Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
1(39)/2007
Галерэя

ЯН ВАН ЭЙК.
ЗВЕСТАВАННЕ
Год паклікання да святасці

ДАРОГА ДА СВЯТАСЦІ НЕ МАЕ ПЕРАШКОДАЎ

ВАКНО Ў ВЕЧНАСЦЬ
На кніжнай паліцы
Ad Fontes

СЬЛЕДАМ ЗА ХРЫСТОМ
Юбілеі

НАПАЛЕОН ОРДА
Музыка
Постаці
In memoriam
Мастацтва

БЯЛЫНІЦКІ АБРАЗ МАЦІ БОЖАЙ
Паэзія

ВЕРШЫ
На кніжнай паліцы

КАРОЛЬ ПРАЗ ЛАСКУ ХРОСНАЙ КУПЕЛІ

ПАМЯЦІ ПАКУТНІКА
Палеміка

«СХАВАЙ МЕЧ»
Пераклады

ГУЛЬНЯ БОЖАЙ ЛЮБОВІ

БАГІ ПАГАНЦАЎ
Проза

ЗНАК СУПАКОЮ
Практыкум

ГІСТОРЫЯ БІБЛІЙНАГА ЮЗАФА
Нашы падарожжы

НАТАТКІ ПІЛІГРЫМА
Мастацтва

ЭКУМЕНІЗМ ДРЭВА

Ірына ЖАРНАСЕК

НАТАТКІ ПІЛІГРЫМА

Маё адкрыццё Рыма

«Яшчэ адзін Калумб знайшоўся», — прадбачу чыюсьці кпіну. І ўсё ж асмелюся сцвердзіць: увосень, парою лістапада 2006 года, я адкрыла Рым. Некаму, вядома, смешна такое чуць, бо той нехта зрабіў такое адкрыццё нашмат раней і цяпер, магчыма, адно пацісне плячыма: «Ці не пазнавата?». Але, магчыма, хтосьці скажа таксама альбо падумае: «Пашчасціла ж ёй!». Таму найперш з тымі, хто яшчэ не быў шчаслівы ў Рыме, я і хачу падзяліцца гэтымі нататкамі.

Вядома, ён, мой Рым, і надалей спакойна ды ўпэўнена будзе перагортваць свае дні, гады, стагоддзі, будзе і надалей абнаўляцца ды заставацца старым, пракаветным, вечным. Ён цудоўна і надалей мераў бы час без маіх крокаў па ягоных вуліцах. Але я?.. Што адчувала б, якімі вачыма глядзела б цяпер я на гэты свет, калі б у лістападзе 2006 года не было маіх дзевяці дзён, пражытых у Рыме?..

 
Сонцу не страшныя хмары!

Разумею: гэтае адкрыццё вельмі наіўнае, а для кагосьці яно зусім і не адкрыццё. Але ж я ўжо сказала, што гаворка ідзе пра мае адкрыцці.

Так ужо сталася, што мне мала даводзілася лётаць на самалёце. Па-праўдзе кажучы, я іх баюся. Пра мой кароткі пералёт разам з сястрою з Даўгапілса ў Рыгу ў 70-х гадах ведае ўся мая радня. Доўгі час аповед пра тую вясёлую прыгоду я распавядала па заяўках сваякоў, асабліва ахвочых да смеху. І вось мяне зноў чакаў самалёт… Ды на гэты раз мае дзядзькі ды цёткі, калі б яны яшчэ жылі, былі б расчараваныя, бо нічога надта смешнага я ім не распавяла б. Але, тым часам, адно надзвычай важнае, калі не сказаць, ашаламляльнае адкрыццё я ўсё ж зрабіла. Вось як гэта здарылася.

Уранні 8 лістапада мы з ксяндзом Аляксандрам Чайкоўскім так-сяк выехалі з Наваполацка на Мінск, каб ужо з яго скіравацца на Італію. Гэтае «так-сяк» увабрала ў сябе 8 па Цэльсію пасля некалькіх дзён марозу ды ўнушальны пласт снегу, з-пад якога айцец Аляксандр на світанні выцерабіў сваю машыну. Я, адчайна апрануўшы лёгкі восеньскі палітон (у Італію ж еду!), надрыжэлася ад холаду, пакуль доўжыўся працэс «аддзірання машыны ад глебы». У галаву ўжо пачыналі ўскокваць думкі пра тое, што я раблю чарговы ў сваім жыцці безразважны крок, выбіраючыся ў свет як у капейку гэткім няласкавым надвор’ем. У тое, што недзе ў гэты самы час можа быць цёпла і нават горача, не ўдавалася паверыць.

Шэра-белы, увесь у лістападаўскім снезе Менск сустрэў нас не лепшай карцінай. Ды білеты ў кішэнях, у Рыме нас чакаюць айцы марыяне, якім заманулася ж вось гэткай парою запрасіць да сябе беларускіх гасцей — даўно не бачыліся! Дык едзем. Дакладней, ляцім. А ў вышыні мяне і чакаў неспадзявана-радасны, як на гэткі сцюдзёна-шэры дзень, сюрпрыз. За шэрымі грувасткімі аблокамі над Менскам… свяціла яркае, шчодрае, вясёлае сонца! «Мама!» — выдыхнула я, як і заўсёды ў такія вось шчасліва-неспадзяваныя хвіліны, зусім забыўшыся, што трэба ж нібыта мне пачынаць ужо баяцца вышыні, тэрарыстаў альбо яшчэ якога ліха. На ўсё гэта я забылася. Сонца свяціла радасна й пераможна, яно нібы пасміхалася з нас, яшчэ нядаўна пахмурных ды разгубленых. Заставалася адно паспачуваць менчукам, якія цяпер нават не здагадваюцца, што над іхнімі галовамі... свеціць сонца! «Сонцу не страшныя хмары!» — сказала я ў вакно ілюмінатара майму нябачнаму апаненту, і мяне агарнула радаснае прадчуванне сустрэчы.

 
Італьянскія сосны

Нас сустрэлі ў аэрапорце зямляк айцец Вячаслаў Пялінак і паляк брат Марыюш. Прывіталіся ды паехалі ў генеральны дом айцоў марыянаў. Глядзела праз вакно машыны на заліты сонцам Рым (тут, аказваецца, сонца не толькі за хмарамі, але й на зямлі) і маю ўвагу чамусьці прыцягвалі не старыя камяніцы, высокія вежы ды пракаветныя муры, што па чарзе спяшаліся нам насустрач, але грацыёзныя, што тыя букеты ў высокіх тонкіх букетніцах, дрэвы з шыкоўнай раскідзістай кронай. Адно такое маладзенькае расло каля самай дарогі, і я, прыгледзеўшыся, ахнула: гэта што, сосны?!

— Ну так, сосны, толькі тут яны называюцца пініі, — адказаў мне паблажліва, бо ён жа не першы раз у Рыме(!), ксёндз Аляксандр, — з іх Пінокіо, а па-нашаму Бураціна, зроблены.

Ах ты, татка Карла, як жа ў цябе рука паднялася секчы такую прыгажосць?! А з іншага боку, ці ж бы выйшаў з якога іншага дрэва такі сімпатычны герой з доўгім носам?

Пальмы і сосны — краса Рыма. Яны быццам цягнуцца ўвысь услед за высачэзнымі святынямі ды калонамі, а потым, абагнаўшы іх, горда ўзвышаюцца над мурамі й годна так, грацыёзна ўпрыгожваюць іхнюю веліч. Як прыгледзішся, дык італьянскія не такія ўжо, мабыць, і далёкія сваячкі нашых кучаравых красуняў, апетых Максімам Танкам, адно што нашмат вышэйшыя ды свабодней раскідваюць свае шыкоўныя кроны. Мая першая імклівая закаханасць на гэты раз не падвядзе, і ўсе 9 дзён сэрца будзе радасна ўздрыгваць пры выглядзе гордых прыгажуняў.

 
Марыяне і ў Італіі марыяне

У Беларусі я пачуваю сябе сярод іх асабліва добра, можна сказаць, па-свойску. На гэта ёсць шмат прычынаў, але не пра тое гаворка. Калі ж ехала ў Рым да марыянаў, дык рупіла мне трохі іншае, бо, як ні кажы, а ўсё ж не ў Друю ды не ў Росіцу еду. Хоць выправіла мяне ў Рым, калі можна так сказаць, менавіта Росіца. У свой час паспрабавала я наблізіцца да балючай старонкі нашага Касцёла — росіцкай трагедыі — і напісала раман «Будзь воля Твая». Айцец генерал Ян Рокаш падараваў кнігу Святому Айцу Яну Паўлу ІІ, пра што мне пастаянна нагадвае прыгожы фотаздымак на сцяне маёй кватэры, і ў мяне заўсёды, калі гляджу на яго, радасна ўздрыгвае сэрца. Магчыма, айцец Ян, падумаў, што не зусім гэта справядліва: кніга ў Рым трапіла, а яе аўтарка не. Вось і запрасіў ён мяне ў Вечны горад, за што я яму, вядома ж, вельмі яму ўдзячная.

У генеральным доме айцоў марыянаў можна пачуць ангельскую, нямецкую, гішпанскую, беларускую, польскую мовы. Ну і, вядома ж, італьянскую, яна тут чуецца найчасцей. Але тыя 9 дзён і беларуская таксама не саступала. Прынамсі, айцец Вячаслаў Пялінак адвёў душу з намі па поўнай праграме. Хоць, калі па-шчырасці, то якраз праграмай нашага прабывання ў Рыме кіраваў менавіта ён, а мы з радасцю прынялі яе. Увогуле, гэта раскоша: 9 дзён у Рыме разам з беларускім марыянінам, які за свае паўтары гады вучобы добра вывучыў і італьянскую мову, і горад. Пра такое можна было толькі марыць, асабліва мне, бо ксёндз Аляксандр усё ж быў раней у Рыме і тое-сёе памятаў. Я ж трапіла туды ўпершыню і адразу, дарэчы ці не, прыгадалася мне смешнае з маленства, як мой тата пужаў мяне: «Хто першы раз едзе ў Полацак, таго пры браме чакае стары габрэй, якога трэба абавязкова цалаваць — інакш у Полацак не прапусцяць». Што да чаго ў тых пацалунках, я так да гэтага часу й не ведаю, але перспектыва тых жарсцяў мяне астуджвала, і я пераставала нудзіць: «Вазьмі мяне ў Полацак!». Паездка вясковай дзяўчынкі з Глыбоччыны ў жаданы Полацак усё адкладвалася ды адкладвалася, і калі яна нарэшце адбылася, стары габрэй, мабыць, стаміўшыся чакаць, кудысьці знік, і дзяўчынка вярнулася з Полацка нават крыху расчараваная: шмат цікавага бачыла, а габрэя — не. У першы дзень майго прабывання ў Рыме мне чамусьці адразу прыгадаўся татаў жарт, які ксёндз Чайкоўскі не прамінуў абазваць маімі прымхамі. Я ж прыгадала тое даўняе, мабыць, назіраючы за вёрткімі чарнявымі туркамі, якія ліха ведае якім спрытам з’явяцца раптам перад табой у самым нечаканым месцы ды прапануюць то ружы, то бліскучыя цацкі, то дамскія сумачкі, то хусткі з выявамі рымскіх базылікаў. Недзе праз дзён дзесяць я, ужо вярнуўшыся на радзіму, глядзела па тэлевізары, як гэткія ж маладыя чарнявыя хлопцы выкрыквалі антыпапскія лозунгі на шматлюдных мітынгах. Так яно вось і бывае: адны знайшлі сабе месцы для гандлю непадалёк ад Ватыкану, а іхнія землякі… А можа гэта ў тых самых, якія і мне прапаноўвалі кветкі-цацкі-хусткі, гэтак сапсаваўся настрой? Можа гандаль не йдзе, дык яны з’ехалі адтуль ды мітынгуюць? Так думала я, гледзячы міжнародныя навіны, ды з удзячнасцю прыгадала, як ад аднаго прадаўца кветак у Рыме айцец Вячаслаў усё ж не здолеў адчапіцца, і ў выніку я займела шыкоўны букет белых ружаў. Тое фантастычнае здарэнне адбылося, здаецца, на знакамітых Гішпанскіх сходах — месцы, дзе так хораша й вольна гучаць музыка ды песні на розных мовах у выкананні вясёлых музыкаў ды спевакоў, ля ног якіх ненавязліва так, быццам яго тут кінуў хтосьці зусім выпадкова, ляжыць сабе капялюш; дзе мастакі прадаюць мілыя акварэлькі з відамі горада, а могуць і твой партрэт намаляваць, калі толькі ты сам гэтага пажадаеш ды калі не пашкадуеш на тое адпаведнай валюткі. А калі ўсё ж пашкадуеш, то й гэта не бяда, бо ніхто табе вушы ды вочы не закрые і ты можаш слухаць ды глядзець на мастацтва, што выплеснулася на Гішпанскія сходы ў гэты вечар, зусім бясплатна. Гэтак жа, як можна проста слухаць ціхае, ненавязлівае журчанне фантана, гаманіць з сябрамі, есці смачнае марозіва альбо піць якісьці безалкагольны напой, што не стане прычынаю высвятлення стасункаў з прынцыповай паліцыяй, якая ў тваім выпадку, вядома ж, была б асабліва прынцыповая. А можна з сябрамі прысесці на адну з прыступак шырачэзных ды высачэзных сходаў і гаварыць, гаварыць, гаварыць... А можна й маўчаць — вольнаму воля.

Праўда, калі ўжо быць да канца шчырым, то надакучаюць усё ж трохі вяртлявыя прадаўцы кветак ды бліскавак. Настолькі надакучаюць, што ксёндз Аляксандр скрушліва ўздыхае, адмоўна матлянуўшы чарговы раз галавой такому прадаўцу: «Можа яму заплаціць, каб адышоўся?».

Мяне ж букет белых ружаў абараніў на нейкі час ад іхніх прапановаў. Але ненадоўга. Самыя ўвішныя каля фантана дэ Трэві, куды мы забрылі ў той вечар ад Гішпанскіх сходаў, нібы нейкім цудоўным чынам вычулі маю любоў да бела-чырвоных колераў і пачалі настойліва прапаноўваць купіць яшчэ і чырвоныя кветкі, на мігі паказваючы, як бы гэта прыгожа выглядала. Бюджэту марыянаў пагражала сур’ёзная небяспека, і ў маім нямецкім «nein», якім мне параіў адмаўляцца ад зманлівых прапаноў айцец Вячаслаў, з’явіліся сталёвыя ноткі. Падзейнічала.

Мы з ксяндзом Аляксандрам, стаўшы спінамі да фантана дэ Трэві, кінулі ў зялёна-блакітныя хвалі манеткі — каб, значыцца, прыехаць калісьці ў Рым яшчэ раз. Усе так робяць. Не ўяўляю турыста, які пашкадаваў бы дзеля гэтага капейчыны, і таму на доле фантана тых манета-а-аў!.. Праўда, у Рыме таксама хапае і жулікаў. І мы іх таксама ўбачылі на свае вочы. Двое смяшлівых маладзёнаў скокнулі проста ў адзенні на вачах усяе лагодна-наіўнай публікі ў фантан з вядзеркам ды шуфлем і з вясёлымі крыкамі пачалі шуфляваць манеткі ў вядро. Доўжыўся гэты нумар можа з паўхвіліны, потым на нашых жа вачах спрытнюгі выскачылі з фантана, узбеглі па сходах паўз прыгаломшанай публікі наверх і… зніклі. Імгненны цырк скончыўся. Публіка нейкі час ашаломлена маўчала, а потым завіравала абурэннем: дык гэта ж, аказваецца, ніякі не цыркавы нумар, і мы, аказваецца, дарма смяяліся, бо на нашых вачах жулікі спёрлі нейкіх з паўвядра ці больш еўрыкаў!.. Але было позна. Шукай цяпер ветру ў Рыме! Манеты ж тыя з фантана службоўцы, як я пазней даведалася, рэгулярна вымаюць і аддаюць іх на падтрымку бедных. Вось табе і маеш: мала таго, што нашы з ксяндзом Аляксандрам жаданні яшчэ раз прыехаць у Рым, хутчэй за ўсё, паехалі ў тым вядзёрку, дык яшчэ і нейкія беднякі не з’ядуць булачкі з гарбатай! Некалькі мужчынаў пайшлі высвятляць стасункі з паліцыяй, якая, кажуць, пасіўна прысутнічала пры тым «цыркавым нумары» і не захацела чамусьці ўмешвацца. З падпсаваным настроем мы пабрылі ў марыянскі дом, з удзячнасцю падумаўшы, што там то ўжо нас ніхто не ашукае. Мае ружы пасля тых невясёлых падзеяў нібы крыху паніклі, і я па дарозе абмаквала іхнія сцябліны ў кожны фантан — пагатоў іх у Рыме на кожным кроку, вялікіх, малых і зусім маленькіх.

 
Усе нашыя дарогі вядуць да Пятра

Памятаю, адна мая знаёмая пасля наведвання нейкай замежнай краіны радасна й трохі здзіўлена дзялілася сваім шчаслівым адчуваннем паўсюднага Касцёла, бо ўдзельнічала там у святой Імшы, не ведаючы мовы, але ўсё чыста разумела і ўспрымала. Штосьці падобнае адчула я пасля таго, як мы выстаялі ўнушальную чаргу разам з прадстаўнікамі розных кантынентаў Зямлі і трапілі нарэшце ў базыліку святога Пятра. Першае ўражанне было такое, што ад тае велічы заняло дух. І што яшчэ цікава: у гэтай велічы ты пачуваешся хоць і маленькай крупінкай агромністага Касцёла, але нейкім невытлумачальна-радасным пачуццём усё ж не адчуваеш сваёй мізэрнасці. Ты — проста ягоная частка, няхай сабе маленькая, але рэальная. Такая ж рэальная і невыпадковая, як гэтая велічная базыліка, як рэальны і невыпадковы касцёл у Задарожжы, у якім цябе хрысцілі, альбо касцёл у Наваполацку, які яшчэ зусім нядаўна ўзнёс свае крыжы над нашым горадам, альбо касцёл у Росіцы, з якога героі маёй кнігі выходзілі на смерць, у вечнасць.

Спыняюся пад высозным купалам — паўз мяне працякае, праплывае людскі натоўп. Стаю. І раптам разумею, што гэтая святыня ад гэтага часу стане для мяне своеасаблівай мадэллю зямлі, не па форме, вядома, але па сваёй сутнасці. Маўчу. Услухоўваюся ў гэтае новае адчуванне, і маё сэрца перапаўняецца радасцю з тае простае і, нібы незалежнай ад мяне прычыны, што я належу да Касцёла святога Пятра. Таго самага, збудаванага на Скале нечалавечаю рукою.

Прыпыняюся каля аднаго, другога, трэцяга абраза, услухоўваюся ў подых стагоддзяў, у гісторыю майго Касцёла, прыпыняюся пры грабніцах знакамітых стырнавых Хрыстовай ладдзі, чые парэшткі спачываюць у базыліцы, і ўвесь час памятаю, што наперадзе мяне яшчэ чакае сустрэча з апошнім прыстанкам Яна Паўла ІІ, чый малітоўны заклік-просьба: «Хай сыдзе Дух Твой і адновіць аблічча зямлі!» разбудзіў ад сну ягоную Айчыну Польшчу, але застаецца ўсцяж актуальны для яе суседзяў, у тым ліку, а можа найперш, і для нас.

Нам неверагодна пашанцавала: айцец Вячаслаў сустрэў нейкага свайго знаёмага, які неспадзявана прапанаваў паказаць нам Ватыканскі сад. Ледзьве не подбегам кіруемся за ім, выскокваем з базылікі, трапляем раптам туды, дзе зусім мала людзей, і разумеем, што гэта і ёсць знакаміты сад. Паспяваем наблізіцца да яго, падняцца па прыступках, а там наш новы знаёмы і пачуў ветлівае ад аднаго служыцеля: «Прабачце, але Святы Айцец цяпер выйшаў у сад маліцца Нешпары». Паспешліва рэціраваліся адтуль прэч, і я, прызнацца, так і не паспела як след адчуць піетэт да Ватыканскага саду. Нечакана прыгадаўся жарт ксяндза Вячаслава Барка. Да яго ў Расоны прыехала нейкае там высокае начальства, убачылі акуратныя газоны, кветнік, дагледжаныя дрэўцы пры капліцы ды пачалі вохкаць: «О, ogrody Watykanskie!». А гаспадар у адказ: «Не быў, на жаль, там, не бачыў. А што, там гэтаксама прыгожа, як і ў нас?». Такі сабе жарцік.

Не паспеўшы набрацца піетэту ў садзе, мы напоўніцу ўдыхнулі яго ў... падзямеллі базылікі. І зноў — шчаслівая выпадковасць. Неверагодным чынам нас туды прапусцілі, хоць мы і не запісваліся тры месяцы таму ў чаргу на гэтае наведванне. Пан Бог ласкава дапускае часам такія вось цуды для беларусаў. А падзямелле — гэта вулкі старога Рыма, жылыя памяшканні старажытных рымлянаў, паганскія бажніцы, капліцы першых хрысціянаў... Падзямелле — гэта... мароз па скуры ад усведамлення таго, дзе ты знаходзішся.

Раптам ты апынаешся каля самой асновы знакамітай восі базылікі святога Пятра, у яе сэрцы, пад купалам, які ёсць недзе там, высока-высока над зямлёй. А тут... тут ты кленчыш пры гробе святога Пятра. Маўчыш. Бо ўсялякія словы здаюцца раптам не да месца. Маўчыш. Бо гаворыць сэрца. І раптам да тваіх вушэй далятае штосьці з размовы тваіх спадарожнікаў пра… Тоні Блэра, які колькі дзён таму таксама стаяў на гэтым месцы. У тую хвіліну не можаш зразумець, пры чым тут Тоні Блэр? Ды, кладучыся спаць таго вечара, ты ўсё ж зразумееш, пры чым: яму таксама пашанцавала быць на тым месцы. Не ашчаслівіць сваёй высокай персонай, але проста — пашчасціла быць там. І калі так, тады ўсё набывае свой нармальны парадак рэчаў.

Святая Імша ў базыліцы святога Пятра. Дзякуеш за магчымасць пражыць гэты дзень (а быў гэта багаты першы дзень нашага прыезду ў Рым), за тое, што табе так добра было адчуць сябе на далонях Пана Бога: там, у небе, над Альпамі, тут, у сэрцы святога Касцёла, дзякуеш за святароў — ксяндза Аляксандра і айца Вячаслава, — якія на гэты раз моляцца не пры алтары, але побач з табою, і гэтае трохі нязвыклае адчуванне таксама патрэбна, як патрэбная была кожная хвіліна таго непаўторнага дня.

А калі выходзілі з базылікі, у галаву раптам прыйшла ледзьве не ерытычная думка, што святы Пётр у вобразе той чорнай фігуры на троне ў базыліцы нейкі надта ж далёкі ад твайго ўспрыняцця першага наступніка Хрыста. Таго, які выйшаў з ладдзі на марскую хвалю насустрач Хрысту, боўтнуўся ў мора пад дакорлівае Езусава: «Чаму слабой веры?». Таго, што так непамысна заснуў на Гары Аліўнай, што адрокся ад свайго Настаўніка пад крыкі пеўня, таго, які ў аголенай праўдзе — душа наросхрыст! — мог гукнуць: «Адыдзі ад мяне, Пане, бо я чалавек грэшны!».

 
Вялікі грэшнік і вялікі святы

Не люблю высозных, агромністых помнікаў. Так і згадваецца тады, як адзін паэт-жартаўнік прызначаў спатканне сваёй каханай каля правага чаравіка беларускага песняра. Але не ведаю, куды падзелася мая гэтая нелюбоў да манументальнасці, калі я знерухомела перад велічнай фігурай святога Паўла ў двары ягонай базылікі за мурамі, дзе ён нібы прыпыніўся на адной са сваіх бясконца доўгіх місіянерскіх дарог, задумаўся ды так і застыў, абапіраючыся на посах, у атачэнні чатырох грацыёзных пальмаў. Не ведаю, чаму на гэты раз, але ягоная велічнасць зусім не перашкодзіла адчуць пыл пілігрымскіх дарог, палымянасць прамоваў ды ягонае ўсведамленне сваёй колішняй грахоўнасці. Ці не найцяжэй было прамаўляць да людзей яму, на чыіх руках была кроў першых вызнаўцаў Хрыста, да чыіх ног была кінутая апратка святога Стэфана пасля яго мучаніцкай смерці. Адкуль жа браў сілы? З таго, аднойчы прамоўленага да яго і пачутага(!) ім голасу, які кінуў яго на зямлю, каб пазней, пасля тысячаў вёрстаў дарог, выпрабавання вязніцай ды смяротных пакутаў узняцца ажно так высока над гэтай зямлёй.

Агромністая базыліка святога Паўла са шматлікімі стромкімі, як пілігрымскі посах, калонамі, нібы праслаўленне зямной й нябеснай прасторы. У цэнтральным алтары спачываюць парэшткі вялікага жыццялюба й святога. Злева за алтаром — слынны абраз, гісторыя ашаламляльнага навяртання гэтага чалавека. Усяго некалькі дзесяткаў крокаў паміж імі — і... цэлае жыццё, эпоха, бясконцыя пыльныя вёрсты дарог ды тысячы й тысячы, мільёны тых, да каго ўжо праз вусны святога Паўла таксама прамовіў Хрыстус. «Бо ласкаю вы ўратаваныя праз веру, і гэта не ад вас, — Божы дар» (Эф 2,8).

 
Маё прывітанне Коэльё!

Не залічваю сябе да прыхільнікаў таленту Коэльё, але не магу не згадзіцца з ягонай парадай не спяшацца наведваць музеі, калі ты трапіў у незнаёмы горад. Згодная, што незнаёмы горад трэба пазнаваць найперш на вуліцах, сярод людзей, удыхаючы паветра, назіраючы за жыццём, услухоўваючыся ў няхай сабе і чужую гаворку. Жыццё — не ў музеях. Але як, скажыце, быць у Рыме і не пайсці ў музей Ватыкана? Словам, пайшлі. Цярпліва выстаялі з ксяндзом Аляксандрам ці не паўтары гадзіны ў чарзе і разам з філіпінцамі, што ішлі паперадзе нас, ды неграмі, што былі ззаду, пакінуўшы на двары расчараваных туркаў, якім так і не ўдалося завабіць нас купіць у іх кітайскія цацкі ды італьянскія хусткі, пераступілі парог самага вялікага музею свету. Вядома, найперш мы думалі пра Сікстынскую капэлу. Няхай нам даруюць старажытныя гордыя рымляне ды мудрыя грэкі, але мы не мелі часу для дэталёвага знаёмства з імі. Няхай даруць таксама і аўтары шыкоўных габеленаў, паўз якія мы (о, сорам!) шыбавалі, нібы міналі фоташпалеры. Ды што там! У самога

Сальвадора Далі даводзіцца прасіць прабачэння, бо, затрымаўшыся пры ягоных творах і пачуўшы суровы напамін пра Сікстынскую капэлу ды няўмольны час, я хоць і прастагнала роспачна, але ўсё ж змусіла сябе адысці ад мэтра Далі. Нас чакаў той, хто ўзяў на сябе смеласць распавесці людзям пра стварэнне свету. Недзе чытала, што найлепш глядзець на знакамітую фрэску Мікельанджэла, лежачы на падлозе, на спіне. Ага ж, хацела б я паглядзець на таго смельчака і нахабніка, які сярод нашага натоўпу, што прагнуў высокага мастацтва, улёгся б сабе спакойна на падлогу. Затаптаць бы не затапталі, а вось хлопцы ў акуратных гарнітурчыках вывелі б пад белыя ручанькі вельмі хутка. Дык не ляглі мы, значыць, на падлогу, каб сузіраць геніяльнае мастацтва ды разважаць над найвялікшым цудам, але, пазадзіраўшы галовы, стаялі сярод цеснага натоўпу, паўзіраліся, падзівіліся і, запісаўшы ў свой набытак наведанне Сікстынскай капэлы, выйшлі. Так, музеі патрабуюць часу.

Ды ўсё ж, насуперак Коэльё, застаўся ў памяці не толькі налёт прыкрасці ад нашай вымушанай павярхоўнасці, але і незразумелае, бадай, невытлумачальнае прыцягненне, нібы магнітам, маёй свядомасці да дзвюх рук, пададзеных адна адной: Боскай і чалавечай, з чаго, уласна кажучы, і пачалася гісторыя чалавецтва. Дык, значыць, трэба было мне ў той дзень прайсці ў якасці няўважлівага дылетанта цераз усе тыя залы, з болем размінуцца з многімі і многімі шэдэўрамі, каб замерці раптам перад гэтай фрэскай — «Стварэнне Адама». І ведала ж пра яе, бачыла на рэпрадукцыях, а ўбачыла цяпер на свае вочы арыгінал — і заняло дух. І, магчыма, галоўныя хвіліны таго дня былі для мяне менавіта там, пад фрэскай геніяльнага Мікельанджэла. Так што: маё прывітанне сучаснаму любімцу жанчын, якія яшчэ штосьці чытаюць!

 
Там, дзе жылі багі

Пагане верылі, што ў храмах, узведзеных у іхні гонар, яны, багі, і пасяляюцца, нібы ў кватэрах. Значыць, багіня Веста жыла ў храме Весты, Сатурн адпаведна ў сваім жытле, багіня кахання Венера раскашавала ў сваім.

Блукаем з ксяндзом Аляксандрам сярод рэшткаў былых шыкоўных (па тых рэштках яшчэ і цяпер добра бачны размах іхняе раскошы) святыняў, палацаў, праходзім цераз ганарыстыя аркі, узведзеныя ў гонар магутных тагачаснага свету. Forum Romanum… Колішні, дахрысціянскі Рым. Магутны й велічны. Напоўнены пыхаю ды багаццем. Рым, які дыктаваў сваю волю краям і народам… Клопатам і тытанічнай працай італьянскіх археолагаў той Рым таксама прысутнічае ў сучасным. Цяпер сярод закансерваваных рэшткаў тае даўняе велічы блукаюць турысты з усяго свету ды фатаграфуюцца на тле рэшткаў былой велічы й славы. Як не прыгадаеш тут мудрага Эклезіяста з ягоным разважлівым:«Марнасць марнасцяў. Усё марнасць»? Здаля прыцягваюць да сябе ўвагу руіны былога цырку, знаёмыя па фотаздымках ды фільмах. Гляджу на іх і чую, як па скуры бягуць мурашы. Туды мы пойдзем заўтра, бо туды трэба ісці асобна, а не заходзіць па дарозе.

 
Калізей

Калісьці тут было вельмі шумна. Сюды прыходзіла вяльможная публіка цешыць сваё вока відовішчам баёў гладыятараў. Пазней з’явіліся новыя забавы — расправа дзікіх звяроў з хрысціянамі.

Калізей. Мы прыйшлі сюды ўтраіх, хоць экскурсавод у асобе айца Вячаслава нам на гэты раз і не быў тут патрэбны. Бо які хрысціянін не ведае, што такое Калізей? Размаўляць не хацелася. Дык пакінула сваіх спадарожнікаў і пайшла адна па другім ярусе. Унізе, у цэнтры, пад арэнай, якой цяпер няма, — вузкія, як стаць чалавеку, казематы. У іх чакалі сваіх апошніх страшных хвілінаў на арэне адважныя вернікі Хрыстовы. А ў бакавых стойлах, нашмат большых за казематы, гэтай жа сустрэчы на арэне чакалі дзікія звяры, найчасцей ільвы. І калі гэтыя сустрэчы адбываліся, калі раз’ятраны звер распраўляўся са сваёй ахвярай, ложы гледачоў узрываліся чаканымі эмоцыямі, дзеля якіх яны ішлі сюды.

У той дзень над Калізеем на высокім небе не было ніводнае аблачынкі. А зрэшты, іншымі днямі я, занятая тым, што бачыла на зямлі, не часта й ўзіралася на неба. Нямыя клеткі казематаў, здрузгатаныя часам і таксама нямыя трыбуны, пустая ложа цэзара і просты крыж пры ўваходзе паклікалі да малітвы. Малілася на ружанцы і толькі калі скончыла, спахапілася, што я (выпадкова ці не?) зблытала часткі, бо ў пятніцу разважала над «Таямніцамі святла». У Калізеі я малілася за маю Бацькаўшчыну, над якой у гэты лістападаўскі дзень не было, вядома, гэткага высокага неба ды яркага сонца. Але ж я памятала досвед першага дня маёй пілігрымкі ў Вечны горад і ведала, што недзе там, высока ў небе над маёй Бацькаўшчынай, таксама свеціць сонца і, значыць, шэрыя хмары не вечныя. Гэта надавала надзеі, што мая малітва ўдалечыні ад радзімы, на гэтым святым месцы будзе пачутая Небам.

 
З мякаці — скала

Аказваецца, грунт, у якім паўставалі рымскія катакомбы, некалі быў мяккі. Туф — так ён называецца. А ўвесь сакрэт у тым, што калі паветра трапляе ў туф, ён цвярдзее і робіцца цвёрдым, як скала.

Рымскія катакомбы — гэта былыя падземныя могілкі, месцы малітваў першых хрысціянаў. Гэта бясконцыя лабірынты, у якіх вельмі лёгка заблудзіцца, тым больш што мабільнікі там не працуюць. Сястра бэнэдыктынка, якая ласкава зрабіла для нас з ксяндзом Аляксандрам экскурсію па катакомбах Прысцылі, распавяла, як яны аднойчы заблудзіліся і вымушаныя былі доўга чакаць, пакуль не прыйшлі археолагі. Лабірынт катакомбаў зацягвае — гэта я зведала на сабе. Прайшла невялічкі, на некалькі крокаў адрэзак, павярнула направа, потым налева, проста, яшчэ і яшчэ і... спынілася, прыслухоўваючыся да галасоў маіх спадарожнікаў, якія неяк вельмі ж ужо рэзка зрабіліся глухімі, ледзьве чутнымі, а да таго ж яны чуліся чамусьці цяпер не з таго боку, дзе я іх чакала. Прызнацца, не вельмі ўтульнае адчуванне. Ды, на шчасце, пачула голас ксяндза Аляксандра, які пытаўся, ці не захацела і я пачакаць археолагаў. Вядома, я не мела такой ахвоты.

Пачаткі хрысціянскага мастацтва — у катакомбах. Насценныя роспісы, фрэскі... Такія простыя, без прэтэнзій на хараство. Знак рыбы... Якар... Фігура добрага пастыра... А вось і цэлы сюжэт — крыж, Маці Божая, апосталы... Можа, як нідзе ў іншым месцы, у катакомбах адчуваеш, наколькі яны блізкія паміж сабой — жыццё і смерць.

 
Ціша лесвіцы

Гэтая унікальная лесвіца носіць назву святой. Каля яе падножжа, пры першых прыступках, — абвесткі на розных мовах: па святой лесвіцы можна падымацца толькі на каленях.

Інакш немагчыма. Бо 2000 гадоў таму па гэтых драўляных прыступках ішоў сам Езус Хрыстус — на суд да Пілата. Ціша малітвы. Глыбокая, як калодзеж. Хтосьці, магчыма, спяшаецца і таму крыху хутчэй узнімаецца па ёй, хтосьці павольней, але ўсе — у поўнай цішы. Нас нямала на лесвіцы. І адначасна кожны праходзіць яе на самоце. Інакш на гэтым месцы таксама нельга. Інакш не мае сэнсу. Бо калі ты ідзеш слядамі Езуса, ты мусіш быць адзін. І гэта таксама Рым. Гаманлівы, людны, вясёлы, рухавы, тут ён здольны быць такім вось засяроджаным, глыбокім у сваёй цішы, задумлівасці, малітве.

 
Лістападаўскія гіяцынты

На іх я глядзела, мабыць, з гэткай жа зайздрасцю, з якой глядзеў бы палярнік на шыкоўны дыван нашых дзьмухаўцоў у траўні. Прыгадалася, як не сумела я, няўдаліца, дагледзець у свой час падораныя мне гіяцынты, якія па нейкай там тэорыі нібыта павінны расці ў маёй хаце. Фанабэрысты гіяцынт адцвіў і больш не пажадаў цешыць маё вока сваёй прысутнасцю. А ў Рыме гэткія ж самыя прыгажуны, нібы выклік маёй няўмеласці, цвітуць сабе спакойна ў кветніках. Ды, напэўна, для італьянцаў яны, як для нас браткі ці астры. А пры дарозе красуецца лаўр, пастрыжаны, нібы самае звычайнае дэкаратыўнае кустоўе. Ажно неяк крыўдна за яго, бо па вянку з яго лісця сумуе не адна галава. Я ўжо не кажу пра ружы, гартэнзіі, мушкаты ды іншыя невядомыя мне кветкі — яны, нягледзячы на познюю восень, таксама шчодра квітнелі і на балконах, і ў кветніках утульных, абвітых плюшчом дворыкаў. Праўда, нашы гасцінныя гаспадары марыяне шкадавалі, што мы прыехалі ў лістападзе, а не хоць бы ў кастрычніку, бо тады «ўсё вакол цвіло».

 
Ніякі ён не бедачына!

Раней не даводзілася гартаць альбомы з відамі сучаснага Асізі, а можа, я не звярнула на іх ўвагі. Таму па дарозе ў родны горад святога Францішка крыху пабойвалася пабачыць там бляск і шык, якія маглі б спадарожнічаць папулярнасці гэтага святога. А ўбачыла… той самы касцялок, у якім да адважнага, вясёлага ды бесклапотнага рыцара прамовіў з крыжа Езус: «Адбудуй Мой касцёл». Рыцар не стаў доўга прыкідваць, як гэта з найбольшым размахам зрабіць. Ён проста закасаў рукавы і пачаў працу: рабіў, як умеў — проста, крыху нязграбна. Як падказала сэрца. А потым тое ж сэрца падказала яму яшчэ шмат чаго. І пайшло… Суд з бацькам. Беднасць. Заснаванне закона. Клара — яшчэ адна гэткая ж летуценніца, што прамяняла мяккую пасцель на падлогу манаскай келлі. Малітва. Стыгматы. У тым касцёле, які ён адбудаваў, засталося ўсё так, як было і пры ім. У кляштары таксама. І ў дворыку гэткая ж студня... І паветра такое, што не надыхацца — ажно кружыцца галава, звыклая да зусім іншага, насычанага нафтавай перапрацоўкай. Але паветра з сабою ў Наваполацк не прыхопіш, дык айцец Вячаслаў зрывае для мяне маленькую галінку з аліўкавага дрэва, спрэс абсыпаную чорнымі пладамі. Зрываю адзін, і мяне перасцігае спалоханае айца Вячаслава: «Не ешце! Горкія! Іх саліць трэба». Адважна з’ядаю адну, другую — нібы п’ю наш палын — і радуюся: магчыма, святы Францішак таксама ў свой час еў гэткія самыя, не дачакаўшыся засолкі.

Кіруемся ў замак — прайсці па слядах святога, калі ён быў яшчэ не святым і нават не падазраваў, што з ім такое можа здарыцца. Падымаемся на самую вяршыню адной, а потым другой вежы, і як не займае дух ад горнага далягляду, які купаецца ў сонцы й сіняватай смузе. Каторы раз за гэты дзень мне прыгадваюцца радкі Ларысы Геніюш:

Над Падуяй неба такое наўкруг,
Як сны мастакоў Адраджэння...

Італія... Сонечная. Ясная. Горная. Загадкавая й высакародная Італія.

Ідзем у базыліку, узведзеную на магіле святога бедачыны, які запаветаваў пахаваць яго сярод найбяднейшых, найгаротнейшых гэтага свету. Ягоны запавет выканалі, а потым... Потым на тым месцы вырасла гэтая базыліка, якую не так даўно скалануў землятрус ды асыпаў на дол каштоўныя фрэскі. Але з дапамогаю кампутара нават такое, здавалася б, непапраўнае, аказваецца, магчыма выправіць. Молімся пры магіле святога бедачыны, і я раптам разумею, што гэта… няпраўда! Бо ніякі ён не бедачына, калі і цяпер з усяго свету да яго ідуць ды едуць людзі — шукаюць у яго парады. Ніякі не бедачына, калі здолеў ажно так напрацавацца на адбудове Касцёла Хрыстовага. Не бедачына, калі і на паперы, і ўсім сваім жыццём напісаў такі цудоўны гімн жыццю і смерці, што і цяпер мы не можам не захапляцца моцаю такой любові.

 
Там чуеш іхнюю прысутнасць

Быць у Рыме — гэта быць сярод святых. Святыя Пётр і Павел. Святая дзяўчынка Агнешка, на чыіх руках не маглі трымацца кайданы — такія худзенькія былі тыя рукі, і святая Гэлена, якая здолела адшукаць святы Крыж Збаўцы. Мужны абаронца Хрыстовай веры Ігнацы Лаёла і нястомны на місіянерскіх дарогах Францішак Ксавэры. Святыя стырнавыя Хрыстовай ладдзі і наш Язафат Кунцэвіч. Натхняльніца касцёльных музыкаў Цэцылія і адважны Лаўрэн, над парэшткамі якога і цяпер ляжаць краты, на якіх, пякуча-гарачых ад бязлітаснага агню, ён загінуў за веру Хрыстову... Ну і, вядома ж, чалавек, які хоць афіцыйна яшчэ і не абвешчаны святым, але гэта зусім не перашкаджае нам сумнявацца ў ягонай святасці, — Слуга Божы Ян Павел ІІ.

Не так шмат мы мелі часу, каб падоўгу размаўляць з імі на месцах іхняга вечнага спачыну. Але не адчуць прысутнасці іхняга духу было немагчыма, асабліва, калі ў свой час дзеі іхняга жыцця цябе захаплялі і натхнялі. Цяжка выказаць, што адчуваеш, калі набліжаешся да гробу святога, чый жыццёвы подзвіг азначае для цябе асабліва шмат. Так і я не змагу апісаць свой стан, калі айцец Вячаслаў нібы між іншым паведаміў у касцёле дамініканаў, што там спачывае святая Кацярына Сіенская. Гэта была як узнагарода мне пасля не надта лёгкага дня. Вельмі люблю гэтую святую, якая так моцна, ахвярна й прыгожа ўмела любіць Каталіцкі Касцёл. А гэта сапраўднае мастацтва — умець яго любіць і працаваць дзеля яго. Таму ў малітве ціха прашу сваю любімую святую падтрымліваць мяне і маіх сяброў-калегаў, з якімі мы разам працуем у рэдакцыях «Нашай веры», «Ave Maria», выдавецтве «Pro Christo». А калі, азадачыўшы доктара Касцёла, святую Кацярыну не такімі ўжо й простымі праблемамі, я паднялася з каленяў, мяне чакаў яшчэ адзін радасны сюрпрыз: побач з маёй любімай святой — яшчэ адзін шэдэўр Мікельанджэла, фігура Езуса Уваскрослага. Ці ж такое можа быць выпадковым?

 
Скутары

Кожнага ранку я, як дзіця, радавалася новай сустрэчы на вуліцы з самаўпэўненымі наезднікамі на вуркатлівых скутарах, сярод якіх і студэнты, і хатнія гаспадыні, а часам нават убачыш і чалавека пенсійнага ўзросту. Такое ўражанне, што кожнага ранку ўвесь Рым пачынае вуркатаць. Потым, удзень, ён крыху пацішэе, па абедзе, у часе сіесты, вядома, і зусім аціхне, каб увечары зноў узарвацца трэскатам матацыклаў ды скутараў, каля якіх гул машынаў выдае зусім сціплым. Не зайздросціла кіроўцам шыкоўных чорных лімузінаў, менш прэтэцыёзных легкавікоў невядомых мне марак, а вось дзяўчатам ды хлопцам, жанчынам ды мужчынам у масіўных шаломах, на чорна-чырвоных вуркатлівых скутарах зайздросціла. Пакатацца б на такім па полацкіх альбо глыбоцкіх дарогах! Кажуць, гэта характэрная рыса Рыма, бо дзе ж бы там змясціліся машыны. Яны і без таго там, бедныя, паркуюцца часам у самых неверагодных месцах — у нас бы за такія штукарствы зараз жа даішнікі ўзялі б пад казырок. А там ідзеш сабе па тратуары і раптам вымушаны сыходзіць на праезджую частку дарогі, бо на тратуары... стаіць, бачыш, сабе спакойненька машына. Да італьянскіх парадкаў на дарогах увогуле трэба прывыкнуць. Я, напрыклад, толькі праз некалькі дзён засвоіла, што як толькі загараецца жоўтае святло святлафора, трэба адразу ісці, бо калі пойдзеш на зялёнае — можаш не паспець перайсці вуліцу. Праўда, кіроўцаў і лімузінаў, і скутараў не папракнеш у адсутнасці пашаны да пешаходаў. І да гэтага нам, вядома, у Італіі, як, зрэшты, і ў многіх іншых краінах таксама трэба прывыкаць. Але ж да добрага прывыкаеш значна хутчэй, і таму, вярнуўшыся дахаты, ужо ў Наваполацку я ў першы ж дзень ледзьве не трапіла ў бяду, забыўшыся, што хоць і гарыць зялёнае святло, але ўсё адно трэба добра паглядзець направа ды налева, каб не нарвацца на якое ліха. А калі б у нас быў такі паток скутараў? О, не! Няхай яны лепш шыкуюць сабе ў Рыме!

 
Пачуўшы знаёмыя словы…

У Рыме беларускую гаворку, як гэта ні дзіўна, таксама можна пачуць. І не толькі ў доме марыянаў. 12 лістапада, у дзень мучаніцкай смерці нашага святога Язафата Кунцэвіча, пайшлі мы, вядома, да яго, які спачывае ў базыліцы святога Пятра. Дзень ягонай смерці ў Віцебску ў 1623 годзе быў, напэўна ж, па-лістападаўску халодны, а ў 2006 годзе ў Рыме пасля невялікага ранішняга дожджыку зноў свяціла яркае сонца. Настрой яшчэ больш палепшыўся, калі пры грабніцы нашага святога мучаніка мы сустрэлі некалькі беларусаў ды ўкраінцаў, якія таксама ў гэты дзень прыйшлі сюды памаліцца. Вось вам і салідарнасць! А мне дык і ўвогуле пашанцавала: пайшла да споведзі, а спаведніком аказаўся пажылы святар з Уладзіміра-Валынскага, роднага горада святога Язафата.

Пасля споведзі ўкленчыла каля святога Язафата, доўга малілася, а калі паднялася, мяне за плячо кранула нечыя рука. Азірнулася і ўбачыла свайго спаведніка. Ён выйшаў з канфесіянала, стаяў увесь гэты час у мяне за спінаю і цярпліва чакаў, а калі я паднялася, прыветна так усміхнуўся ды прапанаваў: «Давай, сястра, памолімся разам з табою за тваю Бацькаўшчыну». Маліліся. Потым абняліся, як родныя, і развіталіся, каб, хутчэй за ўсё, больш ніколі не сустрэцца. Але гэта ўжо зусім не важна. Важней іншае: у той дзень, на тым месцы, пры святым Язафаце мне пашчасціла сустрэць чалавека, яшчэ нядаўна зусім незнаёмага, які так добра зразумеў мяне. Чаго ж лепшага жадаць? Шчасце, як некалі казала дзеўчынёха з аднаго фільма, гэта калі цябе разумеюць.

 
Што бачылі?

Кожнага вечара, вярнуўшыся ў дом марыянаў, нас абавязкова чакалі пытанні кагосьці з айцоў пра тое, дзе мы былі, што бачылі, ці спадабалася нам? Хтосьці пытаўся, дзе мы яшчэ плануем пабыць, хтосьці раіў схадзіць кудысьці, убачыць, звярнуць увагу на штосьці. Цяпер, прыгадваючы тыя размовы, думаю пра тое, як гэта важна для хрысціяніна — умець дзяліцца сваім досведам, не замыкацца ў сваіх праблемах ды перажываннях, але быць адкрытым для іншага чалавека. Цяпер, з бегам часу з удзячнасцю разумею, што многае, магчыма, прынесла б мне менш радасці адкрыцця, калі б не такая цудоўная атмасфера марыянскага дома. З удзячнасцю ўспамінаю гэты дом і ягоных жыхароў, кароткія і даўжэйшыя размовы з айцом генералам і з усімі, каго мы там сустрэлі.

 
Але там не загадаеш жадання!

Гэтае адкрыццё было не самым памысным: у небе над Рымам, аказваецца, не бачна зорак! Ну як гэта можа быць?! Аказваецца, можа. Глядзіш на вечаровае альбо начное неба і... не бачыш іх, так прыгожа апетых нашымі паэтамі. Бедныя, бедныя італьянскія паэты! Змірыцца з гэтым цяжка і зразумець таксама. Такі вось ён, загадкавы наш свет, наша круглая планета, што не ў кожнай кропцы на ёй можна бачыць натхненне паэтаў.

Глянь іншы раз на яе, —
у расстанні
Там з ёй зліём мы пагляды свае…
Каб хоць на міг уваскрэсла каханне,
Глянь іншы раз на яе…

Максім Багдановіч не змог бы, безумоўна, быць італьянскім паэтам. Таму ён беларускі паэт, наш дарагі Максім.

Але ў гэтым неспадзяваным, гаркавым адкрыцці, з якім я доўгі час нізавошта не хацела змірыцца, ёсць усё ж і штосьці прывабнае: пачуццё нейкай нашай перавагі, ці што?.. Бо ў нас зоркі бачныя ў любую пару года. І гэта не так мала, каб італьянцам не зайздросціць нам. І таму я шчыра спачуваю ім і адначасна разумею, што мне… сумна было б жыць у Італіі без зорак над галавой. Ды там жа нават жаданне не загадаеш на зорку, якая зрываецца раптам з нябеснай высі ды імчыць на зямлю! І таму мы разам з ксяндзом Аляксандрам Чайкоўскім, развітаўшыся з гасціннымі марыянамі, падзякаваўшы ім усім за сардэчную гасціну, пасля дзевяці дзён нашага прабывання ў Вечным горадзе едзем у аэрапорт. І, узняўшыся ў нябесную высь, пралятаючы над гордымі заснежанымі вяршынямі Альпаў, я зноў нечакана адчую сябе на далонях Пана Бога — шчасліва, радасна і спакойна.

Вяртанне на радзіму — заўсёды радасць. Асабліва калі ведаеш, што над тваёй радзімай у яснае надвор’е могуць свяціць зоркі, і гэта азначае, што ты можаш загадаць там жаданне. А якім яно можа быць, я таксама ведаю: калі-небудзь мець зноў шчасце наведаць сонечную Італію, Вечны горад, прайсці тымі шляхамі-дарогамі, якія я ўжо зведала, і трапіць туды, дзе я не паспела пабыць (а такіх мясцінаў шмат!) за гэтыя дзевяць шчаслівых дзён.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY