|
|
№
2(40)/2007
Галерэя
Год паклікання да святасці
На кніжнай паліцы
Ad Fontes
Падзеі
Пераклады
Жанна НЕКРАШЭВІЧ-КАРОТКАЯ
З ДЗІДАЙ Юбілеі
Пераклады
Вера & Cultura
Інтэрв'ю
Практыкум
Паэзія
Проза
Эпісталярый
Асвета
|
Cярэдзінай ХVІ ст. распачынаецца новы, вельмі цікавы, этап у бібліятэчнай гісторыі на Беларусі1. Змены, што пачалі адбывацца ў гэты час, з аднаго боку, былі звязаныя з напаўненнем кніжнага рынку адносна таннымі друкаванымі выданнямі замежнае і мясцовае вытворчасці, з другога боку, з міжканфесійнай барацьбой, якая стымулявала пісанне новых тэкстаў і выданне новых кніг. Больш за тое, непасрэдным вынікам развіцця гэткае сітуацыі сталася актывізацыя і выпрацоўка новых формаў дзейнасці Каталіцкага Касцёла, што, між іншым, выявілася: а) у распаўсюджванні пад каталіцкім патранажам сістэмы класічнай адукацыі як найбольш адпаведнай тагачасным інтэлектуальным павевам; б) у стварэнні новых ордэнаў і кангрэгацый, праца якіх, у значнай ступені, была звязаная з навучаннем і кнігай; в) ва ўзмацненні высілкаў па заключэнні сепаратнай уніі з Праваслаўнай Царквой на беларускіх і ўкраінскіх землях і г.д. На практыцы гэтая дзейнасць праявілася, у прыватнасці, у пашырэнні ды ўшчыльненні сеткі рыма-каталіцкіх кляштараў і канвентаў, з якіх амаль кожны меў уласную бібліятэку. Быў заснаваны ордэн езуітаў (ад лац. назвы «Societas Jesu» — «Таварыства Езуса»), які ўзяўся за арганізаванне сістэмы калегіумаў і наладжванне кнігадрукавання з мэтаю забеспячэння гэтых новаствораных вучэльняў неабходнай літаратурай (у ХVІІІ ст., пасля скасавання таварыства, эстафету ад езуітаў пяроймуць піяры — «святары пабожных школаў», дый шмат якія іншыя згуртаванні будуць зацікаўленыя вядзеннем асветнае працы сярод люду). Урэшце, у Рэчы Паспалітай адбылося злучэнне Праваслаўнае і Рыма-каталіцкае Цэркваў пад вяршэнствам Папы Рымскага, і гэта, у перспектыве, дало магчымасць Усходняй Царкве закладаць школы і семінарыі з заходняй мадэллю навучання, а таксама пасылаць вернікаў візантыйскага абраду вучыцца за мяжу, што далучала беларусаў да еўрапейскай адукаванасці. На дадатак, неўзабаве быў утвораны ордэн св. Базыля Вялікага, які значную ўвагу надаваў збіранню пры кляштарах бібліятэк, а з часам моцна стала на ногі і грэка-каталіцкае кнігадрукаванне. З другога боку, «дызуніты» (праваслаўныя вернікі, якія адмовіліся прыняць Унію), пераканаўшыся ў неабходнасці добрай адукацыі, бяруцца за арганізаванне сваіх (у першую чаргу, брацкіх) школаў — у процівагу каталіцкім. У асяроддзі праціўнікаў Уніі ў гэты час узнікаюць літаратурна-інтэлектуальныя гурткі, у якіх перакладаюцца замежныя або ствараюцца арыгінальныя творы, перш за ўсё палемічнае і дагматычнае скіраванасці. Шмат высілкаў пакладаецца на стварэнне або перавыданне падручнікаў і слоўнікаў, а таксама на маральнае і дагматычнае навучанне за пасярэдніцтвам прапаведніцкай працы. Апошняе, у прыватнасці, прыводзіць да развіцця своеасаблівай творчай гамілетычнай традыцыі на беларускіх і ўкраінскіх землях (выразна адрознай, напрыклад, ад маскоўскай, якая на той час была абсалютна эпігонскай і базавалася на пераказванні святарамі ў цэрквах пропаведзяў «класікаў жанру» — а перадусім, Яна Златавуснага). Калі гаварыць пра школьніцтва, дык развіццё канфесійных сістэмаў адукацыі не магло не пацягнуць за сабой павелічэнне колькасці і аб’ёму фонду бібліятэк — як непасрэдна, праз з’яўленне пры вучэльнях кнігазбораў, неабходных для забеспячэння навучальнага працэсу, гэтак і апасродкавана — праз павелічэнне запыту на кнігу, а значыць, і на рост кнігавыдавецкай прадукцыі. Зрэшты, пяройдзем ад агульных назіранняў да канкрэтных фактаў. У ХVІ ст. пашыраецца новы тып кнігазбору — школьная бібліятэка (ці, дакладней, — бібліятэка навучальнай установы, бо памятайма, што, напрыклад, у 1579 годзе на падставе віленскага калегіума ствараецца і Акадэмія, а да вышэйшых навучальных установаў можна гэтак жа аднесці і Генеральныя студыі рыма-каталіцкіх ордэнаў). Гэтыя кніжніцы, нягледзячы на частыя пажары, рабаванні падчас ваенных дзеянняў ды іншыя неспрыяльныя фактары, хутка развіваюцца і на час 1-га падзелу Рэчы Паспалітай ужо нярэдка даходзяць да 1,5–2 тыс. тамоў. У якасці прыкладу згадаем бібліятэкі наваградскага і берасцейскага калегіумаў, з якіх першая налічвала падчас візітацыі 1773–1774 гг., прынамсі (бо не заўсёды пазначана колькасць паасобнікаў), 1899 тамоў,2 а другая — 1732 тамы.3 Паляпшэнне якасці адукацыі натуральным чынам адбівалася на ўзроўні адукаванасці асобаў, што ў сваю чаргу ўплывала (з пункту гледжання структуры, зместу, мовы і інш.) на фармаванне як прыватных кнігазбораў, так і бібліятэк інстытуцый. Напрыклад, напрыканцы ХVІ ст. ужо нават іерархі Усходняй Царквы назапашваюць у сваіх калекцыях не толькі кнігі кірылічныя, але таксама і выданні лацінічнага друку. У прыватнасці, бібліятэка полацкага арцыбіскупа Германа, які памёр у 1600 г., складала «книгъ вшеляких рускихъ, польскихъ и латинскихъ, купленныхъ за золотыхъ польскихъ триста»,4 а гэта значыць на даволі вялікую суму. Каб скласці хаця б прыблізнае ўражанне пра велічыню гэтае калекцыі, звернемся да артыкула польскага даследчыка Вацлава Урбана, прысвечанага кніжным цэнам ХVІ–ХVІІ стст. у Рэчы Паспалітай,5 прыглядаючыся асабліва ўважліва да фактаў продажу кніг у апошнія дзесяцігоддзі ХVІ ст. Так, напрыклад, паводле складзенага згаданым навукоўцам спісу, нясвіжскі Новы Запавет 1568 г. быў ацэнены ў 1599 г. сумай у 12 злотых 20 грошай, але пры гэтым В.Урбан зазначае, што гэта была найдаражэйшая кніга сярод ім занатаваных.6 Шэраг іншых кніг каштаваў літаральна ў дзесяткі разоў танней: напрыклад, кёльнскае выданне трактата Яна з Тшцяны «De religione sacrosancta, de ecclesia, ac caeremoniis eius dialogus» («Пра святую рэлігію, пра царкву ды пра цырымонію іх дыялогу») 1563 г. было прададзена ў 1582 г. усяго за 6 грошай — гэтак жа, як і кракаўскi 1591 г. «Paraphrasis in septem psalmos poenitentiales» («Парафраза на сем пакутных псальмаў») Станіслава Рэшкі.7 А «Moscovia» («Маскоўшчына») Антонія Пасевіна (Вільня, 1586), гэтак жа, як і «Epistolarum conscribendarum methodus, una cum exemplis» («Спосаб пісання лістоў, з прыкладамі») Лібануса (Базэль, 1558), былі прададзены ў 1593 г. за 10 грошай. Такім чынам, нават калі арыентавацца на сярэднюю цану кнігі ў 6 злотых, дык бібліятэка арцыбіскупа Германа павінна была складацца, прынамсі, з 50 тамоў; калі ж узяць пад увагу рэальныя цэны на шмат якія мясцовыя і замежныя выданні невялікага фармату, дык можна выказаць меркаванне, што кнігазбор гэты, хутчэй за ўсё, дасягаў некалькіх сотняў тамоў. У разгляданы перыяд кнігі ўсё часцей сустракаюцца і сярод прыватнай маёмасці парафіяльнага духавенства — як усходняга, так і лацінскага. Пры адсутнасці нашчадкаў гэтыя выданні па смерці ўладальніка нярэдка пераходзяць ва ўласнасць тае бажніцы, дзе служыў нябожчык, пра што мы даведваемся з інскрыпцый, актаў візітацый і іншых матэрыялаў. Як прыклад можна працытаваць правененцыйныя надпісы некалькіх святароў, якія, відаць, заступаючы па чарзе на той самы прыход, наследавалі адзін аднаму і пэўны паасобнік «Евангелія учительного» (Крылас, 1616): «З книг Василія Бленковского, протопопи воронцкого», «От кни[г] грешнаго Іосифа Лазаревича протопопи вороницског[о]», «З книгъ Гавриила Луповского протопопи вороницского».8 У мястэчку Варонічы менскага ваяводства была грэка-каталіцкая царква пад тытулам арханёла Міхала, пры якой, верагодна, гэтае «Евангелле вучыцельнае» і захоўвалася. А прыкладам, акты візітацыі раманаўскага рыма-каталіцкага касцёла Аршанскага дэканата Магілёўскае дыяцэзіі, складзеныя ў 1791 годзе, змяшчаюць цэлыя два спісы бібліятэк, што заставаліся па памерлых пробашчах, — кс. Трынішэўскім і кс. Княжэвічу.9 Першы спіс змяшчае 20 аднатомных выданняў пераважна тэалагічнага, душпастырскага і прапаведніцкага характару, сярод якіх можна назваць «Следам за Хрыстом» Тамаша Кэмпійскага, «Амбон духоўны», а таксама трактаты пра Св. Тройцу, пра Таямніцу Пакуты і іншыя кнігі. Спіс збору кс. Княжэвіча ахоплівае 18 назваў у 25 тамах, сярод якіх, апрача рознага роду малітоўнікаў, можна пабачыць выданне Бібліі, тэалагічныя творы і шмат зборнікаў казанняў. Для нас згаданыя спісы з’яўляюцца вельмі каштоўнай крыніцай, паколькі даюць магчымасць убачыць, што ў ХVІІІ ст. ужо нават парафіяльныя святары ў маленькіх беларускіх мястэчках валодалі прыватнымі бібліятэкамі аб’ёмам у некалькі дзесяткаў тамоў. Склад фонду кніжных збораў пры бажніцах як лацінскіх, так і грэка-візантыйскіх, на пачатку разгляданага перыяду застаецца, у агульных рысах, такі самы, як і раней, што, зрэшты, заканамерна. Змены датычаць, хутчэй, колькасці гэтых кніжніцаў і іх укамплектаванасці, на што чым далей, тым больш аказвае ўплыў разрастанне парафіяльнай сеткі і павелічэнне аб’ёмаў кнігавыдання. Усё часцей мы сустракаем у архіўных дакументах звесткі пра катэдральныя бібліятэкі. Быў гэтакі кнігазбор і пры праваслаўным саборы св. Сафіі ў Полацку. Цяпер жа, для прыкладу, гаворка пойдзе пра бібліятэку рыма-каталіцкага дынабургскага касцёла, апісанне кніжніцы якога дае нам акт візітацыі з 1791 г.10 Святыня гэтая, збудаваная ў 1694 г., да канца ХVІІІ ст. з’яўлялася катэдральным саборам, чым і тлумачыцца багацце яе бібліятэкі (праўда, пасля адыходу Дынабургу да Расеі святыня атрымала статус звычайнага парафіяльнага касцёла ў павятовым горадзе Віцебскай губерні). Для нас жа гэта добры прыклад таго, які кнігазбор мог мець катэдральны сабор шараговай і досыць адлеглай ад цэнтраў цывілізацыі дыяцэзіі (бадай, самай занядбанай не толькі ў ВКЛ, але і ў цэлай Рэчы Паспалітай). Згаданая бібліятэка складалася з двух няроўных частак: першая, пазначаная ў вопісе як «Ksiкgi Koњcielne», захоўвалася, відаць, у сакрыстыі і змяшчала літургічныя кнігі — 2 службоўнікі лацінскія і 1 «ruski»,11 2 рэквіяльных службоўнікі і адзін рытуал; на алтары яшчэ павінна было быць і Евангелле, якое ў вопісе не фігуруе. Другая частка, уласна «Bibliotheca Ecclesiae Duneburgensis» («Бібліятэка дынабургскага касцёла»), складалася з 61 назвы ў 92-х тамах і змяшчала кнігі на лацінскай ды польскай мовах па тэалогіі, кананічным праве, гісторыі хрысціянства і г.д., нават выданні па геаграфіі, матэматыцы, рыторыцы ды аптэкарстве. Між іншым, там была «Ecclesiastica historia» («Царкоўная гісторыя») Яўзэбія, «Magnum Theatrum Vitae Humanae» («Вялікі тэатр чалавечага жыцця») Лаўрэна Баерлінка, «Epistolae» («Лісты») Марка Тулія Цыцэрона, чытанні з Евангелля на ўвесь год па-латышску і па-польску і г.д. Наяўнасць лацінамоўнага выдання твораў Базыля Вялікага дае падставы дапускаць, што пры гэтым саборы мог рэзыдаваць святар-базыльянін з мэтаю адпраўлення ўсходняй літургіі для мясцовай грэка-каталіцкай грамады і ўскосна пацвярджае выказаную ў папярэдняй спасылцы думку адносна прысутнасці сярод катэдральных літургічных кніг і грэка-візантыйскага службоўніка. Гаворачы пра літаратуру, што належала святыням, нельга не ўзгадаць і пратэстанцкія бібліятэкі. Насамрэч, самі кірхі, зборы ды малельні розных кірункаў пратэстантызму пачынаюць з’яўляцца ў Вялікім Княстве Літоўскім яшчэ ў 1-й палове ХVІ ст., але інфармацыю пра сабраныя пры іх кнігі можна сустрэць толькі ў дакументах з сярэдзіны ХVI– 1-й паловы ХІХ ст. Адной, бадай, з найранейшых была бібліятэка віленскага збору, артыкул па гісторыі якой апублікаваў польскі даследчык Вацлаў Гізберт-Студніцкі ў 8-м гадавіку «Атэнеума Віленскага».12 На вялікі жаль, навуковец дае статыстыку па гэтым кнігазборы на час свайго даследавання, разам з пазнейшымі набыткамі, аднак і на падставе такіх дадзеных мы можам атрымаць прыблізнае ўяўленне пра склад калекцыі. Першапачатковы фонд фактычна цалкам загінуў у пажары 1611 г., пасля якога ацалела толькі адна кніга — нюрнбергская Біблія 1480 г. Тым не менш, бібліятэка хутка аднавілася дзякуючы ахвяраванням розных асобаў, пра што вядома з актаў сіноду.13 У ёй змяшчаліся кнігі на лацінскай, польскай, нямецкай, французскай, а таксама ангельскай, італьянскай і галандскай мовах. Малітоўныя і тэалагічныя выданні складалі ў ёй амаль палову фонда (у тым ліку, розныя выданні Бібліі, канцыяналы, пастылы, катэхізісы, агенды і г.д., а таксама творы Кальвіна, Лютара і інш. пратэстанцкіх багасловаў). На другім месцы па колькасці знаходзіліся кнігі па літаратуразнаўстве і публікацыі тэкстаў; далей ішлі гісторыя, грамадска-палітычныя навукі і педагогіка, філасофія і да т.п. Сярод іх было нямала выданнняў, што ўбачылі свет у беларускіх друкарнях, — у Берасці, Любчы, Лоску, Ашмянах, не кажучы ўжо пра Вільню. Як бачна з гэтых звестак, пратэстанцкія бібліятэкі заслугуюць таго, каб прыгледзецца да іх уважлівей, што мы і плануем зрабіць у будучых публікацыях рубрыкі. Зборы лацінскіх кляштараў развіваліся досыць прадказальна, але ў манастырах усходняга абраду гэтая справа развівалася даволі складана. Паколькі Унія не была аднадушна прынята ўсімі вернікамі Усходняе Царквы — а сярод іх было нямала манахаў — на беларускіх землях пасля Берасцейскага сіноду доўгі час паралельна існавалі грэка-візантыйскія манастыры абодвух вызнанняў: і праваслаўнага, і каталіцкага. Напачатку бібліятэкі ўсіх гэтых манастыроў мелі аднолькавы характар, аднак па меры паланізацыі беларускага грамадства і лацінізацыі базыльянскага ордэна, у які аб’ядналіся уніяцкія манастыры, грэка-каталіцкія кнігазборы ўсё больш набліжаюцца паводле свайго моўнага і зместавага складу да рыма-каталіцкіх кляштарных бібліятэк, у той час як праваслаўныя, у асноўным, захоўвалі status quo. Фактычна, падстава для такіх зменаў у складзе уніяцкіх кніжніцаў была закладзена ўжо самім стварэннем чыну святога Васіля Вялікага, якое ставіла на мэце аб’яднанне грэка-каталіцкіх манастыроў у кангрэгацыю, падобную да ордэнаў Лацінскае Царквы (і, перш за ўсё, да Таварыства Езуса). Гэта адчыняла дзверы манастыроў для паланізацыі мовы і культуры і для лацінізацыі абраду, але, разам з тым, стварала ўмовы для пранікнення еўрапейскай кніжнасці ў манаскае асяроддзе. Падрыхтаваны Язэпам Велямінам Руцкім Статут ордэна уключаў шэраг раздзелаў, якія рэгламентавалі адносіны манахаў з бібліятэчнай кнігай. Напрыклад, раздзел «Regulae bibliotecarii» («Службовыя інструкцыі біблятэкара») складаўся з 11 пунктаў; шмат увагі ў ім надавалася пытанням падбору адпаведнай асобы на пасаду манастырскага бібліятэкара (гартафілякса), а таксама абавязкам апошняга. У раздзелах пра дзейнасць протаархімандрыта, архімандрыта, ігумена, рэктара школы змяшчаліся пункты, датычныя бібліятэкі і набыцця ці захавання кніг.14 Статут таксама закладаў вылучэнне пэўных сумаў на камплектаванне бібліятэкі, прычым нярэдка на кнігі выдаваліся грошы даволі значныя. Напрыклад, польскі даследчык Г. Лаўмяньскі паведамляе, што ў 1661 г. са спадчыны базыльяніна Скражынскага, якая перайшла ордэну, на жыровіцкую бібліятэку было выдаткавана «pуіtrzecia tysiąca złotych polskich» («дзве з паловай тысячы польскіх злотых»).15 Да слова, спадчына манахаў, а часам і свецкіх асобаў, у форме грошай або саміх кніг часта з’яўлялася крыніцай папаўнення манастырскіх бібліятэк. Як прыклад завяшчання кнігазбору працытуем дакумент, што паходзіць з XVIІІ ст., — гэта тэстамэнт Феадосія Бунцэвіча, манаха слуцкага Свята-Траецкага манастыра, на той час ужо уніяцкага: «Z Fant moich i Ruchomości pozostałej (…) Ksiąg w RejestrŻe Opisanych połowe najmilszemu Synowi memu Zapisuję (…) a Drugą Ksiąg połowe Jmci Archimandrycie Zapisuję …» («З тых маіх каштоўных рэчаў і рухомасцяў, што засталіся (…) кніг, у рэестры апісаных, палову ўлюбёнаму сыну свайму запісваю, (…) а другую кніг палову Ягамосці архімандрыту запісваю (…)»).16 Застаецца толькі пашкадаваць, што сам рэестр страчаны і мы не ведаем, якія кнігі ў гэты збор уваходзілі. Да слова, запісы аб пераходзе кніг па смерці манахаў-уладальнікаў у бібліятэкі манастыроў нярэдка можна знайсці і на саміх выданнях — як, напрыклад, інскрыпцыю на «Рыторыцы» Саарыя (Нясвіж, 1764) са збораў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі: «Post obitum R. P. Constantini Jankowski Applicat[us] hic Liber Bibliothecae Orsensi OSBM» («Пасля смерці в[ялебнага] а[йца] Канстанціна Янкоўскага гэтая кніга была перададзена аршанскай бібліятэцы OSBM»).17 Што сам Янкоўскі быў базыльянінам, мы ведаем з іншае інскрыпцыі на тым самым выданні: «Usus P. Constantini Jankowski OSBM. Theologi et Phil. Doctoris» («Знаходзіцца ў карыстанні18 а[йца] Канстанціна Янкоўскага OSBM, тэалогіі і філ[асофіі] доктара»). Зазначым, што Статут OSBM дапаўняўся шматлікімі пастановамі базыльянскіх кангрэгацыяў, вымушаных звяртаць асаблівую ўвагу на бяспечнае захаванне кніг у бібліятэцы. У сувязі з гэтым прымаліся пастановы супраць несанкцыянаванага пазычання кніг манахамі — нават да ўвядзення выкляцця, якое мог зняць толькі сам протаархімандрыт, як, напрыклад, у 1636 г. Асаблівыя патрабаванні прад’яўляліся да бібліятэкараў: напр., кангрэгацыя 1703 г. патрабавала «aby bibliotekarz tak w Żyrowicach jak i w Wilnie był przysięgły, podług potrzeby exigentibus ksiąg, księgi dając» («каб бібліятэкар, як у Жыровіцах, так і ў Вільні, складаў прысягу выдаваць кнігі згодна з рэальнымі патрэбамі ў іх»).19 У далейшых жа публікацыях рубрыкі мы мяркуем засяродзіцца на разглядзе паасобных — найбольш значных і цікавых — беларускіх кніжных збораў 2-й пал. ХVІ — сярэдзіны ХІХ ст. Паколькі шмат якія дакументы па гісторыі, а таксама выданні, што ў гэтых бібліятэках захоўваліся, раскіданыя сёння па архівах, музеях і кнігасховах Польшчы, Літвы, Расіі і іншых краінаў, чарговыя артыкулы будуць прапаноўвацца да друку па меры назапашвання і апрацавання матэрыялу, што можа не супадаць з парадкам рэальнай храналогіі з’яўлення ці функцыянавання даследаваных кніжніцаў.
|
|
|