Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
2(60)/2012
SUMMARY
Благаслаўлёныя Крыжам
У ПОШУКАХ ПРАЎДЫ
З гаміліі Яна Паўла ІІ з нагоды кананізацыі Тэрэзы Бэнэдыкты ад Крыжа (Эдыты Штайн) 11 кастрычніка 1998 г.

«СТУКНІ Ў КАМЕНЬ...»

ДУХОЎНАСЦЬ — КОРАНЬ І АСНОВА ЎСЯГО ЖЫЦЦЯ
Фрагменты з лістоў і твораў Эдыты Штайн

ЛІСТ ДА ПАПЫ ПІЯ XI
Пераклады
Галерэя
У святле Бібліі
Паэзія

НАСТАНЕ ДЗЕНЬ ТАКІ...

ХАЙ ЗЕЛЯНЕЕ ГАЙ
Інтэрв’ю
ГАЛАСЫ З МІНУЛАГА
З Антоніем Лібэрам размаўляе Ганна Сасноўская
Літаратурная спадчына

СПАКОЮ ДУШЫ НЕ БУДЗЕ...
Мастацтва
ФРЭСКІ ВУЧАЦЬ БЕРАГЧЫ ЧАС
З Уладзімірам Кандрусевічам гутарыць Ірына Жарнасек
Постаці

РУПЛІВЕЦ НА БОЖАЙ НІВЕ

НЯСТОМНЫ БУДАЎНІК СВЯТЫНЯЎ
Мастацтва

ЯБЛЫК ЦІ ГРАНАТ?..
Прэзентацыя

ДОЎГАЧАКАННАЯ КНІГА...
Нашы святыні

Аляксей ЯРОМЕНКА

КАТАЛІЦКІЯ СВЯТЫНІ АСТРАВЕЧЧЫНЫ

Дамініканскі касцёл у Астраўцы. Фота 1890-х гг.

Астравец, цэнтр дэканата

Цікава, што першае ўзгадванне ў пісьмовых крыніцах аб паселішчы Астравец зафіксавана менавіта ў дакументах аб заснаванні мясцовай каталіцкай парафіі, калі ў 1468 г. (1458г. ?, 1466г. ?) наваградскі староста Марцін Гаштольд зафундаваў тут касцёл, які і быў асвечаны пад тытулам святых Космы і Дам’яна. А ўжо праз некалькі гадоў, у 1474 г., пры касцёле распачалі сваю дзейнасць дамінікане. Такім чынам, менавіта з Астраўца, паколькі гэта была першая місія ордэну на землях Беларусі, пачынае сваю прысутнасць у нашай краіне старажытны ордэн братоў-прапаведнікаў.

З 1546 г. Астравец атрымаў статус мястэчка ў Віленскім ваяводстве Вялікага Княства Літоўскага. Да ХХ ст. мясцовая парафія ўваходзіла ў Ашмянскі дэканат Віленскай дыяцэзіі, а з 1905 г. разам з парафіямі Быстрыца, Варняны, Гервяты, Гудагай, Міхалішкі і Цудзенішкі — у Віленскі дэканат. З 1925 г. усе гэтыя парафіі ўвайшлі ў склад наваўтворанага Варнянскага дэканата. З 1991г. Астравец – цэнтр аднайменнага дэканата, межы якога амаль цалкам супадаюць з межамі Астравецкага р-на і які складаецца з 13-ці парафій: Астравец (2 парафіі), Быстрыца, Варняны, Гервяты, Градоўшчына, Гудагай, Дайлідкі, Жукойні Жалядзкія, Кемелішкі, Клюшчаны, Міхалішкі і Вялікія Свіранкі.

У 1795 г. Астравец з астатняй часткай Рэчы Паспалітай, пасля апошняга, 3-га падзелу, увайшоў у склад вялізнай Расійскай імперыі. У тыя часы гэта было невялікае мястэчка спачатку Віленскага, потым Ашмянскага павета Віленскай (у 1797–1801 гг. Літоўскай) губерні. І ў хуткім часе, як і шмат дзе ў нашай краіне, пачаліся рэпрэсіі ў адносінах да Касцёла. У 1832 г., як і шматлікія іншыя каталіцкія святыні пасля Лістападаўскага паўстання, у Астраўцы быў ліквідаваны дамініканскі кляштар. Касцёл надалей дзейнічаў як парафіяльны, аднак на хвалі рэпрэсій пасля паўстання К. Каліноўскага зачынілі і яго, пераабсталяваўшы ў 1866 г. пад праваслаўную царкву.

Амаль паўстагодзя мясцовыя католікі не мелі ўласнай святыні. Толькі пасля маніфесту 1905 г. апошняга расійскага імператара Мікалая ІІ аб свабодзе веравызнання з’явілася магчымасць ізноў аднавіць рыма-каталіцкія набажэнствы, будаваць новыя святыні. І ў 1911 г. у Астраўцы паўстаў новы касцёл у гонар Узвышэння Святога Крыжа, а ў 1918 г., католікам нарэшце быў вернуты і старажытны па-дамініканскі касцёл.

Абедзве парафіі дзейнічалі да часоў савецкай улады, калі касцёл Узвышэння Святога Крыжа быў зачынены. Касцёл жа святых Космы і Дам’яна працягваў працаваць, як і некалькі іншых касцёлаў на тэрыторыі раёна, часам без уласнага пробашча — у Быстрыцы, Гервятах, Гудагаі, Міхалішках і Жукойнях Жалядзкіх.

З 1940 г. Астравец атрымаў статус цэнтра раёна Гродзенскай вобласці, а з 1958 г. стаў гарадскім пасёлкам.

Напрыканцы 1980-х гг. пачалося адраджэнне парафіяльных структураў і на Астравеччыне. Сёння ў Астраўцы зноў функцыянуюць абедзве парафіі.

З 1996 г. святарам тут дапамагаюць сёстры эўхарысткі.

Галоўны алтар у астравецкім
дамініканскім касцёле.
Фота А. Яроменкі.

Касцёл святых Космы і Дам’яна і кляштар дамініканаў

Першая каталіцкая парафія ў Астраўцы была заснавана ў 1466 г. (1458 г. ?), у 1468 г. упасажана фундацыяй Марціна (Ежы — ?) Гаштольда, старосты наваградскага і «дзедзіча на Геранёнах». Драўляны касцёл быў кансэкраваны пад тытулам святых Космы і Дам’яна, і апекаваліся святыняй манахі дамінікане. У 1474 г. дамініканін бр. Мілковіч заснаваў пры касцёле (дакладней, перадаў пад патранат — destinata) кляштар дамініканаў — так пачалася самая ранняя місія ордэну на беларускай зямлі (паводле іншых звестак, у 1474 г. браты Багдан, Юшка і Ян Міткавічы толькі павялічылі першапачатковы фундуш). У 1616–1618 гг. магнат Ян Мікалай Корсак і ягоная жонка Алена з Гнаінскіх, тагачасныя ўладальнікі мястэчка, пабудавалі ўжо каменны касцёл. А праз некалькі дзесяцігоддзяў, у сярэдзіне XVII ст., астравецкая святыня ўжо мела статус нават Марыйнага санктуарыя. У канцы XVIII ст. у кляштары жылі і працавалі 17 манахаў, дзейнічала школа, да астравецкай парафіі належала капліца ў Дубнічках.

Падчас «маскоўскага нашэсця», жудаснай вайны 1654–1667 гг., дамініканскі кляштар быў цалкам знішчаны маскоўскімі казакамі, і ў канцы XVII ст. касцёл ізноў узгадваецца як драўляны. Паводле іншых звестак, толькі падчас адраджэння Косма-Дам’янаўскага касцёла пасля той вайны, у 1684 г., суддзя ашмянскі Корсак і «асадзіў» дамініканаў.

Так ці інакш, але ў 1785–1787 гг. замест драўлянага касцёла дамінікане на сродкі пана Гілярыя Цішэўскага пабудавалі новую велічную каменную святыню. Звычайна лічылася, што ў стылі класіцызму, аднак дакладней яго можна акрэсліць як «станіславаўскі класіцызм», бо стыль барока яшчэ чытаецца ў слаістасці пілястраў і «філяраў», шматпрофільнасці гзымсаў, сандрыках, праёмах і іншых элементах дэкору. Касцёл вырашаны адзіным прамавугольным аб’ёмам пад 2-схільным дахам. Спачатку, магчыма, ён меў 2 вежы. Галоўны ўваход пазначаны 4-калонным іанічным порцікам. Інтэр’ер падзелены 4-ма, квадратнымі ў сячэнні, калонамі-«філярамі» на тры навы, сёння тут змешчаны 5 алтароў: галоўны — тытульны — святых Космы і Дам’яна, св. Антонія і Маці Божай Гудагайскай у левай наве і св. Тэклі і Маці Божай Вастрабрамскай у правай, яшчэ 2 алтары ўсталяваныя пры сценах святыні. Цэнтральная нава, перакрытая цыліндрычным скляпеннем з распалубкамі, пераходзіць у прэзбітэрый, які фланкуюць дзве 3-павярховыя сакрыстыі, канструктыўна звязаныя з бочнымі навамі, перакрытымі крыжовымі скляпеннямі.

У 1832 г. царскія ўлады ліквідавалі кляштар дамініканаў, а касцёл застаўся дзейнічаць як парафіяльны, але нядоўга — пасля 1864 г. зачынілі і яго, перадаўшы будынак у праваслаўнае ведамства. Тады ж і пачалася перабудова старажытнай святыні ў рэтраспектыўна-рускім стылі — за два гады святыні надалі «царкоўны выгляд», надбудаваўшы паўсферычны глухі купал над цэнтрам даха і змяніўшы верхні ярус галоўнага фасада. Унутры былі разабраныя алтары і з’явіўся іканастас, 12-галасавыя арганы былі перавезеныя ў касцёл у Гервятах. Адначасова з касцёлам была зачыненая і капліца ў Дубнічках.

У 1918 г. храм быў вернуты каталіцкай супольнасці мястэчка, у 1920-я гг. святыні ізноў спрабавалі вярнуць касцёльны выгляд — быў разабраны купал, ізноў зменены дэкор шчыта над галоўным фасадам — цяпер у стылі неакласіцызму. Касцёл дзейнічае і сёння. У 1970-я гг. ён атрымаў статус помніка архітэктуры, аднак першапачатковы выгляд яму пакуль што не вернуты.

 
Астравец, касцёл Узвышэння Святога Крыжа. Фота А. Яроменкі.

Касцёл Узвышэння Святога Крыжа

З 1864 г., пасля ліквідавання парафіі святых Космы і Дам’яна, астравецкія католікі доўгі час не мелі ўласнай святыні. Але, як толькі з’явіўся талерантны маніфест 1905 г., мясцовыя вернікі адразу ж пачалі шукаць магчымасці пабудаваць новы касцёл і ў 1910 г. ужо ўзводзілі яго на паўднёвай ускраіне мястэчка, па дарозе на Ашмяны, насупраць каталіцкіх могілак. Праз год, у 1911 г., касцёл, пабудаваны ў неараманскім стылі і цалкам на сродкі парафіянаў, быў асвечаны пад тытулам Узвышэння Святога Крыжа.

Касцёл мае выгляд 3-нававай базылікі з жоўтай вонкавай цэглы, з трансэптам і 2-ма сакрыстыямі пры 5-граннай апсідзе. Галоўны фасад з акном-ружай завершаны трохвугольным франтонам з паўцыркульнымі нішамі; будынак фланкуюць 2 вежачкі, аднак яны нізкія, што робіць выгляд касцёла як бы бязвежавым. Сцены святыні дэкараваны ступенчатымі контрфорсамі, аркатурнымі паясамі, нішамі-экседрамі, прафіляванымі гзымсамі. Інтэр’ер, перакрыты цыліндрычнымі скляпеннямі, упрыгожваюць 3 алтары: галоўны з разьбяным Укрыжаваннем, левы бочны — Божай Міласэрнасці з абразом св. Фаўстыны над ім і правы — св. Антонія з абразом св. Яна Хрысціцеля і абразом Сэрца Найсвяцейшай Панны Марыі над ім. Над уваходам зроблены хоры.

Касцёл дзейнічаў да Другой сусветнай вайны, але пры савецкай уладзе быў зачынены, перароблены ў сховішча і, нягледзячы на гэта, аб’яўлены помнікам архітэктуры. Толькі ў 1994 г. святыня была вернутая каталіцкай супольнасці і пасля рэстаўрацыі зноў дзейнічае, цяпер як філіяльны касцёл астравецкай парафіі.

Вёска Быстрыца. Менавіта тут, у Быстрыцы, пасля Крэўскай уніі быў заснаваны адзін з першых пяці касцёлаў на тэрыторыі Беларусі. У 1390 г. на маляўнічым узвышшы над ракой Віліяй была ўзведзеная святыня, асвечаная пад тытулам Узвышэння Святога Крыжа. Заснавальнікам парафіі і фундатарам касцёла стаў сам кароль Уладзіслаў Ягайла. Адначасова пры касцёле быў заснаваны кляштар канонікаў рэгулярных (братоў ад пакуты св. мучанікаў), ці, як яшчэ іх называлі, — «белых аўгустынаў». Аднак манахі тут былі толькі да 1526 года. Чаму яны пакінулі Быстрыцу, пакуль невядома: паводле некаторых звестак — з загаду караля, які быў не задаволены паводзінамі законнікаў у Быстрыцы. Не зусім зразумелым пакуль з’яўляецца і згадванне ў Быстрыцы ў 1507 г. «малога дому» трокскіх бэнэдыктынаў.

Звесткі пра заснаванне мясцовага касцёла і з’яўляюцца першаю згадкаю пра Быстрыцу ў архіўных крыніцах. У 1526 г. быстрыцкая парафія была прыпісаная да віленскай суфраганіі. Паводле іншых крыніцаў, менавіта ў 1526 г., пасля сыходу законнікаў, і была заснаваная быстрыцкая парафія. З 1537 г. Быстрыца мела ўжо статус мястэчка, цэнтра воласці і з’яўлялася некаторы час нават рэзідэнцыяй віленскага ваяводы. У XVІІ–XVІІІстст. — цэнтр староства Бжастоўскіх.

Першапачаткова ўсе каталіцкія святыні ў Быстрыцы былі драўляныя, а новы каменны парафіяльны касцёл быў пабудаваны ў 1523 г. па фундацыі караля Жыгімонта І Старога і кансэкраваны ў 1530 годзе. У 1761 г. святыня была (ampilata — пашырана) рэканструяваная ў стылі барока, мяркуюць, што ў гэтых працах прымаў удзел знакаміты архітэктар віленскага барока Ян Крыштаф Глаўбіц. У хуткім часе адноўленую святыню рэкансэкраваў біскуп Зяньковіч.

 
Касцёл у вёсцы Быстрыца. Фота А. Яроменкі.

Касцёл мае выгляд залавага, 2-вежавага будынка з 5-граннай апсідай і адной сакрыстыяй пры ёй. Дах 2-схільны, з вальмамі над прэзбітэрыем. Інтэр’ер, перакрыты цыліндрычнымі скляпеннямі на падпружных арках з распалубкамі над вокнамі, упрыгожваюць 3 барокава-ракайлевыя алтары: галоўны і бочныя, левы — Маці Божай Шкаплернай, правы — у гонар Хросту Пана Езуса. Галоўны алтар вырашаны ў выглядзе трыфорыума, цэнтр якога займае абраз Маці Божай Вастрабрамскай, злева змешчана фігура св. Юзафа, справа — св. Антонія. Кампазіцыю ўвенчвае разьбянае Укрыжаванне.

Спачатку быстрыцкая парафія ўваходзіла ў склад Свірскага дэканата, у ХІХст. — Віленскага павятовага, з 1921 г. — Варнянскага Віленскай дыяцэзіі, з 1991 г. — Астравецкага дэканата Гродзенскай дыяцэзіі. Да быстрыцкай парафіі ў свой час належалі капліцы ў в. Вайдацішкі і в. Слабодка.

Пасля паўстання пад кіраўніцтвам К. Каліноўскага касцёл, як і шмат іншых каталіцкіх святыняў, быў зачынены і ў 1865 г. пераабсталяваны пад праваслаўную царкву. Знешне пры перабудове храм не страціў касцёльнага выгляду, калі не лічыць з’яўленне над вежамі і дахам цыбулепадобных галовак, таму рэканструкцыя касцёла не была складанай — у 1918 г. храм быў вернуты католікам, а ў 1926 г. (калі пробашчам быў прэлат кс. Уладзіслаў Бжастоўскі) віленская фірма Аляксандра Стамброўскага вярнула вежам барокавы выгляд, пра што сведчыць закладная пліта ў правай вежы. Перад Другой сусветнай вайной колькасць мясцовых парафіянаў складала больш за 3000.

Касцёл Узвышэння Святога Крыжа выстаяў і ў ваенныя гады, і ў бязбожныя дзесяцігоддзі савецкай улады, толькі з 1965 г., пасля смерці кс. Клеменса Лікшты, у ім не было пастаяннага пробашча. У 1970-я гг. святыні быў нададзены статус помніка архітэктуры. З 2000 г. у парафію быў прызначаны пробашч – кс. Уладзіслаў Гжэгорэк, які пабудаваў новую плябанію, а тэрыторыю вакол будынка ператварыў у квітнеючы сад.

На захад ад вёскі, па дарозе на в. Петраполле, у сярэдзіне 1990-х гг., тагачасны пробашч парафіі Здзіслаў Пікула разам з парафіянамі аднавіў капліцу над крыніцай. Месца гэтае лічылася святым яшчэ з даўняга часу, а 3 мая 1921 г. над крыніцай усталявалі мемарыяльны камень у гонар 130-годдзя Канстытуцыі Рэчы Паспалітай, аб чым і сёння сведчыць надпіс на ім. Побач узвялі драўляную каплічку, але пры савецкай уладзе яна была знішчаная. Цяпер святыня пабудавана з сілікатнай цэглы і накрыта 2-схільным дахам з заломам, побач – высокі драўляны крыж і лаўкі для вернікаў. Асвечана капліца пад тытулам св. Яна Хрысціцеля.

Вёска Вайдацішкі. Тут у фальварку Корсакаў у 1769 г. (тады фальварак належаў смаленскай харунжыне Корсакавай) была «ўзнесена» капліца ад быстрыцкай парафіі. Хутчэй за ўсё, святыня была пабудавана з дрэва. Скасавалі яе разам з быстрыцкай парафіяй, на хвалі рэпрэсіяў пасля паўстання 1863 г.

Сёння аб старажытнай святыні мясцовыя жыхары ўжо нават і не ўспамінаюць, але на ўсход ад вёскі, каля паварота на в. Навасады, на ўзвышшы захаваліся невялікія могілкі, дзе магчыма знайсці руіны каплічкі (надмагілле ці прыдарожная) ХІХ ст. Гэта было цэнтрычнае, квадратнае ў плане (2 × 2 × 3, 5м) збудаванне з атынкаванай цэглы.

Вёска Слабодка. Аб мясцовай святыні звесткі вельмі супярэчлівыя: паводле адных — калісьці тут нават быў касцёл ад варнянскай парафіі, паводле іншых — гэта была капліца быстрыцкай парафіі пад тытулам Маці Божай Ружанцовай (14, 17).

Так ці інакш, пасля закрыцця касцёла ў Быстрыцы ў 1865 г. капліца ў Слабодцы была адпісана да варнянскай парафіі. Драўляная святыня Зачацця Найсвяцейшай Марыі Панны згадвалася тады на мясцовых могілках як невядома кім і калі пабудаваная.

У ХХ ст. звестак пра капліцу адшукаць не ўдалося.

 

Літаратура і крыніцы

  1. Архiтэктура Беларусi. Энцыклапедычны даведнiк. — Мінск, 1993.
  2. А.М.Кулагін. Каталіцкія храмы на Беларусі. — Мінск, 2000.
  3. Памятная книжка виленского генерал-губернаторства на 1868 г. под ред. А. М. Сементовского. — Спб, 1868.
  4. A. Hlebowicz. Kościół w niewoli. — Warszawa. 1991.
  5. Збор помнiкаў гiсторыi i культуры Беларусi. — Мінск, 1985–1988.
  6. Studia z historii Kościoła w Polsce. Tom V. Ks. Tadeusz Krahel. «Historiografia (Archi)Diecezji Wileńskiej do 1939r.». Akademia Teologii Katolickiej. — Warszawa, 1979. Studia teologiczne (Białystok, Drohiczyn, Łomża). 5-6 / 1987–1988. «600 lat (Archi)Diecezji Wileńskiej». Białystok, 1987. Ks. Jozef Mandziuk. «Zakony w (Archi)Diecezji Wileńskiej».
  7. Калекцыя фотаздымкаў канца XIX – пач. XX ст. з аддзела рэдкіх кніг і рукапісаў бібліятэкі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. BAN 23-2-24.
  8. Кушнярэвiч А. М. Культавае дойлiдства Беларусi XIII–XVI стст. — Мінск, 1993.
  9. Rouba N. «Przewodnik po Litwie i Bialejrusi». wyd. III. — Wilno. 1908.
  10. Jan Kurczewski. «Biskupstwo Wileńskie». — Wilno. 1912.
  11. Порядок богослужения для духовенства рим­ско-католического исповедания Виленской Епархии на 1878 г., 1885 г., 1895 г., 1929 г., 1937 г. Rocznik informacyjny diecezji Grodzieńskiej. — Grodno, 2005.
  12. Наша вера: Юры Туронак. «Фармiраваньне сеткi рыма-каталiцкiх парафiй на Баларусi ў 1387–1781 гг.», 1, 1995 г. Тамара Габрусь. Святыні ордэна прапаведнікаў. № 3, 4, 2003 г., № 1, 2004 г.
  13. Ochmański J. Biskupstwo Wileńskie w średniowieczu: Ustrój i uposażenia. — Poznań. 1972.
  14. Słownik Geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. T 1-14. — Warszawa. 1880.
  15. Энцыклапедыя гiсторыi Беларусi. — Мінск, 1994–2001.
  16. «Materiały do dziejów sztuki sakralnej na ziemiach wschodnich dawnej Rzeczypospolitej». Redaktor naukowy serii Jan K. Ostrowski, redakcja naukowa Maria Kałamajska-Saeed: Część III. «Kościoły i klasztory rzymskokatolickie dawnego województwa Wileń­skiekiego». Tom 1. — Kraków, 2005.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY