Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
2(60)/2012
SUMMARY
Благаслаўлёныя Крыжам
У ПОШУКАХ ПРАЎДЫ
З гаміліі Яна Паўла ІІ з нагоды кананізацыі Тэрэзы Бэнэдыкты ад Крыжа (Эдыты Штайн) 11 кастрычніка 1998 г.

«СТУКНІ Ў КАМЕНЬ...»

ДУХОЎНАСЦЬ — КОРАНЬ І АСНОВА ЎСЯГО ЖЫЦЦЯ
Фрагменты з лістоў і твораў Эдыты Штайн

ЛІСТ ДА ПАПЫ ПІЯ XI
Пераклады
Галерэя
У святле Бібліі
Паэзія

НАСТАНЕ ДЗЕНЬ ТАКІ...

ХАЙ ЗЕЛЯНЕЕ ГАЙ
Інтэрв’ю
ГАЛАСЫ З МІНУЛАГА
З Антоніем Лібэрам размаўляе Ганна Сасноўская
Літаратурная спадчына

СПАКОЮ ДУШЫ НЕ БУДЗЕ...
Мастацтва
ФРЭСКІ ВУЧАЦЬ БЕРАГЧЫ ЧАС
З Уладзімірам Кандрусевічам гутарыць Ірына Жарнасек
Постаці

РУПЛІВЕЦ НА БОЖАЙ НІВЕ

НЯСТОМНЫ БУДАЎНІК СВЯТЫНЯЎ
Мастацтва

ЯБЛЫК ЦІ ГРАНАТ?..
Прэзентацыя

ДОЎГАЧАКАННАЯ КНІГА...
Нашы святыні

Галіна СКРЫГАН

СПАКОЮ ДУШЫ НЕ БУДЗЕ...

«Спакою душы не будзе», «Сэрцу горкая далячынь» — гэтыя дзве фразы з архіўных запісаў бацькі, датаваныя 1992 годам, незадоўга да яго смерці, востра і моцна ўрэзаліся ў маю памяць. Можа, яны былі задуманыя ў якасці загалоўкаў для будучай псіхалагічнай драмы або трагедыі, якой так і не суджана было матэрыялізавацца ў слове. А магчыма, у іх закладзены больш тонкі падтэкст, сакральны сэнс якога патрабуе асаблівага разумення. А магчыма...

Па меры больш карпатлівага паглыблення ў архіўныя матэрыялы (разбор папераў, накідаў, кароткіх запісак, філасофскіх сентэнцый і высноваў, маргіналій, дадумак) мае даследаванні прывялі мяне да святая святых — дзённікавых запісаў Яна Скрыгана.

Мяне некалькі разоў наведвала думка пра тое, каб пачаць перадрук бацькавых дзённікаў, але кожны раз нейкая невядомая сіла, нібы не пускаючы мяне ў гэты пантэон думак і думаў, спыняла мае памкненні. Справа зноў і зноў адкладвалася...

Але вось аднойчы настаў той дзень і час. Я расклала перад сабою дзесяць агульных сшыткаў, спісаных акуратным сціслым почыркам. Здавалася, цяпер я размяшчу вакол сябе ўсё самае неабходнае і на рарытэтнай у наш час бацькавай друкарскай машынцы радасна і аптымістычна распачну сваю працу. Не паглыбляючыся ў падрабязнасці вытворчага працэсу, падкрэслю толькі тое, што акуратнасць бацькавага почырку зусім не гарантавала лёгкасці яго разумення. Калі чытанне некаторых словаў не паддавалася ніякай логіцы, я адкладала іх расшыфроўку да «спрыяльнага» моманту, працягваючы рухацца далей.

І так, ад старонкі да старонкі, па меры паступовага паглыблення ў атмасферу часу, перажываючы разам з бацькам самыя розныя жыццёвыя перэпетыі, грамадскія і асабістыя сітуацыі і падзеі, я выразна прасачыла нябачнае дзяленне тэкставага матэрыялу па тэматычных лініях. Прычым кожная з гэтых ліній была цалкам самастойная, насычаная філасофскімі развагамі і ацэнкамі, напоўненая роздумамі, шчырымі перажываннямі, а часам і непадробным душэўным болем. І ў першую чаргу гэта датычыць тых радкоў, у якіх размова ідзе пра родную Беларусь, якую ён любіў да трапятання сэрца, да болю душы, да спынення дыхання.

«Белая Русь мая! Самае страшнае, што магло прыключыцца, дык гэта згіненне нашай гісторыі. Чаму і як здарылася, што наймацнейшае дзяржаўнае ўтварэнне — Вялікае княства Літоўскае — магло ўтварыцца, быць папраўдзе Вялікім і маляўнічым, мець сусветна значныя законы, як Статут Вялікага княства Літоўскага, мець за дзяржаўную мову — беларускую мову — і не пакінуць мінулага ратнага і грамадзянскага следу?» (1990).

Незвычайным душэўным цяплом прасякнуты радкі, дзе бацька згадвае сваіх сяброў юнацтва: Платона Галавача, Уладзіміра Хадыку, Васіля Каваля, Рыгора Мурашку, Юлія Таўбіна, Сымона Баранавых, Барыса Мікуліча. Рэдкую ў нашыя дні здольнасць цаніць сяброўскія адносіны бацька не страціў да канца свайго жыцця: «Сябры не набіраюцца гадамі. Іх ніколі не бывае так многа, каб сказаць, што сяброў ужо досыць. Людзі сустракаюцца, дружбуюць і часта разыходзяцца, каб не звацца сябрамі.

І ў гадах — пасля дзёняшняе сумяціцы — у мяне збіраюцца сябры. У зімовы адвячорак — разам з інеем, з холадам у каўнярах — яны прыносяць з сабою добрую таварыскую цяплынь» (Ян Скрыган. Выбраныя творы, 1985).

Чалавек з мастацкім мысленнем мае незвычайную ўласцівасць — нестандартнае бачанне свету. У зусім трывіяльнай руціннай штодзённасці для звычайнага чалавека нічога неардынарнага не адбываецца, а ва ўяўленні творчай асобы выпадкова ўбачаны жэст ці пачутае слова міжволі нараджаюць мноства гульнёвых інтэрпрэтацый, якія ператвараюцца ў драматычны эпізод ці яркую гумарыстычную жанравую сцэнку.

Часам па ледзьве ўлоўнай змене выразу твару або яскрава бліснуўшай іскры ў бацькавым позірку можна было беспамылкова вызначыць, што ён убачыў тое, на што мы, знаходзячыся побач з ім, не звярнулі ніякай ўвагі. Ён цаніў у чалавеку здольнасць пасмяяцца з самога сябе: «Чалавек мае найвялікшую здольнасць — смяяцца з самога сябе. Можа, гэта і не надта справядлівы занятак — здзек з самога сябе, — але затое патрэбны» (Ян Скрыган. Выбраныя творы, 1985).

Шматпакутнаю чырвонаю стужкаю праходзіць праз усе яго дзённікі трывога і боль за чысціню, прыгажосць роднай беларускай мовы. Трывога за лёс роднай мовы літаральна расколінай праходзіла праз яго сэрца.

«З беларускай жа мовай было многа метамарфозаў. Я памятаю часы, калі толькі што наладжваўся друк і кожная беларуская кніжка з’яўлялася святам. Калі Уладзіслаў Галубок са сваёй трупай вандраваў з сяла ў сяло па Беларусі і людзі з вуснаў не мужыка, а гарадскога, інтэлігентнага чалавека першы раз чулі сваё роднае слова і дзівіліся, што з ім, з гэтым словам, можна паказацца ў людзі. Я сам у Слуцку бачыў тых галубкоўскіх артыстак. Маладыя, прыгожыя, адзетыя ў вышываныя строі, яны ішлі па Пралетарскай вуліцы і весела гаманілі. Не ведаю, колькі часу я хадзіў следам за імі, слухаючы і баючыся прапусціць хоць адно слова» (Ян Скрыган. Выбраныя творы, 2005).

«Знарок прыехаў адзін і вельмі скора адчуў сябе вінаватым перад жонкаю, што не ўзяў яе з сабою. Аказалася, што на ўвесь Дом творчасці я быў адзіны і працавальшчык і адпачывальшчык. І ўчора даў тэлеграму дадому, каб яна прыехала.

Дзеля гэтага схадзіў у краму і купіў самага лепшага, як параілі там, віна.

Чакаючы, вядомая рэч, міжволі ўспаміналася, як мы пазнаёміліся і як пажаніліся. Яе звалі Галяй. Яна была адзіная дачка ў вельмі незвычайнай сям’і...» (Ян Скрыган. Выбраныя творы, 2005).

Гэты эпізод апісаны бацькам у мініяцюры «Трэба хоць трошкі ўспомніць», датаванай 1992 годам, за 3 месяцы да смерці. Падзеі адбываюцца ў праклятым 1936 годзе, які пакінуў у нашай гісторыі злавесны след.

Тэма ўспамінаў з мінулага жыцця, з жыцця да таго страшнага разлому, які падзяліў яго на да і пасля, тужлівым лейтматывам праходзіць па старонках бацькавага дзённіка.

Гэты вярэдзячы душу рэфрэн з’яўляецца нечакана, з настойлівай перыядычнасцю, не даючы сэрцу спакою да канца зямнога жыцця.

«Сэрцу горкая далячынь», «Спакою душы не будзе» — фразы, застылыя ў часе, так і застаюцца ўсяго толькі загалоўкамі. Па сутнасці ў іх закладзена квінтэсэнцыя ўсяго жыццёвага шляху — стромкіх віражоў і паваротаў, душэўных катастрофаў і ўзрушэнняў, незаменных стратаў, калі ў адно імгненне абрываецца сувязь часоў і крушэнне ўсіх надзеяў практычна становіцца незваротнаю кропкаю. Пра гэта праз гады Ян Скрыган скажа: «Цяпер я гляджу на сваю дарогу, як на далёкі сон. Мая біяграфія здаецца мне вельмі доўгаю, і я дзіўлюся, як многа ў ёй месціцца. Я зазнаў і трагізм, і роспач, зведаў цану радасці і надзей: быў на грані таго горкага адчування, калі чалавек астаецца без радзімы — не мае на яе права, і зразумеў, якое гэта вялікае і дарагое пачуццё — бацькаўшчына.

Лёс кожнага — гэта свой лёс, але без лёсу народа няма і свайго лёсу» («Кругі»).

Працуючы над упарадкаваннем бацькавых запісаў, я перш за ўсё бачу сваю місію ў тым, каб пакінуць гэты бясцэнны летапіс часу ў чытэльным выглядзе, «натарыяльна» завераным для нашчадкаў, а можа быць, і для будучых даследчыкаў-лінгвістаў, філолагаў, літаратуразнаўцаў.

Прапаную чытачам «Нашай веры» ўрыўкі з бацькавых дзённікаў.

Галіна Скрыган,
15.05.2012 г.

Гл. таксама:
Ян СКРЫГАН :: З ДЗЁННІКАВЫХ ЗАПІСАЎ ::


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY