|
|
№
1(39)/2007
Галерэя
Год паклікання да святасці
На кніжнай паліцы
Ad Fontes
Юбілеі
Музыка
Постаці
In memoriam
Мастацтва
Паэзія
На кніжнай паліцы
Палеміка
Пераклады
Проза
Практыкум
Нашы падарожжы
Мастацтва
|
Наступ атэізму як нагода для навяртання
У Віцебскім дзяржаўным універсітэце імя П.М. Машэрава ў рамках гістарычнага факультэта ёсць такая спецыяльнасць — тэалогія. У рамках гэтае спецыяльнасці ёсць, вядома ж, курс філасофіі. І, паводле таго, што мне расказвалі студэнты, выкладчык філасофіі мае звычку кіраваць да студэнтаў-тэолагаў такую заўвагу: «Я маю намер выкладаць вам філасофію, таму свае байкі, калі ласка, мне не расказвайце». У снежні мінулага года ксёндз Віктар Місевіч на радыё «Свабода» ў рамках перадачы «У што я веру» чытаў свой дзённік, у якім быў паміж іншым аднатаваны й такі сумны факт: «...у маім Фарынаве ў бібліятэцы пасля візіту спадароў ідэолагаў ужо не выстаўляюцца рэлігійныя выданні. Раней знаходзілася месца для каталіцкіх, праваслаўных і пратэстанцкіх кніг і часопісаў. Усім было добра. Пакуль не з’явіліся ідэолагі. Будучы па справах у райвыканкаме, зайшоў у кабінет да іх паразмаўляць. Тры гадзіны размовы — усё марна». На вялікім форуме «tut.by» ў раздзеле «Рэлігія» можна прачытаць розныя выказванні. У тым ліку й такія: «Христианство по своей сути тоталитарное», «христианство — хуже фашизма», «верующие... они в чём-то похожи на шизофреников»... І нарэшце... 12 снежня мінулага года ў прэзідэнцкай «Советской Белоруссии» з’яўляецца ёмісты артыкул галоўнага ідэолага краіны акадэміка Анатоля Рубінава «Наука и общество». «Рэлігія — гэта палачка-выручалачка», «Празмерны ўплыў рэлігіі паніжае інтэлектуальны, адукацыйны і творчы патэнцыял грамадства», «Прышчэпліваная рэлігіяй звычка слепа верыць у тыя ці іншыя догмы, не паддаючы іх крытычнаму аналізу, прыводзіць да таго, што людзі робяцца падатлівымі на любое вучэнне (легковнушаемыми)» — чытаем у гэтым артыкуле. Рэлігія — гэта вораг навукі, тормаз прагрэсу і пагроза для культуры – вось галоўны пасыл рубінаўскіх разважанняў. Я не маю намеру аналізаваць тут тэкст «Наука и общество», бо гэта было б дублікацыяй артыкула «Рэлігійная заклапочанасць акадэміка Рубінава», апублікаванага яшчэ ў снежні на Інтэрнэт-старонцы «Газета сообщества белорусских интеллектуалов»1 і пазней перадрукаванага праваслаўным парталам «Царква»2 і «Нашай Нівай» (пад назвай «Вульгарны рэдукцыянізм акадэміка Рубінава»). Таму зацікаўленых інтэлектуальнай палемікай з тэзісамі Рубінава запрашаю да адпаведных крыніцаў. На старонках «Нашай веры» хацелася б не столькі палемізаваць з ідэолагам-атэістам, колькі паразважаць разам з чытачамі над тым, якую паставу нам, веруючым, варта заняць у такой сітуацыі. «Наша вера», як сведчыць сама назва, з’яўляецца перадусім месцам артыкуляцыі нашае веры, і таму тыя думкі, якімі я хачу падзяліцца на старонках гэтага часопіса, будуць не столькі думкамі філосафа ці тэолага, колькі думкамі веруючага хрысціяніна. Хачу папрасіць чытача яшчэ раз прачытаць першыя чатыры абзацы гэтага артыкула. Якія пачуцці і ўражанні выклікаюць у вас выказванне выкладчыка філасофіі з Віцебскага універсітэта, пастава працаўнікоў фарынаўскай бібліятэкі, пра якіх піша кс. Місевіч, злосныя інвектывы на адрас хрысціянаў на форуме tut.by і іранічна-здзеклівыя фразы прафесара Рубінава? Падчас размоваў з веруючымі мне даводзілася назіраць самыя розныя рэакцыі — ад лёгкага абурэння да палымянай агрэсіі. Падчас калядных віншаванняў хтосьці пажадаў мне «вытрымкі і поспехаў у змаганні за трыумф Каталіцкага Касцёла». Заставалася яшчэ толькі дадаць: «...і змяжджурыць усіх нашых ворагаў». Такога тыпу рэакцыі можна неяк зразумець. У сітуацыі, калі рэпрэзентант дзяржаўнай ідэалогіі публічна прыніжае супольнасць веруючых, а многія вакол нас пляскаюць яму ў далоні, агрэсія становіцца свайго роду абаронным механізмам, які з псіхалагічнага гледзішча цалкам зразумелы. Але стаўлю пытанне: а ці такая пастава апраўданая з хрысціянскага гледзішча? Галоўнае пытанне, якое кіруе да нас Езус Хрыстус, такое: «Ці ты Мяне любіш?» Думаю, што кожны з нас станоўча адказвае на яго: «Так, Пане, я люблю Цябе». Але Хрыстус тут жа задае наступнае пытанне: «А ці ты любіш іх»? І гэты займеннік «іх» можа мець зусім нечаканае аднясенне. Калісьці Хрыстус бянтэжыў сваіх вучняў і паслядоўнікаў, сядаючы за стол разам з мытнікамі і грэшнікамі, якія дэ факта эксплуатавалі народ; бянтэжыў іх, прыязна размаўляючы з самаранкай, якая памяняла пяць мужоў; бянтэжыў, вызваляючы ад пакарання, прадугледжанага Майсеевым законам, прастытутку. Сёння Ён можа збянтэжыць нас пытаннем: «А ці ты любіш іх?», паказаўшы ў гэты момант на Рубінава, на ідэолагаў, пра якіх піша ксёндз Віктар, на тых, хто параўноўвае веруючых і шызафрэнікаў. «А я іх люблю...» — кажа Езус, незалежна ад таго, ці мы дамо які-небудзь адказ на гэтае пытанне, ці прамаўчым. Пытанне ў наступным: ці мы не заўважаем, што за ўсімі гэтымі абвінавачаннямі веруючых хаваецца нейкі глыбокі страх? Людзі чамусьці баяцца хрысціянства, баяцца Хрыстовага Евангелля і баяцца нас, веруючых. Чаму так дзеецца? Магчыма, частка прычыны ў іх. Магчыма, нейкія рэсентыменты прымушаюць іх бачыць у хрысціянстве нешта страшнае і пагрозлівае. Можа, змаганне з рэлігіяй з’яўляецца адным са спосабаў самасцвярджэння і таму яны не могуць не выкарыстаць нагоды, каб заатакаваць — прынамсі словамі — хрысціянаў. Можа, стыль жыцця, да якога яны прывыклі, не сумяшчаецца з хрысціянскай этыкай і яны баяцца, што хтосьці прымусіць іх памяняць гэты стыль. Але прычына можа быць таксама ў нас. Калі я бываю ў Мінску і заходжу ў той ці іншы касцёл і слухаю некаторыя пропаведзі... часам робіцца не па сабе, асабліва тады, калі тэмай пропаведзі з’яўляюцца няверуючыя. Навошта маляваць іх у чорных фарбах? Навошта распальваць пачуццё пагарды і непрыязі да няверуючых? Каму патрэбна Евангелле, угрунтаванае на нізкіх пачуццях пагарды і варожасці? І ўвогуле, ці гэта сапраўды тое Евангелле, якое прапаведаваў Езус Хрыстус? Нярэдка бывае так, што мы, замест таго, каб быць сведкамі праўды і любові, спараджаем і павялічваем страх людзей перад хрысціянствам. Сіндром «хрыстафобіі», які назіраецца ў нашым (дый не толькі нашым) грамадстве, можа быць вынікам нашага няўмення размаўляць і слухаць. Можа быць вынікам нашай палавінчатай вернасці Хрысту, калі мы кажам Яму: «Я люблю Цябе», а пры гэтым заціскаем кулакі пры з’яўленні таго, хто не падзяляе нашае веры. «Хрыстафобія» можа быць вынікам нашай навязлівасці і нетактоўнасці, падазронасці і дэманстравання сваёй «вышэйшасці». Аналіз сітуацыі (якога я не буду тут прэзентаваць) паказвае, што выступ Рубінава ёсць, хутчэй за ўсё, «праверкай рэакцыі» з боку супольнасці веруючых. Пераследу рэлігіі, як такога, няма чаго баяцца, яго не будзе. Але варта скарыстаць гэтую нагоду, каб падумаць над нашай паставай у адносінах да няверуючых. Гэта цудоўная нагода, каб паглядзець, якія пачуцці ў нас дамінуюць — ці безумоўная любоў, ці пагарда і нянавісць. А ў працэсе такой рэфлексіі мы можам атрымаць каштоўную «кардыяграму», інфармацыю пра тое, што робіцца ў нашым сэрцы: наколькі мы самі веруючыя, а наколькі – няверуючыя? Ці мы самі не знаходзімся пад уладай страху і боязі? Ці не аперуем вобразам «вонкавага ворага»? Ці гатовыя мы весці прыязны дыялог з тымі, хто верыць інакш альбо наогул адмаўляе рэлігійную веру? Сучасны чалавек развітаўся з культурай трывалых каштоўнасцяў, тых, якія б маглі ўтвараць жыццёвыя арыенціры. У другой палове ХХ ст. сфармаваўся тып постмадэрнавай культуры, якая паставіла пад сумнеў усё, што нагадвала трываласць і стабільнасць. Трывалыя каштоўнасці — як рэлігія, народ, сям’я, каханне, вернасць — былі паслядоўна «дэканструяваны». Запанавала культура «момантавых», мімалётных каштоўнасцяў. «Купі новую мадэль мабільніка», «Набудзь экстра-вопратку, якая зробіць цябе звышарыгінальным», «Пакаштуй гэта, паспрабуй тое, спазнай тое і гэта» і г. д. — усё гэта мы штодзённа, па дарозе на працу, у метро, на вакзалах, ва ўсіх установах чуем і бачым, нават тады, калі самі таго не хочам. А дома праз радыё, тэлефізар і Інтэрнэт усё гэта паўтараецца, прычым у яшчэ больш навязлівай форме. Культ мімалётных каштоўнасцяў робіць чалавека расхістаным, дэзарыентаваным і адзінокім. Наша культура прасякнута страхам. Чалавек баіцца быць «адсталым», баіцца прапусціць якуюсь важную інфармацыю, баіцца пастарэць. А ва ўмовах прыспешанага тэхнічнага развіцця амаль немагчыма заўсёды і ва ўсім быць «сучасным»; ва ўмовах інфармацыйнага патопу немагчыма прасачыць усю інфармацыю; у сітуацыі павышанага стрэсу немагчыма не пастарэць заўчасна... І тут з’яўляецца перад сучасным чалавекам Езус Хрыстус і кажа: «Пакайцеся, бо наблізілася Валадарства Нябеснае!» (пар. Мц 4, 17). Валадарства Нябеснае, вечнае шчасце — гэта тое, чаго кожны чалавек падсвядома прагне і да чаго ўпотай імкнецца. Але Хрыстус для рэалізацыі сваёй задумы — пабудовы Божага Валадарства — выбраў нас, вучняў-апосталаў, у якасці сведкаў любові, міру і радасці. Гэта вялікая і адказная місія. І важна ў такой сітуацыі ўмець чытаць знакі. Адным з такіх знакаў можа быць наступ атэізму. Некаторыя вось так інтэрпрэтуюць гэты наступ: «Ах, ворагі актывізаваліся». Думаю, што гэта псеўдахрысціянская інтэрпрэтацыя. Наступ атэізму можа мець іншае значэнне: Хрыстус такім чынам інфармуе нас, што мы, магчыма, дрэнна выконваем місію пашырэння Божага Валадарства. І тады варта схіліць голаў перад нашым Настаўнікам і задумацца над таямніцаю Крыжа: чаму Хрыстус пайшоў на крыжовую смерць, а святому Пятру загадаў: «Схавай меч» (пар. Мц 26, 52)?
|
|
|