|
|
№
2(40)/2007
Галерэя
Год паклікання да святасці
На кніжнай паліцы
Ad Fontes
Падзеі
Пераклады
Жанна НЕКРАШЭВІЧ-КАРОТКАЯ
З ДЗІДАЙ Юбілеі
Пераклады
Вера & Cultura
Інтэрв'ю
Практыкум
Паэзія
Проза
Эпісталярый
Асвета
|
У Нясвіжы У 1622 годзе Андрэй Баболя скончыў тэалагічны факультэт і прыняў святарскія пасвячэнні. Настаяцелі накіравалі яго на так званае трэцяе паслушніцтва, якое з’яўляецца апошнім афіцыйным этапам езуіцкай фармацыі. Працягваецца яно каля года. 1 верасня 1622 года Андрэй распачаў такое паслушніцтва ў Нясвіжы пад кіраўніцтвам інструктара Філіпа Фрызіуса, доктара тэалогіі, чалавека, які карыстаўся вялікай павагай у ордэне. Гэты ж інструктар — як, зрэшты, і рэктар, і настаяцель дому — пад канец года паслушніцтва напісаў характарыстыку, якая, на шчасце, захавалася і з’яўляецца важнай крыніцай нашых звестак пра Андрэя. З гэтай інфармацыі вынікае, што Баболя прайшоў усе прадпісаныя выпрабаванні. Ён вельмі сур’ёзна паставіўся да рэкалекцый, што працягваліся цэлы месяц. У службовых працах у кухні паказваў добры прыклад і праявіў высокі ўзровень паслухмянасці. Жабрацкую пілігрымку адбыў з усёю руплівасцю. У навучанні неадукаваных людзей не выяўляў асаблівага запалу, аднак з вялікай руплівасцю і карысцю для слухачоў працаваў як вясковы місіянер. На працягу ўсяго года праявіў шмат энергіі і запалу ў працы над выкараненнем асабістых заганаў і здабываннем цнотаў, неабходных у жыцці святара езуіта. Інструктар адзначыў перадусім яго выразнае ўзрастанне любові да бліжняга, прастату і адкрытасць у паводзінах, умілаванне беднасці і прывязанасць да ордэна. Ён пазітыўна ацаніў дух малітвы Андрэя, яго пакору, паслухмянасць, сціпласць і вернасць статуту. Але, аднак, асудзіў тое, што Андрэй не вылучыўся тут з пасрэднасці. Якія недахопы заўважыў інструктар? А вось якія: раптоўныя выбухі нецярплівасці, амаль сярэдняга ўзроўню ўменне валодаць эмоцыямі, надта моцны яшчэ водгук пажадлівасці, якая праяўлялася, напэўна, у залішняй ежы і пітве, што характарызавала тагачасную польскую шляхту. Настаяцель дому, Рудзіньскі, указаў таксама на надта слабае валоданне мовай, дакладней, на парушэнне маўчання, якое было абавязковым у калегіі, а таксама на недахоп гатоўнасці быць у чыімсьці распараджэнні. Напрыклад, Андрэй выказаў засмучанасць у хвіліну, калі атрымаў распараджэнне застацца ў Нясвіжы на 1623–1624 гады. Нягледзячы на гэта, рэктар калегіі, Аландус, прызнаў яго адным з найлепшых удзельнікаў паслушніцтва. Узгаданае тут паслушніцтва Андрэй Баболя адбыў у Нясвіжы, у калегіі, заснаванай у 1582 годзе князем Мікалаем Кшыштафам Радзівілам, і ў гэтай мясцовасці ён застаўся на наступны год у якасці рэктара касцёла. Вызначыўся ён як спаведнік і прапаведнік. Акрамя таго, з вялікай самаадданасцю працаваў як вясковы місіянер у ваколіцах Нясвіжа. Сто чалавек атрымалі з яго рук сакрамэнт хросту, сужэнскай сувяззю ён злучыў сорак дзевяць параў, якія да таго часу жылі без касцёльнага шлюбу, многіх прывёў да споведзі і лепшага жыцця. Варты ўвагі той факт, што ўжо ў першы год душпастырскага служэння Баболя заслужыў прызнанне сярод сваіх братоў па манаскай супольнасці. Настаяцель манаскага дому езуітаў у Варшаве напісаў літоўскаму правінцыялу Мікалаю Орцізу: «Нам неабходны прапаведнік, які б адначасова быў здольны будаваць добрыя адносіны з магнатамі; просім, каб вы далі нам а. Андрэя Баболю».1 Будучы мастак нарадзіўся ў мястэчку Сан Джованні Вальдарно ў сям’і натарыуса. Вучыўся жывапісу, магчыма, у выдатнага мастака Мазоліно (разам з якім выканаў некалькі твораў) у Фларэнцыі. Тут жа, у сталіцы Рэнесансу, Мазаччо пражыў сваё кароткае творчае жыццё. У 1427 або ў 1428 годзе ён выпраўляецца ў Рым, дзе і памірае падчас эпідэміі чумы. Прапанова маладому сябру гільдыі святога Лукаша (гільдыі жывапісцаў) працаваць над упрыгожаннем аднаго з найгалоўнейшых касцёлаў Фларэнцыі была, такім чынам, прызнаннем ягонага вялікага прафесійнага аўтарытэту і папулярнасці. На жаль, фрэска ў Санта Марыя Новэлла стала апошнім бясспрэчным творам майстра. . Аднак пераважыла просьба настаяцеля дому езуітаў пры касцёле св. Казіміра ў Вільні, і туды ў 1624 г. накіравалі Андрэя Баболю. А як выглядалі справы ў апошняе дзесяцігоддзе XX стагоддзя? Не маем дадзеных, якія б указвалі на ажыўленне культу св. Андрэя ў Нясвіжы. Пра яго служэнне ўзгадваюць розныя даведнікі па Беларусі. У іх адзначаецца, што захаваўся былы езуіцкі касцёл пад тытулам Божага Цела, заснаваны князем Мікалаем Кшыштафам Радзівілам Сіроткам, пабудаваны ў 1584–1593 гг., адзін з самых каштоўных сакральных помнікаў на тэрыторыі Беларусі. Менавіта ў гэтым касцёле працаваў кс. Андрэй Баболя на пачатку свайго святарскага шляху. У 1630 годзе, адразу ж пасля ўрачыстага складання вечных шлюбаў, Андрэй Баболя накіраваўся з Вільні ў Бабруйск. У XVII стагоддзі ў гэтай невялікай мясцовасці большасць насельніцтва была праваслаўнаю. Там было дзве цэркаўкі. Жменька палякаў была пазбаўлена касцёла і якой-небудзь духоўнай апекі. Маральна-рэлігійны стан каталіцкіх мяшчанаў, а таксама навакольных вяскоўцаў быў варты жалю. Каб палепшыць гэтую сітуацыю, тагачасны бабруйскі староста Пётр Трызна вырашыў запрасіць езуітаў. Спачатку ён перадаў нясвіжскім езуітам некаторыя сродкі на ўтрыманне місіянераў у Бабруйску. Часовая місійная праца трывала пяць гадоў і прыносіла плён, што схіліла Трызнаў заснаваць сталую пляцоўку езуітаў у Бабруйску. На сваім уласным пляцы, побач з каралеўскім замкам, яны пабудавалі дом, у якім з 1628 года стала пасяліліся місіянеры, якія падпарадкоўваліся нясвіжскаму рэктару. У 1630 годзе правінцыял Ямялкоўскі зрабіў гэтую рэзідэнцыю незалежнай ад калегіі ў Нясвіжы. Першым настаяцелем ён прызначыў Баболю, які прыступіў да гэтых абавязкаў вясною 1633 года. Ён прыкладаў намаганні для таго, каб матэрыяльна забяспечыць давераную яму рэзідэнцыю, але перадусім працаваў як спаведнік і прапаведнік у невялікім парафіяльным касцёле св. Пятра. У яго было пяць супрацоўнікаў — чатыры святары і адзін манах. Святары прысвячалі сябе місійнай працы, а брат, разьбяр па прафесіі, працаваў на будаўніцтве новага касцёла. Пад канец года лічба жыхароў рэзідэнцыі павялічылася ў два разы, бо пасля звестак аб тым, што рускія ўварваліся ў межы Рэчы Паспалітай, у Бабруйск прыбылі езуіты з Оршы і Смаленска. Характарыстыкі, якія Андрэй Баболя даваў сваім падапечным, сведчаць пра тое, што ён вызначаўся крытыцызмам і ацэньваў людзей належным чынам. Захавалася таксама характарыстыка, якую напісаў на яго правінцыял Лэнчыцкі, аскет, але адначасова і чалавек патрабавальны ў адносінах да іншых. Дык вось, правінцыял звярнуў увагу на наступныя рысы Андрэя Баболі: яго вялікія здольнасці, здаровы розум, разважлівасць, добры ўзровень адукацыі, уменне кантактаваць з людзьмі і аказваць на іх станоўчы ўплыў. Безумоўна, шмат добрага засталося пасля Андрэя Баболі, калі вясной 1633 года ён пакінуў чарговую пляцоўку, каб выправіцца ў калегію ў Плоцку, дзе павінен быў чакаць далейшых распараджэнняў правінцыяла. Варта адзначыць, што на час пераезду Андрэя Баболі з Бабруйска ў Плоцк прыпадае частка дзеяў аповесці Зоф’і Коссак «Suknia Dejaniry» («Сукенка Дэяніры»). Амаль на самым пачатку гэтага твора гаворка ідзе пра побыт Баболі ў двары Корсакаў, дзе капэланам быў яго брат па манаскай супольнасці. Гэтаму візіту Зоф’я Коссак прысвяціла ажно дзесяць старонак. А потым яшчэ з вялікай павагай і сімпатыяй яна ўзгадвае Баболю. На старонках твора ён з’яўляецца ў пераломныя моманты жыцця галоўнага героя Казіміра Корсака. Да гэтай постаці звяртаецца таксама Ян Дабрачыньскі ў сваёй кнізе «Mosarz» («Мосар»). Абодва аўтары гавораць пра вялікую сімпатыю Андрэя ў адносінах да маладога рыцара, які з любові да бязлітасна эксплуатаваных сялянаў стаў адным з іх. У маі 1997 г. Бабруйск наведалі члены Таварыства распаўсюджання культу св. Андрэя Баболі з Варшавы, удзельнікі VIII пілігрымкі ў Янава і далей на ўсход. Пазней яны расказалі пра гэты візіт: «Былы касцёл і калегія езуітаў, дзе ў 1630–1633 гг. Андрэй Баболя спаўняў абавязкі настаяцеля манаскага дому, былі ператвораны ў адну з частак крэпасці, узведзенай у другой чвэрці XIX ст., не даступныя для наведвання. У парафіяльным касцёле мы не заспелі ксяндза, які па душпастырскіх справах знаходзіўся за межамі горада. Таму мы паглядзелі святыню звонку. Фасад касцёла быў знішчаны, а высотны будынак закрывала ад вуліцы прыбудова, у якой змяшчаюцца канторы будаўнічага камбіната»2. Напэўна, ксёндз час ад часу нагадвае сваім парафіянам, што ў Бабруйску працаваў як душпастыр св. Андрэй Мучанік. Пад канец 1642 года ці на пачатку 1643 года Баболю перавялі ў калегію ў Пінску. Там да ліпеня 1646 года ён спаўняў абавязкі прапаведніка, кіраўніка школы і мадэратара Рэлігійнага марыянскага брацтва землеўласнікаў Піншчыны. У тыя гады шмат праваслаўных хадзілі ў езуіцкі касцёл слухаць казанні і навуку катэхезіса, многія з праваслаўнай шляхты аддавалі сваіх дзяцей у езуіцкую калегію, што часцей за ўсё суправаджалася навяртаннем бацькоў. Вучні школы, дзе працаваў Андрэй, уздзейнічалі на сваё акружэнне. Зрэшты, яны любілі яго, удзячныя за добразычлівасць, з якою ён да іх ставіўся. Запіс з хронікі калегіі аб узмацненні культу Найсвяцейшай Маці пад уплывам казанняў прапаведніка, верагодна, датычыцца таксама і Андрэя. Але ў гэты час Баболю пачало падводзіць здароўе. Магчыма, па гэтай прычыне ён пакінуў Пінск і ў сярэдзіне 1646 года вярнуўся ў Вільню. Летам 1652 года ён другі раз прыехаў у Пінск, дзе, з невялікімі перапынкамі, жыў да канца свайго жыцця. Арганізоўваў місійныя паходы ў ваколіцы паміж Пінскам і Янавам. Рэлігійны стан католікаў быў там незайздросны. Параскіданыя сярод праваслаўных, яны пераймалі іх рэлігійныя формы. Яны не ведалі праўдаў сваёй веры. У той жа час былі вельмі распаўсюджаны перабольшванні і забабоны. Абыходзячы гэтую зямлю, Андрэй заходзіў у вясковыя хаты, вучыў людзей катэхезе, вучыў, як трэба жыць, удзяляў сакрамэнт хросту, злучаў сужэнскія пары сакрамэнтальнай сувяззю, спавядаў, удзяляў святую Камунію. Асаблівым клопатам атуляў занядбаную моладзь. Зазіраў таксама ў дамы і цэрквы уніятаў. Падбадзёрваў іх, заахвочваў прытрымлівацца каталіцкай веры. Шмат намаганняў прысвячаў праваслаўным. У выніку многія вярталіся да адзінства з Рымам. Няма нічога дзіўнага ў тым, што праваслаўныя называлі яго «душахватам», а католікі — «лаўцом душаў» і «апосталам Піншчыны». За такія плады місійнай працы трэба было плаціць. Многія характарыстыкі, якія адносяцца да гэтага пінскага перыяду жыцця Андрэя, сведчаць пра яго велізарнае самакатаванне, асабліва ў тым, што датычыла ежы. Асабліва падчас місійных паходаў ён часам задавольваўся толькі хлебам і вадою. Ён вызначаўся вялікай пакораю, цярплівасцю, уменнем валодаць сабою і паслухмянасцю. Ветлівы і адкрыты характар пракладваў яму шлях да людзей. Пераконвала яго пабожнасць, любоў да Панны Марыі, пашана ў адносінах да Хрыста ў Найсвяцейшым Сакрамэнце. Многія ўжо тады называлі яго святым. (...) З усіх місійных паходаў у гэтыя апошнія гады вяртаўся Андрэй у калегію ў Пінску, каб хоць крыху адпачыць і ўзмацніцца. З аднаго з іх — у ваколіцы Янава — ён ужо не вярнуўся. Прывезлі адтуль яго жахліва знявечанае цела. Пахаванне было надзвычай сціплым. Цела паклалі ў драўляную, пафарбаваную ў чорны колер труну, якую змясцілі ў падзямеллі касцёла — побач з іншымі. У хроніцы пінскай калегіі зрабілі кароткі запіс пра смерць Баболі. Генеральнаму настаяцелю ордэна паведамілі пра новыя страты, якія панесла правінцыя. У лісце ад 17 лістапада 1657 года генерал Госвін Нікель пажадаў мець дакладныя звесткі пра жыццё і мучаніцтва Баболі і Маффона. Ён быў перакананы, што іх забілі з-за нянавісці да веры і што па гэтай прычыне «выпадае хутчэй радавацца, а не бедаваць аб іх лютай смерці»3. Андрэй Баболя быў сорак дзевятай ахвяраю, якую ордэн прынёс на ўскрайніх рэгіёнах («крэсах») на пачатку «патопу». Яшчэ павінны былі загінуць некалькі езуітаў. Акрамя таго, праз шэсць гадоў пасля смерці Баболі нехта падпаліў калегію. Праз восем гадоў — яшчэ да заканчэння адбудовы — частка яе ператварылася ў руіны. Шмат разоў жыхарам даводзілася ўцякаць ад чарговых нападаў казакаў. Перад абліччам пастаяннай пагрозы і матэрыяльных клопатаў усе забыліся пра Андрэя Баболю. У дадатак да ўсяго дрэннага на пераломе XVII і XVIIІ стагоддзяў Польскае Каралеўства і Літву страсянула грамадзянская вайна. Краіна падзялілася на прыхільнікаў Аўгуста ІІ і навязанага шведамі Станіслава Ляшчынскага. Умяшаліся іншыя дзяржавы. Саксонскія, шведскія, маскоўскія войскі і войскі Канфедэрацыі спустошвалі краіну. Павялічвалася замяшанне, расла колькасць злачынстваў. Найбольш пацярпелі ваколіцы Вільні і Пінска. Рэктарам пінскай калегіі са студзеня 1700 года быў Марцін Гадэбскі, энергічны чалавек з грунтоўнай адукацыяй. Неаднойчы ён аказваўся бяссільным перад абліччам таго, што адбывалася вакол. Ён шукаў натхнення ў малітве. У нядзельны вечар 16 красавіка 1702 года, змучаны клопатамі, ён пайшоў адпачываць. І тады з’явіўся яму незнаёмы езуіт з сімпатычным абліччам, якое свяцілася незвычайным святлом. Найперш ён дакараў Гадэбскага ў тым, што той шукае падтрымкі не там, дзе павінен; потым абвясціў, што ён сам, Андрэй Баболя, забіты некалі казакамі, атуліць апекаю калегію пры ўмове, што рэктар распарадзіцца знайсці яго цела, пахаванае разам з іншымі ў крыпце пад касцёлам, і змесціць яго асобна. Тры дні працягваўся пошук. Калі труну знайшлі і адчынілі, прысутныя з велізарным здзіўленнем убачылі мёртвае цела мучаніка, пакрытае пылам, але вельмі добра захаванае, нібы яго пахавалі толькі ўчора. Убачылі сляды катаванняў, раны, на якіх была застылая, але нібы яшчэ свежая кроў. Цела акуратна ачысцілі, ахінулі ў новую прасціну, накрылі сутанай, чорным арнатам у адамашку і пераклалі ў новую труну, якую змясцілі на ўзвышэнні пасярод крыпты. Хутка былі прадпрынятыя намаганні для распачацця беатыфікацыйнага працэсу. З моманту распачацця інфармацыйнага працэсу ў Пінску, у 1712 годзе, да дня беатыфікацыі прайшло больш за сто сорак гадоў. Бо прыйшлі вельмі цяжкія часы для Касцёла і ордэна езуітаў. Нагадаем, што 21 ліпеня 1773 года Папа Клемент XIV ліквідаваў ордэн. А да труны Андрэя Баболі нястомна пілігрымавалі людзі. Аказваецца, што таксама ў малітве, у перажыванні рэлігійнага культу неабходна канкрэтная падзея, кропка суаднясення. На прыкладзе святога Андрэя бачна, як гісторыя культу звязана з гісторыяй рэліквіяў. Пінск быў цэнтрам культу, нават калі там ужо не было езуітаў. Вестка пра брэве, якім ліквідаваўся ордэн езуітаў, дайшла да Польшчы, калі праходзілі мерапрыемствы надзвычайнага сейму ў Варшаве. Шмат дэлегатаў выказаліся супраць ліквідавання. Аднак урэшце да канца лістапада ордэн езуітаў быў расфармаваны на землях Рэчы Паспалітай, не ахопленых першым падзелам Польшчы. Большасць манахаў павінны былі пакінуць пінскую калегію. Толькі некалькі старых манахаў маглі застацца на месцы. Яны павінны былі трываць на варце касцёла і грабніцы Баболі. Але ў 1784 годзе Станіслаў Аўгуст Панятоўскі падчас свайго візіту ў Пінск аддаў былы езуіцкі касцёл уніятам пад катэдральную царкву. Частку калегіі ён прызначыў пад памяшканні, у другой частцы было арганізавана трохкласнае вучылішча. Уніяцкія святары вялікай пашанай акружылі цела Слугі Божага. Аднак яны не доўга апекаваліся каштоўнай рэліквіяй. У 1793 годзе — у выніку другога падзелу Польшчы — Пінск апынуўся пад уладаю царыцы Кацярыны ІІ, якая ліквідавала Пінска-Тураўскую уніяцкую дыяцэзію. Яна адабрала ў уніятаў былы езуіцкі касцёл разам з калегіяй і пасяліла там праваслаўных базыльянаў. Тыя ўшанавалі рэліквіі мучаніка за справу з’яднання. Аднак архімандрыту пінскага кляштара не падабаўся культ Баболі, які ўвесь час пашыраўся. Ён звярнуўся да праваслаўнага сіноду з пытаннем, як гэтаму процідзейнічаць. Атрымаў адказ, што трэба зачыніць крыпту і не пускаць туды вернікаў, а пазней, у адпаведны момант, закапаць цела ў зямлю, патаемна ад людзей. Вестка пра гэта дайшла да езуітаў у Полацку. Яны дабіліся дзесяткаў дазволаў, самых розных дакументаў і на павозцы перавезлі рэліквіі ў Полацк. Пінск абязлюдзеў. Не было ўжо езуітаў, не было цела Андрэя Баболі ў іх касцёле. Калі ў 1918 годзе яны вярнуліся ў калегію і ў касцёл, напэўна, ажыла памяць пра мучаніка. Айцы наведвалі і паказвалі іншым месцы, звязаныя з ім. У 1939 годзе савецкія ўлады адабралі ў езуітаў іх прыгожую калегію, пабудаваную ў 1631–1675 гг. у цэнтры горада на беразе Піны. Знішчаны будынак яны прызначылі «для адміністрацыйных мэтаў». Размясцілі ў ім розныя ўстановы, а потым таксама мастацкую галерэю. І ўвесь час рамантавалі, што ўскладняла ўваход у сярэдзіну. Толькі падчас IV пілігрымкі ў Янава, у маі 1993 г., аднаму з яе ўдзельнікаў, гісторыку Яраславу Камароўскаму, удалося ўвайсці ў сярэдзіну і зрабіць фотаздымкі, а таксама канстатаваць, што ўнутры калегіі захавалася былая структура памяшканняў, а перадусім ранейшыя скляпенні. Аднак асабліва важнаю з’яўляецца наступная звестка, якую перадаў Яраслаў Камароўскі ў кароткім запісе, апублікаваным у кнізе «Я буду яе галоўным апекуном»: «Калі ў пачатку пяцідзесятых гадоў саветы ўзарвалі цудоўны касцёл езуітаў, які ўзвышаўся над калегіяй, яго падземныя часткі засталіся на былым месцы. Паколькі там не збіраліся нічога будаваць, а толькі пракласці маставую, не варта было рабіць глыбокія катлаваны. Можна меркаваць, што касцёльныя крыпты, як тая, у якой знайшлі цела св. Андрэя Баболі, так і іншыя, якія хавалі рэшткі пінскіх езуітаў і дабрачынцаў ордэна, хоць, напэўна, заваленыя ці прынамсі засыпаныя друзам, пастаянна знаходзяць пад асфальтам плошчы Леніна»4. Для таго, каб зразумець, што адбылося адным майскім днём пасля апоўдня ў Янаве, неабходна, хаця б коратка, нагадаць гісторыю нашых былых усходніх земляў. Вялікі рускі князь Уладзімір, разам з баярамі, прыняў у 988 годзе хрышчэнне ад Канстанцінопаля. Таму, калі ў 1054 годзе канстанцінопальскі патрыярх Керуляры разарваў еднасць з Рымам, уся Русь пад канец XI стагоддзя пайшла за яго прыкладам. З часам частка Русі перайшла ў валоданне вялікіх літоўскіх князёў і потым, дзякуючы Уладзіславу Ягайлу, разам з Літоўскім Княствам, з’ядналася з Польшчаю. Тады пачаліся імкненні да еднасці з Рымам. Яны знайшлі свой выраз у уніі грэцкага Касцёла з лацінскім, якая была падпісана кіеўскім мітрапалітам Ізыдорам на Фларэнтыйскім Саборы ў 1439 г. На працягу стагоддзяў на гэтых землях перакрыжоўваліся польскі і маскоўскі ўплывы, імкненні да еднасці і, наадварот, да таго, каб разарваць адносіны з Рымам. Лацінская культура Польшчы прываблівала рускую шляхту. Ва уніяцтва пераходзілі многія магнацкія і княскія роды. Праваслаўе адчула пагрозу. І тады праваслаўнае духавенства знайшло паплечнікаў у казаках, якіх пачалі пасвячаць у свайго роду крыжаносцаў. Такая роля імпанавала гетману ўкраінскіх казакаў, Пятру Канашэвічаву. Падобна Багдану Хмяльніцкаму, які, мабыць, без пераканання, галоўным чынам з тактычных меркаванняў палічыў абарону праваслаўя — і, як вынік, бязлітасную барацьбу з уніяй, — мэтай свайго бунту супраць польскай дзяржавы. На самай справе ён аб’явіў вайну не толькі каталіцызму, але і магнатам Задняпроўя, дзе, трэба прызнаць, панавалі нездаровыя грамадскія адносіны. Такім чынам, акрамя грамадскага і палітычнага фактараў, тут пачаў праяўляцца трэці матыў бунту — рэлігійны. Калі ў 1654 годзе Хмяльніцкі падпарадкаваўся Маскве, яна й прыняла ролю «абаронцы Праваслаўнай Царквы» ад «польскага прыгнёту». Тым часам Задняпроўе знішчалі «агнём і мячом». Гінулі тысячы нявінных людзей — і уніяты, лаціннікі, і праваслаўныя. Аднак найперш гісторыя каталіцызму на рускіх землях у гэтыя часы — гэта адзін вялікі мартыралог. Амаль усе каталіцкія святыні і кляштары былі разбураны. Гінулі францішкане, мучаніцкай смерцю закінула шмат дамініканаў. Аднак галоўным чынам казакі абвяшчалі вайну супраць уніі і езуітаў. У такіх абставінах пакінулі Пінск святары Шымон Маффон і Андрэй Баболя, якім пагражала найбольшая небяспека. Маффон апынуўся ў Гарадку, дзе працаваў у парафіяльным касцёле. 15 мая раніцай на плябанію напала банда казакаў, якія накіроўваліся з Брэста ў Пінск, і жорстка з ім расправілася. Гэтыя ж казакі прыбылі ў Янава 16 мая пасля апоўдня. Яны ўчынілі такую разню яўрэяў і католікаў, што і праваслаўных ахапіла трывога. Адразу ім растлумачылі, што ім няма чаго баяцца, бо ўлада перайшла ў рукі казакаў. Аднак яны павінны спачатку вынішчыць пад корань усіх католікаў. Гэта супакоіла праваслаўнае насельніцтва, якое стала на бок казакаў і дапамагала ў пераследзе католікаў. «Паслужлівыя» асобы расказалі пра Баболю як пра вялікага шкодніка, які стаў прычынаю таго, што многія адышлі ад праваслаўя. Гаварылі пры гэтым, што ён знаходзіцца ў Перадзеле. Тады завадатар банды паслаў атрад казакаў з загадам затрымаць Баболю і даставіць яго ў Янава. На другi дзень казакi паехалi ў Янава, дзе пазабiвалi не толькi католiкаў, але i яўрэяў. Даведаўшыся, што тут нядаўна быў Андрэй Баболя, арганiзавалi за iм пагоню. Недзе апоўдні яго схапілi ў мясцовасцi Перадзела. Было гэта ў сераду, 16 мая. Распачалася своеасаблiвая «катэхеза», якая павiнна была схiлiць Андрэя да схiзмы. Казакi былi вынаходлiвымi ў катаваннi. Яны спачатку распранулi А. Баболю i бiлi яго нагайкамi, потым так моцна ўдарылі яго кулаком у твар, што ажно павыляталi зубы. Андрэю Баболю, якi i пасля гэтай паказальнай экзекуцыi не выказаў жадання перайсцi ў праваслаўе, звязалi рукi вяроўкаю i прывязалi да пары коней, якіх накiравалi ў Янава. Чатыры кiламетры Андрэй Баболя бег памiж коньмi, падаючы і падаючы. Яго падганялі бізунамі, калолі дзідаю, глыбока ранілі шабляй. У Янава збеглiся людзi, якiя хацелi ўбачыць незвычайнае вiдовiшча. Каб пазбавiцца ад празмернай колькасцi сведкаў, Баболю завялi пад навес, што служыў бойняй. З дубовага вецця сплялi вянок i ўздзелi яму на галаву. Пасля кiнулi яго на стол i, змушаючы адрачыся ад каталiцызму, агнём прыпякалi цела, забiвалi пад пазногцi стрэмкi, здзiралi скуру з рук, грудзей, плячэй i галавы, выкалалi правае вока, свежыя раны пасыпалi мякiнай, адсеклi нос i вусны, вырвалi язык, а пасля падвесiлi за ногi да столi. Праз дзве гадзiны, яшчэ жывога, яго знялi. Удар шабляй па шыi закончыў зямную пiлiгрымку Баболi. Гэта было 16 мая 1657 года. Праз некаторы час пасля гэтай трагедыі на месцы, дзе схапілі Андрэя Баболю, паставілі два крыжы, якія зніклі ў савецкія часы. На месцы мучаніцтва паставілі помнік Андрэю Баболю. Тадэвуш Бжазоўскі, генерал ордэна езуітаў, а хутчэй той яго часткі, якая не была ліквідавана на Беларусі, упаўнаважыў рэктара езуіцкай калегіі ў Оршы перавезці рэліквіі Андрэя Баболі з Пінска ў Полацк. Ноччу 29 студзеня 1808 года ён з’явіўся з рэліквіямі каля брамы езуіцкай калегіі ў Полацку. Усе жыхары з радасцю, з запаленымі свечкамі выйшлі прывітаць свайго апекуна і ў працэсіі ўнеслі труну з рэліквіямі ў падрыхтаваную падземную крыпту. Полацк стаў чарговым цэнтрам культу мучаніка. Культ развіваўся з кожным днём. Прыкладам служылі самі айцы езуіты, якія штодзённа пасля абеду, пасля наведвання Найсвяцейшага Сакрамэнту, спускаліся ў крыпту, каб памаліцца пры труне мучаніка. 13 сакавiка 1820 года цар падпiсаў дэкрэт аб выгнаннi езуiтаў з Расii. (Гэта адбылося пасля вяртання ордэна ў iншыя краiны.) Усе былыя езуiцкiя пабудовы ў Полацку аддалi пiярам. Праз 10 гадоў гэтак жа, як езуiты, былi выгнаныя i пiяры, а касцёл перайшоў да праваслаўных. Цела Андрэя перавезлi ў касцёл дамiнiканаў i паклалi ў асобнай каплiцы. У 1864 годзе з Полацка выгналi i дамiнiканаў, а iх святыня перайшла ў рукi дыяцэзiяльных святароў. Заслугоўвае ўвагі той факт, што і ў Полацку — як і ў Пінску — праваслаўныя ўшаноўвалі благаслаўлёнага Андрэя Баболю. Пасля кастрычніцкай рэвалюцыі новыя ўлады запланавалі замах на рэліквіі благаслаўлёнага. 23 чэрвеня 1922 года, у другой палове дня, у касцёл увайшла камісія. Адчынiўшы труну, з цела знялі адзенне i кiнулi на падлогу. На здзiўленне прысутных, астанкi не рассыпалiся. Пасля гэтай прафанацыі на працягу цэлага тыдня ў касцёле адпраўляліся перапрашальныя набажэнствы. Натоўпы полацкіх парафіянаў вартавалі касцёл. Капліцу і труну засыпалі кветкамі. 22 ліпеня 1922 года ўзброеныя вандалы ўварваліся ў касцёл і, разагнаўшы парафіянаў, якія ахоўвалі труну, забралі рэліквіі. Чарговыя пратэсты засталіся без адказу. Ад былой езуіцкай калегіі часткова захаваліся будынкі, хоць вельмі моцна знішчаныя, а ад касцёла, у якім захоўваліся рэліквіі св. Андрэя больш за дваццаць гадоў (1808–1830 гг.), не засталося нават следу. У 1832 годзе ён быў ператвораны ў царкву. Падчас Другой сусветнай вайны быў пашкоджаны. Яго разбурылі і на яго месцы ўзвялі жыллёвы будынак. На другім канцы плошчы, дзе знаходзілася калегія, стаяў некалі парафіяльны касцёл, былы дамініканскі, куды рэліквіі св. Андрэя былі перанесены ў 1830 годзе і заставаліся да 1922 года. Ад гэтага касцёла таксама нічога не захавалася. ...Касцёл пад тытулам св. Андрэя Баболі перабудаваны з былога кінатэатра. (...) У часы камунізму, як расказаў пробашч Францішак Кісель, людзі выкуплялі білеты ў кіно і збіраліся там на малітву. Відаць, вымалілі яны гэтую святыню. Нельга не згадаць, што з Полацкам звязана таксама постаць уніяцкага мітрапаліта, Язафата Кунцэвіча, які ў 1623 годзе прыняў у гэтым горадзе мучаніцкую смерць. (...)
Пераклад з польскай мовы
Таццяны Мухляды. У матэрыяле выкарыстаныя фрэскі Уладзіміра Кандрусевіча з полацкага касцёла святога Андрэя Баболі.
|
|
|