|
|
№
2(40)/2007
Галерэя
Год паклікання да святасці
На кніжнай паліцы
Ad Fontes
Падзеі
Пераклады
Жанна НЕКРАШЭВІЧ-КАРОТКАЯ
З ДЗІДАЙ Юбілеі
Пераклады
Вера & Cultura
Інтэрв'ю
Практыкум
Паэзія
Проза
Эпісталярый
Асвета
|
У сучасным рэлігійным кантэксце, які характарызуецца адраджэннем зацікаўленасці да Бібліі, важным элементам выступае дзейнасць біблейных прарокаў як прадстаўнікоў Божай волі і крытычнага стаўлення народа, якія здольныя, з аднаго боку, разумець і тлумачыць Провід Божы ў гісторыі, а з другога, — выпраўляць памылковыя крокі чалавека. Аднак усе спробы зразумець значэнне прарокаў і растлумачыць іх пасланне будуць марнымі, калі няма яскравага разумення асаблівасцяў асобы кожнага прарока і сэнсу яго місіі. Перыяд, які закранае час ад VIII да VI ст. да Н. Х., характэрны з’яўленнем вялікіх прарокаў, якія прадстаўлялі і абвяшчалі Божы суд. Гэты суд часта прымае форму інвазіі ворагаў, заканчваецца выгнаннем, якое станецца выпрабаваннем вернасці народа, яго поўнага даверу Богу. Кара выгнання — гэта таксама і заклік, бо ў народзе адбудзецца селекцыя, і застанецца толькі «рэшта». Выгнанне азначае радыкальны пераварот у гісторыі выбранага народа. Прарокі гэтых часоў бачылі ў выгнанні нешта большае, чым проста выпрабаванне: яны абвяшчалі абнаўленне трона Давіда; іх бачанне гэтага аднаўлення, апісанага часта вельмі матэрыяльным спосабам, перавышае межы аднаўлення зямнога. Яны становяцца знакамі месіянскіх часоў, вялікага дня Божага, калі заяснее Яго суд і запануе Яго Валадарства. Навука прарокаў датычыць гістарычных здарэнняў, але заканчэнне, да якога імкнецца ўся гісторыя, — гэта надыход Божага Валадарства, аб’яўлення Яго збаўлення. Непасрэдная інтэрвенцыя Бога ў гісторыю, кара і выгнанне — гэта знакі прыйсця Месіі. Прарок — гэта вусны Бога, Яго пасланнік. Ён чувае над Ізраэлем і становіцца перад каралём, святаром, народам, каб прыгадваць Божае права і абвяшчаць Яго запаведзі. Пісанні прарокаў запавядаюць месіянскія часы і прыйсце Божага Валадарства1. Вулкан прафетызму, які доўгі час здаваўся затухшым, у гэты час прабудзіўся. Учора яшчэ жудасна ганімая вера і маральны пратэст найлепшых людзей нечакана ізноў займелі свой голас. Адным з першых і быў прарок Сафонія. Падчас богаслужэння ў святыні, дзе праслаўлялі Бога і караля, ён абвясціў, што келіх беззаконня перапоўнены, як у дні Ноя. Даволі спакушалі бязбожнікі Божую цярплівасць! Пакаранне спадзе на тыранаў і ідалапаклоннікаў, як узрыў, як смерч, як апакаліптычная катастрофа. Свет адрынуў Бога і Яго запаведзі і тым самым асудзіў сябе на пагібель. Сусвет здрыганецца пад цяжарам людскіх злачынстваў, у канвульсіях вывяргаючы смерць і жах. Імя Сафонія (габр. sephan’jah — «Ягвэ хавае») знаходзіцца таксама ў іншых тэкстах Бібліі. У першым вершы кніга падае генеалогію прарока, указваючы на продка ў чацвёртым пакаленні імем Эзэхія. Таму часта прароку прыпісваюць каралеўскае паходжанне, ідэнтыфікуючы продка з каралём Юдэі Эзэхіем, але гэта немагчыма пацвердзіць. Бацька Сафоніі зваўся Кушы, «Эфіопец». Акрамя гэтых, мы не маем іншых звестак з жыцця прарока. З кнігі вынікае, што ягоная дзейнасць праходзіла ў Ерузалеме. Ён ведаў прарокаў, асабліва Амоса і Ісаю, але не быў іх паслядоўнікам і вучнем2. Сафонія праракаваў у часы Ёсіі (640–609), які быў памазаны на трон у васьмігадовым узросце. Мяркуючы па суровых і рэзкіх выказваннях прарока, кніга была напісана яшчэ перад увядзеннем рэлігійнай рэформы ў 622 г. да Н. Х., ініцыяцыя якой была выклікана знаходжаннем Кнігі Закону ў святыні. Можна меркаваць, што на вернасць караля Ёсіі паўплывала дзеянне прарока Сафоніі. У 18 год малады кароль загадаў рэстаўраваць святыню. Падчас працы і была знойдзена Кніга Закону. Закон быў прачытаны ў прысутнасці караля і жыхароў Ерузалема, і з гэтага моманту пачалася рэформа ў жыцці народа. У Ерузалеме адраджаецца рэлігійная апазіцыя. Падзеі тых гадоў азначалі пералом у гісторыі: канец эры старых семіцкіх дзяржаваў і ўзыход на сцэну маладых індаеўрапейскіх народаў. Гэты перыяд азначаецца ўпадкам Ашураў, бунтам у Бабілёніі (652–648) і ўзрастаннем магутнасці медаў, персаў і сцытаў3. У кнізе яшчэ няма ўспаміну пра ўпадак Асірыйскай імперыі. Магчыма, Сафонія быў святаром на пачатку праўлення Ёсіі. Ён гаворыць пра «астаткі Баала» ў Ерузалеме (пар. Саф 1, 4) і іншых ідалапаклонніцкіх звычаях, якія былі выкараненыя пасля знаходжання Кнігі Закону4. Два папярэднія каралі, Манасія і Амон, давялі рэлігію і маральнасць народа да ўпадку5. У рэлігіі дамінавалі астральныя культы, уведзеныя ашурамі, складаліся ахвяры бажкам, развіваліся кананейскія практыкі і з’яўляліся фальшывыя прарокі. У грамадскім жыцці панавалі насілле і несправядлівасць6. Кніга напісана празрыстым стылем, у класічнай схеме прароцкага навучання: пагрозы супраць выбранага народу, супраць язычнікаў, а таксама прадказанне збаўлення. Кнігу можна падзяліць на тры часткі: — першая (Саф 1, 1–2, 3) заключае пагрозы супраць Юдэі і Ерузалема; — другая (Саф 2, 4–15) — супраць іншых народаў; — трэцяя (Саф 3 1–26) — прадказанні збаўлення і пагрозы. У кнізе адчуваецца рука рэдактара. Вучоныя згодныя з тым, што большая частка пагрозаў аўтэнтычная і належыць самому аўтару. Некаторыя лічаць, што 3, 18 nn з’яўляюцца пазнейшым дадаткам, які датычыць бабілёнскай няволі. Аўтар ужывае простыя і канкрэтныя словы. Некаторыя фрагменты маюць высокую паэтычную каштоўнасць. Тэкст кнігі захаваўся ў добрым стане, толькі некаторыя часткі не пазбаўленыя пэўных сумніваў7. Першая частка досыць аднародная па сваёй структуры. Яе характэрнай рысай з’яўляецца прадказанне «дня Ягвэ»8. Сафонія звяртаецца да малюнкаў сусветнага патопу, які змывае ўсе мярзоты з твару зямлі. Старадаўнія вобразы стыхійных эпіфаніяў уваскрасаюць у гэтым жахлівым прароцтве: рокат буры і вывяржэння — голас Страшнага Суду: «Блізкі вялікі дзень Пана, блізкі — і вельмі спяшаецца: ужо чуцен голас дня Панскага. Горка заенчыць тады і самы адважны! Дзень гневу — дзень гэты, дзень скрухі і ўціску, дзень спусташэння і плягі, дзень цемры і змроку, дзень воблака і імглы» (пар. Саф 1, 14–15). Сафонія акцэнтуе ўвагу на паўсюдных знішчэннях. І як беззаконне людзей было прычынаю патопу, так цяпер грэшнікі з’яўляецца прычынаю знішчэння. Яно адбудзецца насуперак акту стварэння: распачнецца ад чалавека, які страціў уладу над светам, затым ад жывёлаў, якія разам з людзьмі напаўняюць зямлю, ад нябесных птушак, а напрыканцы — ад марскіх рыбаў. Усё жывое стварэнне, усе месцы падлягаюць знішчэнню, трапляюць у хаос. Стварэнне трывала сем дзён, знішчэнне ў «дзень Ягвэ» адбудзецца на працягу аднаго дня9. Доўгія гады стаяла Нініва, як выклік самому небу, доўгія гады яе веліч і моц выклікала здзіўленне прыхільнікаў сілы і гвалту. А цяпер перад усім светам паказана яе бяссілле: «І працягне Ён руку сваю на поўнач — і знішчыць Асура і ператворыць Нініву ў руіны, у месца сухое, як пустыня, і пакоіцца будуць сярод яе статкі і ўсякага роду жывёлы; пелікан і вожык будуць начаваць у розных аздобах яе; голас іхні будзе гучаць у вокнах, разбурэнне выявіцца на касяках дзвярэй, бо не застанецца на іх кедравай шалёўкі» (пар. Саф 2, 13–14). Намаляваўшы карціну пераможанай Богам сусветнай дзяржавы, прарок затрымліваецца пры ёй, як бы ўбачыўшы сваімі вачамі яе канец, і ўсклікае: «Вось чым будзе горад пераможна-радасны, які жыве бесклапотна, які кажа ў сэрцы сваім: «я — і няма іншага, апроч мяне». Як ён зрабіўся руінаю, логвішчам для звяроў! Кожны, праходзячы міма яго, пасвішча і рукою махне» (пар. Саф 2, 15)10. У паўсюдным разуменні «дзень Ягвэ» павінен быў прынесці шчасце ўсяму Божаму народу, а знішчыць яго ворагаў. Так як Ной, будучы справядлівым, выжыў пасля патопу, і так як Бог пашкадаваў справядлівых у Садоме, народ думае, што і на гэты раз яму нічога не станецца і не пагражае. Амос, які жыў перад Сафоніяй, перасцерагаў, што ў гэты дзень будзе пакарана вялікае зло, і што будзе гэта чорны дзень для многіх жыхароў Ізраэля. Сафонія гаворыць, што Юдэя і ўсе жыхары Ерузалема раздзеляць лёс усяго чалавецтва11. Таму не толькі прыгнятальнік і спакуснік будзе асуджаны, але і Ізраэль, які пайшоў па яго шляхах. Блізкі дзень, калі ўсе ідалапаклоннікі і грэшнікі будуць асуджаныя і выданыя на знішчэнне. «Наведаю ў той дзень усіх, хто пераскоквае цераз парог, хто дом Пана свайго напаўняе гвалтам і ашуканствам. (...) І будзе ў той час: Я са свяцільняю агледжу Ерузалем і пакараю тых, што сядзяць на дражджах сваіх і кажуць у сэрцы сваім: «не робіць Пан ні дабра, ні ліха»...» (пар. Саф 1, 9; 12). Іх плач пачуюць ва ўсім горадзе12. Сафонія адкрыта выступіў супраць тых, хто «па дахах пакланяюцца воінству нябеснаму», супраць «царскіх сыноў» і «вяльможаў, якія адзяваюцца ў адзежу іншаземцаў». Ён пагражаў расплатаю служыцелям Баала, Молаха, Астарты і прадказваў, што сам Ягвэ пройдзе па вуліцах са светачам — тады не схаваецца ніхто. Ён параўноўвае «дзень гневу» з ваеннымі дзеямі: «Дзень трубы і ваяўнічага крыку супраць умацаваных гарадоў і высокіх вежаў» (пар. Саф 1, 16). Сафонія скіроўвае свае прадказанні да некалькіх народаў, каб напрыканцы скіраваць супраць Юдэі. Такім чынам ён ставіць Ерузалем у цэнтры свету. Запавет — гэта не толькі гонар для народу, але і яго абавязак перад Богам. Жыхары Ерузалема парушылі гэты абавязак. Першай ідзе гаворка супраць філістымлянаў, і яна датычыць Захаду (пар. Саф 2, 4–7). Сафонія параўноўвае тое, што станецца з гарадамі, з тым, што азначаюць іх назвы. Газа будзе пакінута, як заручаная жанчына; Ашкелон апусцее, ператворыцца ў пустыню, як пакінутая жанчына; Азот будзе выгнаны сярод дня, як разведзеная жанчына; Экрон выкараніцца, як няплодная жанчына. Канкрэтная прычына асуджэння не падаецца, але з кантэксту можна зразумець, што гэта недахоп пакоры, які праяўляюць філістымляне. Зямлю, якую яны засяляюць, атрымае рэшта Ізраэля (пар. Саф 2, 607). Наступная гаворка — супраць Маава і Амона (пар. Саф 2, 8–10) — датычыць Усходу. Нібы па іроніі лёсу гэтыя два народы, якія бяруць пачатак ад інцэстe Лота са сваімі дочкамі, спаткае лёс Садомы і Гаморы. Народы гэтыя грашаць пыхаю, якая давяла іх да знявагі Божага народа, а тым самым і Бога. Іх землі таксама атрымае рэшта Ізраэля. Прадказанне пра эфіопаў датычыць Поўдня (пар. Саф 2, 12). Гаворка супраць Асірыі (пар. Саф 2, 13–15) скіраваная супраць Поўначы. Ад гэтага народу паходзіць найбольшая небяспека, якая з’яўляецца сапраўдным ворагам. Знішчэнне Асірыі найбольшае, яна не будзе замененая ні пашаю, ні пустыняю. Самая галоўная прычына знішчэння Асірыі — гэта пыха, ганарыстасць, культ самой сябе, бо яна сама сябе лічыць Богам. Такім чынам, бачым, што грахом гэтых усіх народаў з’яўляецца пыха. Пасля прароцтваў, якія абвяшчаюць паўсюдны суд супраць народаў, Сафонія звяртаецца да Юдэі (пар. Саф 3, 1–7). Ерузалем абвінавачваецца ў чатырох рэчах: не слухае, не прымае абвінавачванняў, не давярае і «не прыбліжаецца да свайго Бога, не аддае пашаны Богу, нават калі дзень Пана блізкі». Князі, суддзі, прарокі і святары — чатыры групы правадыроў, якія адказваюць за палітычнае, рэлігійнае жыццё і справядлівасць, паступаюць супраць таго, што даюць ім функцыі. Нягледзячы на гэта, Пан выкарыстоўваў шмат спосабаў, каб «наведаць» Юдэю: Божым словам праз прарокаў, Законам, штодзённай заранкай, гісторыяй. Таму Бог прамаўляў з надзеяй (пар. Саф 3, 5–6), але ўсё дарэмна, таму што народ лічыць, што Бог нічога не робіць і няма Яго сярод іх (пар. Саф 1, 12). Грэх Юдэі вельмі вялікі13. Працэс сапсаванасці, пачаўшыся ад бунту супраць Бога і заняпаду рэлігіі продкаў, пранік ва ўсе слаі грамадства. Бог не мае выбару, апроч знішчэння. Сафонія робіць яўным праўдзівы намер Бога — дзейнічаць праз знішчэнне перш язычніцкіх народаў, а потым Ерузалема. Словы пра ачышчэнне народаў — гэта адваротны расказ пра Бабілёнскую вежу. Народы будуць размаўляць тою самаю моваю, іх вусны будуць ачышчаныя. Не будуць больш гаварыць ад свайго імя, але будуць заклікаць імя Пана, і не будуць ужо раскіданыя, але будуць разам. Сафонія, кажучы пра «рэшту», прадстаўляе план Бога, які датычыць вернай, пакорнай рэшты, што застанецца тады, калі будзе пераможана ўсялякая людская пыха. Гэта прычына для вялікай радасці. Бог сярод свайго народу, Ён дае яму любоў, перамяняе ў народ з «чыстымі вуснамі». З радаснымі песнямі Бог прывядзе свой народ да Айчыны і верне яму сваю ласку. Усе народы свету прымуць удзел у гэтай радасці14. Ерузалем не будзе больш адчуваць сораму (пар. Саф 3, 11). Ён будзе паступаць інакш, чым паступаюць цяперашнія жыхары (пар. Саф 3, 1–4). Узамен за гэты новы стыль жыцця Бог дасць народу тры галоўныя рэчы, неабходныя для жыцця: ежу, спакой і бяспеку (пар. Саф 3, 13). Чым часцей гімны і пропаведзі Сафоніі гучалі ў святыні, тым больш народ пачынаў усведамляць сваю віну, а прарок не пераставаў сцвярджаць: «Даследуйце сябе ўважліва, даследуйце люд неакілзаны, пакуль не прыйшло вызначэнне — дзень праляціць, як мякіна, пакуль не прыйшоў на вас палымяны гнеў Божы, пакуль не настаў вам дзень лютасці Божай» (пар. Саф 2, 1-2). У 3-м раздзеле, у 14–15 вершах, названыя чатыры прычыны для радасці. Ерузалем больш не будзе баяцца сваіх ворагаў. Бог знішчыць унутраных ворагаў, якія прывялі да заняпаду і знішчэння, а таксама знешніх, якія давялі народ да выгнання. Заклікі да радасці і надзеі былі скіраваны не толькі да Ерузалема, але і да іншых народаў (3, 10). Сафонія заклікае да радасці і апісвае, якім чынам Пан, названы Валадаром (пар. Саф 3, 15) і «тваім Богам» (пар. Саф 3, 17) радуецца над Ерузалемам. Запавет быў адноўлены15. Прарок заклікае перажыўшых пераслед верных, якіх ён называе «пакорліўцамі зямлі», сабрацца пад сцягам гэтага Запавету. «Знойдзеце Пана, усе пакорліўцы зямлі, выканаўцы законаў Ягоных, знойдзеце праўду, знойдзеце пакорлівую мудрасць, можа вы зберажэцеся ў дзень гневу Ягвэ». Трэба памятаць, што Сафонія выступае тады, калі палітычныя дзеі на Усходзе маглі яшчэ здавацца толькі часовымі цяжкасцямі. Але з кожным годам Асірыйская імперыя станавілася слабейшай. У 630 г. Асурбаніпал быў адхілены ад улады, а праз тры гады памёр. Яго наступнікі ўжо не марылі пра паходы, а трымаліся толькі таго, што заваявалі. Гэта вельмі цёмныя гады ў гісторыі: летапісцы замаўкаюць, помнікі знікаюць. Мы ведаем толькі, што ў Сярэдняй Азіі гаспадарылі німерыйцы і скіфы. Падобна манголам, гэтыя качэўнікі ішлі бесперапынным патокам: Асірыя ўжо не магла іх спыніць. Дваццаць восем гадоў валадарылі скіфы ў Азіі. Яны ўвайшлі на тэрыторыю дзяржавы Асура, якую з усходу адначасова прыгняталі мідыйцы. Паслабленне Нінівы і пропаведзі Сафоніі аказалі вялікі ўплыў на маладога караля Ёсію. Калі яму споўнілася шаснаццаць год, ён першы раз усенародна аб’явіў, што адкідвае іншаземныя культы і з гэтага часу будзе следаваць толькі шляхам веры свайго прабацькі Давіда. Аднак рэзка павярнуць курс пасля паўстагоддзя засілля праасірыйскай палітыкі было нялёгка. Барацьба пры двары доўжылася чатыры гады. У 628 г. староннікі рэформаў і рэлігіі Ягвэ амаль адразу перамаглі. Гэта відаць з таго, што Ёсія загадаў выкінуць са святыні ўсе выявы асірыйскіх бажкоў і разбурыць іх алтары. Барацьба за духоўнае адраджэнне ішла нага ў нагу з барацьбой за незалежнасць і з’яднанне краіны. Калі у 626 г. прыйшла навіна, што валадар Бабілёна Набапаласар парваў з Нінівай і ў саюзе з медыйцамі пачаў супраць яе вайну, Ёсія вырашыў, што час прыйшоў: ён павёў сваё войска на поўнач і выгнаў адтуль асірыйскія гарнізоны. Паход суправаджаўся звяржэннем язычніцкіх эмблемаў. Упершыню пасля падзелу каралеўства Палестына атрымала адзінства, як пры Давідзе і Саламоне. Здавалася, што росквіт Ізраэля, які ўжо не мог чакаць, нарэшце надыходзіць. Нават прарок Сафонія змякчыў тон сваіх пропаведзяў, а тэму Страшнага Суду ў іх замяніў прадказаннем аб надыходзячым Божым Валадарстве. Ён ужо не называе «дзень Ягвэ» знішчаючым патопам; гэты дзень малюецца як урачыстая перамога бедных і пакорных, які наступіць тады, калі чалавецтва будзе прабачанае і навернецца да сапраўднага Бога (пар. Саф 3, 9)16. Як і тады, прарок Сафонія прамаўляе да нас сёння. Найбольшай хваробай нашага свету таксама з’яўляецца пыха. Яна раздзяляе людзей і аддаляе свет ад Бога. У час развіцця тэхнікі чалавек часта спадзяецца толькі на сябе і на машыны. Яны і чалавечы розум становяцца тымі бажкамі, з якімі людзі здраджваюць сапраўднай Божай любові і праз якіх губляюць давер да Бога. Палон, у які трапіў чалавек, — гэта грэх. Бог прапануе нам выбаўленне з яго путаў і вяртанне на радзіму, да поўнай еднасці з Ім і гармоніі. Умоваю гэтага выбаўлення з’яўляецца сапраўдная пакора. «Знойдзеце Пана, усе пакорліўцы зямлі, выканаўцы законаў Ягоных, знойдзеце праўду, знойдзеце пакорлівую мудрасць». Толькі чалавек пакорны можа асягнуць Божую любоў і злучыцца з Ім. Ідэя пакоры і ўбоства атрымала свой апагей у Новым Запавеце, дзе Езус не адзін раз заклікае сваіх паслядоўнікаў да гэтых цнотаў. Ён кажа: «Шчаслівыя ўбогія духам, бо іх ёсць Валадарства Нябеснае. Шчаслівыя лагодныя, бо яны зямлю атрымаюць у спадчыну» (пар. Мц 5, 3.5). Самы яскравы прыклад такога жыцця дае нам Маці Божая. У гімне Марыі мы чуем словы: «Узглянуў Ён на пакору сваёй слугі, і цяпер благаслаўляць мяне будуць усе пакаленні» (пар. Лк 1, 48).
|
|
|