Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
2(40)/2007
Галерэя
Год паклікання да святасці

INVICTI ATHLETAE CHRISTI

СВЯТЫ АНДРЭЙ БАБОЛЯ НА АБРАЗЕ ХЕНРЫКА МУСЯЛОВIЧА

МАЛІТВА ДУШАЎ

СВЯТЫ АНДРЭЙ БАБОЛЯ
На кніжнай паліцы
Ad Fontes

СЬЛЕДАМ ЗА ХРЫСТОМ
Падзеі
Пераклады

РАДЗІВІЛІЯДА

КАРАЛАМАХІЯ

БАГІ ПАГАНЦАЎ
Юбілеі
Пераклады

НА ЖЫЦЦЁ МАДОННЫ ЛАУРЫ
Вера & Cultura

КРЫЗІС ІДЭНТЫЧНАСЦІ
Інтэрв'ю
Практыкум

ПРАРОК САФОНІЯ
Паэзія

ВЕРШЫ
Проза
Эпісталярый

ЛІСТЫ ДА ДАНУТЫ БІЧЭЛЬ
Асвета

«Важна добра пражыць жыццё, а я надаваў мала значэння таму, як я выказваўся, — пісаў вялікі італьянскі паэт Франчэска Петрарка, — бо марнае слова, набытае адным бляскам слова». Але менавіта слова, слова паэтычнае, праславіла яго. Яго «Кніга песняў» да сённяшняга часу з’яўляецца ўзорам паэтычнасці і дасканаласці. Прапаную чытачам «Нашай веры» апошнюю канцону гэтай кнігі, у якой гучыць сапраўдны гімн Маці Божай.

Падрадкоўнік гэтай канцоны зроблены выкладчыцай Лінгвістычнага універсітэта Аленай Рамашэўскай, за што я ёй вельмі ўдзячны.

Уладзімір Скарынкін
 
Франчэска ПЕТРАРКА

НА ЖЫЦЦЁ
МАДОННЫ ЛАУРЫ

CCCLXVI

О Дзева Найсвятая, у якой
Пераўвасобіліся рысы Бога!
Ты стала спадкаемніцай Ягонай
І як Царыца царства незямнога
У небе ззяеш сонечнай парчой,
Увенчаная зорнаю каронай.
Цябе я слаўлю гэтаю канцонай
І зноўку прад Табой
Схіляюся з мальбой,
Каб стала Ты яшчэ больш пранікнёнай.
Хоць ты Царыца неба, а я пыл,
Ты дапаможаш мне сваёю
Уладай незямною
Узняцца ў небасхіл.

О Дзева мудрая, што множыць лік
Жанчын разумных і высакародных,
Якімі грэшны род наш ганарыцца!
О шчыт, які ў варунках безвыходных
Дапамагае ад жыццёвых пік
І ўдараў злога лёсу мне адбіцца
І смерці злой дачасна не скарыцца!
Ты свежы ліставей
У полымі страсцей.
Пачуй мяне, Нябесная Царыца,
І сумнымі вачамі з вышыні,
Нібы наносяць Сыну каты
Крывавыя стыгматы,
На верніка зірні.

О Дзева Беззаганная, Дачка
І Маці родная Святога Сына!
Табой асветлена жыццё зямное,
Чым ганарыцца горняя краіна.
Ты веры паўнаводная рака,
Ты міласэрнае святло і тое
Цудоўнае акенца, праз якое
Прыйшоў той Дабрадзей,
Што ўратаваў людзей.
Прывабіла Тваё чало святое
Тварца- Айца, і Ты ператварыць
Змагла ў духоўны скорам
Прамаці нашай сорам
І мір нам падарыць.

О Дзева Міласэрная! Сабой
Ты ўвасабляеш вернасць і лагоднасць,
Ты дабрыні і чысціні Крыніца.
І неба, што з Табой адчула роднасць,
Цябе ўзяло, каб сеяла спакой
Ты ў нашы душы з неба, як Царыца.
Дачка, Нявеста, Маці спалучыцца
Ў адной Табе змаглі,
Каб рабства на зямлі
Ўжо не магло ніколі паўтарыцца.
Я спадзяюся на Цябе адну
І веру: боль мой несціханы
Хрыстовы сцішаць раны
І волі я глыну.

О Дзева непаўторная, якіх
Дагэтуль не было і больш не будзе!
За міласэрнасць, святасць і пяшчоту,
Што могуць спалучыцца толькі ў цудзе;
За цеплыню ласкавых рук Тваіх,
За ўзвышаныя думкі і за цноту
Табе прыносіць неба пашаноту.
Я ў смутку і ў журбе
Імкнуся да Цябе.
Ты праганяеш прэч маю самоту,
Калі заходжу я ў прасторны храм
Тваёй душы, спагадная Марыя.
Ад скрухі і хандры я
Вылечваюся там.

О Дзева светлая! Мой праваднік!
Ты палымнееш зоркай пуцяводнай,
Выконваючы ролю стырнавога.
У буру я плыву пустыняй воднай.
Яшчэ крыху і жудасны мой крык
Заглушыць стогны ветру штармавога.
Я на Цябе малюся, як на Бога.
Магчыма, я грашу,
Ды ўратаваць душу
Я не магу, мне трэба дапамога.
Цнатлівы манастыр душы Тваёй
Стварыў Усемагутны Божа.
Ён саўладаць паможа
Мне ўрэшце з сатаной.

О Дзева! Я маліўся і прасіў,
І слёзы ліў даволі часта марна,
Бо лёс мне рыхтаваў цяжкія страты.
З тых дзён, як нарадзіўся я ля Арна,
Нямала па зямлі я калясіў
І шмат у чым, вядома, вінаваты,
Аднак я не чакаў такой расплаты.
О Дзева, не марудзь
І больш спагаднай будзь,
Бо лук маіх гадоў ужо напяты
І, можа, гэты ці наступны год
І ёсць страла, якой працяты буду
Сярод грахоў і бруду
Я ўрэшце навылёт.

О Дзева, памажы мне сцішыць боль
Пякучых ран сардэчных, бессардэчна
Нанесеных жанчынаю зямною,
Якую я кахаў так недарэчна,
Бо ёю ператворана ў юдоль
Жыццё зямное, што пражыта мною.
Я прытаміўся ёю жыць адною.
Спадарыня нябёс!
Ты перайнач мой лёс
І ўцеш мяне прыемнай навіною.
Зірні спагадна і паабяцай
Стаць вернаю ахоўніцай маёю
І Боскай дабрынёю
Мой заглушыць адчай.

О Дзева вечная! У цяжкі час
Я спадзяюся на Тваю спагаду
І верую, што на апошнім кроку
Ты верніка не кінеш без нагляду,
Каб жар выратавальны ў ім не згас,
Каб у яго быў Бог навідавоку
І каб ён не скарыўся злому року.
Хоць з помаччу Медузы лёс
У камень, поўны слёз,
Што замінаюць Сонца бачыць зроку,
Мяне бязлітасна ператварыў,
Зрабі, о Дзева, каб мой плач апошні
Не грэшны, а набожны
І ачышчальны быў.

О Дзева з дабрачыннаю душой,
Пустой і беспадстаўнай пыхі вораг!
Прашу, прымі мой опус пакаянны.
Калі надзел зямлі мне быў так дораг,
Дык уяві, з пачцівасцю якой
Любіць магу я позірк беззаганны
Такой, як Ты, высакароднай Панны.
Калі сваю тугу
Я ўтаймаваць змагу
І заглушу свой боль бесперастанны,
Я прысвячу Табе свой кожны ўздых,
Свой стыль, свой талент і сваё натхненне,
І мо задавальненне
Адчуеш Ты ад іх.

Час надыходзіць класціся ў труну.
Прыгорблены грахамі,
З узнятымі рукамі,
О Дзева, я прашу Цябе адну.
Няхай з маёй душы Сын родны Твой
Цяжар грахоўны здыме,
У лік блажэнных прыме
І ёй падорыць вечны супакой.

23. 07. 2006

Пераклад Уладзіміра Скарынкіна


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY