Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
1(39)/2007
Галерэя

ЯН ВАН ЭЙК.
ЗВЕСТАВАННЕ
Год паклікання да святасці

ДАРОГА ДА СВЯТАСЦІ НЕ МАЕ ПЕРАШКОДАЎ

ВАКНО Ў ВЕЧНАСЦЬ
На кніжнай паліцы
Ad Fontes

СЬЛЕДАМ ЗА ХРЫСТОМ
Юбілеі

НАПАЛЕОН ОРДА
Музыка
Постаці
In memoriam
Мастацтва

БЯЛЫНІЦКІ АБРАЗ МАЦІ БОЖАЙ
Паэзія

ВЕРШЫ
На кніжнай паліцы

КАРОЛЬ ПРАЗ ЛАСКУ ХРОСНАЙ КУПЕЛІ

ПАМЯЦІ ПАКУТНІКА
Палеміка

«СХАВАЙ МЕЧ»
Пераклады

ГУЛЬНЯ БОЖАЙ ЛЮБОВІ

БАГІ ПАГАНЦАЎ
Проза

ЗНАК СУПАКОЮ
Практыкум

ГІСТОРЫЯ БІБЛІЙНАГА ЮЗАФА
Нашы падарожжы

НАТАТКІ ПІЛІГРЫМА
Мастацтва

ЭКУМЕНІЗМ ДРЭВА

Яўген УСОШЫН

ПАМЯЦІ ПАКУТНІКА

Эпісталяцыя Сьвятога Язафата:
Збор дакумэнтаў / Укладаньне і апрацоўка
М. Баўтовіча. –
Полацак: Грэка-каталіцкая парафія
Сьвятапакутніка Язафата, 2006. – 144 с.

 
Да 410-годдзя заключэння ў Берасці царкоўнае Уніі полацкая грэка-каталіцкая парафія Святапакутніка Язафата падрыхтавала і выдала зборнік дакументаў, прысвечаных эпісталярнай спадчыне аднаго з найвыдатнейшых дзеячаў, прамотараў і абаронцаў Уніі — святога Язафата.

Увага да перапіскі святога тлумачыцца выключным значэннем, якое яна мае для выяўлення прычынаў і дэталяў канфлікту паміж апазіцыяй Уніі і Полацкім уніяцкім арцыбіскупам. Савецкая ды й расійская дарэвалюцыйная гістарыяграфія выкарыстоўвала некаторыя цытаты з перапіскі святога Язафата для таго, каб ускласці на яго адказнасць за абвастрэнне адносінаў з праваслаўнай апазіцыяй і выбух Віцебскага паўстання. Аднак гісторыкі, вольныя ад ідэалагічных уплываў расейска-імперскай і савецкай школаў, палемізуючы з імі, сцвярджаюць, што фрагменты перапіскі святога, выкарыстаныя вышэйназванымі школамі, з’яўляюцца недакладнымі або проста фальшывымі.

Аўтару-ўкладальніку зборніка эпісталяцыі св. Язафата неабходна было найперш вырашыць праблему аўтэнтычнасці дакументаў, таму ў зборніку на дваццаці пяці старонках змяшчаецца гістарычна-тэксталагічны каментар, які напоўніцу раскрывае матывы падбору дакументаў зборніка. Укладальнік паслядоўна каментуе пытанне часу ліставання, колькасці лістоў паміж канцлерам ВКЛ Львом Сапегам і Полацкім арцыбіскупам. У каментары закранаецца таксама пытанне прыблізнага зместу і часу напісання кожнага з лістоў, робіцца іх агляд і тэксталагічны аналіз на прадмет аўтынтычнасці. Акрамя таго, тлумачацца крытэрыі, паводле якіх укладальнік выбіраў канкрэтныя лісты. Найбольшым дасягненнем аўтара можна лічыць тое, што ён зрабіў спробу (на наш погляд, даволі ўдалую) рэканструяваць шлях, з дапамогай якога лісты падпалі свядомаму (ці несвядомаму) фальшаванню.

Наяўнасць каментара дазваляе зразумець логіку размяшчэння дакументаў у зборніку. Дакладна апісваецца хада думкі ўкладальніка і яе навуковая аргументацыя пры выбары больш аўтэнтычнага варыянту таго ці іншага ліста. Так, напрыклад, ліст святога Язафата да Льва Сапегі ад 21. 01. 1622 г. існуе ў польскай мове і двух варыянтах, ліст святога Язафата да Л. Сапегі мае польскі і лацінскі варыянты, а найбольш кантраверсійны ліст Л. Сапегі існуе ў двух варыянтах на польскай, лацінскай і расейскай мовах.

Асаблівая ўвага ўсіх даследчыкаў эпісталярнай спадчыны святога Язафата скіравана на яго перапіску з Львом Сапегам, таму складальнік зборніка таксама надаў ліставанню полацкага арцыбіскупа з канцлерам ВКЛ асаблівую ўвагу, надрукаваўшы ў зборніку ўсю іх вядомую перапіску ў некалькіх варыянтах.

Услед за некаторымі даследчыкамі жыцця і дзейнасці полацкага арцыбіскупа ўкладальнік сцвярджае, што тэкст ліста канцлера Льва Сапегі да ўладыкі Язафата ад 12. 03. 1622 г., на які зазвычай спасылаюцца крытычна пастаўленыя да Язафата Кунцэвіча гісторыкі, быў сфальшаваны. Сапраўдны тэкст ліста святога Язафата, які ўжо друкаваўся па-беларуску даследчыкам Вацлавам Пануцэвічам, друкуецца ў зборніку побач з лістом, падлеглым пазнейшай рэдакцыі (фальшаванню). Абодва лісты друкуюцца па-польску і ў перакладзе на беларускую мову (таксама два варыянты).

Акрамя варыянтаў гэтага ліста, укладальнік зборніка гісторык Міхась Баўтовіч змясціў два лісты Полацкага арцыбіскупа да Льва Сапегі ад 21. 01. 1622 г. і ад 22. 04. 1622 г. на польскай мове з перакладам на беларускую. Перапіска Полацкага арцыбіскупа з канцлерам ВКЛ, як вынікае з вядомых гісторыкам лістоў, была досыць працяглаю і адносіны, якія склаліся паміж слыннымі дзеячамі, былі даволі глыбокімі. Як падаецца гісторыкам, не ўсе іх лісты захаваліся да нашага часу. Міхась Баўтовіч ілюструе сваё сцверджанне ўрыўкам з ліста, напісанага Львом Сапегам 12. 03. 1622 г., дзе канцлер палемізуе з сцвярджэннем святога Язафата пра гатоўнасць памерці для хвалы Божай. Гэтага сцвярджэння няма ў вядомых нам лістах святога.

Сярод надрукаваных лістоў змешчаны ліст да Язафата Кунцэвіча віцебскага ваяводы Яна Завішы, які дазваляе адчуць тую няпростую атмасферу, у якой давялося працаваць на ніве Хрыстовай полацкаму пакутніку. У канцы зборніка змешчана казанне Смаленскага біскупа Лявона Крэўзы, прамоўленае з нагоды пераносу 17. 01. 1625 года цела забітага арцыбіскупа ў полацкую Сафію. Прычынай, з якой гэты неэпісталярны твор быў уключаны ў зборнік, з’яўляецца тое, што Лявон Крэўза згадвае шматлікія лісты, якія пісаліся святым Язафатам да розных уплывовых асобаў Вялікага Княства. Акрамя таго, ён цытуе некаторыя ўрыўкі з гэтых лістоў (поўныя варыянты некаторых з цытаваных лістоў пакуль невядомыя). У зборніку надрукаваны таксама ліст, адрасаваны святым Язафатам Кіеўскаму мітрапаліту Язэпу Вельяміну Руцкаму.

 
Праблема аўтэнтычнасці лістоў вырашаецца ўкладальнікам зборніка з дапамогаю параўнальна-гістарычнага метаду. Што датычыцца першага ліста полацкага ўладыкі да канцлера ВКЛ, то з двух наяўных варыянтаў М. Баўтовіч абраў больш поўны. Кароткі варыянт фактычна з’яўляецца наборам урыўкаў гэтага ліста, выбраных варшаўскімі базыліянамі для адлюстравання поглядаў святога на жыццё, місію Царквы і пазіцыю хрысціянаў (іх не цікавілі гістарычныя і палітычныя абставіны).

Датычна другога ліста святога, які існуе ў двух варыянтах (па-лацінску і па-польску), даследчык выбраў для публікацыі польскі варыянт, уважаючы, услед за ўкраінскім даследчыкам гісторыі Уніі Афанасіем Вэлыкым, што лацінскі варыянт ліста – гэта пераклад з польскай мовы.

Датычна цяжкага вызначэння аўтэнтычнасці ліста Льва Сапегі даследчык ідзе шляхам разважанняў, якія абгрунтоўваюць сапраўднасць дакумента. Паводле М. Баўтовіча, ёсць дзве групы варыянтаў гэтага ліста. Адна група складаецца з ліста, напісанага на лаціне, які фігуруе ў беатыфікацыйным працэсе, і ліста надрукаванага па-польску ў 1862 годзе ў часопісе «Tygodnik Poznaсski» архівістам айцом Паўлам Шыманскім. Другая група варыянтаў складаецца з лістоў на расейскай мове, пададзеных даследчыкамі Ф. Туманскім у 1793 г. і М. Бантыш-Каменскім у 1805 г. і даследчыкам С. Ліндэ па-польску ў 1816 г.

Паводле ўкладальніка, арыгінал ліста Льва Сапегі да полацкага ўладыкі быў напісаны па-польску, і сведчыць пра гэта можа тое, што лісты самога св. Язафата да Льва Сапегі напісаныя таксама па-польску. З двух польскіх варыянтаў даследчык аддаў перавагу лісту, надрукаванаму айцом П. Шыманскім, паколькі ён насычаны лацінскімі выразамі, характэрнымі для эпісталярнай традыцыі ХVII стагоддзя, а ліст, прыведзены С. Ліндэ, не мае гэтых асаблівасцяў і выглядае, паводле даследчыка, як твор ХІХ стагоддзя.

Для абгрунтавання сваіх высноваў пра сфальшаваныя і арыгінальныя варыянты лістоў М. Баўтовіч робіць іх тэксталагічны аналіз, вынікі якога паказваюць на тое, што няма ніякіх зачэпак, каб лічыць за сапраўдны ліст, пададзены С. Ліндэ і вытворныя ад яго варыянты. Тэксталагічны аналіз ілюструецца дзвюма табліцамі, у якіх два меркаваныя лісты аўтарства Льва Сапегі параўноўваюцца з арыгінальнымі лістамі да яго арцыбіскупа, адзін з якіх быў напісаны раней за ліст Л. Сапегі, а другі пазней. Асобны пункт укладальніцкай прадмовы прысвечаны рэканструкцыі працэсу фальшавання ліста.

Нягледзячы на палемічнасць тону і некаторыя палемічныя прыёмы, якія для ўгрунтавання ўласнай пазіцыі выкарыстоўвае ўкладальнік (сярод іх можна выдзеліць параўнанне дзвюх польскіх версіяў ліста ад 12. 03. 1621 г., адна з якіх з’яўляецца перакладам з расейскай мовы), доказы ўкладальніка з’яўляюцца пераканаўчымі. Гэта не першая спроба даказаць фальшаванне ліста расейскімі гісторыкамі (папярэднія спробы ўжо рабілі ўкраінскі даследчык а. Афанасі Вэлыкый, беларускія Вацлаў Пануцэвіч і Леў Гарошка), але зрабіць гэта настолькі пераканаўча і дакладна яшчэ нікому не ўдавалася.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY