Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
2(60)/2012
SUMMARY
Благаслаўлёныя Крыжам
У ПОШУКАХ ПРАЎДЫ
З гаміліі Яна Паўла ІІ з нагоды кананізацыі Тэрэзы Бэнэдыкты ад Крыжа (Эдыты Штайн) 11 кастрычніка 1998 г.

«СТУКНІ Ў КАМЕНЬ...»

ДУХОЎНАСЦЬ — КОРАНЬ І АСНОВА ЎСЯГО ЖЫЦЦЯ
Фрагменты з лістоў і твораў Эдыты Штайн

ЛІСТ ДА ПАПЫ ПІЯ XI
Пераклады
Галерэя
У святле Бібліі
Паэзія

НАСТАНЕ ДЗЕНЬ ТАКІ...

ХАЙ ЗЕЛЯНЕЕ ГАЙ
Інтэрв’ю
ГАЛАСЫ З МІНУЛАГА
З Антоніем Лібэрам размаўляе Ганна Сасноўская
Літаратурная спадчына

СПАКОЮ ДУШЫ НЕ БУДЗЕ...
Мастацтва
ФРЭСКІ ВУЧАЦЬ БЕРАГЧЫ ЧАС
З Уладзімірам Кандрусевічам гутарыць Ірына Жарнасек
Постаці

РУПЛІВЕЦ НА БОЖАЙ НІВЕ

НЯСТОМНЫ БУДАЎНІК СВЯТЫНЯЎ
Мастацтва

ЯБЛЫК ЦІ ГРАНАТ?..
Прэзентацыя

ДОЎГАЧАКАННАЯ КНІГА...
Нашы святыні

ФРЭСКІ ВУЧАЦЬ БЕРАГЧЫ ЧАС

З мастаком Уладзімірам КАНДРУСЕВІЧАМ
гутарыць пісьменніца Ірына ЖАРНАСЕК

Мастак Уладзімір Кандрусевіч.
Галерэя - дадатак да артыкула

— Уладзімір, я добра памятаю наша з вамі знаёмства. Было гэта ў Полацку, у касцёле святога Андрэя Баболі, калі Вы, выпускнік Акадэміі мастацтваў, рабілі там сваю дыпломную працу — фрэскі, прысвечаныя жыццярысу Андрэя Баболі. Памятаю, як я тады задала Вам не надта тактоўнае пытаннейка наконт таго, а ці не абсыпяцца неўзабаве Вашыя творы на галовы полацкіх парафіянаў? Вы, памятаю, цярпліва патлумачылі, што не надарэмна ўсё ж вывучалі тэхніку фрэскі. А цяпер, калі ласка, для чытачоў нашага часопіса паўтарыце тое ж самае: дзе Вы авалодалі тэхнікай фрэскі?

— Калі вучыўся ў Акадэміі мастацтваў на манументальным аддзяленні, стажыраваўся тады ў Нямеччыне, у Мюнстэры, а потым у Італіі, у рэстаўрацыйных майстэрнях Фларэнцыі, вывучаў тэхніку фрэскі і меў удосталь раскошы любавацца шэдэўрамі выбітных майстроў. Ну а што, не абсыпаліся ж пакуль полацкія фрэскі?..

 

— Не абсыпаліся! Не хочацца збівацца на кампліментарнасць, але не магу не зазначыць, што яны вельмі дарэчы ў полацкім касцёле. Цяпер нават неяк і ўявіць цяжка гэтую святыню без Вашых фрэсак... Дарэчы, а як Вы самі ставіліся тады да гэтай працы? Як успрымалі постаць свайго героя?

— Безумоўна, першая сур’ёзная праца і адразу ж у такім месцы, у старажытным Полацку — вялікая адказнасць. А постаць святога Андрэя Баболі... У часе той працы я з ім і пазнаёміўся бліжэй. Безумоўна, не можа не ўражваць мужнасць і перакананасць гэтага чалавека, ягоная самаахвярнасць. Магчыма, у многім дзякуючы яму, Андрэю Баболю, ды яшчэ ксяндзу Францішку Кісялю, усёй атмасферы ў касцёле, у якой мне пашчасціла тады працаваць, я і сам прыйшоў да хрысціянства. Тады ж у Полацку на Вялікдзень я прыняў хрост.

 

— Сапраўды, Полацк аказаўся для Вас такі багаты на падзеі!

— Дарэчы, там жа, у полацкім касцёле, я пазнаёміўся з ксяндзом Вячаславам Барком. Ні ён, ні я, вядома, не маглі прадбачыць, што праз нейкі час мы будзем вельмі цесна супрацоўнічаць. Але для гэтага ксяндзу Вячаславу трэба было яшчэ пабудаваць касцёл у Расонах.

 

— Сапраўды! А Вы самі, зазначым, зрабілі ў расонскім касцёле вялізную працу. Яна, шчыра прызнаюся, і стала галоўнаю прычынаю гэтай нашай гутаркі. Памятаю, як у дзень асвячэння гэтага касцёла я літаральна ахнула, адчыніўшы ягоныя дзверы. Потым пра тое ж самае мне казалі іншыя ўдзельнікі ўрачыстасці. Крыж у галоўным алтары, фрэскі паводле матываў твораў знакамітага італьянца Джота не проста рабілі касцёл асабліва святочным, але і ўражвалі сваёй нечаканасцю. Бо такая раскоша ў Расонах?! У Вас нейкая асаблівая любоў да Джота?

— Магчыма. Яна засталася яшчэ з часоў маёй практыкі ў Фларэнцыі і, мабыць, настолькі адбілася ў памяці, што захацелася перанесці сваё адчуванне Італіі ў нашы Расоны.

 

— І зрабілі тым самым гэткую вось неспадзяванку нашым сучаснікам!

— Напачатку задума ўнутранага аздаблення касцёла ў Расонах была іншаю. Гэта меўся быць сучасны аскетычны нямецкі стыль, суворы мінімалізм. Ды потым... Я, ведаючы, што ў касцёле мяне чакае вялікая праца, прыязджаў у Расоны ў розныя поры года, калі касцёл яшчэ толькі будаваўся. Блукаў па ваколіцах, думаў, уяўляў сваю будучую працу. Тады ж і даведаўся, што ў Расонах самы вялікі працэнт самагубстваў сярод гэткіх жа невялікіх райцэнтраў. І асабліва ўвосень агортвала там пачуццё неякай самоты, безнадзейнасці, безвыходнасці... Тады і падумалася: а чаму б не аздобіць касцёл прыгожа, ярка, можа нават з элементамі наіву?.. Ну, каб хтосьці пераступіў яго парог і адчуў гэтую прыгажосць, радасць... Ведаеце, у Сярэднявеччы фрэскі, распавядаючы людзям пра падзеі Евангелля, выконвалі своеасаблівую ролю пісьма для вялікай колькасці непісьменных людзей — яны распавядалі пра біблійныя падзеі ў даступнай форме. Але ж і ў наш час візуальная інфармацыя таксама вельмі моцна ўздзейнічае на чалавека. Як гэта ні дзіўна, але пры агромністым патоку сучаснай інфармацыі, часта агрэсіўнай, яркая карціна, якая нясе дабро, пазітыў, здольная затрымаць чалавека пры сабе. А творчасць Джота вельмі прыдатная ў гэтым плане, бо яна ўзнікла на мяжы Сярэднявечча і Рэнесансу, нібы першы крок ад іконы да рэалістычнага мастацтва, да перыяду Адраджэння. Творы Джота яшчэ маюць моцны ўплыў візантыйскай культуры, умоўнасці, але адначасна гэта ўжо і паварот да чалавека. Мне падалося, што менавіта гэты мастак з ягонымі колерамі — цёмна-сінім колерам неба, з мноствам яркай пазалоты, з такімі радаснымі кантрастамі — унясе ў расонскую святыню патрэбны каларыт святочнасці, урачыстасці, дабрыні. Словам, я прапанаваў ксяндзу Вячаславу сваю ідэю. Ён, праўда, не адразу згадзіўся, але калі праз нейкі час паехаў пілігрымам у Асізі, Падую і пабачыў там арыгінальныя працы Джота, тады і ён палюбіў гэтага мастака.

 

— Памятаю, як ксёндз Францішак жартаваў некалі: «Цяпер мы можам не сумаваць, калі не маем магчымасці паехаць у Італію, пабыць у Падуі... Можна паехаць у Расоны і пабачыць гэткую ж прыгажосць». Дарэчы, Вы стваралі свае працы ў расонскім касцёле паводле фларэнтыйца Джота, але ж гэта не капіяванне?

— Не, простае капіяванне было б нецікавае. Я, вядома, у захапленні ад круцыфікса Джота, але цалкам паўтараць яго не меў ніякай ахвоты. Тое ж самае тычыцца і фрэсак.

Увогуле, я вельмі ўдзячны ксяндзу Вячаславу за тое, што ён пайшоў па шляху рэалізацыі поўнай канцэпцыі аздаблення касцёла. Бо гэта, заўважце, не часта здараецца. Звычайна ў касцёле можна ўбачыць трохі шэрага, трохі жоўтага, трохі яшчэ нейкага колеру — такія стандартыя падыходы... А тут канцэпцыя акрэсленая і рэалізаваная. Іншая рэч, што яе можна прымаць ці не, але гэта ўжо справа густу.

 

— У сувязі з толькі што сказаным, ці можаце Вы лічыць, што ў Расонах рэалізаваны значны кавалак Вашай творчай біяграфіі?

— Адназначна. Дарэчы, калі я там працаваў, то не раз лавіў сябе на адчуванні творчага шчасця. Прызнаюся, калі б у мяне была магчымасць займацца такой працай усё жыццё, я проста быў бы шчаслівы, бо гэта не толькі цікавая, але і ўдзячная праца. Я, вядома ж, пішу карціны, але іх хтосьці ўбачыць, хтосьці не, а тут людзі прыходзяць маліцца, размаўляць з Богам... І калі мая праца хоць крышачку дапаможа камусьці — ці ж гэта не шчасце для мастака?

 

— А цяпер, калі ласка, колькі словаў пра фрэскі з правага боку ў галоўным алтары.

— Для іх былі выбраныя сюжэты, якія звязваюць Беларусь з іншымі краінамі. На адной з іх сюжэт пра тое, як нараджэнец далёкай Скандынавіі Торвальд Вандроўнік хрысціў Полацк — ёсць такая версія ў некаторых навукоўцаў. Другая распавядае пра паломніцтва святой Еўфрасінні Полацкай у Ерузалем, на трэцяй адлюстраваны момант, калі наш слынны зямляк Францішак Скарына здаваў іспыты ў Падуі, а чацвёртая адлюстроўвае час цяжкіх выпрабаванняў — пераследу Касцёла ў Беларусі ў ХХ стагоддзі. Гэта абагульнены трагічны вобраз.

 

— Ну а цяпер пяройдзем да стацый Крыжовага шляху, які Вы таксама зрабілі ў гэтым касцёле і які нядаўна быў асвечаны. Тэма балючая, зададзеная. Складана было працаваць над адлюстраваннем падзей, аддаленых двума тысячагоддзямі? І наколькі Вы маглі рэалізавацца ў гэтых працах як мастак?

— У прынцыпе, над крыжам таксама складана працаваць кожнаму мастаку ў тым сэнсе, што нібыта ўсё зразумела. Але, мабыць, кожны мастак рэалізуецца ў гэтай тэме па-свайму. Падзеі нібыта вядомыя, прапісаныя ў малітоўніках, але кожная стацыя — гэта асобны твор. У кожным прыпынку Крыжовага шляху ўвасоблены роздум над тым, што перажываеш ты сам у гэты час, што перажывае грамадства, у якім ты жывеш. Тэма гэта вельмі цікавая, актуальная, над ёй кожнаму хрысціяніну яшчэ думаць і думаць. Спадзяюся, што яна для мяне яшчэ не вычарпаная.

 

— Дык гэта ж цудоўна! Магчыма, давядзецца і яшчэ папрацаваць над ёю ў нейкім касцёле...

— Магчыма... Час пакажа. Гэта, вядома, удзячная і высакародная праца.

 

— Цікава, калі Вы стваралі гэтыя стацыі, Вам бачыліся ў іх персанажах нашы сучаснікі таксама, ці ўсё ж Вы абстрагаваліся і стваралі цалкам гістарычныя постаці?

— У тым і сэнс, што Евангелле заўсёды застаецца сучасным і актуальным, і таму, на маю думку, яго нельга адлюстроўваць толькі як гістарычныя падзеі. Я выказваў у гэтых стацыях тое, што мяне турбуе. Вядома, ёсць пэўныя рамкі, якія трэба захоўваць, але пры ўсёй зададзенасці гэтых сюжэтаў, мне цікава было ўбачыць у кожным персанажы сваіх сучаснікаў. Чалавек часам бывае такі розны: сёння ён дэкляруе адно, заўтра штосьці іншае, а можа, нават і супрацьлеглае...

 

— Патлумачце, калі ласка, мне, дылетанту, ці вельмі складаная тэхніка фрэскі?

— Яна патрабуе ад мастака ўмення даражыць часам. Для таго, каб стварыць фрэску, патрэбна доўгая і грунтоўная падрыхтоўка, а потым імклівая праца. Напрыклад, калі кавалак сцяны падрыхтаваны, фрэску на ім трэба напісаць за чатыры гадзіны, бо сцяна высахне і праца будзе няякаснай, фарбы замацуюцца кепска. Кожны спецыяліст добра зразумее настрой аўтара ў тыя гадзіны, калі стваралася фрэска, — ён выразна адаб’ецца ў творы.

 

— Калі я правільна зразумела, фрэску ў працэсе яе стварэння паправіць вельмі цяжка.

— Так. Хоць у практыцы такое і здараецца, але гэта амаль заўсёды бачна і амаль заўсёды не на карысць твору. Таму, калі аўтар бачыць сваю нейкую дробную альбо большую няўдачу, то не варта шкадаваць сябе — надзейней усё ж збіць усю працу і зрабіць нанава.

 

— А Вам таксама даводзілася збіваць?

— Так. У Расонах у першы дзень працаваў-працаваў, а потым усё збіў — мабыць, на працу паўплываў мой кепскі настрой, а гэтага нельга дапускаць, бо потым не будзеш жа тлумачыць людзям, чаму ў цябе нешта не так, як хацеў, атрымалася.

 

— Крыўдна было разбураць ужо створанае?

— Ды не, нармальна. Гэта вучыць адказнасці, бо настолькі важны чатырохгадзінны працэс нанясення на сцяну самой фрэскі, што нельга шкадаваць сябе ў часе падрыхтоўкі і вельмі важна настроіць сябе на адпаведны лад. У гэтым сэнсе ў мяне былі ідэальныя ўмовы ў Расонах, дзе ніякія турботы мегаполіса цябе не кранаюць: ты кладзешся спаць і прачынаешся з думкамі аб працы...

 

— Не магу не задаць пытання, якое ўзнікла ў мяне адразу, як толькі я пабачыла Вашыя творы ў расонскім касцёле. Пазней, дарэчы, я чула ў розных варыяцыях гэтае ж пытанне і ад іншых людзей. Скажыце, а Вам не крыўдна, што такая вялікая праца, значная частка Вашай творчай біяграфіі — і ўсё гэта ў далёкіх-далёкіх Расонах?

— Не, мне не крыўдна, бо столькі прыкладаў у гісторыі, калі нейкія асяродкі ўзнікалі, можна сказаць, на пустым месцы, а потым станавіліся культурнымі цэнтрамі. Я не кажу, што Расоны — той самы выпадак, але само з’яўленне невялікага касцёла святога Язафата Кунцэвіча ў гэтым мястэчку і маіх працаў у ім не выпадковае. Магчыма, менавіта тут ёсць больш праўды, чымсьці яе было б у нейкіх іншых месцах. Калі прыязджаеш у Будслаў і бачыш там цудоўную святыню пасярод вёскі, то гэта, згадзіцеся, надае вялікую вартасць і самому месцу, і ўсёй нашай зямлі. Так і з кожнай святыняй, дзе б яна ні была. Прынамсі, колькі я працаваў у Расонах, меў шчаслівае адчуванне, што я там патрэбны. Вельмі прыемнае і дарагое адчуванне.

 

— А тое, што парафія там маленькая, Вас не бянтэжыць?

— Не. Па-першае, хто ведае, што будзе заўтра, а па-другое, я сам зрабіў тое, што мог. Рабіў адказна, за сваю працу мне не сорамна. Я ўвогуле лічу, што любая праца адказная і важная. І кожны чалавек, якой бы прафесіяй ён ні валодаў, можа працаваць так, каб ганарыцца сваёй працай. А галоўнае, каб твая праца прыносіла радасць людзям. Гэта тое, дзеля чаго мы жывем, працуем, авалодваем прафесіямі. І для мяне працаваць у сталіцы ці ў нейкай аддаленай, глухой вёсцы аднолькава адказна.

 

— І ўсё ж дазволім сабе напрыканцы памарыць: у сталіцы, у нашым Мінску, таксама, магчыма, будуць узводзіцца новыя касцёлы... І, дзякаваць Богу, у Мінску жыве і працуе мастак Уладзімір Кандрусевіч... Як вам такая мара?

— Прыгожа, аднак цяпер не тая сітуацыя, каб выбіраць...

 

— І таму, калі б раптам з’явілася цяпер штосьці падобнае да Расонаў, то...

— ...я з радасцю распачаў бы новую працу.

 

— Дзякуй, Уладзімір, за гутарку. Жадаю Вам творчага натхнення на ўсе працы, якія для Вас, як я зразумела з нашай гутаркі, не бываюць малаважныя.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY