Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
2(60)/2012
SUMMARY
Благаслаўлёныя Крыжам
У ПОШУКАХ ПРАЎДЫ
З гаміліі Яна Паўла ІІ з нагоды кананізацыі Тэрэзы Бэнэдыкты ад Крыжа (Эдыты Штайн) 11 кастрычніка 1998 г.

«СТУКНІ Ў КАМЕНЬ...»

ДУХОЎНАСЦЬ — КОРАНЬ І АСНОВА ЎСЯГО ЖЫЦЦЯ
Фрагменты з лістоў і твораў Эдыты Штайн

ЛІСТ ДА ПАПЫ ПІЯ XI
Пераклады
Галерэя
У святле Бібліі
Паэзія

НАСТАНЕ ДЗЕНЬ ТАКІ...

ХАЙ ЗЕЛЯНЕЕ ГАЙ
Інтэрв’ю
ГАЛАСЫ З МІНУЛАГА
З Антоніем Лібэрам размаўляе Ганна Сасноўская
Літаратурная спадчына

СПАКОЮ ДУШЫ НЕ БУДЗЕ...
Мастацтва
ФРЭСКІ ВУЧАЦЬ БЕРАГЧЫ ЧАС
З Уладзімірам Кандрусевічам гутарыць Ірына Жарнасек
Постаці

РУПЛІВЕЦ НА БОЖАЙ НІВЕ

НЯСТОМНЫ БУДАЎНІК СВЯТЫНЯЎ
Мастацтва

ЯБЛЫК ЦІ ГРАНАТ?..
Прэзентацыя

ДОЎГАЧАКАННАЯ КНІГА...
Нашы святыні

Эдыта ШТАЙН

НАВУКА КРЫЖА

Трактат
пра св. Яна ад Крыжа

Фрагменты з кнігі

Укрыжаванне. Малюнак пяром,
зроблены св. Янам ад Крыжа.
Каля 1577 г.

Уводзіны

Сэнс і паходжанне навукі Крыжа

У верасні ці кастрычніку 1568 года малады кармэліт Хуан дэ Епес, які да гэтага часу насіў у ордэне імя Яна ад св. Мацвея, пасяліўся ва ўбогай хатцы ў Дурвэла, дзе яму належала распачаць тэрэзіянскую рэформу, стаўшы яе фундаментальным, вуглавым каменем. 28 лістапада ён разам з двума паплечнікамі абавязаўся прытрымлівацца першапачатковага кармэліцкага статуту і прыняў новае імя — Ян ад Крыжа. Гэтае імя стала сімвалам таго, чаго ён шукаў, пакінуўшы родны кляштар і тым самым адкрыта адмаўляючыся ад яго змякчаных правілаў; таго, да чаго ён імкнуўся ўжо там, маючы спецыяльны дазвол і жывучы паводле першапачатковага статуту. У той жа час у гэтым выявілася істотная прыкмета рэформы: жыццём кармэлітаў босых павінна стаць наследаванне Хрыста на шляху Крыжа, удзел у Хрыстовым Крыжы.

<...> Калі мы гаворым пра «навуку Крыжа», то гэта нельга разумець у звычайным сэнсе слова «навука»: гаворка тут ідзе не толькі пра сухую тэорыю <...>. Гэта добра пазнаная праўда — тэалогія Крыжа, — але праўда жывая, рэальная і дзейсная: нібы зерне, падае яна на душу, пускае ў ёй карані і расце, накладае на душу пэўны адбітак і абумоўлівае яе паводзіны, так што гэтая праўда праменіцца з іх і дзякуючы ім можа быць пазнанаю. <...> Калі таямніца Крыжа становіцца ўнутранай формай душы, то тады яна з’яўляецца навукаю Крыжа. <...>

 

І. Вестка Крыжа

2. Вестка Cвятога Пісання

<...> Хрыстус узяў на сябе ярмо Закону, дасканала выканаўшы яго і памёршы дзеля Закону і праз Закон. Менавіта гэтым Ён вызваліў ад Закону тых, хто хоча прыняць ад Яго жыццё. Але прыняць гэтае жыццё яны змогуць толькі тады, калі аддадуць сваё ўласнае жыццё, бо тыя, хто ахрышчаныя ў Езуса Хрыста, у смерць Ягоную ахрысціліся1. Яны акунаюцца ў Яго жыццё, каб стаць членамі Яго цела і, з’яўляючыся імі, цярпець разам з Ім і з Ім памерці, але таксама ўваскрэснуць з Ім для вечнага, боскага жыцця. Гэтае жыццё ва ўсёй яго паўнаце настане для нас толькі ў дзень хвалы. Але ўжо цяпер — «у целе» — мы маем у ім удзел, калі верым: верым, што Хрыстус за нас памёр, каб даць нам жыццё. Гэтая вера і ёсць тым, што дазваляе нам стаць адзінымі з Ім, як адзіныя члены цела з галавою, і адкрывае нас для патокаў Яго жыцця. Такім чынам, вера ва Укрыжаванага — жывая вера, спалучаная з адданнем сябе ў любові, — з’яўляецца для нас брамаю да жыцця і пачаткам будучай хвалы; таму Крыж з’яўляецца нашаю адзінаю заслугаю: «Няхай я не буду хваліцца нічым, акрамя крыжа нашага Пана Езуса Хрыста, праз якога свет укрыжаваны для мяне, а я — для свету»2. Той, хто рашуча аддаў сябе Хрысту, памёр для свету, а свет для яго. Ён носіць раны Езуса на сваім целе3; ён слабы, пагарджаны і адрынуты людзьмі, але менавіта таму моцны, бо ў слабасці ўдасканальваецца моц Божая4.. Усвядоміўшы гэта, вучань Езуса не толькі прымае крыж, які ўскладзены на яго, але і ўкрыжоўвае самога сябе: «Тыя, хто належаць Хрысту, укрыжавалі цела разам з мукамі і жаданнямі»5. Яны вялі бязлітасную барацьбу супраць сваёй натуры, каб у іх памерла жыццё грэху і з’явілася прастора для жыцця духу. У гэтым апошнім уся справа. Крыж не з’яўляецца самамэтаю. Ён узвышаецца і паказвае [кірунак] уверх. Але крыж — гэта не толькі знак: гэта магутная зброя Хрыста; пастырскі посах, з якім боскі Давід выходзіць супраць д’ябальскага Галіафа6; якім Ён моцна стукае ў нябесныя брамы і адчыняе іх. Тады выліваюцца струмені боскага святла і атуляюць усіх, хто знаходзіцца ў эскорце Укрыжаванага. <...>

 

ІІ. Вучэнне Крыжа

1. Крыж і Ноч (Ноч пачуццяў)

<...> Ноч — гэта нешта натуральнае: процілегласць святла, якая ахутвае нас і ўсе рэчы. Яна не з’яўляецца аб’ектам ва ўласным значэнні слова: яна не стаіць насупраць нас, а таксама не стаіць сама па сабе. Яна таксама не з’яўляецца вобразам, калі пад гэтым разумеецца нейкая бачная форма. Яна нябачная і бясформенная. І ўсё ж мы яе ўспрымаем, яна нават нашмат бліжэй нам, чым усе рэчы і формы, нашмат цясней звязаная з нашым быццём. Як святло дазваляе выявіцца рэчам з іх бачнымі ўласцівасцямі, так ноч паглынае іх і пагражае таксама паглынуць і нас. Тое, што ў ёй патанае, не становіцца проста нічым: яно працягвае існаваць, але няяснае, нябачнае і бясформеннае, як сама ноч, або падобнае да ценю і прывіду і таму пагрозлівае. Прычым нашаму ўласнаму быццю пагражае не толькі ўтоеная ў начы знешняя небяспека, але ноч пранікае ў самае наша нутро. Яна адбірае ў нас магчымасць карыстацца пачуццямі, запавольвае нашы рухі, паралізуе нашы сілы, асуджае нас на самотнасць, робіць нас саміх падобнымі да ценяў і прывідаў. Яна — нібы прадчуванне смерці. І ўсё гэта мае не толькі жыццёвае значэнне, але таксама псіхічнае і духоўнае. Касмічная ноч дзейнічае на нас падобна да таго, што ў пераносным сэнсе названа «Ноччу». Або наадварот: тое, што выклікае ў нас такое ж уздзеянне, як касмічная ноч, называецца «Ноччу» ў пераносным сэнсе. Аднак перш чым паспрабуем спасцігнуць гэтае «нешта», мы павінны ўсвядоміць, што касмічная ноч мае два абліччы. Цёмнай і злавеснай ночы процістаіць залітая месячным ззяннем чароўная ноч, напоўненая прыемным мяккім святлом. Яна не паглынае рэчы, а дазваляе заззяць іх начному абліччу. Усё цвёрдае, вострае і рэзкае тут прыглушана і прыцішана, выяўляюцца характэрныя рысы, якія ніколі не праявяцца пры яркім святле дня. Чутныя таксама галасы, якія заглушаюцца шумам дня. І не толькі поўная святла, але таксама і цёмная ноч мае асаблівую каштоўнасць. Яна кладзе канец спешцы і мітусні дня, яна прыносіць спакой і мір. Усё гэта ўздзейнічае на псіхічную і духоўную сферу [чалавека]. Існуе начная, мяккая яснасць духу, калі ён, вольны ад ярма дзённых заняткаў, расслаблены і адначасова засяроджаны, уцягваецца ў глыбокія ўзаемасувязі ўласнай істоты і жыцця, свету гэтага і свету звышнатуральнага. Ёсць таксама ў мірнай атмасферы ночы глыбокая, удзячная заспакоенасць. Пра ўсё гэта трэба памятаць, калі мы хочам зразумець начную сімволіку святога Яна ад Крыжа. Са сведчанняў пра яго жыццё і з яго паэзіі мы ведаем, што ён быў надзвычай успрымальны да касмічнай ночы з усімі яе адценнямі. Цэлыя ночы ён праводзіў каля акна, з якога адкрываліся далёкія краявіды, або пад адкрытым небам.

<...> Містычную Ноч нельга разумець у касмічным сэнсе. Яна не наступае на нас звонку, а мае сваю крыніцу ў глыбінях душы і ахоплівае таксама толькі адну гэтую душу, у якой яна ўзнікае. І ўсё ж уздзеянне, якое яна выклікае ў нас, параўнальнае з уздзеяннем касмічнай ночы: яна з’яўляецца прычынаю таго, што знешні свет [нібы] патанае, хоць бы ён распасціраўся навокал у яркім святле дня. Яна стварае ў душы стан самотнасці, адчуванне пустыні і пустаты, скоўвае дзейнасць яе сілаў, непакоіць душу страхамі, утоенымі ў ёй самой. Але і тут таксама існуе начное святло, якое робіць даступным новы свет у глыбінях душы і адначасова святлом, што паходзіць з гэтых глыбіняў, асвятляе знешні свет, так што ён зноў дадзены нам у зусім іншым выглядзе.

<...> Свет, які мы ўспрымаем пачуццямі, — гэта, натуральна, цвёрды грунт, які нас трымае; дом, у якім мы адчуваем сябе ўтульна, які корміць нас і забяспечвае ўсім неабходным; крыніца нашай радасці і задавальнення. Калі яго ў нас забіраюць або калі мы вымушаныя яго пакінуць, то, сапраўды, здаецца, нібы зямля знікае ў нас з-пад ног і нібы вакол нас апусцілася ноч; нібы мы самі патанаем і знікаем. Але гэта не так. На самай справе мы становімся на больш надзейны шлях, праўда, шлях цёмны, ахутаны ноччу, — шлях веры. Гэта шлях, бо ён вядзе да мэты — да з’яднання [з Богам]. Але гэта начны шлях, бо ў параўнанні з яснай праніклівасцю натуральнага разумення вера — гэта спасціжэнне ў цемры; яна знаёміць нас з нечым, але не дае нам гэтага ўбачыць.

<...> З надыходам цёмнай Ночы пачынаецца нешта цалкам новае: уся ўтульнасць прабывання ў свеце як у родным доме, карыстанне шматлікімі [спосабамі] задавальнення, якія ён прапануе, прага задавальнення і само сабой зразумелы адказ «так» на гэтую прагу — усё тое, што для нармальнага чалавека азначае жыццё пры святле дня, у Божых вачах — цемра, несумяшчальная з боскім святлом. Яна мусіць быць выдаленая з усімі каранямі, калі ў душы павінна будзе вызваліцца прастора для Бога. <...>

 

2. Дух і вера, смерць
і ўваскрашэнне (Ноч духу)

<...> Дух — а значыць, калі разумець гэта належным чынам і ў шырокім сэнсе, не толькі розум, але і сэрца — доўгі час займаючыся Богам, стаў дзякуючы гэтаму блізкі з Богам; ён ведае Бога і любіць Яго. Гэтыя веды і любоў сталі часткаю яго быцця, падобна да таго, як гэта бывае ў адносінах да нейкага чалавека, з якім доўгі час жывеш разам і якому глыбока давяраеш. Такім людзям больш не трэба здабываць звесткі адзін пра аднаго і разважаць адзін пра аднаго, каб пранікнуць у сутнасць другога і ўпэўніцца ў яго прыязнасці. Ім ужо амаль што не патрэбныя словы. Кожны раз сумеснае прабыванне прыносіць новае абуджэнне і ўзрастанне любові, а магчыма, яшчэ і пазнанне новых асобных рысаў, аднак гэта адбываецца нібы само сабою, пра гэта не трэба клапаціцца. Нешта падобнае бывае ў адносінах душы з Богам пасля доўгага практыкавання ў духоўным жыцці. Ёй больш не трэба паглыбляцца ў разважанне, каб навучыцца пазнаваць і любіць Бога. Шлях застаўся ў мінулым, і яна адпачывае, дасягнуўшы сваёй мэты. Ледзь толькі душа паглыбіцца ў малітву, як яна апынаецца з Богам і прабывае ў Яго прысутнасці, у любові аддаючыся Яму.

<...> Магутная рэчаіснасць натуральнага свету і звышнатуральных дароў ласкі павінна быць перавернутая ўверх нагамі рэчаіснасцю яшчэ магутнейшаю. Гэта адбываецца падчас бяздзейнай Ночы. Без яе — і гэта Ян падкрэслівае ўвесь час — актыўная Ноч ніколі не дасягнула б мэты. Моцная рука Бога жывога павінна ўмяшацца, каб вызваліць душу з пастак усяго створанага і прыцягнуць да сябе. Гэтым умяшаннем з’яўляецца цёмная містычная кантэмпляцыя, звязаная з пазбаўленнем усяго, што дагэтуль давала святло, падтрымлівала і суцяшала.

<...> Вера ставіць перад вачыма душы Хрыста: убогага, прыніжанага, укрыжаванага, пакінутага на Крыжы самім боскім Айцом. У Яго ўбогасці і пакінутасці душа знаходзіць і сваю пакінутасць і ўбогасць. Абыякавасць, агідлівасць і смутак — гэта «чыста духоўны крыж»7, які ёй падаецца. Калі яна прыме яго, то спазнае, што гэтае ярмо прыемнае і цяжар лёгкі. Крыж стане для яе посахам, з якім яна лёгка ўзыдзе на гару. Калі яна ўсвядоміць, што Хрыстус у канчатковым прыніжэнні і знішчэнні на Крыжы здзейсніў самую вялікую справу — паяднанне і злучэнне чалавецтва з Богам, — у ёй абудзіцца разуменне таго, што таксама для яе знішчэнне, прыняцце «крыжовай смерці пры жывым целе, у тым, што пачуццёвае, як і ў тым, што духоўнае», вядзе да злучэння з Богам. Як Езус у сваёй пакінутасці перад смерцю аддаў сябе ў рукі нябачнага і неспасцігальнага Бога, так і яна вырушвае ў начную цемень веры, якая ёсць адзіным шляхам да неспасцігальнага Бога.

<...> Бог — гэта чысты дух і правобраз усялякага духоўнага быцця. Таму, па сутнасці, толькі ў Богу можна правільна зразумець, што такое дух; але гэта азначае, што дух з’яўляецца таямніцаю, якая нас пастаянна прыцягвае, таму што гэта таямніца нашага ўласнага быцця. Мы маем туды пэўны доступ, паколькі наша ўласнае быццё з’яўляецца духоўным быццём. Мы маем доступ туды таксама ва ўсякім быцці, паколькі ўсякае быццё, якое можна спасцігнуць як пачуццёвае і духоўнае, мае нешта ад духоўнага быцця. Але гэтая таямніца адкрываецца ўсё глыбей па меры нашага пазнання Бога, ніколі не адкрываючыся цалкам, гэта значыць, не перастаючы быць таямніцаю. <...>

 
Медаль з нагоды беатыфікацыі Тэрэзы Бэнэдыкты ад Крыжа.
Аверс: бюст Тэрэзы Бэнэдыкты ад Крыжа паводле фотаздымка 1938 года.
Надпіс: «Благаслаўлёная Тэрэза Бэнэдыкта ад Крыжа OCD,
Эдыта Штайн, 1891–1942 гг.» Рэверс: эмблема тэрэзіянскага Кармэлю,
упісаная ў Зорку Давіда. Дрот нагадвае пра канцэнтрацыйны лагер
Аўшвіц-Біркенаў — месца мучаніцкай смерці сястры Тэрэзы Бэнэдыкты.
«Scientia Crucis» («Навука Крыжа») — назва яе апошняга твора.
Кнігі сімвалізуюць пісьменніцкую дзейнасць, а крыж — наследаванне
мучаніцкай смерці Хрыста. У раскрытай кнізе словы:
«Беатыфікаваная Янам Паўлам ІІ, Кёльн, 1 мая 1987 г.».

3. Веліч уваскрашэння

<...> Увесь шлях ужо ў мінулым, падрыхтоўка закончаная… І вось Бог кліча душу для заключэння шлюбу ў квітнеючым садзе; гэта Ён сам, той, каго яна горача прагнула і ў каго яна цяпер цалкам пераменіцца. «Дзякуючы гэтаму ажыццяўляецца такое глыбокае ўнутранае злучэнне абедзвюх прыродаў і такое ўдзяленне боскай прыроды прыродзе чалавечай, што кожная з іх, без якога-небудзь змянення сваёй сутнасці, з’яўляецца Богам…». Тут, дасягнуўшы мэты, душа валодае цудоўнаю, боскаю паўнатою ласкі. <...> Яна адчувае сябе злучанай з Богам у сапраўдных, глыбокіх духоўных абдымках і дзякуючы ім жыве жыццём Бога. Яе галава ляжыць на плячы Абранніка; Ён дае ёй сваю сілу, каб замяніць яе слабасці ў боскую сілу. Гэта новы рай, у які яна ўвайшла.

<...>У гэтым жыцці, аднак, перамяненне ніколі не свабоднае ад цярпення, нават на самых высокіх ступенях любові, і прырода ўсё яшчэ непакоіцца. «Цярпенне ўзнікае ад моцнага прагнення перамянення, якое робіць душу шчаслівай… а неспакой прыроды звязаны з тым, што слабае і недаўгавечнае пачуццё захопліваецца і паглынаецца сілаю і веліччу такой узвышанай любові; таму што ўсё, што ўзвышанае, гняце слабую прыроду і прычыняе ёй боль».

<...> Гэта цёмная Ноч кантэмпляцыі, крыжовая смерць «старога чалавека». Ноч тым цямнейшая, смерць тым больш пакутлівая, чым мацней гэтыя старанні Бога заваяваць любоў ахопліваюць душу і чым больш безумоўна душа аддаецца ім. Усё мацней паддаючыся, [чалавечая] прырода дае звышнатуральнаму святлу і Божаму жыццю ўсё больш і больш прасторы. Яно авалодвае натуральнымі сіламі і перамяняе іх, абагаўляючы і адухаўляючы. Так здзяйсняецца новае ўчалавечанне Хрыста ў хрысціянах, раўназначнае ўваскрасенню пасля крыжовай смерці. «Новы чалавек» нясе на сваім целе раны Хрыста — успамін пра грахоўную нікчэмнасць, ад якой ён абуджаны да благаслаўлёнага жыцця, і пра цану, якую давялося за гэта заплаціць. І яму застаецца цярпенне — гарачае прагненне паўнаты жыцця — ажно пакуль ён не зможа ўвайсці ў браму сапраўднай цялеснай смерці да вечнага святла. Такім чынам, злучэнне душы з Богам як нявесты з’яўляецца мэтаю, дзеля якой яна створаная, адкупленая на Крыжы, дасягнула на Крыжы свайго спаўнення і на вякі вечныя носіць на сабе адбітак Крыжа.

 

ІІІ.

<...> Калі запал душы разумеецца тут як плод яе з’яднання з Богам, то, з другога боку, любоў да бліжняга з’яўляецца важным сродкам на шляху да з’яднання: «Дзве рэчы… служаць душы як крылы, каб падняцца да з’яднання з Богам: шчырае спачуванне смерці Езуса і спачуванне бліжняму. І калі душа ахопленая спачуваннем у адносінах да пакутаў і Крыжа Пана, то яна таксама прымае блізка да сэрца тое, што Ён прыняў усё гэта на сябе дзеля нашага збаўлення». Гэта значыць, што той, хто ў любячым паглыбленні ўваходзіць у думкі і настрой Збаўцы на Крыжы, у любоў ажно да бязмежнай самаадданасці, той становіцца дзякуючы гэтаму адзіным з боскаю воляю, таму што гэта збаўчая воля Айца, якая спаўняецца ў збаўчай любові і самаадданасці Езуса; і чалавек становіцца адным з боскім Быццём, якое ёсць Любоўю, што самаахвярна аддае самую сябе і ва ўзаемнай самаадданасці Боскіх Асобаў ва ўнутраным жыцці Тройцы, і ў дзеянні звонку. Такім чынам, дасканаласць уласнага быцця, з’яднанне з Богам і дзейнасць дзеля з’яднання іншых з Богам і дасканалення іх быцця непарыўна звязаныя адно з адным. А доступ да ўсяго гэтага — Крыж. І прапаведаванне Крыжа было б дарэмным, калі б не было праяўленнем жыцця ў з’яднанні з Укрыжаваным. <...>

Пераклад з нямецкай мовы
Ірыны Бурак.

Паводле: Stein,
E. Kreuzeswissenschaft.
Studie über Johannes a Cruce //
Gesamtausgabe der Edith-Stein-Werke.
Band I. Freiburg – Basel – Wien, 1983.


  1. Пар. Рым 6, 3.
  2. Гал 6, 14.
  3. Пар. Гал 6, 17.
  4. Пар. 2 Кар 12, 9.
  5. Гал 5, 24.
  6. Алюзія на біблійную аповесць пра Давіда і Галіафа; гл. 1 Сам 17.
  7. Тут і далей у двукоссе ўзятыя словы з твораў св. Яна ад Крыжа.

Гл. таксама:
У ПОШУКАХ ПРАЎДЫ :: З гаміліі Яна Паўла ІІ з нагоды кананізацыі Тэрэзы Бэнэдыкты ад Крыжа (Эдыты Штайн) 11 кастрычніка 1998 г. ::
Айцец Аркадзь КУЛЯХА OCD :: «СТУКНІ Ў КАМЕНЬ...» ::
ДУХОЎНАСЦЬ — КОРАНЬ І АСНОВА ЎСЯГО ЖЫЦЦЯ :: Фрагменты з лістоў і твораў Эдыты ШТАЙН ::
Эдыта ШТАЙН :: ХРЫСЦІЯНСКАЕ ЖЫЦЦЁ ЖАНЧЫНЫ ::
Ірына БУРАК :: ЛІСТ ЭДЫТЫ ШТАЙН ДА ПАПЫ ПІЯ XI ::
Эдыта ШТАЙН :: ЛІСТ ДА ПАПЫ ПІЯ XI ::
Эдыта ШТАЙН :: ВЕРШЫ ::


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY