Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
2(60)/2012
SUMMARY
Благаслаўлёныя Крыжам
У ПОШУКАХ ПРАЎДЫ
З гаміліі Яна Паўла ІІ з нагоды кананізацыі Тэрэзы Бэнэдыкты ад Крыжа (Эдыты Штайн) 11 кастрычніка 1998 г.

«СТУКНІ Ў КАМЕНЬ...»

ДУХОЎНАСЦЬ — КОРАНЬ І АСНОВА ЎСЯГО ЖЫЦЦЯ
Фрагменты з лістоў і твораў Эдыты Штайн

ЛІСТ ДА ПАПЫ ПІЯ XI
Пераклады
Галерэя
У святле Бібліі
Паэзія

НАСТАНЕ ДЗЕНЬ ТАКІ...

ХАЙ ЗЕЛЯНЕЕ ГАЙ
Інтэрв’ю
ГАЛАСЫ З МІНУЛАГА
З Антоніем Лібэрам размаўляе Ганна Сасноўская
Літаратурная спадчына

СПАКОЮ ДУШЫ НЕ БУДЗЕ...
Мастацтва
ФРЭСКІ ВУЧАЦЬ БЕРАГЧЫ ЧАС
З Уладзімірам Кандрусевічам гутарыць Ірына Жарнасек
Постаці

РУПЛІВЕЦ НА БОЖАЙ НІВЕ

НЯСТОМНЫ БУДАЎНІК СВЯТЫНЯЎ
Мастацтва

ЯБЛЫК ЦІ ГРАНАТ?..
Прэзентацыя

ДОЎГАЧАКАННАЯ КНІГА...
Нашы святыні

Ева ЛЯВОНАВА

АНЁЛЫ Ў БІБЛЕЙСКАЙ ПРАСТОРЫ

Агульнавядома, што слова «анёл» (грэч. angelos) перакладаецца як «пасланец», «вястун». Уяўленні пра анёлаў маюцца ў розных культурах: вікінгі называлі іх валькірыямі, персы — фравашамі, індзійцы — апсарамі… Ёсць яны ў даасізме і будызме, зараастрызме і ісламе; асаблівае і надзвычай важнае месца займаюць анёлы ў хрысціянстве, невыпадкова цягам доўгага часу (да ХVIII стагоддзя) у Еўропе існавала і развівалася такая самастойная дысцыпліна, як хрысціянская анёлалогія, якая мясціла ў сабе багаслоўскія, містычныя, філасофскія, антрапалагічныя характарыстыкі анёлаў, адпаведныя ўяўленні пра іх паходжанне, іерархію, прызначэнне і функцыі, узаемаадносіны з Богам і чалавекам.

Анёлы належаць да тых біблейскіх персанажаў, да якіх наша свядомасць звяртаецца найчасцей. «Анёлы старэйшыя за нас на два дні і дзве ночы, — скажа слынны аргенцінскі пісьменнік Хорхе Луіс Борхес у сваёй «Гісторыі анёлаў», — Бог стварыў іх у дзень чацвёрты, і яны, паміж толькі што створаным сонцам і першым месяцам, пазіралі на нашу зямлю…» І звернецца, у прыватнасці, да таго месца з Кнігі Ёва, дзе Бог нагадвае аб пачатку свету, калі Ім былі закладзены і ўмацаваны «асновы зямлі» «пры ўсеагульнай радасці ранішніх зорак, калі сыны Божыя ўсклікалі ад захаплення» (пар. Ёў 38, 4–7) (1); «няцяжка здагадацца, — піша Х. Л. Борхес, — што гэтыя сыны Божыя і зоры, якія спяваюць, — анёлы».

Між тым у Кнізе Быцця гаворкі наўпрост аб стварэнні анёлаў няма. Аднак шматлікія каментатары Бібліі мяркуюць, што ў першым радку Святога Пісання («На пачатку стварыў Бог неба і зямлю», Быц 1, 1) пад «небам» маецца на ўвазе якраз нябачны горні анёльскі свет. Менавіта ў значэнні месцазнаходжання анёлаў слова «неба» шматкроць сустракаецца ў Кнізе кніг (Першай кнізе Валадарстваў 22, 19; святым Евангеллі паводле Мацвея 18, 10 і інш.).

Знаўцы Бібліі заўважаюць пры гэтым, што хоць акт стварэння анёлаў і быў духоўным, яны ўсё ж не з’яўляюцца адвечнымі, бо такім ёсць толькі сам Бог. Анёльскі ж свет, паводле Аўгустына, «зладжаны так, што ў сузіранні неаслабным, у нязменнасці пастаяннай, хоць зменлівы, але нязменны, атрымлівае ён насалоду» ад «вечнасці і нязменлівасці» Бога.

Паказальна, што анёлы, якія атачаюць прастол Божы, у Бібліі нярэдка вызначаюцца як «нябеснае воінства», «войска Божае», напрыклад: «…я бачыў Бога на троне Яго, і ўсё войска нябеснае стаяла пры Ім, праваруч і леваруч ад Яго» (пар. 1 Вал 22, 19); «…я правадыр войска Божага, цяпер прыйшоў» (пар. Нав 5, 14). Іначай кажучы, локус «неба» мае тут духоўную сутнасць, у адрозненне ад зямлі — свету дольняга: «Неба — неба Богу, а зямлю Ён даў сынам чалавечым» (пар. Пс 113, 24). Неба ж, якое мы бачым, — не духоўнае, не «неба нябёсаў», а матэрыяльнае, і яно ёсць той жа цвердзю, па сутнасці — той жа зямлёю, што і ўласна зямля: «І назваў Бог скляпенне нябёсамі», а «сушу зямлёю» (Быц 1, 8; 10). Але паміж двума небамі няма непраходнай бездані, бо неба — «Трон Божы», а зямля — «падножжа ног Ягоных» (Мц 5, 34–35).

Анёлы, такім чынам, — істоты духоўныя; разумныя, справядлівыя, здольныя да эмоцый, надзеленыя мудрасцю і вялікім веданнем, несмяротныя, аднак не вечныя ў тым сэнсе, у якім вечны Бог — бясконцы і бязмежны. Асобную ўвагу біблеісты звяртаюць на такую ўласцівасць анёлаў, як бесцялеснасць, лічачы неабходным падкрэсліць: бесцялеснымі, нябачнымі, духоўнымі анёлы з’яўляюцца «толькі ў параўнанні з насельнікамі матэрыяльнага свету, а ў параўнанні з Богам — адзіным, хто можа быць прызнаны абсалютна і сапраўды духоўным, — іх быццё можа ацэньвацца як матэрыяльнае, рэчыўнае і абмежаванае» (2, 15). Найперш таму, што анёлы — істоты створаныя, а значыць — маюць форму, межы, цела. Іншая справа, што цела гэтае найчасцей бачыцца знаўцам Бібліі як эфірнае, ветрападобнае, або як светлавое, або як вогнепадобнае. Бліскучы расійскі мысляр М. А. Лоскі (1870–1965; дарэчы, наш зямляк — нарадзіўся ў Віцебскай губерні) пісаў, што анёлы, не маючы цела матэрыяльнага, маюць «прасторавае цела» — са святла, цяпла, гукаў і пахаў.

Паводле Дыянісія Арэапагіта (3), нябесная іерархія выглядае наступным чынам: вышэйшыя анёльскія хоры — гэта серафімы, херубімы і троны; сярэднія — улады, панаванні і моцы; ніжэйшыя — княствы, арханёлы і анёлы (гл.: 2, 117–150). Найбліжэй да чалавека анёлы апошняй, трэцяй трыяды; найбліжэй да Бога і, адпаведна, наймудрэй — анёлы першай трыяды.

Хаця анёлаў вакол трона Божага «мірыяды мірыяд і тысячы тысяч» (Ап 5, 11), усё ж непасрэдна «перад Ягоным тронам » (Ап 1, 4) іх сямёра; менавіта яны маюць імёны, і сутнасць іх асаблівая: «Што да таямніцы сямі зорак, якія ты бачыў у Маёй правіцы, і сямі залатых свечнікаў, то сем залатых зорак — гэта анёлы сямі Касцёлаў, а сем свечнікаў — гэта сем Касцёлаў» (Ап 1, 20).

Анёлы маюць шэраг характарыстык — як базавых, скразных, універсальных, так і менш устойлівых, лакальных. Сярод найбольш істотных, дамінантных, адпачаткавых палягаюць характарыстыкі і вонкавага аблічча анёлаў, і пэўных іх дзеянняў і ўчынкаў, і пэўных локусаў, з’яваў і прадметаў, якія суправаджаюць існаванне анёлаў у біблейскай прасторы і ва ўяўленнях чалавека пра іх. З усіх анёльскіх атрыбутаў найчасцей сустракаюцца тры — крылы, труба, меч.

Паводле Бібліі, шасцю крыламі надзелены анёлы з першай трыяды — серафімы: «Серафімы стаялі над Ім. Кожны з іх меў па шэсць крылаў: двума закрываў кожны свой твар, і двума закрываў ногі свае, і двума лятаў» (Іс 6, 2). У кожнага ж з херубімаў «па чатыры крылы» (Эзх 10, 21) і «чатыры твары: першы твар — твар херубімавы, другі твар — твар чалавечы, трэці твар — ільвіны і чацвёрты — твар арліны» (пар. Эзх 10, 14). Крылы маюць таксама анёлы і арханёлы.

Яшчэ адзін характэрны атрыбут анёла — труба; трубнымі гукамі анёлы, пасланцы і вестуны Бога, абвяшчаюць Яго волю, нагадваюць аб Яго ўсеўладнай прысутнасці ў светабудове, аб Яго ўсёвырашальным удзеле ў падзеях і лёсах асобнага чалавека і чалавецтва. Асабліва ў гэтым сэнсе яскрава, трагічна-магутна засведчаны праявы сілы Божай на зямлі Янам Багасловам: «Тады сем анёлаў, якія мелі сем трубаў, падрыхтаваліся, каб затрубіць» (Ап 8, 6), і кожны з іх абвясціў пра чарговае нечуванае бедства: град і агонь змяшаліся з крывёю, і траціна ўсіх дрэваў згарэла, траціна мора напоўнілася крывёю, і траціна ўсяго жывога, з караблямі ўключна, загінула, траціна водаў зрабілася палыном, і траціны сонца, месяца і зорак пагаслі, саранча выйшла з бездані, каб мучыць яшчэ жывых, каб шукалі яны смерці як выратавання, ды нават смерць уцякала ад іх… (пар. Ап 8–9). Трубнымі гукамі абвяшчаюць анёлы Судны дзень, і анёлы ж выліваюць «сем чашаў гневу Божага на зямлю» (Ап 16, 1).

Нарэшце, паколькі анёлы ёсць «нябесным воінствам», яны могуць быць узброеныя мячом, бо з яго дапамогаю анёл здзяйсняе Божае пакаранне, з ім ахоўвае сад Эдэмскі і «дарогу да дрэва жыцця» (пар. Быц 3, 24). Нярэдка з’яўленне анёлаў суправаджаецца агнём; агонь нясе ў сабе ачышчальную сілу; і сам анёл можа прыпадабняцца да агню. Так, «у пустыні ля гары Сінай яму [Майсею] з’явіўся анёл Пана ў палаючым кусце» (Дз 7, 30).

Функцыі анёлаў надзвычай розныя. Анёлы актыўна ўдзельнічаюць і ў старазапаветных гісторыях (напрыклад, выводзяць з Садомы Лота і дзвюх яго дачок (пар. Быц 19, 16); анёл спыняе Абрагама, гатовага закалоць свайго сына на ахвярніку (пар. Быц 22, 12 і інш.), і ў новазапаветных (анёл з’яўляецца Дзеве Марыі, паведамляючы, што ад Духу Святога народзіць Яна Сына, Езуса Хрыста (пар. Лк 1, 28–38); бэтлеемскім пастухам анёл прыносіць радасную вестку аб нараджэнні Збаўцы (пар. Лк 2, 9–12); ад анёлаў жанчыны дазнаюцца аб уваскрасенні Хрыста (пар. Лк 24, 23). Хрыстус гаворыць пра анёлаў, апекуноў малых дзяцей: менавіта гэтыя анёлы «ў нябёсах заўсёды бачаць аблічча Айца Майго, які ў нябёсах» (Мц 18, 10); Ён жа папярэджвае вучняў, што «пры сканчэнні веку: выйдуць анёлы і аддзеляць благіх ад праведнікаў» (Мц 13, 49)… Прыклады біблейскіх сюжэтаў з удзелам анёлаў можна доўжыць...

