|
|
№
1(39)/2007
Галерэя
Год паклікання да святасці
На кніжнай паліцы
Ad Fontes
Юбілеі
Музыка
Постаці
In memoriam
Мастацтва
Паэзія
На кніжнай паліцы
Палеміка
Пераклады
Проза
Практыкум
Нашы падарожжы
Мастацтва
|
Апавяданне пра Юзафа ў мастацкім, экзегетычным і гістарычным сэнсе з’яўляецца своеасаблівай перлінай сакральнай біблійнай прозы, пра што ўзгадваецца амаль у кожнай працы, прысвечанай гэтай тэме. Гэтаксама лічыў і праваслаўны тэолаг, экзегет Аляксандр Мень у сваёй кнізе «Ісагогіка». Гістарычны аспект апавядання пра біблійнага Юзафа асабліва яскрава раскрывае ў сваёй фундаментальнай працы, якая была напісана ў 1914 годзе, прафесар Маскоўскай духоўнай акадэміі Д. І. Увядзенскі. Узброіўшыся шматлікім гістарычным матэрыялам, аўтар паказаў, наколькі дакладна, нават у дробязях, у Бібліі паказаны егіпецкія звычаі і асяроддзе. Некаторыя дэталі гэтай працы цалкам пацвердзілася дадзенымі егіпталогіі1. Хоць прамых егіпецкіх сведчанняў пра Юзафа не засталося, ён з’яўляецца гістарычнай асобай. Яго незвычайнае ўзвышэнне пры двары фараона звязана з тым, што ў тую эпоху ў Егіпце правіла азіяцкая дынастыя гіксосаў. Гіксосы заваявалі Егіпет каля 1700 г. да Н. Х. і валадарылі сто гадоў2. Пры гэтым яны, у некаторай ступені, падтрымлівалі перасяленцаў з Усходу. Таму не дзіўна, што пасля выгнання дынастыі гіксосаў егіпцяне знішчылі амаль усе помнікі і летапісы, а таксама ўсе згадкі пра іншаземны прыгнёт. Старажытны аўтар кнігі Быцця распавядае пра гісторыю біблійнага Юзафа ў духу вострасюжэтнага апавядання: чытач Бібліі становіцца як бы сведкам злачынства братоў і адчаю Якуба, які аплаквае сына; ён пераносіцца разам з Юзафам у дом егіпецкага чыноўніка, дзе юнака чакаюць і спакушэнне, і маральная перамога, потым у вязніцу і, нарэшце, у дом самога фараона. Вельмі ўзрушальная сцэна, калі Юзаф, дасягнуўшы вялікай славы і становішча ў Егіпце, нарэшце адкрываецца сваім братам. У гэтай сцэне яскрава паказаны стрыманасць у пакаранні і велікадушнасць Юзафа, яго разуменне праведных шляхоў Пана. Расповед пра Юзафа выклікае цікавасць як з гістарычна-экзегетычнага боку, так і з мастацкага. Апавяданне вельмі красамоўнае, яно захапляе апісаннем прыгодаў чалавека, які ў сваім жыцці спадзяецца на Бога. А Бог праяўляе сваю міласэрнасць да праведнікаў і вядзе іх шляхамі свайго Провіду, ствараючы гісторыю не толькі асобных людзей, але і ўсяго люду Божага ва ўсім свеце. Юзаф — старэйшы з двух сыноў патрыярха Якуба і брат Веніаміна ад яго любімай жонкі Рахэлі. Апавяданне пра Юзафа распачынаецца з яго нараджэння (пар. Быц 30, 23). Пасля гэтага жыццё Юзафа, як падрабязная гісторыя, змяшчаецца ад 37-га раздзела і да канца кнігі Быцця. Юзаф паказаны семнаццацігадовым юнаком. Якуб вельмі любіў яго за простае сэрца, у адрозненне ад дзесяці астатніх сыноў, народжаных ад Ліі і служанак, і таму зрабіў яму «рознакаляровае адзенне» (пар. Быц 37, 2), якое з’яўлялася сімвалам абранасці. Ёсць меркаванне, што Якуб меў намер зрабіць Юзафа нашчадкам усёй сваёй маёмасці. Першародны сын Якуба Рувім меў законнае права на першародства, але ён быў адкінуты з прычыны сувязі бацькі з наложніцай (пар. Быц 35, 22; 49, 3–4). Сімяон і Левій, другі і трэці сыны (пар. Быц 29, 31–35), былі адкінутыя з прычыны іх жорсткіх паводзінаў у Сіхеме (пар. Быц 34, 25–30; 49, 5–7). Чацвёртым па спадчынай лініі быў Юда, і, магчыма, у сям’і думалі, што ён атрымае першародства. Хоць Юзаф быў па ліку адзінаццатым сынам Якуба, ён быў першынцам Рахэлі, любімай жонкі, і таму Юзаф быў любімым сынам Якуба (пар. Быц 37, 3). «Рознакаляровае адзенне» Юзафа стала вельмі падазроным у сям’і, і асабістыя мары Юзафа ўзвысіцца над братамі (пар. Быц 37, 5–10) яшчэ больш пагоршылі сямейныя адносіны, асабліва адносіны братоў да Юзафа. Можа быць, што Юда і Юзафа пачалі спрачацца ў пытанні аб першародстве. Гэтае меркаванне можа быць пацвярджэннем актыўнага ўдзелу Юды ў продажы Юзафа ў рабства (пар. Быц 37, 26–27). Барацьба паміж Юдам і Юзафам перайшла да іх нашчадкаў. Калены Юды і Яфрэма, сына Юзафа, заўсёды спрачаліся паміж сабой. Род Юды быў родам валадарскім у час цароў Давіда і Саламона, а пад кіраваннем Яфрэма ў далейшым адлучыліся дзесяць кален3. Вобраз выбранніка прымае са з’яўленнем Юзафа зусім новую форму. Юзаф — без сумніву, выбраннік, але толькі выбраннік уласнага бацькі, бо браты з-за зайздрасці ўзненавідзілі яго. Іх нянавісць яшчэ больш узрасла, калі Юзаф расказаў ім пра свае сны, з якіх вынікала, што браты, і нават бацька і маці, будуць служыць яму (пар. Быц 37, 5–11). Таму браты Юзафа спачатку вырашылі яго забіць, але потым прадалі яго як нявольніка за 20 сярэбранікаў купцам, якія ішлі караванам у Егіпет. Пасля гэтага, жадаючы ўтаіць сваё злачынства, яны закалолі маладое казляня, вымазалі яго крывёю адзенне Юзафа і, вярнуўшыся да дому, паказалі свайму бацьку Якубу са словамі: «Мы гэта знайшлі; паглядзі, сына гэта твайго адзенне, ці не?». Якуб жа адразу пазнаў адметнае ўбранне свайго ўлюбёнага сына і, разадраўшы сваё адзенне, плакаў і смуткаваў шмат дзён. У Егіпце караваншчыкі прадалі Юзафа начальніку целаахоўнікаў фараона Паціфару. Гэты чалавек быў справядлівы і, бачачы шчырасць і сумленнасць маладога хлопца, даручыў яму кіраваць і распараджацца маёмасцю ва ўсім сваім доме. I Бог быў з ім ва ўсіх справах яго (пар. Быц 39, 5). Юзаф быў маладым чалавекам з бездакорнымі паводзінамі, а таксама прыгожым юнаком (як падае Біблійны даведнік Генры Гелея, у 17-гадовым узросце ён быў праданы ў Егіпет і 13 гадоў прабыў у доме Паціфара), і яго прыгажосць і захаванне спакусілі разбэшчаную жонку Паціфара. Але Юзаф, які нават будучы фактычна рабом вёў жыццё праведнае, не паддаўся на спакусы. «Як я зраблю гэта вялікае зло і зграшу перад Богам?» — казаў ён. Атрымаўшы адмову, жонка начальніка целаахоўнікаў абгаварыла справядлівага і ні ў чым не вінаватага юнака. Паціфар жа, паверыўшы абгаворам, вельмі раз’юшыўся (бо давяраў Юзафу) і загадаў пасадзіць яго ў вязніцу. На пачатку зняволення беднаму хлопцу было вельмі цяжка. (Аб гэтым распавядае псальм 104 верш 18.) Але і ў вязніцы Бог быў з ім ва ўсіх ягоных справах. Дзякуючы шчыраму даверу і спадзяванню на Божую ласку нават у зняволенні Юзаф здабывае аўтарытэт і рэпутацыю тлумачальніка сноў4. I фараон, даведаўшыся пра незвычайныя магчымасці жыдоўскага юнака, просіць яго растлумачыць уласныя сны пра сем кароў і сем снапоў (пар. Быц 41, 14–36). Заклапочанасць фараона была выклікана тым, што гэтыя сны не змаглі растлумачыць ніякія магі і чарадзеі, што выклікала думку аб нейкім вельмі сур’ёзным іх сэнсе і значэнні ў жыцці не толькі фараона, але і ўсяго Егіпта. Юзаф, дзякуючы Божай дапамозе, з лёгкасцю тлумачыць значэнне сноў і адкрывае іх вельмі важны, нават жыццёва неабходны, сэнс. Тады фараон, прызнаўшы, што праз Юзафа прамаўляе Дух Божы, робіць юнака кіраўніком усяго Егіпта (як некалі Паціфар кіраўніком свайго дому) і па значнасці ў дзяржаве мала меншым за самога фараона. У гэтай нялёгкай справе кіравання Юзаф, адчуўшы сваю вялікую важнасць і моц уласнай улады, не забываецца пра Бога і людзей, якіх Ён яму даручыў уратаваць, але ў кожны ўраджайны год збірае хлеб і назапашвае яго, ведаючы, што гэтая праца і прадбачлівасць у будучыні прынясуць багаты плён і ўратуюць шмат людзей ад галоднай смерці. Пасля сямі ўраджаных гадоў, як і прадказваў Юзаф, пачаліся гады неўраджаю і голаду спачатку ў Егіпце, а потым і ў прылеглых да яго землях. Нарэшце голад дасягнуў і зямлі Ханаан. I Якуб, даведаўшыся, што ў Егіпце прадаюць хлеб, паслаў сваіх сыноў, акрамя самага малодшага Юзафавага брата Веніаміна, каб яны купілі правізіі. Пра Веніаміна, зрэшты. паведамляецца вельмі мала, толькі для таго, каб сказаць пра яго нараджэнне (пар. Быц 35, 16–20) і пра смерць яго маці ў той жа самы дзень. Яго роля нявіннага дзіцяці застаецца да апошняга моманту, калі нарэшце спаўняюцца першыя сны Юзафа. Гэта было першае падарожжа братоў у зямлю Егіпецкую. У Егіпце яны былі прадстаўлены Юзафу і пакланіліся яму ў ногі (чым споўнілі прароцкія сны свайго брата, з якіх і распачалася гісторыя біблійнага Юзафа), і, не пазнаўшы ва ўладары брата, звярнуліся з просьбаю аб пакупцы хлеба. Жадаючы выпрабаваць іх, Юзаф зрабіў выгляд, што не ведае іх і пры гэтым абышоўся з імі даволі сурова і нават абвінаваціў іх у шпіёнстве; калі ж браты ў сваё апраўданне падрабязна расказалі яму пра бацьку і меншага брата, то Юзаф, хоць і адпусціў іх, але пакінуў у сябе заложнікам Сімяона да таго часу, пакуль яны не прывядуць да яго Веніаміна, каб засведчыць праўдзівасць іх слоў. Між тым хлеб, які браты прывезлі з Егіпта, скончыўся, а голад і неўраджай трывалі надалей. Якуб другі раз пасылае сыноў па хлеб, але браты памятаюць сваё абяцанне і просяць з сабой Веніаміна. «Не пойдзе сын мой з вамі, таму што брат ягоны памёр і ён адзін застаўся. Калі здарыцца з ім няшчасце падчас падарожжа, у якое вы вырушаеце, то звядзеце вы сівізну маю са скрухаю ў гроб» (пар. Быц 42, 38). Але пасля ўгавораў Юды ён адпусціў усё ж такі ўлюбёнага сына свайго Веніаміна са словамі: «Бог жа Усемагутны няхай дасць вам знайсці міласць у чалавека таго, каб ён адпусціў вам і другога брата вашага, Веніаміна. А мне, калі ж ужо быць бяздзетным, то няхай буду бяздзетным» (пар. Быц 43, 14)5. Прыйшоўшы ў Егіпет, браты зноў пакланіліся Юзафу і прадставілі яму свайго брата Веніаміна, а таксама расказалі пра здароўе бацькі. Юзаф жа, убачыўшы свайго малодшага брата, вельмі ўзрадаваўся і загадаў сабраць святочны абед, на якім імкнуўся падкрэсціць адметнасць Веніаміна, пасылаючы яму ў пяць разоў больш ежы са свайго стала ў параўнанні з іншымі братамі. Пасля абеду Юзаф загадаў напоўніць зернем мяшкі братоў, а ў мяшок Веніаміна пакласці сярэбраны кубак. Такім чынам Юзаф падстройвае крадзёж, у якім абвінавачвае Веніаміна і тым самым прыгаворвае яго да вечнага рабства і да разлукі з братамі, а што непамерна горш, — і са сваім бацькам. Тады браты раздзерлі адзенне сваё і, вярнуўшыся зноў у горад, сталі перад Юзафам з маленнем, каб пакінуў іх усіх у рабстве, але адпусціў да дому бацькі свайго Веніаміна. Але ён не згаджаўся на іхнія просьбы і ўгаворы. Тады Юда, як той, на кім была адказнасць за Веніаміна, расказаў пра усе абставіны іхняга двухразовага падарожжа ў Егіпет і пра тое, як ён даў абяцанне свайму бацьку, што ў цэласці верне малодшага брата свайго (пар. Быц 44, 33–34). Такое выпрабаванне зведалі браты Юзафа як адкупленне за сваю здраду перад сваім братам. Гэты аповед лічыцца адным з самых узнёслых у біблійнай літаратуры. Самым кранальным момантам з’яўляецца жаданне Юды, які шмат гадоў таму быў кіраўніком продажу Юзафа ў рабства, стаць самому заложнікам за Веніаміна (пар. Быц 46, 3–4)6. I вось Юзаф ужо не можа вытрываць і, загадаўшы сваім слугам выйсці, застаецца з братамі, і ў гэты момант маска спадае з яго і ён выбухае плачам. Праз слёзы Юзаф кажа: «“Я Юзаф, брат ваш, якога вы прадалі ў Егіпет. Але цяпер не перажывайце і не шкадуйце аб гэтым, таму што Бог паслаў мяне перад вамі дзеля захавання жыцця вашага. Бо цяпер два гады голаду на зямлі; застаецца яшчэ пяць гадоў, калі ні араць, ні жаць не будуць... Ідзіце скарэй да бацькі майго... скажыце яму пра славу маю ў Егіпце і пра ўсё, што вы бачылі: і прывядзіце хутчэй бацьку майго сюды.„ I ўпаў ён на шыю Веніаміну, брату свайму, і плакаў: і Веніамін плакаў на шыі яго. І цалаваў усіх братоў сваіх, і плакаў, абдымаючы іх»7. Без сумніву, у гэтым эпізодзе гаворыцца аб прабачэнні, але яно разыгралася інакшым чынам, чым у выпадку прымірэння Якауба і Ісава. Падманшчык Якуб у выніку сам быў падмануты. Юзаф вядзе братоў да таго, каб яны зноў прайшлі праз сваё зладзейства і тым самым аздаравіліся. Так адбываецца ў шматлікіх сюжэтах. Сатана, увайшоўшы ў дом, можа выйсці толькі праз тыя самыя дзверы. Няма іншага выхаду для братоў Юзафа, акрамя як вярнуцца назад. Тыя, хто пазбавіў Якуба любімага сына, вымушаны ісці да яго, каб патрабаваць у яго таго, хто ў яго сэрцы стаў новым Юзафам; мінулае зноў вяртаецца да іх8. Не ў тым справа, каб за прабачэнне плаціць цаной прыніжэння і пакутаў, але ці ж на самай справе справядлівы і сумленны той прабачаючы, хто пад выглядам праведніка будзе толькі падаўляць у сабе пакрыўджанага. Юзаф не абвінавачвае. Яго браты, стаўшы перад Якубам, каб папрасіць у яго Веніаміна, нарэшце бачаць сябе такімі, якімі яны былі, калі прынялі рашэнне абвясціць бацьку пра смерць Юзафа. Але Юзаф міласэрны. У фінале суддзя здымае маску, каб дазволіць братам убачыць яго любоў9. Ён сам дае адказ на фінальнае пытанне і адначасова на ўсю эпапею: «Не бойцеся. Ці ж я замяшчаю Бога? Вось вы задумвалі супраць мяне дрэннае, але Бог звярнуў гэта ў дабро: захаваў жыццё вялікай колькасці людзей (пар. Быц 50, 19–20). Фараон, даведаўшыся пра тое, што здарылася з яго намеснікам Юзафам, падтрымаў ягоную прапанову аб перасяленні ягонай сям’і ў Егіпет і загадаў выдзеліць для яе лепшыя землі ў даліне Гесем. «Дастаткова (гэтага для мяне), — сказаў Якуб, калі пачуў ад сыноў, якія вярнуліся, пра тое, што ягоны сын Юзаф, якога ён лічыў мёртвым, не загінуў, а валадарыць над усёю зямлёю Егіпецкаю. — Дастаткова гэтага для мяне, яшчэ жывы сын мой Юзаф; пайду і ўбачу яго, пакуль не памру». I вось ужо будучы вельмі старым чалавекам Якуб з-за любові да сына адважваецца на далёкае і цяжкое падарожжа. Калі Юзаф пачуў, што ягоны бацька набліжаецца да Егіпта, ён выехаў яму насустрач у зямлю Гесем і, убачыўшы яго, кінуўся яму на шыю і доўга плакаў. Зразумела, што гэта, як і ў гісторыі з братамі, былі слёзы радасці ад доўгачаканай сустрэчы. I сказаў Ізраэль Юзафу: «Памру я цяпер, калі ўбачыў твар твой, бо ты яшчэ жывы» (пар. Быц 46, 30). 3 гісторыі Юзафа бачна, што ён жыў 110 гадоў (пар. Быц 50, 22), бачыў сваіх нашчадкаў да трэцяга пакалення і, паміраючы, узяў абяцанне з сваіх братоў, каб пахавалі яго ў Зямлі Абяцанай, тым самым даказваючы сваю веру, ад якой ён не адступаў на ўсім працягу свайго жыцця. Таму нават апостал Павел у сваіх сведчаннях кажа пра яго, што верай Юзаф пры сконе напомніў аб зыходзе сыноў Ізраэля і запаведаваў аб касцях сваіх (пар. Гбр 11, 22)10. Пасля смерці набальзамаванае цела Юзафа (як было прынята ў егіпцянаў пры пахаванні значных асобаў) паклалі ў каўчэг, які заставаўся ў Егіпце аж да выхаду габрэяў на чале з Майсеем і Ааронам. Менавіта Майсей перанёс цела Юзафа з Зямлі Егіпецкай у зямлю Ханаанскую і пахаваў у Сіхеме. Такое шчаслівае заканчэнне мае гісторыя пра Юзафа — чалавека, які ўсё сваё нялёгкае жыццё быў верны Богу. Нават у цяжкіх выпрабаваннях яго падтрымлівала думка і памяць пра тое, што Бог не пакідае чалавека, калі чалавек спадзяецца на дапамогу і, нягледзячы на цяжкасці, застаецца верны запавету. Юзаф, ажаніўшыся з дачкою егіпецкага жраца, якая была язычніцаю, і кіруючы язычніцкаю дзяржаваю і нават жывучы сярод ідалапаклонства, усё ж такі змог захаваць сваю дзіцячую веру ў Бога сваіх бацькоў: Абрагама, Ісаака і Якуба11. Зразумела, што запавет у тым сэнсе, у якім мы разумеем яго цяпер, а менавіта запавет на гары Сінай, тады яшчэ не існаваў, але існаваў запавет Абрагама, які таксама вельмі канкрэтна і глыбока раскрываў сэнс адносінаў чалавека з Богам Яхвэ. Можна сказаць, што ад запавету з Абрагамам распачынаецца гісторыя чалавека, які давярае Богу і паступова пачынае падыходзіць да адной з галоўных праўдаў Старога, а потым і Новага Запавету, атрыманай ад Бога, — праўды пра тое, што Бог міласэрны і што давер да Яго перарастае ў любоў. А любоў дае чалавеку шчасце. Змест апавядання можна коратка перадаць словамі Юзафа, скіраванымі да братоў: «Вы задумвалі супраць мяне злое, але Бог ператварыў гэта ў дабро» (пар. Быц 50, 30). Юзаф ва ўсіх сваіх ліхіх прыгодах быў верны Богу, які і зрабіў яго прыладаю для выратавання габрэяў. Не зважаючы на цяжкасці, выпрабаванні і злую волю людзей, Бог збярог ядро свайго народу ў час спусташальных нашэсцяў і голаду12. У канцы гісторыі Юзафа расказваецца пра смерць Якуба і заканчэнне жыццёвага шляху самога Юзафа. Першага хаваюць у Ханаане, а другі запаведуе ў будучыні перанесці ягоны прах з Егіпта ў зямлю, абяцаную Богам праайцу Абрагаму. Фінал гісторыі: Бог стварыў і палюбіў чалавека і не пакідае яго, калі чалавек застаецца верным Богу.
|
|
|