Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
2(60)/2012
SUMMARY
Благаслаўлёныя Крыжам
У ПОШУКАХ ПРАЎДЫ
З гаміліі Яна Паўла ІІ з нагоды кананізацыі Тэрэзы Бэнэдыкты ад Крыжа (Эдыты Штайн) 11 кастрычніка 1998 г.

«СТУКНІ Ў КАМЕНЬ...»

ДУХОЎНАСЦЬ — КОРАНЬ І АСНОВА ЎСЯГО ЖЫЦЦЯ
Фрагменты з лістоў і твораў Эдыты Штайн

ЛІСТ ДА ПАПЫ ПІЯ XI
Пераклады
Галерэя
У святле Бібліі
Паэзія

НАСТАНЕ ДЗЕНЬ ТАКІ...

ХАЙ ЗЕЛЯНЕЕ ГАЙ
Інтэрв’ю
ГАЛАСЫ З МІНУЛАГА
З Антоніем Лібэрам размаўляе Ганна Сасноўская
Літаратурная спадчына

СПАКОЮ ДУШЫ НЕ БУДЗЕ...
Мастацтва
ФРЭСКІ ВУЧАЦЬ БЕРАГЧЫ ЧАС
З Уладзімірам Кандрусевічам гутарыць Ірына Жарнасек
Постаці

РУПЛІВЕЦ НА БОЖАЙ НІВЕ

НЯСТОМНЫ БУДАЎНІК СВЯТЫНЯЎ
Мастацтва

ЯБЛЫК ЦІ ГРАНАТ?..
Прэзентацыя

ДОЎГАЧАКАННАЯ КНІГА...
Нашы святыні

Эдыта ШТАЙН

ХРЫСЦІЯНСКАЕ ЖЫЦЦЁ ЖАНЧЫНЫ

Паводле лекцый, прачытаных
для каталіцкай арганізацыі жанчын
у Цюрыху ў студзені 1932 года

Доктар філасофіі Эдыта Штайн.
1931 г.

<...> Мы не можам абысці пытанне, кім мы з’яўляемся і што павінны рабіць. І не толькі інтэлект ставіць нас перад ім. Само жыццё зрабіла нашае жыццё праблемаю. <...> Паспрабуем зазірнуць у глыбіню нашага быцця; мы ўбачым, што яно не з’яўляецца гатовым, а знаходзіцца ў працэсе станаўлення; кім мы з’яўляемся і кім становімся — адказ на гэтае пытанне не заключаецца ў самым пытанні, ён павінен быць больш глыбокім. Паколькі ўсё нашае быццё, станаўленне і дзейнасць у часе запланаваныя спрадвеку, маюць сэнс для вечнасці, то яны становяцца для нас зразумелымі, калі мы разглядаем іх у святле вечнасці.

 

I. Жаночая душа

<...> Калі жанчына імкнецца стаць тым, кім яна павінна быць, то яна дазваляе чалавечнасці, якая дрэмле ў ёй, набліжацца да найбольш дасканалага развіцця ў асаблівым, індывідуальным праяўленні, менавіта ў такім, у якім яна закладзена ў жанчыне. Сталець, з’яднаўшася ў любові, — а такая лучнасць вельмі плённа ўздзейнічае на працэс сталення — і ў той жа час заахвочваць іншых да сталення і патрабаваць ад іх гэтага дзеля дасягнення дасканаласці — гэта найглыбейшая туга жанчыны, якая можа прымаць розныя абліччы, але можа таксама скажацца і выраджацца. Гэтая туга адпавядае, як пазней будзе паказана, вечнаму прызначэнню жанчыны. Тое, што гэта спецыфічна жаночая якасць, а не проста чалавечая туга, можна ўбачыць пры параўнанні яе са спецыфічна мужчынскімі прагненнямі.

Апошнія мацней скіраваныя на знешнюю дзейнасць, на ўчынак і справу, на аб’ектыўнае дасягненне, чым непасрэдна на персанальнае быццё, уласнае і іншых людзей. Аднак таго і другога нельга поўнасцю раздзяляць. Душа чалавека сама па сабе не існуе як нешта гатовае, у стане спакою. Яе быццё — гэта станаўленне, у працэсе якога яе сілы, прынесеныя ёю з сабою ў свет як зародкавыя задаткі, павінны развівацца. Аднак гэтыя сілы развіваюцца толькі дзякуючы актыўнасці. Такім чынам, жанчына можа толькі тады наблізіцца да самага дасканалага развіцця сваёй асобы — чаго яна так прагне, — калі задзейнічаныя яе сілы. А мужчына працуе над сваім асабовым быццём — часам нават не ўсведамляючы гэта як мэту, — калі стараецца рэальна нечага дасягнуць. У галоўных рысах структура душы ў іх тая ж самая: душа знаходзіцца ў целе, ад моцы і здароўя якога залежаць яе моц і здароўе — хоць і не выключна і цалкам; з другога боку, цела атрымлівае дзякуючы душы сваё быццё як цела: жыццё, рух, форму і аблічча, а таксама пачуццё духоўнага. З-за пачуццёвасці, якая з’яўляецца і цялесным, і псіхічным быццём, духоўнае быццё раскрываецца як інтэлектульная дзейнасць, скіраваная на пазнанне свету, як воля, што ўмешваецца ў гэты свет, ствараючы і фармуючы яго, і як адкрытасць сэрца, што ўнутрана прымае гэты свет ці канфрантуе з ім. Але мера і суадносіны гэтых сілаў вельмі розныя ў асобных індывідуумаў, а ў мужчын і жанчын гэтае адрозненне мае спецыфічны характар. <...> Мне здаецца, што жаночая душа больш інтэнсіўна жыве і прысутнічае ва ўсіх частках цела, і тое, што ў ім адбываецца, яе глыбока закранае; а ў мужчыны цела больш мае характар прылады, якая дапамагае яму ў працы, што, у выніку, цягне за сабою пэўнае аддаленне ад яго. Гэта звязана, хутчэй за ўсё, з пакліканнем жанчыны да мацярынства: заданне прыняць у сябе жывую істоту, якая зараджаецца і расце, ахоўваць яе і карміць, само па сабе абумоўлівае пэўнае рашэнне. Таямнічы працэс стварэння новай істоты ў мацярынскім арганізме — гэта настолькі інтымнае адзінства духоўнага і цялеснага, што становіцца зразумелым: такое адзінства пакідае адбітак на ўсёй жаночай прыродзе. Але з гэтым звязана пэўная небяспека. Калі павінна існаваць правільнае, адпаведнае прыродзе ўрэгуляванне паміж душою і целам (г.зн. урэгуляванне, якое адпавядае непашкоджанай прыродзе [што было да грэхападзення]), то целу павінны ўдзяляцца патрэбны пасілак, догляд і практыкаванне, якія будуць абумоўліваюць бесперабойнае функцыянаванне арганізма. Як толькі целу даецца больш — а патрабаваць больш адпавядае яго пашкоджанай прыродзе, — то гэта адбываецца за кошт душы, яе духоўнага быцця; замест таго, каб панаваць над целам і адухаўляць яго, душа ў ім патанае і яно страчвае ўласцівыя яму рысы чалавечага цела. <...>

Сіла жанчыны ў адкрытасці сэрца. Гэта звязана з яе скіраванасцю на асабовае быццё. Парывы сэрца і настрой дапамагаюць душы зразумець яе ўласнае быццё, тое, чым яна з’яўляецца і якая яна, а таксама зразумець значэнне чужога быцця для яе ўласнага, спецыфічныя якасці і звязаную з імі вартасць рэчаў па-за ёю, іншых асобаў і неасабовых стварэнняў. <...> Дзякуючы гэтаму жанчына па сваёй прыродзе лепш, чым мужчына, абароненая ад аднабаковай дзейнасці і аднабаковага развіцця яе сілаў, а з другога боку, яна менш прыдатная для найвышэшых дасягненняў у якой-небудзь сферы, што заўсёды набываюцца коштам аднабаковай канцэнтрацыі ўсіх сілаў душы, і ў большай ступені падлягае небяспецы распылення сілаў. Акрамя таго, вельмі небяспечнай з’яўляецца і тая аднабаковасць, да якой яна схільная па сваёй прыродзе, — аднабаковае развіццё сферы пачуццяў. <...>

 

III. Дзейнасць жанчыны

<...> Жанчына, якая, паводле словаў Святога Пісання, была дадзена мужчыну, каб ён не быў адзiн, але меў памочнiцу, якая б яму адпавядала, будзе выконваць сваё пакліканне як жонка праз тое, што зробiць яго справу сваёю. <...> «Яго справа» — гэта звычайна ў першую чаргу прафесійная дзейнасць. Удзел жанчыны ў прафесійнай дзейнасцi мужчыны можа быць разнастайным. Перадусім яе заданне — так весці дом i хатняе жыццё, каб яны не перашкаджалi, а садзейнiчалi прафесiйнай дзейнасцi. <...> Аднак жанчына з’яўляецца «адпаведнаю» памочнiцаю мужа не толькi таму, што прымае ўдзел у яго справе, але таксама таму, што яна дапаўняе яго i супрацьдзейнiчае небяспецы, якая пагражае з-за яго спецыфiчна мужчынскай прыроды (у той альбо iншай iндывiдуальнай праяве). Гэта яе заданне: па меры сiл клапацiцца аб тым, каб ён не аддаваўся занадта сваёй прафесii, каб не даў тым самым загiнуць сваёй чалавечнасцi i не закiнуў сваiх абавязкаў бацькi. Гэта ўдасца ёй тым лепш, чым больш яна сама будзе сталаю як асоба; для гэтага трэба, каб у сумесным жыццi з мужам яна сама не страцiла сябе, а прывяла да росквiту свае ўласныя дары i сiлы.

Заданне мацi ў адносiнах да дзяцей блізкае да яе задання ў адносінах да мужа. Але тут жанчына павiнна ў першую чаргу даглядаць за імі, клапацiцца аб іх развiццi, спадарожнічаць ім у сталенні, паступова адыходзячы на задні план. Ад яе патрабуецца, з аднаго боку, яшчэ больш чулае суперажыванне, паколькі важна заўважыць схільнасці і сілы, якіх самі дзеці яшчэ не ўсведамляюць, важна прадчуваць нешта, чаго яшчэ не існуе, а толькі можа быць. З другога боку, магчымасць уздзеяння большая, таму што дзіцячая душа яшчэ пластычная, яна лягчэй і больш яўна праяўляе сябе і яшчэ не супраціўляецца знешняму ўплыву. Усё гэта павялічвае адказнасць маці.

Заданне прывесці да найбольш чыстага і дасканалага развіцця ў мужу і ў дзецях індывідуальных і спецыфічных чалавечых якасцяў прадугледжвае скіраванасць жанчыны на самаадданае служэнне: яна не можа разглядаць іншых ні як сваю ўласнасць, ні як сродак для дасягнення сваіх мэтаў, але як даверанае ёй дабро. Гэта станецца толькі тады, калі яна будзе бачыць у іх боскія стварэнні, у адносінах да якіх яна павінна выканаць сваё святое заданне. Ужо развіццё дадзенай ім Богам прыроды з’яўляецца святым заданнем. У яшчэ большай ступені такім заданне з’яўляецца фармаванне іх для Нябеснага Валадарства, у гэтым мы бачам звышнатуральнае заданне жанчыны: запаліць у сэрцах мужа і дзяцей іскру любові Божай або зрабіць яе больш яркай. Жанчына здолее зрабіць гэта толькі тады, калі будзе разглядаць сябе самую як Боскую прыладу і рыхтаваць сябе да гэтага. <...>

 

IV. Жыццё жанчыны
ў святле вечнасці

Прызначэнне жанчыны запланаванае спрадвеку. Яна павінна жыць, абапіраючыся на вечныя асновы, каб у гэтым свеце выканаць сваё прызначэнне. Калі яна выконвае свае прызначэнне, яна ўрастае ў вечнае жыццё.

«І стварыў Бог чалавека паводле свайго вобразу, паводле Божага вобразу стварыў яго, стварыў мужчыну і жанчыну»1. Паколькі Бог увёў чалавека ў свет не як адзінкавы, а як двайны від (Species), то павінен быў напоўніць існаванне гэтых Species як агульным, так і розным сэнсам. Па вобразе Бога сфармаваныя абое. І як кожнае стварэнне ў сваёй канцовасці можа адлюстроўваць толькі невялікую частку боскай істоты, а ў разнастайнасці стварэнняў адлюстроўваецца бясконцае адзінства і простасць Бога — нібы змяшаная ў вялікай колькасці розных праменяў, — так і мужчынскі і жаночы від будуць па-рознаму адлюстроўваюць боскі правобраз. Аўгустын і Тамаш, а таксама традыцыя, якая абапіралася на іх думку, бачылі ў чалавечым духу вобраз Тройцы. Гэта разумелася па-рознаму, але галоўным чынам азначала, што ў быцці, пазнанні і любові перададзены [уласцівасці] Айца, Сына і Духа. Калі ў Сыну Асобаю стала боская Мудрасць, а ў Духу — Любоў; калі, з другога боку, у мужчынскай натуры пануючым з’яўляецца розум, а ў жанчыне —сэрца, то гэта разумелася так, што жаночая натура асаблівым чынам звязаная з Духам Святым. Калі Дух Святы, які з’яўляецца Богам, сыходзіць з самога сябе і ўваходзіць у стварэнні, увасабляючы тым самым Божую плоднасць, якая стварае і даводзіць [усё] да дасканаласці, то мы можам зноў жа знайсці гэтую плоднасць у прызначэнні жанчыны як «маці жывых» даваць праз сваё жыццё новае жыццё і — калі яно атрымала самастойнае існаванне — садзейнічаць яму дзеля найбольш дасканалага развіцця. Калі Дух Святы з’яўляецца Суцяшыцелем і Заступнікам, які лечыць параненае, сагравае скамянелае, падмацоўвае нямоглае; калі Ён як Айцец убогіх з’яўляецца Даўцам ласкаў, то мы зноў знаходзім Яго ва ўсіх справах жаночай любові і спагадлівасці. Дух, які адмывае дачыста забруджанае, робіць падатлівым цвёрдае, адлюстроўваецца ў жаночай чыстасці і лагоднасці; жанчына не толькі сама чыстая і лагодная, але хоча распаўсюджваць чыстасць і лагоднасць вакол сябе. Нічога гэтаму «наймілейшаму Духу», які не жадае быць нічым іншым як толькі боскім Святлом, што выпраменьваецца з Бога, Любоўю, якая прагне служыць, — нічога Яму не супрацьстаіць больш, чым пыха, што сцвярджае сябе самую, і прагнасць, якая хоча ўварваць для сябе. Таму першы грэх, у якім сустрэліся пыха і прагнасць, з’яўляецца здрадаю Духу Любові і тым самым — здрадаю жаночай сутнасці ў адносінах да сябе самой. <...>

Найчысцейшая Дзева — адзіная, якая была захаваная ад усялякай плямы граху. Ніводная жанчына, акрамя Яе, не ўцелаўляе жаночую натуру ў яе першапачатковай чыстасці. Кожная мае ў сабе нешта ад Евінай спадчыны і павінна шукаць шлях ад Евы да Марыі. У кожнай жыве нешта ад упартасці, што не жадае схіляцца ні пад чыё панаванне, у кожнай — нешта ад прагнасці, што хоча схапіць забаронены плод. Адно і другое стрымліваюць у жанчыне тое, што мы распазналі як чыста жаночае дзеянне.

Дзяўчына, якая з маладых гадоў не навучылася праз прынцыповыя адносіны і жыццёвыя абставіны адаптавацца, адмаўляцца, прыносіць ахвяру, выйдзе замуж, чакаючы ад сужэнства бязвоблачнага шчасця, выканання ўсіх сваіх пажаданняў. Калі яна ўбачыць, што муж прыхільна ставіцца да яе пажаданняў, то яна не толькі не будзе вучыцца стрымліваць сябе, але будзе выпрабоўваць, як далёка заходзіць яе панаванне, і, калі дойдзе да мяжы, узнікнуць канфлікты, якія прывядуць ці да разрыву, ці да ўзаемнага знясілення, калі сужэнцы не пастараюцца апамятацца і не будуць імкнуцца да ўнутраных зменаў. Такая жанчына, калі яна з самага пачатку не адмовіцца ўзяць на сябе цяжар мацярынства, не знаходзіць з дзецьмі правільных стасункаў: у залежнасці ад настрою, яна займаецца імі ці не, песціць ці абыходзіцца з імі сурова там, дзе гэта не патрэбна, прад’яўляе да іх эгаістычныя прэтэнзіі — карацей кажучы, робіць усё, што выклікае супраціўленне і затрымлівае прамое развіццё, замест таго, каб пракладаць яму шлях і заахвочваць да яго.

Але і там, дзе ў дастатку шчырае імкненне да добрага сямейнага жыцця, ахвярнасць і самавыхаванне, прыродныя сілы могуць не справіцца з заданнямі [якія стаяць перад жанчынаю]. Калі характар і способ жыцця мужчыны робіць немагчымым мірнае сумеснае жыццё, калі ў дзяцей выяўляюцца гібельныя задаткі, якія не паддаюцца ніякім выхаваўчым намаганням, калі дадаюцца яшчэ фінансавыя цяжкасці, то ў такім выпадку амаль што непазбежна будуць вычарпаныя фізічныя сілы і нервы, — душа, урэшце, не будзе ўжо спраўляцца з цяжарам, калі яе не будуць увесь час жывіць з невычэрпнай крыніцы новыя сілы. Гэтаю невычэрпнаю крыніцаю сілаў з’яўляецца Божая ласка. Пытанне толькі ў тым, каб ведаць шлях да яе і заўсёды ісці па ім.

Адзін шлях адкрыты кожнаму веруючаму ў любы момант: шлях малітвы. Таму, хто сур’ёзна і з вераю прымае словы: «Прасіце і будзе дадзена вам»2, будзе дадзена ў кожным цяжкім становішчы — калі не заўсёды і не адразу менавіта такая дапамога, якую ён сабе ўяўляў і якой жадаў, то ўсё ж — стрыманасць і мужнасць, каб выстаяць. Кожнаму католіку даецца бязмерны скарб прысутнасці Бога ў Найсвяцейшым Сакрамэнце алтара і ў Святой Ахвяры. Хто жыве, пранікнуты вераю ў прысутнасць Хрыста ў табэрнакулюме, той ведае, што тут яго пастаянна чакае Сябра, які заўсёды мае час, аднолькавую цярплівасць і спагадлівасць, каб выслухоўваць скаргі, просьбы і пытанні, Сябра, які ўсім можа даць параду і дапамагчы. Такі чалавек нават падчас самых вялікіх цяжкасцяў ніколі не застанецца без суцяшэння і не будзе пакінуты; ён заўсёды мае прыстанішча, дзе зноў можа знайсці заспакаенне і мір. Хто пранікся сэнсам Ахвяры, якая складаецца падчас святой Імшы, хто перажывае яе як Хрыстовую справу збаўлення, той усё больш і больш будзе ўрастаць у Хрыстовую паставу ахвярнасці. Штодзённыя малыя і вялікія ахвяры, якія патрабуюцца ад яго, больш не будуць здавацца цяжарам, што накладзены ў прымусовым парадку і гняце чалавека, але будуць станавіцца сапраўднаю ахвяраю, якая прыносіцца свабодна і радасна, праз якую ён як член Містычнага цела Хрыста, падзяляючы Яго цярпенні, атрымлівае ўдзел у справе збаўлення. І тады заўсёды, калі яго натуральныя сілы будуць няздольныя справіцца з заданнямі, калі фізічныя сілы і нервы больш не спраўляюцца з працаю, калі яго няправільна разумеюць блізкія, калі слова і прыклад бяссільныя адарваць дарагую душу ад шляху нявер’я і граху, — ён заўсёды звяртаецца ў думках да нябачнай і таямнічай дзейснай сілы збаўчай Ахвяры, з якой можна злучыць усялякія боль і пакуты, нават уласныя слабасці і бяссілле.

Акрамя таго, ва ўсіх выпадках, калі падаеш па ўласнай віне, калі існуе небяспека быць адкінутым ад струменяў ласкі, існуе магчымасць унутранага аднаўлення ў сакрамэнце пакаяння: зноў і зноў станавіцца вольным ад гнёту мінулага і, як нованароджанае дзіця, ісці насустрач будучыні. Да гэтага дадаецца яшчэ ўмацаванне ў веры дзякуючы супольнасці з людзьмі, якія самі трымаюць свой позірк скіраваным на вечныя пуцяводныя зоркі, — з тымі, хто жыве адначасова з намі, і з тымі, якія ўжо ўвайшлі ў хвалу і маюць сілу дапамагчы — магчыма, нейкую асаблівую сілу для сённяшняга цяжкага становішча, —таму што ў падобных цяжкасцях яны вытрывалі выпрабаванне.

Усё гэта сродкі, якія ёсць у распараджэнні кожнага католіка. Для жонкі і маці дабаўляецца яшчэ адна крыніца сілы: сакрамэнт сужэнства. Сужэнскі саюз, у які яна ўступіла, асвечаны і святы. Жанчына павінна ўтвараць з мужам, які дадзены ёй, адно, як Касцёл з Хрыстом, яго містычным Галавою. <...> Менавіта праз гэта яна становіцца важным органам плоднасці Касцёла і атрымлівае ўмацаванне патрэбнаю для яе паклікання ласкаю, пакуль не перастае прыкладаць намаганні, каб заставацца жывым членам [Касцёла] і весці сваё сужэнскае жыццё ў духу Касцёла. Яна можа вытрываць у сужэнскім саюзе нават з нявартым павагі мужам, які робіць яе жыццё мучэннем, калі і ў гэтым страшным скажэнні яшчэ будзе бачыць і ўшаноўваць сімвал Містычнага цела Хрыста. Яна будзе шанаваць душы сваіх дзяцей і аберагаць жыццё ласкі, якое распачалося ў іх дзякуючы сакрамэнту святога хросту.

Для законнай сястры ў якасці сродку асаблівай ласкі для ўмацавання яе паклікання замест сакрамэнту сужэнства выступае літургічная кансэкрацыя дзеваў альбо, па меншай меры, урачыстае прынясенне абяцанняў, праз якія яна назаўсёды злучаецца з Панам. У гэтым урачыстым акце яна прымае благаслаўленне на тое, каб жыць як sponsa Christi (нявеста Хрыстова): з радасцю адмовіцца ад усяго, у чым свецкія людзі бачаць сваё шчасце, — ад знешніх дабротаў, ад мужа і дзяцей, ад свабоды ўладкоўваць жыццё паводле сваіх меркаванняў; калі замужняя жанчына абавязана падпарадкоўвацца свайму мужу як Богу, то манашка павінна шанаваць законнага кіраўніка ордэну як намесніка Хрыста і прымаць яго словы як абвяшчэнне Божай волі. Пан адорвае яе таксама сваёй любоўю і апекаю ў бачнай постаці і праз зямное пасрэдніцтва: у айцоўскай, мацярынскай, сястрынскай і братняй любові, якую яна знаходзіць у манаскай сям’і і на якую павінна адпаведным чынам адказваць; у магчымасці ўдзелу ва ўсім, што належыць супольнасці, ва ўсіх яе мерапрыемствах і ў яе лёсе. Але ўсё бачнае заўсёды павінна пранікаць у нябачнае. Яна належыць самаму Пану, узвышаная да таго, што знаходзіцца побач з Ім; даброты, у якіх яна мае ўдзел, з’яўляюцца невычэрпнымі скарбамі ласкі, якімі боскі Sponsus (Абраннік) шчодра яе адорвае — для яе самой і для ўсіх, за каго яна хадайнічае перад Ім. <...>

 

Мы пазнаёміліся з асаблівымі сродкамі ласкі, якія Касцёл можа даць у распараджэнне замужняй жанчыне і манашцы для дапамогі ў спаўненні іх паклікання. Цяпер мы стаім перад пытаннем, якое асабліва важнае для нашага часу: як незамужняй жанчыне па-за манаскай супольнасцю выканаць сваё прызначэнне. Безумоўна, яе становішча асабліва складанае. Ёй альбо недобраахвотна, пад прымусам абставінаў, прыйшлося адмовіцца ад сужэнства і мацярынства; і тады ў ёй жыве натуральнае жаданне шчасця ў сямейным жыцці. Прафесійнай дзейнасцю, якую яна выбрала, нават калі гэта прафесія адпавядае прыроднаму таленту і схільнасцям жанчыны, вельмі складана задаволіць гэтае жаданне, тым больш, калі яна была прынятая толькі для таго, каб мець даход і, магчыма, нават з унутраным супраціўленнем. Альбо жанчына з юнацтва мела цягу да жыцця ў дзявоцтве; тады, у большасці выпадкаў, гэта праяўлялася ў прагненні ўступіць у манаскую супольнасць, а знешнія абставіны перашкодзілі выкананню гэтага жадання. У абодвух выпадках існуе небяспека, што жыццё лічыцца няўдалым, што душа марнее і азлабляецца, не знаходзячы сілаў на плённую жаночую дзейнасць. А тут яшчэ, мяркуючы па ўсім, адсутнічае адпаведная дапамога праз сродкі ласкі, прадугледжаныя для шляхоў жаночага жыцця. Неабходнасць ісці жыццёвым шляхам, які супярэчыць уласнай прыродзе, — гэта нешта такое, з чым наўрад ці можна справіцца натуральнымі сіламі так, каб душа не цярпела ад гэтага шкоды. У лепшым выпадку гэта пераносіцца са стомленаю пакораю, звычайна — з горыччу і бунтам супраць лёсу альбо ўцёкамі ў ілюзорны свет. Зрабіць тое, што чалавек не сам выбраў, справаю ўласнага выбару і выконваць яе свабодна і радасна, магчыма толькі для таго, хто ў падпарадкаванні абставінам бачыць Божую волю і не нацэльваецца ні на што іншае, а толькі на тое, каб прывесці сваю ўласную волю ў адпаведнасць з Божаю воляю. Аднак той, хто такім чынам аддаў сваю волю Богу, можа быць упэўнены ў асаблівым кіраванні Божай ласкі. І калі чалавек сыходзіць з каляіны, якая, здаецца, зададзеная нараджэннем і выхаваннем, альбо на якую ён спадзяецца для сябе самога і да якой імкнецца, і накіроўваецца ў зусім іншы бок, то гэта можна разглядаць як указанне на асаблівае пакліканне — пакліканне не да збітага і прадвызначанага шляху, а да індывідуальнага задання, якое не акрэсленае дакладна з самага пачатку, але раскрываецца крок за крокам. І ў гэтай сітуацыі можа быць так, што асаблівае ўмацаванне для выканання заданняў такога жыцця заключаецца не ў агульнай форме літургічна кансэкраванага жыцця, а ў індывідуальным духоўным кіраўніцтве. Таму тут асабліва неабходна рупліва звяртаць увагу на знакі, якія паказваюць шлях.

Для гэтага трэба, па-першае, рабіць усё, што ва ўласных сілах чалавека, каб прабываць блізка да Бога, гэта значыць, каб выкарыстоўваць сродкі ласкі, дадзеныя ў распараджэнне кожнаму хрысціяніну. Самае галоўнае, каб святая Эўхарыстыя заняла цэнтральнае месца ў жыцці, каб эўхарыстычны Збаўца стаў яго цэнтрам, каб прымаць з Яго рук кожны дзень і зноў складаць яго ў гэтыя рукі, каб абмяркоўваць з Ім усе праблемы. Тым самым Богу даецца найлепшая магчымасць, каб прамаўляць у сэрцы, фармаваць душу і зрабіць яе празорліваю і чуйнаю для звышнатуральнага. Тады само па сабе атрымліваецца, што чалавек вучыцца глядзець на праблемы ўласнага жыцця Божымі вачыма і ў Яго духу іх вырашаць. Да гэтага трэба дадаць спакойны і цвярозы ўлік знешніх фактаў і падзеяў. Хто жыве ў моцным перакананні, што нічога не адбываецца без ведама Бога і без Ягонай волі, таго нават надзвычайнымі падзеямі і самымі цяжкімі ўдарамі нялёгка вывесці з раўнавагі. Ён будзе захоўваць спакой, ясна бачыць і ацэньваць факты і знаходзіць патрэбныя ўказанні, якія ў існуючай сітуацыі дадзеныя для выкарыстання ў яго практычных дзеяннях.

Акрамя таго, жыццё з эўхарыстычным Збаўцам прыносіць з сабою тое, што душа ўзнімаецца над вузкасцю індывідуальнага і асабістага жыцця, што для яе справы Пана і Ягонага Валадарства — гэтак, як і для тых, хто даў Яму абяцанні ў манаскім стане, — становяцца яе справамі, што ў той жа ступені губляюць вагу малыя і вялікія няшчасці індывідуальнага жыцця. З’яўляюцца тыя свабода і радасць, якія ведаюць, як чэрпаць з вечных крыніцаў заўсёды новае жыццё. <...> Нават у людскіх вачах не самотны той, хто са святым Касцёлам і яго літургіяй, гэта значыць сапраўды жыве па-каталіцку, хто ўкаранёны ў гэтую самую вялікую чалавечую супольнасць; ён паўсюль сустракае братоў і сясцёр, якія ўнутрана звязаныя з ім. <...> А паколькі ад кожнага чалавека, які крочыць, дзякуючы Божай дапамозе, сыходзяць струмені жывой вады, то ён валодае таямнічаю прыцягальнаю сілаю для прагнучых душаў; не дамагаючыся таго спецыяльна, ён павінен стаць правадніком для іншых, якія імкнуцца да святла, і ажыццяўляць духоўнае мацярынства, ствараючы і выхоўваючы «сыноў» і «дачок» для Божага Валадарства.

Гісторыя Касцёла паказвае нам даволі шмат людзей, мужчын і жанчын, якія пайшлі гэтым шляхам «у свеце». І відавочна, што нашаму часу яны асабліва патрэбныя. Сучасным язычнікам, якія часта падазрона ставяцца да кожнага духоўнага адзення і не хочуць нічога ведаць ні пра якое веравучэнне, наўрад ці можна інакш наблізіць звышнатуральнае жыццё, як праз людзей, якія знешне выглядаюць падобна да іх, магчыма, займаюцца той самай прафесійнай дзейнасцю ў свеце, маюць моцныя супольныя інтарэсы з людзьмі гэтага свету і ўсё ж адчувальна падтрыманыя нейкаю таямнічаю сілаю, што паходзіць не з гэтага свету.

Аднак у жыцці людзей, якія пайшлі такім надзвычайным шляхам, мы знаходзім часцей за ўсё яшчэ адзін сродак для таго, каб упэўніцца, што ёсць Божаю воляю, — сродак, пра які мы да гэтага часу яшчэ не ўзгадвалі. Гэта паслухмянасць у адносінах да бачнага прадстаўніка Бога — святара, які з’яўляецца духоўным кіраўніком душы. Асабісты вопыт і гісторыя Божага плану Збаўлення дазваляе нам пераканацца, што ў гэтым заключаецца метад Пана — выхоўваць людзей праз людзей. Як для натуральнага развіцця дзіцяці патрэбны догляд і выхаванне з боку дарослых, так і жыццё ласкі развіваецца дзякуючы чалавечаму пасрэдніцтву; людзі выкарыстоўваюцца як прылады, каб абудзіць і падтрымліваць у іншых боскую іскру. Натуральныя і звышнатуральныя факты ўказваюць на тое, што і ў жыцці ласкі таксама «нядобра, каб чалавек быў адзін»3. Па-першае, існуе небяспека самападману: ясны позірк духу затуманьваецца жаданнямі сэрца так, што чалавек часта спрабуе лічыць Божаю воляю тое, што адпавядае толькі яго ўласным схільнасцям. Для таго, каб пазбегнуць гэтай пагрозы, добра, калі чалавек прымае свае рашэнні не толькі паводле ўнутранай інтуіцыі, але аддае іх на спакойны і аб’ектыўны суд. Сюды дабаўляецца другі факт, звязаны з першым: звычайна меркаванне пра ўласныя праблемы менш яснае і надзейнае, чым пра чужыя. Да гэтых натуральных акалічнасцяў дадаюцца абставіны іншага парадку, якія маюць яшчэ большую вагу. Кожны, хто добра знаёмы з законамі ўнутранага жыцця, ведае, што менавіта тыя, хто пакліканы Богам да надзвычайных заданняў, павінны прайсці таксама праз надзвычайныя выпрабаванні, вытрываць не толькі знешнія цяжкасці і нягоды, але таксама яшчэ намнога цяжэйшыя душэўныя цярпенні і спакусы — тое, што містычныя тэолагі называюць цёмнаю Ноччу душы. <...> Як паказвае вопыт, каб у такіх душэўных нягодах не згубіць правільны шлях, няма лепшай абароны, як паслухмянасць мудраму духоўнаму кіраўніку. Тое, што паслухмянасць валодае такою сілаю супраць моцаў цемры, ужо само па сабе таямнічы факт — як і тая асаблівая Божая ласка, што Пан ставіць побач з душою, якая выпрабоўваецца, такога кіраўніка, — але гэта факт. <...>

Некаторыя тыповыя магчымасці былі ўжо адзначаныя пры апісанні дзейнасці жанчыны. Цяпер абагульнім тое, што было сказана і там, і ў апошнім раздзеле: заданні, да якіх жанчына пакліканая паводле сваёй прыроды і прызначэння, яна можа выканаць толькі тады, калі будзе чэрпаць з вечных крыніцаў сілы. І з другога боку: кожны, хто жыве ў святле вечнасці, можа выканаць сваё прызначэнне — усё роўна, у сужэнстве, у манаскім стане ці ў якой-небудзь свецкай прафесіі.

Пераклад з нямецкай мовы
Алены Шымак.

Паводле:
Stein, E. Christliches Frauenleben //
Edith Stein Gesamtausgabe.
Band XIII. Freiburg – Basel – Wien, 2000.


  1. Быц 1, 27.
  2. Ян 16, 24.
  3. Быц 2, 18.

Гл. таксама:
У ПОШУКАХ ПРАЎДЫ :: З гаміліі Яна Паўла ІІ з нагоды кананізацыі Тэрэзы Бэнэдыкты ад Крыжа (Эдыты Штайн) 11 кастрычніка 1998 г. ::
Айцец Аркадзь КУЛЯХА OCD :: «СТУКНІ Ў КАМЕНЬ...» ::
ДУХОЎНАСЦЬ — КОРАНЬ І АСНОВА ЎСЯГО ЖЫЦЦЯ :: Фрагменты з лістоў і твораў Эдыты ШТАЙН ::
Ірына БУРАК :: ЛІСТ ЭДЫТЫ ШТАЙН ДА ПАПЫ ПІЯ XI ::
Эдыта ШТАЙН :: ЛІСТ ДА ПАПЫ ПІЯ XI ::
Эдыта ШТАЙН :: НАВУКА КРЫЖА ::
Эдыта ШТАЙН :: ВЕРШЫ ::


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY