Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
2(60)/2012
SUMMARY
Благаслаўлёныя Крыжам
У ПОШУКАХ ПРАЎДЫ
З гаміліі Яна Паўла ІІ з нагоды кананізацыі Тэрэзы Бэнэдыкты ад Крыжа (Эдыты Штайн) 11 кастрычніка 1998 г.

«СТУКНІ Ў КАМЕНЬ...»

ДУХОЎНАСЦЬ — КОРАНЬ І АСНОВА ЎСЯГО ЖЫЦЦЯ
Фрагменты з лістоў і твораў Эдыты Штайн

ЛІСТ ДА ПАПЫ ПІЯ XI
Пераклады
Галерэя
У святле Бібліі
Паэзія

НАСТАНЕ ДЗЕНЬ ТАКІ...

ХАЙ ЗЕЛЯНЕЕ ГАЙ
Інтэрв’ю
ГАЛАСЫ З МІНУЛАГА
З Антоніем Лібэрам размаўляе Ганна Сасноўская
Літаратурная спадчына

СПАКОЮ ДУШЫ НЕ БУДЗЕ...
Мастацтва
ФРЭСКІ ВУЧАЦЬ БЕРАГЧЫ ЧАС
З Уладзімірам Кандрусевічам гутарыць Ірына Жарнасек
Постаці

РУПЛІВЕЦ НА БОЖАЙ НІВЕ

НЯСТОМНЫ БУДАЎНІК СВЯТЫНЯЎ
Мастацтва

ЯБЛЫК ЦІ ГРАНАТ?..
Прэзентацыя

ДОЎГАЧАКАННАЯ КНІГА...
Нашы святыні

Іяланта ВАЛУЕВІЧ

НЯСТОМНЫ БУДАЎНІК СВЯТЫНЯЎ

Не перастаю радавацца таму, наколькі багатая наша зямля на таленты. На жаль, складаны гістарычны шлях, палітычныя абставіны не заўсёды давалі развівацца ў поўнай меры ўсім магчымасцям. Шмат страчана, шмат забыта...

У сузор’е яркіх, таленавітых святароў, якія працавалі ў клюшчанскім касцёле, дабавілася яшчэ адна не зорачка, а зорка першай велічыні — ксёндз Юзаф Бародзіч. Асоба настолькі яркая і супярэчлівая, што да сённяшняга дня яго імя не забытае: яго любілі, яго паважалі, яго баяліся, пра яго складалі легенды і байкі, яму прыпісвалі анекдоты. У 2011 годзе споўнілася 150 гадоў з дня яго нараджэння...

 

У «Реестры ксяндзоў пробашчаў Клюшчанскага касцёла ад пачатку існавання да 1937 г.», складзеным ксяндзом А. Вайцяхоўскім, ёсць запіс пра ксяндза Ю. Бародзіча. Так, 110 гадоў таму святаром у Клюшчаны быў прызначаны актыўны ксёндз Юзаф Бародзіч. Ён адразу ж разгарнуў бурную дзейнасць: дабіўся ад уладаў вяртання касцёлу 34-х дзесяцінаў зямлі ў Світайлішках (цяпер Літва) за 6 км ад Клюшчанаў, адну дзесяціну зямлі выклапатаў ад клюшчанскага двара пад агароды каля плябаніі, павялічыў і добраўпарадкаваў магільнік. Па яго ініцыятыве зрабілі рамонт касцёла і некаторыя канструкцыйныя змяненні: на франтоне ўстанавілі 2 вежы замест васьміграннай званіцы, па-новаму абсталявалі 3 алтары, пабудавалі новую плябанію і дом для касцёльнай службы.

Касцёл захаваўся да нашых дзён амаль без зменаў і з’яўляецца помнікам драўлянага дойлідства з элементамі стылю неаготыкі (у некаторых крыніцах называецца гатычна-закапанскі стыль). У тым, што касцёл працуе і сёння, ёсць немалая заслуга малітваў ксяндза Бародзіча.

 

Ксёндз Бародзiч быў вялiкiм арыгiналам, якога вельмi любiлi парафiяне. Гiсторыi пра яго яны перадавалi з пакалення ў пакаленне, хоць яны адбываліся 110 гадоў таму. Памятаюць яго многія і сёння, што сведчыць аб харызматычнасці гэтага святара. Апроч асноўных яго заслугаў, людзі любілі ксяндза яшчэ і за тое, што ў размове ён ужываў вобразную мову, трапныя словы. Многія з яго выказванняў былі разабраныя на цытаты і па сённяшні дзень ужываюцца ў нашай мясцовасці.

Караліна Пілімон расказвала, што ксёндз сябраваў з яе бацькам, Каятанам Пілімонам, і часта наведваўся да іх. Аднойчы бацькава сястра спытала: «Чаму адзін ксёндз моліцца памалу, а іншы хутка?» На што ксёндз Бародзіч адказаў: «А ці ёсць розніца, калі я буду гаварыць: ду-р-на-я ба-ба , ці скажу баба-дура?»

Калі будавалі мур каля касцёла і могілак, кс. Юзаф Бародзіч часта за «пакуту» загадваў насіць каменне да муру. Парафіяне доўга жартавалі з адной старой дзеўкі, што пасля споведзі, носячы каменне, парвала падол тоўстай суконнай спадніцы (значыць грахоў мела шмат!).

Жартоўны выпадак расказвалі і ў Мёрах. Пасля фэсту ў пакой, дзе быў падрыхтаваны святочны абед, зайшоў малады ксёндз і пачаў расказваць старэйшаму ксяндзу, які сядзеў там у чаканні астатніх гасцей: «Замучаўся слухаць на споведзі: што ні другая баба — усё Бародзіча кляла...». А за сталом сядзеў сам кс. Бародзіч! Але гэта сапраўды толькі жарт. У Мёрах вельмі любілі гэтага святара, а цяпер любяць і шануюць памяць пра яго.

Што датычыцца касцёльных законаў, то ён выконваў іх няўхільна, чаго патрабаваў таксама і ад парафіянаў. І гэта не выклікала незадаволенасці — толькі павагу. Расказвалі, што аднойчы, калі маладыя прыйшлі да шлюбу, ксёндз, убачыўшы, у якім стане была нявеста, сарваў з яе галавы вянок і са словамі «табе гарохавы вянок патрэбен, а не міртавы!» кінуў на падлогу.

Ксёндз Бародзіч вельмi любiў і ўмеў весела пажартаваць. Клюшчанская парафія мяжуецца з жалядскай парафіяй, дзе ў той час касцёл быў перароблены пад царкву. Ксёндз Бародзіч і жалядскі бацюшка часам абменьваліся візітамі. Неяк вырашыў ксёндз Бародзіч пакпіць з бацюшкі. Прыехаў ён па нейкай справе ў Жалядзі і ўбачыў у двары новую прыгожую брычку. Пасядзелi, абмеркавалi ўсе справы, а калі прыйшла пара ўжо ехаць дадому, кс. Бародзiч, папярэдне падгаварыўшы фатографа Р. Ляйбовіча, прапанаваў: «Давайце памераемся сiлай! Калi вы ўдваіх звязеце мяне з гары ў брычцы, то я ўсцягну пустую брычку на гару адзін!»

Папы, не адчуўшы нiякага падману, здзiвiлiся такой неразумнай, нават смешнай прапанове i… згадзiлiся. А як толькi ксёндз усеўся ў брычку i папы пацягнулi яго, упрогшыся ў аглоблi, тут, як з-пад зямлi, вырас фатограф і зрабіў здымак усёй кампаніі. У хуткім часе ён ужо паказваў фатаграфію з каментарам: «Во, глядзі, ксяндзы на папах катаюцца...»

Збянтэжаны бацюшка выпрасіў у Бародзіча здымак, а потым выкупіў у фатографа і негатыў. А гара тая ў сувязі з гэтым выпадкам i па сённяшні дзень называецца Паповай...

Гэтая байка ў розных інтэрпрэтацыях, абрастаючы падрабязнасцямі, цягнулася ўслед за кс. Бародзічам, куды б ён ні паехаў. Кс. Аляксей Юркайць, будучы па запрашэнні мясцовага пробашча ў жалядскім касцёле на рэкалекцыях, расказваў гэтую байку, пачуўшы яе ўжо ў Мёрах. Я яму сказала, што ён якраз знаходзіцца ля вытокаў, у тым «гістарычным» месцы, дзе 100 з лішкам гадоў назад і адбываліся гэтыя падзеі.

Трэба сказаць, што гэты «нявінны» жарт не прайшоў бясследна для ксяндза Юзафа — папы ўсё-такі паскардзіліся вышэйшаму духавенству і ксяндза адразу ж пераправілі ў новае месца: далёкі ад Клюшчанаў горад Мёры, каля латышскай мяжы.

Пасля Першай св. Камуніі.
З сямейнага архіва Кацярыны Трыбоцкай.

Ксёндз Юзаф Бародзіч нарадзіўся ў 1861 годзе. У 1893 г. здаў экзамены ў духоўную семінарыю ў Вільні, якую скончыў у 1897 годзе. Працаваў вікарыем у Лідзе, Новых Троках, Даўгілішках і адзін год быў у гродненскім кляштары. У 1900 годзе ён паехаў у Рым, дзе папа Леў ХІІІ благаславіў яго на місіянерскую дзейнасць. Пасля працаваў у Вільні. Першы касцёл ён пабудаваў у мястэчку Жозлі, затым — у Клюшчанах. У 1905 годзе быў накіраваны ў парафію Мёры, дзе на працягу 1905–1907 гг. сабраў сродкі, будаўнічыя матэрыялы і збудаваў цагляны касцёл. Гэты незвычайны ўчынак можна разглядаць як сусветны рэкорд у будоўлі святыні.

Пасля першай святой Імшы ў новапабудаванай мёрскай святыні ў 1907 годзе ён быў арыштаваны і сасланы спачатку на Ашмяншчыну, а потым у Яраслаўль і Рыбінск. Але і там ён нейкім чынам узновіць місіянерскую дзейнасць і таксама пабудуе касцёл.

Царскі ўрад «у падзяку» саслаў ксяндза Юзафа Бародзіча ў Аглонскі дамініканскі кляштар у Латвіі, куды святароў адсылалі для «паправы». Над ім нават адбыўся суд у Гародні і Пскове і былі вынесены прысуды: адбываць пакаранне ў Дынанбургскай крэпасці. Але, як ён піша ва ўспамінах, Пан Бог уратаваў яго на шляху да рабства: яму ўдалося ўцячы з цягніка, мытнік за расійскі рубель прапусціў яго на польскую тэрыторыю.

Нейкі час ён выкладаў філасофію ў кракаўскім Ягелонскім універсітэце. Пасля трапіў у Сан-Рэма: па яго ж вобразным выразе — «у рай». Працаваў святаром у касцёле святога Роха і па просьбе сёстраў законных і за іх грошы збудаваў заезжы двор «Палонія» і невялічкі гатычны касцёл. На пабудове заказаў намаляваць белага арла — сімвал польскай дзяржаўнасці.

І гэтага зноў не дараваў яму царскі ўрад. Павезлі яго спачатку ў Фларэнцыю, а пасля ў Іспанію, адкуль караблём транспарціравалі ў Адэсу — на суд. У той час ішла Першая сусветная вайна і карабель падарваўся на міне. Пасажыраў выратавалі англічане і адвезлі ўсіх у Канстанцінопаль, дзе да ксяндза Юзафа Бародзіча дайшла навіна аб тым, што Польшча атрымала незалежнасць. І ён зноў спяшаецца ў Варшаву, дзе збірае грошы галадаючым.

Лёс святара Юзафа Бародзіча быў трагічны: у вольнай Польшчы яго падазравалі ў шпіянажы на карысць бальшавіцкай Расіі; адначасова ў Сан-Рэма распачалі справу аб сродках на будову маёнтка «Палонія». Меў праблемы таксама з польскай уладай і польскай прэсай. Зноў перажыў суд.

...Выратаванне прыйшло з Мёраў. Парафіяне сабралі ў абарону кс. Бародзіча 5000 подпісаў! Прычым за апальнага ксяндза аддалі свае галасы не толькі католікі, але і праваслаўныя, і габрэі!

Далейшы лёс ксяндза Юзафа Бародзіча складаўся больш спакойна, але застаецца невядомым, дзе ён далей працаваў і калі адышоў да Пана...

Мы не маем права забываць пра тое, што зрабіў гэты святар для нашых продкаў і для нас. Яго жыццё — гэта прыклад ахвярнага служэння Богу. Яго праца назаўсёды будзе ўпісана ў нашу гісторыю. Ён варты таго, каб мы памяталі пра яго і былі яму ўдзячныя. У мёрскім касцёле ёсць памятная дошка ў гонар кс. Бародзіча, хаця працаваў ён там усяго два гады...

Так выглядала ахвяраванне («цаглінка»)
на збор сродкаў
для будаўніцтва касцёла ў Мёрах.

Ксёндз Юзаф Бародзіч быў чалавекам вялікіх пачуццяў, які блізка браў да сэрца ўсё, што адбывалася, і частку свайго хвалявання і свайго сэрца пакінуў у сваіх творах: ім напісана больш за дзесяць кніг.

Пра тое, што кс. Бародзіч напісаў кнігу «На возе і пад возам», мне некалі расказаў Адам Мальдзіс. Улічваючы тое, што ў гэтай кнізе змешчана і байка пра папоў, я вырашыла, што гэта зборнік баек (і не я адна). І толькі калі стала вывучаць біяграфію кс. Бародзіча, зразумела, што кніга аўтабіяграфічная: ён апавядаў у ёй пра сябе і пра сваё цяжкае, але яркае, насычанае рознымі падзеямі жыццё, якое ён цалкам прысвяціў Богу і людзям.

У яго жыцці было многа высокага і трагічнага. Ён зведаў усё: ашаламляльны поспех і любоў парафіянаў, цярпенні, прыніжэнні і ганенні. Ён падымаўся на вяршыню і падаў у бездань... Толькі чалавек моцны духам, цверда ўпэўнены ў сваёй праваце і цалкам адданы той справе, да якой быў пакліканы, з Божай дапамогай мог вытрываць усе выпрабаванні і не разуверыцца, не растраціць душэўны запал, веру, чысціню, вернасць хрысціянскім ідэалам Праўды і Дабра.

 

Дзякую за дапамогу ў зборы інфармацыі кс. Аляксею Юркайцю з Мосара і кс. Анатолю Захарэўскаму з Міхалішак.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY