|
|
|
№
2(60)/2012
SUMMARY
Благаслаўлёныя Крыжам
У ПОШУКАХ ПРАЎДЫ
З гаміліі Яна Паўла ІІ з нагоды кананізацыі Тэрэзы Бэнэдыкты ад Крыжа (Эдыты Штайн) 11 кастрычніка 1998 г. Пераклады
Галерэя
У святле Бібліі
Паэзія
Інтэрв’ю
ГАЛАСЫ З МІНУЛАГА
З Антоніем Лібэрам размаўляе Ганна Сасноўская Літаратурная спадчына
Мастацтва
ФРЭСКІ ВУЧАЦЬ БЕРАГЧЫ ЧАС
З Уладзімірам Кандрусевічам гутарыць Ірына Жарнасек Постаці
Мастацтва
Прэзентацыя
Нашы святыні
|
Язэп ЯНУШКЕВІЧ
РУПЛІВЕЦ НА БОЖАЙ НІВЕ
Якубу Дадэрку — першаму біскупу
Калі б не вайна 1812 года — ён, біскуп Якуб Дадэрка, бясспрэчна, быў бы пахаваны ў нас, на Беларусі. Калі не ў лёхах-скляпеннях адноўленай ім менскай катэдры (пераробленай з паезуіцкага касцёла — маёмасці скасаванага ордэну), дык на залаціста-клёнавым Кальварыйскім узгор’і. У абодвух выпадках першы біскуп Менскай дыяцэзіі свой апошні спачын выбраў бы на старадаўняй Літве, якой паслужыў нямала, хоць часу на тое слугаванне яму было адведзена няшмат… Каб быць дакладным, не сама расейска-французская кампанія 1812 года сталася прычынаю выгнання, вымушанай «эміграцыі» Дадэркі на сваю прарадзіму — Валынь, а ягоны актыўны ўдзел у грамадскім жыцці краю, у прыватнасці, у шчырых вітаннях імператара Напалеона Банапарта... Нарадзіўся Якуб-Ігнацы Дадэрка на Вількаміршчыне ў сям’і драгічынскага скарбніка Караля і Клары з Міравецкіх паміж 1750–1752 гадамі1, але родавым гняздоўем Дадэркаў лічыцца Крамянеччына, дзе ў маляўнічым парэччы-сутоку Стыру, Іквы і Гарыні на Валыні здаўна месціцца дворышча Дадэркалы. Ужо ў ХVI ст. ім валодалі чатыры браты Дадэркі (Сідар, Дашко, Нестар і Андрэй). Праз два стагоддзі засценак па-ранейшаму належаў Дадэркам, хоць гаспадарылі там і іншыя асобы (між іншым — слынны філосаф Гуго Калантай)2. Першапачатковую адукацыю будучы біскуп атрымаў у Віленскай акадэміі, пасля якой у 1767 г. абраў для сябе духоўны сан, стаўшы езуітам. Абіраючы шлях паслядоўніка Ігнацыя Лаёлы (нездарма другое імя Дадэркі было Ігнацы) юнак не ведаў, што праз 7 гадоў адмысловым папскім брэве-пасланнем (з лацінскага «brevis» — кароткі) ордэн езуітаў будзе скасаваны. Калі ўлетку 1773 г. папа Клімэнт XIV падпісваў брэве «Dominus ас Redemptor noster»3 пра паўсюднае скасаванне ордэну езуітаў, Дадэрка знаходзіўся на беларускіх землях, заграбленых расейскай імператрыцай Кацярынай ІІ. Каб пастанова Папы набыла законную сілу, яна мусіла быць абнародаванай мясцовымі ўладамі. Аднак Кацярына ІІ забараніла друкаваць на абшарах Расейскай імперыі змест папскага брэве, і таму ордэн езуітаў працягваў як бы законна дзейнічаць на прасторах адзінай славянскай імперыі, якая забірала пад сваё панаванне новыя і новыя ўладанні: без розніцы, ці гэта праваслаўна-ўніяцкая Украіна, каталіцкая Польшча або мусульманскі Каўказ. Падпарадкоўваючыся папскаму брэве (унікальнасць езуітаў як законнікаў-манахаў была ў тым, што ў адрозненне ад іншых манаскіх ордэнаў яны не прызнавалі аніякай біскупскай улады, апроч ордэнскіх генералаў-кіраўнікоў і самога Папы Рымскага), Дадэрка вярнуўся ў Польшчу і змяніў манаскі габіт езуіта на святарскую сутану. Святарскае пасвячэнне ён атрымаў з рук беларускага суфрагана біскупа Тавяньскага ў 1776 годзе і сваю духоўную дзейнасць распачаў з віленскай катэдры і касцёла св. Яна. Амаль адразу маладзенькі 25-гадовы ксёндз праслыў красамоўным прамоўцам, пераемнікам пакутніка Андрэя Баболі. Слава пра яго перакацілася за віленскія муры па ўсёй Літоўскай правінцыі, дзе яму таксама часта даводзілася несці ў народ Божае слова. Нядзіва, што віленскі генеральны афіцыял (старшыня духоўнага суда) біскуп Мікадэм Пузына узяў яго ў тамтэйшую канонію за каад’ютара4. Так пачалася яго імклівая духоўная кар’ера. Ужо праз год, у 1777 г., кс. Дадэрка стаў пробашчам капліцы Божага Цела ў віленскім святаянскім касцёле; тут пратэктарам для маладога святара выступіў калятар5 касцёла св. Яна троцкі ваявода Тадэвуш Агінскі, з чым біскуп Масальскі ахвотна пагадзіўся. У 1781 годзе кс. Дадэрка стаў канонікам віленскай катэдры, а ў 1783 г. віленская капітула абрала яго дэпутатам на духоўны Літоўскі трыбунал (compositi judicii), дзе ён аднойчы выбіраўся скарбнікам і тройчы — старшынёю, што дало права сучаснікам параўноўваць Дадэрку з маршалкам трыбуналу. Усюды трыццацігадовы святар годна выконваў місію слугі Божага. У 1789 годзе з пратэкцыі новага свайго апекуна, віленскага ваяводы князя Караля Радзівіла (больш слыннага пад мянушкаю Пане Каханку, таго, хто актыўна выступаў супраць выбрання каралём Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага, а таму быў змушаны на нейкі час эміграваць у Турцыю, пасля чаго частка ягоных вялізных маёнткаў была секвестраваная), энергічны духоўнік стаў прэлатам алыцкай калегіяты (пасля адмовы ад гэтай пасады арцыбіскупа Ляскарыса). А праз год у сваёй Alma Mater — Віленскай акадэміі, якою тады кіраваў славуты астраном і асветнік, найвыдатнейшы арганізатар навукі ў нашым краі, ксёндз-рэктар Марцін Пачобут-Адляніцкі (1728–1810), святар Дадэрка бароніць навуковую ступень і становіцца доктарам абодвух праваў — касцёльнага і цывільнага, што паспрыяла яму стаць дэлегатам ад Апостальскай Сталіцы ў правах разводу, а таксама прафесійных. У 1792 г. святары луцкай зямлі абралі яго ад Малапольскай правінцыі дэпутатам Валынскага ваяводства на Люблінскі трыбунал, пасля заканчэння якога Дадэрку дэлегавалі да караля Станіслава Аўгуста агучыць прапановы ад правінцыі. І ўжо сам апошні кароль Рэчы Паспалітай выступіў перад самім Святым Айцом чарговым пратэжэ-хадайнікам для Дадэркі, каб ён стаў дапаможным біскупам (суфраганам) Луцкай дыяцэзіі пасля смерці Качкоўскага. Аднак падзеі Таргавіцкай канфедэрацыі перашкодзілі Дадэрку ў належны час і належным парадкам атрымаць папскую булу, і з гэтай прычыны сама каралеўская намінацыя не мела выніку. Энергічны святар спадабаўся каралю Панятоўскаму. Пераказвалася здарэнне пра тое, што, калі ў Варшаве Станіслаў-Аўгуст рабіў конны шпацыр, манарх сумысна затрымаўся каля будынка, у якім новы біскуп зладзіў урачысты прыём для першых асобаў з Кароны і Літвы, падклікаў гаспадара застольнай «асамблеі», прывітаўся з гасцямі і сказаў: «Добра, ксёнжа Якубе, чыніш, што любіш караняжаў і лучыш з імі ліцвінаў». Іначай, чым «ксёндз Якуб», кароль да яго і не звяртаўся. З рук апошняга манарха Рэчы Паспалітай атрымаў Дадэрка абедзве высокія ўзнагароды: ордэн св. Станіслава (1789) і троху пазней (19 лістападa 1794 г.) кароль даў яму ордэн Белага Арла. Быццам рука Божага Провіду кіравала Панятоўскім, які не прадбачыў, што тым самым узнагароджвае вернага слугу Касцёла за будучы ўдзел у сваім хуткім адпяванні. Так, біскуп Дадэрка стане адным з нешматлікіх вышэйшых каталіцкіх іерархаў, хто ў далёкім Пецярбургу правядзе зрынутага караля ў апошні шлях... Пасля ганебных падзелаў і ўпадку Рэчы Паспалітай віленская, луцкая капітулы і алыцкая калегіята дэлегавалі кс. Дадэрку да імперскіх намеснікаў — генералаў Крачэтнікава, Туталміна і Шарамецьева — з наказам адстаяць цэласць фундушаў і ўсёй касцёльнай маёмасці на абшарах Беларусі-Літвы і Украіны. Ужо тады сучаснікі заўважылі за кс. Дадэркам незвычайную рысу — уменне апекавацца чужым дабром як сваім, схільнасць дарыць ласку, мілату й дабро прыніжаным і маламаёмасным. З той самай мэтай Камянецкая дыяцэзія абрала Дадэрку сваім пасланнікам (1796) да імператара Паўла І. Выкліканы на каранацыю ў Маскву (5 красавіка 1797 г. паводле старога стылю), кс. Дадэрка працяглы час прабавіўся ў абедзвюх расейскіх сталіцах: Маскве ды Пецярбургу. Менавіта ў апошнім, калі былы папскі нунцый Літэ ўтвараў новую іерархію Каталіцкага Касцёла ў межах Расейскай імперыі, кс. Дадэрка быў прызначаны першым біскупам Менскай дыяцэзіі. Адбылося тое 10 жніўня 1798 года. Аднак перш чым адбыцца прызначэнню, трэба было стварыць саму дыяцэзію, а такія рэчы ў самадзяржаўнай імперыі дзеяліся толькі з дазволу манарха. Падпісваючы 28 красавіка 1798 года адпаведны загад пра тое, што ў Менску павінна паўстаць новае біскупства, імператар Павел І ужо добра ведаў, каму даручае каталіцкую паству. Пра выказванні манарха і наогул пра стаўленне сучаснікаў да кс. Дадэркі можна даведацца са старонак асабістага дзённіка першага каталіцкага біскупа на прасторах агромністай Расейскай імперыі мітрапаліта Станіслава Богуша-Сестранцэвіча. Вось некалькі такіх прыгадак толькі за 1798 год6. «7 студзеня 1798 г. … Біскуп Дадэрка сказаў мне, што граф Велягорскі спытаўся ў яго, ці задаволены я цяпер? «Чаму, — удакладніў Дадэрка,— цяпер?» Граф: «Хіба вы не ведаеце, што дэпартамент [па справах рэлігій. — Я. Я.] жадаў, каб яму было загадана вярнуцца ў сваю епархію; зараз жа часты прыём яго Імператарам прымусіў гэтых спадароў змяніць сваё меркаванне»7. 1 лютага. Сёння, у сем гадзін раніцы, сканаў ад апаплексічнага ўдару кароль. Я з’явіўся ў палове на дзясятую і бачыў нябожчыка ў пасцелі. Я быў так усхваляваны, што рыдаў. 11 лютага 1798 г. З Пецярбургу. У пяць гадзін папаўдні, пасля нарады, якая адбылася ў мяне з обер-цырымоніймайстрам Валуевым адносна царкоўнага чыну пры пахаваннях караля, я адправіўся ў Мармуровы палац з двума мітрафорнымі абатамі, двума святарамі, прызначанымі для дапамогі, і чатырма дыяканамі... У момант прыбыцця Імператара я з усім прысутным духавенствам сышоў да дзвярэй пад’езда і тут, у мітры і далматыцы, з паклонам сустрэў манарха і падаў яму крыж, каб Ён прыклаўся да яго. Прыбыўшы ў тронную залу, манарх спытаў мяне, дзе Ён павінен стаць; я сказаў яму: крыху вышэй і паказаў яму месца амаль каля сцяны супраць сярэдзіны трона. З спальні, у якой сканаў кароль, прынеслі яго цела і паклалі на катафалк пад полагам каля прыступак трона. Імператар усклаў каралю на галаву карону. Я прачытаў Reguiescat in pace і акрапіў цела св. вадой. Потым, усё яшчэ не здымаючы мітры, я падышоў з глыбокім паклонам да Імператара і паднёс яму срэбнае з пазалотаю крапідла. Імператар спытаў у мяне, што Ён яшчэ павінен зрабіць? Я адказаў, што неабходна акрапіць цела крыжападобна, і рухам рукі паказаў прыблізна, як гэта зрабіць. Зрэшты, Ён заўважыў усё тое толькі, што зробленае мною. Ён узышоў на тры прыступкі і, пакланіўшыся парэшткам памерлага караля, акрапіў ягоны твар; я ўзяў назад крапідла і перадаў яго біскупу Дадэрку, які, у сваю чаргу, падаў яго вялікаму князю Канстанціну; апошні здзейсніў тое ж самае, што і Імператар. Біскуп Дадэрка ўзяў ізноў крапідла і хацеў перадаць яго іншаму мітрафорнаму біскупу…». На вечаровай аўдыенцыі ў цара адбыўся, паводле ўспамінаў Сестранцэвіча, наступны дыялог. Імп(ератар). «У вас дастаткова біскупаў?» Адк(аз). «Вашамосць, мы спадзяемся, што Вы прызначыце яшчэ двух новых. Учора былі толькі мітрафорныя святары: адзін з іх — мітрафорны прэлат Дадэрка». Імп. «Гэты малады?» (Імператар правёў рукою па шчацэ.) Адк. «Малады, Ваша Вялікасць? Яму споўнілася пяцьдзясят гадоў». Імп. «Прынамсі ён не робіць такога ўражання». 22 лютага. Адбыўся ўрачысты вынас цела нябожчыка караля Польшчы, Станіслава Аўгуста, з Мармуровага палаца ў царкву. Шэсце пачалося а дзясятай гадзіне раніцы. Цар трымаўся адразу за пахавальнай калясніцай, конна, з аголенай шпагай, якую ён трымаў апушчанай уніз. Духавенства папярэднічала калясніцы; яно было падзелена на тры групы. Акаліты ішлі наперадзе ў белых комжах, за імі святары ў белых комжах, далматыках і доўгіх арнатах. Пробашч царквы замыкаў шэсце першай групы духавенства. Абат Бэнэдыктын, мітрафорны прэлат Дадэрка, уніяцкі мітрапаліт Растоцкі і я з суправаджальнікамі, аточаныя паабапал 30-цю кадэтамі, складалі другую групу…. 25 лютага. У гэты дзень адбыліся пахаванні (без адмысловай урачыстасці) нябожчыка караля. Нунцый адслужыў Імшу, а потым была памінальная служба, якую правілі: я, Рэнскі біскуп, мітрафорны прэлат Дадэрка і абат бэнэдыктынец. Уваход быў па квітках. Аркестр пад кіраўніцтвам Казлоўскага. На працягу ўсіх чатырох дзён, калі было выстаўлена цела нябожчыка, мы ад панядзелку па чарзе служылі памінальніцу …. Ля труны пабывала каля трынаццаці тысяч цікаўных. Іх лічылі. Гэта перадаў мне цырымоніймайстар, граф Галоўкін. 27 лютага. Склаўшы праект прыняцця трапістаў у Дудулевічах, я раніцой прынёс яго, каб уручыць Імператару, бо Ён загадаў мне асабіста перадаць Яму. Праект быў запячатаны. Я хацеў уручыць яго праз сакратара. Той не прыняў. Пра мяне паведамілі, і Імператар загадаў мне з’явіцца а шостай гадзіне ўвечары. Я з’явіўся. Імператар міласціва спытаўся пра маё здароўе. Ён пакепліваў з маладога мітрафорнага прэлата, як быццам я яго любіў. Я заўважыў, што ў ягоных словах адлюстроўваюцца плёткі. Я адказаў, што наўрад ці можна назваць маладым чалавека ў 48 гадоў. — «Але ён такім не здаецца». Імператар спытаў, з якога часу я перастаў быць маладым. Я адказаў, што споўнілася ўжо амаль сорак гадоў майго святарства. Ягоны сабака забрахаў, быццам хочучы мяне ўкусіць. Цар прагнаў яго, кажучы, што бароніць епіскапат.
* * * Сапраўды, за Паўлам І, які нарэшце дачакаўся імператарскага трону пасля раптоўнай смерці сваёй маці, Кацярыны ІІ, у лістападзе 1796 года, шмат што ў палітычным жыцці расейскай дзяржавы атрымала палёгку (дастаткова згадаць вызваленне Паўлам І з казематаў сумнавядомай Петрапаўлаўскай цытадэлі легендарнага кіраўніка антырасейскага паўстання, нашага земляка Тадэвуша Касцюшкі). Акт высвячэння Якуба Дадэркі на біскупа адбыўся ў Полацку з удзелам Магілёўскага біскупа-суфрагана Яна Беніслаўскага, якому асіставалі Трыпалітанскі біскуп Лапацінскі і Магілёўскі біскуп-суфраган Бутрымовіч (уніят). Разам з ім быў таксама высвечаны Адынец (як біскуп-суфраган Полацкі). Урачысты ўезд (Ingres) Якуба Дадэркі ў новаўтвораную дыяцэзію адбыўся ў лістападзе таго ж 1798 года. Біскуп адчытаў перад сваімі вернікамі булу папы Пія VI, першыя словы якой у варунках расейскай няволі, да якой яшчэ ніхто з былых грамадзянаў Рэчы Паспалітай не мог прызвычаіцца, гучалі з асаблівым падтэкстам: «Maximis undique pressi doloribus» [«З усіх бакоў прыгнечаны болямі, цяжкасцямі, нягодамі».] Стаўшы паўнаўладным пастырам Меншчыны, біскуп Дадэрка з маладым гартам й запалам аберуч узяўся за аднаўленне дыяцэзіяльных структураў. Найперш трэба было падумаць пра элементарнае: уласны прытулак, бо спадчына кс. Якубу дасталася разбураная й панішчаная да попелу: за год перад тым у менскім паезуіцкім касцёле адбыўся пажар; цагляныя сцены злавесна чарнелі, прымушаючы менчукоў і выпадковых прыезджых мінакоў прыспешваць крок, перасякаючы Высокі рынак. Занядбаную паезуіцкую святыню і абраў сабе як катэдральны касцёл былы езуіт кс. Дадэрка. За нейкі год-паўтары, ужо ў 1800 годзе, менская катэдра цалкам выконвала сваю функцыю галоўнай святыні краю, больш за тое — яна падавалася ці не самай адмысловай з мастацкага боку.
|
|
|
|