Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
2(40)/2007
Галерэя
Год паклікання да святасці

INVICTI ATHLETAE CHRISTI

СВЯТЫ АНДРЭЙ БАБОЛЯ НА АБРАЗЕ ХЕНРЫКА МУСЯЛОВIЧА

МАЛІТВА ДУШАЎ

СВЯТЫ АНДРЭЙ БАБОЛЯ
На кніжнай паліцы
Ad Fontes

СЬЛЕДАМ ЗА ХРЫСТОМ
Падзеі
Пераклады

РАДЗІВІЛІЯДА

КАРАЛАМАХІЯ

БАГІ ПАГАНЦАЎ
Юбілеі
Пераклады

НА ЖЫЦЦЁ МАДОННЫ ЛАУРЫ
Вера & Cultura

КРЫЗІС ІДЭНТЫЧНАСЦІ
Інтэрв'ю
Практыкум

ПРАРОК САФОНІЯ
Паэзія

ВЕРШЫ
Проза
Эпісталярый

ЛІСТЫ ДА ДАНУТЫ БІЧЭЛЬ
Асвета

Папа ПІЙ ХІІ

INVICTI ATHLETAE CHRISTI

Энцыкліка Святога Айца Пія ХІІ
на 300-годдзе мучаніцкай смерці св. Андрэя Баболі


Вялебным братам Патрыярхам, Прымасам, Арцыбіскупам, Біскупам
і іншым мясцовым Ардынарыям,
якія прабываюць у супакоі і адзінстве з Апостальскай Сталіцай

Жадаем, каб усе на зямлі, хто мае гонар называць сябе католікамі, пабожна ўшаноўвалі мучаніцкую смерць і святое жыццё непераможнага змагара Хрыстовага Андрэя Баболі; перш за ўсё, сыны і дочкі дарагой Нам Польшчы, для якой ён з’яўляецца гонарам і яскравым прыкладам хрысціянскай моцы духа.

Таму Мы не хочам пакінуць без увагі гэтую слаўную гадавіну, упісаную залатымі літарамі ў аналы гісторыі Касцёла, не ўзяўшы чагосьці з яго жыцця і ягоных цнотаў, і гэтаю энцыклікаю заклікаем вас, вялебныя браты, і паству, даручаную вашаму клопату, кожнага ў адпаведнасці з ягоным становішчам і ўмовамі, наследаваць яго.

Асабліва яркім святлом ззяе ў жыцці Андрэя Баболі каталіцкая вера, сіла якой, падмацаваная Божаю ласкаю, з цягам гадоў вырасла настолькі, што стала яго характэрнаю рысаю і напоўніла яго мужнасцю аж да мучаніцкай смерці.

Словы апостала «праведны мой вераю жыве» (Гбр 10, 38) набылі ў ім асаблівую выразнасць. Сапраўды, ён глыбока ўспрымаў розумам і ахвотна імкнуўся выконваць у жыцці ўсё тое, у што Каталіцкі Касцёл вучыць верыць ці што наказвае рабіць. Таму з самай ранняй маладосці ён намагаўся стрымліваць, заглушаць і абмяжоўваць усе неўпарадкаваныя памкненні, якія пасля няшчаснага падзення Адама хвалююць нашую натуру і лёгка схіляюць яе да забароненых рэчаў, а таксама ўсімі сіламі і любымі спосабамі імкнуўся ўпрыгожыць сваю душу хрысціянскімі цнотамі.

 
І.
Ён нарадзіўся ў 1591 г. непадалёк ад Сандаміра* ў сям’і, знакамітай сваім шляхетным паходжаннем, але яшчэ больш слаўнай сваімі цнотамі і сталасцю ў каталіцкай веры. Адораны добрымі здольнасцямі і жывым розумам, ён, атрымаўшы ў родным доме належнае выхаванне і з маладых гадоў засвоіўшы хрысціянскія звычаі, быў скіраваны ў школу Таварыства Езуса, у якой вызначаўся цнатлівым жыццём і асабліваю пабожнасцю.

Пагарджаючы раскошамі і славалюбствам гэтага свету і з усіх сілаў імкнучыся да «лепшых дароў» (1 Кар 12, 31), праз пэўны час, ужо дзевятнаццацігадовым юнаком, ён, каб дасягнуць большага поспеху на шляху евангельскай дасканаласці, з вялікаю радасцю ўступае ў шэрагі Таварыства Езуса і распачынае навіцыят у доме Таварыства ў Вільні. Памятаючы пра патрабавальны заклік Езуса «Калі хто хоча ісці за Мною, няхай адрачэцца ад самога сябе, штодня бярэ крыж свой і ідзе за Мною» (Лк 9, 23), ён імкнуўся выпрацоўваць у сабе цноту пакоры праз пагарджанне самім сабою. Але па натуры ганарліваму, нецярпліваму і крыху ўпартаму, яму даводзілася весці жорсткае змаганне з самім сабою і нібы ўзыходзіць на Галготу, несучы на сабе цяжар крыжа, каб дасягнуць такіх вяршыняў цноты, на якіх з дапамогаю павеваў Божай ласкі, вымаленай у цярплівай і гарачай малітве, упрыгожыць сябе аздобаю хрысціянскай дасканаласці, згодна з вядомымі словамі святога Бэрнарда: «Духоўны будынак ніякім чынам не можа трымацца, калі не будзе ўгрунтаваны на моцным падмурку пакоры» (In Cant., serm. 36, n. 5: PL 183, 969D). У ім асаблівым чынам палала любоў да Бога і бліжняга, таму найбольшую асалоду ён атрымліваў, праводзячы пры кожнай магчымасці доўгія гадзіны перад табэрнакулюмам і, калі толькі мог, прыходзіў на дапамогу тым, хто цярпеў ад розных няшчасцяў. Ён любіў Бога больш за ўсё, больш за сябе самога і перадусім шукаў Ягонай хвалы, у адпаведнасці з наказам свайго айца заснавальніка. Таму можна сцвярджаць, што ім было ўвасоблена ў жыццё заахвочанне згаданага вышэй святога доктара: «Варта жадаць толькі Таго, хто можа задаволіць жаданне» (Св. Бэрнард, In dedic. Eccl, serm. 4, n. 4: PL 183, 528D).

Таму нічога дзіўнага няма ў тым, што, упрыгожаны такімі ўзнёслымі дарамі, гэты Хрыстовы змагар дасягнуў такіх вялікіх поспехаў у справе апостальства і змог сабраць яе шчодры і збаўчы плён. Ён асаблівым чынам рупіўся пра захаванне каталіцкай веры, яе распаўсюджанне і абарону, а таму ўжо як настаўнік хлопчыкаў у Вільні, а пазней у іншых гарадах, ён старанна выкладаў ім асновы хрысціянскага веравучэння і заахвочваў іх да шанавання Эўхарыстыі і палымянай пабожнасці да Найсвяцейшай Дзевы Багародзіцы.

Пазней, ужо прыняўшы святарскую годнасць, што адбылося ў дзень кананізацыі ў Рыме святога Ігнацыя і святога Францішка Ксавэрыя, ён меў у сваім сэрцы толькі адно жаданне: пашыраць каталіцкую веру, прычым не павярхоўную, а багатую ўчынкамі, не шкадуючы сябе для правядзення святых місій, прапаведніцтва і ўсіх звязаных з гэтым высілкаў.

У час, калі асабліва на ўсходніх землях каталіцкай веры пагражала вялікая небяспека з-за нападаў іншаверцаў, якія заўзята імкнуліся адарваць хрысціянаў ад адзінства Касцёла і любымі спосабамі ўцягнуць іх ва ўласныя памылкі, Андрэй па распараджэнні сваіх кіраўнікоў скіраваўся на гэтыя землі, дзе нястомнымі пропаведзямі ў гарадах і мястэчках, асабістымі размовамі, а перадусім ззяннем сваёй надзвычайнай святасці і палымянаю апостальскаю руплівасцю змог вызваліць ад памылак ужо падарваную веру многіх вернікаў, вяртаючы іх да здаровых асноваў і паспяхова склікаючы ўсіх, каго толькі мог, у адзіны статак Хрыстовы. Пры гэтым ён не толькі адраджаў і ўмацоўваў аслабелую ці заняпалую веру, але таксама ўсіх пабуджаў аплакваць уласныя грахі, пераадольваць нязгоду і непаразуменні, выпраўляць звычаі такім чынам, што паўсюль, дзе ён ні праходзіў, робячы дабро па прыкладзе Боскага Настаўніка, здавалася, што наступае новая вясна, багатая нябеснымі кветкамі і збавеннымі пладамі. Як згадваюць, за гэта яго ўсе, нават іншаверцы, называлі вялікім лаўцом душаў.

Так, як нястомны апостал Езуса Хрыста вераю жыў, веру рупліва распаўсюджваў і абараняў, гэтак жа за веру айцоў да самага канца не ўхіліўся прыняць смерць.

Яшчэ жыве памяць пра жахлівы пераслед, разгорнуты супраць каталіцкай веры ў XVII стагоддзі на ўсходніх землях, захопленых казакамі, якія азвярэла нападалі на католікаў, іх пастыраў і прапаведнікаў евангельскай праўды: касцёлы ляжалі ў руінах, палалі падпаленыя кляштары, над святарамі і вернікамі паўсюль чынілася жорсткая расправа, усё спусташалася, знішчаліся святыя рэчы.

Андрэй Баболя, які мог бы сказаць пра сябе словамі святога Бэрнарда: «Нішто з таго, што Божае, мне не чужое» (Св. Бэрнард, Epist. 20, ad Card. Haimericum: PL 182, 123B), зусім не баючыся ані смерці, ані пакутаў, палаючы любоўю да Бога і бліжніх, кінуўся ў самы вір бойкі і мужна заклікаў захоўваць цэласнасць веравучэння, каб усіх, каго толькі мог, і чаго б гэта ні каштавала, пераканаць не адракацца ад каталіцкай веры і не даць ім трапіць у зман і памылкі схізматыкаў. Але 16 мая 1657 г., у свята Унебаўшэсця Езуса Хрыста, непадалёк ад Янава яго схапілі ворагі веры. Хіба што, можна з упэўненасцю сцвярджаць, што гэта не напалохала яго, а, хутчэй, напоўніла нябеснаю радасцю, бо мы ведаем, што ён заўсёды жадаў для сябе мучаніцтва і заўжды памятаў словы Боскага Збаўцы: «Шчаслівыя вы, калі будуць вас зневажаць і пераследаваць, і ўсяляк зласловіць несправядліва з-за Мяне. Радуйцеся і весяліцеся, бо вялікая ўзнагарода вашая ў нябёсах. Бо так пераследавалі прарокаў, якія былі перад вамі» (Мц 5, 11–12).

Немагчыма без жаху ўзгадваць пра ўсе тыя пакуты, якія змагар Езуса Хрыста перанёс з непераможнай мужнасцю і непарушнай і моцнай верай. Сапраўды, «зносячы ўдары і поўхі, прывязаны да каня вяроўкаю і працягнуты цяжкім і крывавым шляхам у Янаў на апошняе мучэнне, польскі мучанік атрымаў адну з найпрыгажэйшых перамогаў, якія ўшаноўвае Касцёл. На пытанне, ці з’яўляецца ён каталіцкім святаром, Андрэй адказаў: „Так, я каталіцкі святар, народжаны ў каталіцкай веры, і ў гэтай жа веры жадаю памерці; мая вера — сапраўдная і вядзе да збаўлення; вам жа належыць пакаяцца, бо інакш з-за вашых памылак вы ніякім чынам не зможаце збавіцца; калі ж прымеце маю веру, пазнаеце сапраўднага Бога і збавіце вашыя душы“» (Пій XI, Litt. decr. Ex aperto Christi latere: AAS 30(1938), p. 359).

Аднак гэтыя словы не абудзілі ў злачынцах ніякай чалавечнасці, а зусім наадварот; і, ахопленыя пачварнай лютасцю, яны пачалі яшчэ больш бязлітасна і сурова катаваць Хрыстовага ваяра. Яго зноў «бічавалі нагайкамі, як Езуса Хрыста, укаранавалі калючым вянком, жорстка білі па твары і ўдарам шашкі звалілі на зямлю. Пасля гэтага яму выкалалі правае вока і з некаторых частак цела паздзіралі скуру, а раны, здзекуючыся, прыпальвалі і церлі калючай саломай. Не здаволіўшыся гэтым, яму адрэзалі вушы, нос і вусны, прабіўшы ззаду шыю, выдралі язык і шылам прышпілілі да грудзей; нарэшце, каля трох гадзінаў папоўдні, адважны змагар, даўшы прыклад нязломнай духоўнай моцы, прабіты шашкаю, дасягнуў хвалы мучаніцтва» (Пій ХІ, Homilia in canoniz. S. Andreae B.: AAS 30(1938), pp. 152–153).

Непераможны мучанік у пурпуры ўласнай крыві як пераможца быў прыняты ў неба, а на зямлі Касцёл наказаў усім хрысціянам ушаноўваць яго і браць з яго прыклад, таму што яго бліскучая святасць была неўзабаве засведчана і пацверджана самім Богам праз незвычайныя цуды. Так, у 1853 г. Наш Папярэднік вечнай памяці Пій ІХ абвясціў яго благаслаўлёным, а ў 1938 г. ва ўрачыстым абрадзе Наш непасрэдны Папярэднік бессмяротнай памяці Пій ХІ кананізаваў яго.

 
II.
У гэтай энцыкліцы Мы пажадалі ў агульных рысах коратка закрануць асноўныя моманты, што датычацца жыцця і святасці Андрэя Баболі, не толькі для таго, каб усе сыны і дочкі Каталіцкага Касцёла скіравалі на яго свой поўны захаплення позірк, але каб таксама бралі з яго прыклад вернасці беспамылковаму веравучэнню і цэласнай веры, а таксама духоўнай моцы, з якою ён у гонар і на хвалу Езуса Хрыста змагаўся аж да мучаніцкай смерці. Вялебныя браты, асабліва падчас юбілейных урачыстасцяў пабуджайце ўсіх разважаць пра веліч яго цнотаў, каб кожны адчуў свой абавязак ісці па яго святых слядах.

Сёння, на жаль, у многіх месцах хрысціянская вера слабне ці амаль згасае. Шмат людзей практычна не знаёмыя з евангельскім вучэннем; іншыя, што нашмат горш, цалкам адкідаюць яго як несумяшчальнае з прагрэсам для тых, хто жадае тут, на зямлі, не ад Бога, а сам па сабе, сваім розумам, сваімі сіламі, сваімі намаганнямі атрымліваць усё неабходнае для жыцця, для дзейнасці, для авалодання стыхіямі і рэчывамі і для падпарадкавання іх дзеля агульнай карысці і грамадскага дабрабыту. Нямала таксама і тых, хто імкнецца з душаў іншых, асабліва недасведчаных і простых людзей, а таксама тых, хто ўжо заражаны памылковымі поглядамі, выкараніць хрысціянскую веру — адзінае суцяшэнне ў гэтым смяротным жыцці асабліва для найбольш гаротных, — абяцаючы ім шчасце, якое немагчыма поўнасцю дасягнуць у гэтым зямным выгнанні. Бо чаго б ні жадала чалавечая супольнасць, да чаго б ні імкнулася, калі яна аддаляецца ад Бога, то замест таго, каб радавацца жаданаму міру, згодзе і душэўнаму супакою, пачынае непакоіцца і трывожыцца; ліхаманкава і нецярпліва імкнецца да зямных багаццяў, выгодаў і задавальненняў і толькі ім давярае, а пры гэтым насамрэч гоніцца за няўлоўным ценем і спрабуе абаперціся на міраж. Сапраўды, без Бога і Яго святога закону не можа быць ні належнага ладу паміж людзьмі, ні сапраўднага шчасця, таму што тады адсутнічае трывалы фундамент як асабістага жыцця, так і грамадзянскай супольнасці. Акрамя таго, вялебныя браты, вам добра вядома, што толькі нябеснае і вечнае, а ніяк не зменлівае і часовае, можа цалкам задаволіць нашыя душы.

Нельга пагадзіцца таксама і з бязглуздымі выказваннямі тых, хто сцвярджае, што хрысціянскае веравучэнне супярэчыць святлу чалавечага розуму. Наадварот, яно дадае яму яснасці і сілы менавіта дзякуючы таму, што выводзіць яго з аблудных уяўленняў пра праўду і ўводзіць у больш поўную і высокую сферу сапраўднага пазнання. Такім чынам, нельга лічыць, што Боскае пасланне, якое Каталіцкі Касцёл атрымаў ад Бога і па Яго даручэнні аўтарытэтна выкладае, ужо састарэла і вычарпана: яно жывое і дзейснае, таму што толькі яно можа паказаць людзям надзейны і правільны шлях да праўды, справядлівасці і ўсіх цнотаў, даць ім братнюю згоду і мір, а законам, інстытутам і грамадству забяспечыць грунтоўныя і непахісныя асновы.

Калі разважлівыя людзі задумаюцца над гэтым, ім няцяжка будзе зразумець, якім чынам Андрэй Баболя мог радасна і непахісна зносіць столькі цяжараў і смутку дзеля падтрымання чысціні каталіцкай веры сярод сваіх суайчыннікаў, каб усімі сіламі захаваць іх звычаі ад тых пасткаў і вялікіх спакусаў, што ім пагражалі, і нястомна выхоўваць іх у хрысціянскіх цнотах.

Вялебныя браты, паколькі, як Мы ўжо адзначылі, каталіцкая вера і сёння ў многіх месцах зносіць цяжкія выпрабаванні, неабходна ўсімі сіламі яе адстойвць, абвяшчаць і распаўсюджваць. У гэтай надзвычай важнай справе няхай вас падтрымаюць не толькі святары, якія з абавязку даверанага ім служэння павінны старанна вам дапамагаць, але таксама і свецкія вернікі, якія жадаюць ахвярна і рашуча весці міралюбнае Божае змаганне. Чым больш нахабна ворагі Бога і хрысціянскай веры выступаюць супраць Езуса Хрыста і заснаванага Ім Касцёла, тым больш рашуча павінны іх адстойваць прамоўленым і друкаваным словам, а перадусім — сваім яскравым і ўзнёслым прыкладам, не толькі святары, але і ўсе, хто называецца хрысціянамі, з пашанаю да асобаў, аднак абараняючы праўду. Нават калі для гэтага спатрэбіцца супрацьстаяць шматлікім перашкодам і ахвяраваць часовымі дабротамі, няхай не застаюцца ў баку, памятаючы пра тое, што здзяйсняць нялёгкія заданні і зносіць цяжкасці ўласціва хрысціянскай цноце, за якую сам Бог дасць вялікую ўзнагароду — вечнае шчасце. У гэтай цноце, калі мы сапраўды жадаем кожны дзень усё больш імкнуцца да дасканаласці хрысціянскага жыцця, заўсёды ёсць штосьці ад мучаніцтва, бо не толькі праліццём крыві мы даем Богу пацвярджэнне сваёй веры, але і мужна супрацьстаючы заганным спакусам, а таксама шчодра і велікадушна без рэшты прысвячаючы саміх сябе і ўсё сваё нашаму Творцы і Збаўцы, які калісьці ў небе будзе нашым вечным шчасцем.

Няхай жа ўсе возьмуць сабе за прыклад мужнасць духу святога мучаніка Андрэя Баболі і захоўваюць у чысціні сваю веру, усімі сіламі адстойваючы яе; няхай наследуюць яго апостальскую руплівасць і як толькі могуць умацоўваюць Божае Валадарства на зямлі і ў адпаведнасці са сваім становішчам спрыяюць яго пашырэнню.

Жадаючы скіраваць гэтыя нашыя айцоўскія заклікі і пажаданні да ўсіх святых пастыраў і іх вернікаў, Мы асаблівым чынам звяртаемся з імі да тых з іх, хто жыве ў Польшчы. Сапраўды, Андрэй Баболя з’яўляецца для іх прычынаю гонару і хвалы, бо, паходзячы з гэтага народа, упрыгожыў яго не толькі бляскам вялікіх цнотаў, але і мучаніцкім праліццём крыві. Такім чынам, кіруючыся яго яскравым прыкладам, няхай надалей працягваюць верна трымацца веры продкаў насуперак усім падступным нападам; няхай усімі сіламі імкнуцца жыць у адпаведнасці з ёю і добра ўсвядомяць, што найбольшая слава іх айчыны ў тым, каб не саступаць продкам у непахіснай духоўнай сіле цнотаў і імкнуцца, каб Польшча заўсёды захоўвала вернасць і была «бастыёнам хрысціянскай веры». Сапраўды, як вучыць нас «гісторыя — …сведка часу, святло праўды, …настаўніца жыцця» (Цыцэрон, De Or. 2, 9, 36), сам Бог даверыў сынам і дочкам польскага народа гэтае асаблівае заданне. Таму няхай імкнуцца настойліва і трывала выконваць яго, пазбягаючы ўсіх падступных небяспекаў, перамагаючы і пераадольваючы ўсе цяжкасці і перашкоды. Няхай маюць перад вачыма ўзнагароду, якую Бог абяцае тым, хто з непарушнаю вернасцю, бясконцаю адданасцю і палымянаю любоўю жыве, дзейнічае і змагаецца ў абарону валадарства Ягонага супакою і пашырае яго на зямлі.

Маючы такую нагоду, не можам асаблівым чынам не звярнуцца ў гэтай энцыкліцы непасрэдна да ўсіх умілаваных сыноў і дачок польскага народа, перадусім да святых пастыраў, якія за імя Езуса Хрыста зносілі боль і смутак: дзейнічайце мужна, але з тою хрысціянскаю сілаю духа, якая спалучана з разважлівасцю, абачлівасцю і мудрасцю. Захоўвайце веру і адзінства Касцёла. Няхай вера будзе поясам на сцёгнах вашых (пар. Іс 11, 5); няхай абвяшчаецца яна ва ўсім свеце (пар. Рым 1, 8) і няхай будзе для вас і для ўсіх «перамогаю, якая перамагла свет» (1 Ян 5, 4). Рабіце гэта, «гледзячы на Езуса, пачынальніка і завяршальніка веры. Замест радасці, якая была перад Ім, Ён, не зважаючы на ганьбу, выцерпеў крыж і сеў праваруч Божага трону» (Гбр 12, 2).

Дзейнічаючы такім чынам, вы дасягнеце таго, што ўсе святыя ў небе, асабліва тыя, што паходзяць з вашага народа, з вышыняў вечнай радасці, якою цешацца разам з Паннай Багародзіцай, Каралевай Польшчы, будуць міласціва глядзець на вас і вашу ўмілаваную бацькаўшчыну, шчодра ўдзяляючы сваю абарону і дапамогу.

Каб гэта магло шчасліва здзейсніцца, Мы шчыра жадаем, вялебныя браты, каб вы разам з усімі вернікамі, рассеянымі па свеце, перадусім падчас гэтых юбілейных урачыстасцяў узносілі да Бога малітвы, просячы Яго ласкава ўдзяліць свае шчодрыя дары і адарыць нябеснаю радасцю асабліва тых, хто перажывае найбольш цяжкія выпрабаванні і сутыкаецца з найбольш суровымі перашкодамі.

Няхай найміласэрнейшы Бог выслухае гэтыя супольныя малітвы і адновіць згоду паміж народамі і дасць ёй росквіт, а таксама ўчыніць, каб святыя законы Касцёла і яго дзейнасць, якая з’яўляецца неацэнным унёскам у справу сапраўднага дабра чалавечай супольнасці, усімі належным чынам прызнаваліся і маглі паўсюль на законных падставах шчасліва ўводзіцца ў жыццё.

Каб усё гэта як найхутчэй здзейснілася, далучаем да вашых таксама Нашыя палымяныя малітвы і з вялікай любоўю ўдзяляем усім вам, вялебныя браты, і хрысціянскаму народу апостальскае благаслаўленне як задатак нябесных ласкаў і знак Нашай прыхільнасці.

У Рыме, у Святога Пятра, 16 мая, у дзень трохсотгоддзя здабыцця Андрэем Баболем пальмы мучаніцтва, года 1957, ХІХ Нашага пантыфікату.

Гл. таксама:
:: НЕПЕРАМОЖНЫ ЗМАГАР ХРЫСТОВЫ ::

Пераклад з італьянскай мовы Міколы Гракава.


    * Не захавалася дакладных звестак пра месца нараджэння Андрэя Баболі. Акрамя ваколіц Сандаміра (Сандомеж, Польшча), сярод магчымых месцаў нараджэння называюцца Пінск, Вільня, Пултуск у Мазовіі. У другой палове ХХ ст. асноўнай версіяй стала лічыцца тая, паводле якой святы нарадзіўся ў Страхаціне, непадалёк ад Санака (польскае Прыкарпацце).


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY