![]() ![]() |
![]()
|
![]() |
![]() |
![]() |
![]() |
|||||
№
1(39)/2007
![]() Галерэя
Год паклікання да святасці
На кніжнай паліцы
Ad Fontes
Юбілеі
Музыка
Постаці
In memoriam
Мастацтва
Паэзія
На кніжнай паліцы
Палеміка
Пераклады
Проза
Практыкум
Нашы падарожжы
Мастацтва
|
Бацькамі хлопчыка былі Ёган Гэмэркэн, рамеснік па метале, і Гэртруда Куіт, як здаецца, кіраўніца невялічкай школы. Да дванаццаці год Тамаш вучыўся ў мясцовай лацінскай школе, а затым выхоўваўся ў Дэвэнтэры (сёння на тэрыторыі Галандыі) у школе братоў агульнага жыцця – духоўнага таварыства, створанага на аснове канцэпцыяў вядомых райнландскіх містыкаў, асабліва Ройсбрука (1293–1381) і Герта Гроотэ (1340–1384), якія ўказвалі на дзейсную пабожнасць як на найхутчэйшы шлях да яднання з Богам замест тэарытычных разважанняў. Духоўным настаўнікам Тамаша быў вучань Гроотэ, фактычны заснавальнік таварыства Фларэнцый Радэвін (1350–1400). Стварэнне дамоў братоў агульнага жыцця стала першым практычным крокам у тым руху адраджэння духоўнасці на поўначы Еўропы, які атрымаў назву «новай пабожнасці» (devotio moderna) і пачатак якому паклалі Ройсбрук і Гроотэ, а самым славутым прадстаўніком і пашыральнікам стаў Тамаш Кэмпійскі. Новы рух паўстаў на фоне падзення маральнасці сярод святароў і манахаў і звароту людзей свецкіх да псеўдамістыцызму ды бясплённага мудравання на розныя духоўныя тэмы. Заснавальнікі і сябры «новай пабожнасці», наадварот, заклікалі адмовіцца ад залішняга тэарэтызавання пра высокія праўды ды стаць на шлях дзейснага асабістага пакаяння і навяртання, адрачэння ад сябе, беручы за ўзор і за кіраўніка на гэтым шляху Хрыста. Да братоў агульнага жыцця належалі людзі свецкія, якія адмаўляліся ад прыватнай уласнасці і вялі сумеснае, амаль кляштарнае жыццё, але не складалі шлюбаў. Выхаванне ў іх дамах разумелася як служэнне Богу супольнаю малітваю, працаю і чытаннем. Аскезу яны прымалі добраахвотна, трактуючы яе як духоўную загартоўку, з маладых гадоў прывучаючы сябе да розных ручных працаў, перапісвання пабожных кніг і садоўніцтва. Тамаш, напрыклад, з дзяцінства аддаваў свой час перапісванню кніг і лічыў гэты занятак найлепшым духоўным практыкаваннем, калі рука супрацоўнічае з думкаю. Магчыма таму, да канца жыцця ў сваім дзённым раскладзе ён абавязкова адводзіў час для перапісвання Святога Пісання, тэкст якога ён скапіяваў за сваё жыццё чатыры разы (!). У 1399 г. юнак перайшоў у нядаўна заснаваны кляштар рэгулярных канонікаў-аўгустынцаў Агнэтэнбэрг (гара св. Агнешкі) каля Цволе (Галандыя), які стаў своеасаблівым духоўным цэнтрам братоў агульнага жыцця і прыёрам якога пачаў служыць яго старэйшы брат Ёган. У 1406 г. Тамаш склаў шлюбы і стаў манахам гэтага кляштара, а ў 1412 ці ў 1413 г. быў высвечаны на святара. У 1425–1431 гг. і з 1448 г. займаў пасаду субпрыёра, а з 1448 г. працаваў таксама як настаўнік навіцыяў. У Агнэтэнбэргу Тамаш Кэмпійскі правёў усё сваё жыццё, якое абарвалася 26 ліпеня 1471 г., калі яму было 92 гады. У гэтым кляштары ён пражыў больш за 70 гадоў ціхім манахам, усё больш паглыбляючыся ў сузіранне вечнага. Даўнія біёграфы адзначаюць яго красамоўства, суровасць кляштарнага жыцця, клопат аб годнасці Богаслужбы і любоў да маўчання. З 1897 г. парэшткі Тамаша Кэмпійскага спачываюць у касцёле св. Міхала ў Цволе. У родным Кэмпэне яшчэ ў 1629 г. яму быў пастаўлены цудоўны помнік. Найбольш ясна і паслядоўна яго погляды на выхаванне душы, што развіваюць ідэі «новай пабожнасці», выкладаюцца ў творы «Сьледам за Хрыстом» (De imitatione Christi), напісаным ім у 1418 г. Гэты трактат дзеліцца на чатыры кнігі: 1) Настаўленні, карысныя для духоўнага жыцця; 2) Настаўленні да ўнутранага жыцця; 3) Пра ўнутранае суцяшэнне; і 4) Пра таінства Цела Хрыстовага. Мэта твора – дапамагчы душы прыйсці да святасці і паяднацца з Богам. Пачатак гэтага шляху – пазнанне чалавекам самога сябе, што дасягаецца толькі праз адрачэнне ад сябе, адыход ад свету і падпарадкаванне Божай волі. Другі этап — распазнанне розніцы паміж прыродаю чалавека і Божаю ласкаю ды падрыхтоўка да прыняцця гэтай ласкі. На трэцім этапе хрысціянін прыходзіць да глыбокага ўсведамлення Божай Усемагутнасці і пакоры, з якімі расце яго любоў да Творцы. Нарэшце душа павінна прыйсці да яднання з Хрыстом, які ёсць сапраўдная яе мэта, а таксама «шлях, праўда і жыццё». Гэтае яднанне перажываецца на пачуццёвым узроўні ў прыняцці святой Камуніі1.
На беларускую мову твор Тамаша Кэмпійскага пераклаў доктар Станіслаў Грынкевіч. Нарадзіўся ён у вёсцы Новы Двор Сакольскага павета Гродзенскай губерні (цяпер у Польшчы) 2 лютага 1902 г. Скончыў медычны факультэт Познаньскага універсітэта, пасля якога працаваў у розных клініках спачатку на тэрыторыі Польшчы, а затым у Вільні. Удзельнічаў у працы нацыянальных арганізацыяў Заходняй Беларусі — Беларускага нацыянальнага камітэта, Беларускага навуковага таварыства. У 1931–1936 гг. быў віцэ-старшынёй Беларускай хрысціянскай дэмакратыі, ва ўтварэнні і дзейнасці якой вялікую ролю адыгралі беларускія каталіцкія святары, пасля рэпрэсаваныя савецкімі ці польскімі ўладамі. У 1936 г. быў арыштаваны і Станіслаў Грынкевіч, а яго кніга «Асвета», у якой польскі ўрад угледзеў крамолу, была канфіскаваная. Станіслаў Грынкевіч напісаў шэраг твораў, сярод якіх і медыцынскія, і грамадска-асветныя, у якіх закранаюцца пытанні нацыянальнага менталітэту беларусаў, абгрунтоўваецца неабходнасць асветы і культурнай працы для дабра народа. Але бадай самым выдатным яго ўнёскам у беларускую культуру стаў пераклад з лаціны трактата «Сьледам за Хрыстом». У 1944 г. Станіслаў Грынкевіч быў арыштаваны ўжо савецкімі ўладамі, і 18 траўня 1945 г. яму быў вынесены смяротны вырак. Узнаўленне на роднай мове твора Тамаша Кэмпійскага доктарам Станіславам Грынкевічам — гэта не толькі выдатная з’ява ў перакладчыцкай практыцы 30-х гадоў, але і своеасаблівы помнік тагачаснай беларускай мовы. Таму пры перавыданні і ўзнаўленні перакладу, выдадзенага першапачаткова лацінкаю ў кірылічным напісанні, мы спрабуем данесці яго да сённяшняга чытача з максімальнай дакладнасцю згодна з міжнародным выдавецкім прынцыпам павагі да тэксту, імкнучыся цалкам захаваць не толькі лексічнае багацце мовы, але таксама яе марфалагічныя, сінтаксічныя і арфаграфічныя асаблівасці. Аднак дзеля лепшага разумення арыгінальнага сэнсу ўсё ж спатрэбіліся невялікія карэктывы, якія абмяжоўваюцца выпраўленнем яўных памылак друку, праўкаю арфаграфічных недакладнасцяў згодна з тагачаснаю літаратурнаю нормаю (напр., неадпаведнага пазіцыі напісання формаў адмоўя не / ня), пазбаўленнем ад разнабою ў словаформах, канчатках і націсках (напр.: сёньня / сяньня, ходзе, але робіць, насьлядаваньне, але насьледаваць), а таксама прывядзеннем да нормаў, прынятых сёння ў Касцёле на Беларусі, нешматлікіх рэлігійных тэрмінаў. Хочацца спадзявацца, што знакаміты трактат Тамаша Кэмпійскага знойдзе водгук у сэрцах нашых чытачоў, дасць багаты плён у іх духовым жыцці і будзе жывым напамінам пра тых сейбітаў дабра і праўды на нашай ніве, якія былі бязлітасна і заўчасна сцятыя крывавым сярпом нечалавечай улады.
Гл. таксама:
|
![]() |
![]()
|
![]()
|
![]() |