Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
2(40)/2007
Галерэя
Год паклікання да святасці

INVICTI ATHLETAE CHRISTI

СВЯТЫ АНДРЭЙ БАБОЛЯ НА АБРАЗЕ ХЕНРЫКА МУСЯЛОВIЧА

МАЛІТВА ДУШАЎ

СВЯТЫ АНДРЭЙ БАБОЛЯ
На кніжнай паліцы
Ad Fontes

СЬЛЕДАМ ЗА ХРЫСТОМ
Падзеі
Пераклады

РАДЗІВІЛІЯДА

КАРАЛАМАХІЯ

БАГІ ПАГАНЦАЎ
Юбілеі
Пераклады

НА ЖЫЦЦЁ МАДОННЫ ЛАУРЫ
Вера & Cultura

КРЫЗІС ІДЭНТЫЧНАСЦІ
Інтэрв'ю
Практыкум

ПРАРОК САФОНІЯ
Паэзія

ВЕРШЫ
Проза
Эпісталярый

ЛІСТЫ ДА ДАНУТЫ БІЧЭЛЬ
Асвета

Папа ЯН ПАВЕЛ ІІ

«УСТАНЬЦЕ, ХАДЗЕМ!»

Пачатак у №2(28)/2004

V частка

КАЛЕГІЯЛЬНАСЦЬ БІСКУПАЎ

«І выбраў Дванаццаць, якіх і назваў Апосталамі,
калі яны былі з Ім, каб паслаць іх прапаведваць» (Мк 3, 14)

Біскуп у дыяцэзіі

Другі Ватыканскі Сабор стаў для мяне моцным імпульсам для актывізацыі душпастырскай дзейнасці. Уласна кажучы, з гэтага трэба было б усё пачынаць. 3 чэрвеня 1963 года памёр Папа Ян ХХІІІ. Гэта ён склікаў Сабор, які распачаўся 11 кастрычніка 1962 года. Я меў гонар прымаць у ім удзел з самага пачатку. Першая сесія была адкрыта ў кастрычніку, а закончылася 8 снежня. Я ўдзельнічаў у паседжаннях разам з Айцамі Сабору як капітульны вікарый Кракаўскай архідыяцэзіі.

Пасля смерці Яна ХХІІІ канклаў 21 чэрвеня 1963 года абраў Папам арцыбіскупа Мілана, кардынала Джаванні Батыста Манціні, які ўзяў імя Паўла VІ. Восенню таго ж года Сабор працягнуў свае паседжанні на другой сесіі, на якой я таксама прысутнічаў у той самай якасці. 30 снежня 1963 года я быў менаваны арцыбіскупам і кракаўскім мітрапалітам. Абвяшчэнне гэтай намінацыі адбылося ў студзені 1964 года, а 8 сакавіка, у нядзелю Laеtare, адбыўся мой урачысты інгрэс у катэдру на Вавелі.

Памятаю, што на парозе катэдры мяне віталі прафесар Францішак Беляк і згаданы ўжо ксёндз інфулат Багдан Нямчэўскі, прэпазіт капітулы. Мяне ўвялі ў катэдру, дзе я павінен быў заняць біскупскі трон, асірацелы пасля смерці кардынала Сапегі і арцыбіскупа Базяка. Не памятаю дэталяў прамовы, якую тады сказаў, але памятаю, што гэта былі думкі, поўныя хвалявання, звязанага з Вавельскаю катэдраю, яе культурнаю спадчынаю, да якой я «здаўна» быў прывязаны, як ужо падкрэсліў гэта раней.

 
Палій

Думаю таксама пра глыбокі і хвалюючы знак палія, які я атрымаў у тым жа 1964-м. Ва ўсім свеце мітрапаліты, на знак еднасці з Хрыстом Добрым Пастырам і з Яго Вікарыем, які ажыццяўляе Пятровае кіраўніцтва, носяць на плячах палій, выраблены з воўны ягнятаў, асвячоных у дзень святой Агнешкі. Гэтулькі разоў як Папа я мог яго перадаваць у дзень святых Апосталаў Пятра і Паўла новым мітрапалітам. Якая ж прыгожая сімволіка! У форме палія можам убачыць вобраз авечкі, якую Добры Пастыр бярэ на свае плечы і нясе, каб яе ацаліць і накарміць. У гэтым сімвале становіцца бачным тое, што найперш яднае ўсіх нас, біскупаў: клопат і адказнасць за давераную нам аўчарню. Менавіта праз гэты клопат і адказнасць мы павінны ўтвараць еднасць і берагчы яе.

З 8 сакавіка 1964 года, з дня майго інгрэсу, я надалей удзельнічаў у Саборы ўжо як арцыбіскуп мітрапаліт, і гэтак было ажно да яго заканчэння 8 снежня 1965 года. Досвед Сабору, сустрэчы ў веры з біскупамі паўсюднага Касцёла і разам з тым новая адказнасць за давераны мне Касцёл у Кракаве дазволілі мне глыбей зразумець месца біскупа ў Касцёле.

 
Біскуп у сваім мясцовым Касцёле

Якое месца Божая дабрыня вызначае біскупу ў Касцёле? З самага пачатку, згодна з далучэннем да апостальскай пераемнасці, біскуп становіцца перад паўсюдным Касцёлам. Ён пасланы на ўвесь свет і менавіта таму становіцца знакам паўсюднасці Касцёла. Я адчуваю гэтае паўсюднае вымярэнне Касцёла з дзяцінства, гэта значыць, з таго часу, калі навучыўся дэкламаваць словы вызнання веры: «Веру ў адзіны святы каталіцкі і апостальскі Касцёл». Менавіта гэтая паўсюдная супольнасць яднае ў сабе сведчанні гэтулькіх розных месцаў, часоў і людзей, выбраных Богам і сабраных у Касцёле «ад Адама, „ад справядлівага Абеля, ажно да апошняга выбранага“» (Lumen gentium, 2). Гэтыя знакі і гэтыя сувязі так яскрава прамаўляюць у літургіі біскупскіх пасвячэнняў, што выклікаюць у памяці цэлую гісторыю збаўлення разам з яе мэтаю, якою з’яўляецца еднасць усіх людзей у Богу.

Несучы адказнасць за паўсюдны Касцёл, кожны біскуп стаіць разам з тым пасярод свайго мясцовага Касцёла, гэта значыць, пасярод тае супольнасці, якую Хрыстус даверыў менавіта яму, каб праз яго біскупскае служэнне ўсё больш поўна рэалізоўвалася таямніца Хрыстовага Касцёла, знаку збаўлення для ўсіх. У Дагматычнай канстытуцыі Lumen gentium чытаем: «Хрыстовы Касцёл сапраўды прысутны ва ўсіх паўнапраўных мясцовых супольнасцях вернікаў, якія, паколькі знаходзяцца пры сваіх пастырах, у Новым Запавеце называюцца Касцёламі. (...) У кожнай супольнасці алтара, пры святым служэнні біскупа, указваецца сімвал гэтай любові: „еднасці Містычнага Цела, без якой не можа быць збаўлення“. У гэтых супольнасцях, хоць часам яны малыя і ўбогія альбо жывуць раскідана, прысутнічае Хрыстус, моцаю якога яднаецца адзіны, святы, каталіцкі і апостальскі Касцёл» (п. 26).

Таямніца біскупскага паклікання ў Касцёле грунтуецца менавіта на тым, што ён адначасова знаходзіцца ў гэтай адзінай бачнай супольнасці, для якой пастаўлены, і ў паўсюдным Касцёле. Несумненна, было б спрашчэннем і ўрэшце неразуменнем таямніцы думаць, што біскуп прадстаўляе толькі паўсюдны Касцёл у сваёй дыяцэзіяльнай супольнасці (якой для мяне быў Кракаў) і адначасова прадстаўляе яе перад паўсюдным Касцёлам такім чынам, як, напрыклад, паслы прадстаўляюць уласныя дзяржавы альбо міжнародныя арганізацыі. Біскуп — гэта знак прысутнасці Хрыста ў свеце. А гэта прысутнасць выходзіць насустрач людзям там, дзе яны ёсць; кліча іх па імені, уздымае, умацоўвае пасланнем Добрай Навіны і збірае пры адным Стале. Таму біскуп, які належыць цэламу свету і паўсюднаму Касцёлу, перажывае сваё пакліканне аддалена ад іншых членаў епіскапату, каб застацца ў цеснай сувязі з людзьмі, якіх у імя Хрыста збірае ў сваім лакальным Касцёле. Разам з тым менавіта для гэтых людзей, якіх збірае, біскуп становіцца знакам пераадолення іх адзіноты, бо вядзе іх да сувязі з Хрыстом, а ў Ім — да ўсіх тых, каго Бог выбраў перад імі ад пачатку свету, і да тых, каго збярэ яшчэ ў сваім Касцёле пасля іх, ажно да пакліканых у апошнюю гадзіну. Усе праз служэнне і знак біскупа прысутныя ў лакальным Касцёле.

Біскуп здзяйсняе сваё служэнне ў Касцёле сапраўды адказным чынам, калі можа абудзіць у верніках жывое пачуццё еднасці з ім, а праз яго асобу з усімі вернікамі Касцёла ў свеце. Я меў асабісты досвед гэтай сардэчнай еднасці ў маім Кракаве з боку святароў, законнікаў і свецкіх. Няхай Бог ім за гэта аддзячыць! Святы Аўгустын, просячы дапамогі і зразумення, казаў вернікам: «Магчыма, многія звыклыя хрысціяне кіруюцца да Бога дарогаю, лягчэйшаю за нашу, ідучы тым хутчэй, чым меншы цяжар адказнасці ляжыць на іх плячах. Мы ж павінны будзем адказаць перад Богам найперш за наша жыццё як хрысціяне, а пасля, асаблівым чынам, за выкананне нашага служэння як пастыры» (Serm. 46, 1–2).

Такая таямніца містычнай сустрэчы людзей «з усіх народаў, плямёнаў, родаў і моваў» (Ап 7, 9) з Хрыстом, прысутным у біскупе дыяцэзіі, вакол якога ў пэўны гістарычны момант збіраецца лакальны Касцёл. Якая ж моцная гэтая сувязь! Якімі цудоўнымі повязямі яднае нас і злучае! Гэта я перажыў падчас Сабору. Асабліва адчуў калегіяльнасць: увесь епіскапат з Пятром! Зноў гэтае пачуццё вярнулася да мяне асаблівым чынам падчас рэкалекцый для Рымскай Курыі, сабранай вакол Папы Паўла VI, якія я праводзіў у 1976 годзе. Да гэтага яшчэ вярнуся!

 
Калегіяльнасць

Варта вярнуцца ў думках да пачатку. Па волі нашага Пана і Настаўніка было паклікана апостальскае кіраўніцтва. Вакол Яго вырастала супольнасць тых, каго Ён сам хацеў (пар. Мк 3, 13). У ёй фармаваліся і паглыбляліся асобы яе некаторых членаў, пачынаючы ад Сымона Пятра. У гэту Калегію вучняў і сяброў Хрыста кожны новы біскуп уводзіцца праз пакліканне і кансэкрацыю. Калегія! Удзел у супольнасці веры, сведчання, любові і адказнасці — гэта дар, які атрымліваем разам з гэтым пакліканнем і канстатацыяй. Які ж гэта вялікі дар!

Для кожнага з нас прысутнасць іншых з’яўляецца падтрымкаю, якая праяўляецца праз сувязь малітвы і служэння, праз сведчанне і дзяленне плёнам пастырскай працы. З гэтага пункту гледжання сёння для мяне такі асаблівы падмацунак — сустрэчы з біскупамі і іх справаздачы падчас візітаў ad limina apostolorum. Вельмі хачу, каб тое, што Божая ласка чыніць праз сэрца, розум і рукі кожнага з іх, усім было вядомым і дарагім. Сённяшняя лёгкасць зносінаў стварае магчымасць частых і плённых сустрэчаў. Гэта дае ўсім нам, біскупам Каталіцкага Касцёла, магчымасць шляхоў умацавання біскупскай калегіяльнасці таксама праз ахвотнае супрацоўніцтва ў канферэнцыях епіскапатаў і абмен вопытам у вялікай сям’і Касцёла ва ўсім свеце. Калі біскупы наведваюць адзін аднаго і дзеляцца сваімі радасцямі і клопатамі, то, несумненна, гэта дапамагае ім захаваць «духоўнасць камуніі», пра якую я пісаў у Апостальскім лісце Novo millennio ineunte (пар. 43–45).

Яшчэ перад выбарам на Пятрову Сталіцу я сустракаўся з многімі біскупамі з усяго свету, хоць часцей, зразумела, з біскупамі з блізкіх еўрапейскіх краінаў. Гэта былі сустрэчы, якія ўзаемаўмацоўвалі нас. Некаторыя з іх, асабліва з біскупамі з краінаў, якія заставаліся пад камуністычнаю дыктатураю, былі часам драматычныя. Згадваю тут, напрыклад, пахаванне кардынала Стэфана Трохты ў тагачаснай Чэхаславакіі, калі кантактам з мясцовым Касцёлам перашкаджалі альбо й зусім іх забаранялі камуністычныя ўлады.

Апошняя душпастырская сустрэча з біскупамі суседняй краіны (да таго як кардыналы вырашылі, каб я заняў трон св. Пятра) адбылася ў Германіі, куды разам з Прымасам Вышынскім мы паехалі з душпастырскім візітам у верасні 1978 года. Гэта быў адначасова важны знак паяднання паміж нашымі народамі. Усе гэтыя сустрэчы знайшлі свой незвычайны, інтэнсіўны працяг у штодзённых сустрэчах з біскупамі з розных краінаў свету, якія мне было дадзена здзейсніць пасля выбару на Сталіцу святога Пятра.

Асабліваю праяваю калегіяльнасці з’яўляюцца візіты ad limina apostolorum. У асноўным кожныя пяць гадоў (часам, аднак, здараюцца пэўныя спазненні) у Ватыкан прыбываюць біскупы з усяго свету. Існуе больш за дзве тысячы дыяцэзій. Цяпер я той, хто іх прымае. У часы Папы Паўла VІ я быў тым, каго Папа прымаў. Я вельмі цаніў тыя сустрэчы з Паўлам VІ. Шмат чаму навучыўся ад яго, таксама й таму, як павінны праходзіць гэтыя сустрэчы. Аднак пасля я выпрацаваў сабе ўласную схему: найперш сустракаюся з кожным біскупам асабіста, потым запрашаю ўсю групу на абед, а напрыканцы ўсе разам супольна адпраўляем ранішнюю св. Імшу і праводзім супольную сустрэчу.

Мне вельмі шмат даюць такія сустрэчы з біскупамі. Мог бы проста сказаць, што ад іх я «вучуся Касцёлу». Пастаянна павінен гэта рабіць, бо ад біскупаў вучуся ўвесь час нечаму новаму. З размоваў з імі я даведваюся пра сітуацыю ў Касцёле ў розных частках свету: у Еўропе, у Азіі, Амерыцы, Афрыцы ці ў Акеаніі.

Пан Бог даў мне сілы, каб я мог наведаць многія з гэтых краінаў, можна сказаць, большасць з іх. Гэта мае вельмі вялікае значэнне, бо асабісты побыт у нейкай краіне, нават кароткі, дазваляе многае пабачыць. Апроч таго, гэтыя сустрэчы даюць магчымасць непасрэднага кантакту з людзьмі, а гэта вельмі важна як на ўзроўні міжчалавечых, так і касцёльных кантактаў. Так было і ў выпадку са св. Паўлам, які быў пастаянна ў дарозе. Таксама, калі чытаеш тое, што ён пісаў да розных супольнасцяў, адчуваеш, што ён быў у іх, што ведаў людзей у гэтых мясцінах, ведаў іх праблемы. Гэта важна ў кожным часе, таксама й сёння.

Я заўсёды любіў падарожнічаць. Для мяне зразумела, што Папу гэта наказаў як бы сам Хрыстус. Ужо як дыяцэзіяльны біскуп я вельмі любіў візітацыі і лічыў, што вельмі важна ведаць, што робіцца ў парафіях, ведаць людзей і непасрэдна сустракацца з імі. Тое, што складае кананічнае ўказанне, менавіта душпастырскую візітацыю, на самай справе было прадыктавана жыццёвым досведам. Прыкладам тут з’яўляецца св. Павел. Пётр таксама, але найперш Павел.

Працяг >>
Пераклад з польскай мовы
Крыстыны Лялько.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY