|
|
№
2(40)/2007
Галерэя
Год паклікання да святасці
На кніжнай паліцы
Ad Fontes
Падзеі
Пераклады
Жанна НЕКРАШЭВІЧ-КАРОТКАЯ
З ДЗІДАЙ Юбілеі
Пераклады
Вера & Cultura
Інтэрв'ю
Практыкум
Паэзія
Проза
Эпісталярый
Асвета
|
У 1988 годзе ў Беластоку я даведалася адрас Наталлі Арсенневай і напісала ёй ліст. Яна адказала. Яна не верыла ўжо, што можна хоць лістком даляцець да Беларусі. За паўстагоддзя жыцця на чужыне. Перапіска наша была не доўгай. Наталля мне адказвала з доўгімі перапынкамі, і лісты ішлі доўга. Яна хварэла, яе блізкія хварэлі, яе ўнучка перанесла траўму, трапіла ў аварыю. Яе нявестка памерла маладой, пакінула двое дзетак і старых бацькоў, паэтка дапамагала сыну апекавацца ўсімі. Яна прыслала мне том вершаў «Між берагамі» з надпісам: «Дарагая Данута! Дзеляць нас з Вамі адлегласці ў тысячы міляў, але чуемся мы, быццам лучыць і нас, і нашую творчасць нешта непадзельнае й чарадзейнае, а гэта слова — Беларусь! Ці ж не? Хай жа ж будзе яно, гэта слова, і з намі заўжды і ўсюды. Наталля Арсеннева, кастрычнік 1989 г.». Шкадую моцна, што я не напісала ёй пра яе паэзію ўсіх добрых словаў. Як яна натхняла мяне, захапляла ад першых спатканняў у віленскіх часопісах «Калоссе», якія я чытала ў гродзенскім архіве яшчэ студэнткай. Яе вершы — гэта шквал пачуццяў, гэта як усё роўна нехта ўзнімае цябе — і ты даеш нырца ў блакіт, у асвяжальны моўны вір — і робішся такой жа шматколернай, стракатай і свежай, як яе вершы. Адкуль на фоне нашай ціхай зеляніны гэтая шматбарвовасць, гэтая пачуццёвая буйнасць, інакшасць, гэтая святочнасць?! Як Ніягарскі вадаспад — такая высокая, глыбокая, акіянская, такая нястрымная, як бы яна прадчувала сваё будучае жыццё не ў сціплай прыродзе, а там, сярод індзейскіх і негрыцянскіх цёмных рваных рытмаў, хрысціянская і язычніцкая, яна лавіла сваім чуццём гэтую ўсю непамернасць і знішчала спакой традыцыйных дактыляў, анапестаў. І мова яе беларуская — як бы не наская гэта мова, мова слоўнікаў братоў Гарэцкіх і Ластоўскага, нібыта сялянская, а зусім элітная.
Вядома, цякла ў яе паэзіі кроў Міхаіла Лермантава, які быў яе продкам па жаночай лініі, вядома, ужо былі створаны гарадскія вершы Максіма Багдановіча... А Іосіф Бродскі яшчэ не нарадзіўся. Ён найбліжэй да яе па творчай манеры, — гэтаксама нанізваў вобразы, грувасціў іх, як Наталля Арсеннева. «... гэты момант тварэння, у які вочы мае, адчыненыя шырока, запаўняюцца сусветам і, як помпа, уцягваюць яго, гэты пакутны момант, калі я грувашчу на паперы элементы шахматнай гульні з бясконцасцю, гэты момант, які дазваляе забыць пра штодзённае...» Гэта думка паэта Чылі Вісэнта Гуідобра. І я нанізваю яе светлы вобраз на ланцужок імёнаў вялікіх і прыгожых паэтаў, якія зрабілі мяне шчаслівай толькі тым, што стварылі, зрыфмавалі, а я прачытала аднойчы, я іх знайшла, адкрыла для свайго сэрца. У часопісе «Калоссе», а можа ў «Студэнцкай думцы», я разглядвала фотку Наталлі Арсенневай і Максіма Танка, неяк інтымна прытуліўшыхся, як два галубкі, двое шчаслівых у сваёй духоўнай сяброўскасці, лучнасці... А містычна — з другога боку — я каля Максіма Танка бачыла Ларысу Геніюш. Не спытала ў яе і не ведаю, ці спрабавала Ларыса напісаць Наталлі ў ЗША, ці хоць калі яны сустрэліся... Затое Анатоль Іверс апавядаў, як у вайну прыехаў у Слонім беларускі тэатр з Менску, у якім Наталля Арсеннева працавала, загадвала літаратурнаю часткаю. Былі яны знаёмыя па віленскім друку, таму Наталля з даверам сказала, што немцы хутка пакінуць Беларусь, а ёй давядзецца выехаць у эміграцыю. Анатоль Іверс прапаноўваў ёй сувязь з падполлем, але яна ведала, што камуністы яе не пашкадуюць, — муж працаваў у самапомачы...
прасіла яна малітоўна ў Бога. Кола замкнулася, там засталася Наталля Арсеннева — за акіянамі, а лісткі яе думак, яе вершаваных радкоў прынеслі пошта і любоў да нас. Да нас, якія «паміж берагамі...» Толькі не рака нас разлучала, а нябёсы. Ці ёсць у іх берагі? Наталля Арсеннева вытрывала паўстагоддзя жыцця ў эміграцыі. Была яна духоўна дужай, мела Бога ў сэрцы, мела слова роднае, за якое трымалася, мела сям’ю і «запраўдную» сяброўку Яню Каханоўскую, бабулю Данчыка Андрусішына з роду Луцкевічаў. У эміграцыі людзі не жывуць, а ў большасці выжываюць, трымаюцца ад сустрэчы да сустрэчы за Бога і ўспаміны, якія перабіраюць у памяці. Некалі да апошняй вайны нашы дзяды ездзілі ў Амерыку па заробкі на хлеб. І вярталіся. Жыць чалавеку трэба дома, чалавек — не дрэва, і без магілаў продкаў ён засыхае. Або прыжываецца на чужым дрэве як прышчэп. Пачытайце, пра што мне пісала вялікая беларуская паэтка перад развітаннем у лістах — пра Крыж, пра Чарнобыль, пра надвор’е, баравічкі, якія збірала ў парку, быццам яны прараслі праз зямную цвердзь з Беларусі, яна цытавала сама сябе. Яна бачыла і разумела чужое, але жыла толькі сваім. На чужыне няма шчасця.
Гл. таксама:
|
|
|