|
|
№
1(39)/2007
Галерэя
Год паклікання да святасці
На кніжнай паліцы
Ad Fontes
Юбілеі
Музыка
Постаці
In memoriam
Мастацтва
Паэзія
На кніжнай паліцы
Палеміка
Пераклады
Проза
Практыкум
Нашы падарожжы
Мастацтва
|
Рэцэнзія: Міндаў, кароль Літовіі, у дакумэнтах
і сьведчаньнях – Mindowe, rex Lithowiae, in litteris et testimoniis / НАН Беларусі, Ін-т гісторыі; уклад., пер. на бел. мову, камэнт. А. Жлуткі. – Мн.: Тэхналогія, 2005. – 136 с., [16] арк. іл.   Са старонак «Гісторыі БССР» (Мн., 1985), створанай аўтарскім калектывам на чале з Л. С. Абецэдарскім, гэты час успрымаўся як цьмяны і змрочны, звязваўся з адзінай панаваўшай на той час у афіцыйнай гістарыяграфіі версіяй пра ваенна-палітычную экспансію літоўскіх феадалаў на тэрыторыі беларускіх земляў. Імёны многіх беларускіх князёў, у тым ліку і Міндоўга1, амаль не згадваліся, тым больш не вылучаліся як знакавыя фігуры айчыннай гісторыі у межах гэтай ідэалагічна заангажаванай канцэпцыі. Вялікі зрух у гістарычнай свядомасці беларусаў быў звязаны з дзейнасцю новага пакалення гісторыкаў-медыявістаў канца ХХ стагоддзя, у першую чаргу – Міколы Ермаловіча. У сваіх шматлікіх працах (і найбольш поўна – у кнізе «Беларуская дзяржава Вялікае Княства Літоўскае») вучоны абвяргае гіпотэзу пра літоўскую агрэсію ў дачыненні да беларускіх княстваў, даводзячы, што «абранне ў сярэдзіне XIII ст. у некаторых рускіх землях князёў літоўскага паходжання было сведчаннем не ўзмацнення Літвы, а, наадварот, яе распаду і аслаблення», што «ўтварэнне ВКЛ пачалося не з заваявання Новагародскай зямлі Літвой, а, наадварот, з заваявання Новагародскай зямлёй Літвы»2. Постаць вялікага князя Міндоўга пачынае прыцягваць да сябе ўвагу як прафесійных даследчыкаў, так і аматараў беларускай гісторыі ў сувязі з перастаноўкай акцэнтаў: Міндоўг – не захопнік, а перабежчык у Новагародку, пытанне пра «літоўскасць» яго паходжання перастае вырашацца адназначна. Узрастанне цікавасці да асобы Міндоўга суправаджалася хуткім накапленнем вялізнай колькасці супярэчлівых фактаў, што прыводзіліся ў працах розных вучоных. На гэта звярнуў увагу, прынамсі, сам Мікола Ермаловіч, які адзначыў, што час з’яўлення Міндоўга ў Новагародку ў розных даследаваннях адносіцца то да 30-х, то да 40-х гадоў XIII ст., а таксама абвергнуў шэраг іншых стэрэатыпных сцвярджэнняў. З іншага боку, прысутнасць імя Міндоўга ў беларускіх гістарычных працах бадай заўсёды суправаджаецца вялікай колькасцю слоў «магчыма» і «верагодна». Так, яшчэ Мітрафан Віктаравіч Доўнар-Запольскі, пішучы пра задуму «аднаго з вельмі прадпрымальных князькоў Міндоўга пачаць справу стварэння дзяржавы для барацьбы з ворагамі», тут жа дадаваў: «Магчыма, у яго былі папярэднікі. Літоўскія летапісы змяшчаюць цэлы шэраг паданняў, але ўсе гэтыя апавяданні не маюць характару верагоднасці»3. Пры вывучэнні розных гістарычных крыніцаў, звязаных з дзяржаўна-палітычнай дзейнасцю Міндоўга, найбольш складаным і спрэчным аказваецца пытанне пра яго рэлігійныя погляды. На падставе беларускіх хронік XVI стагоддзя складваецца ўяўленне пра Міндоўга як пра чалавека, які ставіў свае рэлігійныя погляды ў прамую залежнасць ад палітычных інтарэсаў. У «Хроніцы Быхаўца» распавядаецца пра тое, як «Міндоўг паслаў да папы, прыняў хрост, але хрост яго фальшывы быў: ён заўсёды ахвяры складаў патаемна багам сваім – найперш Нонадаю, Тэлявелю, Дзіверыку, заечаму богу, і Медзіну. <…> І багам сваім служыў, і целы мёртвых спальваў, і паганства сваё яўна вызнаваў»4. Густынскі летапіс пад 1246 годам паведамляе, што Міндоўг прыняў хрысціянскую веру ўсходняга абраду разам з многімі сваімі баярамі5. Генадзь Сагановіч сцвярджае, аднак, што верагоднасць гэтай інфармацыі мізэрная6. Беларуская «міндаўгаграфія» ў пэўным сэнсе зайшла ў тупік. Ісці далей шляхам бясконцых інтэрпрэтацый старажытных міфаў, летапісных паданняў было бессэнсоўна. Ды й самае галоўнае, такі шлях не мог даць адказу на пытанне: хто ж ён – Міндоўг? «Адзін з прадпрымальных князькоў» (М. Доўнар-Запольскі), стваральнік Вялікага Княства Літоўскага (К. Тарасаў) ці «дрэнны, няўмелы палітык», дзеянні якога «выклікалі міжнародны канфлікт» (М. Ермаловіч)? Толькі публікацыя арыгінальных дакументальных сведчанняў, звязаных з асобаю Міндоўга, магла б даць грунт для фармавання аб’ектыўнай ацэнкі яго дзейнасці і яго месца ў беларускай гісторыі.
Алесь Жлутка абараніў кандыдацкую дысертацыю, прысвечаную творчасці беларускіх паэтаў XVIII стагоддзя Міхала Карыцкага і Францішка Князьніна. Аднак далейшую сваю навуковую дзейнасць ён звязаў не толькі з даследаваннем помнікаў мастацкай лацінамоўнай літаратуры Беларусі, але зацікавіўся таксама крыніцазнаўчымі росшукамі, пераважна ў галіне гісторыі Касцёла на Беларусі. Дзякуючы магчымасці працаваць у Ватыканскім таемным архіве, а таксама атрымаўшы матэрыялы з Таемнага дзяржаўнага архіва Прускай культурнай спадчыны і Латвійскага дзяржаўнага гістарычнага архіва, вучоны зрабіў дастаткова поўны падбор дакументаў, якія маюць дачыненне да асобы караля Міндоўга. Гэтыя дакументы згрупаваныя па трох асноўных раздзелах. У першым раздзеле сабраныя лісты караля Міндоўга, якія датычацца перадачы (дарэння) земляў Нямецкаму ордэну ў Лівоніі. Другі раздзел змяшчае ў сабе лісты Рымскіх папаў (Інацэнта IV і Аляксандра IV), і ў ім разглядаюцца пытанні каранацыі Міндоўга, зацвярджэння валодання землямі, розныя юрыдычныя аспекты духоўнага жыцця, праблемы распаўсюджання хрысціянства, абароны ад паганцаў і г. д. Трэці раздзел – «Пазнейшыя сведчанні» – утрымлівае ў сабе розныя дакументы, у якіх згадваецца пра караля Міндоўга і падаюцца розныя акалічнасці яго дзяржаўна-палітычнай дзейнасці. Прынцыповым момантам з’яўляецца тое, што ўкладальнік рэцэнзаванага выдання – найбольш дасведчаны на Беларусі спецыяліст у справе публікацыі лацінскіх дакументаў. Найперш успомню, што дзякуючы сумеснай працы Віктара Дарашкевіча і Алеся Жлуткі сталі здабыткам беларускай грамадскасці семнаццаць лацінамоўных дакументаў, што мелі дачыненне да жыцця ўсходнеславянскага першадрукара Францішка Скарыны7. Менавіта Алесь Жлутка падрыхтаваў «Метадычныя рэкамендацыі да публікацыі лацінскіх дакументаў XIII–XIV стст.», якія пабачылі свет у 2005 годзе. Сам вучоны ў прадмове да кнігі «Міндаў, кароль Літовіі...» адзначае, што ў гэтым кодэксе ўпершыню публікацыя дакументаў, датычных асобы караля Міндоўга, суправаджаецца ўсімі неабходнымі звесткамі (легендай, крытычным апаратам, розначытаннямі і інш.). Укладальнік глыбока абазнаны ў навуковай літаратуры па палеаграфіі, археаграфіі, тэксталогіі, крыніцазнаўстве, свабодна арыентуецца ў міжнародных правілах публікацыі лацінскіх сярэднявечных дакументаў. Дзеля максімальнага захавання аўтэнтычнасці тэксту пры перакладзе Алесь Жлутка, паводле яго ўласнага прызнання, імкнецца «да як мага большай дакладнасці ў перадачы зместу, нават за кошт магчымых стратаў у стылі» (c. 13). Фактычна, мы маем справу з выданнем такога навуковага ўзроўню, такой бездакорнай, не пабаюся сказаць, філіграннай, тэхнікі выканання, якіх да сённяшняга дня не ведала беларуская гістарычная навука. У раздзеле «Каментары» Алесь Жлутка разглядае ключавыя і, адпаведна, найбольш спрэчныя моманты, звязаныя са спосабам транслітэрацыі асабовых імёнаў. Найбольшую цікавасць уяўляюць два першыя артыкулы, якія датычацца імя самога караля, а таксама старажытнай назвы нашай краіны. Аналізуючы разнастайныя варыянты формаў імя караля, якія пададзены ў дакументах, летапісах і хроніках, а таксама працах гісторыкаў, укладальнік супастаўляе словаўтваральныя парадыгмы антрапонімаў. На гэтай падставе ён сцвярджае, што ўсе формы імя караля вытворныя ад каранёвай асновы Min-, якая выводзіцца ад праславянскіх * mьneti / * meniti са значэннем «думаць, лічыць, меркаваць». Цікава, што ў адным з сваіх ранейшых артыкулаў Алесь Жлутка прыгадваў меркаванне Вацлава Ластоўскага, які лічыў, што суфіксы ў імёнах дзеячаў феадальных часоў маглі розніцца ў залежнасці ад веку асобы і яе сацыяльнага статусу8. У гэтым сэнсе паказальны, на маю думку, фрагмент з «Хронікі Літоўскай і Жамойцкай»: «Потом, року 1287, от крижаков инфлянтских и пруских намовленый, з некотырими панами литовскими римскую веру принял Мендог, окрещеный есть и Мендолфом названый»9. Сапраўды, як сведчыць хроніка, прыняцце Міндоўгам хросту суправаджаецца зменаю суфікса ў яго імені!
Наяўнасць яшчэ большай разнастайнасці графічных варыянтаў, ужытых у розных тэкстах для пазначэння назвы нашай старажытнай дзяржавы – Літвы – дазволілі Алесю Жлутку прапанаваць свой варыянт – Літовія. Менавіта так (Lettowia) называецца ў лацінскіх дакументах дзяржава, якою кіраваў Міндоўг. Вучоны прыводзіць таксама розныя варыянты перагаласовак у дакументах (Лютовія, Летовія) і робіць важнае падсумаванне: «Першапачатковым тэрытарыяльным ядром зямлі, а потым і дзяржавы Літва маглі стаць абшары між Наваградкам і Менскам, маркіраваныя аднайменнымі тапонімамі. З узнікненнем дзяржавы назоў стаў пашырацца і на прылеглыя тэрыторыі, заселеныя, як і Літва, пераважна славянскім насельніцтвам (спачатку паганскім, пазней – схільным да заходняга абраду хрысціянства) і падуладныя каралю, а затым – вялікім князям. У час існавання Вялікага Княства Літоўскага гэты назоў перадусім азначаў землі цэнтральнай і заходняй Беларусі, займаныя літвінамі-беларусамі» (с. 107). Надзвычайную цікавасць уяўляе і прапанаваная вучоным паслядоўнасць паходжання і развіцця назвы ад антрапоніма тыпу Luta, -o / Leta, -o да тапоніма (хароніма), урэшце – да палітоніма. У многіх сваіх навуковых працах Алесь Жлутка гаварыў пра старажытнасць хрысціянства на Беларусі і яго першапачаткова невізантыйскі характар. «Міндаў, кароль Літовіі» – вельмі важкі аргумент у гэтым плане. 1252 год быў не толькі годам каранацыі Міндоўга, але і годам прызначэння першага афіцыйнага і законнага біскупа Вялікага Княства Літоўскага – Хрысціяна. Падрыхтаваны збор дакументаў дазваляе адгарнуць адну з першых і, бадай, найважнейшых старонак у гісторыі Касцёла на Беларусі. Каталіцтва на Беларусі было важным чыннікам духоўнага жыцця нашага народа. Гвалтоўнае ўмяшальніцтва ў рэлігійную сітуацыю на Беларусі з боку Расійскай імперыі на працягу XIX стагоддзя спрычынілася да вельмі сур’ёзных і стратных для духоўнага развіцця зрухаў у ментальнасці нашага народа. Як зазначыў Алесь Жлутка, «была ўчыненая непапраўная шкода нацыянальнай культуры, развіццю нацыянальнай самасвядомасці і духоўнасці беларускага народа»11. Імя караля Міндоўга ўшаноўвалася прадстаўнікамі беларускай інтэлектуальнай эліты ад пракаветных часоў. Віленскі паэт Ян Радван у экспазіцыі свайго гераічнага эпасу «Радзівіліяда» (1592) называе першых уладароў старажытнай Літвы:
Менавіта тое, што Міндоўг быў першым манархам на нашых землях, які атрымаў каралеўскі вянец з Рыма, мае першаснае значэнне для паэта канца XVI стагоддзя, калі праблема дзяржаўнай улады для нашай краіны набыла асаблівую актуальнасць. Гаворачы пра гістарычнае значэнне каранацыі Міндоўга, Генадзь Сагановіч адзначаў: «У вачах хрысціянскай Еўропы гэты акт адразу ўзносіў Літву ў ранг каралеўства, якім лічылася вялікая і незалежная дзяржава»13 . Падобным чынам падрыхтаваны кодэкс лацінскіх дакументальных крыніцаў, аформлены ў выглядзе паралельнага выдання, узнімае прэстыж беларускай медыявістыкі ў вачах усяго навуковага свету. Гэтая праца – вынік скрупулёзнага філалагічнага аналізу трыццаці шасці лацінамоўных дакументаў на падставе вывучэння як рукапісных архіўных матэрыялаў, так і выданняў тэкстаў, а таксама навукова-даследчых працаў не менш чым на дванаццаці розных мовах. «Пашыраючы сваю ўладу ў Літве, — піша Алесь Жлутка, — і моцнаю рукою ламаючы супраціў, Міндоўг закрануў інтарэсы многіх можнаўладцаў і нават сваіх блізкіх»14. Падобным чынам кніга «Міндаў, кароль Літовіі», сапраўдны шэдэўр сучаснай паліграфіі і адначасова ўзор навуковага выдання старажытных тэкстаў, у добрым сэнсе закранула інтарэсы многіх вучоных – гісторыкаў і філолагаў-медыявістаў, тэкстолагаў, – паколькі ўсталявала высокую планку для ўсіх наступных выданняў падобнага кшталту. Але ж магутны кароль Міндоўг у пэўным сэнсе і заслужыў такога выдання менавіта ад беларусаў! З працаў многіх сучасных беларускіх гісторыкаў яго постаць вымалёўваецца як ключавая фігура айчыннай гісторыі. І гэта сапраўды так. Прыгадаем радкі старажытнай беларускай хронікі, дзе распавядаецца пра легендарныя часы Палямона і яго сыноў. Летапісец адзначаў, што «народ літоўскі і праз доўгі час пасля пачатку свайго панавання быў нешматлікі. Русь мела над імі ўладу і брала з іх даніну... Толькі потым Міндоўг15 ды Віцень з Гедымінам, самыя слаўныя і значныя князі тых валадарстваў, узяўшы на ўзбраенне той славуты прыроджаны дух свой і старадаўняе рамяство рыцарскае, порахам апаленае, узнялі іх з зямлі ды пачалі з ярма рускага выбівацца, якое было на іх ад князёў рускіх з часоў іх папярэднікаў. І такімі моцнымі былі, што не толькі з сябе іх ярмо скінула Літва, але нават і іх саміх (князёў рускіх. – Заўв. аўт.) да таго ж давялі, што павінны былі яны трыбут, або даніну, на працягу доўгага часу плаціць…»16. Імя караля Міндоўга, як бачым, стаіць першым у пераліку мужных валадароў, якія змагаліся за незалежнасць нашай старажытнай Айчыны. Сапраўды, ён быў першым з ліку тых, хто заснаваў на беларускіх і літоўскіх землях магутную дзяржаву, хто імкнуўся ўзбройваць і абараняць сваіх падданых не толькі ваенным рыштункам ды вайсковаю сілаю, але і словам Хрыста. Факт з’яўлення зборніка дакументаў часоў караля Міндоўга, падрыхтаванага Алесем Жлуткам, сведчыць, у рэшце рэшт, пра адпаведны ўзровень інтэлектуальнага развіцця нашага народа на пачатку ХХІ стагоддзя. Для сённяшніх беларусаў як гістарычныя тэксты, пісаныя старажытнай лацінай, так і помнікі прыгожага пісьменства на гэтай мове – «Пруская вайна» Яна Вісліцкага, «Песня пра зубра» Мікалая Гусоўскага, «Радзівіляда» Яна Радвана – ужо даўно не terra incognita, але terra paterna, наш неацэнны і непараўнальны духоўны скарб.
|
|
|