|
|
|
№
2(60)/2012
SUMMARY
Благаслаўлёныя Крыжам
У ПОШУКАХ ПРАЎДЫ
З гаміліі Яна Паўла ІІ з нагоды кананізацыі Тэрэзы Бэнэдыкты ад Крыжа (Эдыты Штайн) 11 кастрычніка 1998 г. Пераклады
Галерэя
У святле Бібліі
Паэзія
Інтэрв’ю
ГАЛАСЫ З МІНУЛАГА
З Антоніем Лібэрам размаўляе Ганна Сасноўская Літаратурная спадчына
Мастацтва
ФРЭСКІ ВУЧАЦЬ БЕРАГЧЫ ЧАС
З Уладзімірам Кандрусевічам гутарыць Ірына Жарнасек Постаці
Мастацтва
Прэзентацыя
Нашы святыні
|
...Па сутнасці гэта ўсяго толькі аповед пра адкрыццё яшчэ адной выставы. Аднак асаблівасць гэтай выставы ў тым, што многія рэчы на ёй экспанаваліся ўпершыню, бо нарэшце яны былі адрэстаўраваныя. Яны нідзе не друкаваліся, мала вывучаныя, але самім фактам свайго існавання пашыраюць вузкія рамкі агульных уяўленняў пра беларускае мастацтва сакральнага жывапісу. Агульнавядома, што лепш адзін раз убачыць, чым сто разоў пачуць. Расказваць пра такія мастацкія выявы — занятак бясплённы, тым больш, што сюжэты такіх твораў адныя і тыя ж: з біблейскіх часоў нязменныя неба залацістых фонаў, прамяністасць німбаў над галовамі святых, пурпур або цёмна-вішнёвы, сіні ці нябесна-блакітны колеры ў выявах Божай Маці і Хрыста. І на каленях у Дзевы Марыі, і ў яслях, сярод жывёлаў пад дзіравым дахам у прыстанку пастухоў, Дзіця нязменна выпраменьвае нязгаснае святло, як і належыць Богу. І нязменна ззяе пуцяводная зорка ў начы... Што ў гэтым новага? Хіба што — Новы Запавет. Аднак, нягледзячы на іконаграфічныя схемы і каноны, я ніколі не сустракаў цалкам аднолькавых вобразаў. І адзіны падыход (пры агульных прынцыпах) таксама не прыдатны для рэстаўрацыі розных твораў... Абраз, рэстаўрацыя якога завяршылася ў 2011 годзе, мае відавочныя прыкметы лацінскай мастацкай традыцыі. І дзіўным падалося б, што гэты твор вывезены з праваслаўнай царквы, калі б гэта было не ў Беларусі, дзе каталіцкі абраз у царкве і праваслаўны ў касцёле — зусім не дзіва, бо гісторыя нашага сакральнага мастацтва вельмі моцна і натуральна звязана з гісторыяй нашай краіны. Гісторыя абраза са Старых Дзявяткавічаў — яшчэ адно пацвярджэнне гэтаму, а яшчэ — сведчанне немагчымасці вывучэння сакральнага мастацтва Беларусі без аглядкі ... на Рым, Польшчу, Украіну, Расію, Германію, Галандыю — карацей кажучы, на ўсе бакі свету, Старога і нават Новага, бо паліхромны алтар дзесьці ў Нікарагуа можа мала чым адрознівацца ад алтара ў Пінску, і завіткі барочных валютаў на фасадах нашых архітэктурных помнікаў такія ж пругкія, як ва ўсім свеце... ...«На Песках» — так называлася месца за сценамі старажытнага Кракава. Там у даўнія часы на сцяне касцёла Звеставання (над уваходам у бакавую наву) манах кармэліт намаляваў Найсвяцейшую Панну Марыю з Дзіцем і ... яблыкам, што злучае рукі Маці і Сына. Аднойчы пад вечар манах, які пісаў фрэску, пакінуў працу пад згасаючым небам, а раніцаю, узышоўшы на рыштаванні для таго, каб прадоўжыць справу, на вялікае здзіўленне, убачыў абраз завершаным — рыштаванні можна было здымаць... З таго часу незлічоныя цуды, якія падараваў людзям абраз, зрабілі яго і месца «на Песках» надзвычай шанаваным сярод вернікаў — з усіх бакоў Рэчы Паспалітай ішлі пілігрымы, каб укленчыць перад іконаю Маці Божай Пескавай. Заступніцтва цудатворнага абраза прасілі і багатыя, і бедныя. І сярод саміх братоў кармэлітаў абраз шанаваўся не менш, чым іх галоўная святыня — Маці Божая Шкаплерная. Гісторыя месца за старымі сценамі Кракава напоўненая неміласэрна-крывавым хаосам, але абраз нібы існаваў над чалавечай гісторыяй падчас войнаў, эпідэмій і ўсяго, што лічылася нябеснаю караю. Не крануўся абраза і агонь пажару, які знішчыў касцёл у 1578 годзе. А калі касцёл разбуралі шведы, не іначай як сапраўдны цуд спыніў іх перад сцяною з іконаю. Каралева Бона па некалькі разоў на тыдзень малілася перад абразом і нарэшце загадала прыбудаваць да сцяны з выяваю Маці Божай Пескавай часовую капліцу, зрабіўшы пры гэтым ахвяраванне на срэбраныя кароны. Магчыма, сэрца італьянкі Боны Сфорца цягнула да іконы памяць пра яе радзіму, у жывапісе якой так шмат выяваў Мадонны з яблыкам... Хто ведае... але, дарэчы, пра кароны... На святых і цудатворных абразах яны сімвалізуюць асаблівую пашану і ўскладаюцца з благаслаўлення Папы Рымскага, аднак і гэта не ўратавала кароны, ахвяраваныя каралеваю, ад знікнення ў цемры часу. Паўторная каранацыя кракаўскага абраза павінна была адбыцца ў 1764 годзе пры Клімэнце ХІІІ, які даў на гэта згоду, але яна чамусьці не адбылася. Кароны ж, якія можна ўбачыць і сёння, былі зроблены паводле эскізаў Яна Матэйкі і ўскладзены на святыню ажно ў 1883 годзе...
* * *
Навуковая рэстаўрацыя за 50 гадоў свайго існавання ўзбагацілася многімі тэорыямі, прынцыпамі і супярэчнасцямі. Паводле адной з іх, дастаткова элементарнай кансервацыі рэчы — стабілізацыі разбуральнага працэсу. Паводле іншых, хапіла б кансервацыі, выдалення позніх наслаенняў, аднаўлення стратаў палатна і грунту... Ва ўсялякім выпадку такія дзеянні не выклікалі б сумненняў у рэстаўрацыйнай рады, але, без сумнення, пазбавілі б абраз яго сутнасці. Дакладней, сталі б канчатковаю кропкаю ў лёсе пашкоджанага стратамі жывапісу абраза, які пасля гэтага можна змясціць у навукова-дапаможным фондзе музея — далей ад людскіх вачэй. Мне вядомая толькі адна (у музеі старажытнабеларускай культуры пры ІМЭФ у Мінску) выява сюжэту, які ў Заходняй Еўропе называюць «Мадонна з яблыкам». Дык як жа было адмовіцца ад магчымасці з’яўлення падобнага сюжэту ў Нацыянальным мастацкім музеі? Як жа было не зрабіць спробу яго рэстаўрацыі? Кансервацыя і «разумовае» (як прапануецца адным з прынцыпаў рэстаўрацыі) аднаўленне стратаў падавалася не вельмі прымальным варыянтам, бо страта кончыкаў пальцаў на руках Божай Маці і Яе Сына абцяжарвала б «працу думкі» і спробу ўявіць, што, каму і хто тут перадае. Нагадаю, што з часу Адраджэння яблык у руках Дзіцяці Хрыста ўказвае на Збаўцу як на «новага Адама», а гранат з’яўляецца сімвалам яднання і адкуплення ва ўлонні Царквы. Яблык у руках Панны Марыі прэзентуе Яе як «новую Еву», якая выкупіла першародны грэх прамаці. І вось якраз гэты яблык ці, магчыма, гранат (а можа, апельсін) апынуўся ў зоне страты. Прасцей кажучы, на гэтым месцы палатна была дзіра — скразная да такой ступені, што ў яе вылецела і назва абраза, цягнучы за сабою ўвесь абраз. Дарэчы, выявы яблыкаў сустракаюцца на помніках старажытнага Егіпта. Тым выявам усяго пяць тысяч гадоў, а самі яблыкі былі, відаць, ад стварэння свету. У Святым Пісанні не гаворыцца пра яблык, але з таго часу, як змеем было прамоўлена «адкрыюцца вочы вашыя, і будзеце, як Бог, які ведае дабро і зло», чамусьці менавіта яблык сімвалізуе спакушэнне і грэхападзенне. Гавораць, што ў заходняй хрысціянскай традыцыі гэта грунтуецца на падабенстве лацінскіх словаў «грэх» і «яблык». Можа, і гэтак. А як жа ў праваслаўнай? Зрэшты, у тыя часы «традыцыя» была яшчэ агульная?.. Плод Дрэва Пазнання мастакі малявалі і ў выглядзе яблыка, і граната, і апельсіна. Калі заглыбіцца ў мовы, то па-італьянску гэта — melagrano (яблык з зернем), па-галандску — sinaasappel (апельсін, або кітайскі яблык), па-нямецку — apfelsine (той жа яблык, і таксама кітайскі). Кітай, безумоўна, не Эдэм, але ж таксама не блізка, а нязведаны пах і колер апельсіна сапраўды падаваліся ў заснежанай Еўропе здольнымі спакусіць жанчыну, тым больш... калі яна нічога ў жыцці не спазнала. Увогуле ж плод (лац. fructus), як запэўнівае энцыклапедыя, — гэта кветка. Змененая ў працэсе двайнога апладнення, яна служыць органам для фармавання і захавання заключанага ў ёй семя. Міжволі думаеш: значыць Ева, створаная з рабра Адама, — гэта плод двайнога стварэння? Хіба Жанчына — не кветка, не плод, не орган размнажэння, «прыемны для вачэй і пажаданы»? І хіба яе цела не «fructus», што служыць і фармаванню, і абароне, і распаўсюджанню «семя»? Немагчыма вымаліць цуд у дошкі з фарбавым слоем, немагчыма распазнаць у ёй цудатворны абраз, калі не ўмееш бачыць цуд у навакольным, у кожнай травінцы, у кожнай кветцы, у кожнай расінцы летняга ранку, у кожным плодзе, саспелым у свой час... Але гэта так, між іншым... і, напэўна, недарэчы ў размове пра аднаўленне страчанага жывапісу... Рэканструкацыя на месцы страты выконвалася без уліку марфалагічных прыкметаў плода Дрэва Пазнання, бо, па-першае, яны невядомыя, а, па-другое... яны зноў-такі невядомыя. У выніку кончыкі пальцаў Панны Марыі і маленькага Хрыста паяднала нешта акруглае без усялякіх батанічных прыкметаў — прыблізна гэтак, як на абразе Маці Божай Пескавай з Кракава. Ці з мястэчка Бінарова, паблізу Кракава, дзе ў адным з алтароў бярвенчатага касцёла арханёла Міхала з XVI ст. таксама знаходзіцца абраз Маці Божай Пескавай, падобны да абраза са Старых Дзявяткавічаў настолькі, што бачнае іконаграфічнае супадзенне (яны падобныя нават па памеры). Здаўна шанаваны бінароўскі абраз быў каранаваны ў 1767 годзе, усяго за 30 гадоў да пабудовы касцёла ў Старых Дзявяткавічах, а значыць, мог стаць узорам для пераймання невядомым майстрам са Слонімшчыны. Таму, відаць, і кароны з’явіліся на абразе са Старых Дзявяткавічаў раней, чым на каранаваным у 1883 годзе кракаўскім. Дзявяткавічамі з 1677-га да 1939 года валодалі прадстаўнікі даўняга шляхецкага роду Слізняў. У 1979 г. пан Тадэвуш Слізень пабудаваў у Дзявяткавічах драўляны касцёл. Яму было па кішэні замовіць копію абраза ўпадабанай цудатворнай Маці Божай Пескавай. Магчыма, ён адразу ж упрыгожыў чаканным срэбрам шаты абраза, які падаўся яму не надта багатым... У 1866 годзе дзявяткавіцкі касцёл перадалі праваслаўным вернікам — яго перабудавалі і назвалі царквою святой Параскевы. З гэтай царквы, зачыненай у 1964 годзе, 29-я экспедыцыя Дзяржаўнага мастацкага музея БССР вывезла абраз у срэбнай шаце — гэта было ў 1975 годзе. ...Выяву яблыка, хутчэй за ўсё, таксама закрывала пазалочаная накладка ў выглядзе плоду. Зрываючы з цвікоў бліскучую жалезку, вырвалі разам з палатном і жывапіс. І кароны знялі. Чаму не забралі шаты? Напэўна, таму, што юным піянерам (ці акцябратам) было не па сілах іх дзіцячымі пальчыкамі выцягнуць з дошкі цвікі. Дарослыя, вядома ж, панеслі б і шаты разам з жывапісам — срэбра, ды яшчэ пазалочанае, заўсёды было каштоўным металам (а можа, пабаяліся б...). Пра каштоўнасць для культуры тады амаль ніхто не думаў — яшчэ нядаўна і само жыццё нічога не каштавала... Як бы там ні было, але не прайшло і 35-ці гадоў няволі ў музейным сховішчы, і алтарная карціна (палатно, алей, страты асновы і фарбавага слою па ўсёй паверхні, 64х54) лягла на стол рэстаўратара. ...На выставе «Вобраз Багародзіцы ў беларускім іканапісе» я не мог не згадаць нашы музейныя экспедыцыі 70-х па зачыненых касцёлах і цэрквах... Пры чым тут выстава? — запытаецеся вы. А пры тым, што ўсе рэчы на гэтай выставе былі прывезеныя з нашых экспедыцый. «Божа мой! — падумаў я, уваходзячы ў залу. — Колькі ж трэба было стварыць, каб, нягледзячы на татальнае знішчэнне сакральнага мастацтва, яшчэ захавалася штосьці, здольнае напоўніць выставачную залу гэткай разнастайнасцю, гэткай прыгажосцю, што так хораша ўздзейнічае на душу!» Выявы Божай Маці, напісаныя і ў каталіцкай, і ў праваслаўнай традыцыі, гарманічна суседнічалі на адной сцяне, і гэта таксама напаўняла душу ціхай, узвышанай радасцю. У светлай зале, упрыгожанай выратаванымі іконамі і алтарнымі карцінамі, ператворанымі ў экспанаты, мне міжволі згадваліся прыцемкі драўлянай царквы, забітыя вокны, голыя сцены, апаганеныя алтары, іканастасы, што зеўралі чорнаю пустэчаю («мярзотнасць запусцення»)... і выпадкова забытая ці, можа, пакінутая (як не вельмі каштоўная) невялікая ікона на падлозе... Быццам Медуніца няясная — кветка цяністага лесу — пад нагамі ляжала ікона. «Няясная», відаць, ад таго, што маленькая і някідкая, але, прыгледзеўшыся, убачыш на адным сцябле і чырвоны, і блакітны, і цёмна-ружовы, і валошкава-сіні колеры. Да запыленай дошкі з цьмяным жывапісам прыгледзеліся і... забралі ў музей. Такія пакінутыя іконы мы знаходзім на заседжаных галубамі гарышчах, у званіцах, сырых падвалах, сярод хімічных угнаенняў, у гніллі сховішчаў гародніны. ...Гэтая ікона не ўражвала ні вытанчанасцю рамесніцтва, ні багаццем фарбаў, ні мудрагелістасцю кампазіцыі, але яна прыцягвала сваёю мілаю непасрэднасцю і разуменнем таго, што багамаз на адным дыханні ёмка і дакладна адлюстраваў убачанае ў сваім уяўленні. Нязграбны самаробны пэндзаль не даў мастаку выпісаць дэталі: ультрамарын пляскатага неба, жоўтая зорка, упертая промнем у саламяную страху хлява, адсутнасць адной з бярвенчатых сценаў дазвалялі зазірнуць унутр і падзівіцца ззянню ружовацелага Дзіцяці. Мяккае святло высвечвае сена, засяроджаныя вочы быка і асла, якія саграваюць Нованароджанага сваім дыханнем, схіленае да Сына аблічча Марыі, здзіўлена пазіраючых на цуда-Дзіця сялянаў — магчыма, беларускіх, але чамусьці ў нейкіх іншаземных шапках, штанах да калена і паласатых панчохах... можа, і вешчуны пакуль у дарозе, але ўжо прыдуць з хвіліны на хвіліну... А можа, сяляне і ёсць тыя вешчуны, але дзе тады золата, ладан і смірна? ...У чым жа сакрэт абаяльнасці гэтых някідкіх выяваў, што змушаюць перажываць замілаванне? Можа, гэта веруючая душа мастака праявілася ў просценькім жывапісе? А можа, гэта якасць кожнага мастацтва, якое завецца народным? Але ж якое відавочнае знаёмства багамаза з прафесійным мастацтвам, з прыгожымі кніжнымі карцінкамі! Як дакладна ён схапіў і ўвасобіў усе прыкметы часу, як удала змясціў іх у сваім малярстве! Мае роздумы пра «народнае» мастацтва больш маюць адносіны да запісу ўпершыню паказанай «Мадонны з яблыкам», але гэтага запісу ўжо ніхто ніколі не ўбачыць — пра яго можа сведчыць толькі фотафіксацыя «аб’екта» да рэстаўрацыі і аповед рэстаўратара. Пазбаўлены натхнення, як, зрэшты, усялякі запіс, ён быў зроблены «сонным пэндзлем» няўмелага і да таго ж скаванага неабходнасцю панаўлення мастака, які не мог праявіць сваёй самабытнасці, але, безумоўна, мог засвоіць прыкметы жывапісу, на якім ён дзеля панаўлення бессэнсоўна накрэсліў свой «беззаконны малюнак». Між іншым, ён мог запомніць тое, што замалёўваў, каб потым увасобіць у самастойным жывапісе... Запіс амаль беспрасветна хаваў першасны жывапіс невялікага палатна — скамечанага, забруджанага, з абадранымі кромкамі, без падрамніка. Аднак, як скрозь туман, угадвалася выява Божай Маці з Сынам. Па ўсёй паверхні жывапісу было мноства прарываў, пацёртасцяў і стратаў фарбавага слою. Найбольшая страта палатна мелася ў самым цэнтры выявы... У музеі фарбавы слой быў замацаваны, палатно нацягнутае на падрамнік, страта асновы залатаная ўстыч устаўкаю палатна. Запіс ХІХ ст. быў выдалены — расчысціўся жывапіс канца XVIII стагоддзя. Такіх, здавалася б, «невысокага палёту» твораў у нас захавалася больш за ўсё. Яно і зразумела: калі рабаваць, то найлепшае, а сумніўнае можна і пад ногі кінуць — гэтак, відаць, ва ўсе часы разважаюць рабаўнікі. І — атрымліваецца — нямала рэчаў выратавалі для нашчадкаў менавіта запісы, якія скажалі арыгінал да жахлівага стану. Можна толькі ўявіць, колькі людзей з веку ў век, з дня ў дзень плакала перад «...цёплай Заступніцай халоднага свету», колькі каленяў схілялася перад Ёю ў просьбах, спадзевах, пакаяннях і ўдзячнасці. І тая адвечная намоленасць вяртаецца да людзей разам з адроджанымі святынямі. ...Аднаўленне страчанага і, найперш, сюжэтатворнай дэталі, дапамагло аднавіць аўтарскую задуму і сам Вобраз, які вельмі ж хацелася вярнуць, каб у Беларусі з’явілася яшчэ адна выява «Мадонны з яблыкам», аднак нам ніколі не даведацца, які ж плод быў першапачаткова намаляваны аўтарам: яблык — як сімвал грэхападзення і адкуплення ці гранат — як сімвал яднання ва ўлонні Царквы. Рэканструкцыя страты, зробленая ў адпаведнасці з аналагам, пазначана на іконе тэхнікай, якая выдзяляе для гледача адноўлены фрагмент жывапісу... Вырашаючы свае навукова-рэстаўрацыйныя задачы, рэстаўратары (хто свядома, хто інтуітыўна) разумеюць, што дакранаюцца не толькі да разбуранай матэрыі (асновы, грунту, фарбавага слою і г. д.), але да чагосьці, што нельга ўзяць у рукі. Зрэшты, гэта можна сказаць і пра ўсе творы сапраўднай мастацкай вартасці, няхай сабе не сакральныя, але створаныя, як і ўсё прыгожае, не без удзелу Святога Духа. Разуменне або адчуванне таго, што мы не муміфіцыруем, а менавіта адраджаем, напэўна, самае галоўнае ў наданні помнікам сакральнага мастацтва гэтак званага экспазіцыйнага выгляду. Святы вобраз не павінен ператварацца ў працэсе рэстаўрацыі ў помнік — дакумент гісторыі. Так думаю я, так лічыў і рэстаўратар алтарнага абраза Маці Божай Пескавай Аляксандр Лагуновіч-Чарапко, які не толькі даследаваў гісторыю «аб’екта», але яшчэ і ведае, як называецца яблык на розных мовах. Зразумела, што іконаў і алтарных карцін у нашых святынях было ў сотні разоў больш, але дзе яны цяпер? Задумаўшыся, абавязкова ўзгадаеш пра геапалітычнае становішча і пра чужыя інтарэсы, ахвяраю якіх не раз была наша Бацькаўшчына, ператвораная ці то ў дарогу вайны, ці то ў зону эксперыменту па выкараненні ўласнай культуры... Безумоўна, у параўнанні з узорамі высокага мастацтва жывапісу «Маці Божая з яблыкам» — твор прафесіянала «сярэдняй рукі». Але сакральных рэчаў захавалася так няшмат, што кожнай з іх, выбаўленай са сховішча і вернутай да жыцця рэстаўратарамі, нязменна здзіўляешся і радуешся. Магчыма, настане час, і нашу рэканструкцыю таксама выдаляць як запіс, але, выдаляючы, пераканаюцца ў тым, што аўтарскі слой жывапісу замацаваны і не пашкоджаны, а рэканструкцыя страчанага і таніроўкі жывапісу зроблены выключна ў межах стратаў і іх можна без шкоды для арыгінала перарабіць у любы час, калі раптам падасца, што можна зрабіць лепш або інакш... у адпаведнасці з якімі-небудзь найнавейшымі прынцыпамі, што надаюць рэстаўрацыі яшчэ большую навуковасць...
|
|
|
|