|
|
№
1(39)/2007
Галерэя
Год паклікання да святасці
На кніжнай паліцы
Ad Fontes
Юбілеі
Музыка
Постаці
In memoriam
Мастацтва
Паэзія
На кніжнай паліцы
Палеміка
Пераклады
Проза
Практыкум
Нашы падарожжы
Мастацтва
|
Галоўная каштоўнасць твораў Орды, безумоўна, у дакументальнасці яго выяваў. Многія помнікі архітэктуры і краявіды, адлюстраваныя на ягоных аркушах, даўно змянілі выгляд і нават трагічна зніклі. Паводле літаграфіяў Напалеона Орды быў адрэстаўраваны і цалкам адноўлены шэраг, здавалася, страчаных назаўсёды помнікаў. Многія з іх чакаюць свайго паўторнага нараджэння. Ролю мастака ў аднаўленні гістарычнай праўды і справядлівасці цяжка пераацаніць. У гэтым яго можна параўнаць з другім выдатным дакументалістам, толькі ў жывапісе. Італьянскі мастак XVIII стагоддзя Бернардо Белотто (празваны Каналетто) таксама шмат падарожнічаў, працаваў у Саксоніі і Польшчы. Ягоныя «відуты» — гарадскія краявіды — вызначаюцца скрупулёзнай дэталёвасцю і дакладнасцю адлюстравання рэчаіснасці. Пасля разбурэнняў Другой сусветнай вайны рэстаўратары з удзячнасцю выкарысталі карціны мастака, аднаўляючы Дрэздэн і Варшаву. Напалеон Орда таксама ўважлівы да кожнай дэталі. Усё яму бачыцца важным. Ён не рабіў «карэкцыі» краявіду, чым грашыў нават папулярны расейскі пейзажыст Іван Шышкін (рыхтуючы пейзажную натуру, Шышкін часам выкопваў хмызняк і пазбаўляўся ад некаторых дэталяў). Малюючы невялікія шляхецкія маёнткі з класіцыстычнымі портыкамі, Орда перадаваў непаўторную атмасферу правінцыйнага жыцця Беларусі, якой ужо, на вялікі жаль, даўно няма. Мастак не ідэалізаваў гэтыя ціхія куткі Радзімы, але ў ягоным рэалізме заключана такая цеплыня і любоў да роднага, што наш сучаснік, безумоўна, будзе шукаць гэтыя матывы ў цяперашняй Беларусі. І ўсё ж, на наш погляд, талент графіка і пейзажыста найбольш раскрываецца ў ягоных аркушах, прысвечаных велічным старажытнасцям нашай зямлі. Замкі ў Міры, Крэве, Наваградку, Лідзе не проста паказаны ў найвыразнейшым ракурсе і найбольш завершанай кампазіцыі. І тут мастак перадае нетаропкае жыццё ягонай сучаснасці. Але стафажныя фігуры людзей, іхнія дамы, іхнія штодзённыя клопаты – усё гэта існуе ў кантрасце з манументальнымі помнікамі мінуўшчыны. Працуючы над выявамі замкаў, Орда гаварыў пра вечнасць, гісторыю, пра нацыянальную драму стагоддзяў. У яго камерных графічных творах заключана моц духу, уласцівая пакаленню нашых вызвольных паўстанняў ХІХ стагоддзя. Графічная мова мастака набывае ў гістарычных краявідах найвышэйшыя якасці. Муры і вежы сатканыя з трапяткіх штрыхоў. Волаты-замкі амаль раствараюцца ў пяшчотным святле. Мадэліроўка формаў, святлоценявыя эфекты набываюць у гэтых творах далікатнасць і тонкасць. Разам з Напалеонам Ордам мы здзяйсняем падарожжа ў часе і прасторы. Крок за крокам, краявід за краявідам аднаўляецца гістарычная памяць. Не згасае полымя любові да роднай зямлі.
|
|
|