|
|
|
№
2(60)/2012
SUMMARY
Благаслаўлёныя Крыжам
У ПОШУКАХ ПРАЎДЫ
З гаміліі Яна Паўла ІІ з нагоды кананізацыі Тэрэзы Бэнэдыкты ад Крыжа (Эдыты Штайн) 11 кастрычніка 1998 г. Пераклады
Галерэя
У святле Бібліі
Паэзія
Інтэрв’ю
ГАЛАСЫ З МІНУЛАГА
З Антоніем Лібэрам размаўляе Ганна Сасноўская Літаратурная спадчына
Мастацтва
ФРЭСКІ ВУЧАЦЬ БЕРАГЧЫ ЧАС
З Уладзімірам Кандрусевічам гутарыць Ірына Жарнасек Постаці
Мастацтва
Прэзентацыя
Нашы святыні
|
Англійскі знаўца творчасці Гоі Эрык Янг напісаў пра карціну вялікага іспанскага мастака «Святы Геранім»: «Праца Гоі для сабора ў Таледа напэўна ўразіла езуітаў у гэтай правінцыі, бо пазней ён выканаў для іх серыю палотнаў ”Айцы Касцёла“, часткай якой ёсць гэты твор. Нідзе ў творчасці Гоі напружанасць рэлігійнага натхнення не перададзена больш пераканаўча»1. Можна ўпэўнена сцвярджаць, што беларускаму грамадству (ды і свету ў цэлым) Франсіско Гоя (1746–1828) вядомы перш за ўсё сваімі партрэтамі, драматычнымі кампазіцыямі ў жывапісе і гравюры, махамі і кавалерамі, сімвалічным увасабленнем вобразаў сваёй сучаснасці. Гэтай трактоўцы ягонай асобы і ягонай спадчыны не ў малой ступені паспрыяла папулярызатарская плынь у літаратуры (раман Леона Фейхтвангера «Гоя») і кінематографе (фільм Конрада Вольфа з Данатасам Баніёнісам у галоўнай ролі), з якой мы даведваемся, што Гоя — чалавек, які меў візіі, бясстрашны крытык найвышэйшых аўтарытэтаў, надзвычай тэмпераментная, жыццялюбівая асоба, вялікі патрыёт роднай Іспаніі. Характарыстыка мастака як хрысціянскага творцы і глыбокага верніка губляецца недзе на фоне ягонага хрыстаматыйнага партрэта, а гэта несправядліва. Мастак жыў у эпоху рэлятывізму і каласальных сацыяльных пераўтварэнняў, ён шмат і плённа працаваў для Касцёла, у адрозненне ад многіх сваіх еўрапейскіх сучаснікаў, якія «аддзялілі мастацтва ад Касцёла», бачачы ў гэтым патрэбы новай эпохі, дзе, на іх думку, над усім панаваў чалавечы розум. Франсіско Хасэ дэ Гоя-і-Лусьентэс нарадзіўся ў горадзе Сарагосе, у сям’і майстра залатых справаў. Сям’я адразу ж пераехала ў вёску Фуэнтэтодас, але ў 1760 годзе вярнулася ў Сарагосу, дзе юнак атрымаў першыя ўрокі мастацтва ў майстэрні Лусана і Марцінэса. Праз некалькі гадоў ён быў вымушаны ўцякаць з горада ў сувязі з удзелам у бойцы. З 1766 г. ён актыўна вывучае жывапіс і малюнак у Мадрыдзе, але пасля няўдачы на акадэмічным конкурсе накіроўваецца ў Італію, дзе працягвае навучанне. Аднак з Рыма ён вымушаны таксама ўцячы пасля таго, як яго схапілі ў жаночым кляштары, адкуль ён спрабаваў выкрасці сваю каханую. У 1771 годзе Гоя вяртаецца ў Іспанію, працуе ў Сарагосе, а потым у Мадрыдзе. Ён працуе над партрэтамі арыстакратаў і каралеўскай сям’і і робіць бліскучую кар’еру — у 1799 годзе атрымлівае тытул першага прыдворнага жывапісца. Гоя стварае карціны і цыклы афортаў, прысвечаныя трагічным падзеям крызісу іспанскай манархіі і народнай вайны супраць нашэсця напалеонаўскай Францыі. Праўда ягонага мастацтва выклікае нянавісць у манархічных рэакцыянераў, і ў 1824 годзе пажылы мастак мусіць эміграваць у Францыю. Гоя памёр на выгнанні ў Бардо. Алтарная карціна «Святы Геранім» створана ў перыяд асаблівага поспеху мастака. Яна належыць да серыі з чатырох карцінаў, прысвечаных айцам Касцёла. Шкада, што яны цяпер знаходзяцца ў розных мастацкіх калекцыях — з’яднаны цыкл шмат што расказаў бы і пра душу самога мастака. Гоя ўжо быў сталым чалавекам, асабліва па тых часах. Грахі маладосці змушаюць яго да раскаяння і шчырага рэлігійнага служэння. І тут талент жывапісца раскрываецца на поўную сілу. Многія мастакі ўжо звярталіся да вобраза святога Гераніма, але іспанскі мастак праз свае перажыванні стварыў непараўнальную трактоўку класічнай тэмы. Святы паказаны ў момант гарачай малітвы і пакаяння, у стане рэлігійнага экстазу. Ён звяртаецца да круцыфікса, які трымае ў левай руцэ перад сабою, а правай рукой сціскае камень, адзін з сімвалаў пакаяння і аскезы. Схуднелае цела святога і ягоныя рукі, моцныя, але вытанчаныя пастом, — сведчанне ягонага пакутлівага змагання з плоццю дзеля дасягнення духоўнай гармоніі з Хрыстом. Гэтае змаганне працягваецца, і мастак перадае яго драматызм выразнымі кампазіцыйнымі сродкамі. Уся кампазіцыя пабудавана на дынамічнай дыяганалі. Глухая цемра цяжкой масай навальваецца на фізічна знясіленае цела падзвіжніка, але святы Геранім вытрымлівае гэты ўдар цёмнай стыхіі. Святло ягонага скіта сімвалізуе перамогу Боскага духоўнага святла. Як пісала пра майстэрства Гоі каталонская даследчыца Мануэла Мэна Маркес: «Святло, жывапіснымі магчымасцямі якога Гоя віртуозна валодаў і ўмеў свядома выкарыстоўваць як сродак стварэння выявы, было для яго ”целам і сімвалам“. Бліскучае валоданне перадачай святла вызначае ягоную мастацкую творчасць»2. Cвятло залівае цела святога, ярка высвечвае ягоную галаву з ускудлачанай барадой, рэзка ўспыхвае ў масе чырвані ў выяве тканіны на ягоных сцёгнах — найбольш каларыстычна актыўнай частцы карціны, якая ў цэлым пазначана самаабмежаванасцю колеравай гармоніі. Святло яшчэ раз успыхвае на старонках разгорнутай Кнігі (святы Геранім перакладае на лаціну Пісанне), сплывае па гладкіх паверхнях магутных валуноў і рассыпаецца рэдкімі блікамі на паверхні чэрапа (сімвала тленнасці ўсяго зямнога) і сасудзе з інкаўстам. Але перамога святла не абсалютная. Друзлыя цені абцяжарваюць горла, грудзі і ўпалы жывот святога, падаюць няроўным адбіткам ягонай фігуры на валуны. Аўтары згаданага зборніка артыкулаў пра іспанскага генія далі выданню агульную назву — «Гоя. Прарок сучаснага». Франсіско Гоя сапраўды вырваўся наперад свайго часу і пацягнуў за сабой усё еўрапейскае мастацтва. Вобразная насычанасць каларыту ягоных карцінаў стала для многіх мастакоў прыкладам творчага развіцця і абнаўлення. Гою нават называюць адным з заснавальнікаў абстракцыянізму, знаходзячы вытокі беспрадметнага мастацтва ў ягоным познім цыкле «Pinturas negras» («Чорныя карціны»), у якім колер з’яўляецца галоўным героям палотнаў. Але гэты маналог апантанага каларыста пачынаецца ўжо ў карціне «Святы Геранім». Мысленне мастака бясконца індывідуальнае, але працягвае вялікую іспанскую традыцыю (Гоя называў Веласкеса сваім галоўным настаўнікам). Італьянскі мастацтвазнаўца Маргэрыта Абруцэзэ так вызначыла яго мастацкі светапогляд: «Усведамленне рэчаіснасці, не рэчаіснасць як натуралістычнае дадзенае, ёсць фундаментам рэалізму Гоі»3. Вялікі мастак быў ворагам «ідэалізаванага рэалізму» акадэмічнага мастацтва, і таму парваў сувязь з афіцыёзнай традыцыяй, якая магла б забяспечыць яму прыжыццёвы камфорт. Ён пераўтвараў вобразы бачнага свету, прапускаючы іх праз прызму сваёй неспакойнай душы. У «Святым Гераніме» гэты працэс пераўвасаблення дае такую спірытуальную напружанасць, якую зведала толькі гатычнае і барочнае мастацтва. Але гэта не стылістычны паўтор мінулага — мастак стаіць ужо на парозе ХІХ стагоддзя. Ён не можа, падобна сваім папярэднікам, дазволіць сабе дэфармацыю мастацкай выявы дзеля таго, каб узмацніць эфекты дынамікі формы і вобразнай вастрыні. Усё ў карціне заснавана на натуральных ўзаемаадносінах рэальных рэчаў. Абстрагуючыся ад тэмы, можна адчуць, як мастак працаваў з пажылым натуршчыкам, арганізоўваў нацюрмортную пастаноўку і крыніцы асвятлення сцэны. У дзверы іспанскага мастацтва ўжо стукаўся рэалізм, але ў трактоўцы Гоі гэтае мастацкае светаадчуванне набыло моцнае містычнае гучанне — абстрагавацца мы можам толькі на хвіліну, а потым каталіцкі мастак ўладарна вяртае нас у сферу рэлігійнай драмы. Тое ж самае перажывалі сучаснікі мастака і наступныя пакаленні, якія па-новаму прачытвалі ягоныя творы. Яго назвалі таксама прадвеснікам рамантызму і сюррэалізму. Магутны талент Гоі сапраўды неадназначны і не ўпісваецца ў стылістычныя рамкі. На розных этапах творчасці Гоя рабіў свае адкрыцці і закладаў асновы для будучых генеральных кірункаў еўрапейскага мастацтва. У выніку паўстала не эклектыка ад вечнага шукальніка, а арганічнае (і ў той жа час поўнае ўнутраных супярэчнасцяў) індывідуальнае мастацтва, сустракаючыся з якім, мы з захапленнем кажам — гэта Гоя! Валеры Буйвал
|
|
|
|