Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
2(40)/2007
Галерэя
Год паклікання да святасці

INVICTI ATHLETAE CHRISTI

СВЯТЫ АНДРЭЙ БАБОЛЯ НА АБРАЗЕ ХЕНРЫКА МУСЯЛОВIЧА

МАЛІТВА ДУШАЎ

СВЯТЫ АНДРЭЙ БАБОЛЯ
На кніжнай паліцы
Ad Fontes

СЬЛЕДАМ ЗА ХРЫСТОМ
Падзеі
Пераклады

РАДЗІВІЛІЯДА

КАРАЛАМАХІЯ

БАГІ ПАГАНЦАЎ
Юбілеі
Пераклады

НА ЖЫЦЦЁ МАДОННЫ ЛАУРЫ
Вера & Cultura

КРЫЗІС ІДЭНТЫЧНАСЦІ
Інтэрв'ю
Практыкум

ПРАРОК САФОНІЯ
Паэзія

ВЕРШЫ
Проза
Эпісталярый

ЛІСТЫ ДА ДАНУТЫ БІЧЭЛЬ
Асвета

Наталля Арсеннева (20.09.1903–25.06.1997) — беларуская паэтка, перакладчыца, аўтарка словаў песні-гімна «Малітва» («Магутны Божа, Уладар Сусвету...»), музыку да якога напісаў кампазітар Мікола Равінскі. Песню на яе верш «У гушчарах, затканых імглою...» моладзь Заходняй Беларусі лічыла сваім гімнам.

Нарадзілася Н. Арсеннева ў Баку, вучылася ў Віленскай беларускай гімназіі, у Віленскім універсітэце. Як жонка польскага афіцэра Францішка Кушаля была высланая ў 1940 г. у Казахстан, але вызвалена ў маі 1941 г. па хадайніцтве Максіма Танка ад Саюза пісьменнікаў. Вайну перажыла ў Мінску. З 1944 года жыла ў эміграцыі, у Нью-Ёрку, Рачэстары.

Напісала кнігі вершаў «Пад сінім небам» (1927, Вільня), «Між берагамі» (1979, Нью-Ёрк).

 
Наталля АРСЕННЕВА

ЛІСТЫ ДА ДАНУТЫ БІЧЭЛЬ

8.01.1988 г.
Даражэнькая Данута!

Вярнулася ад знаёмых з Канады ў мінулым тыдні, заспела Ваш ліст, ён чакаў мяне тут амаль тры тыдні, дык спяшаюся адказаць.

Перад усім, вельмі цешуся, што пакрысе знаёмімся, пачынаем перапісвацца, чуцца адной сям’ёй. Я тут, у Рачэстары, чуюся вельмі самотнай. Беларусаў тут амаль няма. Але трымаю ўсе гэтыя амаль 20 гадоў шчыльную сувязь з Ню-Ёркам і больш-менш у курсе ўсіх нашых спраў. Жывём мы таксама вельмі сціпла і супакойна, выгадавала сыну парачку — унука і ўнучку. Але яны яшчэ не жэняцца, хоць унук жыве асобна. Унучка скончыла каледж і ўжо другі год працуе. У нашым Рачэстары жыццё плыве вельмі супакойна. Гэта досыць вялікае места, каля 300 000 жыхарства, ёсць вялікі універсітэт, палітэхніка й кансэрваторыя, але мы амаль ніякага ўдзелу ў жыцці горада не бяром. У нас тут, як для мяне, лепшыя разрыўкі — гэта возера Антарыё, колькі паркаў, якія больш падобныя да лесу, адным словам, прыгожая жывая прырода.

Ці паверыце, што ў парку, які да нас блізка, шмат грыбоў, сапраўдных «нашых» баравічкоў! І наогул, вакол вельмі прыгожа, не верыцца, што жывём у такім вялікім месце. Больш пакуль што нічога не пішу. Калі гэты ліст атрымаеце, напішу больш.

Н. А.*      

 
1.11.1988 г.
Даражэнькая Данута!

Даўно ўжо, яшчэ ў верасні, атрымала ад Вас другі ліст, ішоў ён вельмі хутка, а не адказвала я таму, што чакала адбіткаў Вашых вершаў з цыклю «Эўфрасінні Полацкай», якія мне абяцалі прыслаць з Ню-Ёрку, а тады рыхтаваліся да гэтак званай Сустрэчы Беларусаў, якія адбываюцца тут што пару год. Сёлетняя, найбольшая, прыехалі на яе людзі з усяе Амэрыкі, з Эўропы, нават далёкай Аўстраліі. Супала наша сустрэча з 1000 хрысціянства на Беларусі. У сувязі з гэтым беларусы Амэрыкі выдалі паштоўку Крыж Эўфрасінні, якую пасылаю ў гэтым лісце Вам, а ну ж дойдзе. Гэта была б цудоўная ілюстрацыя да Вашага верша «Крыж».

У праграме сустрэчы было высвячэнне з гэтае нагоды вялікага драўлянага Крыжа ў Прошчы, якіх 200 кіламетраў ад Таронта ў Канадзе.

Тут некалі, яшчэ ў пачатку мінулага стагоддзя, мясцовыя індыяне замучылі і забілі двух французскіх манахаў — місіянераў, Канада тады належала Францыі. З гадамі гэты прыгожы ўзгорак над лясамі й вазёрамі стаўся прошчаю, куды прыходзілі людзі са сваімі бедамі і просьбамі, маліліся. Ля падножжа ўзгорку вырас гарадок. У самой прошчы пабудаваная вельмі вялікая і прыгожая капліца. А тады эмігранты з усяго свету пачалі будаваць і стаўляць у памяць сваіх пакінутых родных краінаў на гэтым узгорку свае Крыжы і помнікі.

Цяпер ёсць 40 гэткіх памятак, не было толькі беларускай. І вот сёлета ўдалося сабраць грошы й паставіць на самым шчыце ўзгорку й беларускую памятку — высокі Крыж, вельмі прыгожы, хоць просты, драўляны. Выглядае ён цудоўна, а ўнізе — лясы і азёры.

Сустрэча трывала 2 дні, а на 3-ці паехалі ў Прошчу асвяціць Крыж «За долю й шчасце Беларусі». Суседзямі нашымі крыху ніжэй Югаславы й Філіпінцы. Пасылаю Вам прысвечаны гэтай урачыстасці верш, які, як і Ваш, называецца «Крыж». Быў на сустрэчы Сакрат Яновіч з жонкай Таняй з Беластоку, быў ён і ў Прошчы. Прыязджалі ў ЗША Оля Корбут з мужам. Данчык, унук мае найбліжэйшай сяброўкі Яні Каханоўскай (з Луцкевічаў), якая жыве ў Ню-Ёрку, ездзіў з імі па Амэрыцы як перакладчык. А вось і мой верш:

 
Крыж

Як вокам скінуць — сцяг пушчаў сініх,
за пушчай далеч яшчэ сіней,
А тут, на ўзвышшы, стаіць над імі
наш Крыж прыгожы, маўляў у сне...

Шмат чулі свету Крыжы маленняў,
шмат просьбаў, выкаваных бядой,
прыйшлі мы ў Прошчу сагнуць калені,
свяціць не нечы ўжо Крыж, а свой.

«Зрабі свабоднай, зрабі шчаслівай
краіну нашу...», — маліўся хор,
і ўторыў натаўп, і спелай нівай
хінуўся, ветру наперакор.

А вецер дужаў, кудысь аблокі
зусім па-восеньску ўжо, плылі,
маўчала Прошча, унізе ж далёка
сінелі зараснікі й палі.

— Магутны Божа, — без слоў прасілі
мы ўсе, а рукі узняўшы ўвыш,
стаяў нязрушна на ўзгорку схіле
ён, гэткі родны ўжо сэрцу Крыж.

...
Тут дождж на ймгненне каменне спляміў,
рассыпаў кроплі ў траве, ў лісці.
Няйнакш — і Нехта дзесь там, над намі,
наш Крыж вадою святой хрысціў.
5.09.1988

Калі мой гэты ліст атрымаеце, зараз адпішыце, хацелася б, каб Вы атрымалі паштоўку. А пакуль што, бывайце здаровы.

Вашая Н. А.      

 
Рачэстар 22.10.1989 г.
Даражэнькая Данута!

Не крыўдуйце на мяне, што гэтак доўга не адпісвала на Ваш ліст, але мае хатнія абставіны гэтак склаліся, што ўсё давялося адкласці набок. Справа ў тым, што жыву я з сынам. 20 год таму давялося мне кінуць усё наладжанае жыццё ў Ню-Ёрку, кватэру, працу, сяброў і ехаць да сына ў Рачэстар — ён застаўся з двума нялетнімі дзецьмі на руках пасля смерці жонкі й прасіў мяне дапамагчы яму з імі. Ён у мяне застаўся адзін (старэйшы загінуў у часе вайны ў 1943 годзе), й я не магла яму адмовіць, кінула ўсё й прыехала да сына, выгадавала дзяцей (хлопцу было тады 8, а дзяўчыне 4 з паловай гады), і вось ужо і сын праз колькі месяцаў выходзіць на пенсію (яму якраз споўнілася 65 год), і дзеці выраслі, але й мне ўжо мінула 20 верасня 86 год!

Так што здавалася б цяпер я магла б ужо ўздыхнуць свабодна, але насунулася іншая бяда: бацькі мае нябожчыцы нявесткі, якія жылі дагэтуль у добрым здароўі ў Флярыдзе і якіх мы наведвалі штогод у іхняй там блізу курортнай мясцовасці (ім аднаму 86, а другому 82 гады), раптам пачалі хварэць, і мне давялося туды ехаць іх даглядзець, бо сын мой не мог кінуць працы, а ўнучка таксама працуе, ды й што яна там магла б дапамагчы.

Вось я й была там усё лета, справы ў іх зусім дрэнныя, чым гэта ўсё скончыцца, не ведаем, а тут — захварэла ўнучка — на ейную машыну, калі яна ехала з працы, наехаў нейкі п’яніца, і ў выніку ў ейнай спіне пашкоджаны 4 пазванкі, боль быў страшэнны, не магла ні сядзець, ні ляжаць, цэлы месяц не працавала. Цяпер лепш, ужо працуе, пакуль што паўдня, але я зноў занятая хатняй працай і ўсімі справамі, не гаворачы ўжо аб маральных перажываннях. Я, ведама, не скарджуся, у жыцці ж усяк бывае, але ўсё ж лепш, каб усіх гэтых клопатаў не было.

Але цяпер, даражэнькая, ужо купіла вялікі канверт і бяруся высылаць Вам маю кніжку, тым больш, што ў міжчасе выйшаў дазвол на перасылку ў СССР літаратуры (кніг, журналаў і г. д.). На мінулым тыдні атрымала ліст з БССР ад В. Аксак, між іншым, яна піша, што бачыла й чытала маю кніжку «Між берагамі», — «добрыя людцы далі пачытаць», — яна піша. «Між берагамі» выйшла ў свет 10 гадоў таму невялікім тыражом і засталося іх ужо вельмі мала, у мяне асабіста ўсяго 3 экземпляры, адзін пасылаю Вам. Рэшта, колькі іх там ёсць, собскасць Беларускага інстытуту навукі і мастацтва ў Ню-Ёрку, старшыня Вітаўт Кіпель. Ведаю, што ён выслаў у Менск пару разоў па 5 кніжак, і яны там ходзяць па руках, «добрыя людцы даюць чытаць», як піша Валя Аксак.

У нас сёлета было вельмі гарачае й засушлівае лета, дык грыбоў, на жаль, не было зусім. А цяпер ужо запраўдная восень. Дрэвы стаяць усе ў золаце й гэта прыгожа, што аж сэрца сціскаецца!

Вашая Н. А.      

 
10.02.1991 г.
Даражэнькая Данута!

Учора атрымала ад Данчыкавай бабці, а маёй адзінай запраўднай сяброўкі Яні ліст і Вашу кніжку «А на Палессі». Пакуль кніжка да мяне нарэшце трапіла, мінула гэткім чынам шмат месяцаў. Яна піша, што нечага шукала й знайшла яе на дне бюрка. Відаць, Данчык, якому кніжку перадала Вера Бартуль, паклаў яе яшчэ ўлетку ў шуфляду й забыўся аб ёй. Ведама, «у маладых вецер у галаве», — як Яня піша. Вельмі цешуся, што кніжка ўсё ж у мяне ўрэшце рэштаў, вельмі Вам за яе дзякую. Мне вельмі падабаюцца Вашыя вершы пра нашую даўніну, пра Эфрасінню Полацкую, пра Усяслава Чарадзея, Лазара Богшу... Як шкада, што Вас не было на сустрэчы беларусаў у Кліўлендзе сёлета. Гэта была запраўдная сустрэча пасля столькіх год накіданай нам варажнечы, зялезных заслонаў, маны... Я ўсяго пару тыдняў па досыць цяжкае аперацыі, усё ж наважылася таксама пацягнуцца на сустрэчу і не шкадую, бо так цудоўна было пачуцца й нам і нашым сябрам — беларусам з-за мяжы, з Менску, адным непадзельным цэлым, дзецьмі аднае Бацькаўшчыны — Беларусі!

Сустрэча аднак мінула й засталіся адно ўспаміны. Невясёлая штодзённасць. Увесь апошні год крыху хварэю, прычапілася нейкая трасца з роду вірусавых захворванняў, чхаю, кашляю, глытаю антыбіётыкі, а хвароба трымаецца. Ну, можа, як прыйдзе вясна, пацяплее, пачуюся лепш, увесь вольны час аддаю перапісцы, адказам на лісты з Беларусі, а таксама з Польшчы... Дзякуй Богу, што памяць мая яшчэ добра служыць, хоць мне ідзе ўжо 88 год. З гэтае прычыны не крыўдуйце, калі не заўсёды мо’ у пару адказваю на лісты, а з кожнага Вашага ліста вельмі цешуся, бо веру, што жыве Беларусь і будзе жыць.

Вашая Наталля Арсеннева      

 
Травень-чэрвень 1991 г.
Даражэнькая Данута!

І з вялікім спазненнем адказваю на Ваш ліст... Крыху хварэла сама. А тут у мае ўнучкі — яна са мной жыве — лекары знайшлі дыябет і астму... Ну, але, як кажуць, Бог не без міласці. І лекары абяцаюць яе падлячыць.

У нас сёлета была вельмі цёплая вясна, а цяпер вельмі сухое і гарачае лета. Трава пасохла, ужо не зялёная, але жоўтая і рудая, як у Афрыцы. Грыбоў сёлета не будзе зусім, так што і на гэтую прыемнасць — збіранне грыбоў — спадзявацца не даводзіцца.

Хіба пад восень, калі раздажджыцца, нейкі спрытнейшы грыб высуне галоўку.

Пасылаю Вам мой верш «Чарнобыль», ён быў змешчаны ў апошнім нумары тутэйшай беларускай газеты «Беларус»...

Атрымліваю лісты з Беларусі, просяць маіх кніжак і фатаграфіяў — а іх і я не маю. Вайна заспела мяне ў хворай мамы ў Вільні, мы жылі тады з мужам і хлопцамі ў Пултуску, там усё прапала і пагарэла ў першыя дні вайны. Тое-сёе знайшлося ў Вільні ў людзей, трохі фатаграфіяў у маміным альбоме.

Мама памерла 15 верасня, я, пахаваўшы яе, узяла альбом. Выводзячы з дому на высылку ў Казахстан, забралі гэты альбом.

Ваша Н. А.      

 
Чарнобыль (у 5-я ўгодкі)

Весні ранак. Ужо на парозе
я спыняю знянацку хаду:
надта хораша зноўку бярозы
карагоды на ўзгорках вядуць!

Іх імклівыя рукі на сіні
далячынь ткуць празрысты вузор.
Курапаты, Чарнобыль, Катыні
ім не засцяць ні вёснаў, ні зор.

Мне ж... мне мроіцца іншае ранне:
Хлопчык з пужкаю... статак... раса...
Ўпершыню ў поле выгнаў ён сёння,
красавік... Люба ў сонцы гайсаць!

Сонца ж — скрозь! Уваччу, у лазовым
жоўтым пухам прыбраным галлі,
нат у шчаснасці той без назову,
ад якое аж сэрца баліць!

І няўпрыцям нікому з худобы
чалавечай, што стоены сцень,
чорны сцень, найчарнейшы — Чарнобыль —
ужо крые, пакрыў іхны дзень.

Што з худой пастушковае жменькі
хутка выпадзе пужка, што ён,
як і безлічы меншых маленькіх,
моўчкі прымуць пакутлівы скон,

што узноў над маёй Беларусяй
прарасце, забуяе бяда,
што... ды лепей вазьму памалюся,
да людскога і свой боль дадам.

Божа, Божа! Адзіны ў сусвеце,
хто ўсё знае, усё можа, — зрабі ж,
каб за нас не пакутвалі дзеці,
не яны каб, а мы неслі Крыж!

 
20.01.92 г.
Даражэнькая Данута!

Атрымала сёння Ваш ліст, ішоў больш за месяц, але ў нас гэта не дзіва ў перадсвяточны час. Летась адзін ліст з каляднымі віншаваннямі я атрымала перад самым Вялікаднем у Вялікую Пятніцу. Спачуваю Вам, што хварэеце, бо нездароўе адбіваецца на пачуццях. Я таксама... толькі-толькі пачынаю ачуньваць ад зацяжной прастуды... А да вясны яшчэ далёка. Але дзень ужо падаўжэў на паўгадзіны — і крыху палягчэла на сэрцы. А на грамніцы, да якіх толькі два тыдні, дзень ужо прыбудзе на цэлую гадзіну! Не смейцеся з мяне, але я заўсёды адчувала і адчуваю лучнасць з прыродаю і залежнасць ад яе. Таму і трываю тут.

... Мы тут перажываем, што ў Беларусі ўсё перамянілася захутка, баюся, што людзі будуць яшчэ больш пакутаваць, і таму не магу, не ўмею цешыцца, што Беларусь ужо не БССР, а Belarus, як пішуць цяпер тут газеты, і шмат хто дзівіцца, што ў маёй паэзіі я аптымістка гляджу на сучаснасць песімістычна. Ну, дай, Божа, каб усё скончылася добра. Цалую моцна.

Ваша Н. А.      

Гл. таксама:
:: «УВАСКРЭСЕННЯ СВЕТЛАЯ РАДАСЦЬ» ::


* Лісты друкуюцца з захаваннем правапісу арыгінала.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY