну лічбу.

Гульняў было шмат. Адна з іх, напрыклад, адбывалася так: на кожнае вочка гульцы клалі пэўную суму грошай, затым кожны кідаў косткі і выйграваў той, хто набраў вочак на большую суму. Каб пазбегнуць махлярства, косткі выкідваліся праз адмысловую прыладу, якая называлася вежачкай. Кідаліся яны на дошку, падзеленую на палі. Ад самага пачатку косткі мелі сакральны сэнс і былі прысвечаныя Гермесу (Меркурыю). Косткі выкарыстоўваліся для варажбы, а вынік гульні мог рэальна азначаць жыццё ці смерць для гульцоў. Часам варажбіт браў па костцы ў правую і левую руку і сам гаварыў за боства, выводзячы з колькасці вочак станоўчы ці адмоўны адказ. У X ст. Герберам, які потым стаў Папам Сільвестрам ІІ, была вынайдзеная пітагарэйская гульня рытмамахія (грэц. змаганне лічбаў), падобная да шахматнай, але ў ёй выкарыстоўваліся не фігуры, а косткі. Відаць, рытмамахія паслужыла ўзорам для яго сучасніка камбрэзійскага біскупа Вібальда, які вынайшаў адмысловую гульню для духавенства і манахаў (ludus clericalis ludus regularis), змест якой заключаўся ў кіданні костак на табліцу, дзе ліку вочкаў, якія атрымліваліся ад кідка трох костак, адпавядалі назвы цнотаў — Любоў, Вера, Чыстасць ды інш. Гэта гульня звязаная з цэлай сістэмай варажбы і падлікаў, заснаванай на суадносінах лічбаў да літараў, веры ў містычную моц літараў. Манахі, якія здабывалі ў гэтай гульні найвышэйшыя цноты, павінны былі скіроўваць да гэтых цнотаў іншых. Відаць, біскуп, такім чынам таксама хацеў адвярнуць манахаў ад папулярнай ва ўсе часы гульні на грошы, якая пагражала падзеннем маральнасці не толькі сярод свецкіх, але і сярод духавенства3.

У старажытнай Беларусі гульня ў косткі, як і ва ўсёй Еўропе, была даволі пашыранай з’явай. Сустракалася і варажба на костках.

Невялікія ўрыўкі з кнігі «Багі паганцаў» разам з жыццяпісам, напісаным Уладзіславам Сыракомлем, на беларускую мову пераклала Ларыса Чарнышова, дадаўшы грунтоўную прадмову4. Урывак з раздзела «Венера», які дагэтуль па-беларуску не ўзнаўляўся, мы падаем у нашым перакладзе.

Гл. таксама:
:: БАГІ ПАГАНЦАЎ ::

 


  1. Maciej Kazimierz Sarbiewski. Dii gentium. Bogowie pogan / Wstкp, opr. i przekі. Krystyna Stawiecka. Wrocіaw i in., 1972.
  2. Гл. Stawiecka K. Przedmowa // Maciej Kazimierz Sarbiewski. Dii gentium. Bogowie pogan / Wstкp, opr. i przekі. Krystyna Stawiecka. Wrocіaw i in., 1972. S. 15.
  3. ibidem. S. 18, 21.
  4. Кости игральные // Новый энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона. Т. 22. Пг. Ст. 924.
  5. Чарнышова Л. Сарбеўскі — у нашай спадчыне // Спадчына. № 3. 1991. С. 95–109.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY