|
|
№
2(40)/2007
Галерэя
Год паклікання да святасці
На кніжнай паліцы
Ad Fontes
Падзеі
Пераклады
Жанна НЕКРАШЭВІЧ-КАРОТКАЯ
З ДЗІДАЙ Юбілеі
Пераклады
Вера & Cultura
Інтэрв'ю
Практыкум
Паэзія
Проза
Эпісталярый
Асвета
|
Быў 1883 год, Парыж быў сталіцай свету — і ўсе дарогі вялі ў Парыж. Быў паўсюдны прагрэс навукі і тэхнікі, і ўсе філосафы і літаратары не так стараліся зразумець свет і чалавека, як перарабіць — і чалавека, і свет. Грошы, ідэі, людзі сцякаліся ў Парыж і выцякалі з Парыжа на самы канец зямлі, хацелі таго яны самі, ці не хацелі... У Парыж імкнуліся ледзь не ўсе тагачасныя людзі, хоць папраўдзе няшмат хто з іх мог нават самому сабе адказаць, а чаго яму там трэба і чаго ён хоча. Такі быў час, ці нават эпоха... І толькі рэдкія дзівакі, якія яшчэ ў нешта верылі, а таму ўсё жыццё памяталі, чаго яны хочуць і што робяць, выбіраліся ў Парыж толькі па справе. Такім дзіваком быў ксёндз з Турына, 68-гадовы Ян Боска. Жыццё ксяндза з беднай вясковай гаспадаркі, якую ўпраўлялі маці і старэйшы брат, было простым. Спачатку навука ў парафіяльнага ксяндза, да якога ён хадзіў пехатою ў сірочыя мглістыя зімы Пьемонта. Потым жыццё на заробках і ў чужой ласцы, каб дабіцца да семінарыі і прайсці семінарыю. Потым ледзь не паступіў у кляштар да францішканаў і толькі праз шчаслівую выпадковую сустрэчу сам атрымаў парафію. У іншага вясковага ксяндза так бы і дабеглі ўсе дні да яго зямнога канца... Але ксёндз Боска меў нейкі асаблівы дар прыцягваць людзей з першай сустрэчы, з першага слова. І такіх людзей, якія нікому не верылі, дакладней, якіх нічога не цікавіла і нават не страшыла. Час быў, як кажуць, даволі змрочны... Сталічны Турын і навакольныя мястэчкі, як і ўсё Савойскае каралеўства — П’емонт, Генуя і Сардынія — ніяк не маглі ачухацца пасля канца ў 1815 годзе доўгіх напалеонаўскіх войнаў — і праз дваццаць, і праз трыццаць гадоў было тое самае. Не галота, але беднасць, не голад, але нястача. Смутна, цесна... і паўсюдныя лішнія людзі. А хто лішні — калі смутна і цесна? Не бацькі і не дзеці... але падлеткі, па пятнаццаць і больш альбо менш гадоў. Сіроты і не сіроты. — Ты чаго тут? Ты ж нічога не робіш! Ідзі сам, куды хочаш, і рабі, што хочаш, — чуе ў адным месцы. — Чаго прыйшоў?! Ты ж нічога не ўмееш! Ідзі, куды хочаш, каб цябе больш не бачыў! — чуе ў другім. Так і хадзілі. Па дзесяць, па дваццаць.. З кута ў кут і без выйсця. Паліцыя не ведала, што рабіць, і ніхто не ведаў, што рабіць. Тым болей, да гэтых беспрытульных неяк прызвычаіўся ўвесь Турын, як да спёкі летам ці снегу з дажджом зімой — і каму ў Турыне ўжо было добра, таму ў Турыне далей было добра. Нядобра ад тых валацугаў, калі палахлівых, а калі набандычаных, было аднаму ксяндзу Боску, ясная справа... Спачатку стараўся ксёндз Боска — каб да яго прыйшоў хоць адзін. Прыходзілі, елі, адаграваліся, даходзілі да людскага выгляду... і знікалі, як прыходзілі — і рэдка які хоць дробязь якую забыў прыхапіць з сабой з дома ксяндза і яго старой маці. А потым было іх двух ці трох, потым дзесяць і дваццаць, потым дом ужо не змяшчаў новых. Потым былі пошукі месца, і потым другога месца, пошукі грошай, будоўлі і направы. Паўсталі тры інтэрнаты — з класамі і майстэрнямі — і там было ўжо сто пяцьдзесят чалавек моладзі, і апекаваліся тымі інтэрнатамі святары-паплечнікі, людзі падобнага лёсу да ксяндза Боскі. Потым касцёл у дні найбольшых святаў не мог памясціць і паловы жадаючых, а быў гэта амаль выключна малады турынскі плебс, люмпен-пралетарыят... Апекуны з патрыцыянскай арыстакратыі ўжо часцей адыходзілі ад дапамогі, чым прыходзілі з дапамогай. Біскуп Турына наслухаўся, як кажуць, «рознага» і неяк заўважыў, што «ксёндз не касцёл робіць, а там нейкая Араторыя!», чытай, «вольнае таварыства»... Нарэшце, бурлівай дзейнасцю «не такога, як усе», ксяндза пацікавіліся прэфект паліцыі Турына і міністр юстыцыі. Гэтае знаёмства пацягнула новыя абавязкі — цяпер ксёндз Боска апекаваўся таксама... зняволенымі ў п’емонцкіх турмах, перапоўненых пераважна такімі ж маладымі дробнымі злачынцамі, як у яго «таварыстве». Паважныя крымінальнікі і рэцыдывісты махалі кіркой на рудніках Сардыніі, а падпольныя рэспубліканцы і карбанарыі сядзелі ў казематах каралеўскіх цытадэляў... Калі Савою і ўвогуле Еўропу перад «вясной народаў» 1848 года ўяўляюць сёння як суцэльны «змрок каталіцкай рэакцыі і засілле касцёльнага цемрашальства», то гэта вынік уплываў пазнейшай пагалоўнай асветы і «прагрэсіўнай еўрапейскай літатуры», бо тагачаснае жыццё, нават у італьянскіх каралеўствах і княствах, выглядала з дакладнасцю да наадварот — касцёлы запаўняліся ледзь на палову, і пераважна «цёмным вясковым людам», не рамеснікамі ці фабрычнымі з большых местаў, як Турын, тым болей, не мяшчанамі ці арыстакратамі з лепшых дамоў. Савойскі двор, урад і сам ліберальны кароль глядзелі на клер і Касцёл увогуле... як на «ворагаў адзінай італьянскай дынастыі», «агентаў Рыма» і асабліва ненавіснай Вены, чые войскі стаялі ў Венецыі, а князямі ў шматлікіх местах, нават у вялікай Фларэнцыі, сядзелі сваякі аўстрыяцкіх Габсбургаў. Савойскі ўрад скрозь пальцы глядзеў на чым далей, тым болей агрэсіўную прапаганду «словам і чынам» паслядоўнікаў сярэднявечных «вальдэнсаў», альбо «італьянскіх пратэстантаў», якія хоць не адмаўлялі каталіцтву права на існаванне, але настойліва дамагаліся... падначалення Касцёла дзяржаве. А гэты дзіўны ксёндз Боска адрабляў там, дзе не спраўляліся паліцыя і іншыя дзяржаўныя інстытуты — хоць бы гераічны чын самога ксяндза і яго Араторыі падчас эпідэміі халеры ў 1845 годзе — і чым далей, тым болей здабываў сабе пашаны ў п’емонцкім урадзе, міністр юстыцыі Урбан Ратаццы ўжо называў ксяндза Боску сваім сябрам і дапускаў у любы час, а ў ліхалецце 1848 года і вайны з Аўстрыяй ксёндз Боска, нечакана для сябе, апынуўся ў ролі пасрэдніка паміж касцёльнымі і каралеўскімі ўладамі. Але найгорай дакучаў ксёндз Боска «новым вальдэнсам»... як выдавец, літаратар і журналіст. Нянавісць адлілася ў два начныя напады, і каб не хлопцы з Араторыі, пры ўсёй адвазе і моцы ў руках трыццаціпяцігадовага ксяндза, невядома яшчэ, ці выйшаў бы ён жывым, яшчэ двойчы ў ксяндза стралялі — раз куля абадрала валасы над скроняю, другі раз прайшла пад левым локцем, распарола сутану на ўзроўні сэрца. — Ніякай паліцыі! — кожны раз катэгарычна заяўляў ксёндз Боска. — У ідэйных спрэчках за веру паліцыя не паможа, адна Маці Божая і Яе апека... І гэта гаварыў прыяцель міністра Ратаццы! Але ксёндз помніў, што ён гаворыць. Тыя «новыя вальдэнсы» пайшлі ў пратэстанты... з каталіцкіх семінарый, а самыя зацятыя паспелі нават атрымаць і скласці святарства. Хто аднойчы лёгка «памяняў веру», той яшчэ лягчэй памяняе яе другі раз. Пратэстанцтва ў П’емонце нават, не гаворачы пра патрыярхальны італьянскі Поўдзень, не мела будучыні, бо тут не было мяшчанскіх традыцый, як у Нідэрландах ці Нямеччыне, а цяпер была проста мода на пратэстанцтва, якую занеслі з таго боку Альпаў маладыя фабрыканты Турына і Мілана, бо гэта яны фінансавалі «вальдэнсаў» ды іх... «бясплатныя выданні», дзе замест «свае слушнай навукі» была нават не крытыка, але адна знявага Касцёла. А мода гэта не вера — пройдуць грошы, пройдзе мода... Забягаючы наперад, заўважым адразу, што калі толькі змянілася палітычнае становішча і адпаведна палітычныя густы тых фабрыкантаў, «вальдэнсаў» перасталі фінансаваць, пасля чаго ўвесь «італьянскі пратэстантызм» згас яшчэ хутчэй, чым быў загарэўся. Божа мой, чаго толькі не было за тыя трыццаць з лішкам апошніх гадоў! Цяпер не пазнаць новы прамысловы Турын, цяпер незалежная Італія, цяпер... і Касцёл іншы, і сам ксёндз Боска іншы, бо гэта адна легенда ідзе за ім па свеце, што ксёндз той самы, бо цвёрды ў веры. Вось менавіта! Не бывае веры без розуму, і хто не здольны і не жадае бачыць іншыя свет, час і народ, той не цвёрды, а сляпы і спалоханы... І губіць веру сваёй слепатой! Чаго толькі не было... Быў высланы біскуп з Мілана і гадоў дваццаць (!) жыў у французскім Ліёне — а то яшчэ за часоў Караля Альберта — з Араторыі вырасла Салезіянскае Таварыства, была пабудова «трох вялікіх базылікаў», былі граф Кавур, кароль Віктар Эмануіл, генерал Гарыбальдзі, усемагутны міністр Крыспі, нямецкі канцлер граф Бісмарк... Была экспедыцыя на Сіцылію «тысячы» і вызваленчая вайна з Аўстрыяй, потым французскія войскі ў Рыме, потым выгнанне з Рыма Святога Айца, секулярызацыя, канфіскацыя, «вялікая эміграцыя», вялікія фанатыкі з абодвух бакоў, адны «патрыёты Касцёла», а другія, бачыце, «патрыёты Італіі», як быццам так цяжка пагадзіць адно з другім, як быццам Італія разбагацее без Касцёла, а Касцёл многа прыдбае без Італіі... Цяпер і смех, і грэх спамінаць самому, з чаго пачалося тое «новае паразуменне» з кампрамісам. Не хацеў Крыспі згаджацца ні на якіх новых біскупаў, а трэба ж было прызначыць не двух і не трох, а больш за паўсотні, і адкрыта тлумачыў ксяндзу Боску, што за вызваленчую вайну... запазычыліся немцам, а ў Бісмарка свае нелады з Касцёлам, Kulturkampf, і што ён, Крыспі, помніць і пра сваё падполле, і пра Араторыю, дзе ксёндз Боска хаваў яго ад паліцыі, але ж... але ж палітыка, дарагі мой ксёндз! Палітыка... Гэта толькі здаецца, што ў Італіі я магу ўсё, а магу не больш, чым магу. І тое самае Пій IX, маўляў, кардыналы, кардыналы... І ксёндз Боска абодвум параіў тое самае. Няхай кожны складзе свой спіс — не біскупаў, а кандыдатаў — і біскупамі будуць, адразу і адначасова, прызнаныя і ўзгодненыя тыя, чые імёны акажуцца ў абодвух спісах. Святы Айцец нічога не сказаў, а міністр Крыспі аж засмяяўся: «Божа мой, як проста! Чаму я сам не дадумаўся?!»... Гэта цяпер усё проста. Гэта цяпер «прынцып двух спісаў» паўсюдны ў дыпламатыі, палітыцы, нават фінансавых і банкавых справах, а дваццаць гадоў назад да таго дадумаўся адзін «дзіўны ксёндз»... А бо не бойся думаць — розум ад Бога! Проста і ясна бывае потым, калі ўжо зроблена. Хоць так перад самім сабой, то не разумееш, калі і як столькі паспеў. Неяк маладыя ксяндзы падлічылі, што восемдзесят тысяч чалавек прайшлі праз цябе толькі ў салезіянскіх школах, майстэрнях, рэдакцыях, друкарнях, вандроўках, рэкалекцыях... І калі ты напісаць столькі паспеў?! Тым болей, пісаць не збіраўся, жыццё прымусіла... Былі проста абвесткі, потым афішы — калі і якія Імша і казанне. Потым лісткі са словамі казання, бо людзей твой малы касцёл ужо не змяшчаў, і не ўсе чулі, бо многія пад касцёлам стаялі. Потым пра цябе сталі гаварыць, што каму да галавы прыходзіла, як пра святога і злодзея разам... і першую большую працу прыйшлося пісаць як свой жыццярыс. Хто ты сам і адкуль, што робіш і для чаго так робіш. Потым быў альманах «Адукаваны каталік». Потым календары, параднікі, падручнікі, нават даведнік пра метрычную сістэму мераў, на якую ў той час пераходзіла краіна... Бо гэта патрэбна было людзям, а гэтага ніхто не рабіў. Ні ліберальныя міністры, ні універсітэцкія прафесары, ні крыклівыя пратэстанты... Цябе і ў касцёле шмат хто папракаў, што ганяешся за простай выгодай, займаешся быле чым і адразу ўсім, а не Словам Божым і Хрыстовай навукай... А ці ж не навука тое, што патрэбна было людзям? У іх штодзённым жыцці, найвялікшым дары Пана? Потым сам не заўважыў, як напісаў тоўстыя кнігі «Святая Гісторыя», «Гісторыя Італіі», «Гісторыя Касцёла»... Бо ці гэта не было патрэбна людзям у тым самым штодзённым жыцці? Навошта тое жыццё, калі чалавеку нічога не трэба, абы дзень да вечара, а ў галаве адны свае і суседскія грошы, якія спаць не даюць. A propos, пра грошы. Божа мой, як гэта ўсё ўдалося пусціць у друк і не ашалець! Лепей не спамінаць.. Так ці не так думаў ксёндз Боска ўвесь люты 1883 года ў старадаўняй Ніццы над берагам мора. Тут чалавек, які ні дня за ўсё жыццё не прабыў без працы, затрымаўся раптам на цэлы месяц... Чаму? Бо Парыж проста так не возьмеш; каго там толькі не было, а чаго дабіліся? Пабылі і паехалі назад пахваляцца ў сваіх правінцыях, што ў Парыжы былі... А ксёндз ехаў на працу, і не проста збіраць грошы на свае школы для сіротаў, хоць гэта была афіцыйная мэта выправы, але надаць розгалас Таварыству салезіянаў, на якое ксёндз Боска паклаў пяцьдзесят гадоў (!), альбо ўсё жыццё, паказаць «сталіцы свету», што такое сучасны Каталіцкі Касцёл, для чаго і каму патрэбная вера і навука Хрыста ў тым свеце, дзе ўжо святкавалі перамогу атэізм і рацыяналізм, а на чарзе былі сацыялізм з лібералізмам. Гэта была апошняя і самая важная місія ксяндза Боскі, і перад ёю патрэбны быў спакой, каб пазбірацца з думкамі... і паправіць здароўе, а таксама... добра папрактыкавацца ў французскай мове. Сталіца свету любіць, каб пад яе падладжваліся ва ўсім, найперш у мове, бо ж толькі сталіца «гаворыць правільна», а іншыя не... Але месяц у Ніццы напрадвесні 1883 года ксёндз Боска зусім не адпачываў, бо проста не ўяўляў сабе, што гэта значыць, а жыў таксама, як у сябе ў Турыне. У самым бедным пансіёне, у простым малым пакоі, заваленым поштай і кнігамі. Ксёндз быў паўсюль — на шпацырах, на закупах, у размовах і сустрэчах, з абеду да ночы пад пансіянатам збіралася капейка з багатых і бедных, якія неадкладна мусілі параіцца з ксяндзом у пільных і важных жыццёвых справах, знайшліся маткі, якія кляліся і бажыліся, што іх хворыя дзеці вярнуліся да здароўя пасля блаславення «святога ксяндза» etc, etc. Пра ксяндза Боску пачалі пісаць газеты ўсяго Лангедока і даліны Роны, а тагачасныя газеты думалі за тагачасных «людзей простых» яшчэ мацней, чым цяперашняе тэлебачанне, бо цяпер шмат каналаў і ёсць выбар, а ў той час нават у Марсэлі ці Ліёне газетаў было мала, а ў меншых местах увогуле па адной. Легенда сама ішла спераду чалавека, і гэта было першае, чаго ксёндз Боска дабіўся ад Францыі, дзе каталіцтва ад часоў Вальтэра лічылася ледзь не галоўным злом і суцэльным падманам. У сакавіку 1883 года ксёндз Боска паехаў праз Тулон, Марсэль, Авіньён — там паўсюдна было, як у Ніццы, людзі ішлі да легенды... Адна ацалелая раялісцкая газета нават напісала, што «так ехаў Напалеон у 1815 годзе» — не ў тым сэнсе, што па сваё Ватэрлоа, але як доўгачаканы. Кагосьці бракавала ў той рэспубліканскай, атэісцкай, прагрэсіўнай Францыі... У Ліёне ксёндз Боска затрымаўся даўжэй, чым на звыклы тыдзень. З трыумфам прайшоў яго даклад у Геаграфічным таварыстве, тэмай якога была далёкая Патагонія, невядомая пампа, ці «дзікая прэрыя» на тысячы міль на поўдзень ад Буэнас-Айрэса, якую так і не заваявалі гішпанскія канкістадоры за трыста гадоў. Цяпер там працавалі місіянеры-салезіяне ксяндза Боскі, там асельваліся каланісты з Сіцыліі і Паўднёвай Італіі — і даклад ксяндза Боскі цягнуўся шэсць гадзін, а Геаграфічнае таварыства пастанавіла ўзнагародзіць святара залатым медалём як «арганізатара вялікай бяскроўнай экспедыцыі» і выдатнага «географа Патагоніі». Калі ксёндз Боска справядліва заўважыў, што не быў там ніводнага дня, а толькі пераказаў працу салезіянаў, старшыня сходу ў Ліёне адказаў, што «без салезіянаў свет не ведаў бы Патагоніі, а без шаноўнага ксяндза не было б салезіянаў»... 19 красавіка 1883 года ксёндз Боска прыехаў у Парыж. А на вакзале... чакаў тлум, бо парыжскія газеты ўжо паведамілі, як «святы ксёндз» выязджаў з Ліёна — там натоўп на паўгадзіны заблакаваў цягнік, а ксёндз Боска звярнуўся да мяшчанаў са словамі «не я збаўца, бо збаўленне свету ў вашых кішэнях, але... веры замала!». У доме на вуліцы Мэсін святара чакаў такі ворах карэспандэнцыі, што прыйшлося тэлеграфаваць у Турын, каб адтуль экспрэсам выехаў яго даўні памочнік ксёндз Руа — бо абодва сакратары з тым патопам папераў проста не справіліся б. І ў Парыжы ксёндз Боска завёў свой звыклы парадак — ад шостай раніцы да апоўначы. Спакою не было, бо ж Парыж... Le Figaro: «ксёндз Боска невысокага росту, просты, сціплы, спакойны, маламоўны. Сутана хіба з саматканай тканіны, ходзіць паволі, вочы слабыя, абсалютна пазбаўлены якой-кольвек велічы, а за ім людзі і людзі...». La Clairone: «Увесь Парыж гаворыць пра аднаго правінцыйнага італьянскага ксяндза. Слава бяжыць перад ім — вось чалавек!». Monitor Universal: «Паўсюдна перад касцёлам, дзе вядома, што ксёндз Боска будзе служыць Імшу, збягаецца натоўп і залівае вуліцы, скверы, брамы, вокны. За дзве гадзіны да Імшы няма месца, дзе стаць чалавеку!». Le Universe: «Парыж як аслупянеў! Такога яшчэ не было. Сталіца другі тыдзень прагне аднаго — чуць і бачыць ксяндза Боску. А яшчэ месяц таму ніхто не чуў гэтага прозвішча. Потым з’явілася кніжачка з жыццярысам, якую чытаў з усмешкай, а сягоння гэта самы вядомы чалавек у Парыжы. Гэты ксёндз паўстаў як самы лепшы адказ паўсюднаму атэізму, чые носьбіты зарана абвясцілі сябе адзінымі збаўцамі народу, да якога большасць з іх не мае насамрэч ніякага людскага спачування... Гэты святар суцяшае, напаўняе адвагай, спакойна і годна ідзе праз наш ашалелы свет. Усім цікавіцца, усім радзіць, усіх суцяшае, усім патрэбны...». — Каб тут было сем сакратароў, то не далі б рады з тым Парыжам, — пісаў у Турын ксёндз Руа. На размову да ксяндза Боскі запісваліся ў чаргу за два і за тры дні, стаялі ноч, каб атрымаць нумарок. Само сабой, што ўсіх прыняць ён бы не здолеў, і не ўсіх пускалі з гэтай прычыны, і для таго спроба прыйсці in cognito не атрымалася ў Віктора Гюго, і «жывы класік» ды «сумленне нацыі» назваў сябе і падаў візітную картку. Але быць праведзеным па-за чаргою не пажадаў і тры гадзіны чакаў у прыходні... — Прыйшоў да ксяндза як да калегі, — пачаў Гюго. — Нічога не чуў пра вас раней, але цяпер узяў вашы кнігі і паглядзеў, што пішаце вы проста і для людзей простых... І людзі гэта чуюць, бо ўвесь Парыж тут, хоць наўрад ці Парыж чуў пра ксяндза раней больш за мяне! — Парыж — вялікі горад, — адказаў ксёндз Боска. — Шмат спраў, шмат людзей, каб пра ўсіх чуць і бачыць... Людзі звычайна ходзяць адзін да аднаго альбо з просьбамі, альбо ў грашовых патрэбах, альбо да споведзі. — Да споведзі?! — здзівіўся Гюго. — Але ж я прыйшоў не да споведзі! — Але ж не з просьбай і не пра грошы пагаварыць, — сказаў ксёндз Боска. — А проста размова — гэта споведзь... Не налягаю, каб пан высыпаў на мяне свае грахі, але падазраю, што рана ці позна пяройдзем на рэлігію і веру, на лібералізм і сацыялізм ці на тое, што такое прагрэс і каму ды навошта сёння патрэбны Касцёл?! — Ксёндз будзе палемізаваць са мной пра Касцёл?! — Чаму ж так адразу — палемізаваць? — сказаў ксёндз Боска. — Наадварот, хацеў бы паслухаць. Напрыклад, навошта пану касцёл... Бо мяне ў касцёл прывяла маці, і ксяндзом я стаў, бо так Пан Бог захацеў. — Я не веру ў Бога! — сказаў Віктор Гюго. — Нічога дзіўнага, — пасміхнуўся ксёндз Боска. — Пан Бог стварыў гэты свет так, як стварыў. І далей не мяшаецца ў нашыя справы... Далей чалавек сам сабе радзіць і сам сабе шкодзіць. — Калі б Бог існаваў, то не дапусціў бы таго, што робіцца на зямлі, — сказаў Гюго. — А што робіцца на зямлі? — здзівіўся ксёндз Боска. — Ці ўжо канец свету?! Насамрэч усё добра, асабліва ў Парыжы... Адзін суцэльны прагрэс. — Свабода, роўнасць, братэрства... — мрукнуў Гюго. Ксёндз засмяяўся. — Калі мы гаворым пра літаратуру, дарагі пане Гюго, то гэта нейкі плагіят Тройцы... Свабода, роўнасць, братэрства... На мой розум, плагіят павярхоўны і нават бяздарны. Бо Айцец, Сын і Святы Дух — Адзіныя ў Адным, а свабода, роўнасць і братэрства супярэчаць адно другому — калі яны ў адным. — Ідэалы былі скажоныя, — запярэчыў Гюго. — Іх не зразумелі! Іх перахапілі прайдзісветы! Гуманісты і асветнікі хацелі як найлепей, але грамадства не дасягнула яшчэ належнага ўзроўню... — ... і маем тое, што маем, — заключыў ксёндз Боска. — Ці не будзе ксёндз так ласкавы патлумачыць, як гэта свабода, роўнасць, братэрства адно другому пярэчаць? — сказаў Гюго. — Як можа быць чалавек шчаслівы, калі ён паднявольны, калі ён пазбаўлены ўсялякіх магчымасцяў і калі ён выкінуты ў свет, як адрынуты?! — А таму, што братэрства — гэта адны толькі вечныя абавязкі, дарагі пане Гюго, — сказаў ксёндз Боска. — І наіўны той, хто спадзяецца на чалавечую падзяку ці хоць бы простую любоў да сябе ў адказ на сваю братэрскую міласць і ласку да бліжняга... Таму, што свабода добрая хіба што для людзей багатых, а бедныя людзі маюць адну свабоду выбару, часта толькі адзін раз у жыцці, і то яшчэ добра, калі маюць... А следам за выбарам на галаву высыпаюцца адны абавязкі. Адзінае адрозненне вольнага ад паднявольнага ў прыродзе абавязкаў — адзін сам сабе выбраў долю, другому накінулі, трэці меў прыроджаную. Так раб, так кароль... А наконт роўнасці я сумняваюся, дарагі пане Гюго, бо роўныя могуць быць хіба што Пана ласка і міласць, ну, няхай яшчэ ліберальныя правы і свабоды... Людзі роўнымі не бываюць, нават па смерці. Бог стварыў людзей рознымі, а не роўнымі... І мне страх падумаць, пане Гюго, пра той час, калі прагрэс параўняе з усімі ўсіх! — Як гэта? — перапытаў Гюго. — А як параўняць высокага з маларослым?! — ксёндз ажно пасунуўся ў крэсле. — Адсячы галаву! А светлую галаву з пустой?! Выбіць мазгі! А бедных з багатымі?! Учыніць рабунак, гулянку... і паўсюдны голад з галечай! А ўладу з народам?! На бандытаў і ахвяраў! На дзікіх звяроў! Але нават звер прызнае абавязкі і мілуе меншых у статку, і шануе лепшых! Гэта ўсё ўжо было. Лібералізм, сацыялізм, камунізм нават... — Мор і Кампанэла... — пачаў Гюго. — Якія там Мор і Кампанэла! — горача перабіў ксёндз. — Кніжкі пісалі ў вольны час, як пан і я... Саванарола! За тры месяцы прапіў, праеў, ашчаслівіў і зруйнаваў Фларэнцыю, якую стваралі трыста гадоў! Крывёй і потам, душой і розумам! А так было ў яго ўсё проста — ні багатых, ні бедных... — Чалавек створаны свабодным, — паціснуў плячыма Гюго. — А ў ксяндза выходзіць, што свабода — бяда і гора. Ксёндз Боска ўважліва паглядзеў на пісьменніка. — Калі не памыляюся, пад суд за прапаганду эвалюцыі Дарвіна ў свабоднай Амерыцы школьных настаўнікаў цягнуць не ксяндзы з біскупамі, але скрайнія пратэстанты. Гэтак думаюць абараніць Пана Бога і Яго найвялікшы твор... Пра якога свабоднага чалавека пан гаворыць, пра homo sapiens? Хто навучыўся здабываць агонь і страляць з лука? Ці пан пэўны, што той чалавек, які жыў, як звер, і быў зверам, быў свабодны? Адкуль мы ведаем, ці ён так прагнуў той свабоды, блізка штодзённай смерці ад голаду і холаду? Катэгорыя свабоды ёсць толькі там, дзе няволя... А няволя — гэта чыста чалавечае вынаходніцтва, як і свабода. У прыродзе бывае жыццё і бывае смерць. Свабода, роўнасць і права на шчасце — гэта чалавечыя выдумкі. Так паміж намі, пане Гюго, не праца стварыла сучаснага чалавека і нават не лепшая здольнасць да забойства, чым у другіх звяроў... — Але як можна! — не стрымаўся Гюго. А ксёндз толькі лёгка, як у школьным класе, прыўзняў правую руку і працягваў далей. — Мы пакуль што гаворым пра тых, каго белы чалавек лічыць дзікунамі. Чаму? Таму што дзікуны не вынайшлі дзвюх рэчаў, на якіх стаіць наша еўрапейская цывілізацыя. Гэта рабства і грошы. Чалавек у скуры і з лукам стаў сучасным чалавекам, калі змусіў да працы іншага, замест таго, каб забіць і зжэрці яго, калі з чужой працы займеў лішак і абярнуў яго ў абмен на другі лішак з другім чалавекам. Так паўсталі гандаль, вайна, улада і ўсё астатняе. Вось аснова нашай цывілізацыі — рабства і грошы... Гэта страшна, але калі раптам «адмяніць» рабства і грошы, то знікне ўсялякі лішак, вернецца існаванне на мяжы смерці, канібалізм, і чалавек ізноў будзе зверам, толькі што ў звярынай скуры і з паляўнічым лукам... Віктор Гюго ашаломлена маўчаў. — За вышэйсказанае я толькі што атрымаў у Ліёне залаты медаль Геаграфічнага таварыства, — усміхнуўся ксёндз Боска. — Як выдатны даследчык дзікай Патагоніі, этнограф і антраполаг... Адным словам, чалавек прагрэсу. Але для такога адкрыцця я мог і не пасылаць салезіянаў на другі канец свету. Дастаткова было сядзець у Турыне і перажываць там чатыры ці пяць рэвалюцый ці эвалюцый — нацыянальную, сацыяльную, маральную, рэлігійную, навуковую, прамысловую... — Ці мы далей гаворым пра літаратуру? — паўжартам спытаў Гюго. — Так, — сказаў ксёндз Боска. — Бо спачатку было Слова... — І Слова было ад Бога, і Словам быў Бог, — закончыў Гюго без свае звыклай іроніі. Бо іранізаваць над Богам вялікі майстар слова мог сабе дазволіць, але іранізаваць над Словам не выпадала, іначай кім бы ён быў... — І для таго Езус ратуе наш свет, — сказаў ксёндз Боска. — Бо спачатку было Слова, таму Сын Божы стаў чалавекам. Бо самі людзі першы раз заблыталіся ў чатырнаццаці пакаленнях, потым другі раз заблыталіся ў чатырнаццаці пакаленнях... — Але чаму ксёндз не піша раманы?! — перабіў Гюго. — Чаму ксёндз гаворыць гэта аднаму мне? — Бо няма часу, — проста патлумачыў ксёндз Боска. — Бо пан чакаў да мяне ў чарзе тры гадзіны, і яшчэ дзве гадзіны будуць ісці пасля пана... Толькі ж не зразумейце мяне так, што ўжо па размове! — ізноў прыўзняў руку ксёндз Боска, бо Гюго зрабіў такі рух, як быццам збіраўся падняцца з крэсла. — Пачакаюць... — кіўнуў ксёндз на дзверы. — Жыццё кароткае, усіх не выслухаеш.. І чаму ўсе ў гэтым Парыжы ідуць да мяне? Што каму я скажу новага пасля навукі Езуса Хрыста?! — Але ксёндз мусіць прызнаць, што не можа навука стаяць на месцы дзве тысячы гадоў, — сказаў Гюго. — Свет даўно іншы, і чалавек іншы, нават калі пагадзіцца з панам наконт свабоды і прагрэсу... — Навука пра свет ніколі не стаяла на месцы, — сказаў ксёндз Боска, — нашыя веды пра свет былі і будуць няпоўныя, гэта ясна. Таму і універсітэты, і літаратура з мастацтвам выйшлі з Касцёла... Але навука для самога чалавека нязменная з часоў Дэкалогу. Не што рабіць, а чаго не рабіць. Я ніколі не адступлю ад Касцёла і яго навукі, бо ўсе іншыя навукі вядуць у зман. Наш з панам калега па пяры, Марцін Лютар, быў вялікі чалавек і таму дапусціў вялікую памылку, калі з-пад святога Пятра і яго наступнікаў аддаў нямецкі народ яго курфюрстам... Гюго маўчаў, і толькі жалвакі хадзілі пад скурай. Лютар быў немец, а для француза Гюго разгром у вайне 1870 года быў свежай ранай. — Лютар зрабіў з хрысціянства нацыянальную веру, перамяшаў кесарава і Божае. Нацыяналізм — гэта рэлігія ўсяго прагрэсу. Сучасныя еўрапейскія нацыі паўсталі на руінах Касцёла, таму прастаяць нядоўга, няхай сто гадоў, дзвесце... — Што ксёндз гаворыць?! — ашаломлена ўсклікнуў Гюго. — Наш агульны прыяцель Ота фон Бісмарк, пане Гюго, ненавідзіць Касцёл больш, чым Францыю. Але гэта ўжо стары чалавек, як пан і я, і наперадзе ў яго альбо смерць, альбо ганаровая адстаўка... І я малю Пана Бога ўзяць мяне да сябе раней, чым нямецкія сацыялісты дамовяцца з нямецкім кайзерам! Еўропа ўбачыць такую вайну, перад якой усе «войны за веру» пададуцца дзіцячымі гульнямі, асабліва ў эпоху прагрэсу... — Што ксёндз гаворыць... — паўтарыў Гюго. — Але нацыяналізм сам па сабе гэта яшчэ не канец свету. Гэта парахункі Берліна з Парыжам ці Вены з Будапештам... І сацыялізм сам па сабе не канец свету. Сацыялісты не выходзяць за свой карпаратыўны эгаізм, там можна дамовіцца, як у Англіі — адным улада і вялікія грошы, другім заробак больш, чым у суседзяў... Але ўявіце сабе, калі нацыяналізм і сацыялізм нехта паяднае ў адно, а наш прагрэсіўны свет да таго блізкі! — Гэта немагчыма, — заматаў галавою Гюго. — Чаму? — нагнуўся ксёндз Боска да госця. — Чаму немагчыма? Гэтай хваробе дзве тысячы гадоў... Нацыяналісту толькі здаецца, што ён думае пра сваю нацыю, а сацыялісту — пра свой клас... Насамрэч ніхто ніколі так не лічыў грошай у чужых кішэнях і жаўнераў у чужых арміях, як гэта робяць нацыяналісты і сацыялісты. — Мне страшна слухаць, што ксёндз гаворыць, — сумна сказаў Віктор Гюго. — Чаму? — нечакана жорстка спытаў ксёндз Боска. І Гюго міжволі падумаў, што насупраць яго адзін з самых здольных дыпламатаў XIX стагоддзя. — Таму што правінцыйны ксёндз не спрачаецца з панам, ёсць Бог ці няма, але гаворыць пра чалавечы свет, да чаго ён дайшоў без Бога, і куды завядзе яго дарога прагрэсу?! — Свет няўмольна ідзе да лепшага, — ізноў вярнуўся да свае тэорыі Гюго, толькі з другога канца. — Калі свабодны чалавек будзе сам на сябе працаваць... — Чалавек часта не ўмее і не можа, а таму не хоча працаваць, нават ад голаду. Будуць красці і пабірацца, быле нічога не рабіць. Паглядзіце хоць на арыстакратыю, нашу і вашу... У пана рамане «1793 год» армія забівае ў Вандэі цёмных сялянаў, бо яны не вераць у рэвалюцыйны Парыж, а вераць у Бога, у якога не верыць пан. Няхай сабе. На вайне як на вайне... А мне трапіла ў рукі кніжка пра тую рэвалюцыю 14 ліпеня 1789 года нейкага рускага князя Карамзіна, і той адзін напісаў, з чаго яна пачалася. «Гэта было са мною ў той дзень, калі ў Парыжы палілі ў Бастыліі каралеўскі архіў, з усімі рэвізскімі паперамі, хто колькі накраў...». Рэвалюцыю пачалі і свабоду, роўнасць ды братэрства прыдумалі тыя арыстакраты, як граф Мірабо ці генерал Лафайет, хто самі і іх сваякі пражылі сваё, чужое, пазычанае і крадзенае... Збанкрутавалі! І што далей было ім рабіць?! Ехаць у Амерыку, карчаваць дзікі лес і сеяць?! Прасцей учыніць рэвалюцыю і перавярнуць свет, чым змяніць самога сябе, дарагі пане Гюго... Але я ізноў адхіліўся, бо стары і ўсё забываю. Вось што я хацеў сказаць пану... Самы кепскі і гадкі герой з усіх створаных панам — гэта Гаўрош. У вялікага Віктора Гюго вочы на лоб палезлі: — Тым кепскі, — патлумачыў ксёндз Боска, — што адважны, смелы, палез у пекла з барыкады, куды героі баяліся, і там загінуў, а дзеці не на барыкадах павінны гінуць, а хадзіць у школу і ў касцёл. А тым гадкі, што гэта будзе школьны персанаж і прыклад, і на ім будуць гадаваць новых гаўрошаў на людабойню... У салезіянскія школы я гэты раман не пушчу, а яшчэ пастараюся, каб ні ў якія школы не трапіў. Не ў маіх тое сілах, але ўсім аматарам пана творчасці і высокіх ідэалаў увогуле будзе прычына лішні раз пагаварыць пра цэнзуру і цемрашальства. Гюго не сказаў нічога. Потым лёгка і мякка, як гэта ўмеюць французы, перавёў размову на асобу самога святара і яго дзейнасць ды творчасць і нарэшце развітаўся як самы мілы і даўні прыяцель... — Адняў паўгадзіны, на школы не даў ні франка, — сказаў ксёндз Руа, як усё роўна дзверы зачыніў. — І не спалохаўся, што Гаўроша адлучаць... Але ксёндз Боска глядзеў услед вялікаму госцю іначай. — Віктор Гюго — гэта імя. Калі толькі газеты напішуць, а напішуць, бо нідзе не падзенуцца, што Гюго быў у салезіянаў, то шмат хто захоча ў нас быць за ім следам... Так што будуць людзі, а ў людзей будуць грошы. Прасі наступнага... Ксёндз Руа толькі галавой пакруціў і выйшаў у прыёмны пакой. Праз тры дні Віктор Гюго прыйшоў другі раз, але пра што яны гаварылі ізноў, калі ўжо ўсё было, здавалася б, перагаворана, таго пані Гісторыя не ведае — бо кожная размова то споведзь. Толькі вядома, што праз кароткі час Віктор Гюго троху перамяніў спісаны раней тэстамэнт, і там з’явіліся загадкавыя словы: «Не прашу, каб маліліся за мяне ў касцёлах. Маліцеся ў душы. Так, як я сам верыў у Бога...». Вянцом побыту ксяндза Боскі ў Парыжы было яго казанне пра ідэю і дзейнасць салезіянаў у касцёле святой Магдалены на Place de la Concorde 15 мая 1883 года. Там, разам з арцыбіскупам Парыжа кардыналам Жыльберам, яго слухалі тысячы людзей. Што праўда, словы ксяндза Боскі не засталіся ў парыжскіх газетах — тыя больш пісалі, што такой моднай Імшы не было з часоў каранацыі імператара Напалеона І у 1804 годзе і што на дапамогу салезіянскім школам толькі ў адзін гэты дзень было сабрана 100 тысяч франкаў, а ў Парыжы гэты «дзіўны ксёндз» быў цэлы месяц... Ксёндз Ян Боска памёр у доме салезіянаў у Турыне 31 студзеня 1888 года, пражыў 72 гады і 5 месяцаў, урачыстасць кананізацыі святога ксяндза Яна Боскі адбылася на Вялікдзень 1934 года. «Агонь прыйшоў Я кінуць на зямлю і як жа хачу, каб ён ужо разгарэўся...» (Лк 12, 49).
|
|
|