Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
2(40)/2007
Галерэя
Год паклікання да святасці

INVICTI ATHLETAE CHRISTI

СВЯТЫ АНДРЭЙ БАБОЛЯ НА АБРАЗЕ ХЕНРЫКА МУСЯЛОВIЧА

МАЛІТВА ДУШАЎ

СВЯТЫ АНДРЭЙ БАБОЛЯ
На кніжнай паліцы
Ad Fontes

СЬЛЕДАМ ЗА ХРЫСТОМ
Падзеі
Пераклады

РАДЗІВІЛІЯДА

КАРАЛАМАХІЯ

БАГІ ПАГАНЦАЎ
Юбілеі
Пераклады

НА ЖЫЦЦЁ МАДОННЫ ЛАУРЫ
Вера & Cultura

КРЫЗІС ІДЭНТЫЧНАСЦІ
Інтэрв'ю
Практыкум

ПРАРОК САФОНІЯ
Паэзія

ВЕРШЫ
Проза
Эпісталярый

ЛІСТЫ ДА ДАНУТЫ БІЧЭЛЬ
Асвета

альбо Тэалогія, філасофія прыроды і этыка, палітыка,
эканомія, астраномія ды іншыя мастацтвы і навукі,
схаваныя старажытнымі ў міфах паганскай тэалогіі

(урывак)

 
Зноў у тэалогіі

Дагэтуль я затрымліваюся на вынаходстве Палямэда і на той дошцы для гульні, гэта значыць зямным свеце, і мяркую, што яно слушна можа вытлумачвацца з нейкай сукрытай і вядомай толькі некаторым са старажытных філосафаў веды пра Божы Провід, які дзівосным чынам кіруе справамі смяротных. Бо наладжвае іх гэтак, што здаецца, не ўладкоўвае іх, а нібы выкідвае, гуляючы лёсамі, станамі, умовамі ды іншымі справамі смяротных, быццам косткамі. Але тым часам яна з нейкім патаемным майстэрствам усё ўладкоўвае для сваіх мэтаў. Як найдасканалейшы гулец — гэта той, хто найбольш утойвае майстэрства і ўдае, што гуляе нібыта выпадкова, хутка выкідваючы косткі, а тым часам нейкім таемным майстэрствам накіроўвае кідок, гэтак сама Божы Провід здаецца тым больш дзівосным і тым больш мудрым, чым больш утоены і чым больш ён з аднаго боку няпэўны, а з другога цалкам вызначаны і выніковы. Вось жа Мудрасць гуляе, але гуляе, «усё ўладкоўваючы», і як у іншым месцы гаворыцца пра яе, «сягаючы моцна аж да канца»41, гэта значыць у пэўным парадку ідучы наперад, яна прыпарадкоўвае рэчы ў сярэдзіне да акрэсленых мэтаў, і «моцна», гэта значыць дзейсна. Гаворыцца ж «сягаючы», нібы яна не толькі сягае да костак смяротных рэчаў, калі трымае іх у руцэ, але таксама, калі яна нібы выпускае іх з рукі і здаецца, не столькі ўладкоўвае як выкідвае іх накшталт гульца. Магчыма, пра гэта спявае псальміст: «Чалавек, калі ўпадзе, не ўдарыцца, бо Пан падставіць руку сваю»42, і ў іншым месцы: «У руках Тваіх лёсы мае»43, маўляў, хоць Божая Мудрасць гуляе косткамі чалавечых рэчаў, але яны заўсёды ў яе руцэ. І гэта адпавядае выслоўю з кнігі Прыпавесцяў (16, 33): « У кішэню шаты кідаюцца лёсы, але накіроўвае іх Пан»44. Вельмі ўдала для нашай высновы пасля гэтага «сягаючы аж да канца» дадана адразу ж «і ўсё уладкоўвае з прыемнасцю»45, відавочна, уладкоўвае весела і нібы бавячыся, гэта значыць уладкоўвае, быццам выкідваючы і нібы гуляючы ў косткі. Вось гэтае Боскае мастацтва гульні і ёсць той дзівоснай ведаю, якую тэолагі называюць ведаю пра будучыя выпадковыя і абумоўленыя падзеі. Бо Божая Мудрасць ведае, якія будуць наступствы кожнай выпадковай і адвольнай справы, прадбачыць будучы вынік і ўсё надзейна уладкоўвае, нібы зухвала і кідком. І гэтак яна сапраўды «гуляе» ў «коле зямным», але «ўсё ўладкоўваючы».

Ды не дарэмна яна дадае: «і весела мне быць з сынамі чалавечымі». Але чаму ёй весела быць не з анёламі, але з людзьмі, гэтаму можна даць падвойнае тлумачэнне: адно з увагі на волю, а другое — з увагі на розум чалавечы і анёльскі. Па-першае, таму што анёлы ўсталяваныя ў пэўным стане вечнасці, а чалавек дагэтуль няпэўны будучыні і мае свабоду вольнага выбару. Потым, таму што ў прыродзе анёлаў не было аніякай супярэчнасці паміж нейкай ніжэйшай і вышэйшай часткаю, а ў чалавека наадварот ідзе пэўнае змаганне і гульня між целам і духам, між памкненнем вышэйшым і ніжэйшым («бо цела жадае насуперак Духу, і Дух насуперак целу»46). І чым больш няпэўная, даўжэйшая і небяспечнейшая гэтая гульня, тым больш мілая і прыемная яна для Божай Мудрасці, калі толькі дух раптам адолее цела і возьме верх тое імкненне і любоў да нябесных рэчаў, якую мы акрэслілі як Венеру Уранію47, і тады сваім кідком нібы чыстай Венеры ён прыносіць радасць Божай Мудрасці.

 
У логіцы, метафізіцы і зноў у тэалогіі

Другое адрозненне з увагі на розум анёльскі і чалавечы яшчэ лепш тлумачыць гульню Божае Мудрасці. Бо яна гэтак адкрываецца розуму анёлаў, што яны разумеюць яе наўпрост, без нейкага адмысловага разважання і, як кажуць тэолагі, «сузіраючы». Чалавечаму ж розуму яна падае сябе так, што можна сказаць, у ім «гуляе усё ўладкоўваючы». Бо першым дзеяннем нашага розуму ёсць успрыманне простых паняццяў, другім, гэта значыць суджэннем, — супастаўленне, уладкаванне гэтых паняццяў, а трэцім — разважанне, калі адно мы выводзім з іншага. Таму, калі мы думаем, слушна можна сказаць, што ў нас «гуляе» Божая Мудрасць. Калі ж да нашых разважанняў мы дадамо гэтае «гуляючы ў коле зямным», то здаецца, Божая Мудрасць на гэтым свеце (нібы ў нейкім дыялектычным стане падабенстваў) гуляе ў нашым розуме, «усё ўладкоўваючы». Бо нейкім дзівосным чынам яна разумна мысліць у нас, спазнаючы рэч на падставе яе падабенства з другою і параўнання, бо відавочна, што нябачныя рэчы свету спасцігаюцца яе стварэннямі праз тое, што створана, таксама як і яе вечная моц і боскасць. Але, безумоўна, гэтак толькі гуляе ў нас Божая Мудрасць, бо такое спазнанне рэчаў не ёсць сур’ёзным і дасканалым, а толькі гульня ў параўнанні з тым невымоўна ясным спасціжэннем, якое мы будзем мець у небе, дзе Божая Мудрасць ужо не кажа, што гуляе.

Разважаючы дагэтуль, мы паказалі, як слушна сказаў Свіда, што Палямэд вынайшаў гульню не без вялікай філасофіі і як гуляе Божая Мудрасць амаль ва ўсіх створаных рэчах, як бачылі мы, у анёлах, у людзях, у нябёсах, у зорках, у элементах, у сумесях як дасканалых так і недасканалых, а тым больш у самім коле зямным.

 
Зноў у этыцы

Сярод чатырох кідкоў костак першы называўся кідком Стэсіхора48, альбо Эўрыпіда49, а таксама Геркулеса, чацвёрты ж, найшчаслівейшы і пераможны, называўся кідком Венеры. Бясспрэчна, што ў гульні смяротных рэчаў прыгажосць часта перамагае тое, чаго не адольвае ці не здабываюць ані талент, ані адвага ці ваенная моц. Таму слушна спявае Карнэлій50:

А да ўсяго дадалася яшчэ прыгажосць незямная,
Нават калі б не было іншага, вабіць яна!51

А гэты кідок Венеры называўся царскім ці каралеўскім, бо той, каму ён надарыўся, абіраўся на банкеце каралём народаў, як спявае Гарацый52:

Каго Венера хоча назваць цяпер
Царом банкету?...
53

Магчыма таму, яму як цару належалі вянкі, якімі ўвенчваліся кратэры і кубкі. Сугучнае гэтаму выказванне Плятона ў «Тэагене»: «Прыгожыя, зухвалыя ад свайго хараства, спраўляюць сапраўдную тыранію»54. Людзей гэткага роду слушна ганіць Салюстый55 у прадмове да сваёй Гісторыі: «Тыя» — кажа ён, — «у каго лепшы твар, чым розум»56.

 
У рыторыцы

З Марса і Венеры нарадзілася Перакананне (Suadela). Вядома, што ў старажытнасці было толькі дзве часткі пераконвання, на якіх ва ўсіх атэнцаў і некаторых грэкаў некалі грунтавалася ўся моц красамоўства: пацвярджэнне і абвяржэнне. Першая, як прыемная, належыць Венеры, абвяржэнне ж ці спрэчка, як ваяўнічая, прызначаецца Марсу. Вось чаму дасціпна кажуць, што Перакананне нараджаецца з Марса і Венеры. Але яшчэ трапней сцвярджаюць, кажучы, што ёсць толькі два спосабы пераконвання: пагрозы і ласкі, бо тое, чаго не зможаш дамагчыся ласкаю, вырвеш пагрозамі.

Бо ці не выражае разнаколерны пас Венеры, у якім былі моц і прывабнасць пераканання, укладу прамовы, што цешыць самой разнастайнасцю і быццам зачароўвае слухача, а таксама нейкай знітаванасці словаў, нібы каштоўных камянёў? Таму слушна мы называем прыгажосць прамовы агульнавядомым выразам «чары» (veneres), каб было зразумела, якая вялікая сувязь красамоўства з Венераю. Вось чаму ў старажытнасці Венера і Меркурый57 мелі адну капліцу. Турнэб жа апавядае, што на старажытных статуях каля Венеры заўсёды сядзелі Грацыі58, Перакананне і Меркурый. І не дарэмна адзін з найвыдатнейшых паэтаў Марон надзяляе красамоўствам Венеру:

Кажа і словам сваім любові агонь раздзімае59.

а другі — Гамэр60, хоць і паказаў Юнону найпрыгажэйшаю, піша, што яна, перш чым прыйсці да Юпітэра, каб дамагчыся ад яго спрыяння грэкам, усё ж пазычыла пас у Венеры.

Пераклад з лаціны Алеся Жлуткі.
З выдання: Maciej Kazimierz Sarbiewski.
Dii gentium. Bogowie pogan / Wstęp, opr. i przekł.
Krystyna Stawiecka. Wrocław i in., 1972. S. 128–152.

 


    41 Мдр 8, 1. attingens usque ad finem fortiter || Attingit ergo a fine usque ad finem fortiter.
    42 Пс 36, 24. cum ceciderit, non collidetur, Dominus enim supponit manum suam || Cum ceciderit, non collidetur,quia Dominus sustentat manum eius.
    43 Пс 30, 16. In manibus tuis sortes meae || in manibus tuis sortes meae.
    44 Прып 16, 33. Sortes mittuntur in sinum, sed a Domino temperantur || Sortes mittuntur in sinum, sed a Domino temperantur.
    45 Мдр 8, 1. et disponit omnia suaviter || et disponit omnia suaviter.
    46 Гал 5, 17. caro enim concupiscit adversus spiritum, et spiritus adversus carnem || Caro enim concupiscit adversus Spiritum, Spiritus autem adversus carnem;
    47 Уранія (грэц. нябесная) — эпітэт Афрадыты (Венеры) як боства звышняй любові.
    48 Відаць, маецца на ўвазе старагрэцкі лірычны паэт Стэсіхор (каля 640 – каля 555 гг. да Н. Х.). У творах, якія дайшлі толькі ў фрагментах, пераважае міфалагічная тэматыка.
    49 Эўрыпід — славуты грэцкі трагік (каля 485–406 гг. да Н. Х.), у творах якога грэцкая трагедыя дасягнула найвышэйшага росквіту. Апрацоўваў пераважна міфалагічныя сюжэты. Галоўныя дзейныя асобы — звычайна жанчыны.
    50 Карнэлій — Гай Карнэлій Гал (69–26 гг. да Н. Х.), стваральнік жанру элегіі, сучаснік Вэргілія, які высока цаніў яго творы, што дайшлі толькі ў нязначных фрагментах. Але Сарбеўскі, як і ўсе філолагі да ХVІІІ ст., памылкова прыпісвае Карнэлію Галу верш, напісаны элегічным паэтам VІ ст. пасля Н.Х. Максіміянам. Максіміян вядомы сваёй кнігай элегіяў, з якой узятая цытата.
    51 Maximianus. Eleg. I, 17. Вершаваны памер — дыстых элегійны.
    52 Гарацый — Квінт Гарацый Фляк (65–8 гг. да Н. Х.), сусветна вядомы рымскі паэт эпохі Аўгуста. Вершы вызначаюцца разнастайнасцю вершаваных памераў і сюжэтаў.
    53 Horatius. Carm. II. 7, 25. Вершаваны памер — алкеева страфа.
    54 Plato. Theag. 6, 25.
    55 Салюстый — Гай Салюстый Крысп (86–35 гг. да Н. Х.), рымскі гісторык, адметны маральна-этычным падыходам да гістарычных падзеяў, песімістычным поглядам на сутнасць чалавечай асобы. Захаваліся яго найбольш вядомыя творы «Змова Катыліны» і «Югуртынская вайна». Позні, найбольш сталы, твор «Гісторыя», дайшоў толькі ў фрагментах.
    56 М. Сарбеўскі, відаць, памылкова спасылаецца тут не на «Гісторыю», а на «Змову Катыліны» Салюстыя: Sallustius. Catil. 10, 5.
    57 Меркурый — крылаты вястун багоў, праваднік душаў памерлых, боства гандлю і красамоўства. Яго атаясамлялі з грэцкім Гермэсам.
    58 Turnebus A. Adversariorum ... XXII, 8, col. 713; Грацыі — тры боствы хараства, спадарожніцы Венеры.
    59 Vergilius. Aen. VIII, 373. Вершаваны памер — дактылічны гэкзаметр.
    60 Гамэр — самы шанаваны старагрэцкі эпік, якога грэкі называлі проста Паэт, паўміфічны стваральнік гераічнага эпаса, паэмы Траянскай вайны «Іліяда» і паэмы вандраванняў «Адысея». Жыў, верагодна, у VІІІ ст. да Н. Х. Паводле падання, стварыў свае творы, будучы сляпым.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY