 |
|
* * *
Паэт — прыроды вечнае дзіця,
Паэт — народа вешчае маўленне…
А можа, гэта хлопчык для біцця?
За ўсе правіны вашыя — маленне?..
І слухаюць — хаціна і палац —
Яго: хто з утрапеннем, хто з насмешкай.
Адным — загадка, а другім — паяц,
А сам сабе — як у дзяцінства сцежка…
І можа, ён шчаслівы самы быў,
Калі не знаў, што людзі пішуць вершы,
І плёну не чакаў, як ад сяўбы,
І па-дзіцячы быў за ўсіх мудрэйшы…
|
|
* * *
Настане год, настане дзень такі,
Калі, нарэшце, у нябыт адыдуць
Бяздарныя бяздарных двайнікі,
Рэжыму пустазвонныя флюіды.
Ачысціцца ад пошасці зямля,
Ад сейбітаў, што сеюць языкамі,
Ад множання: круцель на круцяля,
І замест хлеба — у здабытку — камень.
Расплодзяцца разумнікі адны —
Элітныя, у першым экзэмпляры:
Ні жалю, ні камп’ютарнай віны,
Ва ўсім — халодны досвед капіляраў.
І не ў даўгу ніхто ні перад кім,
Пароўніцы эмоцый і нейронаў.
Ва ўсім — і сваякі, і чужакі:
Сам нападзенне, сам і абарона.
А Бог? А Бог на геніяльных раць
Падзівіцца: «Калі ж яны без Бога
Зноў двайнікоў пачнуць сабе ствараць,
Каб хтосьці збочыў з правільнай дарогі?..»
|
|
* * *
Над крынічкай з заімшэлым зрубам
Вечар ахінаецца зарой.
Сумна — як перад вялікай згубай…
Ці то час такі, ці то настрой?..
Больш пра смерць — і думак, і гаворкі:
Колькі дзён тых засталося мне?..
Прамаўчаць заманлівыя зоркі,
Ціха жытні колас уздыхне…
Абяцанняў не было ад Бога,
А тым больш — іх людзі не далі.
Не пытаўся і ў сябе самога:
Чым усцешу дзень свой на зямлі?..
Ды суцехі не было й не будзе, —
Штосьці мог, здаецца, а ці змог?..
Кажа Бог: «На тое ж вы і людзі…»,
Кажуць людзі: «Ты ж яшчэ не бог!..»
|
|
* * *
Як мне хочацца зноў узабрацца
На сумёт, што вышэй за плот.
Ды нямашака ў студзеня працы —
Час такі: на снягі не ўмалот.
І не скоцяцца санкі з-пад неба
У бязмежжа завейнай смугі…
Час такі: не дапросішся хлеба
І з дзяцінства не вернеш снягі…
|
|
БУДЗЕ ЛЕТА…
А канікулы не за гарамі:
Клічуць нас ужо з Лысай гары.
Едзем! Едзем!.. І Ніка з намі —
Хопіць з Васем урокі зубрыць!..
Будзе полем і па лугавіне
Ў лес дарога — адна на траіх:
Нам з унукам — па каляіне,
Ну а Ніка — паперадзе ўсіх!..
На ражончык сала наніжам:
Кропля з лустачкі — і з языка! —
Будзем з Нікай — сяброўкаю рыжай —
Той скрылёчак з агню чакаць.
На траіх, без падману, падзелім,
На закуску абліжам далонь.
Потым скончыцца раптам нядзеля,
Дагарыць і патухне агонь…
Ды не скончыцца лета на гэтым, —
Гэтак мы яго толькі пачнём…
Потым Ніка кавалачак лета
Прывязе без білета ў наш дом.
Будзе торгацца носік звярыны,
Дух кастрышча лавіць па начах,
І дарога ў дзве каляіны
Будзе бегчы ў сабачых снах…
|
|
* * *
У самым зеніце лета,
А мне ўжо крылом
Махае вырай — сусвету
Майго крыгалом.
Цвітуць успамінаў кветкі
На лузе маім.
Быў водгалас госцем рэдкім,
Ды знік назусім, —
Як вырак: « Былых не збярэш ты
Дарог і слядоў…»
Зязюля адлічвае рэшту
З пражытых гадоў…
|
|
ДОЛЯ
Бяроза ў лесе, васілёк у полі
Хрышчоныя аднолькаваю доляй:
Завуць то пустазеллем іх, то смеццем,
А любяць, як любіць магчыма ў свеце.
|
|
* * *
Вось цяпер і канчаецца…
Сапраўды… Назаўжды…
Лета… Лета звычайнае —
І такое бяды…
Але ж — не… Але ж падае
Першы снег на зямлю,
А сябе — хоць і радую —
Ды на думцы лаўлю:
Хай зусім не пра гэта я, —
Што з таго, што з таго…—
А ўжо лета адлетаваў —
Больш не будзе яго…
|
|
* * *
Зоркі новыя і нават звышновыя,
Як новы запавет, астрафізікі
Адкрываюць. І ўжо розум наіўна высноўвае,
Што да Бога — як рукою падаць: блізенька.
І блытаем зорныя меркі з уласнымі,
Бо тыя новыя — забытае светам відовішча.
І нам з мінулага свецяць зоркі даўно пагаслыя,
А святло ад новых — да нас не дайшло яшчэ…
|
|
 |