Адпачатку чыстыя і паслухмяныя, анёлы шчыра і аддана служаць Богу, часткай Провіду якога яны з’яўляюцца; яны паведамляюць чалавеку аб волі Бога, апякуюць людзей, клапоцяцца пра іх і ўмацоўваюць іх дух і цела, папярэджваюць аб небяспецы, абараняюць і ратуюць, дапамагаюць годна прайсці праз маральныя і фізічныя выпрабаванні, накіроўваюць і падказваюць шлях. «Анёл Пана сказаў Філіпу: Устань і ідзі на поўдзень…» (Дз 8, 26). У такім ракурсе анёл — своеасаблівы ідэал, ахоўнік і выратавальнік; як кажуць немцы, ein guter Engel (добры анёл), der rettende Engel (выратавальны анёл). З’яўленне анёла можа збянтэжыць, выклікаць замяшанне і жах, бо, апроч іншага, анёл можа паведаміць чалавеку аб хуткай смерці або прыйсці па яго душу (анёл смерці можа мець пры сабе меч з атрутай), а можа выклікаць ціхую радасць і заспакаенне, — усё залежыць ад памкненняў і ўчынкаў канкрэтнага чалавека і ад волі Бога ў дачыненні да яго. Анёл можа з’яўляцца чалавеку ў снабачаннях, крозах, відзежах, у выглядзе пэўных знакаў (знаменняў).

Ёсць, аднак, і іншыя анёлы, тыя, каго бязмежная ганарлівасць і амбіцыйнасць, эгаізм і прага ўлады падштурхнулі да ўдзелу ў паўстанні, узнятым сатаною. Яны страцілі святасць, сталі часткай свету цемры, увасабленнем грахоўнасці, ворагамі Бога; адпаўшы ад Створцы, яны былі прагнаныя ад твару Яго, зрынутыя з нябёсаў. Гэтыя злыя духі валодаюць немалой спакушальнай сілай і маюць вялікую небяспеку для чалавека, перадусім слабага і хісткага ў сваёй веры. Традыцыйна канфлікт паміж анёламі святла і анёламі цемры ўспрымаецца як адвечнае супрацьстаянне дабра і зла.

Важна помніць, што часам д’ябал у сваіх падступных мэтах можа прымаць анёльскае аблічча; хрысціянскае багаслоўе сцвярджае: толькі поўная перакананасць, цвёрдая ўпэўненасць чалавека ў тым, што ён бачыць перад сабой менавіта анёла, павінна скіраваць яго да падпарадкавання вышэйшай сіле, да ўспрыняцця тых або іншых пададзеных ёю знакаў і ўказанняў. Усякае ж сумненне павінна насцярожыць, спыніць, перасцерагчы чалавека ад паспешлівых рашэнняў. Асабліва часта сустрэчы з выгнанцамі, адвержанцамі, анёламі зла (ням. ein buser Engel) адбываюцца ўначы — час, калі актывізуюцца дэманічныя сілы. Апошнія могуць узняць чалавека ў паветра, заманіць у пастку, аднесці далёка ад дому, і спатрэбяцца немалая мужнасць і вера, каб адужаць гэтую д’ябальскую напасць. Аднак з нявіннай, чыстай істотай злы дух не ў стане саўладаць; больш за тое, для яго самога такая сустрэча мае рэальную небяспеку.

Тут ёсць сэнс зноў звярнуцца да разважанняў ужо згаданага філосафа М.А. Лоскага. Паводле яго, чалавек у сваім заўсёдным імкненні дасягнуць «абсалютнай паўнаты быцця» мусіць выбіраць адзін з супрацьлеглых шляхоў — або шлях да Бога як да «адпачаткавага Абсалютнага Дабра», або шлях да сатаны, на які ступае той, хто сябе самога ўяўляе ўладаром усіх іншых істотаў. Магчымае, аднак, і менш рашучае адпадзенне ад Бога; прайшоўшы праз выпрабаванні адзінотай і адчаем, праз абыякавасць да лёсу іншых і засяроджанасць на асабістых перажываннях, сумленны чалавек усё ж знойдзе ў сабе сілы адпрэчыць зло, справіцца са спакусамі і перашкодамі, вырашыць уласныя духоўна-душэўныя супярэчнасці на карысць «жыцця ў Хрысце». «У нашым царстве быцця Бог з д’яблам змагаюцца і поле іх бітвы — сэрцы людзей…», — пісаў М.А. Лоскі.

У самых цяжкіх варунках мы якраз і спадзяемся на свайго добрага анёла, анёла-ахоўніка, ахоўніка-абаронцу, на дабратворнае і міласцівае садзейнічанне таго, каго протаіерэй С. Булгакаў (1871–1944; знакаміты расійскі філосаф і багаслоў) называў «невядомым і блізкім Другам». Мае сэнс прывесці разгорнутую цытату з працы С. Булгакава «Лесвіца Іакаўля (Пра Анёлаў)»: «Гэты іншы (тут і далей курсіў аўтара. — Е.Л.) для кожнага чалавека, гэты друг, Богам дадзены і створаны для яго, ёсць яго анёл-ахоўнік, які заўсёды яго пільнуе, жыве з ім адным жыццём. Ён — самы блізкі, хаця і далёкі, бо нябачны, нячутны, недаступны ніякаму цялеснаму ці нават душэўнаму ўспрыманню. Гэткае ціхае і лагоднае яго духоўнае дакрананне, што незаўважная і сама ягоная прысутнасць для чалавека… Анёл-ахоўнік, жыхар горняга бясплотнага свету, не мае прамога доступу да нашага рэчаўнага свету, да нашай цялеснай існасці. Вядома, ён мог бы ўскалануць яе або нават разбурыць гэтую нашую тленную прыроду страшным з’яўленнем сваім (адкуль і вынікае яшчэ старазапаветны жах перад з’яўленнем анёла: нельга ўбачыць яго тварам у твар і не памерці). Але на гэтае з’яўленне неабходна непасрэдная воля Боская… У бітве духоўнай без гэтага заступніка разбурана і атручана, разбэшчана і знішчана была б наша існасць. Нас заўсёды ахоўвае ад падобнага гэты стратэг, воін духоўны. У гэтым ён актыўна дзейны, безупынна напружаны, ён дзейнічае ўсёю моцаю сваёю. Але зямнога друга, апекаванага ім чалавека, ён не гвалтуе… Ён песціць і мілуе яго душу, яго шэпт у чутным маўчанні навявае ёй добрыя мыслі, якія ў ёй самой нараджаюцца, аднак у такой ціхасці і лагоднасці, што душа не заўважае ўнушэння… Ён глядзіць у душу нашу і бачыць нас, і гэтага дастаткова для таемнай маўклівай размовы душы з найвышэйшым сваім “я”… Гэты “ўплыў” не паддаецца ніякаму ўліку, але не ад слабасці, а ад глыбіні і пяшчотнай інтымнасці сваёй. Ён падобны да натхнення, праз якое чалавеку адкрываецца яго ўласная глыбіня» (цыт. па: 4, 374).

Нядзіўна, што анёлы надзвычай часта прыцягвалі і прыцягваюць да сябе ўвагу пісьменнікаў, выконваючы вельмі істотную (а часам — вызначальную) ролю ў стварэнні іх мастацкіх парадыгмаў. Аднак гэта ўжо тэма для іншага матэрыялу.


  1. Біблія: Кнігі Сьвятога Пісаньня Старога і Новага Запавету кананічныя ў беларускім перакладзе / Пер. В. Сёмухі. — Duncanville, USA: Word Wide Printing, 2002.
  2. Книга ангелов: Антология христианской ангелологии / Сост., вступ. ст., примеч. Д. Ю. Дорофеева. — Санкт-Петербург: Амфора, 2005.
  3. Дыянісій Арэапагіт жыў у I ст. у Афінах, быў чалавекам надзвычай адукаваным, членам старажытнай судовай калегіі (іначай — Арэапагу). Быў пасвечаны ў хрысціянства самім апосталам Паўлам, стаў яго адданым вучнем і паслядоўнікам, першым епіскапам Афінаў. З’явіліся, аднак, сцверджанні, паводле якіх аўтарства «Corpus Areopagiticum» належыць іншаму чалавеку, які жыў не раней за другую палову V ст.; на карысць гэткіх высноваў сведчаць, як мяркуюць даследчыкі, і асаблівасці мовы сачыненняў, і некаторыя прыведзеныя ў іх рэаліі і факты, якія не маглі мець месца пры жыцці Дыянісія Арэапагіта.
  4. Лосский Н. О. Бог и мировое зло. — Москва.: ТЕРРА — Книжный клуб; Республика, 1999.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY