Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
2(60)/2012
SUMMARY
Благаслаўлёныя Крыжам
У ПОШУКАХ ПРАЎДЫ
З гаміліі Яна Паўла ІІ з нагоды кананізацыі Тэрэзы Бэнэдыкты ад Крыжа (Эдыты Штайн) 11 кастрычніка 1998 г.

«СТУКНІ Ў КАМЕНЬ...»

ДУХОЎНАСЦЬ — КОРАНЬ І АСНОВА ЎСЯГО ЖЫЦЦЯ
Фрагменты з лістоў і твораў Эдыты Штайн

ЛІСТ ДА ПАПЫ ПІЯ XI
Пераклады
Галерэя
У святле Бібліі
Паэзія

НАСТАНЕ ДЗЕНЬ ТАКІ...

ХАЙ ЗЕЛЯНЕЕ ГАЙ
Інтэрв’ю
ГАЛАСЫ З МІНУЛАГА
З Антоніем Лібэрам размаўляе Ганна Сасноўская
Літаратурная спадчына

СПАКОЮ ДУШЫ НЕ БУДЗЕ...
Мастацтва
ФРЭСКІ ВУЧАЦЬ БЕРАГЧЫ ЧАС
З Уладзімірам Кандрусевічам гутарыць Ірына Жарнасек
Постаці

РУПЛІВЕЦ НА БОЖАЙ НІВЕ

НЯСТОМНЫ БУДАЎНІК СВЯТЫНЯЎ
Мастацтва

ЯБЛЫК ЦІ ГРАНАТ?..
Прэзентацыя

ДОЎГАЧАКАННАЯ КНІГА...
Нашы святыні

Ян СКРЫГАН

З ДЗЁННІКАВЫХ ЗАПІСАЎ

9.10.1979.

Усю ноч снілася, што я ў лагеры. Некуды адпраўляюць, некуды адбіраюць, перасылаюць, баракі, людзі, стары, многа разоў ношаны адзёвак, і над усім адна атмасфера: чаканне, што павінны разабрацца і адпусціць. Што тут, як бы часова, і разам з тым бясконца цягнецца гэтая беззаконнасць: трымаюць тут без права, і — усё такі трымаюць. Усю ноч — гэтая трывога, перажыванні, чаканне: калі ж, калі адпусцяць, недзе ж ёсць ужо гэтае рашэнне.

І вось увесь дзень нявыспаны, хворы, у галаве шум.

_ _ _ _ _ _ _ _ _ _

І толькі пад вечар больш-менш настае супакаенне. З трох гадзін — на Камітэце па прыёму ў СП. Камітэт прайшоў вельмі ўдала, спакойна, разумна.

І прынялі ўвесь спісак: Гардзея, Дзятлава, Дударо́ва (невядома чаму ён увесь час піша сябе Ду́дараў), Папову (дачка Георгія Папова), Ракава, Янчанку, Дзмітрыева — 7 чалавек. А звыш таго, добра настроіўшыся, вярнуліся да колішніх, непрапушчаных — Карласа Шэрмана і Кастуся Шавеля, што сялянствуе ў калгасе недзе, цяпер пенсіянера ўжо. Усіх раілі да прыёму 9 чалавек.

І гэтым падняўся мой настрой.

Але, як не дзіва: адчуванне ўсё тае ж непаўнацэннасці, што псіхічна ўвесь час ідзе з табою поруч, бо скрозь адчуваецца нейкая мяжа ў адносінах да нашага брата, колішняга закрэсленага ў грамадстве, гэтае адчуванне скрозь перарастае цябе, і ты міжволі прывык лічыць, што ты ізгой, і баішся сваёй прысутнасцю сапсаваць кампанію. Ой, як гэта цяжка, як гэта стамляе: гэтае адчуванне другасортнасці.

 

11.10.1979.

Усё часцей думаю, што працэсы нейкія, нядобрыя, у мяне ідуць няўхільна. Што тая мая хвароба непапраўная. І ад яе ўжо не вылечышся. Невядома чаго раптам падымаецца ціск, баліць галава, вяласць, абыякавасць, думаць цяжка, працаваць без думання не будзеш. Магу ляжаць цэлыя дні ў пасцелі. Такі стан у мяне цяпер або звычайны, або часта варочаецца. Усё больш і больш прыходжу да невясёлай упэўненасці, што да свайго 75-годдзя не дажыву. Усяго год часу асталося да яго, а дарога гэтая цяпер мне здаецца як бясконцасць.

Вельмі баюся, што трохтомнік свой, на які падаў заяўку на 81 год, не падрыхтую. Нічога ж не робіцца. «Шуфляда» майго стала не пішацца, артыкулы — не пераглядаюцца і не даводзяцца да ладу, пераклады Буніна не паднаўляюцца.

І, здаецца, што апошняя кампаноўка «Кругоў» не вельмі ўдалая. Яны абцяжаны. Іх трэба сціснуць. Пакінуць у іх толькі тое, што неабходна Кругам. Як выйдзе рускі варыянт у Маскве — зраблю генеральную чыстку іх. У іх трэба пакінуць не больш, як 18–20 аркушаў. Каб яны былі зручныя і простыя да чытання.

Найлепшы варыянт яны мелі, здаецца, у выбраным 1969 года. Першая іх кампаноўка. Прыдзецца вярнуцца ў аснове да іх.

_ _ _ _ _ _ _ _ _ _

Нават гэтыя дзённікі пісаць стала цяжка. Але цяпер, пад старасць, трэба міжволі гэта рабіць. Прападае памяць. А запіс памагае запамінанню, гэта ўжо карысць. І, усё-такі, калі нешта запісана, то потым можна будзе ўспомніць і гэта, і што-небудзь і папутнае гэтаму (штучныя словы — гэта ўсё-такі штучныя, ім жыць цяжка. Вось нават такому, як «спадарожнік», не благому па ідэі, а ўсё роўна ім карыстацца можаш толькі ў кніжнай мове, і то не надта хочацца).

 

15.10.1979.

Прачытаў апошні запіс пра словы і захацелася запісаць яшчэ думку і пра тое, як чытаў учора Азгураў артыкул у ЛіМе «Водсвет дабрыні і розуму».

Дзіўлюся я на гэтага чалавека! Колькі ў яго неўтаймаванасці! І ў рабоце, і ў роздуме. Разумны ж, насычаны думкамі ўспамін. І арыгінальна пастаўлены план: сага пра трох Гарэцкіх.

Дык вось жа зноў пра слова. Няйначай, як яму нехта перакладаў, бо сам ён цяпер наўрад ці гэтак звалодаў бы з беларускай. І вось няйначай як перакладчык упіхнуў яму слова «дабрыня». Харошае слова. Як і многа іншых добрых слоў мы пускаем выпадкова ў бытаванне, і пасля пачынаецца іхняя няўмелая эксплуатацыя.

З гэтым словам нават тлумачальны слоўнік, мне здаецца, блудзіць. Вось гняздо: дабрата, добрасць, даброцце, дабрыня. Друк аднолькава кладзе на іх сэнс — дабрата. Але ж гэта няпраўда. У кожнага з іх свая акраса: дабрата і добрасць — гэта правільна: дабрата. А дабрыня — успомнім народную практыку! — гэта прыволле, і слова гэтае гаворыцца не пра чалавека, а пра з’яву: Эх, якая дабрыня наўкола! Якая дабрыня тут жыць! А даброцце — гэта дастатак, набытак: Чаго яму не жыць пры такім даброцці.

А з моваю ў нас цяпер робіцца бог ведае што. Кожны можа і выдумляць, і выкручваць з яе самыя нечаканыя непісьменнасці. Вунь жа ў ЛіМе напісана ў допісе пра Ал. Блока, калі ён служыў на Палессі.

Піша Блоку саслужывец Огнеў: «Напэўна, Вы доўга будзеце нагадваць таго, хто піша Вам». Замест «старацца ўспомніць» таго, хто піша Вам, сказана: будзеце «напамінаць» таго, хто піша Вам. Вось дажыліся.

 

15.10.1979.

Здаецца, дзён дзевяць, як у нас стаіць такая цудоўная пагода. Сонца, на небе ні аблачынкі, на балконе ў цяні 200. І любуешся золатам бярозак, ліп ды каштанаў, і разам з тым думаеш: а можа гэта таксама дае знаць сябе на маім здароўі?

Маўчу, Ганне пра гэта не гавару, але ў самога спакойнае адчуванне, што не дажыву да лістапада 1980 года.

 

19.10.1979.

Паколькі пісаць свайго не магу, — галава не дае, падумаў паспрабаваць перакласці з Буніна «У начным моры». Калі ўсё будзе шчасліва, у свой трохтомнік я ўключу і пераклады з Буніна, бо гэта не менш паэтычная работа, як пераклады вершаў. Божа, які ён мастак, які паэт у прозе сваёй! Якая сіла руху ўсяго таго, пра што ён піша! Мабыць, уся тайна яго творчасці, што ў творы ягоным на аднолькавай ролі выступае як чалавек, так і ўсё яго наваколле, і гэтае наваколле рушыцца разам з чалавекам.

 

20.10.1979.

З выд-ва «СП» паступілі грошы. Падумаць толькі: больш за 20 аркушаў кнігі, а 60% пералічэння складае ўсяго 1.288 рублёў. Проста смешна.

Вінаваты ў гэтым, вядома, я сам. Усё там ужо па многу разоў друкавалася.

На сустрэчы са славутым беларускім спеваком Міхасём Забэйдам-Суміцкім.
Іван Цішчанка, Ян Скрыган, Тамара Дубкова, Пімен Панчанка,
Міхась Забэйда-Суміцкі, Язэп Семяжон, Ларыса Александроўская,
Янка Брыль, Максім Танк. Мінск, 1965 г.

_ _ _ _ _ _ _ _ _ _

Патрэбны «Пісьмы на волю» Веры Харунжай. І вось у сябе не знайшоў. Наогул, кнігі ў мяне даўно прападаюць. Нават за гэтым цяпер не сачу.

А ў пісьменніцкую бібліятэку ісці лянуюся. Няма сілы. Але ў панядзелак трэба схадзіць.

 

21.10.1979.

Прачнуўся ў 12. Ні падымацца, ні есці не хочацца. Сілком паснедаў. Цяпер палова на другую дня, а мне ўжо хочацца зноў спаць. У галаве — шум. Прыняў пігулку раўнаціну. Мабыць, схаджу на вуліцу. Прайдуся. Можа, трэба кісларод.

Нярадасныя думкі ў галаве.

 

27.10.1979.

Напісаў у ЦК пісьмо наконт гасцініцы «Планета». На жаль, позна. Пайшоў на праходку і ўбачыў, што на гасцініцы ўжо красуецца высока падняты надпіс «Планета».

 

31.10.1979.

Атрымаў віншавальную паштоўку ад Міхаіла Сямёнавіча Удавічэнкі. «Паважаны...» і г. д. Міжволі ўспаміналася Сухабузіма, выканком... Разумны і смелы чалавек ён быў. Герой майго апавядання «Мой дэпутат». І вось да колішняга ссыльнага колішні старшыня выканкома піша прывітальна-віншавальныя, самыя сардэчныя пісьмы.

 

2.11.1979.

Пазваніў Петрашкевіч. Пісьмо наконт «Планеты» атрымана. Тое, што над гасцініцаю ўжо вісіць шыльда «Планета», можна было б паправіць. Справа куды горш. Ужо каторы год як гэтая назва ўнесена ва ўсе міжнародныя даведнікі, бо гасцініца ж будуецца як аб’ект алімпійскі.

Наогул жа мая думка аб назвах вельмі слушная, яны часта даюцца кім папала і як папала, ім дадзена каманда, каб з гэтага часу ні адна назва не рабілася без іхняга ведама. Хлопцам, што ў яго працуюць — Жуку і Законнікаву, даручана распрацаваць усякіх назваў у запас, звязацца аб гэтым з пісьменнікамі. Трэба практыкаваць такія назвы як Няміга, Пярэспа, з імёнамі герояў мастацкіх твораў. Нейкія важныя аб’екты трэба называць імем урочышчаў, на якіх яны будуюцца — Будзілака, Тры Карчмы, дапусцім, і інш. Шмат якія назвы прыйдзецца мяняць, звязваючы іх з мясцовасцю і народным бытам.

Словам, вось такая, прыемная мне гаворка. Іменна тое, пра што я колісь пісаў у «Вяч. Мінску». Пасля гэтай размовы я ўжо не мог ад узрушанасці працаваць, павёз Галачцы сякія-такія гасцінцы. Юрачка тут жа, адразу ж, сам, раскупарыў бляшанку з апельсін. сокам...

_ _ _ _ _ _ _ _ _ _

«Пісьмы на волю» Харунжай мне ні ў чым не спатрэбяцца ў эсэ пра яе. Не магу прымусіць сябе пачаць пісаць. Усё нешта яшчэ не гатова ўнутры, яшчэ мала болю ў душы.

Ганначка 30-га паехала ў «Нарач». Няхай трохі адпачне ад гэтага пекла ў Галачкі. Яна сябе там даводзіць да апошняй стомы. А мне гэтыя дні без яе, — у адзінак, — таксама добра. Часамі вельмі патрэбна пабыць аднаму. Толькі дзіва: хатні клопат займае гэтулькі часу, што нават не згледзіш, як прабягае час. Прыбраць пасцель, навесці нейкі хоць павярхоўны парадак у доме, схадзіць у магазіны — то хлеба, то сыра ці масла, — зрабіць праходку, арганізаваць перакуску, харчы, — не дай божачка, якая мітрэнга.

 

20.11.1979.

Сон — гэта штодзённае практыкаванне ў смерці.

_ _ _ _ _ _ _ _ _ _

Найбліжэйшыя тэмы:

  1. Трэцяя хвароба
  2. Шкураное паліто
  3. Памяць — 1
  4. Памяць — 2
  5. Песня пра Капыль

А пісаць не магу. З-за баязні, што нічога не выйдзе. Няма сілы. Вось з 8-га бадай што не выходжу з дому. Дазволіў сабе толькі 15-га выйсці на пленум і зрабіў горш: прастуда? Галава? Усё разам. Усё не пакідае і не пакідае асцярога: што да сваіх 75 не дажыву.

 

22.11.1979.

Прачнуўся ў 3 гадзіны ночы і пасля ўжо да самай раніцы не мог заснуць. Усю ноч пісалася ў галаве «Шкураное паліто». Усё як бы гатова, астаецца толькі сесці за стол.

Але так са мною бывае часта. І сёння не сяду, трэба ехаць у Камітэт: на 15 гадзін скліканы прэзідыум. А там усё патрошку пачне затухаць. Галава не вытрывае.

Рабочая нарада ў БелСЭ. Пётр Пузікаў, Алесь Петрашэвіч,
Іосіф Хаўратовіч, Пятрусь Броўка, Янка Казека,
Сяргей Русак, Ян Скрыган. Мінск, 1971 г.

9.12.1979.

Запісваўся з Лужаніным на тэлебачанні. «Роднае слова». Прагон, — каб памераць, ці добра ўсё ідзе, колькі займае часу. Вельмі добра прайшоў гэты прагон: і нам самім падабалася, і рэдакцыі перадачы.

На запіс жа пайшлі мо больш як праз гадзіну. І на запісе нешта ў іх не ладзілася. Некалькі разоў пачыналі, перапынялі, усё зноў спачатку. Нават дзяўчынка, што дае ўваход у запіс, пачынала блытацца ў лічбах, калі ёй трэба было адлічваць ад дзесяці і ўніз — да нуля.

Здаецца, нарэшце, ужо ўсё пайшло яе след, як прыбегла рэжысёрка, перапыніла зноў: Лужанін, аказваецца, пачынаючы, паглядзеў не ў манітор, а ў другі апарат, збоку.

Лужанін аж збялеў: колькі ж можна тузаць! — Я зараз пайду! — крыкнуў ён, падняўся і выйшаў са студыі.

І вось нарэшце запісалі. Ужо прыйшоўшы дадому, я не мог знайсці сабе месца. Я чуў, бачыў, адчуваў: запіс прайшоў блага, вяла, па-казённаму, не тое што першы раз, на прагоне, дзе была і свежасць, і свабода руху і слова, і жывая гутарка, і ўсмешка, і сама ўся гаворка была зычлівая, чалавечная.

А запісана — колка. Без душы. Чыноўніцка.

Увесь вечар я шнураваў па пакоі, не мог супакоіцца. Хоць гвалт крычы, хоць падымі пратэст, каб такі запіс не пускалі.

І ўсё сапсавала гэта апошняе: не туды Лужанін зірнуў. Як у благой фатаграфіі: калі фатограф дае каменную позу.

 

10.12.1979.

У пасцелі доўга на сон чытаў Ганну Ахматаву. Кожны раз дзіўлюся сіле ўплыву яе паэзіі. Чары. Не ведаеш нават, у чым яны, чаму неспакойная душа, чытаючы яе. Гэтак жа кранае душу ў прозе Бунін.

 

17.12.1979.

Паля даволі моцных маразоў два дні як зноў стала цяпло. З 180 сышло на нуль. І вось пераконваюся ўсё больш, што гнілое надвор’е, адліга, туман, вецер вялікі — мае цяпер злыя ворагі. Зноў абыякавасць да ўсяго, нават да таго — трэба ці не трэба жыць, — вяласць, шум у галаве, санлівасць. Самыя страшныя мне такія дні.

Да «Шкуранога паліта» з 27-га лістапада не дакрануўся. І толькі прымусіў сябе прысесці да стала, як вось гэтая адліга зноў усё перапыніла.

_ _ _ _ _ _ _ _ _ _

Трохі сумеўся. «Сяргей Фамін і яшчэ нехта» ці так названы? Можа лепш «... і яшчэ хтосьці»? Можа, бліжэй да сэнсу, але цяжэй вымаўляць. І — як бы блядней гучыць.

Шмат слоў у нас цяпер або забываюцца, або абмінаюцца. Інтэлігенцыя (бадай што ўся, нават маладая) даўно парвала з народнаю моваю, з сялом, НТР дыктуе свае тэлеграфна-кодавыя патрабаванні. Нават пісьменнікі не ўжывуць такога слова, як нештачка, ужо ў іх чалавека, жыўнасць не гадуюць, а росцяць. А гадавалі ў народзе не толькі чалавека і жыўнасць, а гадавалі пчол, сады, кветкі.

У народзе не казалі жадаю табе шчасця, зычу табе шчасця, бо жадаць можна толькі сабе, а каму другому — зычыць. Нават да гэтага цудоўнага слова зычыць таксама дадалі ад калькі: «добразычлівы», як бы можа быць благазычлівы, ліхазычлівы, дрэнназычлівы.

А да тонкасці мовы цяпер рэдка хто даходзіць. Калі ж падумаць, то, мабыць, можна заўважыць, што памятаць і помніць — таксама не тое самае. Натуральна сказаць: «я памятаю яго з малых гадоў», і натуральна: «я помню, што трэба з ім пабачыцца». А паспрабуйце памяняць гэтя словы між сабою, як адразу пачуеце нязручнасць.

_ _ _ _ _ _ _ _ _ _

Чытаю «Личность Достоевского» Б. Бурсава. Надзвычай цікавая работа. Уяўляю, як цяжка было яе пісаць. Колькі прапушчана праз сябе матэрыялаў.

_ _ _ _ _ _ _ _ _ _

Неспакойны, што няма карэктуры з «Сов. писателя». Хоць бы ўсё было шчасліва!

 

24.12.1979.

На прэзідыуме абмеркаваны планы выдання літаратуры выд-ва «Мастацкая літаратура» на 1981–1982 гады. Ні там, ні там мая заяўка на трохтомнік не ўлічана. Растлумачана:

1) Зборы твораў уключаюцца ў план высокамастацкай, грамадзянска-значнай літаратуры. (Я зразумеў, што мае творы пад гэту рубрыку не падыходзяць, вядома.)

2) Зборы твораў уключаюцца, калі пасля «Выбранага» пройдзе 10 гадоў, значыцца, я буду мець права на свой 3-томнік толькі ў 1985 годзе. Ясна: да таго часу я не дажыву, а мёртваму ў план ужо не ўлезці.

Шкада. А думалася, што хоць на астатак гадоў можна будзе адчуць [сябе] хоць трошкі заможным ды памагчы дзецям. Я ж іх ніколі не балаваў хоць якім мізэрным дастаткам.

Увогуле абмеркаванне выдавецкіх планаў было дзелавое, сумленнае, зычлівае.

Прыйшоў у сёмай гадзіне вечара. Дома пуста. Ганначка ў бальніцы, усялякія беды далі сябе знаць і на яе нервах. Адчуў сябе да таго стомленым, нібы на маіх плячах ляжаць тысячы гадоў цяжару. Ніколі раней я не задумваўся аб смерці і раптам адчуў, што, мабыць, ужо вельмі пара. І думалася пра гэта спакойна.

_ _ _ _ _ _ _ _ _ _

Страшэнная абыякавасць да ўсяго. Гэта, мабыць, — як спакойнае ўсведамленне, што нічога людскага я больш ужо не зраблю. І таму пэўна ўсё часцей і часцей чую сябе на зямлі ўжо лішнім.

 

27.12.1979.

Колькі разоў збіраюся выкінуць стары алфавіцік з запісамі адрасоў, тэлефонамі. Перапісаць у новую кніжачку, а гэтую выкінуць: там жа бог ведае колькі ўжо мёртвых запісаў. Адрасаты папраўдзе або хто памёр, або пераехаў ці перамянілі яму тэлефон. У цесных старонках паўпісвана між радкоў, падкрэслена папраўкамі.

Але як зірнеш у гэтую старую кніжачку, дык бачыш, што яна куды даражэй за новую, дзе ўсё ўпісана гладка, чыста, па-новаму, акуратненька.

Так і астаецца служыць старая кніжачка, хоць у ёй выпадаюць ужо нават старонкі. І перачытваеш яе з такім хваляваннем, як успаміны. Колькі тут чужых лёсаў уплялося ў твой лёс.

<...>

 

14.1.1980.

Ішоў з работы. Ужо каля дома зірнуў у неба: у халодным, шэрым паветры ляцеў клін птушак. Не гуртам, не бязладнаю чарадою, а іменна ключ. Мабыць, качкі, бо не так вялікія і дробна махаюць крыламі. Браліся ў кірунку да возера: ад праспекта — да возера. А возера ж замёрзла. Адкуль, як асталіся і куды ляцелі гэтыя птушкі? Потым з аднаго ключа разбіліся на два.

Аж трывожна забілася сэрца: што ж з імі такое, чаму асталіся? Як выжывуць?

Зніклі за дамамі. Я доўга глядзеў у той бок, можа, пакажуцца ў новай прасветліне за дамамі. Не паказаліся.

 

19.1.1980.

Званілі Янка Брыль, Ул. Мяжэвіч, В. Вітка, С. Грахоўскі. Пра ўспамін аб Пальчэўскім у ЛіМе. Мяжэвіч гаварыў і плакаў. Я сам расплакаўся, слухаючы яго. Хадзіў па хаце і румзаў. Які светлы чалавек быў Алесь!

_ _ _ _ _ _ _ _ _ _

Сяджу і чмыхаю носам. З яго капае, галава шуміць. Прастуджаны, насмарк. Учора ўвечары выйшлі з партсходу, з цяпла, я вельмі весела пайшоў на прыпынак. Апамятаўся, калі пачуў, што халодным ветрам дышу, забыўся, што трэба ісці ціха.

Мне здаецца, што калі я памру сёлета, то не ад мазгавое свае хваробы, а ад прастуды. Я ж не паспяваю акрыяць, як зноў прастуджваюся.

 

21.1.1980.

Да гэтага часу звоняць пра мае ўспаміны аб Пальчэўскім: «Пасля развітання». Эдзі Агняцвет, Заір Азгур, Іваніцкая; сёння — незнаёмая, жонка Харкова, артыстка ТЮГа Краўчанка. Гэта радуе мяне вельмі.

А сама Цулукідзе папрасіла Мяжэвічаў прыслаць ёй газету. А прачытаўшы, сказала: хіба толькі пра гэта трэба пісаць?

Чаго яна на мяне гэтак сярдзіта? Не разумею. Прыходзіцца верыць у тое, што чуў: што Алесь памёр, а я выжыў.

Гэта ўжо нешта страшнае.

Была доктарка. Выпісала лекі. Прыслала сястру паставіць банькі. З носа цячэ. У вушах бясконцы дзікі звон.

 

26.1.1980.

Атрымаў з «СП» карэктуру кнігі. Набіраецца ў Туле. Друк — афсетны. Вёрстка — для рэдакцыі, я нават быў злякаўся: даўжэзнымі старонкамі. Шрыфт — руды.

 

9.2.1980.

У газетах надрукаваны весткі пра насельніцтва Мінска паводле леташняга перапісу. Напісана, што 66% насельніцтва ў Мінску паказалі, што роднай мовай лічаць мову свае нацыянальнасці.

Прызнаюся, што такі паказчык мне проста нечаканы. Я чакаў меншага. Бо памятаю, калі была перапіска, то перапісчыха вельмі ўпіралася: ёй не хацелася запісаць, што маёй роднай мовай з’яўляецца беларуская. Запісала толькі тады, калі я сказаў ёй: «Ну вось я пісьменнік, пішу свае кнігі беларускаю моваю, штодня ў хаце, з сябрамі таксама гавару па-беларуску, дык чаму ж вы хочаце, каб я не лічыў гэтай мовы сваёй роднай?». Тады яна сцерла гумкаю ранейшы свой запіс у лістах і напісала новы: родная мова — беларуская.

То яна ж запісала ў родную мову рускую не толькі мне, бо не ўсякі ж мог спрачацца ці наогул унікаць у гэтакія тонкасці.

Перад правядзеннем перапісу, памятаю, пісалася ў газетах, што з усімі перапісчыкамі праводзіліся нарады, што ім тлумачылася і пытанне нацыянальнасці і мовы. І мяне вельмі здзівіла была ўпартасць мае перапісчыцы: няўжо яна рабіла гэта ад сябе?

_ _ _ _ _ _ _ _ _ _

Калі ж я акрыяю нарэшце ад свае прастуды? На работу ежджу ў таксі, каб не дыхаць ні марозам, ні сырасцю, якія мяняюцца зусім неспадзявана.

 

16.2.1980.

У Броўкі. У лечкамісіі. Вынікі па Камітэце. Не вельмі радуюць, бо вартага чаго-небудзь няма. «А-а, будзе — тое і будзе». Энергічны, турбуецца, ці аформлены выдавецтвам Хелемскі.

А худы страшна. На шыі — гузак, ад інтэнсіўнага апрамянення. Шыя завязана.

 

23.2.1980.

Зноў у Броўкі. Люкс, два пакоі, а ён такі худы і адзінокі, у баваўнянай кашульцы, і так не пасуюць яму гэтыя два пакоі. Здалося, што яшчэ больш пахудзеў. Апроч шыі марляю завязана і галава, відаць з-пад вязанае шапачкі. Падпісаў весткі ў аддзел культуры ЦК аб прэтэндэнтах на прэміі. З панядзелка пачнецца нейкае новае лячэнне, бо будзе кансіліум: або тут, або можа зноў давядзецца ехаць у Барвіху. Пра хваробу — аніякіх скаргаў, а ўсё аб справах і справах. І папрасіў, каб у панядзелак купіў і пераслаў яму «Правду», бо там будзе старонка, прысвечаная гераічнаму мінуламу Беларусі. Нарыс Палявога — пра чалавека, які стаў прататыпам помніка ў Берліне: салдат з апушчаным мячом і дзяўчынкаю на руках. Дзяўчынка — нямецкая, якую на полі бою ўратаваў ад смерці наш салдат. Мінчанін.

Ён трымаецца выключна тым, што жыве справамі, грамадскім клопатам, творчасцю.

 

25.2.1980.

Учора — дзень выбараў. Першы раз з Ганначкаю пайшлі ў 6 гадзін. А народу ўжо бог ведае колькі. З-за апельсінаў і яблык, аказваецца — чортведама якая чарга.

«Праўды» ўжо не застаў у кіёску. Званіў Грахоўскаму, каб пакінуў і пераслаў хоць сваю. А ён збегаў уніз і купіў. Занёс і ў лечкамісію — Броўку.

_ _ _ _ _ _ _ _ _ _

28-га вечар у нас — Чэхаў. Хочацца нешта напісаць: як позна палюбіў яго.

 

26.2.1980.

Увесь вечар здаецца, што сёння нейкае свята, і таму нічога не хочацца рабіць, усё чакаю, што нешта павінна здарыцца. І дзень — гэтакі доўгі.

Зранку занёс у ЦК весткі пра Дзяржаўныя прэміі. Хто сёлета іх дамагаецца. З таго часу і знаходзіўся ў такім адчуванні, што трэба нешта рабіць, але не магу ні за што ўзяцца. Свята нейкае, мабыць, проста ў мяне.

Учора пазваніў Гарулёву: даўно не ведаў, як сябе ён пачувае пасля свае хваробы. Памятаю, пасля таго, як ён выйшаў з лечкамісіі, я званіў яму. Ён сказаў, што дзякуй богу, выскрабся, ходзіць, пісаць яшчэ не асмельваеца, думае, што ўсё ж умацуецца.

Трубку ўзяла жонка яго. — Хто пытаецца, — папыталася яна. Я сказаў. — Ох, Яначка, у Міколы справы зусім дрэнь.

Я думаў, ён даўно ходзіць на работу, як след адужаў, піша. Аказваецца, ляжыць у пасцелі. Яму нават цяжка самому павярнуцца на другі бок...

І цяпер я свайго гэтага святочнага адчування проста баюся. Думаць аб рабоце — проста страшна. Недзе ў нечым падобным бачу свой лёс... І можа, боязь работы і чаканне, што нешта здарыцца — гэта радасць, што магу пражыць яшчэ чалавекам свой дзень.

Словам, не ведаю, што робіцца са мною. Бо ў гэтым чаканні чагось, у святочнасці — вельмі вялікая трывога.

Мабыць, я больш нічога людскага ўжо не зраблю.

Вось жа і пра Куляшова, і пра Чэхава — нічога не выходзіць. Шкада, што не магу знайсці Мележавага пісьма да мяне з Ялты, калі я яму сказаў, што яго «Людзі на балоце» — гэта цуд, падзея. Бо без таго пісьма пра Мележа пісаць проста нельга.

 

29.2.1980.

Усе мінулыя дні адчуваў сябе блага. Учора быў сход секцыі прозы, вечар Чэхава, дзе меўся і я выступіць. Не пайшоў. Сёння не пайшоў на сход, а — у лечкамісію. Неўрапатолаг сказала, што ў мяне прастуда, перш за ўсё трэба лячыць яе, і паслала да ўчастковага нашага доктара. І гэтая нічога прастуднага не дала, а прызначыла ўколы — будуць рабіць з панядзелка.

Пра Куляшова, пра Імя і артыкул у ЛіМ аб мове адкладваю: не пішацца — ці па здароўю, ці нешта ўнутры ў мяне яшчэ да гэтай работы не гатова. Падумаў, што, можа, лягчэй будзе пра Мележа. Былі недзе ад яго лісты, можа, яны якраз спатрэбіліся б, і пачаў шукаць.

Два дні пайшло на прагляд пісем. Сёе-тое выкінуў, сёе-тое яшчэ пакінуў, бо прачытваць іх няма калі. Многа выпадковага, безумоўна, трэба выкінуць.

Знайшоў і Мележавы. Цяпер будзе мучыць пачатак. І тое — што можна сказаць, а чаго не. У кожнага ж ёсць такое, пра што звычайна не заведзена гаварыць. Хоць бы пра тое, што кожны сябе любіць па-сляпому. А часамі бывае і некага другога любіць, але — дзеля сябе. Дзеля выгады. Усякай: і непасрэднай, і ўскоснай.

А вельмі ж цяжка пісаць, калі трэба балансаваць, бо бывае — то не пара яшчэ, то не адсеялася, то не ўляглося, то не ўсталявалася нечая думка. Бо хочацца ж, каб было ўсё глыбока чалавечна і па-грамадзянску. Вельмі далікатная рэч — гэты чалавечы такт.

Гл. таксама:
Галіна СКРЫГАН :: СПАКОЮ ДУШЫ НЕ БУДЗЕ... ::


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY